БІБЛІЯТЭ́КА

(грэч. bibliothēkē ад biblion кніга + thēkē сховішча),

установа, якая займаецца зборам, спец. апрацоўкай і захаваннем кніг, дакументаў і інш. друкаваных і рукапісных твораў, арганізуе іх грамадскае выкарыстанне і абслугоўванне чытачоў, выконвае інфарм., адукац., н.-д., метадычную і выдавецкую функцыі. Бібліятэкі бываюць масавыя, навук., спец., дзіцячыя. Масавыя бібліятэкі падзяляюць паводле прыналежнасці на дзярж., прафсаюзныя, школьныя і інш., паводле тэр. адзнакі на нац., краявыя, абл., гар., раённыя, сельскія. Да навук. і спец. бібліятэк адносяцца дзярж., акадэмічныя, універсітэцкія, галіновыя, тэхн., бібліятэкі прадпрыемстваў, НДІ, ВНУ, школьныя і г.д. Кожная бібліятэка ў адпаведнасці са сваім тыпам арганізуе і дыферэнцыруе абслугоўванне асобных груп чытачоў на аснове вывучэння іх складу і запатрабаванняў. Усе бібліятэчныя працэсы, віды і формы прапаганды л-ры падпарадкоўваюцца задачам максімальна поўнага і аператыўнага задавальнення попыту карыстальнікаў.

Як сацыяльны ін-т бібліятэкі з’явіліся адначасова з узнікненнем дзяржавы, пісьменства, што абумоўлена неабходнасцю стварэння грамадскага механізму арганізацыі, збору, назапашвання, апрацоўкі і выкарыстання інфармацыі. Бібліятэкі як грамадскае сховішча помнікаў пісьменства вядомы з глыбокай старажытнасці: бібліятэка асірыйскага цара Ашурбаніпала (сярэдзіна 7 ст. да н.э.); у Ст. Егіпце бібліятэкі пры храмах для абслугоўвання жрацоў, першая буйная бібліятэка Стараж. Грэцыі, заснаванне якой прыпісваецца Арыстоцелю (4 ст. да н.э.); Александрыйская бібліятэка і бібліятэка ў Пергаме (3 ст. да н.э.) і інш. Бібліятэкі сучаснага тыпу пачалі фарміравацца з 15 ст. пасля вынаходніцтва кнігадрукавання. Буйнейшыя ў свеце б-кі; Ватыканская Апостальская бібліятэка (засн. ў 1475, больш за 1,3 млн. адз. захавання), Францыі нацыянальная бібліятэка (засн. ў 1480, больш за 30 млн. адз. захавання), Расійская нацыянальная бібліятэка (засн. ў 1795, больш за 28 млн. адз. захавання), Бібліятэка кангрэса (засн. ў 1800, больш за 90 млн. адз. захавання), Расійская дзярж. бібліятэка (засн. ў 1862, больш за 37 млн. адз. захавання), Брытанская бібліятэка (засн. ў 1972 на базе шэрагу буйных бібліятэк, у т. л. бібліятэка Брытанскага музея, больш за 21 млн. адз. захавання).

На Беларусі бібліятэкі вядомы з 11 ст., пераважна пры цэрквах і манастырах. Сярод найб. старажытных Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка. У 2-й пал. 16 ст. бібліятэкі засн. ў Полацку, Слуцку, Мінску, Магілёве. Некаторыя знішчаны ў час пажараў, войнаў. У канцы 16—18 ст. склалася сістэма бібліятэк ордэна базыльян, асновай якіх найчасцей былі бібліятэкі правасл. манастыроў. Цэнтральныя бібліятэкі базыльян знаходзіліся ў Віленскім Святатроіцкім, Жыровіцкім і Супрасльскім манастырах. Вялікія кнігазборы мелі каталіцкія кляштары: кармелітаў у Глыбокім, дамініканцаў у Гродне і Шклове, піяраў у Шчучыне і Драгічыне, бернардзінцаў у Слоніме, аўгусцінцаў і трынітарыяў у Брэсце. Найб. значныя пратэстанцкія бібліятэкі былі ў Слуцкай кальвінісцкай калегіі і Смаргонскім зборы. З 16 ст. існуюць бібліятэкі навуч. устаноў. Найб. з іх бібліятэка Віленскай акадэміі (цяпер Вільнюскага універсітэта бібліятэка). Самыя вял. прыватныя бібліятэкі 16—18 ст. на Беларусі: Радзівілаў бібліятэка ў Нясвіжы, Сапегаў бібліятэкі, Храптовічаў бібліятэка ў Шчорсах, бібліятэка Хадкевічаў, слуцкіх князёў Алелькавічаў, магнатаў Солтанаў і інш. У 18 ст. існавалі бібліятэкі езуіцкіх, базыльянскіх і піярскіх вучылішчаў, бібліятэкі калегіумаў у Гродне, Брэсце, Мінску, Слуцку, Навагрудку, Бабруйску, Мазыры, Пінску, Паставах, Халопенічах і інш. У 18—19 ст. бібліятэкі мелі гімназіі, Горы-Горацкі с.-г. ін-т, Слуцкая вышэйшая пратэстанцкая школа, Нясвіжскі ліцэй, бібліятэка пры Полацкай езуіцкай акадэміі (у 1813 каля 40 тыс. тамоў). У 19—20 ст. вядомы бібліятэкі: прыватныя Т.Нарбута, І.М.Даніловіча, А.К.Кіркора, Ашторпаў у Дукоры (Ігуменскі пав.), Беніслаўскіх у Быхаве, Масальскіх у Белічанах, Г.Х.Татура ў Мінску, Тышкевічаў у Лагойску, Т.С.Урублеўскага ў Вільні і інш. У Слуцку Ю.Бергель сабраў больш за 3 тыс. рэдкіх кніг, рукапісаў і дакументаў. Створаны публічныя бібліятэкі ў Гродне (1830, 1863), Магілёве (1833, 1861), Мінску (1845, 1900), Віцебску (1857) і інш. У пач. 1890-х г. Віленская навучальная акруга арганізавала бібліятэкі пры нар. вучылішчах (у 1894 былі 733 такія бібліятэкі). Яны мелі невял. кніжны фонд і камплектаваліся пераважна кнігамі рэліг. павучальнага зместу. У пач. 20 ст. на сродкі выдаўца Ф.Ф.Паўленкава ствараліся паўленкаўскія бібліятэкі, у т. л. Астрамечаўская бібліятэка. У 1913 на Беларусі была 851 бібліятэка з кніжным фондам 423 тыс. тамоў. У 1921 арганізавана Бібліятэка фундаментальная БДУ — першая навуковая бібліятэка на Беларусі. У 1922 створана аб’яднаная Бел. дзярж. і універсітэцкая бібліятэка, з 1926 Бел. дзяржаўная (гл. Бібліятэка нацыянальная Беларусі), яе філіялы (да 1938) у Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1928), пры Доме ўрада (1933; з 1994 Бібліятэка прэзідэнцкая Рэспублікі Беларусь). У 1925 засн. Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Якуба Коласа. З 1934 пачала стварацца сетка самаст. бібліятэк дзіцячых, з 1938 — бібліятэк абласных Беларусі. На пач. 1941 на Беларусі працавалі 4172 масавыя бібліятэкі з кніжным фондам больш за 5 млн. тамоў і больш за 500 навук. бібліятэк з кніжным фондам каля 5 млн. тамоў. У Вял. Айч. вайну амаль усе бібліятэкі разбураны, большасць кніжнага фонду страчана. У 1950 колькасць бібліятэк і агульны кніжны фонд перасягнуў даваенны ўзровень. Працуюць спец. рэспубліканскія бібліятэкі: Бібліятэка беларуская сельскагаспадарчая імя І.С.Лупіновіча, Бібліятэка навукова-медыцынская рэспубліканская, Бібліятэка навукова-педагагічная рэспубліканская, Бібліятэка навукова-тэхнічная рэспубліканская і інш. Асн. прынцыпамі бібліятэк Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца садзейнічанне адраджэнню і развіццю нац. культуры, зберажэнне гісторыка-культурнай спадчыны, распаўсюджванне гуманіст. ідэй і навук. ведаў. На 1.1.1996 на Беларусі каля 14 тыс. масавых і спец. бібліятэк, у т. л. 300 тэхнічных, 200 мед., 279 дзіцячых, агульны фонд якіх складае больш за 240 млн. экз.

Бібліятэчныя будынкі ў Еўропе напачатку ствараліся пры манастырах (асобныя памяшканні), потым пры палацах (б-ка г. Эскарыял каля Мадрыда, 2-я пал. 16 ст.). Як самастойныя будынкі бібліятэкі ўзніклі ў 14—15 ст., мелі суровы манастырскі або парадны палацавы выгляд. З ростам грамадскага значэння бібліятэкі з’яўляліся вял. чытальныя залы (часцей круглыя) са шмат’яруснымі кніжнымі шафамі і балконамі ўздоўж сцен (б-ка Брытанскага музея ў Лондане, 1854—57). У Расіі першыя будынкі бібліятэк вядомы з канца 18 — пач. 19 ст. У 1828—32 у стылі ампір пабудавана Публічная б-ка ў Пецярбургу (арх. К.Росі; цяпер гал. корпус Рас. нац. б-кі). У Маскве пабудавана адна з буйных бібліятэк свету — Рас. дзярж. б-ка (1828—58, арх. У.Гельфрэйх, У.Шчуко і інш.). Сучасныя будынкі бібліятэк маюць 2 асн. зоны: абслугоўвання чытачоў (чытальныя і лекцыйныя залы, памяшканні каталогаў, даведачна-бібліягр. і навук.-метадычных аддзелаў, абанемента) і службова-вытв. (памяшканні аддзела камплектавання і апрацоўкі фондаў, службовых каталогаў, кнігасховішчаў, вытв. майстэрняў і інш.). Вял. чытальныя залы часцей размяшчаюць у цэнтры будынкаў, яны выяўляюцца ў кампазіцыі фасадаў; кніжныя сховішчы — у ніжніх паверхах або ў спец. памяшканнях на ўсю вышыню будынка. Часам пры ун-тах і інш. навуч. установах узводзяць спец. будынкі бібліятэк па індывід. праектах (Б-ка рэдкіх кніг і рукапісаў Іельскага ун-та, 1963, арх. Л.Скідмар, Н.А.Оўінгс і Дж.О.Мерыл).

На Беларусі найб. значныя па памерах і цікавыя арх. вырашэннем будынкі Нац. б-кі Беларусі (1932, арх. Г.Лаўроў), Цэнтр. навук. б-кі імя Я.Коласа АН Беларусі (1967), абласной б-кі імя Пушкіна (1971), Рэсп. навукова-мед., б-кі № 11 у Мінску, Гомельскай (1958) і Віцебскай (1969) абл. бібліятэк і інш. Гарадскія і раённыя ббіліятэкі звычайна будуюць па тыпавых праектах. Сельскія бібліятэкі найчасцей размяшчаюцца ў будынках клубаў, дамах і палацах культуры.

У.А.Акуліч, В.І.Анікін (архітэктура).

т. 3, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́ЗІЯ,

Рэспубліка Грузія (Сакартвела), дзяржава ў цэнтр. і зах. ч. Закаўказзя. Мяжуе на Пн з Расіяй, на У і ПдУ з Азербайджанам, на Пд з Арменіяй і Турцыяй; абмываецца на З Чорным м. Пл. 69,7 тыс. км². Нас. 5,5 млн. чал. (1995). Афіцыйная мова грузінская. Сталіца — г. Тбілісі. 65 раёнаў, 62 гарады, 52 пасёлкі гар. тыпу. У складзе Грузіі — Абхазія, Аджарыя і Паўднёвая Асеція. Нац. свята — Дзень аднаўлення дзярж. незалежнасці (26 мая).

Дзяржаўны лад. Грузія — рэспубліка. Дзяржаўнасць адноўлена ў крас. 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны парламент, які складаецца з 234 дэпутатаў, абраных насельніцтвам на 3 гады на аснове ўсеаг. выбарчага права. Выканаўчая ўлада належыць кабінету міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. Тэрыторыя Грузіі адносіцца да Альпійскай складкавай вобласці. 87% тэр. занята высакагорнымі хрыбтамі Вял. і М. Каўказа. На Пн Галоўны, ці Водападзельны, хр. (найвышэйшая ч. складкавай сістэмы Вял. Каўказа), амаль усе яго вяршыні больш за 3000 м (самыя высокія — г. Шхара, 5068 м, і г. Казбек, 5033 м), укрыты вечнымі снягамі і ледавікамі; паніжэнні яго — перавалы Крыжовы (2384 м), Клухорскі (2781 м), Мамісонскі (2829 м), Рокскі (2996 м). Ад Галоўнага хр. адыходзяць Гаграўскі, Бзыбскі, Кадорскі, Сванецкі, Лечхумскі, Рачынскі, Харульскі, Ламіскі, Картлійскі і інш. хрыбты. На Пд складкава-глыбавыя хрыбты М.Каўказа — Месхецкі, Шаўшэцкі і Трыялецкі (з выш. да 2850 м) і ч. Паўд.-Груз. вулканічнага нагор’я. На З паміж хрыбтамі Вял. і М.Каўказа — Калхідская нізіна (выш. да 150 м). На У ад Ліхскага хр., што злучае Вял. і М.Каўказ, Унутранакартлійская, Ніжнекартлійская раўніны і Іорскае пласкагор’е (выш. 500—700 м). На крайнім ПдУ, на мяжы з Азербайджанам, Алазанская раўніна. Характэрна сейсмічнасць. Пашыраны карст. Карысныя выкапні: марганцавыя, медныя, мыш’яковыя, свінцовыя, цынкавыя, жал. руды, руды рэдкіх і каштоўных металаў, ртуць, вальфрам, нафта, каменны і буры вуглі, барыт, дыятаміт, бентанітавыя гліны, даламіт, тальк. Зарэгістравана каля 2000 крыніц мінер. вод, розных паводле хім. складу і лек. уласцівасцей (найб. вядомыя Баржомі, Цхалтуба). Пашыраны прыродныя буд. матэрыялы (мармур, туф, вапняк, вогнетрывалыя керамічныя гліны, кварцавыя пяскі). Клімат пераважна субтрапічны, мяняецца з З на У і ў залежнасці ад вышыні мясцовасці. На Чарнаморскім узбярэжжы і Калхідскай нізіне вільготны субтрапічны; сярэднія т-ры студз. 4—7°C, ліп. 22—24°C, ападкаў 2000—2500 мм за год. На У клімат сухі субтрапічны, пераходны да ўмеранага, сярэднія т-ры студз. 0—2°C, ападкаў 400—500 мм за год. На схілах гор клімат умерана кантынентальны з адносна халоднай зімой. Снегавая лінія ў гарах праходзіць на выш. 3000—3400 м, ледавікі Лекзіры, Цанер і інш. Рэкі мнагаводныя, з быстрым цячэннем; жывяцца за кошт атм. ападкаў, раставання снягоў і ледавікоў. Да бас. Чорнага м. належаць рэкі Рыёні, Інгуры, Кадоры, Бзыб, Чарох, да бас. Каспійскага м. — Кура з прытокамі Арагві, Алазані, Ксані, Храмі. У Грузіі пачынаецца р. Церак. Выкарыстоўваюцца рэкі ў гідраэнергетыцы і для арашэння. Шмат азёр: Паравані, Карцахі, Палеястомі, Рыца, Амткел і інш. З глеб пашыраны чырваназёмы, жаўтазёмы, на Пд — горныя чарназёмы, па схілах — горна-лясныя бурыя глебы, у гарах — горна-лугавыя. Пад лясамі каля 2/5 тэрыторыі. На З шыракалістыя лясы з вечназялёнымі дрэвамі і хмызнякамі (дуб, граб, лаўр, самшыт, ціс, лаўравішня, пантыйскі рададэндран). Горным раёнам характэрна вышынная пояснасць: да выш. 1800—2000 м дубовыя, букавыя, дубова-грабавыя і букава-грабавыя лясы, вышэй — ялова-піхтавыя лясы, рэдкалессе, субальпійскія і альпійскія лугі. Трапляюцца масівы з розных відаў хвоі, у т. л. піцундскай. На У краіны — участкі расліннасці ціпчакова-кавыльных стэпаў і палынных паўпустынь. Жывёльны свет: каўказскі алень, буры мядзведзь, казуля, дзік, рысь, барсук, каўказскі тур, серна, высока ў гарах — улары; з птушак — барадач, каўказскі цецярук, канюк, беркут, дзятлы, берасцянкі, сініцы і інш. На тэр. Грузіі — Тбіліскі прыродны нацыянальны парк і 17 запаведнікаў, у т. л. Піцунда-Мосерскі, Рыцынскі, Гумісцінскі, Калхідскі, Аджамецкі, Баржомскі, Казбегскі і інш.

Насельніцтва. Грузін 71,7%; жывуць таксама армяне (8%, пераважна каля мяжы з Арменіяй і ў гарадах), азербайджанцы (5,6%, на У), рускія (5,5%, у гарадах), абхазы (па розных звестках ад 1,5% да 4,6%, жывуць у Абхазіі), асеціны (каля 3%, пераважна ў Паўд. Асеціі), грэкі, курды, яўрэі і інш. Сярод вернікаў праваслаўныя (каля 90%), мусульмане (у т. л. этнаканфесіянальная група грузін — аджарцы) і інш. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 78 чал. на 1 км². Найб. населены міжгорныя нізіны, даліны рэк і хвалістыя перадгор’і — шчыльн. да 200—300 чал. на 1 км², у гарах каля 10 чал. на 1 км², высакагорныя раёны не маюць пастаяннага насельніцтва. У гарадах каля 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1991): Тбілісі — 1283, Кутаісі — 238, Руставі — 162, Батумі — 138, Сухумі — 120.

Гісторыя. Тэр. Грузіі заселена з ранняга палеаліту. Тут выяўлены шматлікія археал. помнікі каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. На мяжы 2—1-га тыс. да н.э. пачалі складвацца саюзы старажытнагруз. плямён. У 6—4 ст. да н.э. ўзніклі груз. раннерабаўладальніцкія дзяржавы — Калхідскае царства і Іберыйскае царства. З 1 ст. да н.э. Грузія залежала ад Рыма. Феад. адносіны зарадзіліся ў 1—4 ст. н.э. Каля 397 хрысціянства абвешчана афіц. рэлігіяй. У 5—6 ст. Грузія змагалася супраць агрэсіі Ірана і Візантыі, у 7—9 ст. — супраць арабаў. На мяжы 8—9 ст. узніклі феад. царствы і княствы (самтвара), якія ў пач. 11 ст. аб’яднаны ў адзіную феад. дзяржаву на чале з дынастыяй Багратыёнаў. 11—12 ст. — перыяд паліт. магутнасці эканам. і культ. росквіту феад. Грузіі, якая ў часы праўлення Давіда Будаўніка [1089—1125], Георгія III [1156—84] і Тамары [1184—1213] стала адной з наймагутнейшых дзяржаў Закаўказзя і Б. Усходу; значнага ўздыму дасягнулі навука і культура. Грузія падтрымлівала культ.-эканам. сувязі з Візантыяй, краінамі Захаду, араб. Усходу, Кіеўскай Руссю. У 2-й чвэрці 13 ст. Грузія заваявана манголамі. У выніку нашэсця Цімура ў 2-й пал. 14 ст. краіна заняпала, узмацнілася феад. раздробленасць. У канцы 15 ст. Грузія распалася на незалежныя царствы — Картлійскае, Кахецінскае і Імерэцінскае (пра кожнае гл. асобны арт.) і княства Самцхе-Саатабага. У 16 ст. ў Імерэцінскім царстве вылучыліся незалежныя княствы Мегрэлія, Абхазія і Гурыя. У 16—18 ст. груз. народ вёў упартую барацьбу супраць агрэсіі Ірана і Турцыі. Трагічнымі для Грузіі былі паходы ў Картлі і Кахеты ў 1-й чвэрці 17 ст. войск шаха Абаса І, які імкнуўся знішчыць мясц. насельніцтва (толькі ў Кахеты загінула 100 тыс. чал., 200 тыс. вывезена ў Іран) і засяліць Грузію качэўнікамі. Супраць іранскага прыгнёту адбыліся паўстанні ў 1625 у Картлі пад кіраўніцтвам Г.Саакадзе і ў 1659 у Кахеты. Заваяванне Турцыяй Самцхе-Саатабага з Аджарыяй і інш. тэрыторыямі суправаджалася гвалтоўным атурэчваннем мясц. насельніцтва і продажам яго ў рабства. У 2-й пал. 18 ст. ўзмацніліся Картлійска-Кахецінскае і Імерэцінскае царствы. Пасля некалькіх паражэнняў, нанесеных груз. войскамі, туркі былі выгнаны з краіны. У 16—18 ст. набылі рэгулярны характар сувязі Грузіі з Расіяй, перарваныя манг. нашэсцем. Іх умацаванне прывяло да заключэння Георгіеўскага трактата 1783, паводле якога Расія ўстанаўлівала пратэктарат над Усх. Грузіяй. У 1801 Усх. Грузія, у 1803—64 Зах. Грузія ўвайшлі ў склад Расіі; утвораны Тыфліская і Кутаіская губ. У выніку рус.-перс. (1804—13, 1826—28) і рус.-тур. (1806—12, 1828—29) войнаў, у якіх актыўна ўдзельнічалі грузіны, вызвалена б.ч. тэрыторый, адарваных ад Грузіі. У 1830—40-я г. развівалася дробнатаварная вытв-сць, узнікалі мануфактурныя прадпрыемствы, павялічвалася колькасць гар. насельніцтва; Грузія ўключылася ў агульнарас. рынак. Адмена прыгону ў Грузіі (1864—71) паскорыла развіццё капіталізму. Зарадзілася фабр.-зав. вытв-сць, буд-ва чыгунак, гарнарудная прам-сць (асабліва здабыча чыятурскага марганцу). У 1899 у Грузіі было больш за 2 тыс. прамысл. прадпрыемстваў, каля 18 тыс. рабочых. Развіццё капіталіст. адносін, паліт. і эканам. кансалідацыя Грузіі стварылі ўмовы для развіцця груз. нацыі (гл. Грузіны).

У 1860-я г. ўзмацніўся нац.-вызв. рух на чале з рэв. дэмакратамі І.Р.Чаўчавадзе, А.Р.Цэрэтэлі, М.Я.Нікаладзе і інш. У 1870-я г. пачаўся забастовачны рух, узніклі рабочыя гурткі. З канца 1890-х г. рабочы рух набыў арганізаваны і масавы характар. У 1900—02 адбыліся забастоўкі на прадпрыемствах Тыфліса, Батумі і інш. У час рэвалюцыі 1905—07 у шэрагу гарадоў Грузіі адбыліся стачкі рабочых, сял. выступленні, ствараліся прафсаюзы. Каля 40 буйных забастовак адбылося ў Грузіі ў час 1-й сусв. вайны. У ходзе барацьбы супраць царызму і султанскага дэспатызму ў Грузіі ўзніклі розныя грамадска-паліт. плыні і партыі, найб. уплывовай была партыя меншавікоў. Пасля Лют. рэв. 1917 створаны орган Часовага ўрада — Асобы Закаўказскі к-т, у ліст. 1917 яго змяніў Закаўказскі камісарыят — урад меншавікоў і эсэраў. У лют. 1918 утвораны Закаўказскі сейм, які абвясціў Закаўказзе незалежнай федэратыўнай дэмакр. рэспублікай (у маі 1918 распалася). Меншавікі абвясцілі Грузію незалежнай рэспублікай і ўтварылі ўрад. Але тур. інтэрвенты захапілі Карс, Ардаган, Батум. Паводле дагавора 4.6.1918 паміж Грузіяй і Турцыяй да апошняй адышла значная ч. груз. тэрыторыі. У канцы мая — чэрв. ў Грузію ўступілі ням., у снеж. 1918 — ліп. 1920 — англ. войскі. У лют. 1921 у Грузіі пад кіраўніцтвам бальшавікоў пачалося ўзбр. паўстанне. Створаны 16.2.1921 рэўком Грузіі абвясціў яе Сав. Сацыяліст. рэспублікай і звярнуўся за дапамогай да РСФСР. Чырв. Армія і атрады паўстанцаў 25.2.1921 занялі Тыфліс, скінулі ўрад меншавікоў і ўстанавілі сав. ўладу. 16.3.1921 паміж РСФСР і Турцыяй у Маскве заключаны дагавор, паводле якога Турцыя адмовілася ад Батума і паўн. ч. Аджарыі. 30.12.1922 Грузія разам з Азербайджанам і Арменіяй у складзе Закаўказскай Федэрацыі (ЗСФСР) увайшла ў СССР, з 5.12.1936 саюзная рэспубліка (Грузінская ССР). 25.2.1922 прынята першая Канстытуцыя Груз. ССР. У 2-й пал. 1980-х г. у Грузіі разгарнуўся шырокі рух за незалежнасць. У крас. 1989 мітынгі і дэманстрацыі ў Тбілісі былі спынены сіламі службы бяспекі. У чэрв. 1989 створаны Нар. фронт Грузіі. У сак. 1990 Вярх. Савет Грузіі выступіў з асуджэннем анексіі рэспублікі ў 1921 Сав. Расіяй і запатрабаваў ад кіраўніцтва СССР пачаць перагаворы пра аднаўленне дзярж. незалежнасці. На парламенцкіх выбарах у кастр. 1990 перамагла кааліцыя апазіцыйных груповак «Круглы стол — Свабодная Грузія» (лідэр З.Гамсахурдыя, з ліст. 1990 старшыня Вярх. Савета). Парламент абраў Гамсахурдыю прэзідэнтам, у крас. 1991 абвясціў Грузію незалежнай. У маі 1991 Гамсахурдыя выбраны прэзідэнтам на ўсеагульных выбарах. Пасля распаду СССР і ўтварэння СНД (1991) Грузія адмовілася ўвайсці ў склад СНД. У студз. 1992 у выніку вострай унутрыпаліт. барацьбы і незадаволенасці значнай ч. насельніцтва палітыкай прэзідэнта быў сфарміраваны Ваен. савет, які адхіліў ад улады Гамсахурдыю, скасаваў прэзідэнцтва, прыпыніў дзейнасць канстытуцыі, распусціў парламент. У сак. 1992 Ваен. савет аб’явіў аб самароспуску і стварэнні Дзярж. савета на чале з Э.Шэварднадзе. Унутрыпаліт. становішча Грузіі ўскладнілася з-за нявырашанасці нац. праблем; узніклі міжнац. канфлікты з Паўд. Асеціяй, Абхазіяй (гл. Грузіна-абхазскі канфлікт 1990-х г.), туркамі-месхецінцамі. 11.10.1992 выбраны новы парламент і яго старшыня — Шэварднадзе, які паводле Закону аб дзярж. уладзе (прыняты на 3 гады 6.11.1992) з’яўляўся кіраўніком дзяржавы. У 1993 Грузія ўступіла ў СНД. У 1994 прэзідэнтам краіны абраны Шэварднадзе. 5.9.1995 прынята новая канстытуцыя Грузіі, паводле якой прэзідэнцкая ўлада спалучаецца з парламенцкай. Грузія — чл. ААН і АБСЕ з 1992. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1994.

Палітычныя партыі. Дэмакр. саюз Грузіі, партыя анархістаў, Нар. фронт Грузіі, Хрысц.-дэмакр. саюз, Рэсп. партыя, Нац.-дэмакр. партыя, Партыя «зялёных», Дэмакр. партыя і інш., усяго больш за 40 паліт. арг-цый і рухаў.

Гаспадарка. Грузія — індустрыяльна-агр. дзяржава. Валавы нац. прадукт складае 850 дол. на душу насельніцтва за год. Электраэнергет. база — ГЭС на Інгуры, Рыёні, Храмі; Рустаўская ДРЭС, ЦЭЦ у Тбілісі і Ткварчэлі. Вядучыя галіны прамысловасці: машынабудаванне і металаапрацоўка (станка-, судна-, электравоза-, аўтамабілебудаванне, с.-г. машынабудаванне, электратэхнічнае; асн. цэнтры — Тбілісі, Кутаісі, Руставі, Батумі, Поці); хім. (вытв-сць азотных угнаенняў, хім валокнаў у Руставі); нафтахім. і нафтаперапр. (Тбілісі, Батумі), чорная металургія (Руставі); харчасмакавая (у т. л. чайная, плодакансервавая, вінаробная, эфіраалейная, тытунёвая, разліў мінер. вод); лёгкая (шаўковая ў Тбілісі, Кутаісі і Махарадзе, шарсцяная ў Тбілісі, баваўняная ў Горы і Кабулеты, трыкат., гарбарна-абутковая). Здабыча каменнага вугалю (Ткібулі, Ткварчэлі), марганцавай (Чыятура), меднай (Маднеулі), поліметалічных (Кваісі) руд, барытаў і інш. Прам-сць буд. матэрыялаў уключае вытв-сць цэменту (Каспі, Руставі), шыферу, жалезабетонных вырабаў; здабываюць мармур, базальт, вапнякі. Сельская гаспадарка прычарнаморскіх раёнаў спецыялізуецца на зборы чайнага ліста, цытрусавых (мандарыны, апельсіны, лімоны), лаўровага ліста. Ва ўсх. раёнах вядучая роля належыць вінаградарству. Развіта пладаводства. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, ячмень). Вырошчваюць сланечнік, эфіраалейныя культуры, цукр. буракі, бульбу, агароднінна-бахчавыя і кармавыя культуры. Асн. галіна — мяса-малочная жывёлагадоўля. Авечкагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Транспарт. Развіты чыгуначны (эксплуатацыйная даўж. 1550 км), аўтамаб. (21,5 тыс. км дарог, з іх 20 тыс. км з цвёрдым пакрыццём). Авіяц. транспарт. Асн. марскія парты — Батумі, Поці. Нафтаправод Баку—Батумі, газаправоды з Паўн. Каўказа і Азербайджана. Шматлікія курорты: прыморскія кліматычныя (Гагра, Піцунда, Новы Афон, Кабулеты), бальнеалагічныя (Цхалтуба, Набеглаві, Саірме), бальнеакліматычныя (Баржомі, Авадхара, Джава), горнакліматычныя (Абастумані, Бакурыяні, Бахмаро). Альпінізм. Турызм. Грузія імпартуе нафту і нафтапрадукты, прыродны газ, жал. руду, машыны і абсталяванне, збожжа. Экспартуе марганец, ферасплавы, прадукты харчасмакавай прам-сці (чай, цытрусавыя, вінаград, віны і інш.). Гал. знешнегандл. партнёры — Расія, Азербайджан, Турцыя. Грашовая адзінка — лары.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск і ВПС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. На канец 1994 — больш за 10 тыс. чал. (250 тыс. рэзервістаў). У сухап. войсках 10 тыс. чал. У ВПС 200 чал. Прадугледжваецца стварэнне ВМС (кіраўніцтва краіны прэтэндуе на частку караблёў Чарнаморскага флоту б. СССР).

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын 77 гадоў. Смяротнасць — 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 90 чал., урачамі — 1 на 170 чал. Узровень нараджальнасці — 16 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць — 23 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Грузіі ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, прафес.-тэхн. і сярэднія спец. навуч. ўстановы, ВНУ. У 1996/97 навуч. г. ў Грузіі каля 1300 дашкольных устаноў, больш за 3 тыс. агульнаадук. школ, 110 прафес.-тэхн. вучылішчаў, 77 сярэдніх спец. навуч. устаноў, больш за 250 ВНУ. Вядучыя ВНУ: Тбіліскі ун-т, Груз. тэхнічны, Груз. агранамічны ун-ты ў Тбілісі, Тбіліскі мед. ун-т, Сухумскі ун-т, Кутаіскі пед. ун-т, Батумскі пед. ун-т, Груз. акадэмія фіз. выхавання і спорту, Груз. ваенная і паліцэйская акадэміі, Тбіліскія акадэмія мастацтваў і кансерваторыя, Тбіліская і Гелацкая духоўныя акадэміі, Батумская марская акадэмія і інш. Найбольшыя б-кі: Нац. б-ка Парламента Грузіі, Б-ка Тбіліскага ун-та, Цэнтр. навук. б-ка АН Грузіі, рэсп. дзярж. маладзёжная і дзіцячая б-кі, Галаўная навук. б-ка, навукова-тэхн. б-ка (усе ў Тбілісі), а таксама навук. б-кі ВНУ. Найбольшыя музеі: Дзярж. музей, Музей мастацтваў, Музей Тбілісі, Літ. музей, Музей музыкі, тэатра і кіно, Музей дэкар. і прыкладнога мастацтва, Нац. галерэя Грузіі, Галерэя сучаснага выяўл. мастацтва, Галерэя дзіцячага малюнка (усе ў Тбілісі), Дзярж. музей Аджарыі ў Батумі і інш. Навук. даследаванні праводзяцца вядучымі навук. ўстановамі сістэмы АН Грузіі, галіновымі акадэміямі, асветнымі навук. і навукова-тэхн. т-вамі і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты: «Сакартвелас рэспубліка» («Рэспубліка Грузія»), «Свободная Грузия», «Іберыя спектр» («Спектр Грузіі»), «Тбилиси», «Вечерний Тбилиси», «Гурджыстан» і інш. Нац. інфарм. агенцтва Грузінфарм. Існуе шэраг незалежных агенцтваў, буйнейшае з якіх «Іпрында» («Палёт»). Радыёвяшчанне на груз., рус., абхазскай, асецінскай і інш. мовах. З 1956 працуе Тбіліскі тэлецэнтр. У 1992 створана Служба груз. тэлебачання і радыёвяшчання. Дзейнічае прыватная тэлекампанія «Ібервізія» («Паказвае Грузія»).

Літаратура. Грузія бярэ вытокі ў стараж. фальклоры. Адзін з найб. стараж. фалькл. помнікаў гераічны эпас «Амірані» — шматварыянтная груз. версія міфа пра Праметэя. Узнікненне стараж. груз. пісьменства звязана з імем цара Парнаваза (3 ст. да н.э.). У раннім сярэдневякоўі былі распаўсюджаны шматлікія паданні, песні, паэмы, звязаныя з гіст. асобамі і падзеямі («Этэрыяні» і інш.). Першы пісьмовы помнік стараж. л-ры Грузіі агіяграфічная аповесць «Пакуты Шушанікі» Я.Цуртавелі (5 ст.). У 5—11 ст. літ. творы мелі пераважна рэліг. характар («Пакуты Або» Іаана Сабанісдзе, «Жыціе Грыгорыя Хандзтэлі» Георгія Мерчулі і інш.). Найб. пашыраны былі агіяграфічныя, гімнаграфічныя і філас.-тэалагічныя жанры (Мікаэл Мадрэкілі, Іаан Мінчхі і інш.). Развіццю навукова-філас., літ. і перакладчыцкай дзейнасці спрыялі груз. калоніі-школы ў Антыёхіі, Іерусаліме, на Афоне (у Грэцыі). У 11—12 ст. ўзнікла свецкая л-ра (ананімныя аповесць «Аміран-Дарэджаніяні», раман «Вісраміяні», творы Масэ Ханэлі, Іаан Шаўтэлі, Саргіса Тмагвелі і інш.). Вяршыня нац. паэзіі 12 ст. — паэма прадвесніка ўсх. Адраджэння Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры». 13—17 ст. — перыяд заняпаду л-ры Грузіі. У 17 ст. пачаўся працэс адраджэння нац. л-ры (спадчына цароў Тэймураза І, Арчыла II, якія сцвердзілі ў груз. паэзіі прынцып рэалістычна-праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці). У 18 ст. вызначальнай была асветніцкая дзейнасць цара Вахтанга VI (заснавальнік першай друкарні ў Грузіі, выдавец «Евангелля» і «Віцязя ў тыгравай шкуры» — першых друкаваных кніг на груз. мове), пісьменніка Сулхан-Саба Арбеліяні (аўтар зб-каў «Мудрасць выдумкі» і «Падарожжа ў Еўропу», адзін са стваральнікаў груз. літ. мовы), а таксама прасякнутая ідэямі патрыятызму філас. паэзія Л.Гурамішвілі, інтымная лірыка В.Габашвілі. У пач. 19 ст. ідзе аднаўленне нац. л-ры, звязанай з гіст. мінулым краіны, насычанай ідэямі асабістай і нац. свабоды. Пануючым становіцца рамант. кірунак (А.Чаўчавадзе, Г.Арбеліяні, Н.Бараташвілі і інш.). Рэаліст. кірунак (2-я пал. 19 ст.) выявіўся ў творчасці заснавальніка нац. тэатра і нац. драматургіі камедыёграфа Г.Эрыставі, у прозе Д.Чанкадзе. Новым этапам сцвярджэння л-ры рэалізму сталі творы, скіраваныя на адлюстраванне сац.-паліт., грамадскага і духоўнага жыцця народа, на абуджэнне нац. самасвядомасці (І.Чаўчавадзе, А.Цэрэтэлі, А.Пурцаладзе, А.Казбегі, Важа Пшавела). У гады ўздыму рэв. руху, на мяжы стагоддзяў гал. месца ў л-ры Грузіі займалі праблемы класавай барацьбы і сац. пераўтварэнняў (гіст. раманы Э.Нінашвілі, В.Барноў, Ш.Арагвіспірэлі, Д.Клдыяшвілі). Падзеі рэвалюцыі 1905—07 у часткі інтэлігенцыі выклікалі настроі расчаравання і безнадзейнасці (творы прадстаўнікоў т.зв. «дэмакратычнай паэзіі» І.Еўдашвілі, Н.Чхіквадзе, А.Абашэлі і інш.). Л-ра Грузіі пач. 20 ст. развівалася пад уплывам еўрап. л-ры. З’явіліся шматлікія новыя плыні — сімвалізм, футурызм, дадаізм (П.Яшвілі, В.Гапрындашвілі і інш.). Рэаліст. традыцыі ў нац. л-ры працягвалі Ч.Ламтатыдзе, Ш.Дадыяні, Н.Лордкіпанідзе, Л.Кіячэлі, С.Эулі і інш. У 1930-я г. ў л-ры Грузіі замацаваўся сацыяліст. рэалізм (у паэзіі — І.Абашыдзе, Г.Табідзе, Г.Абашыдзе, С.Чыкавані, у прозе — Дадыяні, Д.Шэнгелая, М.Джавахішвілі, К.Лордкіпанідзе, у драматургіі — Дадыяні, С.Шаншыяшвілі, П.Какабадзе, І.Вакелі). Пашырыўся тэматычны і жанравы дыяпазон (гіст. раманы і аповесці К.Гамсахурдыі, Шангелая, А.Кутатэлі, І.Лісашвілі, Б.Чхеідзе, Д.Суліяшвілі). У Вял. Айч. вайну развівалася патрыят. лірыка (І.Абашыдзе, К.Каладзе, Х.Берулава, А.Мірцхулава, Г.Леанідзе), эпічная паэзія (Г.Абашыдзе, Чыкавані), гіст. драматургія Шаншыяшвілі, Л.Гатуа, Вакелі, Г.Хухашвілі і інш.). У пасляваеннай груз. л-ры плённа працавалі празаікі (Гамсахурдыя, А.Беліяшвілі, А.Чыладзе, Н.Думбадзе, Р.Джапарыдзе, Р.Інанішвілі, Ц.Данжашвілі, М.Мрэўлішвілі, Г.Панджыкідзе), паэты (Р.Маргіяні, Ц.Джангулашвілі, І.Нанешвілі, Г.Каландадзе, М.Мачаварыяні, А.Чэлідзе, Ш.Нішніянідзе), драматургі (М.Бараташвілі, К.Буачыдзе, І.Масашвілі і інш.). Творчасць пісьменнікаў гэтага перыяду арганічна звязана з сучаснасцю, культурна-гіст. традыцыямі народа (Ч.Амірэджыбі, Дж.Чарквіяні, Т.Чантурыя, М.Квлівідзе, Т.Чыладзе, А.Сулакауры і інш.). У 1970-я г. прыйшло новае пакаленне паэтаў (Б.Харанаулі, Л.Стуруа, Д.Мчэдлуры), празаікаў (Н.Шатаідзе, Г.Дачанашвілі, Дж.Карчхадзе), драматургаў (Ш.Шаманадзе, Л.Табукашвілі) і інш. Развіваюцца дзіцячая л-ра (Н.Накашыдзе, Р.Коркія), літаратуразнаўства (Г.Джыбладзе, С.Чылая, Б.Жгенці, Дж.Гвінджылія, К.Кекелідзе, Г.Леанідзе, Г.Асацыяні, Г.Гачэчыладзе і інш.).

Творчыя бел.-груз. ўзаемакантакты зарадзіліся на пач. 1930-х г. У груз. перыяд. друку публікаваліся творы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Александровіча, А.Дудара, М.Хведаровіча, у бел. — творы Г.Табідзе, Т.Табідзе, Эулі, К.Лордкіпанідзе, Масашвілі, класікаў груз. л-ры Н.Бараташвілі, І.Чаўчавадзе, Важа Пшавелы, Цэрэтэлі. Умацаванню бел.-груз. сувязей спрыяла святкаванне 750-годдзя паэмы Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» ў 1937 у Грузіі і на Беларусі. Жыццю груз. народа прысвечаны раман Э.Самуйлёнка «Будучыня» (1938). Папулярызацыі груз. л-ры на Беларусі садзейнічала перакладчыцкая дзейнасць Я.Купалы, П.Броўкі, А.Звонака, Хведаровіча і інш. У 1950—80-я г. актывізаваліся творчыя кантакты, перакладчыцкая дзейнасць. На груз. мове былі выдадзены кнігі «Выбранае» Я.Купалы (1955), «Беларускія апавяданні» (1961), «Беларуская савецкая паэзія» (1967), «Беларускія савецкія паэты» (1978), «Шчаслівы дзень» (1983). На бел. мове выйшлі кнігі «Грузінскія казкі» (1962), зб-кі апавяданняў «Твае грузінскія сябры» (1964), «Горны вадаспад» (1967), «Анталогія грузінскай паэзіі» (т. 1—2, 1989), творы Кутатэлі, М.Гелавані, Руставелі, у перыяд. друку змяшчаліся пераклады Бараташвілі, Гурамішвілі, Д.Квіцарыдзе, Кутатэлі, Леанідзе, М.Лебанідзе, Масашвілі, Сулакауры, Чыкавані і інш. На бел. мову творы груз. пісьменнікаў перакладалі А.Астрэйка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, Х.Жычка, І.Калеснік, К.Камейша, У.Караткевіч, Г.Кляўко, П.Прыходзька, Ю.Свірка, У.Шахавец і інш.

Архітэктура. Самыя стараж. збудаванні Грузіі датуюцца энеалітам (паселішчы Шулаверыс-гара, Імірыс-гара). Да эпохі бронзы і ранняга жалеза належаць паселішча Нацар-гара, курганы Трыялеты, Самгоры, дальмены ў Абхазіі. Ад перыяду стараж. дзярж. утварэнняў (канец 1-га тыс. да н.э. — 1 ст. н.э.) захаваліся акропаль, крэпасць і пабудовы Мцхеты, гарадзішча Вані. З прыняццем хрысціянства і развіццём феад. адносін (1-я пал. 4 ст.) будаваліся гарады з мурамі, палацамі і жылымі кварталамі (Уджарма, Тбілісі). Шэраг цэркваў вар’іруе прыўнесеную форму базілікі (Балніскі Сіён ва Урбнісі, Тбілісі, Вазісубані), храмы цэнтрычна-купальнага тыпу (Джвары, Атэнскі Сіён, Шуамта), круглыя купальныя храмы Цромі і інш. (усе 6—7 ст.). Тагачаснай архітэктуры ўласцівы аскетызм стылю, дэтальная пластычная распрацоўка фасадаў, аркі, скляпенні і інш. Пасля заняпаду ў сувязі з араб. заваяваннем буд-ва вялося ў самаст. груз. княствах і царствах (Тао-Кларджэты, Абхазія, Кахеты). У ліку тагачасных помнікаў саборы ў Самшвілдэ, Цырколі, Гурджаані, манастыры ў Паўд. Грузіі і інш. У сярэдзіне 10 — пач. 14 ст. груз. архітэктура дасягае росквіту. Выкрышталізоўваецца тып прамавугольнага ў плане крыжова-купальнага храма з высокім барабанам, накрытым шатром, у кампазіцыі дамінуе вертыкалізм: цэрквы ў Кумурда (964), прав. Ошкі (958—бі), Светыцкавелі, Алаверды, храм Самтавісі (11 ст., арх. Іларыён Самтаўнелі), Гелацкі манастыр, пячорныя манастыры Давід Гарэджа, Вардзія і інш. У пабудовах 14—18 ст. захоўваліся традыц. формы арх. кампазіцыі і дэкору. З пач. 19 ст. імі ўзбагачаецца стылістыка класіцызму (сял. дамы тыпу «дарбазі», «одасахлі»: драўляны на каменным цокалі прамавугольны ў плане дом з некалькіх пакояў з балконам па ўсім фасадзе — у Зах. Грузіі, дамы-вежы ў горных раёнах. З 2-й пал. 19 ст. ў гар. архітэктуры пануе эклектызм. Пабудовы пач. 20 ст. ўпрыгожваліся нац. арх. матывамі: Грузінскі дваранскі земскі банк (1912—16, арх. А.Кальгін) у Тбілісі. У 1920—30-я г. ствараюцца будынкі ў духу канструктывізму і неакласіцызму з уключэннем матываў стараж. Грузіі: Зема-Аўчальская ГЭС каля Мцхеты (1927, арх. Кальгін, М.Мачаварыяні, К.Лявонцьеў), фасад Музея Грузіі (1927—29, арх. М.Севераў), стадыён «Дынама» (1933—37, арх. А.Курдыяні), Дом урада (1938—53, арх. В.Какорын, Г.Лежава) — усе ў Тбілісі. У апошнія дзесяцігоддзі ствараюцца новыя арх. формы і выкарыстоўваюцца аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыйныя рашэнні: Палац спорту (1961, арх. У.Алексі-Месхішвілі, Ю.Касрадзе), гасцініца «Іверыя» (1967, арх. А.Каландарышвілі, І.Цхамелідзе), Дом урачыстых падзей (1984, арх. В.Джарбенадзе і інш.) — усе ў Тбілісі; т-ры ў Кутаісі, Чыятуры, Сухумі; санаторыі ў Цхалтуба, Гагры, Піцундзе і інш. У 1934 засн. Саюз архітэктараў Грузіі.

Выяўленчае мастацтва. Найб. стараж. помнікі выяўл. мастацтва — маст. вырабы з металу і арнаментаваная кераміка — адносяцца да энеаліту. Ад рабаўладальніцкага перыяду захаваліся пахаванні з залатымі ўпрыгожаннямі з гранатамі, камеямі ў мясц. традыцыях, а таксама прывазны посуд, шкло, кераміка («Ахалгарыйскі скарб», 5 ст. да н.э. і інш.). Пасля прыняцця хрысціянства ў мастацтва Грузіі з цэнтраў хрысц. Усходу пранікаюць новыя формы, перапрацоўваючы якія груз. мастакі стварылі ўласную маст. школу. У сярэднія вякі пашырана дэкар. скульптура (рэльефы Джвары, 7 ст., Апізы, 9 ст., Кумурда і Ошкі, 10 ст., Светыцхавелі; разьба на алтарных апсідах з Сафары, Хоўле, 11 ст.), манум. жывапіс (размалёўкі ў Атэні, Вардзіі, Кінцвісі, у цэрквах Сванетыі, мазаіка гал. храма Гелацкага манастыра), мініяцюра (1-е і 2-е Джруцкія евангеллі, 940 і 12 ст., Моквійскае евангелле, 1300), чаканка па метале (абразы «Праабражэнне», 9 ст., і «Замілаванне», 11 ст., залатыя крыжы з Брылі і Брэты, чаша з Бедыі — 10 ст., Хахульскі складзень, творы Бекі і Бешкена Апізары, 12 ст.). Дэкар.-прыкладное мастацтва сярэдневякоўя прадстаўлена перагародчатай эмаллю, размаляванай керамікай, вышыўкай па шоўку і аксаміце, чаканкай па метале. З 19 ст. мастацтва арыентуецца на зах.-еўрап. і рус. культуры. Зараджаецца і развіваецца станковы жывапіс, пераважна партрэт (Г.Майсурадзе), быт. жанр, які дамінаваў у творчасці мастакоў рэаліст. кірунку (А.Берыдзе, Г.Габашвілі, Р.Гвелесіяні, А.Мрэўлішвілі, М.Таідзе). На мяжы 19 і 20 ст. з’явіліся творы заснавальніка сучаснай груз. скульптуры Я.Нікаладзе і мастака-прымітывіста Н.Пірасманішвілі. У жывапісе 1920—30-х г. развіты пейзаж А.Ахвледыяні, У.Джапарыдзе, Д.Какабадзе, А.Цымакурыдзе), партрэт (К.Магалашвілі), з’явіліся тэмы індустрыялізацыі, пераўтварэння вёскі; легендарна-фантаст. сюжэты распрацоўваў Л.Гудыяшвілі. У 1930-я г. дамінуе гіст.-рэв. тэматыка (Джапарыдзе, А.Кутатэладзе, В.Сідамон-Эрыставі, І. і М.Таідзе). Паспяхова развіваецца кніжная (У.Грыголія, І.Шарлемань) і станковая (Д. і В.Кутатэладзе) графіка. Ілюстрацыі ствараюць Т.Абакелія, Гудыяшвілі, С.Кабуладзе, І.Таідзе, да дзіцячых кніг — І.Габашвілі. У скульптуры вядучым быў партрэт (М.Кандэлакі, Нікаладзе, Н.Цэрэтэлі); развівалася манум. скульптура (С.Какабадзе, К.Мерабішвілі, Ш.Мікатадзе, Р.Тавадзе, В.Тапурыдзе), у т. л. сюжэтны рэльеф (Абакелія, Г.Сесіяшвілі). Сярод тэатр. мастакоў: А.Ахвледыяні, П.Ацхелі, С.Вірсаладзе, І.Гамрэкелі, Кабуладзе, Д.Какабадзе, В.Сідамон-Эрыставі. У 2-ю сусв. вайну пашырана агітацыйная графіка, асабліва плакат (І.Таідзе). У апошнія дзесяцігоддзі працуюць: у галіне тэматычнай карціны — Г.Гелавані, К.Махарадзе, Г.Таідзе, У.Татыбадзе, Д.Хахуташвілі; партрэтасты Э.Каландадзе, З.Ніжарадзе, Н.Янкашвілі; у манум. жывапісе — Б.Бердзенішвілі, Р.Стуруа, З.Цэрэтэлі; у графіцы — А.Бандзеладзе, Грыголія, П.Гучмазац, Г.Мірзашвілі, Д.Нодыя, Р.Тархан-Маўраві; тэатр. мастакі П.Лапіяшвілі, Д.Тавадзе; у манум. скульптуры — М.Бердзенішвілі, Г.Каладзе, Г.Кардзахія, Мерабішвілі, Г.Ачыяуры; у станковай і дэкар. пластыцы — Б.Авалішвілі, Ц.Асатыяні і інш. Адраджаецца чаканка па метале (Г.Габашвілі, І.Ачыяуры), кераміка (А.Какабадзе, З.Майсурадзе). У 1933 засн. Саюз мастакоў Грузіі.

Музыка. Раннія звесткі пра груз. нар. вакальную і інстр. музыку адносяцца да 8 ст. да н.э. Нар. песні вылучаюцца шматгалоссем, разнастайнасцю дыялектаў. Пашырана традыцыя 3- і 4-галосага мужчынскага спявання; сустракаюцца і сольныя 1-галосыя спевы, часам з інстр. суправаджэннем. Бытуюць працоўныя, абрадавыя, застольныя, танц. і інш. песні. У аснове музыкі Грузіі дыятанічныя лады, пераменная метрыка; у сольных партыях складаная рытміка. Сярод інструментаў: струнна-смычковыя (чыянуры, чуніры), струнна-шчыпковыя (чангі, чонгуры, пандуры), духавыя (саінары, саламуры, най, чыбоні, ствіры), ударныя (долі, таблакі). Гар. муз. фальклор (17—19 ст.) уключае вак. творы аднагалосыя, меладычна развітыя, з элементамі імправізацыі, з інстр. суправаджэннем (т.зв. песні старога Тбілісі), што склаліся на аснове муз.-паэт. творчасці паэтаў-спевакоў і ашугскай традыцыі (гл. Ашуг), а таксама 3-галосыя песні з гітарным суправаджэннем і інш. Пасля прыняцця хрысціянства (337) пачала фарміравацца груз. царк. музыка. Сярод яе майстроў манах і кампазітар М.Мадрэкілі (10 ст.). У 12 ст. паявіліся шматлікія хар. і інстр. ансамблі, расквітнела выканальніцтва. З муз. дзеячаў 17—18 ст. С.Арбеліяні (абнародаваў груз. муз. тэрміны), І.Багратыёні (аўтар муз. граматы асобай сістэмы). Пасля далучэння Грузіі да Расіі пачалося збліжэнне груз. музыкі з еўрапейскай. У 1830-я г. ствараліся літ.-муз. салоны, развівалася хатняе музіцыраванне. У Тыфлісе адкрыты оперны т-р (1851), дзе ставіліся італьян., пазней і рус. оперы, наладжваліся сімф. і камерныя канцэрты; муз. школа Каўказскага муз. т-ва (1871), муз. класы, арганізаваныя Х.Саванелі і А.Мізандары (з 1917 кансерваторыя). З 1860-х г. збіраюцца і публікуюцца нар. песні, у 1885 створаны этнагр. хор Л.Агніяшвілі. У пач. 20 ст. арганізаваны Груз. філарманічнае т-ва (1905), груз. оперная студыя (1919), развіваецца хар. музыка (М.Сулханішвілі), ствараюцца нац. оперы (З.Паліяшвілі, Дз.Аракішвілі, М.Баланчывадзе, В.Далідзе). У сав. перыяд груз. музыка ўзбагацілася жанрамі сімфоніі, сімф. паэмы, кантаты, араторыі, балета, аперэты, мюзікла, інстр. канцэрта, квартэта, у якіх працуюць кампазітары В.Азарашвілі, А.Андрыяшвілі, К.Баланчывадзе, Р.Габічвадзе, Н.Габунія, А.Гардэлі, Г.Канчэлі, І.Каргарэтэлі, Б.Квернадзе, А.Керэселідзе, Р.Кіладзе, Р.Лагідзе, К.Мачаварыяні, Ш.Міларава, Ш.Мшвелідзе, С.Насідзе, А.Тактакішвілі, Ш.Тактакішвілі, Д.Тарадзе, С.Цынцадзе, А.Чымакадзе, А.Шаверзашвілі і інш. Створаны дзіцячыя оперы (А.Букія, В.Гакіелі, М.Давіташвілі). У сферы эстр., тэатр. і кінамузыкі вылучыліся Азарашвілі, Габічвадзе, Н.Гігауры, Канчэлі, Квернадзе, М.Парцхаладзе, Тарадзе, Г.Цабадзе і інш. Праблемы муз. навукі распрацоўвалі Аракішвілі, Г.Арджанікідзе, Ш.Асланішвілі, В.Гвахарыя, У.Данадзе, Г.Тарадзе, П.Хучуа, А.Цулукідзе, Р.Чхіквадзе і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.Дымітрыядзі, Дж.Кахідзе, І.Паліяшвілі, Я.Мікеладзе; спевакі В.Сараджышвілі. В.Бахуташвілі-Шульгіна, А.Інашвілі, М.Аміранашвілі, П.Аміранашвілі, Д.Андгуладзе, З.Анджапарыдзе, Н.Брэгвадзе, З.Саткілава, Ц.Татышвілі, Л.Чконія; піяністы А.Вірсаладзе, А.Тулашвілі, Э.Вірсаладзе, Э.Анджапарыдзе; скрыпачы Л.Ісакадзе, М. і Н.Яшвілі. У Грузіі працуюць (1997): Груз. т-р оперы і балета (з 1851, Тбілісі), Т-р муз. камедыі (1934); Дзярж. сімф. аркестр (1933), сімф. Аркестр Груз. тэлебачання і радыё, Дзярж. камерны аркестр Грузіі, Дзярж. эстр. аркестр «Рэра»; пры груз. філармоніі — хар. капэла, 3 ансамблі песні і танца, Ансамбль нар. танца, эстр. аркестр, вак.-інстр. ансамблі; Саюз кампазітараў (1932); кансерваторыя (1917), муз. вучылішчы і муз. школы.

Тэатр. Вытокі груз. т-ра ў стараж. імправізацыйным нар. т-ры масак (берыкаоба), масавых карнавальных святах (кееноба), сярэдневяковым палацавым т-ры (сахіоба). У 2-й пал. 18 ст. ўзніклі школьныя т-ры ў Тбілісі і Тэлаві. Першы свецкі т-р існаваў у 1790—95 пад кіраўніцтвам Г.Авалішвілі. У 1-й пал. 19 ст. асн. формай тэатр. жыцця былі аматарскія гурткі. У 1845 створаны рус. драм. т-р. Груз. прафес. т-р засн. ў 1850 Г.Эрыставі (у 1856 закрыты). У 1879 груз. пісьменнікі І.Чаўчавадзе і А.Цэрэтэлі зноў стварылі прафес. т-ры ў Тбілісі і Кутаісі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі нар. т-ры ў Тбілісі, Батумі, Кутаісі. Вял. значэнне для развіцця тэатр. мастацтва мела дзейнасць К.Марджанішвілі і А.Ахметэлі. Працуюць вядучыя т-ры: імя Ш.Руставелі (засн. ў 1921), імя Марджанішвілі (засн. ў 1928 у Кутаісі), Рус. драм. т-р імя А.Грыбаедава (засн. ў 1932; усе ў Тбілісі), імя Л.Месхішвілі (Кутаісі), імя Чаўчавадзе (Батумі), а таксама т-ры ў Сухумі, Поці, Цхінвалі і інш. Сярод найб. вядомых дзеячаў груз. т-ра: рэжысёры Р.Стуруа, Т.Чхеідзе, Л.Мірцхулава, Г.Жарданія; акцёры Р.Чхіквадзе, С.Чыяўрэлі, К.Каўсадзе, І.Гігашвілі. У 1939 у Тбілісі адкрыты Дзярж. тэатр. ін-т імя Ш.Руставелі. У 1945 засн. тэатр. т-ва. На груз. сцэне ставіліся бел. п’есы «Гута» Р.Кобеца, «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка, «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона і інш.

Кіно. Першыя хранікальныя кіназдымкі адбыліся ў 1908—10. У 1921 у Тбілісі засн. трэст «Дзяржкінапрам» (з 1953 кінастудыя «Грузія-фільм»), Значную ролю ў станаўленні кіно Грузіі адыгралі рэжысёры А.Цуцунава, А.Бек-Назараў, З.Берышвілі, К.Марджанішвілі, І.Перэстыяні, М.Шэнгелая. Этапным быў фільм М.Калатозава «Соль Сванетыі» (1930). У 1930-я г. вядучай была гіст.-рэв. тэматыка. У Айч. вайну створаны стужкі «У Чорных гарах» (1941, Шэнгелая), «Мост» (1942, К.Піпінашвілі), гіст. эпапея «Георгій Саакадзе» (1942—43, М.Чыяўрэлі). У 1950—70-я г. разам з фільмамі вядомых рэжысёраў («Страказа», 1954, С.Далідзе; «Яны спусціліся з гор», 1955, М.Санішвілі) з’явіліся стужкі маладых кінематаграфістаў, майстэрства якіх у 1980-я г. дасягнула сусв. ўзроўню. Сярод іх: Р.Чхеідзе («Бацька салдата», 1965; «Саджанцы», 1973; «Твой сын, зямля», 1981), Т.Абуладзе («Чужыя дзеці», 1958; «Я, бабуся, Іліко і Іларыён», 1963; трылогія «Мальба», 1968, «Дрэва жадання», 1972, «Пакаянне», 1987; Ленінская прэмія 1988), А.Іаселіяні («Лістапад», 1968; «Жыў пеўчы дрозд», 1971; «Пастараль», 1976; «І стане святло», 1989), А.Рэхвіяшвілі («Грузінская хроніка XIX века», 1979; «Шлях дадому», 1982). У 1990-я г. ў фільмах груз. кінематаграфістаў узмацніўся драматызм у адлюстраванні рэчаіснасці: «Сонца няспячых» (1991, П.Баблуяні), «Дуру» (1995, В.Гіоргабіяні), «Могілкі» (1996, Г.Хайндрава) і інш. Значная з’ява ў кінамастацтве Грузіі — яркія па форме і думцы кароткаметражныя фільмы. З 1928 здымаюцца дакумент., з 1930-х г. — маляваныя і лялечныя фільмы. У 1957 створаны Саюз кінематаграфістаў Грузіі. З 1974 у Дзярж. тэатр. ін-це імя Ш.Руставелі працуе кінафакультэт.

Літ.:

Вахушти Багратиони. История царства Грузинского: Пер. с груз. Тбилиси, 1976;

Страницы из истории Грузии. Тбилиси, 1965;

Меликишвили Г.А. К истории древней Грузии. Тбилиси, 1959;

Грузия: Краткий ист. очерк. Тбилиси, 1966;

Ментешашвили А. Грузинская демократическая республика (1918—1921 гг.) и западные державы // Вопр. истории. 1996. №9;

История грузинской советской литературы. Тбилиси, 1977;

Кекелидзе С.А. Грузино-белорусские литературные взаимосвязи. М., 1979;

Амиранашвили Ш.Я. История грузинского искусства. М., 1963;

Беридзе В. Грузинская архитектура с древнейших времен до начала XX в. Тбилиси, 1967;

Беридзе В., Езерская Н. Искусство Советской Грузии, 1921—1970. М., 1975;

Джанберидзе Н.Ш., Цицишвили И.Н. Архитектура Грузии от истоков до наших дней. М., 1976;

Чхиквадзе Г. Основные типы грузинского народного многоголосья. М., 1964;

История музыки народов СССР. Т. 1—5, ч. 2. 2 изд. М., 1970—74;

Донадзе В.Г. Очерки по истории грузинской советской музыки. Ч. 1. Тбилиси, 1975;

Орджоникидзе Г.Ш. Проблемы восходящего пути. Тбилиси, 1978.

С.І.Сідор (прырода, гаспадарка), В.С.Клімовіч (гісторыя з 1920), Дж.Гвінджылія (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае мастацтва).

т. 5, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НІЯ

(Deutschland),

Федэратыўная Рэспубліка Германія (Bundesrepublik Deutschland), дзяржава ў цэнтры Зах. Еўропы. На З мяжуе з Нідэрландамі, Бельгіяй, Люксембургам, Францыяй, на Пд — з Швейцарыяй і Аўстрыяй, на У — з Чэхіяй і Польшчай, на Пн — з Даніяй і абмываецца Паўн. і Балт. морамі. Пл. 357 тыс. км². Нас. 81,3 млн. чал. (1993). Дзярж. мова — нямецкая. Сталіца — г. Берлін. Месца часовага знаходжання ўрада (да 1998) — г. Бон. У складзе Германіі 16 адм. адзінак — зямель: Баварыя, Бадэн-Вюртэмберг, Берлін, Брандэнбург, Брэмен, Гамбург, Гесен, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Ніжняя Саксонія, Паўночны Рэйн-Вестфалія, Рэйнланд-Пфальц, Саар, Саксонія, Саксонія-Ангальт, Цюрынгія, Шлезвіг-Гольштэйн (пра кожную гл. асобны арт.). Нац. свята — Дзень нямецкага адзінства (3 кастр.).

Дзяржаўны лад. Германія — федэратыўная дзяржава, якая складаецца з 16 зямель. Дзейнічае канстытуцыя 1948. Кожная зямля мае сваю канстытуцыю, парламент (ландтаг або гар. сход) і ўрад. Правы зямель абмежаваны федэральнай канстытуцыяй. Вышэйшую заканад. ўладу ажыццяўляе федэральны парламент — бундэстаг (палата дэпутатаў), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады, і бундэсрат (палата зямель), які складаецца з членаў урадаў зямель (па 3—5 ад кожнай зямлі, у залежнасці ад колькасці яе насельніцтва). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў спец. органам — федэральным сходам, куды ўваходзяць усе дэпутаты бундэстага і такая ж колькасць дэпутатаў зямельных парламентаў. Прэзідэнт выконвае ў асноўным прадстаўнічыя функцыі. Кіраўнік урада — федэральны канцлер, які выбіраецца бундэстагам.

Прырода. На ПнПаўн.-Германская нізіна. Уздоўж берага Паўн. м. выцягнуты Паўн.-Фрызскія і Усх.-Фрызскія а-вы. Паміж імі і мацерыком т.зв. ваты — прасторы, якія затапляюцца ў час прыліваў. За ватамі цягнуцца плоскія прасторы — маршы, пакрытыя глеем, частка іх ляжыць ніжэй за ўзровень мора і засцерагаецца ад затаплення плацінамі і дамбамі. Да ўзбярэжжа Балт. мора прымыкае Мекленбургскае азёрнае плато — частка Паўн.-Германскай нізіны, што паступова пераходзіць у вобласць узвышшаў і сярэдневышынных гор. Сярод горных масіваў Гарц (г. Брокен, 1142 м), Шварцвальд (г. Фельдберг, 1493 м), Рэйнскія Сланцавыя горы, Цюрынгенскі Лес, Чэшскі Лес, Рудныя горы. Паміж Шварцвальдам і Чэшскім Лесам моцна разбураная вобласць Франконскага і Швабскага Альбаў. На Пд ад Дуная Перадальпійскае плато з глыбокімі далінамі. На ПдЗ паўн. хрыбты Альпаў з вышэйшым пунктам краіны — г. Цугшпітцэ (2963 м). З карысных выкапняў Германія багатая каменным і бурым вугалем, калійнымі солямі. Ёсць жалезныя, уранавыя, медныя, нікелевыя, свінцовыя, цынкавыя руды, прыродны газ, соль і інш. Каменнавугальныя басейны: Рурскі (агульныя запасы 215 млрд. т.), Саарскі (5,5 млрд. т.). Буравугальныя басейны: Ніжнярэйнскі (60 млрд. т), Сярэднегерманскі, Магдэбургскі, Ніжнялаўзіцкі, Верхнялаўзіцкі (разам 40 млрд. т). Па запасах калійных солей (каля 0,7 млрд. т) краіна займае 4-е месца ў свеце. Клімат умераны, пераходны ад марскога на ПнЗ да больш кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. ад 0 °C на ўзбярэжжы Паўн. мора да -3 °C на ПдУ, ліп. ад 16 °C да 19 °C. Ападкаў 500—800 мм за год, у гарах да 1000 мм. Даліны Рэйна, Майна, Некара, Мозеля адметныя мяккім кліматам. Рачная сетка густая. На З найб. р. Рэйн (867 км на тэр. Германіі) з прытокамі Майн, Некар, Мозель. На У Эльба з прытокамі Заале, Мульдэ, Гафель і пагранічная з Польшчай р. Одэр (Одра). На Пд верхняе цячэнне р. Дунай і яе горныя прытокі. Рэкі злучаны суднаходнымі каналамі паміж сабой і з рэкамі суседніх краін. Шмат маляўнічых азёр. Найб. Бодэнскае (пл. 538 км², глыб. 252 м) на мяжы з Швейцарыяй і Аўстрыяй. Глебы бурыя лясныя, падзолістыя, перагнойна-карбанатныя, алювіяльныя. Пад лесам і хмызнякамі 30% тэр. Распаўсюджаны саджаныя лясы. Найб. лясістыя горныя раёны, дзе лясныя масівы складаюцца з дубу, буку, хвойных. У гарах вышэй за 1200 м альпійскія лугі. На Пн і ў поймах рэк пашыраны лугі. С.-г. землі займаюць палавіну тэрыторыі. Нац. паркі — Баварскі Лес, Берхтэсгадэн, шматлікія рэзерваты, заказнікі, помнікі прыроды і інш. ахоўныя прыродныя тэрыторыі.

Насельніцтва. Па колькасці насельніцтва Германія займае 2-е месца ў Еўропе (пасля Расіі) і 12-е ў свеце. 91,5% яго складаюць немцы. З нац. меншасцей — лужыцкія сербы, або лужычане (каля 60 тыс. чал., у вярхоўях р. Шпрэе), галандцы і датчане. У краіне пастаянна пражывае каля 5,5 млн. замежных працоўных з сем’ямі (у асноўным выхадцы з Турцыі, б. Югаславіі, Грэцыі, Італіі, Партугаліі, Польшчы). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (45%) і католікі (37%), ёсць мусульмане (каля 2%) і інш. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 228 чал. на 1 км², у прамысл. раёнах да 2—3 тыс. чал. на 1 км², у некат. горных і лясных раёнах каля 40—50 чал. на 1 км², у зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія больш за 500 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 86%. Найб. гарады (тыс. ж., 1994): Берлін — 3475,4, Гамбург — 1702,9, Мюнхен — 1255,6, Кёльн — 962,5, Франкфурт-на-Майне — 659,8, Штутгарт — 594,6, Дзюсельдорф — 574,9, Гановер — 524,8, Нюрнберг — 498,9. У прам-сці заняты 41% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 6%.

Гісторыя. На тэр. Германіі чалавек жыве з эпохі ніжняга палеаліту (500—300 тыс. г. да н.э.), аб чым сведчаць археал. знаходкі гейдэльбергскага чалавека і астанкаў больш позняга неандэртальца. У жал. веку на тэр. Германіі былі пашыраны гальштацкая (пераважна кельцкая; гл. Гальштацкая культура) і латэнская (гл. Латэн) археал. культуры, лужыцкая культура (верагодна, протаславянская). Каля 6 — 1 ст. да н.э. заселена стараж. германцамі. З 2 ст. да н.э. тут мелі месца ўзбр. сутыкненні з рымлянамі, якія назвалі Германіяй усе землі на Пн ад Дуная і на У ад Рэйна да Віслы. Да 80-х г. н.э. рымляне заваявалі землі германцаў па левым беразе Рэйна, дзе былі ўтвораны іх пагран. правінцыі Ніжняя і Верхняя Германія. У 1-й пал. 1-га тыс. н.э. ўзніклі саюзы герм. плямён, частка якіх у 4—6 ст. прасунулася на З і Пд (гл. ў арт. Вялікае перасяленне народаў); пасля перамяшчэння германцаў на З у бас. Эльбы пасяліліся зах. славяне. На тэр. Германіі аселі алемоны, бавары, саксы, фрызы, усх. франкі, цюрынгі. У 6 — пач. 9 ст. герм. плямёны аб’яднаны ў межах Франкскай дзяржавы, прынялі хрысціянства Пасля падзелу імперыі франкаў паводле Вердэнскага дагавора 843 пачалося самаст. развіццё Усх.-Франкскага (пазней Германскага) каралеўства (лац. назва regnum Theutonicorum — каралеўства тэўтонаў, вядома з 919), у якое ўвайшлі герцагствы Саксонія, Франконія, Баварыя і Алеманія (Швабія). Пазней далучыліся Цюрынгія і Фрызія (Фрысландыя). Ва ўмовах пастаяннага сепаратызму з боку герцагаў каралеўская ўлада ў Германіі набыла выбарна-спадчынны характар. Першымі герм. каралямі былі Арнульф [887—899], Конрад І [911—919] і Генрых І [919—936]. Пры Атоне І спынены набегі качэўнікаў-венграў (955), у выніку яго італьян. паходаў засн. «Свяшчэнная Рымская імперыя» (962), што паклала пачатак 300-гадоваму герм. панаванню ў Паўн. і Сярэдняй Італіі (пацярпела крах у час праўлення дынастыі Штаўфенаў). У барацьбе за ўзмацненне сваёй улады герм. каралі часова (да 1122) абапіраліся на саюз з царквой (склаўся пры Атоне І і Атоне II).

З 11 ст. актывізаваўся рост сярэдневяковых гарадоў (пераважна дробных), у якіх рана ўзнікла цэхавая арганізацыя рамяства (гл. Цэхі). З канца 11 ст. фарміруецца ням. народнасць. У 11—13 ст. найб. эканамічна развітыя гарады (перш за ўсё рэйнскія) вызваліліся з-пад улады князёў і дамагліся значнай аўтаноміі, у выніку чаго ўзніклі т.зв. вольныя гарады (Кёльн, Вормс, Рэгенсбург, Майнц і інш.). Частковую аўтаномію набылі і імперскія гарады. У ходзе ўнутрыпаліт. барацьбы царк. і свецкія князі здолелі пашырыць сваю ўладу, самыя буйныя з іх паступова прысвоілі сабе права выбіраць караля (імператара) і сталі называцца курфюрстамі. З 13 ст. буйныя гарады аб’ядноўваліся ў саюзы (Ганза, Рэйнскі і Швабскі саюзы). Да канца 15 ст. склалася сістэма саслоўна-прадстаўнічых органаў (гл. Рэйхстаг, Ландтаг). У 10—15 ст. заваявана ч. зямель славян і прыбалт. народаў (гл. ў арт. «Дранг нах Остэн», Мечаносцы, Тэўтонскі ордэн, Альбрэхт Мядзведзь, Крыжовы паход супраць славян 1147, Бодрычы, Палабскія славяне і інш.). Мясц. сепаратызм і асабліва ням. экспансію на У падтрымлівалі рым. папы. У пач. 16 ст. ў Германіі, якая з прычыны паліт. раздробленасці найб. цярпела ад пабораў з боку папства і яго пасланнікаў, узнікла рэліг. Рэфармацыя (пачалася ў 1517 з выступлення М.Лютэра супраць індульгенцый). Антыфеад. выступленні сялян 2-й пал. 15 — пач. 16 ст. (рух Г.Бёгайма, змовы «Башмака» і інш.) перараслі ў Сялянскую вайну 1524—26, якая ахапіла Паўд.-Зах. і Сярэднюю Германію, частку аўстр. зямель і была звязана з радыкальным кірункам у Рэфармацыі (Т.Мюнцэр). Пасля паражэння сялян анабаптысты стварылі Мюнстэрскую камуну (1534—35). На бок Рэфармацыі перайшла частка князёў (першым быў Альбрэхт Брандэнбургскі). Ваен. сутыкненні паміж пратэстанцкімі і каталіцкімі князямі ў Германіі (Шмалькальдзенская вайна 1546—47, аднавілася ў 1552) завяршыліся Аўгсбургскім рэлігійным мірам 1555 аб прызнанні раўнапраўя католікаў і лютэран. У выніку ў Германіі ўтварыліся 2 групоўкі ням. княстваў — каталіцкая (спадчынныя землі Габсбургаў, Баварыя, Франконія, духоўныя княствы на Рэйне і ў Паўн.-зах. Германіі, Эльзас) і пратэстанцкая (паўн.-герм. княствы, герцагства Прусія, Брандэнбург, Саксонія, Гесен, Браўншвайг, Верхні і Ніжні Пфальц, Вюртэмберг). Пры імператарах Фердынанду І [1556—64) і Максіміляне II [1564—76] захоўвалася раўнавага сіл католікаў і пратэстантаў. Уціск апошніх пры Рудольфе II [1576—1612] прывёў да Трыццацігадовай вайны 1618—48, асн. падзеі якой адбываліся на тэр. Германіі. У выніку вайны значна скарацілася насельніцтва краіны (з 16 да 10 млн. чал. у 1650) і заняпала яе гаспадарка. Вестфальскі мір 1648 юрыдычна замацаваў падзел Германіі на больш як 300 буйных і дробных княстваў, 51 незалежны імперскі горад і амаль на 1,5 тыс. дробных рыцарскіх уладанняў, якія фармальна ўваходзілі ў «Свяшчэнную Рым. імперыю». У пасляваен. час у заэльбскай Германіі (Брандэнбург, Прусія, Мекленбург) ва ўмовах недахопу с.-г. рабочай сілы і попыту на мясц. хлеб за мяжой памешчыкі павялічылі паншчыну і свае зямельныя ўладанні (у т. л. праз агароджванні).

У 17 ст. ўнутры Германіі пачалося ўзвышэнне Брандэнбургска-Прускай дзяржавы (з 1701 каралеўства Прусія) на чале з дынастыяй Гогенцолернаў. Пры каралю Фрыдрыху Вільгельму І [1713—40] канчаткова склалася сістэма прускай манархіі з яе моцным культам арміі. Пры Фрыдрыху II [1740—416] пруская манархія набыла рысы асветнага абсалютызму. У выніку сілезскіх войнаў да Прусіі далучана б. ч. Сілезіі, а пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) — польскія Памор’е і Зах. Прусія. Да канца 18 ст. Прусія стала вял. еўрап. дзяржавай. У канцы 18 — пач. 19 ст. яна разам з Аўстрыяй і інш. краінамі ўдзельнічала ў войнах супраць рэвалюцыйнай, потым напалеонаўскай Францыі (гл. Напалеонаўскія войны). У вайну 1792—95 ва ўмовах франц. акупацыі дзейнічала Майнцкая камуна (1792—93). Пазней з-за абвастрэння адносін з Аўстрыяй пасля яе адхілення ад удзелу ў 2-м падзеле Рэчы Паспалітай (1793) Прусія выйшла з антыфранц. кааліцыі і заключыла сепаратны мір з Францыяй (гл. ў арт. Базельскія мірныя дагаворы 1795). Паводле 2-га і 3-га (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай да Прусіі далучана значная ч. польскіх зямель (уключаючы Варшаву), яе ўсх. мяжа дасягнула лініі Каўнас—Гродна—Брэст. У 1796 франц. войскі занялі ПдЗ Германіі. У 1803 пад націскам Напалеона І спец. дэпутацыя «Свяшчэннай Рым. імперыі» пры рэйхстагу ў г. Рэгенсбург прыняла рашэнне аб скасаванні ў Зах. Германіі ўсіх царк. княстваў (акрамя Майнцкага; усяго 112 дробных дзяржаў з 3 млн. жыхароў, якія потым былі далучаны да саюзных Францыі ням. дзяржаў — Баварыі, Бадэна, Вюртэмберга, Саксоніі і інш.). У 1807 утворана залежнае ад Напалеона Вестфальскае каралеўства на чале з братам Напалеона Ж.Банапартам (існавала да 1813). Стварэнне ў Зах. Германіі пад пратэктаратам Напалеона Рэйнскага саюза 1806—13 прывяло да падзення «Свяшчэннай Рым. імперыі» (1806). У кастр. 1806 Прусія зноў выступіла супраць Францыі, аднак у ходзе двухтыднёвай вайны пацярпела поўнае паражэнне (гл. Іена-Аўэрштэцкая бітва 1806, Тыльзіцкі мір 1807). Ва ўмовах франц. акупацыі прускія ўлады правялі ў 1807—14 Штайна—Гардэнберга рэформы (наданне асабістай свабоды сялянам, рэарганізацыя арміі і інш.). Пасля паражэння арміі Напалеона ў вайне 1812 супраць Расіі ў саюзе з апошняй паступова вызвалены Прусія і астатнія ням. дзяржавы (вырашальнай была Лейпцыгская бітва 1813). Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 утвораны Герм. саюз у складзе 35 (пазней 31) ням. манархій і 4 вольных гарадоў (Гамбург, Брэмен, Любек, Франкфурт-на-Майне) з адзіным агульным органам — Саюзным сходам (сеймам). Найб. ўплыў у саюзе мелі Аўстрыя і Прусія. У 1-й пал. 19 ст. Германія заставалася пераважна агр. краінай (3/4 яе насельніцтва жыло ў вёсцы). У 1810—20-я г. ням. прам-сць складалася пераважна з мануфактур і рамесных майстэрняў. У 1830-я г. ў Германіі пачалася прамысл. рэвалюцыя (завершана ў 1870-я г. пасля аб’яднання Германіі), звязаная з тэхн. прагрэсам і развіццём транспарту (у 1822 на Рэйне з’явіліся першыя параходы, у 1835 уведзена ў дзеянне першая чыгунка Нюрнберг—Фюрт). З’явілася машынабудаванне (найб. цэнтр — Берлін, дзе вырабляліся паравыя машыны і лакаматывы). У 1834 па ініцыятыве Прусіі ўзнік Герм. мытны саюз паміж 18 ням. дзяржавамі з насельніцтвам 23 млн. чал. (пазней пашыраны, праіснаваў да 1871), што садзейнічала фарміраванню гасп. адзінства Германіі. Ва ўмовах узмацнення абсалютызму ўнутры Германіі адбыліся апазіц. студэнцкія выступленні (найбольшыя ў 1817, 1819). Пад уплывам Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 у Францыі ў жн.вер. 1830 масавыя выступленні адбыліся ў Саксоніі, Гановеры, Браўншвайгу, Гесен-Каселі і інш., у выніку чаго тут у 1831—32 уведзены канстытуцыі; 27.5.1832 у Пфальцы прайшла 30-тысячная дэманстрацыя пад лозунгам аб’яднання Германіі і ўвядзення канстытуцыйных свабод. У 1830-я г. за мяжой (Парыж) створаны першыя ням. рабочыя арг-цыі (гл. Саюз справядлівых). У пач. 1840-х г. ліберальная апазіцыя прапагандавала свае погляды на старонках «Рэйнскай газеты» і «Кёнігсбергскай газеты». Адбылося Сілезскае паўстанне ткачоў 1844. Узнік сацыяліст. рух (В.Вейтлінг, К.Маркс, Ф.Энгельс). Пад уплывам рэв. падзей 1848 у Францыі (звяржэнне манархіі) адбылася рэвалюцыя 1848—49 у Германіі, у ходзе якой распаўся Герм. саюз (1849), дзейнічаў Франкфурцкі нацыянальны сход 1848—49. Пасля паражэння рэвалюцыі пад націскам Аўстрыі і Расіі адноўлены Герм. саюз (1850—51). У 1850 у Прусіі прыняты закон «Аб рэгуляванні адносін паміж памешчыкамі і сялянамі», што прадугледжваў паступовы выкуп сялянамі асн. павіннасцей (т.зв. прускі шлях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы). За 1850-я г. аб’ём прамысл. прадукцыі ў Германіі павялічыўся больш чым удвая. У 1860-я г. індустр. цэнтрамі сталі Рэйнская вобл., Саксонія, Сілезія, Берлін. Пасля прызначэння прэм’ер-міністрам Прусіі О. фон Бісмарка (1862) пачалося дынастычнае аб’яднанне Германіі па т.зв. «малагерманскім» (г. зн. без Аўстрыі) шляху. Спачатку Прусія ў саюзе з Аўстрыяй у ходзе Дацкай вайны 1864 адарвала ад Даніі Шлезвіг і Гольштэйн, а потым у выніку аўстра-прускай вайны 1866 прымусіла Аўстрыю выйсці з Герм. саюза і адмовіцца ад сваіх прэтэнзій на вяршэнства ў Германіі. Замест скасаванага ў 1866 Герм. саюза ў 1867 утвораны Паўночнагерманскі саюз пад эгідай Прусіі. У 1860-я г. ў ням. рабочым руху склаліся Усеагульны герм. рабочы саюз (УГРС) пад кіраўніцтвам Ф.Ласаля і С.-д. рабочая партыя (СДРП, гл. Эйзенахцы) на чале з А.Бебелем і В.Лібкнехтам.

У выніку франка-прускай вайны 1870—71 завершана аб’яднанне Германіі. 18.1.1871 у Версалі абвешчана Герм. імперыя ў складзе 22 ням. манархій (Баварыя, Бадэн, Вюртэмберг, Саксонія захавалі абмежаваную ўнутр. аўтаномію) і 3 вольных гарадоў (Гамбург, Брэмен, Любек) на чале з імператарам (ён жа прускі кароль) Вільгельмам І і рэйхсканцлерам Бісмаркам. Паводле імперскай канстытуцыі 1871 (у яе аснове была канстытуцыя Паўн.-герм. саюза) імператарам краіны мог быць толькі прускі кароль, ён валодаў заканад. уладай, прызначаў рэйхсканцлера, распараджаўся ўзбр. сіламі, вырашаў пытанні вайны і міру, прадстаўляў Германію ў міжнар. справах. Парламент складаўся з прызначанага бундэсрата і выбарнага рэйхстага. У 1870-я г. ў Германіі ўведзена адзіная грашовая сістэма (залатая марка), Прускі банк пераўтвораны ў Імперскі (Рэйхсбанк), устаноўлена адзіная сістэма судаводства (вышэйшая інстанцыя — імперскі суд у г. Лейпцыг). У 1875 УГРС і СДРП аб’ядналіся на аснове кампраміснай Гоцкай праграмы ў Сацыяліст. рабочую партыю Германіі (з 1890 Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі, СДПГ). Апасаючыся ўплыву каталіцкага духавенства (у 1870—71 яно стварыла паліт. партыю Цэнтра) і сацыял-дэмакратаў, Бісмарк ініцыіраваў «Культуркампф» і Выключны закон супраць сацыялістаў (дзейнічаў да 1890). Знешнепаліт. пазіцыі Германіі ён імкнуўся ўмацаваць праз стварэнне сістэмы саюзаў з інш. дзяржавамі (Траісты саюз 1882 і інш.). Пры імператару Вільгельме II (з 1888) змянілася некалькі канцлераў (Л.Капрыві, Х.Гогенлоэ, Б.Бюлаў, Т.Бетман-Гольвег і інш). У 1880-я г. пачата стварэнне герм. калан. імперыі, якая да 1914 ахоплівала тэр. Каля 3 млн. км² з насельніцтвам каля 14 млн. чал. (Герм. Паўд.-Зах. Афрыка, Тога, Камерун, Герм. Усх. Афрыка, архіпелаг Бісмарка, Зямля Вільгельма II, Маршалавы, Каралінскія і Марыянскія а-вы, Самоа і інш.). Да канца 19 ст. Германія стала адной з найб. эканамічна моцных дзяржаў свету і буйным міжнар. інвестарам (інвестыцыі ўкладаліся пераважна ў эканоміку краін Паўд.-Усх. Еўропы, у т. л. Турцыю, і Паўд. Амерыкі). Ва ўмовах эканам. росту і знешнепаліт. саперніцтва з Вялікабрытаніяй Германія па ініцыятыве адм. А. фон Тырпіца ў канцы 19 — пач. 20 ст. ажыццявіла буд-ва буйнога ВМФ (удзельнічаў у 1-й сусв. вайне). З пач. 20 ст. Германія яшчэ больш узмацнілася эканамічна і стала прэтэндаваць на перадзел свету з пазіцыі сілы (гл., напр., Мараканскія крызісы). Яна падтрымала пазіцыю Аўстра-Венгрыі адносна Сербіі пасля Сараеўскага забойства і разам з ёй пачала першую сусветную вайну 1914—18. У ходзе вайны войскі Германіі акупіравалі і зах. ч. Беларусі (1915; лінія фронту прайшла праз Дзвінск, Смаргонь, Баранавічы, Пінск). Пазней геапаліт. інтарэсы і ход падзей на ўсх. фронце пасля змены ўлады ў Расіі (стварэнне сав. ўрада на чале з У.І.Леніным) абумовілі падпісанне Брэсцкага міру 1918. Напярэдадні паражэння Германіі ў 1-й сусв. вайне апошні імперскі ўрад рэйхсканцлера прынца Макса Бадэнскага (з кастр. 1918) звярнуўся да краін Антанты з прапановай аб перамір’і. У выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі скінута манархія; 11 ліст. падпісана Камп’енскае перамір’е 1918.

У 1919 Нац. ўстаноўчы сход у г. Веймер распрацаваў асновы канстытуцыйнага ладу герм. рэспублікі (гл. Веймарская рэспубліка), першым прэзідэнтам якой быў выбраны адзін з с.-д. лідэраў Ф.Эберт. Пад націскам дзяржаў-пераможцаў у 1-й сусв. вайне Германія падпісала Версальскі мірны дагавор 1919, паводле якога яна страціла 1/8 сваёй тэр., 1/10 насельніцтва, усе калоніі, абавязвалася выплачваць вял. рэпарацыі (іх памер вызначаны ў 1921) і была абмежавана ў ваен. адносінах. Многія жыхары Германіі былі незадаволены такімі вынікамі вайны, што пазней выкарысталі ў сваёй агітацыі нацысты. Ва ўмовах пасляваеннага сац.-эканам. і паліт. крызісу партыі т.зв. веймарскай кааліцыі (СДПГ, партыя Цэнтра і Герм. дэмакр. партыя) ужо ў 1920 страцілі большасць месцаў у рэйхстагу, адбыліся спробы ўзбр. выступленняў з мэтай звяржэння Веймарскай рэспублікі з боку лева- і праварадыкальных сіл (камуністаў у Сярэдняй Германіі ў сак. 1921 і ў Гамбургу ў кастр. 1923; Капаўскі путч 1920 і гітлераўскі путч у Мюнхене ў ліст. 1923). Апынуўшыся ў ізаляцыі на Генуэзскай канферэнцыі 1922, герм. ўрад заключыў з Сав. Расіяй Рапальскі дагавор 1922. Рурскі канфлікт 1922—23 выклікаў яшчэ большую інфляцыю. У 1924—29 эканам. і паліт. жыццё Германіі адносна стабілізавалася (з 1924—25 прамысл. ўздым). Гэтаму садзейнічалі валютная рэформа 1923, карэкціроўка рэпарацыйных плацяжоў паводле Даўэса плана (у 1930 заменены Юнга планам), замежныя пазыкі. Германія выйшла з міжнар. ізаляцыі (Лакарнскія дагаворы 1925, прыняцце Германіі ў Лігу Нацый у 1926). У 1920-я г. Германія наладзіла ваен. супрацоўніцтва з СССР (працягвалася да 1941). У выніку сусв. эканам. крызісу 1929—33 у Германіі рэзка зменшыліся вытв-сць (да 58% ад узроўню 1928) і рэальная зарплата (да 50%), узнікла масавае беспрацоўе (каля 9 млн. чал.). У сак. 1930 распалася ўрадавая кааліцыя з удзелам сацыял-дэмакратаў. З канца 1920-х г. актывізавала свой удзел у паліт. барацьбе Нацыянал-сацыялісцкая партыя: у выніку выбараў 31.7.1932 яна мела найб. фракцыю ў рэйхстагу. Сацыял-дэмакраты і камуністы з-за рознагалоссяў не здолелі аб’яднаць свае намаганні ў процідзеянні нацызму. Ва ўмовах звужэння парт.-паліт. базы Веймарскай рэспублікі ўрады яе апошніх рэйхсканцлераў Г.Брунінга (1930—32), Ф. фон Папена (1932) і К. фон Шляйхера (1932—33) кіравалі краінай з дапамогай надзвычайных дэкрэтаў прэзідэнта (з 1925) П. фон Гіндэнбурга. 30.1.1933 Гіндэнбург прызначыў рэйхсканцлерам лідэра нацыстаў А.Гітлера.

Першы ўрад Гітлера (1933—34) быў кааліцыйны (некалькі ненацысцкіх міністраў і віцэ-канцлер Папен). Шляхам правакацый (гл. ў арт. Лейпцыгскі прагрэс 1933), масавых арыштаў (асабліва апазіц. камуніст. і с.-д. функцыянераў), забароны антыўрадавых дэманстрацый і мітынгаў, крытыкі ў друку дзейнасці ўрада, усіх ненацысцкіх паліт. партый, прафсаюзаў і інш. нацысты хутка ўстанавілі ў Германіі аднапарт. сістэму і татальны кантроль над грамадствам (у т. л. праз гестапа, Гітлер-югенд, «Ням. прац. фронт»). Гэтым яны дамагліся ад рэйхстага прыняцця 24.3.1933 закона аб наданні кабінету Гітлера надзвычайных паўнамоцтваў. Пасля смерці Гіндэнбурга (2.8.1934) Гітлер пажыццёва аб’яднаў функцыі прэзідэнта і канцлера («фюрэр і рэйхсканцлер»). Была праведзена адм. цэнтралізацыя (у 1934 скасаваны ландтагі і прадстаўніцтва зямель — рэйхсрат). З 1935 афіц. дактрынай нацысцкай дзяржавы стала расавая палітыка (гл. Антысемітызм). З’явіліся канцэнтрацыйныя лагеры (у 1933—45 праз іх і інш. «фабрыкі смерці» прайшло каля 18 млн. немцаў і замежных грамадзян, з іх загублена 11 млн.). У 1933—35 цэнтралізавана кіраванне эканомікай і часткова манапалізаваны прамысл. і с.-г. прадпрыемствы. У выніку мілітарызацыі эканомікі павялічылася вытв-сць (па яе ўзроўні Германія ў 1938 выйшла на 1-е месца ў Еўропе) і амаль ліквідавана беспрацоўе. Пасля выхаду Германіі з Лігі нацый (кастр. 1933) яе знешняя палітыка была накіравана на рэвізію Версальскага дагавора і падрыхтоўку да вайны, якая, на думку нацыстаў, забяспечыла б герм. панаванне ў свеце (гл. Вермахт, Англа-германскае марское пагадненне 1935, «Вось Берлін—Рым», «Антыкамінтэрнаўскі пакт», Аншлюс, Мюнхенскае пагадненне 1938, Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Нападам 1.9.1939 на Польшчу Германія развязала другую сусветную вайну 1939—45, якая прывяла да краху нацысцкай дзяржавы. У час вайны актывізаваўся антыфашысцкі рух (Шульца-Бойзена—Харнака арганізацыя, замах на Гітлера 20.7.1944, Нацыянальны камітэт «Свабодная Германія» і інш.).

У 2-ю сусв. вайну, на вядзенне якой Германія выдаткавала каля 800 млрд. марак (у 10 разоў больш, чым за 1-ю сусв. вайну), было забіта, паранена і ўзята ў палон каля 14 млн. немцаў (з іх 10 млн. на сав.-герм. фронце), матэрыяльныя страты склалі каля 50 млрд. марак. Пасля капітуляцыі Германіі (акт аб ёй з ням. боку падпісаў 8.5.1945 ген.-фельдмаршал Кейтэль) урады 4 саюзных дзяржаў-пераможцаў (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі) 5.6.1945 падпісалі дэкларацыю аб узяцці на сябе вярх. улады ў краіне. Паводле рашэнняў Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945 саюзнікі падзялілі тэр. Германіі на 4 акупац. зоны (сав. на У, амер. на ПдЗ, брыт. на ПнЗ і франц. на З), а Берлін (увайшоў у сав. зону) — на 4 сектары, устанавілі новую ўсх. граніцу Германіі па лініі Одэр—Нейсе, перадалі ў склад СССР г. Кёнігсберг (цяпер Калінінград) з сумежнымі раёнамі, вярнулі Чэхаславакіі Судэты, правялі (найб. актыўна ў сав. акупац. зоне) дэмілітарызацыю, дэнацыфікацыю (гл. таксама Нюрнбергскі працэс), дэкартэлізацыю і дэмакратызацыю. Кіраванне Германіі ажыццяўляў Саюзны Кантрольны савет (складаўся з галоўнакамандуючых 4 зон; дзейнічаў да 1948), Берлінам — чатырохбаковая міжсаюзніцкая камендатура. У выніку павароту ў палітыцы (гл. «Халодная вайна») ЗША, Вялікабрытанія, а потым і Францыя ўзялі курс на стварэнне асобнай дзяржавы Германіі. У 1946 амер. і брыт. акупац. зоны аб’яднаны ў т.зв. Бізонію (двайную зону), з далучэннем у 1948 франц. зоны — у Трызонію. Яе пашырэнне на зах. ч. Берліна выклікала Берлінскі крызіс 1948—49 (гл. ў арт. Заходні Берлін). 7.9.1949 абвешчана ФРГ. Ва Усх. Германіі 7.10.1949 утворана Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР). У 1990 абедзве ням. дзяржавы аб’яднаны. Германія — чл. ААН (з 1973), Еўрап. саюза, Савета Еўропы, НАТО (з 1955), Зах.-еўрап. саюза. Дыпламат. адносіны з Беларуссю з 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Хрысц.-дэмакр. саюз, Хрысц.-сац. саюз, Свабодная дэмакр. партыя, С.-д. партыя Германіі, Партыя «зялёных», Партыя дэмакр. сацыялізму (пераемніца Сацыяліст. адзінай партыі Германіі, якая правіла ў ГДР), Нацыянал-дэмакр. партыя (неанацысцкая), Рэсп. Партыя, Аб’яднанне ням. прафсаюзаў, Аб’яднанне паліт. моладзі, Герм. федэральнае маладзёжнае аб’яднанне, Саюз маладых, Маладыя сацыялісты, Маладыя лібералы, Саюз выгнаных і інш.

Гаспадарка. Германія — індустр. дзяржава з магутным навук.-тэхн. патэнцыялам. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва за год 24 170 дол. ЗША (1994). Ёй належыць вядучая роля ў Еўрап. супольнасці. Эканам. сістэмай Германіі з’яўляецца сац. рыначная гаспадарка, у якой дзейнічаюць буйныя транснац. карпарацыі. У гэту сістэму інтэгруюцца і ўсх. землі (тэр. былой ГДР). Удзельная вага прам-сці ў агульнай прадукцыі больш за 90%. На працягу пасляваен. часу для Германіі характэрны стабільна высокі ўзровень развіцця прам-сці. Буйны экспарцёр капіталу. Прамысловасць. Гал. галіны — машынабудаванне (у т. л. ваеннае) і хім. прам-сць. Германія — адзін з буйнейшых у свеце вытворцаў і экспарцёраў аўтамабіляў, станкоў, прамысл. абсталявання, суднаў, выліч. і быт. тэхнікі, канторскага абсталявання, ваен. тэхнікі (авіяракетная, танкі і інш.) і хім. тавараў. Значныя поспехі ў вытв-сці найноўшай тэхнікі, фармацэўтычнай прадукцыі, новых арган. хімікатаў і палімераў, мед. электронікі, оптыкі і вымяральных прылад. Развіты чорная і каляровая металургія (адно з вядучых месцаў у свеце па выплаўцы сталі, чыгуну, алюмінію, свінцу, медзі, цынку), нафтаперапр. і нафтахім., тэкст. (пераважна баваўняная і шарсцяная), трыкатажная, харчасмакавая прам-сць. Германія — адзін з буйнейшых у свеце вытворцаў піва, высакаякасных рэйнскіх і мозельскіх він, тытунёвых вырабаў, масла і маргарыну, кандытарскіх вырабаў, у т. л. шакаладу, дзіцячага харчавання, харч. канцэнтратаў і інш. Традыцыйная апрацоўка футра (пераважна норкі і каракулю). На тэр. былой ГДР размешчаны буйныя оптыка-мех. з-ды «Карл Цэйс», з-ды электратэхнікі і электронікі, станка- і прыладабудавання, паліграф. і тэкст. машынабудавання. На ўсх. землях, дзе пражывае каля 20% насельніцтва Германіі і вырабляецца толькі 4% прамысл. прадукцыі, праводзяцца мерапрыемствы па дзярж. стымуляванні развіцця. Здабыча (млн. т., 1993): каменнага вугалю 60 (пераважна Рур і Саар), бурага 222 (асн. здабыча ў Ніжнярэйнскім басейне), нафты 3. Штогадовы імпарт нафты каля 100 млн. т (у 1994 — 106 млн. т). Выкарыстоўваецца 87,2 млрд. м³ прыроднага газу (1994), у т. л. здабыча 17,7 млрд. м³, імпарт 69,5 млрд. м³, пераважна з Расіі (36,1%), Нідэрландаў (25,8), Нарвегіі (14,3). Выпрацоўка эл.-энергіі 526,1 млрд. кВт·гадз (1994). Энергетыка ўсх. зямель пераводзіцца з бурага вугалю на газ, здабыча бурага вугалю скарачаецца. На базе здабычы каменнага вугалю склаўся Рурскі прамысл. раён з развітой чорнай і каляровай металургіяй, машынабудаваннем, хіміяй і інш. Выплаўка (млн. т, 1993) сталі — 37,6, чыгуну — 27. Рур — найб. металургічны раён Зах. Еўропы, працуе на імпартных жал. рудах. Асн. цэнтры Дуйсбург, Дортмунд, Бохум; з-ды ў Саарскім басейне, Брэмене, Айзенхютэнштаце. Каляровая металургія спажывае пераважна імпартную сыравіну. Асн. галіна спецыялізацыі ў рамках міжнар. падзелу працы — машынабудаванне; да 60% яе прадукцыі экспартуецца. Наменклатура маш.-буд. прадукцыі вельмі шырокая. Аўтамаб. прам-сць дае 15% экспарту. Вядучае месца ў ёй займаюць 5 манаполій: «Фольксвагенвэрк», «Даймлер-Бенц», БМВ, амер. кампаніі «Опель», «Форд мотар»; гал. іх цэнтры Вольфсбург, Штутгарт, Кёльн, Русельсгайм, Мюнхен. Цяжкае машынабудаванне, станкабудаванне ў Дуйсбургу, Брэмене, Эмдэне, Магдэбургу, Берліне і інш. Развіты суднабудаванне (Гамбург, Брэмен, Кіль, Любек) і вагонабудаванне. Выпускаюцца ў вял. колькасці халадзільнікі, тэлевізары, відэатэхніка, вымяральныя прылады і інш. Вядучыя кампаніі ў эл.-тэхн. і электроннай прам-сці «Сіменс» і «Бош»; гал. іх цэнтры Нюрнберг, Штутгарт, Кёльн, Мюнхен, Гамбург.

Па ўзроўні развіцця хім. прам-сці Германія займае вядучыя пазіцыі ў свеце. Больш за 80% прадукцыі галіны даюць кампаніі «Хёхст» (Франкфурт-на-Майне), «БАСФ» (Людвігсгафен) і «Баер» (Леверкузен). На ўсх. землях буйныя цэнтры Лёйна і Швет. Вытв-сць азотных (1,3 млн. т па колькасці азоту), калійных, фосфарных угнаенняў, сінт. каўчуку і пластмас (9,8 млн. т), кінафотаматэрыялаў, фармацэўтычных вырабаў і інш. У харч. прам-сці багаццем асартыменту вылучаюцца хлебабулачная (1400 гатункаў) і каўбасная (1500 найменняў), вытв-сць сыру і інш. малочных прадуктаў, кандытарскіх вырабаў. Традыц. галіны піваварэнне і вінаробства. Сельская гаспадарка. Германія — буйны вытворца с.-г. прадукцыі. Сельская гаспадарка падтрымліваецца ўрадавымі субсідыямі. На З асн. вытворцы с.-г. прадукцыі — 600 тыс. фермерскіх гаспадарак, на У — кааператывы, якія прыстасоўваюцца да рыначнай эканомікі, пераўтвараюцца ў таварыствы ці фермерскія гаспадаркі. Вядучая галіна — малочная і мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы — 15,9 (у т. л. дойных кароў — 5,4), свіней — 26,1, авечак — 2,4. Вытв-сць (млн. т, 1993): ялавічыны — 1,7 (амаль 40% яе ідзе на экспарт), свініны — 3,6, малака — 28. Птушкагадоўля. Вырошчваюць (млн. т, 1993); пшаніцу — 15,8, ячмень — 11, жыта — 3, кукурузу — 2,7, бульбу — 12,3, рапс (семя) — 2,8, цукр. буракі — 28,6, агародніну, садавіну, вінаград. Развіта вырошчванне хмелю (гал. экспарцёр у свеце). Транспарт. Тэр. Германіі абслугоўвае густая сетка сучасных камунікацый — аўтастрад, скарасных чыгунак, газа- і нафтаправодаў. У краіне 10,7 тыс. км аўтастрад, 44,3 тыс. км федэральных і нац. шашэйных дарог, больш за 30 тыс. км федэральных чыгунак; 3644 км нафтаправодаў, 3946 км прадуктаправодаў, 97 564 км газаправодаў. Больш за 6,8 тыс. км унутр. водных шляхоў. Суднаходныя рэкі Рэйн, Везер, Эмс, Эльба, Одэр. На Рэйне самая буйная рачная гавань Еўропы Дуйсбург-Рурарт. Кільскі канал, што злучае Паўн. і Балт. моры, адыгрывае асаблівую ролю ў перавозках грузаў. Грузаабарот марскіх партоў Германіі перавышае 200 млн. т за год. Гал. марскія парты Гамбург, Брэмен, Любек, Ростак. Германія валодае марскім гандл. флотам грузападымальнасцю ў 5 млн. т (1994). 499 аэрапортаў. Самы буйны аэрапорт Еўропы Франкфурт-на-Майне; адна з буйнейшых авіякампаній у свеце «Люфтганза». Германія — другая гандл. дзяржава свету пасля ЗША. Экспарт (378 млрд. дол. ЗША, 1991) машын і прамысл. абсталявання (больш за 50% кошту), хім. прадукцыі, харч. тавараў і напояў, мінер. сыравіны, адзення, абутку, упрыгожанняў, сталі і чыгуну. Імпартуецца пераважна сыравіна і паліва (354 млрд. дол. ЗША, 1991). На Еўрап. супольнасць прыпадае палавіна гандл. сувязей. Асн. гандл. партнёры: Францыя, Італія, Нідэрланды, Вялікабрытанія, ЗША, Швейцарыя, КНР. Германія — галоўны гандл. партнёр Беларусі сярод зах. краін; набывае на Беларусі трактары, халадзільнікі і маразільнікі, калійныя ўгнаенні, дыметылтэрыфталат, фанеру і інш.; пастаўляе на Беларусь стальныя трубы, мед. інструменты і прылады, абсталяванне для харч. і тэкст. прам-сці, электронныя лямпы, гербіцыды, алей і інш. На Беларусі існуе больш за 200 сумесных германа-беларускіх прадпрыемстваў. Грашовая адзінка — герм. марка.

Узброеныя сілы (бундэсвер). Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМФ. У мірны час падпарадкоўваюцца міністру абароны, у ваенны — федэральнаму канцлеру. Паводле канстытуцыі ФРГ яе войскі не могуць выкарыстоўвацца за межамі краіны (дапушчальны толькі дапаможны ўдзел у міратворчых аперацыях). У канцы 1994 налічвалі 367,3 тыс. чал. (442,7 тыс. рэзервістаў), прадугледжана да 2000 г. скарачэнне іх колькасці да 340 тыс. чал. Камплектуюцца паводле змешанага прынцыпу (з добраахвотнікаў і па прызыве). У сухап. войсках (канец 1994) 254,3 тыс. чал., 8 механізаваных дывізій, мотапяхотная і 3 паветрана-дэсантныя брыгады, асобная брыгада армейскай авіяцыі. Маюць на ўзбраенні 5070 танкаў, 2915 баявых машын пяхоты, 4878 бронетранспарцёраў, 2312 гармат палявой артылерыі і мінамётаў, 667 самалётаў і верталётаў армейскай авіяцыі і інш. У ВПС (канец 1994) 82,9 тыс. чал., каля 480 баявых самалётаў. ВМФ (1996) налічвае 29 тыс. чал., мае 79 баявых караблёў (у т. л. 20 дызельных падводных лодак) і 36 ракетных катэраў, а таксама 71 баявы самалёт і 18 баявых верталётаў марской авіяцыі.

Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне пераважна прыватнае і платнае. Сістэма мед. страхавання і мед. кас робіць яго даступным для ўсіх слаёў насельніцтва. Існуе сетка адкрытых дзярж. і камунальных мед. устаноў. Асн. функцыі па мед. абслугоўванні (прафілактыка, лячэнне, рэабілітацыя) ажыццяўляюцца праз федэральнае мін-ва аховы здароўя, мед. касы, урачэбныя т-вы і мін-вы аховы здароўя федэральных зямель. Дзеці да 4-гадовага ўзросту сістэматычна абследуюцца з мэтай выяўлення прыроджаных парушэнняў дзейнасці сэрца, мозга, нерв. сістэмы, дарослыя (жанчыны пасля 30, мужчыны пасля 45 гадоў) — з мэтай ранняга выяўлення анкалагічных захворванняў. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 73, у жанчын 80 гадоў. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 121 чал., урачамі — 1 на 319 чал. Узровень нараджальнасці — 11 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць — 7 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Германіі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў (існуюць пераважна пры пач. і спец. школах, а таксама пры царк. абшчынах, дабрачынных установах, прыватных фірмах і інш.); агульнаадук. ўстановы (пач. школы, асн. і рэальныя школы, гімназіі, агульныя школы); прафес. навуч. ўстановы; ВНУ. Пач. школа (з 6-гадовага ўзросту) — 1-я ступень школьнай сістэмы для ўсіх дзяцей; тэрмін навучання — 4 гады (у Берліне і Брандэнбургу — 6). Пасля пач. школы 60% дзяцей пераходзяць у асн. абавязковую школу, мэта якой — даць базавую адукацыю для наступнай прафесійнай; тэрмін навучання — 4—6 гадоў. Часта пач. і асн. школы ствараюць адзіную навучальна-выхаваўчую ўстанову. Рэальная школа (5—10 або 7—10 кл.) дае агульную адукацыю на ўзроўні няпоўнай сярэдняй з практычнай накіраванасцю. Пасля яе заканчэння вучні маюць права паступлення ў розныя тыпы прафес. школ. Найб. здольныя выпускнікі могуць паступіць у старэйшую ступень гімназіі (11—12-ы кл.) па рэкамендацыі школы без уступных экзаменаў. Гімназія разлічана, як правіла, на 9 гадоў (5—13-ы або 7/8—13-ы кл.). Гэта адзіны тып агульнаадук. школы, што дае права паступлення ва ун-т. Для збліжэння шляхоў агульнай і прафес. адукацыі праводзіцца рэформа старэйшай ступені гімназіі (11—13-ы кл.). Класна-ўрочная сістэма заняткаў заменена курсавой. Суадносіны абавязковых і факультатыўных навуч. прадметаў — 2:1, што робіць больш лёгкім пераход да навучання ў ВНУ. Існуюць таксама спец. гімназіі (эканам., тэхн. і інш.) і вячэрнія. У агульнай школе (інтэграванай, аб’яднанай, каапераванай) прадугледжаны ліквідацыя класна-ўрочнай сістэмы заняткаў, дыферэнцыяцыя і індывідуалізацыя навучання. Для кожнага навуч. прадмета ўведзена 2 праграмы — паглыбленая і скарочаная. Працягласць навучання — 12 гадоў. У Германіі дзейнічаюць розныя прыватныя школы: канфесійныя, вальдорфскія (выхаванне духоўна свабоднай асобы), сельскія школы-інтэрнаты, альтэрнатыўныя школы і інш. Прыватныя навуч. ўстановы пераважаюць у сферы дашкольнага выхавання, прафес. адукацыі і павышэння кваліфікацыі. У дзярж. сістэму прафес.-тэхн. навучання ўваходзяць некалькі тыпаў навуч. устаноў. Для падлеткаў да 18 гадоў, якія скончылі асн. школу і не працягваюць агульную адукацыю ў іншых тыпах школ, абавязковымі з’яўляюцца прафшколы з навучаннем без адрыву ад вытв-сці і навуч. ўстановы аднагадовай пач. прафес. падрыхтоўкі з адрывам ад вытв-сці. ВНУ Германіі належаць землям, за выключэннем некат. прыватных, царк., ун-таў бундэсвера і спец. ВНУ адм. кіравання федэрацыі. У сістэме вышэйшай школы найб. роля належыць ун-там і роўным ім ВНУ; ёсць спец. ВНУ і агульныя (у іх аб’яднаны розныя тыпы ВНУ). На 1.1.1996 у Германіі 112 ун-таў, 325 ВНУ, 167 спец. ВНУ, 46 вышэйшых вучылішчаў у галіне мастацтва. Найб. ун-ты: Мюнхенскі (з 1471), Свабодны ў Берліне (з 1948), Кёльнскі (з 1388), Мюнстэрскі (з 1780), Гётынгенскі (з 1737), Гайдэльбергскі універсітэт (з 1386), Берлінскі універсітэт (з 1810), Бонскі універсітэт (з 1786), Лейпцыгскі (з 1409), Гамбургскі (з 1919), Марбургскі (з 1527), Тэхнічны ў Дрэздэне (з 1828). Найб. б-кі: Нямецкая бібліятэка ў Лейпцыгу, Ням. ў Франкфурце-на-Майне, Баварская дзярж. ў Мюнхене, Дзярж. б-ка «Культурная спадчына Прусіі» ў Берліне, Ням. ў Берліне (з 1661), Б-ка імя герцага Аўгуста ў Вольфенбютэлі, Цэнтр. мед. б-ка ў Кёльне. Вял. фонды маюць б-кі ун-таў. Найб. музеі: Дзярж. музеі «Культурнай спадчыны Прусіі» (у т. л. Нац. і Карцінная галерэі) і Музей тэхнікі і транспарту ў Берліне, Дрэздэнская карцінная галерэя (з 1560), Старая і Новая пінакатэкі, Баварскі нац. музей, Ням. музей у Мюнхене, Герм. нац. музей у Нюрнбергу, Дзярж. галерэя і Дзярж. музей прыродазнаўства ў Штутгарце, Музей выяўл. мастацтваў у Лейпцыгу, дзярж. калекцыі твораў мастацтва ў Карлсруэ і Каселі, Дзярж. прыродазнаўча-гіст. музей у Браўншвайгу, Музей архітэктуры і Музей сучаснага мастацтва ў Франкфурце-на-Майне, Скарбніца сабора і Новая галерэя ў Ахене, Цэнтр. рымска-герм. музей у Майнцы, Рымска-герм. музей і Музей Вальраф-Рыхартц у Кёльне, Мемар. музей памяці ахвяр фашызму ў Бухенвальдзе, этнагр. музеі ў Берліне, Франкфурце-на-Майне, Гётынгене, Гамбургу, Кілі, Кёльне, Любеку, Мюнхене, Штутгарце. Навукова-даследчую работу ў Германіі праводзяць у асноўным ВНУ, н.-д. цэнтры, аддзяленні эканомікі, лабараторыі прам-сці і інш. дзярж. і прыватныя н.-д. ўстановы. З ВНУ у галіне даследаванняў супрацоўнічаюць 7 АН (у Дзюсельдорфе, Гётынгене, Гайдэльбергу, Лейпцыгу, Майнцы, Мюнхене) і Берлінска-Брандэнбургская акадэмія мастацтваў. Буйнейшая пазауніверсітэцкая н.-д. арг-цыяТ-ва па развіцці навук імя Макса Планка, у складзе якога больш за 60 н.-д. устаноў высокага ўзроўню.

Друк, радыё, тэлебачанне. Германія мае развітую сетку сродкаў масавай інфармацыі і займае па гэтым паказчыку адно з вядучых месцаў у свеце. На 1 тыс. ж. прыпадае ў сярэднім па 500 экз. газет і 600 тэлевізараў. Буйнейшыя штодзённыя газеты: «Bild Zeitung» («Більд Цайтунг», «Ілюстраваная газета»), «Süd-deutsche Zeitung» («Паўднёвагерманская газета»), «Frankfurter Rundschau» («Франкфурцкі агляд»), «Neue Rhein-Zeitung» («Новая рэйнская газета»), «Die Zeit» («Час»), «Stuttgarter Zeitung» («Штутгарцкая газета»), «Westfälische Rundschau» («Вестфальскі агляд»), «Rheinische Post» («Рэйнская пошта»), «Die Welt» («Свет»). Нац. інфарм. агенцтва Дойчэ Прэсэ Агентур (ДПА).

Тэле- і радыёвяшчанне ў Германіі ўключае праграмы агульнанац. (АРД, ЦДФ, Дойчландфунк), федэральных зямель і прыватных кампаній, якія размяркоўваюцца па наземных, спадарожнікавых і кабельных сетках. З больш як 40 спадарожнікаў (Астра, Еўтэлсат, ДФС Капернікус і інш.) магчымы прыём больш за 100 праграм тэлебачання (палавіна з якіх на ням. мове) і радыёвяшчання (мона- і стэрэафанічнага, аналагавага і лічбавага) на антэны індывідуальныя (каля 40% абанентаў) і калектыўныя (у сетках кабельнага тэлебачання, каля 60% абанентаў). Спадарожнікавая праграма Дойчэ Вэле вядзе вяшчанне на замежныя краіны.

Літаратура. Грунтуецца на фалькл. спадчыне герм. плямён. Першыя пісьмовыя помнікі на стараж.-герм. дыялектах — пераважна культавыя тэксты (8—9 ст.). Найб. стараж. помнік эпічнай паэзіі — гераічная «Песня пра Гільдэбранта» (захаваўся пачатак, запісаны каля 810). Захавальнікамі паэт. традыцый вуснай нар. творчасці былі вандроўныя спевакі — шпільманы. У 13 ст. з’явіліся апошнія літ. апрацоўкі стараж. гераічных паданняў («Песня пра Нібелунгаў»; «Кудруна», паэма пра Дзітрыха Бернскага), развіваліся паэзія вагантаў, рыцарскі раман (Гартман фон Аўэ, Вольфрам фон Эшэнбах, Готфрыд Страсбурскі) і куртуазная лірыка (Вальтэр фон дэр Фогельвайдэ). У 13—15 ст. набылі папулярнасць гар. хронікі, бюргерская л-ра, у т. л. празаічныя і вершаваныя апавяданні (шванкі) і нар. фарсы (фастнахтшпілі; Штрыкер, Вернер-Садоўнік, Фрайданк), маральна-дыдактычная паэзія, майстарзанг (гл. Майстарзінгеры). У 16 ст. дасягнула росквіту антыклерыкальная гуманіст. л-ра: «Карабель дурняў» С.Бранта, «Цэх махляроў» Т.Мурнера, «Пісьмы цёмных людзей» (розных аўтараў), дыялогі У. фон Гутэна, «Пахвала дурасці» Эразма Ратэрдамскага. Антыфеад. і антыклерыкальны пратэст адлюстраваны ў нар. паэме «Рэйнеке-Ліс», нар. кнігах пра Тыля Уленшпігеля (1515), «Гісторыі пра доктара Іагана Фауста» (1587), «Шыльдбюргерах» (1598), нар. песнях. У пропаведзях Т.Мюнцэра часоў Сялянскай вайны 1524—26 у рэліг. формулах сцвярджаліся гуманіст. ідэалы. Вял. значэнне для развіцця ням. літ. мовы меў пераклад М.Лютэрам Бібліі. Традыцыі нар. л-ры працягваў Г.Сакс. У пач. 17 ст. ў л-ры панаваў класіцызм (М.Опіц), пазней барока (лірыка П.Флемінга, А.Грыфіуса, сатыра Ф. фон Логаў, галантна-прэтэнцыёзная паэзія К.Г.Гофмансвальдаў); умацоўвалася нямецкамоўная л-ра, выцяснялася латынь. Вяршыня тагачаснай ням. л-ры — вострасац. рэаліст. раман Г.Я.К.Грымельсгаўзена «Сімпліцысімус». Асветніцтва ў Германіі дасягнула росквіту ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў тэарэтычных працах і драмах Т.Э.Лесінга, творчасці Ф.Г.Клопштака, К.М.Віланда.

Ранняя творчасць І.В.Гётэ і Ф.Шылера была цесна звязана з прасякнутым антыфеад. настроем літ. рухам «Бура і націск», да якога прымыкалі Я.М.Р.Ленц, Г.А.Бюргер і інш. Вял. ролю ў развіцці тагачаснай ням. л-ры і эстэтыкі мелі тэарэт. працы І.Г.Гердэра, І.І.Вінкельмана. Апіраючыся на ідэі апошняга, Гётэ і Шылер распрацавалі канцэпцыю «веймарскага класіцызму». На мяжы 18—19 ст. узнік рамантызм. Каля яго вытокаў стаялі В.Г.Вакенродэр, Ф.Шлегель, Наваліс, Л.І.Цік. У яго рэчышчы тварылі І.К.Ф.Гёльдэрлін, Жан Поль, Г. фон Кляйст, Э.Т.А.Гофман. Многія рамантыкі звярталіся да фальклору (казкі братоў Я. і В.Грым, зб. песень «Чароўны рог хлопчыка» Л.А. фон Арніма і К.Брэнтана). Рамантызм плённа паўплываў і на лірыку І.Айхендорфа, В.Мюлера, Л.Уланда, Э.Ф.Мёрыке. У прозе А.Шаміса і паэзіі маладога Г.Гейнэ ён набыў рэв.-дэмакр. характар. Пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 у Францыі (яе падзеі адлюстраваў Л.Бёрне ў кн. «Парыжскія лісты») у ням. л-ры ўзмацніўся рэв.-дэмакр. кірунак (паэзія і публіцыстыка Гейнэ, Т.Бюхнера), а ў творчасці пісьменнікаў «Маладой Германіі» (Л.Вінбарг, К.Гуцкаў, Г.Лаўбе і інш.) — ліберальна-дэмакратычны; фарміравалася сац.-паліт. паэзія (паліт. лірыка Гейнэ, Г.Гервега, Ф.Фрайліграта). Крытычны рэалізм 2-й пал. 19 ст. найб. вастрыні дасягнуў у творчасці Т.Шторма, Т.Фантане, хоць увогуле характарызаваўся сац. абмежаванасцю. Адбывалася і станаўленне натуралізму (ранняя творчасць Т.Гаўптмана, Р.Дэмеля). Уздым сац.-дэмакр. руху ў канцы 19 ст. спрыяў развіццю пралетарскай л-ры і крытыкі (Р.Швайхель, Ф.Мерынг). На мяжы 19 — 20 ст. праявіліся імпрэсіянізм, сімвалізм, неарамантызм. У пач. 20 ст. набраў сілу крытычны рэалізм (раманы братоў Т.Мана і Г.Мана, Я.Васермана, В.Келермана, драмы Гаўптмана, Ф.Ведэкінда). Напярэдадні 1-й сусв. вайны ва ўмовах нарастаючага крызісу грамадскага развіцця ўзнік экспрэсіянізм (Г.Гайм, Г.Тракль, А.Дзёблін). Пад уплывам рэвалюцый 1917 у Расіі і 1918 у Германіі атрымала пашырэнне л-ра леварадыкальнага кірунку (І.Р.Бехер, Б.Брэхт, Г.Зэгерс, Ф.К.Вайскопф, Ф.Вольф, Э.Э.Кіш і інш.). Плённа развіваўся крытычны рэалізм (браты Маны, Л.Фейхтвангер, Л.Франк, Г.Фалада, А.Цвэйг, Г.Гесэ). Актуальнасць набыла антываен. тэма (раманы Цвэйга, Э.М.Рэмарка, Л.Рэна), публіцыстыка К.Асецкага і сатыра К.Тухольскага. Узнікла л-ра экзістэнцыялізму (Ф.Кафка). У выніку ўсталявання ў Германіі нацыянал-сацыялісцкай дыктатуры большасць пісьменнікаў эмігрыравала, некаторыя рэпрэсіраваны і закатаваны. Гэты перыяд адзначаны панаваннем шавіністычна-мілітарысцкай белетрыстыкі (В.Боймельбург, Э.Дзвінгер, Г.Грым, Г.Іост і інш.) і ўзнікненнем нелегальнай антыфаш. л-ры Супраціўлення (А.Кукгоф, А.Гаўсгофер і інш.). З 1949 пачалося самаст. развіццё л-р ГДР і ФРГ.

У літаратуры ГДР у 1940—50-я г. пераважала праблематыка гіст. урокаў нядаўняга мінулага: выкрыццё фашызму, тэма адказнасці чалавека перад народам і гісторыяй (проза Зэгерс, В.Брэдэля, Вайскопфа, Рэна, Б.Апіца, Э.Штрытматэра, паэзія Бехера, Э.Вайнерта, Ф.Фюмана, С.Хермліна, Л.Фюрнберга, драматургія Брэхта, Ф.Вольфа). Тэма віны і адказнасці немцаў перад слав. светам цэнтральная ў творчасці І.Баброўскага. У 2-й пал. 1950-х — 60-я г. пісьменнікі ГДР звярнуліся да адлюстравання новых грамадскіх адносін. У прозе прадаўжалася маст. распрацоўка антыфаш. тэмы (В.Нойгаўс, Дз.Ноль, М.В.Шульц, Фюман), разглядалася праблема «дзвюх Германій» (Зэгерс, К.Вольф). Творам 1970-х г. уласцівы філас.-інтэлектуальная скіраванасць (проза К.Вольф, Фюмана, паэзія Э.Арэнта, драматургія Г.Мюлера, П.Гакса), распрацоўка тэмы стваральнай працы (Э.Нойч), інтэлігенцыі (Г.Кант), маладога пакалення (Г.Гёрліх, У.Пленцдорф), маральна-этычная праблематыка (Г. дэ Бройн, Ю.Брэзан, Шульц, Штрытматэр, І.Навотны, Р.Штраль). У рэчышчы ням. л-ры ГДР развівалася сербалужыцкая літаратура (Брэзан). Аб’яднанне Усх. і Зах. Германій прыпыніла адасобленае развіццё л-ры ГДР. Далучэнне асобных яе пісьменнікаў да агульнаням. літ. працэсу праходзіла павольна і балюча.

У літаратуры ФРГ вызначальнымі былі тэмы 2-й сусв. вайны і нацыянал-сацыялізму, праблемы сумнення і выбару, віны і адказнасці. Тут прадоўжаны літ. традыцыі Веймарскай рэспублікі: на аснове эстэт. плыней пач. 20 ст. (В.Борхерт, Г.Вайзенборн, Г.Бэн, Э.Юнгер, Г.Г.Ян), экзістэнцыялізму (Г.Э.Носак, А.Андэрш), рэалізму (В.Кёпен, Г.Бёль, З.Ленц, М.І.Вальзер, Т.Грас, У.Іонсан) і «магічнага рэалізму» (Э.Лангесер, Г.Казак, С.Андрэс). Антыфаш. і антываен. тэматыка аб’яднала ў літ. «Групе 47» пісьменнікаў розных паліт. арыентацый і эстэт. прынцыпаў (Г.В.Рыхтэр, Кёпен, Бёль, Вальзер, Андэрш, Г.Айх і інш.). У 1950-я г. пашырыліся творы «масавай культуры» (І.Баўэр, Г.Конзалік), узмацніліся рэваншысцкія матывы (Боймельбург, Дзвінгер, Г.Грым). Адначасова абвастрыліся антыфаш. тэндэнцыі (К.Цукмаер, Борхерт, Н.Закс) і крытычнае адлюстраванне зах.-герм. рэчаіснасці (Рыхтэр, Кёпен, Бёль). У 1960-я г. ўзніклі дортмундская «Група 61» (Г.Вальраф, М. фон дэр Грун і інш.) і гурткі рабочай л-ры, члены якіх пісалі пра жыццё і працу рабочых. Дасягненні паэзіі ФРГ звязаны з імёнамі Бэна, Закс, П.Вайса, Р.Гохута. У 1960—70-я г. з’явіўся шэраг высокагуманіст. твораў: раманы Бёля, Носака, З.Ленца, П.Шалюка, п’есы Вайса, Гохута, Вальзера, Граса. У л-ры 1970—80-х г. назіраюцца працяг сац.-крытычных і гуманіст. традыцый (творчасць Бёля, Вальзера, З.Ленца, Вайса), цікавасць да дакументалізму (рэпартажы і нарысы Вальрафа), пошукі новых форм і стылявых сродкаў. У драматургіі пераважае сац. і гіст. праблематыка (М.Шпер, Г.Генкель, Ф.К.Крэтц). У 1990-я г. адбываецца размежаванне пісьменнікаў розных сац.-паліт. кірункаў.

На Беларусі ням. л-ра вядома з сярэдніх вякоў. У 2-й пал. 15 ст. на бел. мову перакладзена «Аповесць пра трох каралёў» ням. манаха Іагана з Гельдэсгайма. У перакладзе на бел. мову выдадзены творы Гётэ («Фауст», ч. 1—2, 3-е выд., 1991; «Спатканне і ростань», 1981), Шылера («Вільгельм Тэль», 1934; «Балады», 1981; «Вершы і балады. Драмы», 1933), Гейнэ («Германія. Зімовая казка», 1939; «Выбраныя творы», 1959), братоў Грым, Р.Э.Распэ, В.Гаўфа, Келермана, А.Абуша, Рэмарка, Бехера, Г.Альфрэда, М.Кальтофена, Л.Турэка, Брэдэля, Г.Мархвіцы, Э.Глезера, Фейхтвангера, А.Гёртца, Г.І.Гартунга, Рэна, Б.Фёлькнера, Брэзана, Бройна, Г.Гофе, Фалады («Даўным-даўно ў нас дома», 1981), А.Аменды («Апасіяната», 1983), Т.Мана («Доктар Фаустус», 1989), Гесэ («Гульня шкляных перлаў», 1992), Бёля («Більярд а палове дзесятай», 1993), Грымельсгаўзена («Сімпліцысімус», 1997), а таксама анталогія лірыкі «Пярэднія выйшлі ў заўтра» (1968), зб-кі апавяд. «Незабыўны дзень» (1973), «Матчына споведзь» (1985). У перыяд. друку апублікаваны асобныя творы Лесінга, Шаміса, Г.Веерта, Борхерта, Гохута, Вайнерта, Ф.Вольфа, К.Нойкранца, Г.Поля, К.Брэгера, Э.Толера і інш. На бел. мову творы ням. пісьменнікаў перакладалі А.Абуховіч, Я.Барычэўскі, Л.Баршчэўскі, Я.Бялясін, В.Вольскі, Ю.Гаўрук, К.Даўкша, С.Дорскі, А.Дудар, М.Ермалаеў, А.Звонак, А.Зарыцкі, А.Клышка, А.Лойка, М.Навіцкі, У.Папковіч, У.Сакалоўскі, Я.Семяжон, В.Сёмуха, Ю.Таўбін, Х.Шынклер, У. і Г.Чапегі і інш.

Адно з першых упамінанняў пра Беларусь у ням. л-ры — у вершах П.Зухенвірта (канец 14 ст.). У Германіі ў 16 ст. была вядома палемічная публіцыстыка Буднага, творы Волана і Сматрыцкага, у канцы 18 — пач. 19 ст. — працы С.Маймана. Больш шырокае знаёмства з Беларуссю адбылося ў 19 ст. пасля заснавання час. «Archiv für slavische Philologie» («Архіў фюр славішэ філолагі»), у якім асвятляліся сярэдневяковая бел. л-ра і фальклор. У 1877 перакладзены і выдадзены «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх». На пач. 20 ст. матэрыялы пра Беларусь друкаваліся ў ням. перыяд. друку, выходзілі асобнымі выданнямі. На ням. мову перакладзены асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, А.Куляшова, Т.Хадкевіча, М.Паслядовіча, К.Крапівы, Я.Маўра, Я.Брыля, У.Караткевіча, І.Шамякіна, В.Быкава, А.Адамовіча, А.Кудраўца, С.Алексіевіч, А.Разанава і інш. У 1995 выдадзена анталогія «Беларусь. Мова, якая выстаяла». Творы бел. л-ры на ням. мову перакладалі Н.Рандаў, Г.Грым, Р.Вільнаў, Г.Гербот, Г.Лёфлер, Д.Памерэнке, Л.Рэманэ, Т.Рэшке, К.Гутшміт, Г. і У.Чапегі, Э.Эрб і інш.

Архітэктура. Пад уплывам ант. і візант. дойлідства на тэр. Германіі склалася каралінгская архітэктура (палацавая капэла ў Ахене, каля 800). У перыяд інтэнсіўнага росту гарадоў склаўся сталы раманскі стыль (2-я пал. 11 — 1-я пал. 13 ст.), вызначыліся асн. тыпы гар. (пераважна фахверкавыя 3-павярховыя) і вясковых (зрубныя альбо фахверкавыя) дамоў, пабудаваны буйнейшыя манастырскія цэрквы (Марыя-Лах, 1093—1156) і гар. саборы (у Шпаеры, Майнцы, Вормсе, Бамбергу, Наўмбургу і інш.) — базілікі і цэнтрычныя храмы. У гатычным стылі (13—14 ст.), які развіваўся пад моцным уплывам франц. архітэктуры, будаваліся каменныя і цагляныя ратушы (Любек, Мюнстэр, Браўншвейг), замкі, гандл. памяшканні, шпіталі, склады, каменныя і фахверкавыя дамы. Гатычныя саборы часцей былі вялізных памераў (Кёльнскі сабор) і мелі аднавежавы зах. фасад (Фрайбургім-Брайсгаў). Гарады ўмацоўваліся магутнымі сценамі з вежамі і брамамі. У 15 ст. пашырыліся зальныя храмы (Мюнхен, Нюрнберг). Рэнесансавыя рысы праявіліся ў 15 ст., але найб. ярка яны выявіліся ў пач. 17 ст. (порцік ратушы ў Кёльне, 1669—73, арх. В.Фернукен). З пач. 18 ст. пашыраецца барока: гар. палац у Берліне (1698—1722, арх. А.Шлютэр), ансамбль Цвінгер у Дрэздэне (1711—22, арх. М.Д.Пёпельман), епіскапская рэзідэнцыя ў Вюрцбургу (1719—33, арх. І.Б.Нойман) і інш. Архітэктура ракако найб. выявілася ў загарадным палацы Фрыдрыха II Сан-Сусі (1745—47, арх. Г.В.Кнобельсдорф). У ням. архітэктуру пранікаюць рысы класіцызму (Брандэнбургскія вароты, 1788—91, арх. К.Г.Лангханс), яго росквіт прыпадае на 1-ю пал. 19 ст. Найб. значныя архітэктары-класіцысты К.Ф.Шынкель, Ф.К.Л. фон Кленцэ. У пабудовах сярэдзіны і 2-й пал. 19 ст. адчуваецца ўплыў эклектызму (рэйхстаг, 1884—94). Архітэктары пач. 20 ст. праяўляюць цікавасць да канструкцыйнай выразнасці і функцыян. апраўданасці: комплекс фірмы «АЭГ» у Берліне (1909—12, арх. П.Берэнс), будынак «Баўгауза» ў Дэсаў (1926, арх. В.Гропіус), павільён Германіі на выстаўцы ў Барселоне (1929, арх. Л.Міс ван дэр Роэ), пабудовы Ф.Гёгера, М.Берга і інш. Павышаная экспрэсіўнасць і дынамічнасць форм характэрны для творчасці Э.Мендэльзона, Т.Пёльцыга. Цэнтрам ням. функцыяналізму стаў «Баўгауз». Жыллёвы крызіс пасля 1-й сусв. вайны вымусіў урад Германіі будаваць танныя кватэры. Архітэктары рабілі шмат цікавых эксперыментаў, але ў тагачасных умовах іх плённыя ідэі не былі ажыццёўлены. З устанаўленнем фаш. дыктатуры многія выдатныя архітэктары эмігрыравалі. У ням. архітэктуры праявіліся напышлівыя псеўдаманументальнасць і паказная ўрачыстасць. Ням. архітэктура доўгі час была ў заняпадзе і пасля 1945.

У архітэктуры ГДР 1950-х г. пераважала фасадная перыметральная забудова, выкарыстоўваліся прынцыпы рэгулярнай планіроўкі (пл. Альтмаркт у Дрэздэне, Цэнтралерплац у Магдэбургу, Лангештрасэ ў Ростаку). З прычыны нешматлікіх сродкаў, вылучаных на жыллёвае буд-ва, пачалі ствараць буйныя пасяленні з аднастайным панэльным домабудаваннем. З 2-й пал. 1950-х г. пачалося ўкараненне індустр. метадаў буд-ва, пераважалі прыёмы свабоднай функцыян. планіроўкі, лаканічныя формы збудаванняў з буйных і аб’ёмных блокаў (рэканструкцыя цэнтраў Дрэздэна, Лейпцыга, Магдэбурга). У 1960—70-я г. створаны ансамблі вуліц і плошчаў з вышыннымі акцэнтамі і буйнымі грамадскімі будынкамі (пл. Александэрплац у Берліне, вул. Прагерштрасэ ў Дрэздэне). Сярод значных пабудоў: Дом настаўніка (1964, арх. Г.Гензельман), Мін-ва замежных спраў (1967, арх. І.Кайзер), гасцініца «Штат Берлін» (1969, арх. Р.Корн), «Палац рэспублікі» (1976, арх. Г.Графундэр), Хірург. цэнтр псіхіятрычнай бальніцы (1981, арх. Л.Карнелі і інш.) у Берліне, ун-т у Лейпцыгу (1973, арх. Гензельман).

У архітэктуры ФРГ 1950 — 70-х г. развіваліся традыцыі ням. функцыяналізму ў буд-ве прамысл., трансп. збудаванняў, кантор і фірмаў (тэлевежа ў Штутгарце, 1956, арх. Ф.Леанхарт; будынкі аўтамаб. фірмы БМВ у Мюнхене, 1972, арх. К.Шванцэр; фірмы «Бальзен» у Гановеры, 1974, арх. Дз.Бала). Пашыраны эфектныя дзелавыя будынкі (будынак фірмы «Тысен» у Дзюсельдорфе, 1960, арх. Г.Гентрых), развіваліся тэндэнцыі арган. архітэктуры (філармонія ў Берліне, 1964, арх. Г.Шароўн). Сусв. вядомасць набылі збудаванні да Алімпійскіх гульняў 1972 у Мюнхене (арх. Г.Беніш). Элементамі эмацыянальнага ўздзеяння напоўнена архітэктура музеяў і выставачных залаў: музеі ў Мёнхенгладбаху (1982, арх. Г.Голяйн), Вальраф-Рыхартц у Кёльне (1986, арх. Г.Габерэр), ням. архітэктуры (1984, арх. О.М.Унгерс) і маст. рамёстваў (1985, арх. Р.Маер) у Франкфурце-на-Майне, дзярж. галерэя ў Штутгарце (1983, арх. Дж.Стырлінг).

Лепшыя дасягненні ў архітэктуры Германіі 1990-х г. звязаны з цікавымі эксперыментамі, пошукамі новых ідэй, спалучэннем стылю і ідэалогіі мастацтва «Баўгауза» з найноўшымі тэндэнцыямі сусв. архітэктуры (постмадэрнізм і інш.). Сярод вядомых майстроў: Г.Ян, Г.Бём, Беніш, Унгерс і інш.

Выяўленчае мастацтва. Гісторыя ўласна ням. мастацтва пачалася ў перыяд «Каралінгскага адраджэння» (8—9 ст.), калі былі створаны цудоўныя ўзоры разьбы па слановай косці і мініяцюры. Традыцыі каралінгскага мастацтва сталі базай для раннераманскага, т.зв. атонаўскага мастацтва (1-я пал. 10 — 1-я пал. 11 ст.). Склаліся шматлікія мясц. школы мініяцюры (Трыр, Кёльн, на в-ве Райхенаў), скульптуры, асабліва бронзавае ліццё (дзверы сабора ў Гільдэсгайме) і разьба па дрэве («Распяцце Гера», Кёльнскі сабор, каля 970). Высокага развіцця дасягнула ювелірнае мастацтва. У скульптуры канца 11 — 1-й пал. 12 ст. панаваў т.зв. строгі стыль, адметны аскетычнасцю і застыласцю форм (свяцільнік «Вальфрам», каля 1157, сабор у Эрфурце). У 2-й пал. 12 — 1-й пал. 13 ст. скульптура стала больш аб’ёмнай, з матывамі руху (барэльефы на агароджах хораў цэркваў у Гільдэсгайме, Гальберштаце, сабора ў Бамбергу). Цэрквы працягвалі размалёўваць фрэскамі, у пач. 11 ст. паявіліся вітражы (сабор ў Аўгсбургу). З развіццём раманскага стылю звязаны ўздым маст. промыслаў (эмалі, маст. ліццё, тканіны). У перыяд позняй готыкі (14—15 ст.) высокага ўзроўню дасягнула драўляная паліхромная скульптура, што ўпрыгожвала пераносныя алтары ў інтэр’ерах цэркваў. У 15 ст. скульптуры на фасадах і ў інтэр’ерах цэркваў набылі яркую жыццёвую і псіхал. характарыстыку (фасады сабораў у Бамбергу і Магдэбургу, рэльефы і статуі сабора ў Наўмбургу), што стала вышэйшым дасягненнем еўрап. гатычнага мастацтва. У пач. 15 ст. існаваў т.зв. мяккі стыль, у рамках якога праявіліся рысы лірычнай інтымнасці і схільнасць да быт. трактоўкі рэліг. тэм (майстар Франке, мастакі кёльнскай школы). У творах швабскіх жывапісцаў Л.Мозера і Г.Мульчэра (1-я трэць 15 ст.) намеціліся рэаліст. тэндэнцыі. Аналагічныя пошукі праявіліся ў скульптуры (Н.Герхарт) і гравюры (М.Шонгаўэр). На мастацтва Адраджэння (канец 15 ст. — 1530-я г.) паўплывалі класавыя і рэліг. канфлікты. У жывапісе і графіцы ідэі гуманізму ўвасоблены ў востра індывідуальных характарыстыках вобразаў сучаснікаў (А.Дзюрэр, М.Груневальд, Г.Бальдунг, Г.Гольбейн Малодшы). Паэтычнасць і містычная паглыбленасць была ўласціва мастакам дунайскай школы (Л.Кранах Старэйшы, А.Альтдорфер і інш.). Познагатычныя традыцыі моцна зацвердзіліся ў скульптуры (Ф.Штос, А.Крафт, Т.Рыменшнайдэр, сям’я Фішэр). Але пасля часовага росквіту настаў час застою ў ням. мастацтве. З сярэдзіны 16 ст. пашырылася суб’ектыўнае і мудрагелістае мастацтва маньерызму. Высокага ўздыму дасягнула маст. рамяство (ювелірныя вырабы, мэбля, посуд, зброя). У пач. 17 ст. ў жывапісе адным з заснавальнікаў еўрап. пейзажа стаў А.Эльсгаймер. У 2-й пал. 18 ст.пач. 19 ст. класіцызм зацвердзіўся ў жывапісе (А.Р.Менгс, А.Каўфман, А.Я.Карстэнс) і скульптуры (Г.Шадаў, К.Раўх), яго рысы праявіліся ў творчасці партрэтыстаў А.Графа, А. І В.Тышбайнаў, у жанравых гравюрах Д.Н.Хадавецкага. Ням. рамантызм 1-й пал. 19 ст. характарызуе творчасць Ф.О.Рунге, К.Д.Фрыдрыха, І.Ф.Овербека. Ням. сярэднявечча апявалі раннія прадстаўнікі дзюсельдорфскай школы жывапісу. У рэчышчы рамант. плыні ўзнікла і развівалася мастацтва бідэрмеера. У сярэдзіне 19 ст. вядучым стала рэаліст. мастацтва (А. фон Менцэль, В.Ляйбль, М.Ліберман). Рэалізму і акад. эклектызму проціпаставілі сваё мастацтва т.зв. неаідэалісты. У канцы 19 ст. пашырыліся імпрэсіянізм, сімвалізм і стыль мадэрн, вядомы ў Германіі як «югендстыль» (атрымаў асаблівае развіццё ў афармленні інтэр’ераў, у кніжнай і рэкламнай графіцы). На мяжы 19—20 ст. узмацнілася роля т.зв. сацыяльна-крытычнай графікі (В.Буш, К.Кольвіц, Т.Гайне, Г.Цыле, Г.Балушак). У скульптуры рэаліст. кірунак найб. ярка прадстаўлены Г.Кольбе. У пач. 20 ст. ў Германіі ўзнік экспрэсіянізм (Э.Нольдэ, Э.Гекель, Э.Л.Кірхнер, Ф.Марк, К.Шміт-Ротлуф, В.Кандзінскі, М.Пехштайн, К.Гофер і інш.). На творчасці 2-га пакалення экспрэсіяністаў ляжыць адбітак трагедыі вайны і пасляваен. рэчаіснасці (М.Бекман, скульптары Э.Барлах і В.Лембрук). Вял. ролю ў фарміраванні сучаснага мастацтва на прынцыпах канструктывізму адыграла школа «Баўгауз». Развіццё мастацтва было гвалтоўна спынена з прыходам да ўлады ў 1933 фашыстаў. Пасля разгрому ў 1945 фашызму мастацтва стала аднаўляцца, але з утварэннем двух ням. дзяржаў у 1949 адбылася палярызацыя маст. сіл.

Выяўленчае мастацтва ГДР было звязана з метадам сацыяліст. рэалізму. Старыя майстры, творчасць якіх фарміравалася ў пач. 20 ст. збераглі сувязь з векавой ням. культурай (Г.Грундыг, М.Лінгнер, О.Нагель і інш.). У 1960-я г. ў Лейпцыгскім вышэйшым маст. вучылішчы нарадзіліся новыя тэндэнцыі сацыяліст. рэалізму ў жывапісе (В.Цюбке, Б.Гайзіг); некат. майстры выкарыстоўвалі рэаліст. метад, сінтэз постэкспрэсіянізму і магічнага рэалізму (В.Матхоер). У скульптуры вызначальнае месца належала мемар. помнікам і партрэту (В.Ламерт, В.Арнальд, В.Говард, Т.Бальдэн, Г.Драке і інш.). Найб. значны скульптар ГДР Ф.Крэмер, аўтар манум. шматфігурнага помніка ў Бухенвальдзе (1958). Сярод графікаў вядомы К.Э.Мюлер, Л.Грундыг, А.Мор, Г.Т.Рыхтэр і інш.

Выяўленчае мастацтва ФРГ пасляваеннага часу працягвала традыцыі папярэднікаў, творча выкарыстоўваючы новыя плыні зах.-еўрап. і амер. мастацтва. Гуманіст. традыцыі ням. мастацтва зберагаліся ў творчасці майстроў старэйшага пакалення (О.Дзікс, О.Панкак і інш.). У 1950-я г. на змену мадэрнізму прыйшоў абстрактны экспрэсіянізм (В.Баўмайстэр, Э.В.Най, Ф.Вінтэр). У 1960-я г. склалася група «Зеро» з Дзюсельдорфа, якая пад знакам мастацтва «оп-арт» рабіла новыя крокі ў эксперым. традыцыю «Баўгауза» (О.Піне, Г.Мак і інш.), пазней «Гард-Эгдэ» (кірунак у мастацтве, які аддаваў перавагу геам. формам і кантрастным фарбам; Г.Фрутрунк, К.Г.Пфалер, В.Гаўль). Сярод буйнейшых сучасных ням. мастакоў-наватараў розных кірункаў і плыней І.Бойс, Г.Базеліц, А.Кіфер, М.Люпертц, А.Р.Пенк, З.Польке, Г.Рыхтэр, У.Рукрым, Р.Горн і інш.

Музыка. Практыка ігры на луры (духавы інструмент) у стараж. германскіх плямён існавала ўжо ў 1-м тыс. да н. э. Пазней развілася песенная культура. Узніклі лакальныя стылі песеннага фальклору; памежныя песенныя дыялекты ўзаемадзейнічалі з фальклорам суседніх народаў. У 9 ст. пашырылася прафес., пераважна царк. музыка. Уплыў ням. песеннасці зазнаў грыгарыянскі харал (дзейнасць Ахенскай капэлы, 9 ст.). Захаваліся секвенцыі і тропы, створаныя ў Санкт-Галенскім манастыры (Швейцарыя, 9—10 ст.). У 10 ст. тут была пашырана неўменная натацыя, у 12—13 ст. адбыўся пераход да 5-лінейнай натацыі. У 10—15 ст. для ням. хар. музыкі характэрны арганум — від ранняй поліфаніі. Побач з царк. развівалася свецкае муз. мастацтва шпільманаў, якое паўплывала на муз. мастацтва вагантаў і галіярдаў, а ў 14—16 ст. — вандроўных чаляднікаў. Музыка шпільманаў уздзейнічала на свецкае прафес. мастацтва мінезінгераў — мінезанг (12—14 ст.). Да нашага часу дайшлі песенныя зборнікі твораў мінезінгераў, шпільманаў і вагантаў, у т. л. «Іенскі зборнік» (каля 1350), «Лахамскі песеннік» (15 ст.). У 14—16 ст. узніклі аб’яднанні гар. музыкантаў — майстарзінгераў. Сярод тагачасных помнікаў песенны зборнік В.Фогта (1558). У 15—16 ст. было пашырана хатняе музіцыраванне (ігра на лютні і інш.), інтэнсіўна развівалася арганнае мастацтва. Вядучымі жанрамі былі меса, матэт, псалмы, поліфанічная быт. і духоўная песня; узнік пратэстанцкі харал, які зацвердзіў дэмакр. лінію ням. музыкі (зб. І.Вальтэра «Geystliche Gesahn-Buchleyn», 1524). З узмацненнем у 16—17 ст. уплыву італьян. музыкі выявілася імкненне да гамафонна-гарманічнага складу ў творчасці І.Экарда, Л.Лехнера, Г.Л.Гаслера, М.Прэторыуса (аўтара энцыклапедычнай працы «Syntagma musikum»; 1614—20). У 17 ст. акрэсліўся нац. муз. стыль у творчасці Т.Шутца — заснавальніка ням. кампазітарскай школы (опера «Дафна», 1627; «Свяшчэнныя сімфоніі», 1629—50). У 1678 у Гамбургу адкрыты першы пастаянны оперны т-р, росквіт якога (1692—1706) звязаны з творчасцю Р.Кайзера, І.Матэзана, пазней — Г.Ф.Тэлемана; аднак нац. опера выцяснялася італьянскай. У 17 ст. асн. жанры — духоўны канцэрт, «страсці» (Шутц), арганная музыка (С.Шайт, І.Я.Фробергер, І.А.Райнкен, І.К.Керль, Г.Бём, І.Пахельбель, Дз.Букстэхудэ). Развівалася клавірная музыка. Вядучы жанр інстр. музыкі — сюіта. Фарміруецца стыль ням. песеннай лірыкі. У канцы 17 — пач. 18 ст. паявіўся шэраг тэарэт. і муз.-гіст. прац І.Г.Вальтэра, Матэзана (гл. Афектаў тэорыя), А.Веркмайстэр распрацаваў сістэму раўнамернай тэмперацыі. Найвышэйшае дасягненне ням. муз. мастацтва — творчасць І.С.Баха. У творчасці Г.Ф.Гендэля дасягнулі росквіту жанры оперы і араторыі. Дэмакратызацыя ням. музыкі працягвалася і ў 18 ст. Былыя цэхавыя аб’яднанні музыкантаў пераўтварыліся ў аркестры і капэлы (адзін з першых аркестр Гевандхаўза); узніклі гар. муз. і харавыя т-вы, пеўчая акадэмія ў Берліне (каля 1791). У ням. музыцы 2-й пал. 18 ст. адлюстраваны ідэі Асветніцтва, якія падрыхтавалі оперную рэформу К.В.Глюка. Дэмакр. традыцыі муз. т-ра ўвасобіліся ў стварэнні ням. зінгшпіля. Акрэсліліся класічныя формы інстр. музыкі. У канцы 18 ст. сфарміравалася венская класічная школа. У зацвярджэнні гамафонна-гарманічнага складу, заканамернасцей санатнай формы і санатна-сімф. цыкла вял. ролю адыграла дзейнасць мангаймскай школы і кампазітараў Берлінскай капэлы (І.І.Кванц, І.Г.Граўн, І.А.Бенда, Ф.В.Марпург). Адна з вяршынь ням. музыкі канца 18 — пач. 19 ст. — інструментальна-сімф. творчасць Л.Бетховена. Ням. муз. рамантызм дасягнуў росквіту ў творчасці Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, Ф.Шуберта і Ф.Ліста. Ранні яго этап азнаменаваны нараджэннем нац. опернай школы, сярод прадстаўнікоў якой Э.Т.А.Гофман (першая нац. рамант. опера «Ундзіна», 1814), К.М. фон Вебер («Вольны стралок», 1821; «Эўрыянта», 1823; «Аберон», 1826), Л.Шпор, Г.А.Маршнер, Ф.Флотаў. У жанры зінгшпіля працавалі О.Нікалаі, А.Лорцынг і інш. Развівалася хар. мастацтва, з 1809 узнік шэраг хар. таварыстваў. Сімф. музыка 19 ст. прадстаўлена жанрамі сімфоніі, праграмнай уверцюры, сімф. паэмы, араторыі, камерна-інстр. музыкі (творы Ліста, Мендэльсона, Шуберта, Шумана, Вебера Ф.Лахнера, Ф.Р.Фолькмана, Ф.Гілера, К.Райнеке). У 1843 Мендэльсон заснаваў кансерваторыю ў Лейпцыгу, пазней адкрыты кансерваторыі ў Кёльне, Штутгарце, Вышэйшая муз. школа ў Берліне. Эпохай для ням. музыкі стала дзейнасць В.Р.Вагнера. 1860—70-я г. характарызаваліся процістаяннем прыхільнікаў творчасці Вагнера, ідэй праграмнасці ў музыцы і прадстаўнікоў лейпцыгскай школы, якія выступалі за «чыстую» інстр. музыку і прапагандавалі творчасць І.Брамса, буйнейшага ням. сімфаніста паслябетховенскага часу. Развівалася муз. навука (З.Дэн, А.Б.Маркс, Г.Крэчмар, Ф.Шпіта, Г.Рыман). З 1834 выдаваўся час. «Neue Zeitschrift für Musik» («Новы музычны часопіс»). Сярод вядомых выканаўцаў 19 ст.: дырыжоры Г.Г.Бюлаў, А.Нікіш, Г.Леві, Ф.Мотль, К.Мук; спявачка Г.Зонтаг; піяністы Ф.Калькбрэнер, І.Мошалес, К.Шуман; скрыпачы Ф.Давід, Шпор. На мяжы 19—20 ст. пачалося абнаўленне муз. мовы ў творчасці Р.Штрауса і М.Рэгера. У пач. 20 ст. пераважаў неакласіцызм у музыцы Рэгера, Ф.Б.Бузоні (з 1894 у Германіі) і яго вучняў, М.Бутынга, В.Фортнера, К.Орфа, В.Эгка, П.Хіндэміта. Вял. ўплыў на творчасць ням. кампазітараў зрабіў аўстр. кампазітар А.Шонберг, заснавальнік дадэкафоніі. У 1919—33 актывізавалася дзейнасць рабочых хароў, агітгруп, у якіх удзельнічалі кампазітары Г.Эйслер, У.Фогель, Э.Г.Маер, Л.Шпіс, дырыжоры К.Ранкль і Г.Шэрхен, спявак Э.Буш, паэты і драматургі І.Бехер, Б.Брэхт, Э.Вайнерт і інш. У 1930-я г. выявіліся рысы муз. неафалькларызму (у т.зв. нар. операх І.Гаса, некат. творах Эгка, Орфа), узмацніўся ўплыў экспрэсіянізму (Б.Блахер, К.А.Гартман).

Муз. культура ГДР. На тэр. ГДР аднаўляліся былыя і ствараліся новыя муз. ўстановы. Падтрымліваліся традыцыі старэйшых калектываў (дрэздэнскі «Кройцхор» і філарманічны аркестр, лейпцыгскі «Таманерхор»). Напісаны кантаты (Эйслер), араторыі (Р.Вагнер-Рэгені, О.Герстэр, Маер). Рэаліст. тэндэнцыямі адзначаны музыка да п’ес Брэхта, оперы «Асуджэнне Лукула» (1949), «Пунціла» (1960; абедзве паводле Брэхта), меладрама «Ліла Герман» (1953) П.Дэсаў, «Томас Мюнцэр» П.Курцбаха (1950). У 1960—70-я г. створаны 10 сімфоній Бутынга, творы Г.Вольгемута, Г.Кохана, Р.Брэдэмаера, Р.Кунада, Ф.Гольдмана і інш. Вядомасць набылі оперы «Ланцэлот», «Эйнштэйн», «Леонс і Лена» Дэсаў, «Апошні стрэл» З.Матуса, «Млын Левіна», «Філін і лятаючая прынцэса», «Цудоўная шаўчыха» У.Цымермана. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Г.Абендрот, Ф.Канвічны, К.Зандэрлінг, К.Мазур, О.Суітнер; оперныя рэжысёры Г.Арнальд, Э.Фішэр, В.Фельзенштайн; спевакі А.Бурмайстэр, М.Клозе, Т.Адам, П.Шраер; арганісты В.Шэтэліх, А.Веберзінке і інш. У ГДР працавалі (1986): каля 40 т-раў, у т. л. Ням. дзярж. опера, «Комішэ опер» у Берліне, Дрэздэнская дзярж. опера, больш за 80 аркестраў, у т. л. каля 30 сімфанічных, Акадэмія мастацтваў ГДР; Саюз кампазітараў і музыказнаўцаў; кансерваторыі ў Цвікаў, Гале, Шверыне, Ростаку; вышэйшыя муз. школы ў Берліне, Лейпцыгу, Веймары, Дрэздэне; Новае бахаўскае т-ва, Т-вы Г.Ф.Гендэля, Р.Шумана і інш. Муз. фестывалі і конкурсы (імя І.С.Баха ў Лейпцыгу, імя Р.Шумана ў Цвікаў, імя К.М.Вебера ў Дрэздэне і інш.).

У музычную культуру ФРГ вял. ўклад зрабілі оперныя кампазітары Орф, Эгк, Блахер, Г.Ройтэр, Гартман, Фортнер, Г.Біялас, Г.Генцмер, Э.Пепінг і інш. У 1950-я г. вылучыліся кампазітары Г.В.Генцэ, Б.А.Цымерман, Г.Клебе, Дз.Шнебель, В.Кільмаер, А.Райман і інш. У муз. жыцці ФРГ 1960—70-х г. значнае месца займалі кампазітары-авангардысты К.Штокгаўзен, М.Кагель, Г.Лахенман. У канцы 1970-х г. вылучылася група кампазітараў, якія заявілі аб звароце да прастаты і натуральнасці муз. мовы (П.М.Гамель, В.Рым, М.Траян і інш.). Найб. муз. цэнтры — Мюнхен, Гамбург, Штутгарт, Франкфурт-на-Майне, Дзюсельдорф, Кёльн. Сярод вядомых выканаўцаў дырыжоры О.Іохум, В.Фуртвенглер, Г.Караян, Р.Кемпе, Г.Кнапертсбуш, Г.Росбаўд, Р.Кубелік, П.Андэрс, К.Рыхтэр; оперныя рэжысёры З.Вагнер, Г.Рэнерт, Г.Р.Зельнер; спевакі Э.Шварцкопф, Х.Піларчык, Дз.Фішэр-Дзіскаў, І.Борк, А.Шлем, А.Ротэнбергер, Г.Прэй, Л.Поп; піяністы В.Бакгаўз, В.Кемпф; віяланчэліст З.Пальм, трубач А.Шэрбаўм. Вядучыя муз. т-ры: Баварская дзярж. опера ў Мюнхене, Гамбургская дзярж. опера, Вюртэмбергскі оперны т-р у Штутгарце, Ням. опера на Рэйне (Дзюсельдорф); Штутгарцкі балет, Вупертальскі т-р танца і інш. Сімф. аркестры Баварскага і Паўн.-герм. радыё. Працуюць Вышэйшыя муз. школы ў Мюнхене, Гамбургу, Штутгарце і інш. Праводзяцца муз. фестывалі, конкурсы і сімпозіумы па муз. навуцы, выканальніцтве і педагогіцы. У Дармштаце адкрыты Міжнар. Цэнтр. джаза (1983).

Тэатр. Вытокі ням. т-ра ў нар. гульнях і абрадах. У сярэднія вякі ў гарадах развівалася мастацтва вандроўных акцёраў — шпільманаў. Асн. жанрамі т-ра, як і ў большасці краін Зах. Еўропы, былі літургічная драма, містэрыя, маралітэ і фарс, які прыняў у Германіі форму масленічнай гульні — фастнахтшпіля. З канца 16 ст. пашыраны трупы вандроўных англ., потым верхненям. камедыянтаў, якія паўплывалі на развіццё прафес. т-ра. У паказы шырока ўводзіліся інтэрмедыі з удзелам персанажаў нар. т-ра Гансвурста і Пікельгерынга. У 17 ст. ўзніклі школьны т-р езуітаў і пратэстантаў, шматлікія т-ры ў ням. княствах. У 1660-я г. паявілася першая прафес. трупа, т.зв. «Славутая банда» І.Фельтэна. Т-р 18 ст. развіваўся пад уплывам асветніцкай ідэалогіі і класіцызму. Трупа актрысы К.Нойбер і драматурга І.К.Готшэда, т.зв. Лейпцыгская школа акцёрскага мастацтва, перанесла на ням. сцэну прынцыпы франц. класіцысцкага т-ра. Дэмакр. тэндэнцыі ў т-ры развівалі трупы І.Ф.Шонемана і Г.Г.Коха (у трупе Коха сфарміраваўся жанр нар. муз. т-ра зінгшпіль). З творчасцю вядомых акцёраў К.Экгафа і Ф.Л.Шродэра ў Гамбургскім нац. т-ры (1767—68) звязана ажыццяўленне маст. праграмы рэфарматара ням. сцэн. мастацтва ў духу асветніцкага рэалізму Г.Э.Лесінга. У канцы 18 — пач. 19 ст. панавала мангеймская школа акцёрскага мастацтва на чале з акцёрам, рэжысёрам і драматургам А.В.Іфландам, якой уласціва жанрава-быт. манера выканання. Эстэт. прынцыпы вял. дзеячаў ням. т-ра І.В.Гётэ і Ф.Шылера рэалізаваны ў Веймарскім прыдворным т-ры, якім у 1791—1817 кіраваў Гётэ. Веймарская школа сцвярджала т-р высокага мастацтва, асветніцкі па змесце і класіцысцкі па форме. У 1-й пал. 19 ст. ням. т-р развіваўся ў кірунку рамантызму (драматургі А. і Ф.Шлегелі, Г. фон Кляйст, Э.Т.А.Гофман, акцёры І.Флек і Л.Дэўрыент), у рэжысуры і акцёрскім мастацтве пераважалі рэаліст. тэндэнцыі (К.Л.Імерман, К.Зайдэльман). У 1860—70-я г. прыдворныя т-ры саступілі месца гарадскім і прыватным. Высокай пастановачнай культурай вызначаліся спектаклі Майнінгенскага гар. т-ра (у 1871—91 рэж. Л.Кронек). Вядучыя берлінскія т-ры: Нямецкі т-р (1883, у 1894—1904 узначальваў О.Брам, з 1905 М.Райнгарт), «Свабодны тэатр» Брама (1889), «Свабодная нар. сцэна» («Фрэе фольксбюнэ», 1890). Сярод акцёраў канца 19 — пач. 20 ст. Л.Барнай, А.Басерман, Ф.Гаазе, А.Зорма, І.Кайнц, А.Моісі, Э.Посарт, Э.Райхер. 1-я сусв. вайна прывяла тэатр. мастацтва да глыбокага крызісу. У 1920-я г. ў т-ры панаваў экспрэсіянізм. У 2-й пал. 1920-х г. набылі пашырэнне рабочыя і самадз. т-ры. З 1933 т-р у Германіі стаў сродкам фаш. прапаганды. Пасля разгрому фашызму пачалося адраджэнне т-ра. У 1945 пастаўлены першы ў вызваленай Германіі спектакль «Натан Мудры» Лесінга ў Ням. т-ры. У 1946 у Лейпцыгу засн. першы т-р для дзяцей.

У тэатры ГДР вял. ролю адыгралі дзейнасць адроджанага пасля вайны руху «Фольксбюнэ», Брэхта і т-ра «Берлінер ансамбль». 1970—80-я г. прайшлі пад знакам творчасці тэатр. дзеячаў Ф.Зольтэра, А.Ланга, І.Тэншэрта, А.Вейгель, Г.Май, Э.Шаля, К. фон Апена, Г.А.Пертэна і інш. Ставіліся п’есы Брэхта («Дні Камуны», «Турандот, ці Кангрэс абяліцеляў», «Бюшынг»), Ф.Вольфа («Бургамістр Ганна», «Томас Мюнцэр»), П.Гакса («Млынар з Сан-Сусі», «Бітва пад Лабавіцэ», «Смерць Сенекі», «Музы»), Ф.Браўна («Хінцэ і Кунцэ», «Вялікі свет», «Нямецкая сутнасць») і інш.

У рэпертуары т-раў ФРГ п’есы В.Борхерта («На вуліцы перад дзвярыма»), Г.Вайзенборна («Гётынгенская кантата»), Г.Кіпгарта («Сабака генерала», «Справа Роберта Опенгеймера»), П.Хандке («Самаабвінавачванне»), Б.Штрауса («Вядомыя твары і заблытаныя пачуцці», «Трылогія сустрэч»), М.Шпера («Паляўнічыя сцэны ў Ніжняй Баварыі», «Мюнхенская свабода»), Ф.К.Крэтца («Глабальная цікавасць», «Верхняя Аўстрыя») і інш.

Тэатр Германіі 1990-х г. — з’ява складаная і неардынарная. У акцёрскім мастацтве вылучаюцца рэаліст. школа Райнгарта і кірунак, які развівае выпрацаваныя Брэхтам прынцыпы эпічнай акцёрскай школы. Сярод рэжысёраў вызначаюцца Г.Мюлер, В.Энгель, Г.Зайдэль, П.Штайн, Р.Чулі; сярод акцёраў — Ю.Лампе, В.Дрольц, В.Баер, Ф.Роас, П. фон дэр Беек, П.Крэмер, К.Нойхойзер, М.Нойман, С.Тома, Ф.Шэвідзі, Б.Брода, К.Герцаг, М.Гільбіг, Л.Гольбург, Г.Шэфер, Г.Э.Габен і інш. Рэпертуар т-раў складаюць у асн. п’есы класікаў (Шылера, Брэхта, Гётэ) і сучасных ням. драматургаў (В.Буса, Ю.Гроса, Зайдэля, Мюлера, Браўна, К.Гайна, М.Кербля, Л.Троле, Штрауса, Г.Ахтэрнбуша, К.Поля і інш.). Тэатр. сталіцы Германіі — Берлін («Берлінер ансамбль», «Нямецкі тэатр») і Мюнхен («Камершпіле», «Фолькстэатр» і інш.), цікавыя творчыя калектывы працуюць у Гайдэльбергу, Карлсруэ, Фрайбургу, Бадэн-Бадэне, Мангейме, Мюльгайме-ан-дэр-Рур, Гамбургу, Штутгарце, Дрэздэне, Боне.

Кіно. У 1896 пачаўся выпуск дакумент. і маст. фільмаў, асабліва папулярная была прыгодніцкая серыя стужак з удзелам Г.Піля. У 1917 створана і стала цэнтрам ням. кінематаграфіі кінафірма «УФА». Найб. яскравай з’явай ням. кіно 1-й пал. 1920-х г. быў экспрэсіянізм, праграмны фільм якога «Кабінет доктара Калігары» (1921, рэж. Р.Віне). Аснова рэаліст. кінамастацтва ў 1920-я г. — жанр камершпіле (камерная драма). Яго ідэі ўвасобіліся ў фільмах рэжысёраў Г.В.Пабста («Бязрадасны завулак», 1925), Ф.В.Мурнаў («Апошні чалавек», 1925) і інш. У 1930-я г. кіно стала сродкам імперскай прапаганды, а таксама выконвала забаўляльныя функцыі. Пачатак пасляваен. кінавытворчасці ва ўсх. ч. краіны звязаны з дзейнасцю групы «Фільмактыў», створанай у 1945. У 1946 арганізавана кінастудыя «ДЭФА».

Фільмы ГДР канца 1940—60-х г. адзначаны тэматычнай і жанравай разнастайнасцю, паглыбленай увагай да ўнутр. свету і псіхалогіі герояў: «Справа Блюма» (1948, рэж. Э.Энгель), «Хлеб наш надзённы», «Мацней за ноч» і «Капітан з Кёльна» (1949, 1954, 1956, З.Дудаў), «Прафесар Мамлок» і «Мне было 19» (1959, 1961, К.Вольф), «Прыгоды Вернера Гольта» (1965, І.Кунерт), «Развітанне» (1968, Э.Гюнтэр). У 1970—80-я г. вылучаліся фільмы антыфаш. тэматыкі, якія закраналі маральныя праблемы, а таксама экранізацыі літ. твораў: «Легенда пра Паўлу і Паўла» (1973, Г.Караў), «Паміж ноччу і днём» (1975, Г.Э.Брант), «Лота ў Веймары» (паводле Т.Мана, 1975) і «Пакуты маладога Вертэра» (паводле І.В.Гётэ, 1976, абодва Гюнтэр), «Мама, я жывы» (1977, Вольф) і інш. Працавалі рэжысёры У.Вайс, І.Гузнер, Р.Зіман, В.Бек, С.Блайвайс, Г.Дзюба, Э.Шлегель, Г.Шольц, М.Экерман, акцёры А.Бюргер, А.Валер, Э.Дункельман, Г.Вольф, Э.Гешанек, В.Кох-Гоге, А.Ланг і інш. Сярод майстроў дакумент. кіно найб. вядомыя А. і А.Торндайк. Здымаліся мультыплікацыйныя і тэлевіз. фільмы. Вышэйшая кінашкола ў Бабельсбергу.

У ФРГ у канцы 1940-х — 60-я г. дэманстраваліся пераважна амер. фільмы і ням. камедыі (развесяляльныя, фільмы жахаў). Найб. цікавыя «Генерал д’ябла» (1955, Г.Койтнер), «Дзяўчына Розмары» (1958, Р.Тыле), «Мы — вундэркінды» і «Прывіды ў замку Шпесарт» (1958, 1961, К.Гофман), «Ружы для пана пракурора», «Кірмаш» і «Мужчынская пагулянка» (1959, 1960, 1964, В.Штаўтэ). Нізкая якасць многіх фільмаў, канкурэнцыя тэлебачання і замежных тэлекампаній прывялі да крызісу. Спробы выйсці з яго шляхам павышэння маст. ўзроўню фільмаў, адмовіцца ад штампаў і схем «кінематографа бацькоў» зрабіла ў сярэдзіне 1960-х г. група маладых кінематаграфістаў, фільмы якіх узнімалі тэмы крызісу грамадства, канфлікту пакаленняў, рэзка адрозніваліся ад стандартнай камерцыйнай прадукцыі. Сярод прадстаўнікоў гэтага кірунку, што атрымаў назву «маладое ням. кіно», рэжысёры А.Клуге, В.Герцаг, Б.Зінкель, А.Брустэлін, Р.В.Фасбіндэр, У.Эдэль, В.Вендэрс, М. фон Трота. Значнымі былі дасягненні ў экранізацыі літ. твораў рэж. Ф.Шлёндарфа («Зганьбаваны гонар Катарыны Блюм» паводле Г.Бёля, 1975; «Бляшаны барабан» паводле Г.Граса, 1979; «Оскар» 1980 за лепшы замежны фільм), В.Петэрсана («Падлодка», паводле аднайм. рамана Л.Г.Бугхайма) і інш. У 1970—80-я г. традыцыі «маладога ням. кіно» прадаўжалі выпускнікі Вышэйшай школы кіно і тэлебачання ў Мюнхене.

У 1990-я г. працуюць кінематаграфісты новага пакалення (Д.Дзёры, І.Фільсмаер, О.Валькес, Г.Дзітл, З.Вортман, К.Шлінгензіф і інш.); здымаюцца дакумент. і мультыплікацыйныя фільмы. З кіно моцна канкурыруе тэлебачанне.

Беларусы ў Германіі. Першая значная хваля бел. эміграцыі ў Германіі на мяжы 19 — 20 ст. была абумоўлена сац.-эканам. прычынамі і мела характар адыходніцтва. У 1890 у Германіі працавала каля 200 беларусаў, у 1900 — 4 тыс., у 1910 — 44 тыс., у 1911 — 108 тыс., у 1912 — больш за 144 тыс. чал. (25% ад агульнай колькасці адыходнікаў). З пач. 1-й сусв. вайны эміграцыйны рух з бел. зямель спыніўся. Ваен. падзеі, Кастр. рэв. 1917, герм. і польск. акупацыі Беларусі абумовілі новую хвалю выездаў у замежжа, у т. л. і ў Германію, дзе на пач. 1919 знаходзілася 30—40 тыс. ваеннапалонных. У міжваен. перыяд склалася і арганізаваная паліт. эміграцыя. У сак. 1919 з Вільні ў Берлін выехаў урад Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), тут дзейнічала Надзвычайная місія БНР, пры якой працавала выд-ва, для ваеннапалонных выходзіла газ. «З роднага краю». Бел. прэс-бюро (1919—25) выдавала інфарм. бюлетэнь на бел. і ням. мовах. З пач. 2-й сусв. вайны ў выніку ваен. дзеянняў на тэр. Польшчы ў палон трапіла 70 — 80 тыс. беларусаў, якія ваявалі ў складзе Войска Польскага. У ліст. 1939 пры мін-ве ўнутр. спраў Германіі створана Беларускае прадстаўніцтва ў Берліне (займалася справамі беларусаў у Германіі і на акупіраваных ёй тэр., выдавала на бел. мове газ. «Раніца»), у 1940 — Бел. к-т самапомачы (пад наглядам ням. улад аказваў беларусам матэрыяльную падтрымку, вёў культ.-масавую і паліт. работу), якія ў чэрв. 1941 заснавалі Беларускі нацыянальны цэнтр. У Берліне дзейнічала Бел. культ. суполка, выходзілі рукапісны час. «Беларускі студэнт» (1942, № 1—2), газ. «Беларускі работнік» (1943 — 44). 2-я сусв. вайна парадзіла 3-ю хвалю эміграцыі. У Германіі апынулася частка насельніцтва, прымусова вывезенага з Беларусі (каля 400 тыс. чал., паводле інш. крыніц — каля 700 тыс.), частка сав. ваеннапалонных і вязняў фаш. канцлагераў. У 1944 сюды выехалі бел. арг-цыі, установы і ваен. фарміраванні, створаныя ў гады ням. акупацыі — Беларуская цэнтральная рада, гал. штаб Саюза беларускай моладзі, сабор епіскапаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, ваен. атрады Беларускай краёвай абароны, частка інтэлігенцыі і святароў. Пасля паражэння фаш. Германіі саюзніцкія акупац. ўлады стварылі ў Зах. Германіі Беларускія лагеры для перамешчаных асоб. Інтарэсы беларусаў у Германіі прадстаўлялі Беларускі нацыянальны камітэт у Рэгенсбургу, Бел. цэнтр. дапамогавы к-т, грамадска-культ. дзейнасць вялі Крывіцкае навуковае таварыства імя Ф.Скарыны, Згуртаванні бел. жанчын і бел. ветэранаў, Бел. культ.-асв. таварыства, канцэртна-эстр. група «Жыве Беларусь» (з 1945 Бел. т-р эстрады), хор бел. студэнтаў у г. Марбург і інш. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49), Мюнхенскае бел. студэнцкае згуртаванне (з 1948). У канцы 1940 — пач. 50-х г. узніклі рэліг. аб’яднанні вернікаў-беларусаў (гл. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой, Беларускія каталіцкія місіі за мяжой, Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой).

На бел. мове выходзілі газеты і часопісы: грамадска-паліт. «Раніца» (з 1939), «Шляхам жыцця» (1946—48), «Рух» (1946—48), «Голас беларусаў» (1947—48), «Беларускае слова» (з 1948, з 1956 у ЗША), «Бацькаўшчына» (1947—66), «Летапіс беларускай эміграцыі» (з 1947, з 1955 у ЗША); літ.-грамадскія «Шыпшына» (з 1946, з 1950 у ЗША), «Сакавік» (1947—48), «Баявая ўскалось» (з 1949, з 1954 у Канадзе); рэлігійныя «Звіняць званы святой Сафіі» (1946—47), «Беларускі царкоўны голас» (1946), «Праваслаўны беларус» (1946 — сярэдзіна 1950-х г.); маладзёжныя «Скаўт» (1946—48), «Скаўцкая інфармацыйная служба» (1946—50), «Юнак» (1946—47); гумарыстычныя «Шарсцень» (1952), «Смехам па галаве» (1946); дзіцячы «Каласкі» (1952—66) і інш. Кнігадрукаванне ажыццяўлялі выд-вы «Бацькаўшчына», «Шыпшына», «Раніца», выдавецкія суполкі «Крыніца», «Заранка», «Рунь» і інш.

У 1951 закончыўся працэс выезду беларусаў з Германіі ў інш. краіны на пастаяннае жыхарства. Адным з цэнтраў бел. эміграцыі стаў Мюнхен. Тут працавалі Бел. ін-т навукі і мастацтва (1955—66), супрацоўнікі якога ўдзельнічалі ў рабоце Ін-та вывучэння СССР і выдавалі «Беларускі зборнік», бел. рэдакцыя радыё «Вызваленне» (з 1954, з 1959 наз. «Свабода», у 1995 пераехала ў Прагу). У 1980-я г. бел. навук.-культ. цэнтрам стаў г. Ляймен, дзе былі створаны Беларускі музей (з 1982), Інстытут беларусаведы.

Літ.:

Смирин М.М. Германия эпохи Реформации и Великой Крестьянской войны. М., 1962;

Германская история в новое и новейшее время. Т. 1—2. М., 1970;

Руге В. Германия в 1917—1933 гг. М., 1974;

Розанов Г.Л. Германия под властью фашизма (1933—1939). М., 1961;

Otto K.-Н. Deutschland in der Epoche der Urgesellschaft. Berlin, 1960;

Gebhardt B. Handbuch der deutschen Geschichte. Bd. 1—4. Stuttgart, 1954—60;

Stern L., Bartmuβ H.-J. Deutschland in der Feudalepoche von der Wende des 5./6. Jh. bis rur Mitte des 11. Jh. Berlin, 1964;

История немецкой литературы. Т. 1—5. М., 1962—76;

История литературы ФРГ. М., 1980;

История литературы ГДР. М., 1982;

Сакалоўскі У. Пара станаўлення. Мн., 1986;

Яго ж. Беларуская літаратура ў ГДР. Мн., 1988;

Яго ж. Восприятие современной белорусской литературы в ГДР и ФРГ // Современные славянские культуры: развитие, взаимодействие, международный контекст: Материалы междунар. конф. ЮНЕСКО. Киев, 1982;

Либман М.Я. Немецкая скульптура, 1350—1550. М., 1980;

Яго ж. Дюрер и его эпоха: Живопись и графика Германии конца XV и первой половины XVI в. М., 1972;

Ювалова Е.П. Немецкая скульптура, 1200—1270. М., 1983;

Ёдике Ю. История современной архитектуры: Пер. с нем. М., 1972;

[Kuhirt U.] Kunst der DDR. Bd. 1—2. Leipzig, 1982—83;

Грубер Р.И. История музыкальной культуры. Т. 2, ч. 2. М., 1959;

Ферман В.Э. Немецкая романтическая опера // Ферман В.Э. Оперный театр. М., 1961;

Кершнер Л. Немецкая народная музыка. М., 1965.

М.С.Вайтовіч (прырода, гаспадарка), М.Г.Елісееў (гісторыя да 1918 і пасля 1945), П.А.Шупляк (гісторыя 1918—45), А.П.Ткачэнка (друк, радыё, тэлебачанне), У.Л.Сакалоўскі (літаратура), Я.Ф.Шунейка (выяўл. мастацтва), В.М.Козел (тэатр), А.С.Ляднёва (беларусы ў Германіі).

т. 5, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЖЫ́Р,

Алжырская Народная Дэмакратычная Рэспубліка, АНДР (Аль-Джумхурыя аль-Джазаірыя Дэмакратыя аш-Шаабія), дзяржава ў Паўн. Афрыцы, у зах. ч. Міжземнаморскага басейна. Мяжуе з Марока і Зах. Сахарай (на З), Маўрытаніяй і Малі (на ПдЗ), Нігерам (на ПдУ), Лівіяй і Тунісам (на У). Пл. 2382 тыс. км². Нас. 27,9 млн. чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія — іслам суніцкага кірунку. Сталіца — г. Алжыр. Падзяляецца на 48 вілаяў (правінцый). Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (1 ліст.).

Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1989 Алжыр — нар.-дэмакр. рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. У студз. 1992 сфарміраваны Вышэйшы дзярж. савет (ВДзС), на які ўскладзены функцыі калект. прэзідэнта. У сувязі з роспускам Нац. нар. сходу (парламента) ВДзС надзелены правам выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу законаў. У лют. 1992 створаны Нац. кансультатыўны савет, закліканы «дапамагаць ВДзС у ажыццяўленні яго функцый, ствараць неабходныя ўмовы для нармальнага функцыянавання ўстаноў і канстытуцыйнага ладу».

Прырода. Краіна невысокіх гор і ўзвышаных раўнін. На Пн хрыбты Атласкай горнай сістэмы, у межах якой вылучаюць горны ланцуг Тэль-Атлас (масіў Варсеніс, выш. да 1995 м), масівы Вял. і Малой Кабіліі (выш. да 2308 м), Сахарскі Атлас (масівы Ходна, Арэс, выш. да 2328 м). Паміж імі міжгорныя пласкагор’і і раўніны Высокіх плато (800—1200 м). У цэнтр. іх частцы вял. салёныя азёры (себхі). Поўдзень Алжыра займае 1/4 частку пустыні Сахара. Пераважаюць камяністыя плато (выш. каля 500 м) і пясчаныя пустынныя вобласці — эргі з высокімі дзюннымі градамі (В. Зах. Эрг, В. Усх. Эрг, Эрг Ігіды, Эрг Шэш і інш.), камяністыя пустыні-хамады (Танезруфт на Пд). На Пд Алжырскай Сахары пустыннае нагор’е Ахагар з вяршыняй Тахат (3003 м, найвышэйшая ў краіне). Нетры Алжыра багатыя нафтай, прыродным газам (па запасах нафты 3-е, газу 1-е месца ў Афрыцы, б.ч. радовішчаў на ПнУ Алжырскай Сахары), рудамі ртуці, цынку, свінцу, жалеза, урану, сурмы, фасфарытамі, ёсць медзь, волава, вальфрам, золата, каменны вугаль і інш. Клімат паўн. Алжыра субтрапічны міжземнаморскі, сярэдняя т-ра студз. 5—12 °C, ліп. 25 °C, ападкаў у гарах 1200 м (Кабілія), на міжгорных раўнінах 200—400 мм. Клімат Алжырскай Сахары пустынны, трапічны, сутачныя ваганні т-р да 30 °C, ападкаў менш як 50 мм за год, у асобныя гады не бывае зусім. Частыя пясчаныя буры. Большасць рэк належаць да тыпу вадзі, якія запаўняюцца вадой пасля рэдкіх дажджоў. Самая вял. р. Шэліф (Вадзі). Рэкі часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне і для атрымання гідраэнергіі. У пустынных раёнах на арашэнне і водазабеспячэнне ідуць падземныя воды. На ўзбярэжжы міжземнаморскі тып расліннасці з цвердалістых хмызнякоў і нізкарослых дрэў. На Пн у гарах да выш. 800 м растуць сухалістыя хмызнякі (маквіс), да 1500 м — коркавы і каменны дубы, вышэй за 1500 м — туя і ядловец. У Сахары расліннасць пустынная і паўпустынная, месцамі салянкі, эфемеры, трава альфа, асобныя хмызнякі; вял. прасторы без расліннасці. Глебы на ўзбярэжжы карычневыя і шэра-карычневыя, у горных раёнах лясныя буразёммы, вакол салёных азёраў (шотаў) — алювіяльныя і засоленыя. У Сахары прымітыўныя глебы пустыні. Жывёльны свет на Пн амаль знішчаны. У Сахары грызуны, паўзуны, шакалы, газелі, антылопы і інш. Нац. паркі: Джурджура, Акфаду, Тасілін-Аджэр і інш.

Насельніцтва. Жывуць арабы (80%), берберы (каля 20%; кабілы шаўіі, туарэгі і інш.), невял. колькасць французаў, італьянцаў, іспанцаў. Натуральны прырост 30 чал. на 1 тыс. за год. Сярэдняя шчыльн. 11,6 чал. на 1 км² (1994). Больш за 95% насельніцтва сканцэнтравана ў паўн. Алжыры, дзе яго шчыльн. 300 чал. на 1 км²; у пустынных абласцях каля 0,3 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва больш за 50% (1994). Найб. гарады: Алжыр, Аран, Канстанціна, Анаба, Сетыф, Бліда, Тызі-Узу, Эш-Шэліф.

Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59, жанчын 62 гады. Узровень нараджальнасці 32 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 58 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Гісторыя. Сляды першабытнага чалавека на тэр. Алжыра адносяцца да ніжняга і сярэдняга палеаліту (300—400 тыс. г. назад). З эпохі верхняга палеаліту тут зафіксаваны носьбіты астэрыйскай, ібера-маўрусійскай і капсійскай археал. культур. З пераходам да неаліту (4-е тыс. да н.э.) «капсійцы» выцеснілі ібера-маўрусійцаў. У канцы 12 ст. да н. э. на ўзбярэжжы Алжыра з’явіліся фінікійцы, якія ў 8 ст. да н.э. трапілі пад уладу Карфагена. На мяжы 3—2 ст. да н.э. на тэр. Алжыра ўтворана дзяржава Нумідыя. Канфлікт з Рымам прывёў да ўключэння Нумідыі ў склад Рымскай імперыі. У 439 н.э. Карфаген захапілі вандалы і зрабілі яго сталіцай свайго каралеўства. З 534 Вандальскае каралеўства пад уладай Візантыі; яго ўнутраныя раёны кантралявалі плямёны бербераў, якія стварылі шэраг незалежных дзяржаў. У канцы 7 ст. н.э. тэр. Алжыра заваявалі арабы-мусульмане і ўключылі яе ў склад Арабскага халіфата. Карэнныя берберскія плямёны паступова прынялі іслам і араб. мову, што вызначыла іх як араба-ісламскую краіну. З 16 ст. Алжыр у складзе Асманскай імперыі, залежнасць ад якой у 17 ст. стала фармальнай; на чале Алжыра быў правіцель — дэй, якога выбіралі са свайго асяроддзя янычарскія камандзіры. У гэты час акрэсліліся граніцы Алжыра, якія размежавалі яго з Тунісам і Марока. У 18 — пач. 19 ст. Алжыр прыйшоў у заняпад, што дало магчымасць у 1830 франц. войскам захапіць г. Алжыр. У 1832—47 вызв. барацьбу алж. народа супраць франц. панавання ўзначаліў эмір Абд аль-Кадзір. У антыкаланіяльным Мукрані паўстанні 1871—72 удзельнічала каля 800 тыс. чал. Найбольшы размах антыкаланіяльны рух набыў пасля 2-й сусв. вайны. У маі 1945 паўстанне ва Усх. Алжыры жорстка задушана. У 1946 засн. партыя Рух за перамогу дэмакр. свабод, якая ўзначаліла барацьбу супраць калан. рэжыму. Створаны ёю Рэв. к-т адзінства і дзеянняў (з 1954 Фронт нацыянальнага вызвалення, ФНВ) пачаў узбр. барацьбу, стварыў Армію нац. вызвалення; 1.11.1954 адначасова ў 30 пунктах краіны пачалося ўзбр. паўстанне. У 1955—56 амаль усе нацыяналіст. партыі і арг-цыі ўліліся ў ФНВ. Вызваленчая вайна скончылася Эвіянскім пагадненнем 1962 аб самавызначэнні Алжыра. 5.7.1962 абвешчана незалежная дзяржава. Першы прэзідэнт А.Бен Бела абвясціў праграму «алжырскага сацыялізму». Была нацыяналізавана ўласнасць еўрап. уладальнікаў, пануючае становішча ў эканоміцы заняў дзярж сектар. У выніку ваен. перавароту 19.6.1965 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Х.Бумедзьенам. Канстытуцыя 1976 замацавала сацыяліст. арыентацыю Алжыра. Новы прэзідэнт Ш.Бенджадзід (з 1979) прадоўжыў курс папярэдніка. Эканам. крызіс 1980-х г. і дэмаграфічны выбух (у 1966—87 насельніцтва Алжыра павялічылася з 12 да 23 млн. чал.) абвастрылі сац. напружанасць і прывялі да масавых беспарадкаў. З канца 1988 кіраўніцтва Алжыра пачало радыкальныя змены ў эканам. і паліт. сістэме Алжыра, узяло курс на развіццё рыначнай эканомікі. Гэтыя змены замацавала канстытуцыя 1989. Уведзена шматпартыйнасць, з’явілася больш за 50 партый і грамадскіх арг-цый. На першых выбарах у органы мясц. улады, якія адбыліся на шматпарт. аснове 12.6.1990, перамаглі фундаменталісты Ісламскага фронту выратавання (ІФВ). Іх праграма прадугледжвала датэрміновыя выбары ў Нац. нар. сход (парламент), умацаванне ў грамадска-паліт. жыцці нормаў шарыяту, фарміраванне «Ісламскага грамадства». У 1-м туры парламенцкіх выбараў 1991 перамаглі ісламісты. У 1992 прэзідэнт Бенджадзід вымушана пайшоў у адстаўку. Улада перайшла да Вышэйшага дзярж. савета. Прэзідэнтам стаў М.Буджаф; парламент распушчаны, і ўведзены рэжым надзвычайнага становішча. У сак. 1992 распушчаны ІФВ. У чэрв. 1992 прэзідэнт Буджаф забіты, яго змяніў А.Кафі. Тэрарыстычныя акты, арганізаваныя фундаменталістамі, вымусілі ўлады прадоўжыць (лют. 1993) рэжым надзвычайнага становішча на неакрэслены тэрмін. Прэзідэнт Алжыра (з 1994) Л.Зеруаль. Алжыр — член ААН (1962), Лігі арабскіх краін і інш. міжнар. арг-цый.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Фронт сацыяліст. сіл, Аб’яднанне за культуру і дэмакратыю, Хамас, Ан-Нахда і інш.; Усеагульны саюз алжырскіх працоўных, Нац. саюз алжырскіх сялян, Нац. саюз алжырскай моладзі, Нац. саюз алжырскіх жанчын, Нац. арг-цыя муджахідаў і інш.

Гаспадарка. Пасля атрымання незалежнасці для Алжыра характэрны высокі ўзровень нацыяналізацыі прыродных рэсурсаў, прам-сці, транспарту, фінансаў і інш. З канца 1980-х г. пачаліся рэформы і перавод гаспадаркі на рыначную аснову. Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) 40,5 млрд. дол. (1991). Вядучая галіна прам-сці — здабыча нафты (41 млн. т, 1992) і прыроднага газу (126,61 млрд. м³). Здабываюцца руды каляровых металаў, жал. руда, фасфарыты, барыты, сурма. Апрацоўчая прам-сць: чорная металургія (металург. комплекс у Анабе), машынабудаванне (вытв-сць халадзільнікаў, тэлевізараў, радыёпрыёмнікаў, трактароў і аўтамабіляў), нафтаперапрацоўка, электратэхн., транспартнае абсталяванне, вытв-сць мінер. угнаенняў, буд. матэрыялаў. Перапрацоўка с.-г. сыравіны: мукамольныя, вінаробныя, масларобныя, кансервавыя, тытунёвыя прадпрыемствы. Развіта тэкстыльная, швейная, нафтахім. прам-сць (сінт. смолы, пластмасы, мыйныя сродкі). Вытв-сць электраэнергіі 16,8 млн. кВт гадз (1992). Сельская гаспадарка дае больш за 8% ВУП. Асн. культуры: пшаніца, ячмень, вінаград, алівы, цытрусавыя, фінікі, міндаль, кукуруза, тытунь, бавоўнік; у аазісах — фінікавыя пальмы, на ўзбярэжжы і каля буйных гарадоў — гародніна (часткова на экспарт) і бульба. Нарыхтоўваюць кару коркавага дуба і траву альфа (сыравіна для вытв-сці высакаякаснай паперы, каля 100 тыс. т за год). Жывёлагадоўля пераважна экстэнсіўнага кірунку. У пустынных горных раёнах гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў, на Пн краіны і каля вял. гарадоў — буйн. раг. жывёлу. У прыбярэжных водах марское рыбалоўства. На Пн Алжыра густая сетка шашэйных дарог — 130 тыс. км (1989), у т. л. з цвёрдым пакрыццём больш за 50 тыс. км; дзейнічае транссахарская шашэйная дарога. Чыгункі 4,2 тыс. км (1989). У Алжыры буйныя нафта- і газаправоды. Разам з Італіяй пабудаваны трансміжземнаморскі газаправод. Гал. парты: Беджаія, Алжыр, Арзеу, Аран, Анаба. Асн. прадукты экспарту — нафта і нафтапрадукты, звадкаваны газ, віно, цытрусавыя, жал. руда, мінер. сыравіна, тытунь. У імпарце пераважаюць машыны і абсталяванне, прадукты і спажывецкія тавары. Асн. гандлёвыя партнёры — Францыя, Германія, Італія, Іспанія, ЗША, Японія (каля 80% тавараабароту). Грашовая адзінка — алжырскі дынар.

Узброеныя сілы Алжыра: нац. нар. армія, нац. жандармерыя, рэсп. і прэзідэнцкая гвардыя; ёсць паўваен. фарміраванні грамадз. абароны і нац. службы. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У склад нац. нар. арміі ўваходзяць сухапутныя войскі (аснова ўзбр. сіл), ВПС (складаюцца з авіяэскадрылляў) і ППА (зенітныя брыгады і дывізіёны, радыётэхн. войскі), ВМС (падводныя лодкі, караблі, катэры розных класаў). Узбр. сілы камплектуюцца паводле закона аб усеаг. воінскай павіннасці, набор ажыццяўляецца 2 разы на год, прызыўны ўзрост 19—27 гадоў, тэрмін абавязковай ваен. службы 1,5 года. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у агульнавайсковай акадэміі, ваен. вучылішчах і за мяжой.

Асвета, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Сістэма адукацыі Алжыра склалася ў выніку рэформаў 1970-х г. (ВНУ), 1980 (пач. школа) і 1984 (сярэдняя школа). Агульную адукацыю (абавязковая для дзяцей 6—16 гадоў) даюць базавыя школы (9 гадоў навучання). Лепшых вучняў адбіраюць для агульных або тэхн. (паводле профілю спецыялізацыі) ліцэяў (поўны курс сярэдняй адукацыі да 13 гадоў навучання). У 1987/88 навуч. г. ў Алжыры працавала 14 тыс. базавых школ (больш за 5 млн. вучняў), 600 сярэдніх навуч. устаноў (600 тыс. навучэнцаў), 700 цэнтраў прафес. падрыхтоўкі, у сістэме прафес. Навучання 250 тыс. чал. У сістэме вышэйшай адукацыі 20 ун-таў і універсітэцкіх цэнтраў, каля 30 ін-таў і інш. ВНУ. Найбуйнейшыя: Алжырскі ун-т (засн. ў 1879) з філіяламі ў Аране і Канстанціне, ун-т прыродазнаўчых навук і тэхналогіі, нац. ін-ты нафты, газу і хіміі; лёгкай прам-сці; агранамічны, вышэйшая вет. школа і інш. У 1987/88 навуч. г. ў ВНУ каля 150 тыс. чал., больш за 12 тыс. выкладчыкаў. Самыя вял. б-кі: Нац. б-ка, б-ка ун-та ў Алжыры, Муніцыпальная б-ка ў Канстанціне. Музеі: Нац. музей Алжыра, Нац. музей прыгожых мастацтваў, Нац. музей антычнасці, этнаграфічны, Музей нац. вызвалення. Навук. даследаванні ў галіне ядз. фізікі, электронікі, акіянаграфіі, біялогіі, біяхіміі, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі вядуцца ва ун-тах і НДІ; мед. праблемы даследуюць анкалагічны цэнтр, ін-т Пастэра, ін-т гігіены, сетка доследна-селекцыйных станцый. Працуюць астранамічная, астрафізічная і метэаралагічная абсерваторыі.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Алжыры больш за 150 перыяд. выданняў (агульны тыраж каля 1,7 млн. экз.). Афіцыйны орган урада — газета «El Moudjahid» («Змагар»). Дзярж. інфарм. агенцтва Альжэры Прэс Сервіс (з 1962, г. Алжыр). Нац. тэлерадыёкампанія «Радыётэлевізьён альжэр’ен» (з 1962) вядзе перадачы на араб., франц. і кабільскай мовах. Тэлецэнтр у г. Алжыр.

Літаратура. Развіваецца на арабскай, кабільскай і франц. мовах. Літаратура на арабскай і кабільскай мовах узнікла ў 16—18 ст. у эпоху барацьбы супраць ісп. экспансіі і тур. панавання, калі духоўнае жыццё краіны выяўлялася пераважна ў вуснай нар. творчасці. У 19 ст. л-ра адлюстроўвала працэс фарміравання алж. нацыі. Нар. паэты (медахі) заклікалі да супраціўлення франц. каланізатарам. Патрыят. паэзія Абд аль-Кадзіра, Саіда Абдалаха, Мухамеда Белькаіра і паэта Кабіліі Сі Маханда блізкая па духу да нар. песень. Нац.-вызв. барацьба — гал. тэма ў паэзіі 1950—60-х г. (вершы Абу аль-Касіма Саадала, Муфдзі Закарыя, аўтара нац. гімна) і прозы (ат-Тахір Ватар, «Фадзіля Масудзі). Пачынальнік жанру апавядання і аўтар першага алж. рамана на араб. мове — Ахмед Рыда-Хуху («Дзяўчына з Меккі», 1947). У 1967 з’явіўся раман Мухамеда Мані «Голас кахання». Пра жыццё краіны ў 1970-я г. раманы Ватара («Землетрасенне»), Абд аль-Хаміда Бенхедугі («Вецер з поўдня» і «Канец учарашняга дня») і інш. Літаратура на французскай мове пачала развівацца ў 1940—50-я г. Абуджэнне нац. самасвядомасці алжырцаў паказалі празаік Жан Амруш, паэты Аіт Джафер, Мустафа Лашраф, рэаліст. творы Мухамеда Дыба (трылогія «Алжыр»), Мулуда Ферауна (раманы «Сын бедняка» і «Дарога ў гару», дылогія «Зямля і кроў»), Мулуда Мамеры (раманы «Забыты пагорак», «Калі спіць справядлівасць»), Малека Уары (раман «Зернетка ў жорнах») і інш. Пра алж. інтэлігенцыю ў час нац.-вызв. вайны раманы Малека Хадада «Апошняе ўражанне» і «Набярэжная кветак не адказвае». Стварэнне незалежнай рэспублікі ў 1962 адкрыла новую эпоху ў л-ры Алжыра: раманы Мурада Бурбуна «Муэдзін», Рашыда Буджэдры «Адрынутасць», Асіі Джэбар «Наіўныя жаваранкі». Вяршыня рэаліст. л-ры Алжыра гэтага часу — раман Мамеры пра нац.-вызв. вайну «Опіум і дубінка». Укладам у алж. л-ру 1960—80-х г. стала творчасць Мулуда Ашура, Джамаля Амрані, Кадура М’Хамсаджы, Ахмеда Акаша, Мустафы Тумі, Набіля Фарэса, Айшы Лемсін, Джамаля Алі Хаджы, Мустафы Хасіяна і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. старажытныя помнікі мастацтва на тэр. Алжыра адносяцца да неаліту (наскальныя выявы жывёл, людзей, сцэны палявання і рытуальных абрадаў у гарах Тасілін-Аджэр, Тасілін-Ахагар). Захаваліся рэшткі гарадоў часоў фінікійскага, рымскага і візантыйскага панавання: Джаміла, Гіпон, Тымгад, Тыпаса, Шэршэль з руінамі ўмацаванняў, храмаў, тэатраў, тэрмаў, трыумфальных арак, акведукаў, жылых дамоў. Пры раскопках выяўлены творы скульптуры, мазаікі з міфалаг. і быт. сцэн. Пасля араб. заваявання ў гарадах будаваліся ўмацаванні, мячэці, медрэсэ, лазні, рынкі, палацы (г. Кала-Бені-Хамад, 11 ст.). У 10—13 ст. у гарадах Алжыр, Тлемсен, Канстанціна ўзведзены мячэці, вежы-мінарэты, палацы, грамадскія будынкі, арнаментаваныя разьбой па стука, кафляй. Дойлідства і дэкар.-прыкладное мастацтва Алжыра 16—18 ст. вызначаліся пышнасцю, багаццем формаў і разнастайнасцю арнаментыкі (палацы і вілы тур. намеснікаў). Гараджане жылі ў невял. 2—3-павярховых дамах з плоскімі дахамі, з замкнёнымі дворыкамі. У 1881 у г. Алжыр засн. Нац. школа архітэктуры і прыгожых мастацтваў. З 1930-х г. у Алжыры працавалі франц. архітэктары і інжынеры Ле Карбюзье, П.А.Эмеры, Б.Зерфюс, Л.Мікель, П.Турнон. У гарадах узводзіліся шматпавярховыя жылыя і адм. будынкі, вілы, асабнякі, набліжаныя да еўрап. архітэктуры. Дэкар.-прыкладное мастацтва прадстаўлена тканінамі, дыванамі, вышыўкай, размаляванай керамікай, вырабамі рамеснікаў. У выяўл. мастацтве 19 — пач. 20 ст. працавалі пераважна франц. мастакі, з 1920—30-х г. — мастакі-алжырцы (Мухамед і Амар Расім, Тэмам Ранем і інш.), з сярэдзіны 20 ст. — жывапісцы, графікі, скульптары (Х.Бенанбур, М.Будзід, І.Самсом, М.Адан, М.Хада, Ш.Меслі і інш.). У маст. жыцці сучаснага Алжыра вядучую ролю адыгрывае Нац. саюз работнікаў выяўл. мастацтва.

Музыка Алжыра мае шмат агульнага з музыкай Туніса, Марока, інш. краін рэгіёна. У ёй спалучаюцца араба-іранскія і турэцкія элементы з муз. традыцыямі лакальных этнасаў Алжыра (берберы, туарэгі, негрскія народы Сахары). Арабская класічная музыка Алжыра засн. на дасягненнях т.зв. зах. (андалузскай) школы. Асн. яе форма — алжырская нуба, разгорнутая 5-часткавая вак.-інстр. кампазіцыя з інстр. уверцюрай (тушыя); у аснове муз. развіцця рэгіянальныя разнавіднасці макамаў (вак.-інстр. цыклічная форма, засн. на шэрагу ладоў-макамаў). Сярод муз. інструментаў — уд (арабская лютня), рэбаб (струнны смычковы), канун (72-струнная цытра), духавыя, ударныя (бубны дэф і тар, барабан дарабука). З вак. жанраў вядомы касыды. З пач. 20 ст. развіваюцца формы сучаснай гар. музыкі — песенны жанр аль-джад (сярод майстроў кампазітар і спявак Хадж Мухамед аль-Анка) і муз. драма ў стылі аль-джад («Фако», «Дар Бібі» М.Бахтарзі). Муз. кадры ў Алжыры рыхтуюць вышэйшыя і сярэднія муз. навуч. ўстановы, кансерваторыя музыкі і дэкламацыі (з 1920) і Нац. ін-т музыкі.

Тэатр. Нац. тэатр у Алжыры існаваў у выглядзе выступленняў «гаўалі» (апавядальнікаў) і ценявога т-ра з удзелам Гарагуза (алж. Пятрушкі). У сучасных формах т-р узнік у канцы 19 — пач. 20 ст. Пасля 1-й сусв. вайны першую тэатр. трупу арганізаваў Р.Ксенціні. Справу яго прадоўжыў драматург Б.Махіддзін. У рэпертуары былі п’есы алж. драматургаў, зах.-еўрап. класікаў. З пачаткам вызв. вайны (1954) многія акцёры пакінулі радзіму і стварылі за мяжой (у Тунісе) алж. маст. ансамбль, на базе якога пасля абвяшчэння незалежнасці Алжыра ў 1962 створаны Алжырскі нац. т-р (з 1963 у г. Алжыр).

Кіно. Нац. кінематаграфія ў Алжыры зарадзілася ў перыяд вызв. вайны 1954—62. Пасля 1962 вытворчасць хранік.-дакумент. фільмаў павялічылася, зняты першыя маст. фільмы на фалькл.-этнагр. сюжэты ці прысвечаныя падзеям вайны 1954—62. У 1964 створаны нац. цэнтр кінематаграфіі, у 1974 — Савет аўдыёвізуальных мастацтваў (прафсаюз работнікаў кіно і тэлебачання). Сярод лепшых фільмаў 1970—80-х г.: «Бітва за Алжыр», «Вецер з Арэса», «Хроніка вогненных гадоў», «Амар Гатлата», «Анатомія адной змовы». Вядучыя рэжысёры: М. аль-Ахдар Хаміна, А.А.Тульбі, М.Алуаш, М.Буамары, М.С.Рыяд, А.Рашдзі.

Літ.:

Алжир: (справ.). М., 1977;

Ланда Р.Г. Кризис колониального режима в Алжире, 1931—1954. М., 1980;

Яго ж. История алжирской революции, 1954—62. М., 1983.

П.І.Рогач (прырода, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Б.А.Лазука (выяўл. мастацтва), А.М.Гарахавік (музыка).

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГО́ЛА

(Angola),

Народная Рэспубліка Ангола (Repúblika Popular de Angola), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн і ПнУ з Заірам, на У з Замбіяй, на Пд з Намібіяй, на З абмываецца водамі Атлантычнага ак. Пл. 1246,7 тыс. км². Нас. 11,2 млн. чал. (1994). Афіц. мова — партугальская. Сталіца — г. Луанда. Падзяляецца на 18 правінцый (дыстрыктаў), уключае правінцыю Кабінда (паўанклаў). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (11 ліст.).

Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1975 з папраўкамі 1991 Ангола — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Савет Міністраў.

Прырода. Большую ч. тэрыторыі займае пласкагор’е (пераважна выш. 1000—1500 м). На З горны масіў Біе (найб. выш. 2610 м, г. Мока). Уздоўж узбярэжжа шэраг невысокіх ступеньчатых плато шыр. ад 100 да 200 км і вузкая паласа прыморскай нізіны. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, алмазы, медныя, жал., марганцавыя і уранавыя руды, баксіты, золата, тытан, плаціна, слюда. Клімат трапічны, гарачы, засушлівы зімой і вільготны летам. Сярэдняя т-ра найб. цёплага месяца (студз.) ад 21 да 29 °C, найб. халоднага (ліп.) ад 15 да 22 °C. Ападкаў ва ўнутр. раёнах 1000—1500 мм за год; на ўзбярэжжы, дзе ўплывае халоднае Бенгальскае цячэнне, — 50—500 мм за год. Гал. рэкі: Кванга, Касаі, Кунене, Кванза, частка эстуарыя р. Конга, на У верхняе цячэнне р. Замбезі. Значныя энергет. рэсурсы. Парогі і вадаспады перашкаджаюць суднаходству. Расліннасць унутр. раёнаў — сухое лістападнае рэдкалессе на фералітавых глебах, зах. схілы пласкагор’я і даліны рэк пад вільготнымі трапічнымі лясамі, на ўзбярэжжы — травяністыя і хмызняковыя саванны на чырвона-бурых глебах, на Пд — паўпустыня, якая пераходзіць у пустыню Наміб. Жывёльны свет: сланы, насарогі, буйвалы, зебры, ільвы, леапарды, гіены і інш., у трапічных лясах малпы. Нац. паркі і заказнікі: Кісама, Лванда, Камея, Намібе і інш.

Насельніцтва. Каля 96% насельніцтва належыць да народу моўнай сям’і банту (мбунду, конга, авімбунду, баконга, вачакве, ваньянка, авамба і інш.), жывуць партугальцы. Паводле веравызнання католікі (больш за 80%), пашыраны анімістычныя культы. Сярэдняя шчыльн. 8 чал. на 1 км². Найб. густа заселены нізіны і даліны рэк. Гар. насельніцтва 28,3% (1990). Найб. гарады: Луанда, Уамба, Лабіту, Бенгела, Лубанга і інш.

Гісторыя. Першабытная матэрыяльная культура на тэр. Анголы зарадзілася ў 8-м тыс. да н.э. Яе носьбітамі былі народы, нашчадкамі якіх з’яўляюцца пігмеі кангалезскіх лясоў, бушмены паўд.-зах. пустыняў і кой (гатэнтоты) Паўд. Афрыкі. Каля З тыс. гадоў назад сюды з бас. р. Конга і раёна вял. афрыканскіх азёраў перамясціліся негроідныя плямёны моўнай сям’і банту. Да пач. еўрап. каланізацыі на тэр. Анголы размяшчаліся раннефеад. дзяржавы Конга, Ндонга, Луанда, Бенгела і інш. Феад. адносіны тут суіснавалі з родаплемяннымі. У канцы 15 ст. на ўзбярэжжа вусця р. Конга высадзіліся партугальцы і залажылі тут апорны пункт Сан-Паўлу-ды-Луанда, які стаў цэнтрам гандлю рабамі. З 16 ст. Ангола — крыніца таннай рабочай сілы для цукр. плантацый Бразіліі. У 1671 афіцыйна абвешчана ўладаннем Партугаліі, хоць доўгі час яна кантралявала толькі крэпасці і факторыі на ўзбярэжжы. Паводле дагавора 1885—99 Партугаліі з Бельгіяй, Францыяй, Германіяй і Англіяй канчаткова вызначаны межы партуг. калоніі Анголы За працяглы час гандлю рабамі многія раёны краіны абязлюдзелі, знішчана духоўная і матэрыяльная культура раннефеад. дзяржаў.

З пачатку каланізацыі партугальцы сустрэлі ўпартае супраціўленне афр. плямёнаў. Цэнтрам антыкалан. руху была дзяржава Ндонга, якую партугальцы называлі Анголай (ад імя правячай дынастыі Нгола). У 17 ст. барацьбу за незалежнасць узначаліла каралева Нзінга Мбандзі Нгола. Прасоўванне партугальцаў у глыб краіны было прыпынена. У канцы 17 — пач. 18 ст. супраціўленне захопнікам у раёне Каконды аказалі плямёны пад кіраўніцтвам Хамба. У 1885 на Пд Анголы пачалася вызв. барацьба плямёнаў этнічнай групы авамба, якая працягвалася 30 гадоў. У 1956 некалькі падп. груп аб’ядналіся ў Народны рух за вызваленне Анголы (МПЛА) пад кіраўніцтвам А.Нета. Хоць паўстанне ў Луандзе было задушана, узбр. барацьба ахапіла ўсю краіну. У ёй прынялі ўдзел таксама Нац. саюз за поўную незалежнасць Анголы (УНІТА) і Нац. фронт вызвалення Анголы (ФНЛА). Да пач. 1970-х г. паўстанцы вызвалілі значную частку Анголы. У ліп. 1972 Ангола атрымала статус штата з правам мясц. аўтаноміі, але заставалася ў паліт. і эканам. залежнасці ад Партугаліі.

У 1974 Партугалія прызнала права Анголы на самавызначэнне і незалежнасць. Паводле двухбаковай дамоўленасці ўзбр. барацьба ў краіне спынялася. У створаны ў 1975 пераходны ўрад увайшлі прадстаўнікі МПЛА, УНІТА і ФНЛА. Аднак з-за шматлікіх супярэчнасцяў гэты ўрад распаўся. Супраць новага кабінета, створанага МПЛА, выступіла УНІТА. Узбр. барацьба паміж імі перарасла ў грамадз. вайну. 11.11.1975 у Луандзе абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Ангола, якую прызналі СССР, Куба і інш. краіны. Першым прэзідэнтам стаў А.Нета. Але на тэр. Анголы ўварваліся войскі ПАР і наёмнікаў. Урад Анголы папрасіў дапамогі ў Кубы. Нац. ўзбр. сілы Анголы пры дапамозе кубінскіх ваеннаслужачых да сак. 1976 выцеснілі інтэрвентаў. У 1979 прэзідэнтам краіны стаў Ж.Э. душ Сантуш. Узбр. акцыі супраць Анголы працягваліся. У 1988 паміж Анголай, Кубай, ПАР і ЗША падпісаны пагадненні, паводле якіх з Анголы выводзіліся войскі ПАР і Кубы. Але грамадз. вайна не спынілася. 31.5.1991 падпісана пагадненне аб мірным урэгуляванні паміж МПЛА і УНІТА, створана аб’яднаная нац. армія. У вер. 1992 пад наглядам ААН прайшлі парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, на якіх перамагла партыя МПЛА. УНІТА адмовілася прызнаць вынікі выбараў, і ваен. дзеянні аднавіліся. У кастр. 1993 УНІТА прызнала вынікі выбараў 1992, у снеж. 1993 паміж урадам і УНІТА падпісана перамір’е.

У Анголе зарэгістравана каля 30 партый. Асн. з іх: МПЛА, УНІТА, ФНЛА.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыўная прам-сць і сельская гаспадарка. Валавы ўнутр. прадукт у 1991 склаў 9,1 млрд. дол. (36% прыпадае на нафту і нафтапрадукты). Здабыча нафты (21 млн. т, 1991), алмазаў (961 тыс. карат, 1991). Вытв-сць электраэнергіі (730 млн. кВт·гадз, 1987, 70% на ГЭС). Развіваюцца апрацоўчая прам-сць (перапрацоўка с.-г. сыравіны, металаапр., нафтаперапр., лесапілаванне, тэкст., швейная і інш.), буд. індустрыя (вытв-сць цэменту, азбесту), суднабудаванне. Важная галіна сельскай гаспадаркі — плантацыйнае земляробства. Культывуюць каву (13 тыс. т, 1987), кукурузу, сізаль, цукр. трыснёг, алейную пальму, пшаніцу, какаву, гевею, тытунь і інш. Вырошчваюць бавоўну, маніёк, фасоль, рыс, арахіс. Жывёлагадоўля ў асн. у паўд. раёнах (буйн. раг. жывёла, свінні, козы). Рыбалоўства. Развіты чыг. (каля 3,3 тыс. км) і аўтамаб. (каля 80 тыс. км) транспарт. Марское кабатажнае суднаходства. Гал. парты — Луанда, Лабіту, Кабінда. У Луандзе міжнар. аэрапорт. У экспарце Анголы 88,9% займае нафта, 7,3% — алмазы. Больш за 90% экспарту паступае ў ЗША, краіны Зах. Еўропы (з 1985 Ангола асацыіраваны член Еўрап. Саюза), Бразілію. Вывозяцца кава (6 тыс. т, 1991), алмазы, сізаль, кукуруза, пальмавы алей, драўніна. Імпартуюцца машыны, абсталяванне, тэкстыль, металы. У 1989 Ангола прынята ў Міжнар. валютны фонд і Міжнар. банк рэканструкцыі і развіцця. Грашовая адзінка — кванэа кванза.

Літаратура. Багатая вусная л-ра існуе на мовах народаў банту — кімбунду, умбунду, кіконга, гангела і інш. У канцы 19 ст. К. да Мата сабраў і выдаў кн. «Народная мудрасць у ангольскіх прымаўках», А.Рыбаш — кн. казак і прымавак «Місоса» (т. 1—3, 1961—64) і «Ангольскія абрады і божаствы» (1958). На аснове нар. легендаў Каштру Сараменью стварыў кн. «Гісторыя Чорнай Зямлі» (т. 1—2, 1960). Пісьмовая л-ра, пераважна на партуг. мове, узнікла ў 19 ст. і мела публіцыст. характар. Літаратуры на мовах кімбунду і умбунду не мелі магчымасці друкавацца. У друку разгарнуўся патрыят. рух за аднаўленне сапраўднай нац. культуры. У 1920—30-я г. асн. жанры — бытапісальныя і дыдактычныя апавяданні. Тэмы нац. самасцвярджэння гал. чынам адлюстроўваюцца ў паэзіі і журналістыцы. З 1930-х г. вядомыя раманы П.Машаду і А.Троні, А. ды Асіс Жуніёр. Пасля 2-й сусв. вайны ўзніклі патрыятычны культ.-асв. рух «Ідзём адкрываць Анголу» (1948), «Культурнае таварыства Анголы» (1952), выдадзены першы кімбунду-партут. слоўнік (1953). Пад уплывам нац.-вызв. вайны 1961—74 у л-ры актуалізуецца тэма барацьбы супраць каланіялізму і расізму. Вылучаюцца вершы А.Нета, А.Жасінту, А.Барбейтуша, Р.Дуарці ды Карвалью і інш. Антыкаланіяльны кірунак маюць трылогія Каштру Сараменью «Мёртвая зямля» (1949), «Паварот» (1957), «Язва» (1970). Раман Рыбаша «Уанга» (1953) перакладзены на многія еўрап. мовы. Значнае дасягненне прозы — апавяданні і аповесці Л.Віейры. У 1977 створаны Саюз пісьменнікаў Анголы.

Мастацтва. На тэр. Анголы захаваліся першабытныя наскальныя геаметрызаваныя малюнкі жывёл. У сярэдневяковых дзярж. утварэннях (Луанда, Конга) развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва, асабліва пляценне і разьба. Планіроўка пасяленняў кругавая: у цэнтры — памяшканне для сходаў, вакол яго — жылыя дамы з гасп. пабудовамі. Жылыя дамы прамавугольнай (радзей круглай) формы на каркасе з калоў, пераплеценых галінкамі, часам абмазаныя глінай, з глінабітнай падлогай, канічнай або 2-схільнай саламянай страхой. Дзверы і сцены часта ўпрыгожваюць разьбяным выпаленым ці маляваным геам. арнаментам. З прыходам еўрапейцаў у Анголу з’явіліся гарады, якія забудоўваліся на ўзор правінцыяльных партуг. гарадоў мураванымі будынкамі ў стылі барока і ранняга класіцызму. З пач. 20 ст. забудова вядзецца ў духу сучаснай еўрап. архітэктуры з выкарыстаннем новых канструкцый і матэрыялаў. Развіта маст. разьба: стылізаваныя, схематычныя статуэткі людзей і жывёл, якія, паводле нар. павер’яў, валодаюць магічнай сілай, рытуальныя маскі. Разьбянымі выявамі (часам са складанымі дэкар. кампазіцыямі) аздабляюць драўляную мэблю, рэчы хатняга ўжытку. Пляцёнкі з галінак і саломы, кошыкі, цыноўкі і інш. вырабы нар. мастацтва ўпрыгожваюць геам. арнаментам чорнага, жоўтага, чырвона-карычневага колеру. З 1970-х г. развіваецца выяўленчае (асабліва графіка) і дэкар.-прыкладное мастацтва.

Літ.:

Фитуни Л.Л. Народная Республика Ангола: Справ. М., 1985;

Хазанов >А.М., Притворов А.В. Ангола. М., 1979.

У.С.Кошалеў (гісторыя), М.С.Вайтовіч (гаспадарка).

т. 1, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫДАВЕ́ЦКАЯ СПРА́ВА,

галіна культуры і вытворчасці, звязаная з падрыхтоўкай, выпускам і распаўсюджваннем кніг, часопісаў, газет, выяўл. матэрыялаў і інш. відаў друкаванай прадукцыі.

Узровень выдавецкай справы вызначаецца матэрыяльнымі, сацыяльна-паліт. і культ. ўмовамі жыцця грамадства. Да кнігадрукавання існавала рукапісная кніга. Вынаходніцтва І.Гутэнбергам (сярэдзіна 15 ст.) еўрап. спосабу кнігадрукавання адкрыла новую эру ў гісторыі кнігі. Выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501 кнігі наз. інкунабуламі, кнігі 1-й пал. 16 ст.палеатыпамі. Выд-вы як прадпрыемствы па выпуску друкаванай прадукцыі ўзніклі ў 16 ст. У развіццё выдавецкай справы значны ўклад зрабілі А.Мануцый (Венецыя), К.Плантэн (Антверпен), сем’і Эльзевіраў (Нідэрланды), Эцьенаў і Дзідо (Францыя). У 18—19 ст. развіццё выдавецкай справы працякала з нарастаючай хуткасцю. З узнікненнем у 19 ст. новай магутнай тэхн. базы пачалася спецыялізацыя выдавецкіх і паліграф. прадпрыемстваў. З канца 19 ст. адбываецца масавая арг-цыя выд-ваў на ўзор акцыянерных кампаній, прадпрыемстваў з правам выдавецкай дзейнасці, трэсціраванне кніжных і газетна-часопісных выд-ваў.

Першыя славянскія друкаваныя кнігі кірылаўскага шрыфту выдадзены Ш.Фіёлем у Кракаве ў канцы 15 ст. Бел. першадрукар і асветнік Ф.Скарына ў 1517 выдаў у Празе першую друкаваную кнігу «Псалтыр» на царк.-слав. мове, у 1517—19 — 22 кнігі Бібліі на мове, набліжанай да старабеларускай, са сваімі прадмовамі і пасляслоўямі. У сталіцы ВКЛ Вільні першая друкарня засн. Скарынай каля 1520. Тут ім выдадзены «Малая падарожная кніжка» (каля 1522) і «Апостал» (1525). На тэр. сучаснай Беларусі першая друкарня засн. ў Брэсце ў пач. 1550-х г. (гл. Брэсцкія друкарні), дзе кнігі друкаваліся на лац. і польск. мовах. Першая на Беларусі кніга на старабел. мове выдадзена ў 1562 С.Будным у Нясвіжскай друкарні. Першая рус. датаваная друкаваная кніга «Апостал» (1564) выдадзена І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам у Маскве. У 2-й пал. 16—17 ст. кнігі на старабел., царк.-слав., польск. і лац. мовах выдаваліся ў Заблудаўскай, Куцеінскай, Лоскай, Любчанскай і інш. друкарнях (гл. адпаведныя арт.). Кнігі на старабел. мове выдаваліся ў Вільні ў друкарні Мамонічаў. Вял. ролю ў развіцці бел. культуры і асветы адыгралі брацкія друкарні, якія акрамя рэлігійнай выдавалі вучэбную, палемічна-публіцыстычную і інш. л-ру. У канцы 17—18 ст. пад націскам каталіцкай рэакцыі і паланізацыі бел. мова пачала траціць свае пазіцыі ў дзярж. сферы, што вяло да заняпаду бел. пісьмовай л-ры і кнігадрукавання. На іншых мовах у гэты час выдавалі кнігі Гродзенская, Магілёўская, Нясвіжская, Пінская, Полацкая, Слонімская і Супрасльская друкарні (гл. адпаведныя арт.). У 2-й пал. 18 ст. ўзнік перыядычны друк на Беларусі. У ВКЛ першай была «Газэта літэрацка Віленьска» (засн. ў 1760). Першае перыяд. выданне на тэр. сучаснай Беларусі — «Газэта Гродзеньска» (1776—83).

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Расійскай імперыі (2-я пал. 18 ст.) адкрыліся Віцебская, Гродзенская, Магілёўская і Мінская губернскія друкарні (гл. адпаведныя арт.), з 1838 сталі выдавацца «Губернские ведомости». Выходзілі афіц. царкоўныя «Епархиальные ведомости», газ. «Северо-Западное слово». У 1-й пал. 19 ст. на бел. мове выходзілі толькі паасобныя кнігі, у 2-й пал. 19 ст. бел. кнігі выдаваліся пераважна за мяжой. У 1860-я г. ў сувязі з узмацненнем нац.-вызв. руху з’явілася нелегальная беларускамоўная прэса (газ. «Мужыцкая праўда», 1862—63). У 1886—1902 у Мінску выходзіла першая на Беларусі прыватная грамадска-паліт. і літ. газ. «Минский листок» (у 1902—05 «Северо-Западный край»). Дэмакр. кірунак меў часопіс бел. народнікаў «Гомон» (1884). Выдавецкая дзейнасць на Беларусі актывізавалася пасля адмены ў 1905 забароны на бел.-моўнае кнігадрукаванне. У 1906 выйшла першая легальная прагрэс. газета на бел. мове «Наша доля», у 1906—15 — газ. «Наша ніва», якія на ўвесь голас загаварылі пра бел. адраджэнне; выдаваліся часопісы на бел. мове «Саха», «Лучынка» і інш. У пач. 20 ст. створаны бел. выдавецтвы суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» (Пецярбург, 1906—14), Грыневіча А. выдавецтва (1910—14, Пецярбург), «Наша хата» (1908, Вільня), Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні (1913—15; 1919—30). Брашуры і зборнікі бел. аўтараў выпускала выдавецтва «Нашай нівы». Але фінансавыя цяжкасці, цэнзурныя рэпрэсіі, вузкі кніжны рынак, адсутнасць школы на роднай мове па-ранейшаму стрымлівалі развіццё бел. кнігадрукавання. Нягледзячы на значную паліграф. базу (123 дробныя друкарні і літаграфічныя прадпрыемствы ў 1910), кніг выдавалася мала: 104 у 1908, 208 у 1911, 232 у 1913, пераважна календары, малітоўнікі, памятныя кніжкі губерняў, справаздачы. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на Беларусі выдавалася больш за 80 газет на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У грамадзянскую вайну выходзілі толькі тыя перыядычныя выданні, якія падтрымлівалі сав. ўладу: «Звязда», «Дзянніца», «Савецкая Беларусь», «Советская правда» і інш. У 1920 у БССР выдавалася 27 газет і 15 часопісаў. Найб. значным было выдавецтва «Звезда» (з 1917; выдавала творы класікаў марксізму, парт. дакументы, маст. і масава-паліт. л-ру). У 1917—20 выдавецкай справай займаліся Беларускі нацыянальны камісарыят, выдавецкія аддзелы пры мясц. парт. к-тах і органах сав. улады і інш. У студз. 1921 створана Дзяржаўнае выдавецтва БССР. Яно выпускала выданні і рэгулявала ўсю выдавецкую дзейнасць у рэспубліцы. У 1921 выдадзена 196 кніг агульным тыражом 1526 экз., у т. л. маст. і дзіцячай л-ры 13 кніг. На сродкі дзярж. і грамадскіх устаноў у крас. 1922 створана каап. выд-ва «Адраджэнне» (з канца 1922 «Савецкая Беларусь»). Узначальваў яго Ц.Гартны. Выд-ва выпускала творы бел. маст. л-ры, падручнікі, навук. л-ру на роднай мове, перыёдыку. У снеж. 1922 Дзярж. выд-ва БССР з шэрагам інш. прадпрыемстваў аб’яднаны ў Дзярж. трэст выдавецкай справы і паліграф. прам-сці Беларусі «Белтрэстдрук». У ліп. 1924 «Белтрэстдрук» і каап. выд-ва «Савецкая Беларусь» аб’яднаны ў Бел. дзярж. выд-ва, якое стала найбуйнейшай выдавецкай установай рэспублікі. Яно мела сваю паліграф. базу і кнігагандлёвую сетку. У 1930-я г. асн. выд-вамі БССР былі Бел. дзярж. выд-ва (з 1933 Дзярж. выд-ва БССР), выд-ва Інбелкульта (з 1932 Выд-ва АН БССР) і рэдакцыйна-выдавецкі аддзел Цэнтр. савета прафсаюзаў Беларусі. Дзейнічалі таксама спецыялізаваныя выд-вы па выпуску навуковатэхн., ваеннай, партыйнай і інш. л-ры. У гэты ж час пачалося масавае развіццё перыяд. друку, з’явіліся новыя газеты і часопісы: «Літаратура і мастацтва», «Піянер Беларусі» (з 1994 «Раніца») і інш. У 1931 створана Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА).

У Зах. Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы, свае перыядычныя выданні выпускалі розныя партыі і рухі: «Беларускі звон», «Чырвоны сцяг», «Маланка», «Наша воля», «Беларуская крыніца» і інш. Кнігі выдаваліся ў Вільні, дзе знаходзіліся «Беларускае выдавецкае таварыства», Клецкіна Б.А. выдавецтва, Знамяроўскага У. выдавецтва, Выдавецтва ТБШ і інш., і ў Беластоку, дзе працавала выдавецкае т-ва «Рунь». КПЗБ і КСМЗБ мелі свае падп. друкарні (гл. Заходнебеларускі друк).

У Вял. Айч. вайну эвакуіраванае Дзярж. выд-ва БССР працавала ў Маскве, асобныя выданні АН БССР выйшлі ў Ташкенце. Падпольна выдавалася больш за 170 рэсп., абл., раённых газет, у друкарнях некат. партыз. брыгад апрача газет і лістовак выпускалі брашуры і невял. кнігі (гл. Падпольны і партызанскі друк на Беларусі ў гады Вял. Айч. вайны). Калабарацыяністы выдавалі на акупіраванай Беларусі «Беларускую газэту», «Голас вёскі», «Новы шлях» і інш. (гл. Друк акупацыйны на Беларусі ў гады Вял. Айч. вайны).

У пасляваенны час выдавецкая дзейнасць аднаўлялася ў надзвычай складаных умовах. Паліграф. база Беларусі была амаль поўнасцю знішчана. З 200 даваен. прадпрыемстваў часткова ўцалелі толькі Дом друку ў Мінску, некат. абл. і гар. друкарні. У 1944 у Мінску аднавіла работу Дзярж. выд-ва БССР (з 1963 выд-ва «Беларусь»), створаны новыя выд-вы: Выдавецтва АН БССР (1947, з 1963 «Навука і тэхніка»), Вуч.-пед. выд-ва БССР (1951, з 1963 «Народная асвета»), Выдавецтва БДУ (1954, з 1984 «Універсітэцкае»), «Звязда» (1960, з 1992 «Беларускі дом друку»), Выд-ва с.-г. л-ры (1961, з 1963 «Ураджай»), «Вышэйшая школа» (1961), Гал. рэдакцыя Бел. Сав. Энцыклапедыі АН Беларусі (1967, з 1980 выд-ва, гл. «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі), «Мастацкая літаратура» (1972), «Полымя» (1977), «Юнацтва» (1981) і інш. Выдавецкія прадпрыемствы Беларусі поўнасцю забяспечваюць рэспубліку высакаякаснай друкаванай прадукцыяй. 13 дзярж. выд-ваў і больш за 1270 (1996) прадпрыемстваў з правам выдавецкай дзейнасці выпускаюць навук., навуч., маст., метадычную, інфармацыйную і інш. л-ру, перыёдыку. За 1996 выдадзена 3809 назваў кніг і брашур агульным тыражом 59,1 млн. экз. (гл. таксама Выдавецтва, Кніга). На 1.1.1997 зарэгістравана 827 перыяд. выданняў, у т. л. 579 газет, 202 часопісы, 46 бюлетэняў.

Матэрыяльна-тэхн. базай выдавецкай справы з’яўляецца паліграфічная прамысловасць. Найбуйнейшыя цэнтры паліграфіі на Беларусі — Мінскае вытворчае паліграфічнае аб’яднанне (МВПА) імя Я.Коласа, мінская паліграф. ф-ка «Чырвоная Зорка», Мінская фабрыка каляровага друку, гомельская фабрыка «Палесдрук», Брэсцкая, Гродзенская, Віцебская, Магілёўская ўзбуйненыя друкарні, маладзечанская друкарня «Перамога» і інш. Выдавецкіх работнікаў рыхтуюць на ф-це журналістыкі БДУ, у Мінскім вышэйшым вучылішчы паліграфістаў. Навукова-даследчая работа ў галіне выдавецкай справы вядзецца Нацыянальнай кніжнай палатай Беларусі, якая на аснове бібліягр. рэгістрацыі выданняў выдае «Летапіс друку Беларусі».

Літ.:

Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;

450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Волк А.А., Ракович А.Н. Книгоиздательское дело в Белоруссии: Ист. очерк. Мн., 1977;

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн, 1974;

Булацкі Р.В., Сачанка І.Л., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;

Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.). Мн., 1974;

Друк Беларускай ССР 1918—1980: Стат. зб. Мн., 1983;

Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат. Мн., 1986.

С.Х.Александровіч (да 1980-х г.).

т. 4, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІКАБРЫТА́НІЯ

(Great Britain),

Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі (The United Kingdom of Great Britain and Northern Ireland), астраўная дзяржава ў Зах. Еўропе. Займае в-аў Вялікабрытанія, паўн.-ўсх. ч. в-ва Ірландыя і каля 5,5 тыс. дробных астравоў, у т. л. Англсі, Мэн, Уайт, Гебрыдскія, Аркнейскія, Шэтлендскія, а таксама Нармандскія а-вы каля берагоў Францыі. Абмываецца Атлантычным ак. і яго морамі — Паўночным (на У) і Ірландскім (на З); на Пд праліў Ла-Манш і яго найб. вузкая ч. — Па-дэ-Кале. Падзяляецца на 4 адм.-паліт. гіст. вобласці: Англію (39 графстваў і 7 метрапалітэнскіх графстваў), Уэльс (8 графстваў), Шатландыю (9 раёнаў і 3 астраўныя тэрыторыі), Паўночную Ірландыю (26 акруг). Пл. 244 тыс. км². Нас. 58 млн. чал. (1995). Сталіца — г. Лондан (вылучаны з прыгарадамі і суседнімі гарадамі ў асобную адм. адзінку — Вялікі Лондан). Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень нараджэння каралевы Лізаветы II (адзначаецца ў адну з субот у 1-й пал. чэрвеня).

Дзяржаўны лад. Вялікабрытаніі — парламенцкая манархія. Канстытуцыі як адзінага закону няма. Дзейнічаюць Вялікая хартыя вольнасцей 1215, Петыцыя аб праве 1628, Габеас корпус акт 1679, «Біль аб правах» 1689, Вестмінстэрскі статут 1931, Акт аб нар. прадстаўніцтве 1969 і інш. Кіраўнік дзяржавы — манарх (кароль або каралева), паўнамоцтвы і прэрагатывы якога фактычна знаходзяцца ў руках урада, які фарміруецца кіруючай партыяй. Заканад. ўлада належыць манарху і парламенту, які складаецца з 2 палат: верхняй (палата лордаў, каля 1200 чл. з ліку свецкіх і духоўных пэраў) і ніжняй (палата абшчын, 650 чл.), якія выбіраюцца на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад (кабінет міністраў) на чале з прэм’ер-міністрам. Мясцовыя органы самакіравання ў графствах, гарадах-графствах, акругах і прыходах — саветы (выбіраюцца насельніцтвам на 3 гады) на чале з мэрамі (выбіраюцца на 1 год). Судовая сістэма: палата лордаў, Вярх. суд правасуддзя (складаецца з Высокага суда і Апеляцыйнага суда па цывільных справах). Высокі суд падзяляецца на суд завяшчанняў, разводаў і адміралцейства.

Судаводства 1-й інстанцыі ажыццяўляюць у сёлах міравыя суды, у гарадах — паліцэйскія суды.

Мясцовае кіраванне ў Англіі, Уэльсе, Шатландыі мае свае органы, суд. сістэму, нац. царкву, адм.-тэр. падзел. Аўтаномная частка Злучанага Каралеўства — Паўн. Ірландыя, якая з 1972 знаходзіцца пад непасрэдным кіраўніцтвам урада Вялікабрытаніі, мае свой уласны парламент, у склад якога ўваходзяць сенат, палата абшчын і прызначаны манархам губернатар. Вялікабрытанія ўзначальвае Садружнасць — аб’яднанне большасці краін і тэрыторый, якія раней уваходзілі ў Брытанскую імперыю (усяго 49). Захавала кантроль над 14 параўнальна невялікімі каланіяльнымі тэрыторыямі.

Прырода. Прыроду Вялікабрытаніі вызначаюць астраўное размяшчэнне, блізкасць цёплага Паўн.-Атлантычнага цячэння і значная парэзанасць берагавой лініі. Пн і З гарыстыя, у цэнтры і на Пд пераважаюць нізіны. Горы сярэдняй вышыні, моцна згладжаныя, парэзаныя ледавіковай і рачной эрозіяй. Найб. высокае Паўн.-Шатландскае нагор’е з Грампіянскімі гарамі (найвыш. пункт Вялікабрытаніі — г. Бен-Невіс, 1343 м). Далей на Пд размешчаны Сярэдне-Шатландская нізіна і Паўд.-Шатландскае ўзвышша. На Пн уласна Англіі ў мерыдыянальным напрамку цягнуцца Пенінскія горы. На п-ве Уэльс Кембрыйскія горы, гарысты і п-аў Корнуал. Найбольшыя нізіны Паўд.-Усходняя і Мідленд. У Паўн. Ірландыі нізіна з воз. Лох-Ней і ўзвышшы па яе краях. У нетрах Вялікабрытаніі ёсць каменны вугаль (Пеніны, Пд Шатландыі і Уэльса; 45 млрд. т), жал., свінцова-цынкавыя і алавяныя руды, каменная і калійныя солі, каалін, буд. матэрыялы; у нетрах шэльфа Паўн. мора — нафта (2,6 млрд. т) і прыродны газ (1400 млрд. м³). Клімат умераны акіянскі, з няўстойлівым надвор’ем, парывістымі вятрамі і частымі густымі туманамі, з мяккай зімой і халаднаватым летам. Т-ра паветра ад 13—17 °C у ліп. да 3 °C у студз. Ападкаў ад 2000—3000 мм на З да 600—700 мм за год на ПдУ. Найб. рэкі: Северн, Тэмза, Трэнт; некалькі важных суднаходных каналаў. Ёсць значныя азёры, найб. Лох-Ней (пл. 396 км²) у Паўн. Ірландыі. Пераважае культурная расліннасць, шмат лугоў, верасовых пустак. Пад лесам (дуб, вяз, граб, бук, хвоя) і хмызнякамі 9% пл. краіны. Жывёльны свет у параўнанні з мацерыковай Еўропай крыху збеднены. Шматлікія нац. рэзерваты прыроды і рэкрэацыйныя паркі (Пік-Дыстрыкт, Сноўданія і інш.).

Насельніцтва. 81,5% складаюць англічане. Нац. меншасці: шатландцы (9,6%), уэльсцы, або валійцы (1,9%, у аднайм. частках краіны), ольстэрцы (1,8%, перасяленцы ў Паўн. Ірландыю з Англіі і Шатландыі), ірландцы (2,4% у Паўн. Ірландыі і гарадах Англіі); значныя групы выхадцаў з Вест-Індыі, Індыі, Пакістана, краін Афрыкі і Азіі, яўрэяў, італьянцаў, французаў. Невял. колькасць ірландцаў, уэльсцаў, а таксама гэлы (60 тыс. чал.) на Пн Шатландыі збераглі свае мовы (кельцкія паводле паходжання). Сярод вернікаў — пратэстанты (27 млн. англікан пераважна ў Англіі, 0,8 прэсвітэрыян у Шатландыі), католікі (9 млн. чал., у т. л. каля паловы насельніцтва Паўн. Ірландыі), мусульмане (каля 1 млн. чал.), метадысты, сікхі, індуісты, іудаісты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 236.8 чал. на 1 км² (ад 1000 чал. на 1 км2 у прамысл. раёнах да 1—10 чал. на 1 км² на Пн Шатландыі). Гар. насельніцтва больш за 89%. Вял. гарады (тыс. ж., 1992): Лондан (у межах Вялікага Лондана) — 6905, Бірмінгем — 1009, Лідс — 722, Глазга — 684, Шэфілд — 531, Ліверпул — 479, Брадфард — 478, Эдынбург — 440, Манчэстэр — 435. Каля трэці гар. насельніцтва жыве ў гар. канурбацыях: Вял. Лондан, Вял. Манчэстэр, Уэст-Міддендс (вакол Бірмінгема), Клайдсайд (вакол Глазга), Уэст-Йоркшыр (вакол Лідса), Саўт-Йоркшыр (вакол Шэфілда), Мерсісайд (вакол Ліверпула), Тайнсайд (вакол Ньюкасла). У прам-сці і буд-ве занята 25% працаздольнага насельніцтва, у кіраванні — 9,1, энергетыцы — 1,9, сельскай гаспадарцы — 1,2, у гандлі і абслуговых галінах — 62,8%.

Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек на тэр. Вялікабрытаніі жыве з эпохі ранняга і сярэдняга палеаліту. Значнага развіцця стараж. насельніцтва Брытаніі (плямёны скотаў і піктаў) дасягнула ў перыяд неаліту: росквіт першабытнай абшчыны, пераход да жывёлагадоўлі і земляробства. У 6—1 ст. да н.э. Брытанскія а-вы засялілі кельты. Напярэдадні рымскага заваявання брыты (так сталі наз. кельцкія і кельтызаваныя плямёны Брытаніі) перажывалі перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і зараджэння класавага грамадства. У 1 ст. н.э. Брытанія заваявана Рымам, аднак яе раманізацыя была нязначнай. У пач. 5 ст. рымляне пакінулі Брытанскія а-вы. У сярэдзіне 5 — пач. 7 ст. пачалася іх каланізацыя герм. плямёнамі англасаксаў, у ходзе якой утварылася некалькі каралеўстваў (гл. Англасаксонскае заваяванне). У канцы 6—7 ст. англасаксы прынялі хрысціянства. Аснову іх сац.-эканам. сістэмы складала сельская абшчына, якая пачынала ўжо распадацца. У 7—8 ст. значнага развіцця дасягнула буйное і сярэдняе землеўладанне феад. тыпу. З канца 8 ст. пачаліся набегі на Брытанскія а-вы нарманаў, пераважна э тэр. Даніі. Гэта стала адной з прычын аб’яднання ў 829 большасці англасакскіх каралеўстваў у адну дзяржаву — Англію. У 1066 яе захапілі нарманы на чале з герцагам Вільгельмам, які стаў англ. каралём Вільгельмам І (гл. Нармандскае заваяванне Англіі 1066). Першы перапіс насельніцтва, праведзены ў 1086 («Кніга страшнага суда») засведчыў існаванне моцнай цэнтр. улады. Большасць сялян трапіла ў прыгонную залежнасць (гл. Віланы). Нармандскае заваяванне паскорыла эканам. развіццё Англіі. Да канца 12 ст. тут канчаткова склалася цэнтралізаваная феад. дзяржава. Першыя каралі дынастыі Плантагенетаў, асабліва Іаан Беззямельны, умацавалі каралеўскую ўладу. Гэта выклікала апазіц. выступленні шырокіх слаёў насельніцтва (баронаў, рыцараў, гараджан), і кароль вымушаны быў падпісаць у 1215 Вялікую хартыю вольнасцей пераважна для буйных феадалаў. Аднак супраціўленне каралеўскаму самавольству не заціхала і перарасло ў грамадз. вайну (1263—67), у час якой быў створаны (1265) 1-ы ў гісторыі Англіі парламент — сход прадстаўнікоў ад графстваў і гарадоў. У канцы 13 ст. ў Англіі ўсталявалася новая форма дзяржавы — феад. манархія з саслоўным прадстаўніцтвам — парламентам. У 14 ст. ён падзяліўся на 2 палаты, верхнюю (палата лордаў) і ніжнюю (палата абшчын). У канцы 13 ст. Англія заваявала Уэльс. Тэрытарыяльныя і гандл. супярэчнасці паміж Англіяй і Францыяй прывялі да Стогадовай вайны 1337—1433, у выніку якой Англія страціла на кантыненце ўсе тэрыторыі, акрамя г. Кале. Вайна аслабіла краіну, узмацніла сац. нестабільнасць. Сялянскія хваляванні выліліся ў антыфеад. Уота Тайлера паўстанне 1381. У канцы 14 — пач. 15 ст. пачаўся крызіс феад. прыгоннай сістэмы. З сярэдняга і дробнага дваранства, багатых сялян і інш. слаёў узнікла т.зв. новае дваранства — джэнтры, якія сталі пераходзіць на арэнду. Асн. зямельным уладаннем у большасці сялян стаў капігольд. Вялікіх поспехаў дасягнула суконная справа, з’явіліся першыя мануфактуры. У 15 ст. абвастрылася і міжусобная барацьба феадалаў, асабліва паміж дынастыямі Ланкастэраў і Йоркаў. Яна скончылася Пунсовай і Белай руж вайной (1455—85), у якой загінулі гал. прадстаўнікі многіх старадаўніх дынастый. Да ўлады прыйшлі Цюдары. Яны паклалі пачатак англ. абсалютызму, асн. асаблівасцю якога было захаванне органаў саслоўнага прадстаўніцтва і мясц. самакіравання. Абсалютызм дасягнуў свайго росквіту пры каралю Генрыху VIII. Пры ім праведзена Рэфармацыя, у ходзе якой узнікла англіканская царква, царк. ўласнасць ператворана ў свецкую, што ўмацавала каралеўскую казну і ўладу. У 16 ст. адбываўся эканам. ўздым краіны, ішоў працэс накаплення першапачатковага капіталу. У сувязі з хуткім ростам мануфактур, асабліва суконных, павялічыўся попыт на воўну, што спрыяла развіццю авечкагадоўлі. Буйныя землеўладальнікі зганялі сялян з зямлі і здавалі яе ў арэнду пад пашу (гл. Агароджванні), што прыводзіла да сял. выступленняў (найб. вядома паўстанне пад кіраўніцтвам Р.Кета, 1549). Перамяшчэнне гал. гандл. шляхоў з Міжземнамор’я ў Атлантыку паставіла Англію ў цэнтр сусв. эканомікі. У 16 ст. ўзніклі буйныя гандл. кампаніі (Ост-Індская, 1600, і інш.), якія валодалі манапольнымі правамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. Англія ўступіла ў барацьбу за гандл. шляхі і сферы ўплыву. Пасля англа-ісп. вайны 1587—1604 яна стала буйнейшай марской дзяржавай. З канца 16 ст. пачалося пранікненне Англіі ў Індыю, у 1607 заснавана першая англ. калонія ў Паўн. Амерыцы (Віргінія). Працягвалася падпарадкаванне Ірландыі (з 12 ст.), рос англ. уплыў у Шатландыі. Развіццё капіталіст. ўкладу патрабавала ліквідацыі феад. сістэмы і абсалютызму. Антыманархічная апазіцыя сканцэнтравалася ў парламенце, ніжняя палата якога складалася з новага дваранства і вярхоў буржуазіі. Процістаянне парламента каралю абвастрылася з прыходам да ўлады ў Англіі шатл. дынастыі Сцюартаў, якія сталі на шлях. феад. рэакцыі. Вынікам гэтага канфлікту сталі Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя, якія скончыліся перамогай бурж. апазіцыі. У 1649 у Англіі ўсталявалася рэспубліка. У 1652 да Англіі канчаткова далучана Шатландыя (да гэтага яны былі звязаны асабістай уніяй), а таксама падпарадкавана Ірландыя. З 1653 рэспубліка набыла форму пратэктарату О.Кромвеля. Яго ўнутр. і знешняя палітыка праводзілася ў інтарэсах буржуазіі і новага дваранства — працягваліся агароджанні, вяліся войны з Іспаніяй і Галандыяй (гл. Англа-галандскія войны 17 стагоддзя). Няўстойлівасць новага рэжыму, адсутнасць яго падтрымкі народам прывялі да рэстаўрацыі ўлады Сцюартаў (1660—88). Імкненне апошніх да абсалютызму зноў выклікала фарміраванне парламенцкай апазіцыі. У 1688 у Англіі адбылася т.зв. «Слаўная рэвалюцыя», якая скончылася перамогай апазіцыі і запрашэннем на прастол Вільгельма Аранскага (гл. Вільгельм III Аранскі). Паліт. сістэма, якая склалася ў Англіі, грунтавалася на кампрамісе паміж зямельнай арыстакратыяй і вярхамі буржуазіі: «Біль аб правах» (1689) канчаткова замацаваў у краіне рэжым канстытуцыйнай манархіі. З 1707 афіц. назва краіны — Злучанае каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі. На працягу 1-й пал. 18 ст. адбывалася абмежаванне каралеўскай улады і павелічэнне ролі парламента. Паступова аформіліся 2 паліт. партыі — вігі (выражалі інтарэсы радавітай арыстакратыі, звязанай з вярхамі буржуазіі) і торы (абапіраліся на зямельную арыстакратыю і кансерватыўнае дваранства), якія мелі свае фракцыі ў палаце абшчын. У пач. 18 ст. пераважалі кабінеты торы, у 1714—62 — вігаў, якія праводзілі палітыку пратэкцыянізму. У сярэдзіне 18 ст. росквіту дасягнуў мануфактурны капіталізм, завяршаўся аграрны пераварот, які вёў да размывання сялянства і ператварэнне яго ў наёмных рабочых. Прамысл. пераварот у сярэдзіне 18 ст. выклікаў глыбокія змены ў эканам., сац. і паліт. жыцці краіны. З 1825 пачалося буд-ва чыгунак, завяршылася фарміраванне ўнутр. рынку. На паліт. арэну выходзіла прамысл. буржуазія, якая стварыла самастойны паліт. рух — бурж. радыкалізм. Яго асн. патрабаванні — выбарчая рэформа і адмена пратэкцыянізму. З 2-й пал. 18 ст. сістэматычны характар прынялі выступленні рабочых. У канцы 18 — пач. 19 ст. шырокі размах набыў рух разбуральнікаў машын (лудзітаў), якія выступалі супраць укаранення ў вытв-сць машын, бо лічылі іх прычынай пагаршэння свайго становішча. Пачалося стварэнне прафсаюзаў — трэд-юніёнаў. Знешняя палітыка Вялікабрытаніі вызначалася актыўнай калан. экспансіяй. У выніку Сямігадовай вайны 1756—63 Вялікабрытанія расшырыла свае ўладанні за кошт Францыі і Іспаніі. У 1780-я г. яна пачала каланізацыю Аўстраліі, у пач. 19 ст. захоп тэрыторый у Афрыцы (Капская калонія). Аднак у выніку Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Вялікабрытаніі аддзяліліся яе паўн.-амер. калоніі. У канцы 18 ст. пад уплывам амер. і франц. рэвалюцый пачаўся ўздым англ. дэмакр. руху, які працягваўся з перапынкамі да 1830-х г. Англія ўдзельнічала ў вайне супраць рэв. Францыі і антыфранц. кааліцыях, гэта была вайна за калан. першынство і панаванне на сусв. рынках. Англа-ірландская унія 1801 знішчыла рэшткі аўтаноміі Ірландыі. У 1770—1830 краінай у асноўным кіравалі торы. Яны праводзілі палітыку рэпрэсій, прынялі шэраг антыдэмакр. законаў: увялі «хлебныя законы» (1815), якія выклікалі рост цэн. Аднак паступова на палітыку краіны ўсё больш сталі ўплываць памяркоўныя торы, якія імкнуліся прыстасавацца да новых умоў жыцця, больш лічыцца з інтарэсамі буржуазіі (урад Піта Малодшага). У пач. 19 ст. ўрад торы заклаў асновы фабр. заканадаўства, правёў некаторыя рэформы. Вігі пераарыентаваліся на прамысл. буржуазію і сталі на абарону прынцыпаў лібералізму, што дапамагло ім у 1830 вярнуцца да ўлады. У 1832 яны правялі першую парламенцкую рэформу, паводле якой выбарчае права атрымала буйная і сярэдняя буржуазія. Пачалося ўзаконенне двухпартыйнай сістэмы, вігі і торы трансфармаваліся адпаведна ў лібералаў і кансерватараў. У 1830—40-я г. яны па чарзе кіравалі краінай. Вігі-лібералы спрабавалі вырашыць некаторыя сац. праблемы: прынялі выгадны для буржуазіі закон «Пра бедных» (1834), пад націскам рабочага руху правялі закон аб 10-гадзінным рабочым дні для жанчын і падлеткаў (1847). Торы-кансерватары заставаліся апорай зямельнай арыстакратыі. Аднак ва ўладзе знаходзілася іх памяркоўнае крыло на чале з Р.Пілем (піліты). Яны адмянілі «хлебныя законы» (1846), правялі некаторыя фабр. законы У канцы 1830 — пач. 1850-х г. барацьба брыт. рабочых вылілася ў масавы паліт. рух (чартызм), асн. патрабаваннем якога было ўсеагульнае выбарчае права. Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за Вялікабрытаніяй вядучую ролю ў міжнар. палітыцы, умацаваў яе пазіцыі на Еўрап. кантыненце. Брыт. ўрады будавалі сваю знешнюю палітыку на аснове прынцыпаў захавання «раўнавагі сіл» у Еўропе і свабоды дзеянняў. У сярэдзіне 19 ст. Вялікабрытанія завяршыла заваяванне Індыі, узмацніла свой уплыў на Б. і Д. Усходзе, абвастрыўшы тым самым англа-рус. адносіны, з 1840-х г. пачалося яе сістэм. пранікненне ў Кітай, т.зв. «опіумныя войны» (гл. Англа-кітайская вайна 1840—42). 1850—60-я г. — час абсалютнай манаполіі Вялікабрытаніі на сусв. рынку. К таму часу яна стала магутнай калан. імперыяй (больш падрабязна пра калан. палітыку Вялікабрытаніі гл. ў арт. Брытанская імперыя, Англа-афганскія войны, Англа-бірманскія войны, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40, Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-майсурскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-сікхскія войны, Англа-франка-кітайская вайна 1856—60). Да сярэдзіны 19 ст. ў краіне завяршыўся прамысл. пераварот, па тэмпах росту на 1-е месца выйшла цяжкая прам-сць, расла канцэнтрацыя вытв-сці і капіталу, высокага агратэхн. ўзроўню дасягнула сельская гаспадарка. У адрозненне ад інш. краін у Вялікабрытаніі ўжо існавалі асн. бурж.-дэмакр. свабоды, былі легалізаваны рабочыя і дэмакр. арг-цыі. Эканам. перавага буржуазіі паскорыла ў 1850-я г. фарміраванне Ліберальнай партыі, якая аб’яднала вігаў, фрытрэдэраў, пілітаў. У 2-й пал. 19 ст. яна заняла пануючае становішча ў паліт. жыцці Вялікабрытаніі, значную ролю адыгрываў яе лідэр Г.Дж.Пальмерстан. Вакол торы ўтварылася Кансерватыўная партыя Вялікабрытаніі, адным з самых уплывовых яе лідэраў быў Б.Дызраэлі. У 1867 кансерватары правялі дэмакр. выбарчую рэформу, паводле якой права голасу атрымалі дробная буржуазія і рабочая арыстакратыя. У 1868 у Вялікабрытаніі створана агульнанац. прафс. арг-цыя — Брытанскі кангрэс трэд-юніёнаў. У знешняй палітыцы Вялікабрытанія падтрымала рабаўладальнікаў Поўдня ў час Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65, працягвала саперніцтва з Францыяй і Расіяй за панаванне ў Еўропе, на Б. і Д. Усходзе, выступіла супраць Расіі ў Крымскай вайне 1853—56, у выніку ўмацавала свае пазіцыі ў Асманскай імперыі. У апошняй трэці 19 ст. англ. капіталізм уступіў у новы этап развіцця, гал. рысай якога было ўзнікненне манаполій. Аднак працэс манапалізацыі ў Вялікабрытаніі ішоў больш павольна, чым у маладых капіталіст. краінах (ЗША, Германія). Устарэлая тэхн. база не дазваляла ўкараняць навейшыя дасягненні. Зніжаліся тэмпы росту прам-сці, намецілася адставанне Вялікабрытаніі ад інш. развітых краін. У 1880-я г. манаполія Вялікабрытаніі на сусв. рынку была страчана. Наяўнасць велізарнай калан. імперыі і вываз капіталу за рубеж сталі асн. рысамі англ. манапаліст. капіталізму. Вялікабрытанія ўмацавала свае пазіцыі ў Індакітаі, канчаткова захапіла Бірму (1886), Егіпет (1882), Судан (1890-я г.), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (1879). У 1876 англ. каралева абвешчана імператрыцай Індыі. Вынікі 2-й выбарчай рэформы (1867) паказалі неабходнасць барацьбы і кансерватараў, і лібералаў за расшырэнне сваёй сац. апоры. З гэтай мэтай абедзве партыі ў канцы. 19 ст. праводзілі бурж.-дэмакр. рэформы. Ліберальныя кабінеты У.Гладстана (1868—74, 1880—85, 1886, 1892—94) легалізавалі прафсаюзы (1871), расшырылі выбарчае права (1884), правялі адм. рэформы, якія аслабілі пазіцыі арыстакратыі ў дзярж. апараце і арміі. Імкнучыся ўзмацніць кантроль над рабочым насельніцтвам, якое павялічвалася, лібералы прынялі законы пра пач. адукацыю, што стала пачаткам буд-ва дзярж. сістэмы нар. асветы. Кансерватыўныя ўрады Дызраэлі (1874—80) і Р.Солсберы (1885—86, 1886—92, 1895—1902) канчаткова ўзаконілі стачкі (1875), дэмакратызавалі мясц. кіраванне, прадоўжылі сістэматызацыю нар. асветы. Дэмакратызацыя выбарчай сістэмы выклікала перагрупоўку сіл кансерватараў і лібералаў.

Кансерватары пераарыентаваліся на буйных прамыслоўцаў. Лібералы перажывалі крызіс, у 1880-я г. адбыўся раскол іх партыі, выкліканы ірландскай праблемай. У канцы 19 ст. пачалі стварацца масавыя трэд-юніёны, узнікалі сацыяліст. арг-цыі. у 1900 утварылася агульнанац. рабочая партыя — К-т рабочага прадстаўніцтва (з 1906 Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі).

З канца 19 ст. тэмпы эканам. росту Вялікабрытаніі запаволіліся, па аб’ёме вытв-сці яна пачала адставаць ад ЗША і Германіі. У пач. 20 ст. абвастрыліся супярэчнасці з Германіяй з-за рынкаў збыту і панавання на моры. Сац. напружанасць вымусіла кіруючыя колы Вялікабрытаніі пайсці на пэўныя ўступкі працоўным і ў адносінах да заморскіх тэр.: правы дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907). Абвастрэнне англа-герм. супярэчнасцей садзейнічала ўрэгуляванню адносін Вялікабрытаніі з Францыяй і Расіяй. Падпісанне англа-французскага пагаднення 1904 і англа-рускага 1907 (гл. Англа-расійскія пагадненні 1873, 1885, 1907) заклала асновы ваен. саюзу Антанты. У 1-й сусв. вайне Вялікабрытанія шырока выкарыстоўвала матэрыяльныя рэсурсы сваіх калоній. Упершыню былі ўведзены воінская павіннасць, ваен. рэжым. У выніку вайны Вялікабрытанія атрымала частку б. герм. і тур. уладанняў у Афрыцы і Азіі. Германія перастала быць яе асн. сапернікам на сусв. рынках, у калоніях і на моры. Але вайна каштавала Вялікабрытаніі амаль трэці нац. багацця, яна страціла частку рынкаў і вядучую ролю ў сусв. гандлі, аслаблі яе міжнар. фінансавыя пазіцыі. Узмацніўся нац.-вызв. рух у калоніях і рабочы рух у метраполіі. Брыт. ўрад быў адным з гал. арганізатараў узбр. інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі, што выклікала масавы рух «Рукі прэч ад Расіі!». Правал інтэрвенцыі вымусіў урад пайсці на сав.-англ. перагаворы і падпісаць у 1921 гандл. пагадненне, што азначала прызнанне Сав. Расіі дэ-факта. На хвалі ўздыму барацьбы працоўных за свае правы ў 1920 ўзнікла кампартыя Вялікабрытаніі (КПВ), якая не стала значнай паліт. сілай у краіне (спыніла дзейнасць у ліст. 1991). Крызісныя з’явы вымусілі кіруючыя колы Вялікабрытаніі правесці шэраг рэформаў (выбарчае права для мужчын з 21 года, для жанчын з 30 гадоў, пашырэнне сістэмы сац. страхавання, абавязковае навучанне дзяцей да 14 гадоў, дзярж. дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання). Пасля 1-й сусв. вайны ліберальная партыя паступова выцяснялася з паліт. жыцця лейбарыстамі, якія ў 1924 і 1929—31 сфарміравалі ўрад на чале з Дж.Р.Макдональдам. Але гал. ролю ў міжваен. перыяд адыгрывала партыя кансерватараў, якая ў сваіх мэтах выкарыстоўвала кааліцыю з нацыянал-лейбарыстамі і нацыянал-лібераламі (1931—39). Эканоміка Вялікабрытаніі развівалася марудна з-за тэхн. адсталасці прам-сці (асабліва вядучых галін — вуглездабыўной, металургічнай, машынабуд.), абумоўленай недахопам капіталаўкладанняў. Узмацнілася і канкурэнцыя з боку ЗША і інш. краін. Спроба мадэрнізаваць прам-сць і павысіць яе эфектыўнасць за кошт працоўных выклікала супраціўленне прафсаюзаў. Усеагульная стачка 1926 скончылася паражэннем і новым наступленнем на заваёвы працоўных. У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 у Вялікабрытаніі ўзмацніліся бурж.-рэфармісцкія тэндэнцыі. Умяшанне дзяржавы ў эканоміку вялося амаль выключна ўскоснымі метадамі рэгулявання фін.-крэдытнай сферы. Але для барацьбы з рабочым рухам урад часцей прыбягаў да рэпрэсій, чым да рэформаў. Разам з тым у Вялікабрытаніі рабочыя мелі значныя сац. заваёвы. У абставінах абвастрэння адносін з дамініёнамі англ. ўрад пашырыў іх правы і перайшоў да палітыкі поўнага пратэкцыянізму (гл. Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948, Вестмінстэрскі статут 1931). У знешняй палітыцы Вялікабрытаніі ў міжваен. перыяд пераважалі антысав. тэндэнцыі, імкненне наладзіць адносіны з Германіяй, утаймаваць агрэсара. Таму ўрад Н.Чэмберлена (1937—40) падпісаў Мюнхенскае пагадненне 1938, не прыклаў намаганняў для стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. Пасля нападу Германіі на Польшчу Вялікабрытанія разам з Францыяй 3.9.1939 уступіла ў вайну, але не вяла актыўных дзеянняў. Канец «дзіўнай вайне» паклала ў крас. 1940 агрэсія Германіі ў Даніі і Нарвегіі. Пасля капітуляцыі Францыі (22.6.1940) Вялікабрытанія засталася сам-насам з Германіяй. Пасля адстаўкі Чэмберлена з мая 1940 урад узначаліў У.Чэрчыль, які асэнсаваў глыбіню нацысцкай пагрозы і арганізаваў абарону Брытаніі. Значную матэрыяльную дапамогу Вялікабрытаніі аказалі ЗША. 12.7.1941 СССР і Вялікабрытанія заключылі пагадненне пра сумесныя дзеянні ў вайне супраць Германіі, а 26.5.1942 — Дагавор аб саюзе ў вайне супраць гітлераўскай Германіі і яе сатэлітаў у Еўропе, аб супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе пасля вайны тэрмінам на 20 гадоў, англа-савецка-іранскі дагавор 1942. Нягледзячы на саюзныя абавязацельствы, Вялікабрытанія адцягвала адкрыццё 2-га фронту ў Зах. Еўропе. У 2-й сусв. вайне Вялікабрытанія панесла меншыя чалавечыя ахвяры (каля 300 тыс. чал.), чым у 1914—18. Значна большымі былі матэрыяльныя страты — 8,5 млрд. фунтаў стэрлінгаў. Унутр. і знешняя дзярж. запазычанасць патроілася. Аслаблі пазіцыі Вялікабрытаніі і на сусв. рынку, яе цяснілі ЗША. Значная частка залатога запасу Вялікабрытаніі перамясцілася ў амер. банкі, рэзка вырас дэфіцыт яе плацежнага балансу. Узмацніўся рух за нац. незалежнасць калан. краін. Эканоміка Вялікабрытаніі пасля вайны развівалася нізкімі тэмпамі. Асабліва ў 1950-я г. ва ўмовах нарастання навук.-тэхн. прагрэсу, узмацнення інтэграцыйных працэсаў у Зах. Еўропе і распаду калан. сістэмы. У сярэдзіне 1960-х г. Вялікабрытанія саступіла 2-е месца па развіцці ФРГ, а ў 1970-я г. яе абышлі Японія і Францыя. Значныя страты эканоміцы нанеслі крызісы 1974—75 і 1980—82. Да 1986 узровень беспрацоўя не апускаўся ніжэй за 3 млн. чал. (13—14% працаздольнага насельніцтва). Эканам. цяжкасці былі абумоўлены адставаннем Вялікабрытаніі ад многіх краін па ўзроўні прадукцыйнасці працы, нерацыянальным выкарыстаннем інвестыцый, недастатковым укараненнем дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу, вял. ваен. выдаткамі, імкненнем захаваць свой уплыў у краінах Брыт. садружнасці.

З канца вайны хутка рос паліт. ўплыў лейбарысцкай партыі. У 1945 прыняты маніфест «Тварам да будучыні», у якім ставілася мэта стварыць сацыяліст. садружнасць Вялікабрытаніі шляхам эвалюцыі ў рамках змешанай эканомікі ў бок павелічэння ў ёй ролі дзярж. маёмасці, абвешчана шырокая сац. праграма. Лейбарысты выказваліся за захаванне саюзу з СССР і ЗША. Іх урады (у 1945—51 К.Этлі, у 1964—70 і 1974—76 Г.Вільсана, у 1976—79 Дж.Калагэна) нацыяналізавалі Англ. банк, вугальную, газавую, сталеліцейную, электраэнергетычную прам-сць, чыгунку, сродкі сувязі, шэраг авіякампаній, радыё, тэлебачанне і інш. Дзяржава выплаціла ўладальнікам гэтых прадпрыемстваў буйныя кампенсацыі і затраціла вял. сродкі на іх мадэрнізацыю. Каб зберагчы прыбыткі манаполій, быў прыняты план Маршала, уведзена новая сістэма сац. страхавання, палепшана сістэма адукацыі, адменены антыпрафсаюзны закон 1927. У 1965 упершыню прыняты 5-гадовы «нац. эканам. план». Імкнучыся стрымаць рост заработнай платы, спыніць забастоўкі, увесці арбітраж пры працоўных канфліктах, урад Вільсана ў 1975 дамогся «сац. кантракта» паміж трэд-юніёнамі і ўрадам: прафсаюзы абавязаліся на 2 гады абмежаваць павелічэнне зарплаты 10% у год, што стала асновай антыінфляцыйнай палітыкі.

Кансерватары, якія знаходзіліся ва ўладзе у 1915—55 (Чэрчыль), 1955—57 (А.Ідэн), 1957—63 (Г.Макмілан), 1963—64 (А.Дуглас-Х’юм), 1970—74 (Э.Хіт), 1979—90 (М.Тэтчэр) і з 1990 (Дж.Мэйджар), прызналі рэформы лейбарыстаў, але абмежавалі іх маштабы. У аснове іх эканам. палітыкі была дэнацыяналізацыя ў інтарэсах прыватнага капіталу. Яны адмянілі кантроль над платай за жыллё, павялічылі ўзносы працоўных у фонд нац. службы аховы здароўя; у 1962 стварылі Нац. савет эканам. развіцця, які распрацоўваў рэкамендацыйныя планы развіцця эканомікі, абмежавалі рост заработнай платы 2,5%. У 1971 урад Хіта прыняў закон «аб адносінах у прамысловасці», які прымушаў прафсаюзы рэгістравацца ў спец. органах дзярж. нагляду, забараніў стачкі салідарнасці і паліт. выступленні трэд-юніёнаў, што выклікала пратэсты рабочых. У 1960 кансерватары стварылі Еўрап. асацыяцыю свабоднага гандлю. Найб. выніковай была дзейнасць урада Тэтчэр, якая праводзіла палітыку радыкальнай перабудовы эканомікі на прынцыпах неакансерватызму. Праведзены шэраг мер па ліквідацыі інфляцыі, дэнацыяналізацыя і прыватызацыя, заахвочвалася прыватна-прадпрымальніцкая ініцыятыва, у т. л. дробны бізнес, скарачалася падаткаабкладанне асабістых прыбыткаў. Разам з гэтым пачалося наступленне на прафсаюзы. Тэмпы эканам. росту ў Вялікабрытаніі перавышалі ўсе еўрап. паказчыкі, створана больш рабочых месцаў, чым у краінах ЕЭС, разам узятых. Рэзка павялічылася колькасць акцыянераў (11 млн. чал.) і ўладальнікаў прыватнага жылля (60% сем’яў). У 1980-я г. змянілася аблічча брыт. мадэлі дзярж.-манапаліст. капіталізму. Гэта выявілася ў скарачэнні дзярж. сектара пры павышэнні яго эфектыўнасці, у выкарыстанні пераважна крэдытна-фін. метадаў дзярж. рэгулявання, у дзярж. стымуляванні развіцця эканомікі на базе перадавых навукаёмістых тэхналогій і інш. Ва ўмовах эканам. крызісу 1990—92 карэктывы ў палітыку ўнёс урад Мэйджара. Ён адмовіўся ад рэзкага скарачэння сац. выдаткаў, адмяніў непапулярны падушны падатак. З 1994 пачаўся рост поўнай занятасці, хоць беспрацоўе яшчэ захоўвалася на ўзроўні 8,4%. Мэйджар працягвае курс на частковы дэмантаж дзярж. сістэмы сац. абароны, праводзіць няўхільную лінію на зніжэнне кошту рабочай сілы. Праўленне кансерватараў адзначана жорсткім курсам у адносінах да Паўн. Ірландыі (Ольстэр). У 1970 спынена дзейнасць заканад. сходу Ольстэра і ўведзена прамое праўленне Лондана. У 1985 Тэтчэр падпісала пагадненне з Ірландскай Рэспублікай аб кіраванні справамі Паўн. Ірландыі. У 1995—96 дасягнута дамоўленасць аб правядзенні выбараў у Асамблею Ольстэра, а ў чэрв. 1996 пачаліся перагаворы з удзелам усіх зацікаўленых бакоў пры ўмове, што Ірландская рэсп. армія (ІРА) адмовіцца ад тэрору.

Знешняя палітыка лейбарыстаў і кансерватараў пасля 2-й сусв. вайны была прасякнута духам «халоднай вайны»: мацаваліся адносіны з ЗША, Вялікабрытанія ўдзельнічала ў стварэнні сістэмы ваен.-паліт. саюзаў, вяла «малыя» каланіяльныя войны ў Малаі, Угандзе, Нігерыі і інш., адыграла значную ролю ў суэцкай авантуры 1956 і інш. (гл. Англа-егіпецкі дагавор 1936, Англа-егіпецкае пагадненне 1954). Пад націскам нац.-вызв. руху Вялікабрытанія вымушана была пайсці на прызнанне незалежнасці б. калоній. У 1949 адменены Вестмінстэрскі статут 1931 (аб вернасці кароне); манарх прызнаны сімвалам свабоднай асацыяцыі незалежных нацый у рамках брыт. Садружнасці. Рэцыдывам імперскай свядомасці стаў англа-аргенцінскі канфлікт 1982. У 1952 Вялікабрытанія выпрабавала атамную, у 1957 — вадародную бомбу. Рашэнне аб’яднаць ядз. сілы з амер. ў рамках агульных ваен. стратэгічных планаў і размяшчэнне амер. ракет на брыт. тэр. выклікалі антыядзерны рух у краіне. З 1960-х г. узмацнілася еўрап. арыентацыя брыт. знешняй палітыкі. У 1973 Вялікабрытанія ўступіла ў ЕЭС, у 1975 падпісала Заключны акт Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). У 1980-я г. Вялікабрытанія першая з зах. краін падтрымала працэс перабудовы ў СССР. Дасягнута дамоўленасць з КНР аб перадачы ёй ў 1997 Ганконга. У 1990 разам з СССР, ЗША і Францыяй падпісала з ГДР Дагавор аб канчатковым урэгуляванні адносін з Германіяй, аб спыненні дзеяння чатырохбаковых пагадненняў аб Берліне і ўсёй Германіі, заключаных пасля 2-й сусв. вайны. Вялікабрытанія — чл. ААН з 1945, пастаянны чл. Савета Бяспекі ААН, чл. Еўрапейскага Саюза, Савета Еўропы, НАТО і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992. Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт. Паўночная Ірландыя, Уэльс, Шатландыя.

Палітычныя партыі і прафсаюзы.

Кансерватыўная партыя, Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі, Ліберальна-дэмакр. партыя. Дзейнічае 413 прафсаюзаў, найбуйнейшае аб’яднанне — Брытанскі кангрэс трэд-юніёнаў. У Шатландыі і Уэльсе свае праф. аб’яднанні — Шатландскі кангрэс трэд-юніёнаў і Уэльскі кангрэс трэд-юніёнаў.

Гаспадарка. Вялікабрытанія — высокаразвітая індустрыяльная краіна (7-е месца ў свеце па вытв-сці прамысл. прадукцыі). Доля ў валавым унутр. прадукце (ВУП): прам-сці каля 40%, сельскай гаспадаркі каля 2, гандлю каля 6, транспарту каля 7, будаўніцтва каля 6%. Дзяржава кантралюе кам.-вуг. прам-сць, эл.-энергетыку, чыг. транспарт, нац. банк, чорную металургію, некаторыя кампаніі апрацоўчай прам-сці. З 1980-х г. узяты курс на дэнацыяналізацыю, продаж дзярж. прадпрыемстваў і скарачэнне дзярж. сектара. Прамысловасць дае 90% экспарту. Вугальная прам-сць — старэйшая ў краіне. У 1992 кам. вугалю здабывалася 87 млн. т, бурага 10 млн. т. Асн. раёны здабычы — Йоркшырскі (60%), Нортамберленд-Дарэмскі, Паўднёва-Уэльскі. Здабыча нафты 87 млн. т, прыроднага газу — 48 млрд. м³ на шэльфе Паўн. мора. Нафтаперапр. прам-сць у прыморскіх і прамысл. раёнах (26 з-даў агульнай магутнасцю 123 млн. т за год). Вытв-сць эл.-энергіі 327 млрд. кВт·гадз (1992), у т. л. на ЦЭС 77,8%, АЭС 16,2, ГЭС 6%. Чорная металургія працуе на ўласным паліве і імпартнай жал. рудзе. Пераважае кіслародна-канвектарны спосаб і электраплаўка. Выплаўляецца 16,2 млн. т сталі (1992). Асн. металург, з-ды ў прыбярэжных раёнах: Паўд. Уэльс, Тайнсайд, Шатландыя; высакаякасныя сталі — у раёне Шэфілда, яе асн. вытворца — дзярж. кампанія «Брытыш стыл». Каляровая металургія працуе амаль цалкам на прывазной сыравіне, яе прадпрыемствы размешчаны пераважна ў партовых гарадах эстуарыя Тэмзы, Паўд. Уэльса, Ланкашыра. Алюміній выпускаюць з-ды на ПнУ і на в-ве Англсі. Апрацоўка каляровых металаў сканцэнтравана ў буйных цэнтрах машынабудавання, якое дае 40% кошту прамысл. прадукцыі і 1/3 экспарту. Вылучаецца агульнае машынабудаванне (комплекснае, дарожнае, пагрузачна-разгрузачнае, пад’ёмна-транспартнае, с.-г., станкі і прылады), электроннае (ЭВМ і мікраэлектронныя элементы), транспартнае (рухомы састаў чыгунак, судна-, аўтамабіле- авіяракетабудаванне). Вытв-сць легкавых аўтамабіляў — 1291 тыс. (1992): асн. кампаніі «Форд», «Джэнерал мотарс», «Брытыш Лейленд мотар». Асн. цэнтры разнастайнага машынабудавання — Брысталь, Вял. Лондан, Дэрбі, стаканабудавання — Ковентры, Лестэр, Бірмінгем, прыладабудавання — Вял. Лондан, Бірмінгем, вытв-сці тэкстыльных машын — Ланкашыр, Йоркшыр, Усх. Мідленд, цяжкага машынабудавання — металургічныя цэнтры ПнУ Англіі і Клайдсайда, аўтамабілебудавання — Бірмінгем, Ковентры, Вял. Лондан, Лутан, Оксфард, Ланкашыр, суднабудавання — Клайдсайд, ПнУ Англіі, Белфаст. У аснове хім. прам-сці — вытв-сць сернай кіслаты, хлору, соды, мінер. угнаенняў, разнастайнай прадукцыі: сінт. валокнаў, пластмас, фарбавальнікаў, мыйных сродкаў, аграхімікатаў, фармацэўтычных тавараў і інш. Асн. раёны хіміі: ПдУ (Вял. Лондан — тонкая хімія і фармацэўтыка, Фолі — нафтахімія), Ланкашыр (асн. хімія і нафтахімія), ПнУ (комплекс вытворчасцей арган. і неарган. хіміі, цэнтр г. Білінгем), сярэдняя Шатландыя (нафтахімія — г. Грэйнджмут), Паўд. Уэльс (нафтахімія — каля г. Суонсі), ПдУ і Йоркшыр (мінер. ўгнаенні). Тэкст. прам-сць — старэйшая экспартная галіна, але былое сваё значэнне страціла. Асн. раён баваўнянай прам-сці — Ланкашыр, шарсцяной — Йоркшыр, трыкатажнай — Усх. Мідленд, ільняной — Паўн. Ірландыя. Разнастайная вытв-сць тканін з хім. валокнаў. Добра развіты швейная і абутковая прам-сць. Усюды развіта харч. прам-сць, якая перапрацоўвае мясц. сыравіну, у партовых гарадах — імпартную.

Сельская гаспадарка высокамеханізаваная, інтэнсіўная, забяспечвае больш за 80% патрэбы краіны ў харч. прадуктах. Больш за палову зямлі належыць буйным фермам (больш за 100 га), якія даюць асн. ч. таварнай прадукцыі. Гал. галіна — малочная і мясная жывёлагадоўля (70% кошту с.-г. прадукцыі), добра забяспечаная натуральнымі сенажацямі і пашамі (70% с.-г. зямель), кармавымі культурамі (1/3 пасяўной плошчы) і імпартным фуражом. У 1994 (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 12, свіней (пераважна беконных) 7,7, авечак 43, птушкі 127. У раслінаводстве пераважаюць збожжавыя культуры (3/5 ворыва, збор 22,5 млн. т у 1993). Гал. культуры — ячмень і пшаніца, вырошчваюць кукурузу, бульбу, цукр. буракі. Развіта агародніцтва, садоўніцтва, парніковая гаспадарка, кветкаводства. Сярэдняя ўраджайнасць пшаніцы больш за 60 ц/га, ячменю — 48 ц/га, цукр. буракоў — 350 ц/га, бульбы — 340 ц/га. Марское і рачное рыбалоўства. Гал. жытніца краіны — Усх. Англія і ПдУ.

Гал. від транспарту — марскі (больш за 90% грузаабароту). Танаж марскога флоту 19,2 млн. бр. рэг. т (1994). Найб. марскія парты (1994): Лондан (каля 80 млн. т, 40% экспарту і 25% імпарту краіны), Ліверпул, Мілфард-Хейвен, Саўтгемптан, Манчэстэр, Глазга, Хал (Гуль), Брысталь. Даўж. чыгунак 16,9 тыс. км (1994), у т. л. 4,5 тыс. км электрыфікавана. Гал. чыг. вузел — Лондан (11 промняў). Тунэль пад Ла-Маншам і паромныя пераправы звязваюць чыгункі Вялікабрытаніі і мацерыковай Еўропы. Аўтатранспарт (22 млн. аўтамабіляў, у т. л. 17 млн. легкавых) ажыццяўляе б.ч. ўнутр. грузаперавозак і 90% пасажыраперавозак. Даўж. шашэйных дарог 363 тыс. км. З унутр. водных шляхоў (даўж. 2,3 тыс. км) найб. значэнне маюць р. Тэмза і Манчэстэрскі канал. У краіне 933 км нафтаправодаў, 2993 км нафтапрадуктаправодаў, 12,8 тыс. км газаправодаў. Працуе 385 аэрапортаў, найбуйнейшыя каля Лондана, Манчэстэра, Глазга. Асн. гандл. партнёры — краіны Еўрап. супольнасці (45% знешнегандл. абароту), асабліва ФРГ і Францыя, а таксама краіны Садружнасці і ЗША. Доля Вялікабрытаніі ў сусв. экспарце — каля 9% (5-е месца ў свеце). Вывозяцца нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, аўтамашыны, сталь, прадукцыя хім. прам-сці, тэкстыль. На долю Вялікабрытаніі прыпадае больш за 80% сусв. экспарту віскі, 44,5% авіяц. рэактыўных рухавікоў, больш за 28% штучных валокнаў. Імпарт: бавоўна, руды металаў, сера, фасфарыты, натуральны каўчук, шэрсць, харч. тавары. Вялікабрытанія — буйны экспарцёр капіталу (2-е месца ў свеце пасля ЗША). Турызм дае 4% ВУП, занята больш за 1 млн. чал. Грашовая адзінка — фунт стэрлінгаў.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск (арміі), ВПС і ВМФ, якія знаходзяцца ў стане рэфармавання (да 2000 года). У канцы 1994 налічвалі 254,3 тыс. чал. (376,2 тыс. рэзервістаў). Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Сухап. войскі (1995) налічваюць 119 тыс. чал., размешчаны ў метраполіі (механізаваная і бранятанкавая дывізіі, 15 асобных пях. брыгад і інш.), ФРГ (23 тыс. чал., уваходзяць у склад «сіл хуткага разгортвання» НАТО) і на заморскіх тэрыторыях, у т. л. 2 пях. батальёны на Кіпры, па аднаму пяхотнаму батальёну ў Брунеі, Белізе, на Фалклендскіх а-вах, у Ганконгу (пях. брыгада, да 1997). Паводле дагавора аб звычайных узбр. сілах у Еўропе яны маюць на ўзбраенні да 1015 танкаў, 636 гармат палявой артылерыі, 384 баявых верталётаў, 3176 баявых браніраваных машын. У ВПС (1995) 75,7 тыс. чал., больш за 320 баявых самалётаў і 159 верталётаў. ВМФ (1994) найбуйнейшы ў Зах. Еўропе — 53 600 чал., 113 баявых караблёў (4 атамныя ракетныя, 13 атамных мнагамэтавых і 5 дызельных падводных лодак, 3 лёгкія авіяносцы, 12 эскадраных мінаносцаў, 26 фрэгатаў, 10 патрульных, 33 мінна-тральныя, 7 дэсантных) і 20 патрульных катэраў.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 74, у жанчын 80 гадоў. Смяротнасць 11на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 146 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 611 чал. Узровень нараджальнасці 13 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 7 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Вялікабрытаніі грунтуецца на актах аб адукацыі 1944 (Англія і Уэльс), 1945 (Шатландыя) і 1947 (Паўн. Ірландыя). У Англіі і Уэльсе яна складаецца з 3 ступеняў: 1-я — пач. адукацыя, 2-я — сярэдняя, 3-я — далейшая і універсітэцкая адукацыя. Абавязковая адукацыя для дзяцей ва ўзросце 5—16 гадоў. Існуе дзярж. сістэма нар. адукацыі (93% навучэнцаў) і прыватная (7%). Дзярж. сістэма — дашкольныя ўстановы (для дзяцей да 5 гадоў), пач. школы (5—11 гадоў), сярэднія школы (11—16 гадоў — няпоўныя, да 18 гадоў — поўныя). Сярэднюю адукацыю вучні атрымліваюць, як правіла, у аб’яднаных школах (да іх прымыкаюць школы з прамежкавай ступенню). Захоўваюцца і традыц. тыпы сярэдніх школ: граматычныя і сучасныя, ёсць нязначная колькасць сярэдніх тэхн. школ. Формы і метады навучання ў розных тыпах школ неаднолькавыя. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучні здаюць экзамены звычайнага ўзроўню, якія даюць магчымасць паступаць у навуч. ўстановы сістэмы далейшай адукацыі, або экзамены павышанага ўзроўню, якія замяняюць уступныя выпрабаванні ва ун-т і інш. ВНУ. Вучні, якія не здавалі выпускных экзаменаў (каля 30%), пакідаюць школу ва ўзросце 16 гадоў. Далейшая адукацыя (для асоб ва ўзросце больш за 16 гадоў) уключае агульнаадук., прафес. і тэхн. навуч. ўстановы рознага ўзроўню, установы для адукацыі дарослых, некаторыя ВНУ (усе віды вышэйшай адукацыі ў Англіі і Уэльсе, за выключэннем універсітэцкай, належаць да ступені далейшай адукацыі). Ун-ты традыцыйна не належаць да сістэмы далейшай адукацыі, да іх далучаюцца некаторыя спец. каледжы вышэйшай адукацыі, якія маюць курсы, што даюць магчымасць выпускнікам здаваць экзамены на атрыманне вучонай ступені або дыплома аб вышэйшай адукацыі (тэхн., маст. і інш.). Школьная сістэма Шатландыі будуецца на ўзор англійскай, аднак у пач. школах тэрмін навучання 7 гадоў, у сярэдніх — 6. Асноўны тып сярэдняй школы — аб’яднаная школа. Ёсць нязначная колькасць прыватных школ. Сярэднюю прафес. адукацыю даюць дзённыя і вячэрнія каледжы на базе няпоўнай сярэдняй школы, вышэйшую — цэнтр. ін-ты (на базе поўнай сярэдняй школы). У Паўн. Ірландыі паводле закону 1947 створана сістэма адукацыі на ўзор англійскай.

На 1.1.1996 у Вялікабрытаніі 29 900 дзярж. агульнаадук. школ, 1800 спецыялізаваных, 2500 прыватных (ва ўсіх відах школ навучалася больш за 9 млн. навучэнцаў); больш за 90 ун-таў (1 млн. 541 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: Оксфардскі універсітэт, Кембрыджскі універсітэт, Лонданскі універсітэт, ун-т у Глазга (з 1451), Абердзінскі (з 1495), Эдынбургскі (з 1583), Дарэмскі (з 1832), Каралеўскі ун-т у Белфасце (з 1845), ун-т Уэльса ў Кардыфе (з 1893), Ольстэрскі ун-т у Калрэйне (з 1984). У 1988 статус ун-таў атрымалі 47 ін-таў, заснаваны ун-т і Каралеўскі каледж мастацтваў. Буйнейшыя б-кі: Брытанская бібліятэка ў Лондане, б-ка Оксфардскага ун-та (з 1602), б-ка Кембрыджскага ун-та, Нац. б-ка Уэльса ў Кардыфе (з 1907), Публічная б-ка Ланкашыра (з 1924), Нац. б-ка Шатландыі ў Эдынбургу (з 1682), б-кі Эдынбургскага і Лонданскага ун-таў. Найб. музеі: Брытанскі музей (з 1753), Брытанскі музей прыродазнаўчай гісторыі, Навуковы музей (з 1857; мае унікальную калекцыю машын), Лонданскі музей (з 1912), Нац. галерэя (з 1824), Музей Вікторыі і Альберта (з 1852), Галерэя Тэйт (з 1897), Нац. партрэтная галерэя (з 1857) — усе ў Лондане; Нац. музей Уэльса ў Кардыфе (з 1907), мемарыяльны музей Шэкспіра ў г. Стратфард-он-Эйван; Шатландскі каралеўскі музей (з 1854), Нац. галерэя Шатландыі (з 1859), Нац. музей шатландскіх выдатнасцей (з 1780) — усе ў Эдынбургу. Навукова-даследчую работу ў Вялікабрытаніі праводзяць ун-ты, Лонданскае каралеўскае т-ва, Грынвіцкая астр. абсерваторыя, Савет даследаванняў па грамадскіх навуках, галіновыя дэпартаменты і навук. цэнтры, а таксама каап. асацыяцыі, фірмы, прыватна-прамысл. лабараторыі і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Вялікабрытанія займае адно з вядучых месцаў у свеце па насычанасці прэсай. Выходзіць каля 160 штодзённых і нядзельных газет, 1300 штотыднёвых, 7,5 тыс. інш. перыяд. выданняў (1992). Найб. уплывовыя газеты: «The Daily telegraph and morning post» («Штодзённы тэлеграф і ранішняя пошта», з 1855); «Daily express» («Штодзённы экспрэс», з 1900), «Daily mail» («Штодзённая пошта», з 1896), «Sunday times» («Нядзельны час», з 1822), «The Times» («Час», з 1785), «Daily mirror» («Штодзённае люстэрка», з 1903), «Sunday mirror» («Нядзельнае люстэрка», з 1915), «The People» («Народ», з 1881), «Tribune» («Трыбуна», з 1937), «The Observer» («Аглядальнік», з 1791). У Вялікабрытаніі няма афіц. цэнзуры, дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі рэгулюецца заканад. актамі. Амаль усе газеты ў фінансавых адносінах незалежныя ад паліт. партый і праводзяць самаст. рэдакцыйную палітыку. Вядучыя інфармацыйна-тэлеграфныя агенцтвы: Рэйтэр (Reuter), Прэс Асашыэйшэн (The Press Association), Эксчэйндж Тэлеграф (The Exchange Telegraph). Рэгулярнае радыёвяшчанне з 1922. Радыё- і тэлевяшчанне вядзецца пераважна 2 буйнымі агульнанац. арг-цыямі: «Брытыш бродкастынг карпарэйшэн» (Бі-бі-сі) і Індэпэндэнт бродкастынг асорыты (Ай-бі-эй). Дзейнічае некалькі дробных радыёкампаній, якія вядуць вяшчанне на асобныя рэгіёны краіны. Тэлевяшчанне (2 агульнанац. і 10 рэгіянальных праграм) вядзецца Бі-бі-сі і 16 прыватнымі тэлекампаніямі, якія адносяцца да Ай-бі-эй. Тэлеслужба Бі-бі-сі (з 1936) вядзе перадачы па 2 каналах (Бі-бі-сі І ахоплівае 99% насельніцтва Вялікабрытаніі, Бі-бі-сі II — 94%). Праграмы тэле- і радыёвяшчання трансліруюцца з дапамогай шырока развітых сетак наземнага, спадарожнікавага вяшчання і кабельнага тэлебачання. З некалькіх дзесяткаў спадарожнікаў розных краін і кампаній магчымы прыём больш за 100 тэле- і радыёпраграм (з іх каля 80 на англ. мове), практыкуюцца перадачы на некалькіх мовах з магчымасцю выбару любой з іх. Тэлепраграмы вядуцца па сістэмах каляровага тэлебачання PAL і SECAM; PAL plus і D2=MAC; MPEG. Мона- і стэрэафанічнае гукавое суправаджэнне перадаецца аналагавым і лічбавым спосабамі. Прыём вядзецца на індывідуальныя (76%) і калектыўныя (24%) антэны. Многія праграмы носяць агульнаеўрапейскі (BBC World, Euronews, Eurosport і інш.) і міжнародны (CNN) характар. Шырока практыкуецца паказ закадзіраваных праграм.

Літаратура. Вытокі л-ры Вялікабрытаніі ў багатым фальклоры англасаксаў, якія ў 5—6 ст. прыйшлі з кантынента і прынеслі з сабою герм. міфы і легенды, што вусна перадаваліся з пакалення ў пакаленне. З твораў нар. паэзіі англасаксаў зберагліся элегічныя паэмы «Бадзяга», «Скаргі Дэора», «Жальба жонкі», фрагмент эпічнай паэмы «Фінсбургская бітва». Пісьмовая л-ра ўзнікла ў 7 ст. Найб. стараж, помнікі гераічнага эпасу — паэмы «Беавульф» (напісана ў канцы 7 ст., захавалася ў рукапісе 10 ст.). Пасля ўвядзення хрысціянства з’явілася л-ра на лац. мове (Альдгельм, Беда Высокашаноўны, Алкуін), ствараліся рэліг. паэмы і на англасаксонскай мове (Кэдман, Кюневульф). Англасаксонская проза зарадзілася ў 9—11 ст. (кароль Альфрэд, Эльфрык, Вульфстан). Пасля заваявання Англіі нарманамі (11—13 ст.) развівалася трохмоўная л-ра: царк. творы на лац. мове, рыцарскія вершы і паэмы на франц., англ. паданні на англасаксонскай. Да сярэдзіны 14 ст. склалася агульнанац. англ. мова. Апошняй праявай літ. трохмоўя была творчасць Джона Гаўэра (паэма «Люстэрка роздуму», 1376—79, на франц. мове; «Марны лямант у пустыні», 1382, на лац.; «Гісторыя закаханага», 1390, выд. 1483, на англ.). Драм. падзеі часоў Сял. вайны пад кіраўніцтвам Уота Тайлера адлюстраваны ў творчасці У.Ленгленда (паэма «Мроя аб Пятру-аратаю», 1362). Вяршыня л-ры класічнага сярэднявечча і прадвеснік рэнесансу ў Англіі — нац. эпас Дж.Чосера «Кентэрберыйскія апавяданні» (канец 14 ст.). Стогадовая вайна з Францыяй, вайна Пунсовай і Белай руж затрымалі развіццё л-ры Вялікабрытаніі. Сярод нямногіх помнікаў 15 ст. — выкладзеныя ў прозе легенды аб рыцарах Круглага стала (раман «Смерць Артура» Т.Мэлары, апубл. ў 1485); развівалася нар. паэзія — балады легендарнага, гіст., драм. характару.

Спыненне феад. спрэчак і ўстанаўленне абсалютызму Цюдараў спрыялі адраджэнню л-ры. У пач. 16 ст. актыўна пранікаюць з кантынента на Брытанскія а-вы ідэі гуманізму. Т.Мор стварыў новы ў еўрап. л-ры жанр рамана-утопіі («Утопія», 1516, на лац. мове; 1551, на англ. мове), а паэты-«петраркісты» — узоры англ. санета (зб. «Песні і санеты», 1557). З уступленнем на трон Лізаветы І гуманізм становіцца гал. кірункам у англ. л-ры. Вяршыняй эпічнай паэзіі стала паэма Э.Спенсера «Каралева фей» (1590), напісаная арыгінальнай страфой (спенсерава страфа). Зарадзіліся жанры махлярскага і прыгодніцкага раманаў, пастаральнай л-ры («Эўфуэс і яго Англія» Дж.Лілі, 1580; «Аркадыя» Ф.Сідні, 1590, «Вопыты і павучанні» Ф.Бэкана, 1597—1625). Тэарэт. маніфестам англ. рэнесансу ў л-ры стала «Абарона паэзіі» Сідні (1581, апубл. 1595). У драматургіі аб’яднанне традыцый нар. т-ра з «вучонай» драмай ажыццявілі К.Марла, Р.Грын, Т.Кід, Лілі. Найвышэйшае дасягненне англ. драматургіі — творчасць У.Шэкспіра. Завяршаюць перыяд росквіту англ. драматургіі Б.Джонсан, Т.Хейвуд, Т.Дэкер, Ф.Бомант і Дж.Флетчэр.

Да буйнейшых з’яў л-ры 17 ст. належыць «метафізічная школа» паэтаў (Дж.Дон, Дж.Херберт), лірыка кавалераў (Э.Марвел), алегарычны раман «Шлях паломніка» Дж.Беньяна, паэзія і драматургія Дж.Драйдэна, класіцыстычная камедыя нораваў (У.Уічэрлі, У.Конірыў, Дж.Этэрыдж, Дж.Ванбру, Дж.Фаркер). Паэма Дж.Мільтана «Страчаны рай» пазначыла пераход ад гуманізму да асветніцкай ідэалогіі. У 18 ст. ў рэчышчы англ. Асветніцтва развівалася некалькі літ. кірункаў: класіцызм (паэмы А.Попа), рэалізм (раманы Дж.Свіфта, Д.Дэфо, Г.Філдынга, Т.Дж.Смолета) і сентыменталізм (раманы С.Рычардсана, О.Голдсміта, Л.Стэрна, паэзія Э.Юнга, Т.Грэя). Драматургію 18 ст. прадстаўляюць жанры класіцыстычнай трагедыі («Катон» Дж.Адысана), «баладнай оперы» («Опера жабракоў» Дж.Гея), «мяшчанскай» драмы («Лонданскі купец» Дж.Ліла). Майстрам асветніцкай камедыі быў Р.Б.Шэрыдан. Апазіцыйныя класіцызму літ. плыні і з’явы аб’яднаны паняццем перадрамантызму, калі адраджалася цікавасць да фальклору і нац. традыцый («Паэмы Асіяна» Дж.Макферсана; «Брыстольская трагедыя» Т.Чатэртана, зб-кі нар. балад Т.Персі, Дж.Макдональда). У прозе перадрамантызм выявіўся ў раманах «жахаў і таямніц» Х.Уолпала і Г.Радкліф. Адраджэнне цікавасці да нар. паэзіі вызначыла шырокую папулярнасць шатл. паэта Р.Бёрнса. Пачатак рамантызму ў англ. л-ры звязваюць з выхадам у свет зб-ка «Лірычныя балады» У.Вордсварта і С.Т.Колрыджа, з творчасцю паэтаў «Азёрнай школы» (Вордсварт, Колрыдж, Р.Саўці). Асобнае месца ў англ. рамантызме займае міфатворчасць У.Блейка. Малодшае пакаленне рамантыкаў прадстаўляе плеяда вял. паэтаў — Дж.Г.Байран, П.Б.Шэлі, Дж.Кітс. Жанр гіст. рамана стварыў В.Скот. Асобная роля ў працэсе пераходу ад рамантызму да рэалізму належыць творчасці сясцёр Бронтэ. Традыцыі асветніцкага дыдактычнага і сац.-псіхал. рэаліст. раманаў звязала Дж.Осцін («Гордасць і прадузятасць»).

Росквіт прозы пісьменнікаў-рэалістаў прыпадае на 1830—60-я г. (Ч.Дзікенс, У.М.Тэкерэй, Э.Гаскел, Э.Дж.Булвер-Літан, Ш.Бронтэ). Спалучэнне сац. праблематыкі з тонкім псіхал. аналізам у творчасці Дж.Эліята («Млын на Флосе») і Дж.Мерэдзіта («Эгаіст»). Псіхолагам, які апярэдзіў праблематыку 20 ст., быў «апошні віктарыянскі класік» А.Тролап (цыкл раманаў «Барсетшырскія хронікі»), У канцы 19 ст. назіраюцца кантрастныя кірункі ў прозе: жорсткі рэалізм Т.Хардзі і С.Батлера, неарамантызм Т.М.Рыда і Р.Л.Стывенсана, натуралізм Дж.Мура і Дж.Гісінга. Вобраз рэвалюцыянера стварыла ў рамане «Авадзень» Э.Л.Войніч. Развівалася і паэзія познарамантычнага тыпу: апавядальная лірыка А.Тэнісана, філас. паэзія Р.Браўнінга, грамадз. і інтымная лірыка Э.Браўнінг, геданістычная — Э.Фіцджэралда (пераклады А.Хаяма). Яркай з’явай у паэзіі і мастацтве стала творчасць «Брацтва прарафаэлітаў», тэарэтыкамі якога былі Дж.Рэскін і У.Морыс. Гэты рух вылучыў паэтаў Д.Г.Расеці і К.Расеці. Блізкі да прарафаэлітаў быў позні рамантык А.Ч.Суінберн. На фоне афіц.-дыдактычнай дзіцячай л-ры адметныя філас. казкі-гратэскі Л.Кэрала і «бяссэнсіцы» Э.Ліра. Тэндэнцыі эстэтызму, імпрэсіянізму, сімвалізму знайшлі адлюстраванне ў творчасці О.Уайльда. На абнаўленне драматургіі паўплывала творчасць Б.Шоу, аўтара «драм-дыскусій», майстра п’ес, дзе выкрываюцца парадоксы бурж. грамадства. Тэндэнцыі рэалізму з выкарыстаннем формы фантаст. і дэтэктыўнага жанраў у л-ры прадаўжалі Г.К.Чэстэртан, А.К.Дойл, Г.Дж.Уэлс. Філігранны стыль, тонкі псіхалагізм, дакладнасць сац. крытыкі вызначаюць прозу Дж.Голсуарсі («Сага аб Фарсайтах»), У.С.Моэма («Цяжар жаданняў чалавечых»), А.Бенета («Клейхенгер»), К.Мэнсфілд, А.Э.Копарда, Э.М.Форстэра. Гумарыстычны кірунак у прозе прадстаўляе Дж.К.Джэром, марыністыку — Дж.Конрад. Наватарскай была творчасць Р.Кіплінга, аўтара асобай эстэтыкі трагічнага стаіцызму. 1910-я г. сталі пачаткам новага этапу ў развіцці англ. паэзіі (геаргіянцы — Дж.Мейсфілд, У.Дж. дэ ла Мар; імажысты — Р.Олдынгтан, Э.Паўнд).

Крызіс познавіктарыянскай эпохі, 1-я сусв. вайна, пасляваен. крызіс выклікалі пераломныя з’явы ў англ. л-ры. Геаргіянцы, якія сталі «акопнымі паэтамі», пісалі пра трагедыю вайны (Р.Брук, З.Сасун). У пошуках дакладнага слова і сэнсу паэты-мадэрністы спрабуюць пераўтвараць паэт. мову, адмаўляюцца ад традыц. формы верша, ствараюць асобую міфал. сістэму (Т.С.Эліят, Паўнд). Наблізілася да грамадз. тэматыкі і вярнула ў паэзію жывую нар. мову т.зв. «оксфардская» група паэтаў (У.Х.Одэн, С.Спендэр, С.Д.Льюіс). У англ. прозе 1920—30-х г. вядучае становішча займае раман (раманы «плыні свядомасці» — «Уліс» Дж.Джойса, эксперым. псіхалагічны «Місіс Дэлаўэй» В.Вулф, сац.-псіхал. эратычны «Палюбоўнік лэдзі Чатэрлі» Д.Г.Лорэнса; «інтэлектуальны раман» «Цудоўны новы свет» О.Хакслі, сатырычны «Заняпад і разбурэнне» І.Во, традыцыйны рэалістычны «Цытадэль» А.Кроніна, «Усе людзі — ворагі» Олдынгтана). Драматургію развівалі Дж.Бары, Дж.Б.Прыстлі. Паступовы распад Брыт. імперыі пасля 2-й сусв. вайны выклікаў у л-ры песімізм і «прарочую» ацэнку будучыні таталітарных дзяржаў (антыўтопія Дж.Оруэла «1984-ы год»). Рэаліст. проза шукае новы дынамізм і псіхал. дакладнасць («З любові да бліжняга» Дж.Кэры).

У 1950-я г. ўзнікла л-ра «раззлаваных маладых людзей». Расчараванне моладзі ў перспектывах бурж. грамадства паказалі К.Эміс («Шчасліўчык Джым»), Дж.Уэйн («Спяшайся ўніз»), А.Сілітаў і С.Чаплін — аўтары «рабочага» рамана, Дж.Олдрыдж і Ч.П.Сноў — палітычнага. Пра ўплыў НТР на лёс чалавецтва разважаюць пісьменнікі-фантасты (А.Кларк, Дж.Уіндэм, Дж.Г.Болард). Англ. экзістэнцыялізм прадстаўляюць раманы-прытчы У.Голдынга («Валадар мух»), мадэрнісцкія пошукі — Л.Дарэл (квадралогія «Александрыйскі квартэт»). Традыцыі класічнага рэалізму 19 ст. і экзістэнцыяльныя матывы ярка выяўлены ў творах А.Мэрдак («Пад сеткай», нап. 1966). Майстрам сац.-паліт. гратэскавага рамана зарэкамендавала сябе М.Спарк, псіхал. раман абнавілі адкрыццямі экзістэнцыяльнай эстэтыкі Дж.Фаўлс, С.Хіл, М.Дрэбл, Ч.Дж.Мітчэл. Традыцыі дэтэктыўнай прозы прадоўжылі А.Крысці, Дж. Ле Карэ. Яркай з’явай англ. паэзіі 1960-х г. стала творчасць «Групы» (ад назвы «Анталогія паэтаў «групы», куды ўвайшлі 17 паэтаў). Паэзія 1970-х г. імкнецца да аб’ектыўнасці і паказу непрыхарошанай праўды жыцця (Т.Х’юз, Ф.Ларкін).

У 2-й пал. 20 ст. зарадзілася і развіваецца англ. постмадэрнісцкая л-ра: «Жанчына французскага лейтэнанта» Фаўлса, «Розенкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя» Т.Стопарда, «Грошы» М.Эліса, «Лэрнэк» Э.Грэя, «Ногі ў цырку» А.Картэра, «Сорам» С.Рушдзі, «Апанаванасць востравам» Т.Мо. У гэтым рэчышчы працуюць Дж.Барнс, Э.Бёрджэс, Т.Шарп, Г.Свіфт. Актыўна развіваецца і постмадэрнісцкая драматургія (Х.Бернтан, Э.Бонд). Англ. «літаратуразнаўчы раман» стварае П.Акрайд. У перакладзе на бел. мову з 1928 выдадзены творы Дойла, Уэлса, Войніч, Скота, Кіплінга, Шэкспіра, Свіфта, Дэфо, Дзікенса, Стывенсана, Бёрнса, Байрана і інш.; у перыяд. друку апублікаваны асобныя творы Блейка, Кітса, Тэнісана, Уайльда, Шэлі, А.Мэя і інш. Бел. перакладчыкі: Ю.Гаўрук, У.Дубоўка, К.Крапіва, Я.Семяжон, а таксама В.Валынскі, В.Небышынец, А.Разанаў, Я.Рапановіч, С.Шупа і інш. Гл. таксама раздзел Літаратура ў арт. Паўночная Ірландыя, Шатландыя.

Архітэктура. Ранні перыяд развіцця мастацтва Вялікабрытаніі прадстаўляюць мегалітычныя комплексы энеаліту і бронзавага веку (Стонхендж, Эйвберы), руіны рым. пабудоў (Адрыянаў вал), разьба па камені, метал. ўпрыгожанні, культавыя прадметы кельцкіх плямён, піктаў, англасаксаў (1 ст. да н.э. — 10 ст. н.э.). Раманскі стыль прадстаўлены англанарманскім храмам у Ілі (1083—1190), Дарэме (1093—1133), Норыджы (1095—1150), з магутнымі квадратнымі вежамі, замкамі ў Лондане (Таўэр), Віндзары (канец 11 ст.), крэпасцю ў Рочэстэры (канец 1130-х г.). Пабудовы гатычнага стылю Вялікабрытаніі падзяляюць на ранні (да 1250), «дэкаратыўны стыль» (1250—1340), «перпендыкулярны стыль» (1340—1550). Гатычныя храмы вылучаюцца маштабнасцю, дамінантамі вежаў, шырокімі фасадамі з развітым дэкорам, нервюрнымі скляпеннямі; ім характэрна спалучэнне простых і масіўных выцягнутых аб’ёмаў, багацце дэкар. разьбы на фасадах, ускладненыя ўзоры, дэкар. і канструкцыйныя эфекты: саборы ў Кентэрберы (1070—1509), Дарэме (1-я пал. 12 ст.), Солсберы (1220—66), Уэлсе (1230—33), Лінкальне (1075—1380), Вестмінстэрскага абацтва ў Лондане (13 ст.). «Перпендыкулярны стыль» вызначаецца пышнасцю аздобы і пластычных эфектаў нервюрных скляпенняў: сабор у Глостэры (1351—1407), капліца Каралеўскага каледжа ў Кембрыджы (1446—1515). Рэфармацыя і англ. рэвалюцыі 17 ст. паўплывалі на станаўленне свецкага характару мастацтва і рацыянальных схем у архітэктуры. Класіцызм развіваў традыцыі архітэктара позняга Адраджэння А.Паладыо. Пабудовам і гар. ансамблям уласцівы строгасць і яснасць формаў, ураўнаважанасць і ўрачыстасць кампазіцыі: Фіцрой-сквер у Лондане (арх. Р. і Дж.Адам, 1790—1800), пл. Шарлоты ў Эдынбургу (арх. Адам, 1792—1807). Вяршыня англ. класіцызму — сабор св. Паўла ў Лондане (арх. К.Рэн, 1675—1710). У архітэктуры 18 ст. панавалі пышныя формы барока (Дж.Ванбру, Н.Хоксмар). У.Кет і У.Чэймберс распрацавалі тып «англійскага парку» (парк у Бленіме). У выніку прамысл. перавароту канца 18 — пач. 19 ст. гарады цэнтр. Англіі (Манчэстэр, Бірмінгем, Шэфілд) і паўд. Шатландыі (Глазга) ператварыліся ў вял. індустр.-гандл. цэнтры. З 19 ст. англ. архітэктары распрацоўваюць прынцыпы тыповай, масавай гар. забудовы, складаныя метал. канструкцыі мастоў і перакрыццяў (інж. Т.Тэлфард, Р.Стывенсан). «Крыштальны палац» у Лондане (арх. Дж.Пакстан, 1851) са зборным метал. каркасам і шкляным запаўненнем стаў маніфестам рэвалюцыі ў еўрап. архітэктуры. Гэтаму кірунку процістаялі тэндэнцыі неакласіцызму (Брытанскі музей у Лондане, арх. Р. і С.Смёрк, 1823—57) і неаготыкі (Парламент у Лондане, арх. Ч. і Э.Бэры, А.П’юджын, 1840—68), а потым і эклектызм. Адначасова ідуць пошукі рацыянальнай сціпласці і ўтульнасці ў архітэктуры жылля, пераважна загарадных дамоў (Б.Скот, Н.Шо, Ч.Ф.Войзі). У 20 ст. хаатычны рост гарадоў і прыгарадаў з малапавярховай забудовай спарадзілі новыя тэндэнцыі ў горадабудаўніцтве: Э.Хоўард і Р.Ануін першымі распрацавалі праекты гарадоў-садоў і гарадоў-спадарожнікаў. П.Гедэс і Л.П.Аберкрамбі стварылі праекты комплекснай планіроўкі прамысл. раёнаў. У пач. 20 ст. побач з прадстаўнікамі неакласіцызму (Э.Лачэнс) і неаготыкі (Т.Скот Малодшы) выступалі ініцыятары стылю мадэрн і рацыяналізму (Ч.Макінташ), а у 1920—30-х г. — і функцыяналізму (М.Фрай, О.Уільямс). Пасля 2-й сусв. вайны рэканструяваны разбураныя гар. раёны. Прынцып мікрараянавання выкарыстоўваўся да 1960-х г. Сярод пабудоў вылучаюцца Каралеўская канцэртная зала (арх. Р.Мэцью, Л.Марцін, 1949—51), Культурны цэнтр Барбікан (1984) — абодва ў Лондане, сабор у Ковентры (арх. Б.Спенс, 1954—62).

Выяўленчае мастацтва. У раннім сярэднявеччы была пашырана кніжная мініяцюра («Ліндысфарнскае евангелле», каля 681—721). Блізкія да мініяцюры па стылі і першыя насценныя размалёўкі (саборы ў Кентэрберы, 12 ст.; у Чычэстэры, каля 1260). Гатычная скульптура была падпарадкавана дэкар.-арнаментальным мэтам (надмагілле Эдварда II у саборы у Глостэры, 14 ст.); развіваліся жывапіс (алтар у Вестмінстэры, канец 13 ст.) і вітраж (капліца св. Тройцы сабора ў Кентэрберы, пач. 13 ст.). У 14 ст. з’яўляецца станковы, у т. л. партрэтны, жывапіс. Тонкасцю і вытанчанасцю адметныя тагачаснае ткацтва, вышыўка, дыванаробства, разьба па дрэве і косці, ювелірная справа. Рэнесансавыя традыцыі ў мастацтве Вялікабрытаніі не мелі такой сілы, як у інш. еўрап. краінах. У жывапісе 16—17 ст. пераважаў партрэтны жанр (мініяцюрысты Н.Хіліярд, А.Олівер, С.Купер, жывапісцы У.Добсан, Дж.Райлі). Выяўл. мастацтва дасягнула росквіту ў 18 ст. ў творах рэаліста і сатырыка У.Хогарта, у багатых па каларыце партрэтах Дж.Рэйналдса, Т.Гейнсбара, Г.Рэберна, Дж.Опі, якія спалучалі парадную імпазантнасць з натуральнасцю і адухоўленасцю вобразаў, трапнасцю, сац. і індывід. характарыстыку з віртуознай лёгкасцю і свабодным жывапісам. Эфектныя партрэты стваралі Дж.Ромні, Т.Лорэнс і інш. У 2-й пал. 18 ст. развівалася нац. школа пейзажа: рамант. рысамі адзначаны паэт. работы Гейнсбара і Дж.Крома, акварэлі Дж.Козенса і Т.Гёртына. Жанравы жывапіс прадстаўлены творамі Дж.Морленда і Дж.Райта. У 17—18 ст. распрацоўваліся высокамастацкая мэбля (Т.Чыпендэйл, Дж.Хеплуайт, Т.Шэратан), вынайдзены англ. крышталь і фаянс (вырабы мануфактуры Дж.Уэджвута з рэльефамі ў ант. формах), працавалі шпалерныя мануфактуры ў Мортлейку, заводы фарфору ў Боу, Чэлсі, Вустэры, Дэрбі. У графіцы 18 — 1-й пал. 19 ст. важнае месца належала паліт. і быт. карыкатуры (Дж.Гілрэй, Т.Роўлендсан), рэпрадукцыйнай гравюры. Т.Б’юік вынайшаў тарцовую ксілаграфію. У 1-й пал. 19 ст. жывапіс рамантызму дасягнуў вяршыні ў творах У.Блейка і перадімпрэсіяністычных краявідах У.Тэрнера. Пленэрныя рэалістычныя пейзажы ствараў Дж.Констэбл, пейзажы і гіст. палотны Р.Бонінгтан, акварэль развівалі Дж.С.Котмен і Д.Кокс. У сярэдзіне і 2-й пал. 19 ст. мастакі-прэрафаэліты (Д.Г.Расеці, Э.Мілес, Х.Хант, У.Морыс, Э.Бёрн-Джонс) імкнуліся да яснай прыгажосці, эстэтызацыі прадметнага асяроддзя. Графіка О.Бёрдслі прадвызначыла сецэсію ў еўрап. мастацтве. Каларыстыка твораў Дж.Уістлера стала першаасновай імпрэсіянізму. Жанравы жывапіс 2-й пал. 19 ст. нясе адбітак сентыментальнасці і літ. займальнасці (У.Сікерт, У.Стыр, У.Фрыт, Х.Херкамер). У мастацтве 20 ст. росквіт рэаліст. партрэтнага і жанравага жывапісу і графікі (Ф.Брэнгвін, О.Джон, У.Орпен), спалучаўся з нараджэннем новых авангардных плыняў: фавізм (М.Сміт, А.Хітчэнс), футурызм і кубізм (У.Льюіс), сюррэалізм (С.Спенсер, Г.Сазерленд, П.Нэш, Ф.Бейкан), абстракцыянізм (Б.Нікалсан, Б.Хепуарт), сюррэалізм і абстракцыянізм (Г.Мур, К.Армітэдж), поп-арт (П.Філіпс). Гл. таксама раздзел Архітэктура і выяўл. мастацтва ў арт. Шатландыя, Паўночная Ірландыя, Уэльс.

Музыка. Вытокі музыкі Вялікабрытаніі — у муз. культуры стараж. кельцкіх плямён, носьбітамі якой былі барды. Муз. фальклор народаў Брытанскіх а-воў адметны нац. своеасаблівасцю, аднак мае агульныя рысы — ладавую сістэму, элементы шматгалосся, дакладную рытміку. Асн. інстр. жанры — танцы жыга, кантрданс, хорнпайп. Сярод найб. стараж. інструментаў: пайп (дудка), рэкордэр (флейта), фідль (скрыпка), тэйбар (барабаны); пазней з’явіліся арфа, ліра, лютня, валынка і інш. З усталяваннем хрысціянства развівалася царк. прафес. муз. мастацтва. У сярэдневяковай царк. музыцы Вялікабрытаніі панаваў грыгарыянскі харал, літургія суправаджалася ігрой на аргане. Ранні ўзор свецкага шматгалосся — 6-галосы падвойны канон «Лета прыйшло» (на мяжы 14 ст.). Нармандскія заваёўнікі прынеслі ў Вялікабрытанію мастацтва менестрэляў і трубадураў. У канцы 14 — пач. 15 ст. паявіліся прыдворныя капэлы. У 1-й пал. 15 ст. вылучылася англ. школа поліфаністаў на чале з Дж.Данстэйблам, якая заняла гал. месца ў еўрап. поліфанічным мастацтве. У эпоху Адраджэння музыка ўвайшла ў побыт англ. арыстакратаў і гараджан, пашырыліся кансорты — садружнасці людзей, якія ігралі на розных інструментах, з’явіліся салісты-інструменталісты. У 16 ст. ў царк. музыку ўведзены буйныя формы — меса, магніфікат і інш., у свецкую — мадрыгал (У.Бёрд). У 16—17 ст. працавалі пачынальнікі еўрап. клавірнай музыкі кампазітары Дж.Бул, А.Гібанс, К.Тай, Дж.Тавернер, Т.Таліс, Дж.Даўленд. У пач. 17 ст. фарміруецца англ. муз. т-р, што ўзяў пачатак ад містэрый, музыку да якіх пісалі А.Ферабоска, браты Г. і У.Лоўс і інш. У час панавання пурытан (сярэдзіна 17 ст.) развіццё свецкай музыкі прыпынілася, асн. муз. жанрамі сталі рэліг. гімны, псалмы і хары на біблейскія тэксты, блізкія да нар. песеннасці. Пасля рэстаўрацыі Сцюартаў (1660) у муз. культуру зноў пачалі пранікаць ідэі Адраджэння, уплывы свецкай музыкі, што адбілася на творчасці Г.Пёрсела, стваральніка адной з першых англ. опер «Дыдона і Эней» (1689). Муз. культура 1-й пал. 18 ст. звязана з імем Г.Ф.Гендэля. У 18—19 ст. у муз. культуры Вялікабрытаніі панавалі іншаземныя ўплывы, асабліва італьян. опера. Захапленне ёю высмеяна ў парадыйнай «Оперы жабрака» (1728) Дж.Гея і І.К.Пепуша, якая дала пачатак т.зв. баладнай оперы, звязанай з традыцыямі менестрэляў. Творчасць кампазітараў 18—19 ст. (Т.Арн, У.Бенет, Г.Бішап, М.Балф, Дж.Барнет) звязана пераважна з т-рам. У канцы 19 ст. папулярныя былі аперэты А.Салівена і С.Джонса. У 19 ст. Лондан — адзін з цэнтраў еўрап. муз. жыцця. Тут гастралявалі Ф.Шапэн, Ф.Ліст, Н.Паганіні, Г.Берліёз, Р.Вагнер, Дж.Вердзі, А.Дворжак, П.Чайкоўскі, А.Глазуноў; створаны т-р «Ковент-Гардэн» (1732), Каралеўская акадэмія музыкі (1822), Трыніты-каледж (1872), Каралеўскі муз. каледж (1883), Акадэмія старадаўняй музыкі (1770), Кэтч-клуб (1761), шматлікія муз. т-вы. З 1784 у Лондане праводзяцца Гендэлеўскія фестывалі (з 1857 рэгулярна). Заснаваны фірмы муз. інструментаў «Бродвуд», «Хіл і сыны». З канца 19 ст. развіваецца муз. навука (сярод музыказнаўцаў Дж.Гроў). На мяжы 19—20 ст. узнікла т.зв. англ. муз. адраджэнне. Сярод прадстаўнікоў новай англ. кампазітарскай школы Э.Элгар, Х.Пэры, Ф.Дыліус, Г.Холст, Р.Воан-Уільямс, Дж.Айрленд, Ф.Брыдж. Адзін з буйнейшых майстроў англ. музыкі 20 ст. Б.Брытэн. Сярод інш. дзеячаў муз. культуры кампазітары М.Тыпет, Л.Берклі, А.Бліс, А.Бенджамін; дырыжоры Дж.Барбіролі, Т.Бічэм, М.Сарджэнт, А.Боўлт; піяністы Дж.Мур, Дж.Огдан; вакалісты К.Ферыер, Дж.Мак-Кормак, П.Пірс і інш. Сярод шматлікіх эстр. ансамбляў найб. вядомы «Бітлз», «Ролінг-Стоўнз», «Куін» і інш. У Лондане працуюць т-ры «Ковент-Гардэн» і «Сэдлерс-Уэлс», Англійская нац. опера, Каралеўскі балет, сімф. і камерныя аркестры, у т. л. Лонданскі філарманічны аркестр, Бі-Бі-Сі і інш.

Тэатр. Вытокі англ. т-ра звязаны з абрадавымі гульнямі. З 11 ст. існаваў царк. т-р як частка рэліг. рытуалу (літургічная драма, міракль). У пач. 13 ст. з пераносам царк. паказаў на гар. плошчы закладзены пачатак нар. містэрыяльнага сярэдневяковага т-ра (містэрыі, маралітэ, фарсы). У 14—16 ст. склаўся прафес. т-р. У 16 ст. з’явіліся вандроўныя трупы, аматарскі школьны т-р. Росквіту англ. тэатр. мастацтва і драматургія дасягнулі ў эпоху Адраджэння. Драматургія У.Шэкспіра на многія стагоддзі стала школай акцёрскага майстэрства. Найб. вядомыя тагачасныя акцёры Э.Алейн і Р.Бёрбедж. Пабудаваны тэатр. памяшканні — «Тэатр» (1576), «Лебедзь» (1596), «Глобус» (1599) і інш., набылі папулярнасць дзіцячыя трупы хлопчыкаў. У канцы 16 — пач. 17 ст. тэатр быў пераважна нар. відовішчам, з 1620-х г. ён ператварыўся ў арыстакратычную забаву. У час бурж. рэвалюцыі пурытане спец. указам (1642) забаранілі тэатр. паказы. Аднавілася тэатр. дзейнасць з рэстаўрацыяй манархіі Сцюартаў (1660). У 1663 у Лондане адкрыты т-р «Друры-Лейн». Росквіт тэатр. мастацтва эпохі Асветніцтва звязаны з «камедыямі нораваў» Р.Шэрыдана, творчасцю акцёра Д.Гарыка. Узвышаны стыль акцёрскага выканання, што панаваў у канцы 18 — пач. 19 ст., асабліва выявіўся ў творчасці Дж.Кембла і С.Сіданс. У рэпертуары т-раў 19 ст. пераважалі меладрамы, фарсы, перакладныя класічныя творы. Рамантычны кірунак у акцёрскім мастацтве звязаны з творчасцю Э.Кіна. У 2-й пал. 19 ст. ў Лондане пабудаваны новыя т-ры, набылі вядомасць акцёры і рэжысёры Ч.Кін, У.Макрэдзі, Г.Ірвінг і Э.Тэры (кіраўнікі т-ра «Ліцэум»). У 1890-я г. ўзніклі «Незалежны тэатр», «Олд Вік» і інш., якія прапагандавалі творы Б.Шоу, Дж.Голсуарсі. Разам з рэалістычным існавала пампезнае мастацтва акцёра і рэжысёра Г.Б.Тры; рэж. Т.Крэг вёў пошукі формаў сімвалісцкага т-ра. Дасягненні тэатр. мастацтва 20 ст. звязаны з творчасцю акцёраў Л.Аліўе, Дж.Гілгуда, А.Гінеса, В.Лі, Р.Рычардсана, М.Рэдгрэйва, П.Скофілда, С.Торндайк, Э.Эванс, П.Эшкрафт. Рэжысуру вызначаюць новае асэнсаванне шэкспіраўскай драматургіі, шырыня абагульненняў, вастрыня сцэн. прыёмаў (П.Брук, Т.Гатры, Рэдгрэйв), імкненне да рэалізму (Дж.Літлвуд, П.Хол, Т.Рычардсан). Пасля 2-й сусв. вайны ўзніклі т.зв. рэпертуарныя т-ры. Новы ўздым англ. т-ра пачаўся з п’есы Дж.Осбарна «Азірніся ў гневе» (1956). З’явілася драматургія «раззлаваных маладых людзей», новая сацыяльна-быт. драма. Не абмінулі англ. т-р «эксперыментальныя» кірункі, што ўзніклі ў Еўропе ў 1950—60-я г., у т. л. «тэатр абсурду». Тэатр. калектываў з пастаяннай трупай і ўласным памяшканнем у Вялікабрытаніі амаль няма. Звычайна тэатр. будынкі здаюць у арэнду трупам, якія фарміруюцца для пастаноўкі адной п’есы. Выключэнне складаюць Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр і Нацыянальны т-р (створаны ў 1963 на аснове т-ра «Олд Вік»). Сярод тэатр. навуч. устаноў: Каралеўская акадэмія драм. мастацтва, Цэнтр. школа дыкцыі і драм. мастацтва (Лондан), Бірмінгемская школа дыкцыі і драм. мастацтва, тэатр. ф-т пры Брыстольскім ун-це. З 1947 у г. Эдынбург штогод праводзіцца Міжнар. фестываль музыкі і драмы.

Кіно. Пачаткам нац. кінавытворчасці лічыцца першы паказ англ. фільма, арганізаваны ў 1896 У.Полам, які адначасова з братамі Люм’ер сканструяваў кінакамеру. Пол і рэжысёры т.зв. брайтанскай школы Э.Колінз, Дж.Уільямсан і Дж.А.Сміт выпускалі эксцэнтрычныя камедыі, экранізацыі, трукавыя фільмы. Вял. папулярнасцю карысталіся хронікі, дакумент. фільмы і кінамеладрамы. З 1906 у кінематаграфіі Вялікабрытаніі пачаўся працяглы крызіс; дэманстраваліся пераважна франц. экранізацыі і амер. «кінабаевікі». У 1927 парламент прыняў закон у падтрымку нац. кінематаграфіі, выпуск фільмаў павялічыўся. Асн. кінапрадукцыя 1930-х г. — меладрамы, фарсы і салонныя камедыі. Вылучаліся фільмы заснавальніка фірмы «Лондан філмс» рэж. А.Корды, у якіх здымаліся вядомыя акцёры Ч.Лоўтан, Р.Донат, Л.Хоўард, В.Лі, Л.Аліўе і інш. Вядомасць набылі дэтэктыўныя фільмы А.Хічкака, фільмы К.Відара («Цытадэль», 1938), К.Рыда («Зоркі глядзяць уніз», 1939). У 2-ю сусв. вайну значных поспехаў дасягнула дакумент. кіно (рэж. Х.Джэнінгс, С.Джыліят, Ф.Лаўндэр і інш.), якое паўплывала і на маст. кінематаграфію. Павялічыўся імпарт фільмаў ЗША (да 70%). Кінамастацтва пасляваен. гадоў дасягнула пэўных поспехаў у экранізацыях твораў У.Шэкспіра («Гамлет», 1948, «Рычард III», 1955, рэж. абодвух Аліўе), у пастаноўках эксцэнтрычных, сатыр. камедый (А.Макендрык, Г.Карнеліус, Дж. і Р.Боўлтынгі). Сярод лепшых фільмаў: «Шлях у вышэйшыя колы» (1958) Дж.Клейтана, «Азірніся ў гневе» (1958), «Смак мёду» (1962) і «Том Джонс» (1963) Т.Рычардсана, «У суботу ўвечары, у нядзелю ўранні» К.Рэйса (1960), «Так званае каханне» Дж.Шлезінгера і інш. Працавала кінагрупа дакументалістаў «Свабоднае кіно» (рэж. Л.Андэрсан, Рэйс і інш.). З сярэдзіны 1960-х г. пачалася актыўная амерыканізацыя брыт. кінапрамысловасці. Асн. кінапрадукцыя — дэтэктыўныя фільмы, прымітыўныя камедыі. Сац.-крытычнай накіраванасцю вылучаліся фільмы рэж. Р.Лестэра, П.Уоткінса. Творчасць рэжысёраў рэаліст. кірунку звязана пераважна з тэлебачаннем. Сярод вядомых акцёраў: Дз.Богард, Р.Бёртан, М.Рэдгрэйв, В.Рэдгрэйв, П.Усцінаў і інш. Гал. навуч. ўстановы: Лонданская кінашкола, Нац. кінашкола, Каралеўскі каледж мастацтваў, Тэлевізійная кінаакадэмія ў Лондане. У г. Эдынбург штогод праводзяцца кінафестывалі (у рамках Міжнар. фестывалю музыкі і драмы).

Беларусы ў Вялікабрытаніі. Першая значная хваля бел. эміграцыі ў Вялікабрытанію ўзнікла пасля 2-й сусв. вайны. Аснову эміграцыі склалі беларусы, якія ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях саюзнікаў у складзе Другога корпуса Андэрса арміі. Разам з перасяленцамі іх было каля 15 тыс. У 1947 засн. Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі (ЗБВБ) з аддзеламі ў Лондане (1947), Брадфардзе (1948), Манчэстэры (1948) і Бірмінгеме (1952); праз давераных прадстаўнікоў ЗБВБ праводзіла работу ў Кембрыджы, Нотынгеме, Лідсе, Ковентры. У 1948 засн. Хрысц. аб’яднанне бел. работнікаў у Вялікабрытаніі (ХАБР), Згуртаванне бел. камбатантаў, Бел. хрысц. акад. аб’яднанне «Жыццё», Бел. незалежніцкі нар.-хрысц. рух, Саюз журналістаў. У 1949 створаны Каардынацыйны цэнтр бел. арг-цый у Вялікабрытаніі, які ўзгадняў культ. і грамадскую працу, наладжваў сувязі з сародзічамі ў інш. краінах. Пасля легалізацыі ЗБВБ (1948) беларусы атрымалі ліцэнзію на стварэнне ўласных прадпрыемстваў. Былі адчынены бюро па перасылцы паштовых пасылак, стаматалагічная лабараторыя, фотастудыя. У 1948 беларусы купілі ў Лондане дом, дзе размясціліся рэдакцыі іх часопісаў і газет, б-ка, архіў, праводзіліся сходы, лекцыі, святкаванні нац. угодкаў, працавала нядзельная школа. У 1949 пачаў дзейнасць бел. клуб у Манчэстэры. На сабраныя грошы набыты дамы ў Брадфардзе (1952) і Манчэстэры, якія сталі цэнтрамі бел. жыцця. У 1963 пры ЗБВБ засн. дапамогавая секцыя, якая мае аўтаномію, кіруецца асобным статутам і распараджаецца фондам (папаўняецца сродкамі з касы ЗБВБ і ахвяраваннямі прыватных асоб). Фонд зарэгістраваны брыт. ўладамі і вызвалены ад падаткаў, што дае магчымасць фінансаваць працу замежных даследчыкаў у галіне беларусазнаўства, сельскай гаспадаркі, эканомікі, палітыкі, выплачваць стыпендыі маладым вучоным з Беларусі, якія стажыруюцца ў ВНУ Вялікабрытаніі, аказваць дапамогу ахвярам Чарнобыля на Бацькаўшчыне. У 1964 у Бел. доме ў Лондане адкрыты Бел. юнацкі клуб, які аказваў моладзі дапамогу ў вучобе, працавала дадатковая школа для дзяцей, танц. гурток. У 1970 у Брадфардзе адкрыты грамадскі клуб «Сакавік», які разам з брадфардскім аддзяленнем ЗБВБ займаўся культ. і грамадскай працай. Цэнтрамі навук.-культ. жыцця ў Вялікабрытаніі сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англабеларускае таварыства (АБТ), якія ўзаемадзейнічаюць у арг-цыі і правядзенні семінараў, навук. канферэнцый, выставак, літ. вечарын і інш. З нагоды 60-х угодкаў БНР у маі 1978 у Лондане дзейнічала Бел. замежная пошта. Значную ролю ў духоўным і культ. жыцці беларусаў Вялікабрытаніі адыгрывае царква. Місіі Бел. аўтакефальнай правасл. царквы існуюць у Лондане, Манчэстэры, Брадфардзе, Нотынгеме, Кембрыджы. У 1947 створана Бел. каталіцкая місія. Пры Доме марыянаў у Лондане дзейнічае царква св. Пятра і Паўла, у 1961—15 тут працавала бел. школа для хлопчыкаў імя св. Кірылы Тураўскага. У 1989 у Лондане створаны Бел. к-т дапамогі ахвярам радыяцыі, які ўзначаліў айцец К.Надсан. Выдавецкую дзейнасць ажыццяўляюць ЗБВБ, ХАБР, АБТ, Бел. б-ка і музей імя Ф.Скарыны і інш. На бел. мове выходзілі часопісы: грамадска-паліт. «Беларус на чужыне» (1947—50), «Аб’яднанне» (з 1948), «Патрыёт» (з 1949); навук. «The Journal of byelorussian studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў», 1965—88); царк. «Божым шляхам» (1957—80), «Званіца» (1974), «На шляху» (1946—51), «Голас часу» (1989—95); маладзёжныя «Наперад» (1948—53), «Да мэты» (1948), сатырычны «Крапіва» (з 1949), бюлетэні «Змагар» (Згуртавання бел. камбатантаў, 1949—50), «Жыццё» (1948) і «Рунь» (Бел. хрысц.-акад. аб’яднання, 1950), «Чарнобыль у Беларусі» (з 1992), камунікаты Бел. выдавецкага фонду (1950), Бел. незалежнага нар.-хрысц. руху (1948—49). Выходзяць (1997): «Камунікат ЗБВБ» (з 1946), «Веснік Беларускага каталіцкага душпастырства» (з 1982).

Літ.:

Англия в эпоху абсолютизма: (статьи и источники). М., 1984;

Городецкая И.Е. Великобритания: избиратели, выборы, партии, 1945—1970. М., 1974;

Жигалов И.И. Современная история Великобритании (1945—1975). М., 1978;

Кертман Л.Е. География, история и культура Англии. 2 нзд. М., 1979;

Аникст А. История английской литературы. М., 1956;

Английская литсратура, 1945—1980. М., 1987;

Daiches D. A critical history of English literature. Vol. 1-2, London, 1963;

Sanders A. The short Oxford history of English literature. London, 1996;

Виппер Б.Р. Английское искусство: Краткий ист. очерк. М., 1945;

Ковнацкая Л.Г. Английская музыка XX в.: Истоки и этапы развития. М., 1986;

Raynor H. Music in England. London, 1980;

Harrison F.L. Music in medieval Britain. 4 ed. Buren, 1980.

Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка), Н.Я.Арлова (гісторыя да канца 19 ст.), К.А.Далгучыц (гісторыя 20 ст), А.П.Ткачэнка (радыё, тэлебачанне), Н.М.Саркісава, В.В.Халіпаў (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўл. мастацтва), Л.А.Сівалобчык (музыка), А.С.Ляднёва (беларусы ў Вялікабрытаніі).

т. 4, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРЫЯ

(Österreich),

Аўстрыйская Рэспубліка (Republic Österreich), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на Пн з ФРГ і Чэхіяй, на У з Славакіяй і Венгрыяй, на Пд з Славеніяй і Італіяй, на З з Швейцарыяй і Ліхтэнштэйнам. Пл. 83,8 тыс. км², нас. 8 млн. чал. (1994). Афіц. Мова — нямецкая. Сталіца — г. Вена. Складаецца з 9 федэратыўных адзінак — зямель: Бургенланд, Карынтыя, Ніжняя Аўстрыя, Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Штырыя, Ціроль, Форарльберг, да зямлі прыраўнаваны г. Вена. Нац. свята — гадавіна прыняцця закону аб нейтралітэце (26 кастр.).

Дзяржаўны лад. Паводле федэральнага канстытуцыйнага закону 1920 у рэдакцыі 1929 Аўстрыя — дэмакр. парламентарная і федэратыўная рэспубліка. На чале дзяржавы — федэральны прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 6 гадоў. Вышэйшы орган заканад. улады — парламент, які складаецца з 2 палат: Нац. савета (183 дэпутаты, выбіраюцца на 4 гады) і Федэральнага савета (63, прызначаюцца ландтагамі — парламентамі зямель). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з федэральным канцлерам, якога прызначае прэзідэнт. Кожная зямля мае сваю канстытуцыю.

Прырода. Аўстрыя — пераважна горная краіна. 70% тэрыторыі займаюць Усх. Альпы, 10% — ускраінныя ўзвышшы Чэшскага масіву (на Пн ад Дуная), 20% — узгорыстыя і раўнінныя мясцовасці (на ПнУ і У). Найб. вышынёй і расчлянёнасцю вылучаюцца Альпы на З краіны, дзе ў масіве Высокі Таўэрн найвыш. пункт г. Гросглокнер (3797 м). Снегавая лінія на выш. 2500—2800 м, ёсць ледавікі. З перавалаў найважнейшы Брэнер (1371 м) на З краіны, праз які (у тунэлях) праходзяць чыгунка і шаша з ФРГ у Італію. Карысныя выкапні: магнезіт, графіт, вальфрамавая руда, невял. запасы нафты, прыроднага газу, бурага вугалю, жал., свінцова-цынкавай і меднай рудаў і інш. Мінеральныя крыніцы. Клімат раўнін і перадгор’яў умераны (сярэдняя т-ра студз. ад -1 да -5 °C, ліп. 17—19 °C). Ападкаў 600—1000 мм, у гарах да 1500—2000 мм за год. Амаль усе рэкі Аўстрыі (Ін, Зальцах, Энс, Драва, Марава і інш.) належаць бас. Дуная (даўж. ў межах Аўстрыі 350 км). Вял. азёры Бодэнскае, Нойзідлер-Зе. Пад лясамі каля 40% краіны. На схілах гор да ўзроўню 600 м сады і вінаграднікі, да 2000—2200 м лясы (дуб, бук, елка, піхта, лістоўніца), вышэй субальпійскія і альпійскія лугі.

Насельніцтва. Каля 97% — аўстрыйцы. Ёсць славенцы, харваты, чэхі, венгры, яўрэі. Паводле веравызнання больш за 90% католікаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 95 чал. на 1 км², ва ўсх. ч. — каля 200 чал. на 1 км², у горных раёнах — каля 15—20 чал. на 1 км². З агульнай колькасці насельніцтва, занятага ў нар. гаспадарцы (каля 3,4 млн. чал. у 1990), у прам-сці і на буд-ве 37%, у сельскай і лясной гаспадарках 8%, у гандлі і на транспарце 24%; астатнія пераважна ў сферы абслугоўвання. У гарадах жыве больш за 2/3 насельніцтва. Буйнейшыя гарады (тыс. ж., 1991): Вена (1600), Грац (232,2), Лінц (203), Зальцбург (144), Інсбрук (115).

Гісторыя. Чалавек на тэр. Аўстрыі жыве з эпохі палеаліту. У апошнія стагоддзі да нашай эры тут пераважалі кельцкія плямёны. З канца 1 ст. да нашай эры да 5 ст. нашай эры тэр. Аўстрыі ў складзе Рымскай імперыі. З пач. 6 ст. ў прыдунайскай і прыальпійскай абласцях (сучасныя Ніжняя і Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Паўн. і Паўд. Ціроль) пасяляліся бавары, на У краіны ў час існавання там Аварскага каганата (гл. Авары) — славяне (славенцы). Пасля ўключэння баварскіх уладанняў у склад Франкскай дзяржавы і разгрому авараў Карл Вялікі стварыў на тэр. сучаснай Ніжняй Аўстрыі пагранічную вобласць (марку) і назваў яе Аварскай. У 9 ст. яна трапіла пад уладу венграў. Пасля іх паражэння ў 955 на р. Лех (каля сучаснага г. Аўгсбург у ФРГ) ад войска герм. караля Атона І была адноўлена як Усходняя марка. У 996 яна ўпершыню названа Аўстрыяй (Ostarrîchi — Усходняя імперыя). У 976 створана герцагства Карынтыя, ад яго ў 1180 аддзялілася герцагства Штырыя, у 13 ст. ўтварылася графства Ціроль. Годам заснавання Аўстр. дзяржавы лічыцца 1156, калі баварская Усх. марка (Ніжняя Аўстрыя) стала самаст. герцагствам. Першымі правіцелямі Аўстрыі былі Бабенбергі (976—1246), якія далучылі тэр. сучаснай Верхняй Аўстрыі (12—13 ст.) і Штырыі (1192). Пасля спынення дынастыі Бабенбергаў іх уладанні трапілі да чэш. караля Атакара II Пшэмысла, у 1278 іх заваяваў Рудольф І Габсбург (з 1273 герм. кароль). З 1282 герцагствы Аўстрыя і Штырыя сталі леннымі ўладаннямі сыноў Рудольфа. Пазней Габсбургі (правілі ў Аўстрыі да 1918) набылі Карынтыю і Крайну (1335), Ціроль (1363), Унутр. Істрыю (1374), Трыест (1382), Герц (1500). З 1453 Аўстрыя — эрцгерцагства. У 1438—1806 землі Аўстрыі былі цэнтрам «Свяшчэннай Рымскай імперыі» на чале з Габсбургамі. У выніку дынастычных шлюбаў Максіміляна І і яго сына Філіпа Прыгожага Габсбургі набылі ўладу над Нідэрландамі і Іспаніяй разам з яе калоніямі, у 1526 атрымалі ў спадчыну землі венг. і чэш. карон. Унук Максіміляна Карл V (з 1519 імператар) зрабіў наследнікам аўстр. уладанняў свайго малодшага брата Фердынанда (з 1556 імператар), які стаў заснавальнікам аўстр. лініі Габсбургаў. У 16—18 ст. цэнтр. праблема знешняй палітыкі Аўстрыі — барацьба з Асманскай імперыяй (гл. Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.). Шырокі водгук у Аўстрыі мела Рэфармацыя: імператар Максімілян II (1564—76) даў аўстр. дваранам свабоду веравызнання. Аднак пры Рудольфе II (1576—1612) краіна стала апорай каталіцызму і Контррэфармацыі ў Цэнтр. Еўропе. Антыпратэстанцкая палітыка Габсбургаў у Чэхіі прывяла да Трыццацігадовай вайны 1618—48 і паслаблення пратэстантызму. Вестфальскі мір 1648 захаваў пазіцыі Габсбургаў у Аўстрыі, якая стала пераважна каталіцкай дзяржавай. У 1687 аўстр. Габсбургі атрымалі ў спадчыну венг. карону і стварылі аўстра-венг. «падвойную манархію». У выніку вайны за іспанскую спадчыну 1701—14 імператар Карл VI далучыў да Аўстрыі ісп. ўладанні ў Нідэрландах і Італіі. Пасля яго смерці (1740) актуальнасць набыло пытанне пра аўстрыйскую спадчыну, паколькі не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, а супраць перадачы кароны дачцэ Карла VI Марыі Тэрэзіі выступілі Прусія, Баварыя, Саксонія, Францыя і Іспанія. У выніку вайны 1740—48 Аўстрыя страціла Сілезію і землі ў Італіі (Парма, П’ячэнца). На троне Аўстрыі замацавалася Марыя Тэрэзія, якая рэфармавала дзярж. кіраванне ў чэш. і аўстр. спадчынных землях. Яе сын Іосіф II (1780—90) скасаваў прыгон, секулярызаваў уласнасць царквы. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай да Аўстрыі адышлі Галіцыя (1772) і Букавіна (1795). У канцы 18 — пач. 19 ст. Аўстрыя (з 1804 Аўстр. імперыя) удзельнічала ў войнах з рэвалюцыйнай, потым напалеонаўскай Францыяй, у стварэнні Свяшчэннага Саюза 1815. Нявырашаныя сац. і нац. праблемы ўнутры краіны выклікалі рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі. Пасля яе паражэння аўстр. ўлады правялі ў 1850-я г. шэраг рэформаў, у тым ліку аграрную. Саперніцтва з Прусіяй за гегемонію ў Германіі скончылася паражэннем Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866. У 1867 Аўстр. імперыя пераўтворана ў двухадзіную манархію Аўстра-Венгрыю. З распадам Аўстра-Венгрыі і адрачэннем ад трона імператара Карла І дэпутаты ад ням. партый Аўстрыі 21.10.1918 канстытуіраваліся ў Часовы Нац. сход краіны і 12.11.1918 абвясцілі «Нямецкую Аўстрыю» часткай Герм. рэспублікі. З гэтага часу да сак. 1938 існавала Першая Аўстрыйская Рэспубліка. Пад націскам дзяржаў — пераможцаў у 1-й сусв. вайне аўстр. дэлегацыя на чале з канцлерам К.Рэнерам вымушана была прыняць цяжкія ўмовы Сен-Жэрменскага мірнага дагавора 1919: адмовіцца ад Паўд. Ціроля і зямель у Судэцкай вобл., прызнаць новыя дзяржавы (Чэхаславакію, Польшчу, Венгрыю і Каралеўства Сербаў, Харватаў, Славенцаў), адмовіцца ад аншлюса, выплаціць высокія рэпарацыі за развязванне вайны і прычыненыя страты. У пасляваен. час Аўстрыя эканамічна аслабла. Пры канцлеры І.Сейпелу (з 1921) эканам. заняпад спынены. Пад гарантыі Лігі нацый Аўстрыя атрымала ад Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Чэхаславакіі вялізныя пазыкі. Дзякуючы знешняй палітыцы канцлера І.Шобера (1929—30) Аўстрыя дамаглася адмены ўсіх рэпарацыйных абавязацельстваў, палепшыла адносіны з Італіяй і Венгрыяй. Але беспрацоўе, працяглыя парламенцкія крызісы, правал у 1931 мытнага саюзу з Германіяй і інш. сталі прычынай уступлення часткі грамадзян Аўстрыі ў Саюз франтавікоў і Хаймвер. У процівагу ім левыя сілы ўзмацнілі «Шуцбунд». Канцлер Э.Дольфус забараніў дзейнасць у Аўстрыі нацыянал-сацыялістаў і іх паўваен. арг-цый. У лют. 1934 «Шуцбунд» (таксама забаронены) падняў паўстанне, якое задушылі Хаймвер і ўрадавыя войскі. У ліп. 1934 адбыўся няўдалы путч аўстр. фашыстаў, у час якога забіты Дольфус. Новы канцлер К.Шушніг пад націскам Гітлера і яго прыхільнікаў у Аўстрыі вымушаны быў перадаць уладу А.Зейс-Інкварту, які даў згоду на аншлюс. 12.3.1938 герм. войскі акупіравалі Аўстрыю, і яна абвешчана адной з зямель Германіі пад назвай «Усходняя марка». У 1939—45 у складзе ням.-фаш. войскаў знаходзілася больш за 1,5 млн. аўстрыйцаў, на тэр. Аўстрыі дзейнічала больш за 600 ваен. прадпрыемстваў, існаваў канцлагер Маўтгаўзен. 13.4.1945 сав. Войскі вызвалілі Вену (святкуецца як дзень незалежнасці Аўстрыі), да пач. мая 1945 уся тэр. Аўстрыі занята войскамі антыгітлераўскай кааліцыі. Пытанне пра аднаўленне незалежнай Аўстрыі вырашана на падставе Маскоўскай дэкларацыі саюзнікаў ад 1.11.1943. Новаўтвораны ўсепартыйны ўрад К.Рэнера 27.4.1945 абвясціў незалежнасць Другой Аўстрыйскай Рэспублікі. У 1946 і 1953 саюзныя дзяржавы (СССР, ЗША, Вялікабрытанія і Францыя) добраахвотна змякчылі акупац. рэжым у Аўстрыі.

На першых пасляваен. выбарах у Нац. савет краіны (восень 1945) перамаглі Аўстр. нар. партыя (АНП) і сацыял-дэмакраты. З 1951 прэзідэнт Аўстрыі выбіраецца ўсенародна. Унутр. палітыка пасляваен. Аўстрыі была скіравана на аднаўленне эканомікі. Нацыяналізаваны энергетыка і горная прамысловасць. Дапамога паводле Маршала плана, паспяховая барацьба з інфляцыяй, дзярж. інвестыцыі і інш. спрыялі эканам. росту краіны. Поўны дзярж. суверэнітэт Аўстрыі замацаваны Дзярж. дагаворам ад 15.5.1955 паміж СССР, ЗША, Францыяй, Вялікабрытаніяй і Аўстрыяй. Нейтралітэт краіны зафіксаваны законам ад 26.10.1955. Да 1966 аўстр. ўрады фарміраваліся з кааліцыі АНП і сацыял-дэмакратаў, пасля — папераменна. На пач. 1980-х г. у Аўстрыі назіраўся эканам. спад. У 1986 створаны ўрад вял. кааліцыі на чале з Ф.Враніцкім, які пасля выбараў 1990 захаваў і пасаду федэральнага канцлера. У маі 1992 федэральным прэзідэнтам Аўстрыі выбраны Т.Клесціль. Аўстрыя — член ААН (з 1955) і інш. міжнар. арг-цый. Дыпламатычныя адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы: Сацыял-дэмакр. партыя Аўстрыі (засн. ў 1991), Аўстр. нар. партыя (засн. ў 1945), Аўстр. партыя свабоды (засн. ў 1955), партыя «Зялёная альтэрнатыва» (засн. ў 1987), Аўстр. аб’яднанне прафсаюзаў (створана ў 1945).

Гаспадарка. Аўстрыя належыць да найб. развітых краін Еўропы. У апошнія гады яе эканоміка развіваецца параўнальна хуткімі тэмпамі. У структуры валавога ўнутр. прадукту на долю прамысловасці прыпадае каля 30%, буд-ва — каля 7, сельскай і лясной гаспадарак — каля 3, транспарту і сувязі — каля 6, гандлю — каля 16, сферы паслуг — 38%. Горназдабыўная прамысловасць базіруецца на невялікіх, але разнастайных рэсурсах карысных выкапняў. Здабыча жал. руды, магнезіту, бурага вугалю, графіту, свінцова-цынкавай і вальфрамавай рудаў, каменнай солі. Здабыча нафты складае 1,2 млн. т (1991). Дзейнічае нафтаперапр. з-д (Швехат), дзе перапрацоўваюць айч. і імпартную (з краін Б.Усходу) нафту, якая паступае па нафтаправодзе з Трыеста (Італія). Аўстрыя ўвозіць каменны і буры вугаль, прыродны газ. Вытв-сць электраэнергіі складае 49,5 млрд. кВт·гадз (1992), большую палавіну яе даюць ГЭС у горных раёнах (найб. на рэках Ін, Зальцах, Дунай). Каля Вены працуе АЭС. Частка электраэнергіі экспартуецца ў ФРГ, Італію, Швейцарыю. Вытв-сць чыгуну 3,5 млн. т, сталі 4,3 млн. т, пракату 3,7 млн. т (1991; асн. цэнтры Лінц і Леобен). Значная ч. чорных металаў ідзе на экспарт, легіравальныя металы і кокс імпартуюцца. Важнае значэнне мае вытв-сць алюмінію (Рансгофен). У невял. аб’ёмах выплаўляюць медзь і свінец. Машынабудаванне сканцэнтравана пераважна ў Вене, Грацы, Лінцы, Штайры. Вырабляецца абсталяванне для лёгкай і харч. прамысловасці, электраэнергетыкі, хатняй гаспадаркі. Развіты трансп. машынабудаванне і галіны ляснога комплексу (нарыхтоўка драўніны, вытв-сць цэлюлозы, паперы і кардону). Хім. прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў (0,3 млн. т у 1991), хім. валокнаў і нітак (200 тыс. т), сінт. смолаў і пластмасаў (920 тыс. т); буйнейшыя цэнтры — Лінц (азотныя ўгнаенні), Ленцынг (штучныя валокны, віскозны шоўк). На Пд ад Вены і на З краіны прадпрыемствы тэкст. (170 млн. м² тканін у 1990), гарбарна-абутковай (17,2 млн. пар абутку ў 1991), швейнай шкляной прам-сці. Сельская гаспадарка. Аўстрыя амаль цалкам забяспечвае патрэбы насельніцтва ў большасці відаў с.-г. прадукцыі, па асобных відах мае значныя экспартныя лішкі. С.-г. землі займаюць каля палавіны тэр. Аўстрыі, з іх каля 40% ворыва, 38 лугі і пашы, 22% альпійскія лугі. Асноўныя вытворцы таварнай прадукцыі — фермы памерам больш як па 100 га, пераважна ў даліне Дуная і на У. Больш за 2/3 прадукцыі дае жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. гал., 1991): буйн. раг. жывёлы 2,5, свіней 3,6. Развіта птушкагадоўля. Земляробства характарызуецца спалучэннем паляводства, агародніцтва, садоўніцтва, вінаградарства. У пасевах пераважаюць збожжавыя (пшаніца, жыта, кукуруза), кармавыя, бульба і тэхн. культуры, у тым ліку цукр. буракі. Збор (млн. т, 1990): пшаніцы 1,4, бульбы 0,9, цукр. буракоў 2,8. Большая ч. пасяўных плошчаў, садоў і вінаграднікаў ва ўсх. ч. краіны, асн. ч. лугоў і пашы ў зах. горных раёнах. Транспарт. У агульным грузаабароце асн. роля належыць чыг. транспарту. Даўж. чыг. сеткі 6350 км (1990), з іх большая палавіна электрыфікавана. Гал. чыг. вузлы — Вена, Лінц, Інсбрук. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 107 тыс. км (1989). У Аўстрыі больш за 3 млн. легкавых і 250 тыс. грузавых аўтамашын. Суднаходства па Дунаі і ніжніх участках яго прытокаў. Агульная даўж. суднаходных водных шляхоў каля 1,7 тыс. км. Аўстрыя — вузел паветр. шляхоў паміж У і З, Пн і Пд Еўропы. Буйнейшы з 9 міжнар. аэрапортаў — Швехат каля Вены. Замежны турызм (зімовы і летні, каля 15 млн. чал. штогод) — адна з найб. прыбытковых галін эканомікі (штогадовыя паступленні больш за 160 млрд. шылінгаў). Аўстрыя гандлюе больш як са 150 краінамі свету. Каля 65% экспарту і 68% імпарту прыпадае на краіны — члены Еўрап. супольніцтва, каля 10% экспарту і 7% імпарту — на Еўрап. аб’яднанне свабоднага гандлю. Асн. гандл. партнёры — ФРГ (каля 40%), Італія і Швейцарыя; доля краін СНД — каля 2%. Беларусь экспартуе ў Аўстрыю нафтапрадукты, азотныя ўгнаенні, халадзільнікі, трактары; імпартуе з Аўстрыі цукар, збожжа, гербіцыды, легкавыя аўтамабілі і аўтобусы, вылічальныя машыны, мед. прылады і інструменты, абутак і інш. На Беларусі заснавана 36 сумесных бел.-аўстр. прадпрыемстваў (1993). Грашовая адзінка Аўстрыі — аўстрыйскі шылінг.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухапутных войскаў і ВПС. Узначальвае ген. інспектар (прафесійны вайсковец), які падпарадкоўваецца міністру нац. абароны (цывільная асоба, прадстаўнік кіруючай партыі). У ваен. час вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Ва ўзбр. сілах 44 тыс. чал. (1991). Сухапутных войскаў 38 тыс. чал., у т. л. сіл пастаяннай баявой гатоўнасці 15 тыс. чал. На ўзбраенні танкі, артылерыя, стралк. зброя і інш. У ВПС 6 тыс. чал.; на ўзбраенні баявыя і трансп. самалёты, верталёты. Камплектуюцца ўзбр. сілы на аснове воінскай павіннасці (прызыўны ўзрост 18 гадоў) і па найме (узрост 17 гадоў). Тэрмін вайск. службы для прызыўнікоў 6 месяцаў, для рэзервістаў 60 дзён. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміі і шэрагу ваен. школ; радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях і падраздзяленнях.

Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя падпарадкавана мін-ву аховы здароўя і навакольнага асяроддзя, у якое ўваходзяць 14 ведамстваў, адказных за сан.-эпідэміял. стан краіны і кантроль за лек. прэпаратамі. Страхавы фонд, што ствараецца з адлічэнняў работадаўцаў, аплачвае выдаткі па мед. дапамозе насельніцтву і знаходжанне ў шпіталі. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць — 6,7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 70, у жанчын 77 гадоў (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстрыі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, 8-гадовыя нар. агульнаадук. школы абавязковага навучання 1-й і старэйшай (гал. школы) ступеняў, сярэднія агульнаадук. павышаныя школы 3 тыпаў (гімназіі, рэальныя гімназіі, жаночыя эканам. рэальныя гімназіі), прафес. навуч. ўстановы, ВНУ. Навучанне ў нар. школах сумеснае, у гімназіях — раздзельнае. Існуюць прыватныя школы, пераважна канфесійныя (каталіцкія). У 1985/86 навуч. г. ў Аўстрыі: 3,6 тыс. дашкольных дзіцячых устаноў (175 тыс. дзяцей); 4,9 тыс. школ, у тым ліку 3,4 тыс. 1-й ступені (341,9 тыс. вучняў), 1218 гал. школ (285, 5 тыс. вучняў), 316 павышаных школ (170 тыс. навучэнцаў); 30 ВНУ (160,9 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты ў Вене (з 1365), Грацы (з 1585), Зальцбургу (з 1622, адноўлены ў 1962), Інсбруку (з 1669), вет.-мед. ун-т у Вене (з 1767), тэхн. ун-ты ў Грацы (з 1811) і Вене (з 1815) і інш. Акадэмія выяўл. мастацтваў у Вене (з 1692), ін-ты сусв. гандлю, с.-г. ў Вене, сац.-эканам. навук у Лінцы. Найбольшыя б-кі: Нацыянальная ў Вене, універсітэцкія ў Вене, Грацы, Інсбруку. Музеі: Аўстр. галерэя; збор карцін Акадэміі выяўл. мастацтваў; Мастацка-гістарычны; Гістарычны ў Вене; музеі Л.Бетховена, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Ф.Шуберта і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстрыйскай АН (з 1847), ва ун-тах, даследчых цэнтрах, навук. т-вах.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстрыі каля 2500 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Neue Kronen Zeitung» («Новая каралеўская газета», з 1900), «Kurier» («Кур’ер», з 1954), «Die Presse» («Прэса», з 1848). Агенцтвы друку: Аўстрыя Прэсэ Агентур (АПА, з 1946), Католішэ Прэсэ Агентур (КАТПРЭС, з 1946). Радыё дзейнічае з 1924, тэлебачанне — з 1954. У 1960 створана Эстэррайхішэр Рундфунк унд Фэрнзэер (ОРФ), якая з 1974 мае статус грамадскага радыё і тэлебачання. ОРФ мае федэральную структуру. Яе дзейнасцю кіруе савет, куды ўваходзяць прадстаўнікі гал. Паліт. партый, урада, грамадскасці і Цэнтр. рады супрацоўнікаў ОРФ. Радыё ОРФ трансліруе 3 агульнанац., 9 мясц. праграм, праграму для іншаземцаў (на англ. і франц. мовах) і для замежжа (на англ., ням., ісп. і эсперанта мовах). Тэлебачанне ОРФ (з 1969 каляровае) вядзе перадачы па 2 агульнанац. праграмах; з 1959 дзейнічае кабельнае тэлебачанне. Аўстрыя належыць да тэлекамунікацыйнай спадарожнікавай сістэмы ІНТЭЛЬСАТ, супрацоўнічае з міжнар. арг-цыяй ІНТЭРСПАДАРОЖНІК, удзельнічае ў стварэнні праграмы спадарожнікавага тэлебачання 3САТ.

Літаратура. У 11—12 ст. у манастырах развівалася духоўная л-ра на лац. мове. У 12—13 ст. у Аўстрыі створаны агульнагерм. помнікі гераічнага эпасу («Песня пра Нібелунгаў», «Плач пра Нібелунгаў», «Дзітрых Бернскі», «Кудрун»), развіваліся мінезанг (гл. Мінезінгеры) і прыдворная рыцарская паэзія (У. фон Ліхтэнштайн). Рэакцыяй на рыцарскую л-ру стала «прыдворная вясковая паэзія» (Н. фон Роенталь). Уздым гарадоў у 13 ст. выклікаў з’яўленне бюргерскай л-ры, скіраванай супраць феадалаў, рыцараў, духавенства (Штрыкер, Вернер-Садоўнік, Г.Тэйхнер і інш.). Выразнікам ідэй Адраджэння ў аўстр. л-ры стаў паэт, драматург і гісторык К.Цэльтыс. З 16 ст. л-ра пад уплывам рэакц. палітыкі Габсбургаў і каталіцкай царквы. У канцы 16 — пач. 17 ст. яна стала вылучацца з агульнагерм. рэчышча, набываць нац. рысы. Адметную афарбоўку мела ў Аўстрыі культура барока, якая прадвызначыла развіццё л-ры па шляху сінтэзу каталіцызму і асветніцкага рацыяналізму: «Запіскі аб маскоўскіх справах» З.Герберштэйна, пропаведзі і духоўна-дыдактычныя творы Абрахама а Санкта-Клара, містэрыі і міраклі «тэатра езуітаў», камедыі І.А.Страніцкага і інш. У творах 2-й пал. 18 ст. адчуваецца ўплыў ідэй франц. і ням. Асветніцтва (журналісты І.Рыхтэр і І.Пецль, паэт А.Блумаўэр). Буйнейшыя прадстаўнікі рамантызму ў л-ры 1-й пал. 19 ст. — Ф.Грыльпарцэр (пачынальнік самабытнай аўстр. л-ры), Н.Ленаў з яго цягай да бідэрмеера («камернага» рэалізму). Бідэрмеер расквітнеў у венскім нар. т-ры (драматургія Ф.Раймунда і І.Н.Нестрая). У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму (творы Нестрая, А.Штыфтэра, Л.Анцэнгрубера). У творчасці Ф. фон Заара, П.Розегера, М. фон Эбнер-Эшэнбах, Л.Захер-Мазаха і інш. проціборствуюць рэаліст. і натуралістычныя тэндэнцыі. На мяжы 19—20 ст. узніклі разнастайныя літ.-эстэт. канцэпцыі і кірункі. На развіццё л-ры уплывалі махізм, фрэйдызм, неапазітывізм, фенаменалогія Э.Гусерля, «дыялектычная фізіягноміка» Р.Каснера, «містычны іудаізм» М.Бубера, ідэалогія сіянізму Т.Херцля. Тэарэтыкам мадэрнісцкіх плыняў стаў пісьменнік і крытык Г.Бар. У канцы 19 ст. на літ. арэну выйшаў імпрэсіянізм (П.Альтэнберг). Пераадольваючы неарамант. дэкаданс і эстэтызм, у рэаліст. кірунку развівалася творчасць прадстаўнікоў венскай школы мадэрну (Г. фон Гофмансталь, А.Шніцлер, Альтэнберг). Вяршыня нямецкамоўнай і еўрап. лірыкі пач. 20 ст. — паэзія Р.М.Рыльке. У рэчышчы экспрэсіянізму працавалі Г.Тракль, Ф.Верфель. З пазіцый класічна-нарматыўнага рэалізму палеміку з экспрэсіяністамі вёў сатырык К.Краўс, выдавец апазіцыйнага час. «Die Fackel» («Факел», 1899—1936). У перыяд паміж сусв. войнамі развівалася творчасць Ф.Кафкі, С.Цвэйга, Верфеля, Р.Музіля, Г.Броха, І.Рота, Х. фон Додэрэра, Э. фон Хорвата і інш. Распад Аўстра-Венгрыі, успрыняты імі як трагедыя, спрыяў пошуку новых маст. сродкаў у адлюстраванні рэчаіснасці, глыбокаму пранікненню ў сутнасць грамадскіх адносін. У перыяд далучэння Аўстрыі да гітлераўскай Германіі многія пісьменнікі эмігрыравалі (Цвэйг, Рот, Музіль, Брох). У пасляваен. час найб. значныя дасягненні звязаны з творчасцю паэтаў філас. складу П.Цэлана і І.Бахман. Пасля «Новай хвалі» і ўспышкі неаавангардызму ў 1970-я г. аўстр. літаратары вярнуліся да рэаліст. прыёмаў (Т.Бернхард, П.Хандке, Б.Фрышмут). З гуманіст. пазіцый выступілі Г.Айзенрайх, Ф.Каін, К.Буста.

На бел. мове выйшлі асобнымі выданнямі: «Санеты Арфею» (1982) Рыльке, «Зірні ў паток» (1991) Ленаў, «Пякучая таямніца» (1994) Цвэйга. У бел. перыёдыцы друкаваліся паасобныя творы В. фон дэр Фогельвайдэ, Рыльке, Ленаў, Тракля, В.Томана, Верфеля, Т.Крамера, Ф.Хабека, Кафкі, Цвэйга і інш. На бел. мову іх перакладалі В.Сёмуха, М.Навіцкі, А.Зарыцкі, М.Танк, Л.Баршчэўскі, У.Чапега.

Архітэктура. У ант. перыяд тут будавалі крэпасці рым. гарнізонаў з форумам у цэнтры, акведукамі, тэатрамі, храмамі, тэрмамі. У сярэднявеччы напачатку панаваў раманскі стыль (базілікі ў Гурку і Зекаў, 11—13 ст.), потым гатычны (сабор св. Стэфана, 1340—1435, царква Санкт-Марыя-ам-Гештадэ ў Вене і замак Рабенштайн у Ціролі, 12 ст.). У эпоху Адраджэння вызначальнымі тыпамі пабудоў былі бюргерскія дамы і муніцыпальныя будынкі, упрыгожаныя рэнесансавым дэкорам і кампазіцыямі ў тэхніцы сграфіта. У гарадах ствараліся рыначныя плошчы з ратушай, вежай з гадзіннікам і званамі. У эпоху барока (17—18 ст.) вакол Вены будаваліся палацы, якія разам з рэгулярнымі садамі стваралі адкрытыя ансамблі; асабліва вылучаюцца Бельведэр (арх. І.Л.Гільдэбрант) і пабудовы І.Б.Фішэра фон Эрлаха. Велічныя палацы, манастыры і цэрквы пабудаваны ў правінцыяльных гарадах (Зальцбург, Мельк і інш.). У 2-й пал. 18 ст. архітэктары Аўстрыі пераймалі прынцыпы франц. класіцызму (паркавыя збудаванні «Гларыета» ў Шонбруне). У 1850—80-я г. ў Вене на месцы крапасных валоў і ўздоўж іх пабудавана шырокая кальцавая магістраль Рынгштрасэ са шматкватэрнымі жылымі дамамі, дамамі палацавага тыпу, грамадскімі будынкамі. Параднасць т.зв. «стылю Рынгштрасэ» паўплывала на ўсталяванне эклектызму ў еўрап. архітэктуры. З канца 19 ст. супраць засілля эклектызму выступілі прадстаўнікі венскага мадэрну, якія ўваходзілі ў аб’яднанне «Венскі Сецэсіён» (І.Ольбрых, О.Вагнер, І.Гофман) і стварылі свой варыянт стылю мадэрн. Адмаўленне ад дэкар. празмернасці мадэрну, імкненне да геам. прастаты і яснасці аб’ёмаў найб. выявілася ў творчасці арх. А.Лоза. Для архітэктуры 1920—30-х г. характэрны рацыянальная планіроўка жылых масіваў, рабочых пасёлкаў, грамадскіх будынкаў (Ф.Шустэр, І.Франк), нац. рамантыка (К.Гольцмайстэр). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюць дасягненні «Сецэсіёна», прыёмы і метады функцыяналізму, што вядзе да стварэння унікальных арх. аб’ектаў (гар. зала універсальнага прызначэння Штатгале ў Вене і інш.).

Выяўленчае мастацтва. На тэр. Аўстрыі выяўлены шматлікія помнікі мастацтва палеаліту і неаліту (у тым ліку «Венера з Вілендорфа»), керамічныя і бронзавыя вырабы часоў гальштацкай культуры, узоры мастацтва кельтаў, рымскай эпохі (1 ст. да нашай эры — 5 ст. нашай эры). Вядомы фрэскавыя цыклы ў Зальцбургу, рукапісы, упрыгожаныя мініяцюрамі («Евангелле Бертольда», каля 1050). У скульптуры доўга захоўвалася арнаментальна-плоскасная трактоўка фігур. У гатычнай скульптуры і станковым жывапісе ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі. У статуях сабора св. Стэфана ў Вене (каля 1375—90) прыкметнае ўздзеянне мастацтва кола П.Парлера. З 15 ст. выяўляюцца рысы Адраджэння (творы скульпт. Я.Кашаўэра, жывапісца Р.Фруаўфа Старэйшага, асабліва М.Пахера). У 16 ст. пабольшала цікавасць да быт. сюжэта, партрэта, пейзажа, вылучаліся работы майстроў дунайскай школы. Міжнар. прызнанне атрымала мастацтва эпохі барока (17—18 ст.), яго вяршыня — творчасць жывапісца Ф.А.Маўльберча, скульптараў Б.Пермазера, Г.Р.Донера, Ф.К.Месершміта. Для рамантызму 19 ст. характэрна цікавасць да дэталяў побыту, імкненне да непасрэднасці і лірычнасці (І.А.Кох). Гэтыя рысы развіты прадстаўнікамі бідэрмеера (М. фон Швінд, Ф.Вальдмюлер і інш.). З канца 19 ст. цэнтрам новых плыняў у выяўл. мастацтве стаў «Сецэсіён». Яго вядучы прадстаўнік Г.Клімт стварыў поўны вытанчанай фантазіі венскі варыянт стылю мадэрн. На пач. 20 ст. сфарміравалася прасякнутая фантастыкай і містыкай творчасць А.Кубіна. Гал. прадстаўнік экспрэсіянізму — О.Какошка. У 2-й пал. 20 ст. побач з абстракцыянізмам (скульпт. Ф.Вотруба), т.зв. венскім неасюррэалізмам (жывапісец Э.Фукс) і інш. мадэрнісцкімі плынямі развіваюцца традыцыі рэалізму (творы І.Добраўскі, кола О.Файля і інш.).

Музыка. Да пач. нашай эры на тэр. Аўстрыі асноўнай была культура кельтаў. У 1 ст. да нашай эры — 5 ст. нашай эры пашырыўся эліністычны ўплыў. Да канца 19 ст. аўстр. музыка развівалася па шляху аб’яднання многіх нац. традыцый (аўстр., славенскай, харвацкай, сербскай, мараўскай, чэш., венг., цыганскай, рум., укр., ням., італьян. і інш.). Найб. стараж. формамі аўстр. фальклору з’яўляюцца імітацыйныя песні-іодлі горцаў-пастухоў, рэчытатыўныя песні-прытчы (т.зв. шпрухі). У 19 ст. пашыраны нар. песні і танцы, харавое і інстр. музіцыраванне.

У 8—12 ст. цэнтрамі прафес., у асноўным царк., муз. культуры былі манастыры і храмы, дзе існавалі школы пеўчых і арганістаў. У 12—14 ст. са свецкай муз.-паэт. культуры шпільманаў і вагантаў сфарміраваліся прыдворная капэла і цэх гар. музыкантаў, узнікла прыдворнае мастацтва мінезінгераў. Муз. мастацтва эпохі Адраджэння (14—16 ст.) развівалася пераважна ў прыдворным асяроддзі: засн. Венская прыдворная капэла (1498), муз. капэлы ў Зальцбургу, Інсбруку, Грацы; актывізавалася нотадрукаванне (Вена, Зальцбург, Грац); склаўся і пласт гар. быт. музыкі. У 17 ст. пачалося станаўленне аўстр. т-ра. У 1620 адкрыты т-р у Венскім калегіуме езуітаў, муз.-драм. пастаноўкі якога папярэднічалі оперным спектаклям у Гельбруне і т-ры бенедыкцінскага ун-та ў Зальцбургу. Пад уплывам італьян. музыкі ў сярэдзіне 17 ст. ў Вене створана італьян. прыдворная трупа. У 1708 адкрыты прыдворны т-р, у якім разам з італьян. выступалі і аўстр. спевакі, ставіліся аўстр. оперы. У творчасці аўстр. кампазітараў барока (Г.І.Ф.Бібер і Г.Муфат) упершыню выявілася нац. спецыфіка. У сярэдзіне 18 ст. пашыранымі сталі арыстакратычныя хатнія т-ры і капэлы, канцэртныя аб’яднанні. Муз. цэнтрам Вены стаў «Бургтэатр» (1741). З 1712 у «Кернтнертортэатры» (засн. ў 1709) ставіліся спектаклі венскай муз. камедыі і нац. камічнай оперы — аўстр. зінгшпіля, вяршыня якога — «Чароўная флейта» (1791) В.А.Моцарта. У сярэдзіне 18 — пач. 19 ст. ў Вене працавалі прадстаўнікі ранняй венскай (Муфат, Г.К.Вагензайль, М.Мон) і венскай класічнай школы (І.Гайдн, Моцарт, Л.Бетховен, блізкі да іх К.В.Глюк), якія зацвердзілі класічныя формы сімфоніі, уверцюры, санаты, канцэрта, квартэта і інш. Вял. значэнне для рэфармавання опернага жанру мелі оперы Моцарта («Вяселле Фігера», 1786; «Дон Жуан», 1787), Глюка і Гайдна. «Рэквіем» і меса c-moll Моцарта — кульмінацыя развіцця традыцый аўстр. духоўнай музыкі. У 19 ст. традыцыі венскай класічнай школы прадаўжалі кампазітары-рамантыкі, у тым ліку Ф.Шуберт, І.Брамс, А.Брукнер, Г.Малер. У творчасці сям’і Штраусаў і І.Ланера зацвердзілася танцавальная музыка, пераважна венскі вальс, і інш. быт. жанры. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. склалася венская аперэта. Яе класічныя ўзоры — «Цудоўная Галатэя» (1865) Ф.Зупе, «Лятучая мыш» (1874) І.Штрауса-сына, «Сільва» (1915) І.Кальмана. Другім муз. цэнтрам Аўстрыі ў сярэдзіне 19 ст. стаў Зальцбург, дзе ў 1841 адкрыты міжнар. цэнтр моцартазнаўства Моцартэум. Вял. ўклад у развіццё муз. культуры Аўстрыі зрабілі Малер і Р.Штраус, пад кіраўніцтвам якіх у Венскай прыдворнай оперы (з 1918 Венская дзярж. опера) адбыліся прэм’еры многіх значных сучасных опер. У 1922 у Зальцбургу засн. Міжнар. т-ва сучаснай музыкі. Новая венская школа зрабіла моцны ўплыў на развіццё сусв. муз. мастацтва. Яе прадстаўнікі А.Шонберг, А.Берг, А.Веберн распрацоўвалі новыя маст.-эстэт. і тэхніка-кампазіцыйныя прынцыпы (дадэкафонія, серыяльнасць і інш.). Музыка Аўстрыі 20 ст. ўключае розныя кірункі, у тым ліку неакласіцызм (Э.Тытэль, А.Уль), неафалькларызм (В.Келер), авангардызм (Э.Кшэнек), творчасць паслядоўнікаў новай венскай школы (Э.Велес, Г.Э.Апостэль, Г.Елінек), аўтараў аперэт (Р.Штольц, Н Досталь), опер (Г.Айнем). Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.Бём, Г.Караян; піяністы П.Бадура-Скода, Ф.Гульда, І.Дэмус; спевакі Х.Гюдэн, А.Дэрмота, І.Зефрыд, К.Людвіг, Э.Шварцкопф. У Вене працуюць Венская дзярж. опера (з 1918), т-р «Фольксопер» (з 1898), Венскі філарманічны аркестр (з 1842), муз. выд-вы, т-вы, Саюз кампазітараў (з 1913), Акадэміі музыкі і сцэнічнага мастацтва ў Вене (з 1817), Грацы (з 1963), Зальцбургу (з 1914), кансерваторыі ў Клагенфурце (з 1931) і Вене (з 1938). У буйных гарадах праводзяцца міжнар. муз. конкурсы і фестывалі.

Тэатр. Станаўленне нац. т-ра ў Аўстрыі пачалося ў 16 ст., калі вандроўныя трупы акцёраў-імправізатараў паказвалі сцэнкі з нар. жыцця, гал. герой якіх — камічны персанаж Гансвурст. У 17—18 ст. у Вене існавалі прыдворны т-р і школьны т-р езуітаў. У 1628 пабудаваны т-р у Інсбруку, пазней — у Грацы, Лінцы, Зальцбургу, Бадэне. У 1712 акцёр і драматург І.А.Страніцкі стварыў у Вене пастаянны нар. т-р, у 1741 адкрыты «Бургтэатр», дзейнасць акцёраў і рэжысёраў якога грунтавалася на рэаліст. традыцыях нац. тэатр. мастацтва (у 19 ст. — С.Шродэр, М.Корн, Г.Аншуц, К.Фіхтнер, І.Шрэйфогель, Г.Лаўбе, А.Зоненталь, І.Левінскі, Ш.Вольтэр, Ф.Дзінгельштэт, у 20 ст. — І.Кайнц, Р.Аслан, Э.Бальзер, К.Дорш і інш.). У канцы 18 — пач. 20 ст. ў прадмесцях Вены працавалі дэмакр. т-ры, якія працягвалі традыцыі нар. т-ра, а іх акцёры-драматургі Ф.Раймунд і І.Н.Нестрай стварылі своеасаблівы жанр нац. камедыі. У рэпертуары т-раў 19 — пач. 20 ст. пераважалі п’есы аўстр. драматургаў Ф.Грыльпарцэра, Л.Анцэнгрубера, Г.Гофмансталя, А.Шніцлера, ставіліся і класічныя замежныя творы. У 1920—30-я г. асаблівую вядомасць набыў «Іозефштаттэатр» (засн. ў 1778), якім у 1924—38 кіраваў М.Райнгарт. Пасля 2-й сусв. вайны аднавілі дзейнасць нац. т-ры, у тым ліку «Бургтэатр» і «Фольксопер». У 1948 створаны т-р «Скала». З канца 1940-х г. папулярнымі сталі паўпрафесійныя калектывы, т.зв. «келертэатры» («падвальныя тэатры»). Цэнтр тэатр. мастацтва краіны — Вена, дзе знаходзяцца «Бургтэатр», «Штатсопер», «Фольксопер», прыватныя т-ры, Ін-т тэатразнаўства. У Зальцбургу штогод адбываюцца міжнар. тэатр. фестывалі (з 1920).

Кіно. З 1896 у Вене дэманстраваліся фільмы вынаходнікаў кінематографа братоў Люм’ер. Першыя айч. кінастужкі знялі каля 1908 Ф.Дорман, І.Якабсан і Г.Ганус. З 1912 кінавытворчасцю займаліся фірмы «Саша-фільм» і «Вінер Кунстфільм» (рэж. Г.Марышка і К.Зоскі). Пасля 1-й сусв. вайны ствараліся пераважна відовішчныя карціны (рэж. А.Корда, М.Кертыц). Уклад у экспрэсіянізм зрабілі фільмы Г.В.Пабста, Э.Куна, В.Краўса, Р.Віне. З’яўленне гукавога кіно на некалькі гадоў зрабіла Вену сталіцай сентыментальных камедый і муз. фільмаў (рэж. В.Форст, Г.Якобі, Марышка, Г. фон Больвары, Э.В.Эма; акцёры і спевакі М.Іорыц, І.Новатна, З.Ліндэр, П.Веселі, В.Чэхава, М.Шнайдэр, В.Альбах-Рэці). Пасля 2-й сусв. вайны ў кіно Аўстрыі працавалі рэжысёры Г.Койтнер («Апошні мост»), Пабст («Працэс», «Апошняя дзея»); значнае месца па-ранейшаму займалі муз. фільмы («Гераічная сімфонія», «Франц Шуберт», «Улюбёнец Вены») і фільмы-рэвю («Дзіця Дуная», «Залатая сімфонія», «Чароўнае рэвю»). Дэбютавалі рэжысёры К.Штайнвендэр, Э.Збоўска, П.Кубелка. Многія акцёры Аўстрыі выехалі за мяжу (Максімілян і Марыя Шэл,Н.Тылер, К.М.Брандаўэр, Р.Шнайдэр). З 1966 у Вене кожныя 2 гады адбываецца міжнар. кінафестываль Венале.

Беларусы ў Аўстрыі з’явіліся ў 2-ю сусв. вайну, якая выклікала 3-ю хвалю эміграцыйнага руху. Найб. бел. асяродкі былі ў г. Зальцбург і ў акрузе Рыд. Некаторы час у 1944 на ваен. фабрыцы ў Швадорфе намаганнямі А.Змагара працавала школа для дзяцей. Тут выкладалі паэт А.Салавей, мастак П.Мірановіч. Група бел. літаратараў на чале з Салаўём выдавала ў Зальцбургу часопісы «Пагоня» (№ 1—4, 1946), «З беларускага жыцця» (№ 1—38, 1946—47). У Верхняй Аўстрыі працавалі 2 бел. школы: у Кірхсгайме (1945) і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701—А Рыд (1948), дзе настаўнікам быў А.Яцэвіч. З пач. 1950-х г. у Вене дзейнічае т-ва «Родина», якое займаецца культ.-асв. работай сярод выхадцаў з Беларусі, Расіі, Украіны. Узначальвае т-ва А.Э.Кухар; яго аддзелы працуюць у Зальцбургу (старшыня Т.Н.Гаўрылюк), Інсбруку (старшыня А.П.Радл).

Літ.:

Сакалоўскі У.Л. Нямецкая і аўстрыйская літаратура ў Беларусі // Сакалоўскі У.Л. Пара станаўлення. Мн., 1986;

Schmidt A. Dichtung und Dichter Österreich im. 19. und 20. Jahrhundert. Bd. 1—2.Salzburg;

Stuttgart, 1964;

Feuchtmuller R. Kunst in Österreich. Bd. 1—2. Wiena, 1972—73;

Die Kunst der 70-er Jahre in Österreich. Wiena, 1980;

Беккер П. Симфония от Бетховена до Малера: Пер. с нем. Л., 1926;

Черная Е. Моцарт и австрийский музыкальный театр. М., 1963;

Яе ж. Австрийский музыкальный театр до Моцарта. М., 1965.

Ю.В.Ляшковіч (прырода, гаспадарка), У.Л.Сакалоўскі (літаратура), А.М.Гарахавік (музыка), А.С.Ляднёва (беларусы ў Аўстрыі).

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СЫ,

нацыя, асноўнае насельніцтва Беларусі. Складае 7904 тыс. чал. (перапіс 1989), 77,4% насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Значная частка беларусаў жыве па-за межамі Беларусі, у т. л. ў Расіі 1052 тыс. (1989), на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс. чал.; у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш., паводле розных ацэнак, жыве ад 300 тыс. да 2 млн. беларусаў (гл. Дыяспара беларуская). Гавораць на беларускай мове, якая адносіцца да слав. групы індаеўрап. моўнай сям’і. Разам з рускімі і ўкраінцамі належаць да ўсх. славян. Антрапалагічны тып — сярэднееўрап. варыянт еўразійскай (еўрапеоіднай) расы. Тэрыторыя іх кампактнага рассялення ў межах Беларусі займае 207,6 тыс. км² і ахоплівае басейны верхняга Дняпра, Сажа, Зах. Дзвіны, Нёмана, Прыпяці і часткова Зах. Буга.

Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ўжо ў 5—8 ст. тэр. Беларусі насялялі слав. плямёны, з якімі генетычна звязаны саюзаплемянныя і раннефеад. этнапалітычныя супольнасці 9—10 ст.крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне, драўляне і севяране. Працэс іх рассялення на Беларусі суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі з мясц. балцкімі плямёнамі (гл. Балты), якія ў асноўным былі асіміляваны, а часткова (у зах. абласцях) склалі змешаныя балта-слав. групы. У межах Кіеўскай Русі (канец 9 — пач. 11 ст.) пачалі складвацца феад. адносіны, узнікаць класы, гарады, фарміравацца стараж.руская народнасць, прынята хрысціянства. З 10 ст. землі Беларусі ўваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, часткова Смаленскага, Чарнігаўскага княстваў; да 12 ст. з іх вылучыліся Пінскае, Мінскае, Друцкае, Заслаўскае, Навагрудскае і інш. княствы.

Фарміраванне і развіццё беларускай народнасці. У 13—14 ст. землі і княствы Беларусі ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Полацкая, Новагародская, Віцебская землі, а таксама Слуцкае, Кобрынскае, Мсціслаўскае і інш. княствы мелі ў ВКЛ пэўную сац.-эканам. і юрыдычна-прававую аўтаномію. У складзе адзінай дзяржавы спыніўся працэс іх феад. драблення, што садзейнічала стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сацыяльна-эканам., паліт., дэмаграфічныя і этнакультурныя фактары абумовілі пашырэнне этнасацыяльных сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі Беларусі і ўнутрыэтнічную кансалідацыю. На працягу 15—16 ст. у ВКЛ павялічылася колькасць гарадоў і мястэчак, узмацніліся гандл. сувязі паміж імі, вырасла доля гандл.-рамесніцкага насельніцтва, павысілася таварнасць і прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі, праведзены адм.-тэр. і аграрна-гасп. рэформы; кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж. юрыд. нормаў завяршылася складаннем Статутаў Вял. княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588. Пасля аб’яднання з Польшчай у федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую ВКЛ захоўвала паліт. аўтаномію, свой урад, юрыд. правы, войска, фінансы і інш., што ў пэўнай меры стрымлівала польскі ўплыў на бел. і літ. народы. Аднак з таго часу ўзмацніліся працэсы паланізацыі і акаталічвання. Для бел. сялянства і гараджан асн. каштоўнасцю была этнагенетычная спадчына, якая аб’ядноўвала розныя тэрытарыяльныя групы беларусаў на аснове агульнасці іх гіст. лёсу, культуры, мовы, рэлігіі. Значную ролю адыгрывалі фактар кампактнага рассялення беларусаў і іх дэмаграфічнае становішча (бел. землі складалі большасць тэр. ВКЛ, а насельніцтва — асн. этнічны масіў). Беларусы складалі значную частку насельніцтва і ў гарадах этнічнай Літвы — Троках, Коўне, сталіцы ВКЛ Вільні. Дамінуючае дэмаграфічнае становішча беларусаў у межах ВКЛ і высокі ўзровень развіцця іх культуры вызначылі поліэтнічны характар пашырэння іх мовы. Старабел. мова («руськая») была афіцыйнай дзярж. мовай ВКЛ, сродкам зносін паміж усх.-слав. насельніцтвам і літоўцамі-аўкштайтамі, жмудзінамі, латгаламі і больш дробнымі этнічнымі групамі (татары, яўрэі, цыганы, караімы і інш).

У перыяд складвання бел. народнасці этнакансалідуючую функцыю адыгрываў і канфесіянальны фактар. Большасць усх.-слав. насельніцтва ВКЛ да 16 ст. вызнавала праваслаўе. Гэтага веравызнання трымалася таксама частка насельніцтва этнічнай Літвы і Жмудзі. Пасля дынастычнага саюзу ВКЛ і Польшчы (гл. Крэўская унія 1385) на землях Літвы і Беларусі пачало пашырацца каталіцтва, у 16 ст. ў сувязі з еўрап. рэфармацыйным рухам — пратэстантызм (лютэранства, кальвінізм і інш.), а пасля Брэсцкай уніі 1596 — уніяцтва. Праваслаўныя цэрквы Беларусі, Украіны і Літвы, пераведзеныя ва уніяцтва, трапілі пад духоўную ўладу рымскага пантыфікату і ўспрынялі асн. догматы каталіцызму. Наступ каталіцтва і уніяцтва выклікаў у большасці правасл. насельніцтва незадаволенасць і пратэст. Найб. глыбока паланізацыя пранікла ў самасвядомасць, матэрыяльную і духоўную культуру пануючых класаў Беларусі. У 17 ст. большая палова бел. шляхты спавядала каталіцкую ці уніяцкую веру, карысталася польскай мовай, прытрымлівалася агульнасаслоўных стэрэатыпаў ладу жыцця і паводзін (напр., панібрацтва). Усе этнастваральныя фактары, што садзейнічалі складванню бел. народнасці ў 14—16 ст., у цэлым мелі аб’яднальную тэндэнцыю. Жыхары абшчыны сваю супольнасць звычайна вызначалі агульным сельскім ці валасным этніконам, які паходзіў ад назвы сяла ці цэнтра воласці. У межах паветаў, княстваў, зямель, ваяводстваў насельніцтва аб’ядноўвалася вакол гарадоў і мястэчак у т.зв. зямляцтвы (напр., мазыране, палачане, мсціслаўцы, случане і інш.). Зямляцкія этнонімы былі ўстойлівыя і ў самой Беларусі, і за яе межамі. У 14—16 ст. значна пабольшала роля працэсаў этнагенетычнай кансалідацыі і агульнадзярж. інтэграцыі. Пра гэта сведчыць пашырэнне этнонімаў «русіны» і «літвіны». Руссю (рус. землямі) у той час называлі ўсх. і цэнтр. тэр. Беларусі. Кампактны арэал назвы «літвіны» бытаваў пераважна ў раёнах Вілейкі, Смаргоні, Ашмян, Крэва, Маладзечна, Ліды і інш. (т.зв. Павілейская Літва). Але ў 16—17 ст. «Літвой» і «літвінамі» называлі ўсё насельніцтва ВКЛ. Канкрэтна беларусаў называлі «літвіны рускага роду», «літвіны рускай веры», «літвіны-беларусцы», «літоўскія беларусы», што адлюстравана і ў гіст. дакументах (напр., бел. першадрукар і асветнік Ф.Скарына называў сябе палачанінам, русінам і літвінам).

Розныя ўзроўні працэсаў этнічнага формаўтварэння, саслоўна-класавая і канфесіянальная дыферэнцыяцыя адбіліся на складванні бел. народнасці, на разнастайнасці формаў і элементаў яе культуры і побыту. Асаблівасцю гарадоў і мястэчак Беларусі быў іх хуткі рост. У канцы 16 ст. іх было больш за 300, а іх жыхары складалі каля 16—20% насельніцтва. Многія з іх мелі магдэбургскае права. Павялічвалася маёмаснае, прававое і саслоўнае размежаванне іх насельніцтва. Да асобных катэгорый належалі духавенства і арыстакратыя. Іншаэтнічнае насельніцтва часта не ўваходзіла ў катэгорыю мяшчан, а аб’ядноўвалася ў свае абшчыны з асобнымі правамі і прывілеямі.

Асн. масу насельніцтва Беларусі 14—16 ст. складалі сяляне. Яны падзяляліся на дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх. У выніку аграрнай рэформы — валочнай памеры, праведзенай у ВКЛ у 16 ст., саслоўна-сац. і гасп.-эканам. арганізацыя сялянства змянілася і стала складацца з трох асн. катэгорый: слугі, асадныя сяляне і цяглыя сяляне.

Асн. збожжавай культурай было жыта; сеялі таксама авёс, ячмень, проса, пшаніцу і інш. Былі пашыраны агародныя і садовыя культуры. З землеапрацоўчых прылад пераважала саха для парнай запрэжкі. Пры ляднай (падсечна-агнявой) сістэме апрацоўкі зямлі сяляне карысталіся матыкамі, баронамі, сукаваткамі, смыкамі. Збожжавыя культуры сеялі ўручную з сявенькі-лубянкі, жалі сярпом, малацілі цапамі, веялі зерне веялкай-шуфлікам, малолі на муку або абдзіралі на крупы. Павелічэнне плошчы ворных зямель суправаджалася ўзнікненнем новых пасяленняў. Іх памеры, характар узнікнення і інш. асаблівасці адлюстраваліся і ў назвах-вызначэннях. Побач з вядомымі са старажытнасці назвамі сяло, сяльцо, весь, вёска, пагост з 15 ст. пачалі сустракацца слабада. воля, вольта, засценак, селішча. Асн. тыпам планіроўкі новых пасяленняў быў вулічны, што адпавядаў дзярж. плану забудовы. Існавала таксама бессістэмная, або кучавая, забудова. Асноўным тыпам жылля была зрубная хата з двума памяшканнямі (хата + сенцы). Вядома і трохкамернае жыллё (святліца + сенцы + жылое або гасп. памяшканне). Дах накрывалі саломай, дранкай, гонтай. Печы рабілі з комінам або без яго (курная хата). Вокны былі невялікія, іх закрывалі засаўкай, бычыным пухіром, прамасленай паперай, зрэдку шклом. Жылыя дамы заможнай шляхты былі значна большыя, шматкамерныя, часам двухпавярховыя.

Пэўныя асаблівасці мела архітэктура гарадоў і мястэчак, якія паступова набывалі урбанізаваны тып, набліжаны да зах.-еўрапейскіх традыцый горадабудаўніцтва. У іх павялічвалася колькасць мураваных пабудоў (найбольш у зах. абласцях). Мураванымі былі пераважна абарончыя (замкі, крэпасці) і культавыя (цэрквы, касцёлы), радзей жылыя, бытавыя і адм. пабудовы.

Да 16 ст. адносіцца з’яўленне пэўных відаў адзення, якія пазней ўвайшлі ў традыц. бел. нар. касцюм. Асновай жаночага і мужчынскага касцюма заставалася кашуля (сарочка). Мужчынскі гарнітур дапаўняўся паясным (штаны, споднікі), плечавым (кафтан) і верхнім (кажух, армяк, даламан) адзеннем. У жаночы гарнітур уваходзіла плечавое і паясное адзенне (андарак, панёва, фартух, летнік, спадніца), розныя галаўныя ўборы (хустка, рантух, плахта, каптур, чапец, магерка, капялюш), а таксама паясы, кашалькі, упрыгожанні. З даўніх часоў на Беларусі бытаваў скураны абутак. Для сял. асяроддзя характэрнымі былі і лапці, пашытыя са скуры або сплеценыя з лыка.

Аснову харч. рацыёну насельніцтва 14—16 ст. складалі прадукты земляробства, агародніцтва, жывёлагадоўлі. Дадатковымі крыніцамі былі паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва. З напіткаў спажывалі мёд, квас, піва і інш. (гл. таксама Беларускія народныя стравы).

Фальклор беларусаў перыяду фарміравання народнасці меў тыя самыя жанры і элементы, што і ў папярэднія стагоддзі: песні, магічныя заклінанні, звязаныя з язычніцкай абраднасцю, галашэнні, быліны, казкі, легенды, загадкі. Узнік і новы эпічны жанр — гіст. песні і паданні, гал. тэмай якіх была барацьба народа з іншаземнымі захопнікамі, а таксама з уласнымі прыгнятальнікамі. Шырока бытавалі лірычныя песні. Зліццём язычніцкіх і хрысц. элементаў характарызаваліся многія абрады і звычаі, звязаныя з каляндарна-аграрнымі святамі і сямейна-бытавой абраднасцю. Гл. таксама Народная паэтычная творчасць.

Традыцыі перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне ў рамках сям’і. Тагачасныя сем’і падзяляліся на малыя (шлюбная пара і іх дзеці) і вялікія (бацькоўскія і брацкія родзічы 2—3 пакаленняў, сваякі, якія мелі агульную маёмасць, вялі сумесную гаспадарку і лічыліся адным «дымам»). Распараджальнікам і галавой сям’і быў бацька, а ў выпадку яго смерці — маці (пры адсутнасці дарослага сына). Сямейна-бытавыя адносіны рэгламентаваліся звычаёвым правам і дзярж. сямейным правам.

Са стараж. часоў на Беларусі былі вядомы школы. Яны існавалі пераважна пры манастырах і цэрквах, з 16 ст. — пры брацтвах (гл. Брацкія школы). Пры ордэнах езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў існавалі калегіумы. Адукацыя гар. насельніцтва была звязана з агульнаеўрап. традыцыямі. Разам з тым духоўная культура і грамадская думка беларусаў у 14—16 ст. мелі свае асаблівасці. У той час узнікала бел.-літоўскае летапісанне (гл. «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца). Вяршыняй тагачаснай бел. культуры стала гуманістычная дзейнасць Ф.Скарыны, які ў перакладзе на старабел. мову выдаў Біблію (Прага, 1517—19). Яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі і інш. былі актыўнымі дзеячамі бел. Рэфармацыі. З жыццём і побытам беларусаў знаёміў еўрап. чытача адзін з выдатных паэтаў эпохі Адраджэння М. Гусоўскі. Вострыя праблемы грамадска-паліт. жыцця ўзнімалі М.Сматрыцкі, Л.Карповіч, С.Зізаній, Афанасій Брэсцкі і інш. З 16 ст. вядомы школьны тэатр, папулярнымі ў народзе былі лялечны тэатр батлейка, бел. харавыя песні-гімны — канты і псалмы. Склалася адметная беларуская іканапісная школа, дасягнулі росквіту драўляная скульптура і разьба па дрэве, беларуская рэзь стала шырока вядома за межамі Беларусі. Узнікла своеасаблівая архітэктура: Мірскі, Навагрудскі, Лідскі, Крэўскі замкі, Мураванкаўская і Сынковіцкая цэрквы-крэпасці і інш.

Асн. вынікам дзейнасці комплексу сац.-эканам., паліт., этнічных працэсаў 14—16 ст. на Беларусі стала складванне самаст. этнасацыяльнай супольнасці феад. тыпу — бел. народнасці і яе асн. этнічных прыкмет — мовы, культуры, самасвядомасці.

Цяжкім і складаным у гісторыі беларусаў быў перыяд 17—18 ст. Шматлікія войны з суседзямі і паміж магнатамі прывялі да сац.-эканам. крызісу Рэчы Паспалітай, які скончыўся яе падзеламі (1772, 1793 і 1795) паміж суседнімі дзяржавамі. Абвастрэнне нац.-класавых, рэлігійных і інш. супярэчнасцей выклікалі ўздым вызв. войнаў і антыфеад. паўстанняў. У выніку войнаў, голаду і эпідэмій рэзка зменшылася колькасць насельніцтва, што негатыўна паўплывала на развіццё бел. народнасці. Бел. шляхта на працягу 17—18 ст. ў асноўнай масе была паланізавана. Сялянства, частка гараджан, ніжэйшага і сярэдняга духавенства, дробнай і часткова сярэдняй шляхты актыўна супраціўлялася паланізацыі, што забяспечвала этнаэвалюцыйнае развіццё бел. народа. Дыферэнцыяцыя бел. культуры на культуру нар. мас і пануючых саслоўяў набывала ярка выражаную этнічную накіраванасць, калі менавіта народ захоўваў традыцыйнасць этнавызначальных прыкмет этнасу.

У 17—18 ст. на ПнУ і У Беларусі, сумежных тэр. Смаленшчыны і Пскоўшчыны стабілізавалася назва Белая Русь, вядомая з 14 ст., паступова ў шырокі ўжытак увайшлі паняцці «беларускі край», «беларускія гарады», «беларуская мова», «беларуская вера» (уніяцтва). Канфесіянальны склад заставаўся стракатым. Падтрымка каралеўскім дваром і магнатамі каталіцкай царквы садзейнічала пашырэнню на Беларусі розных каталіцкіх ордэнаў (дамініканцаў, езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў, кармелітаў і інш.), якія актыўна падтрымлівалі уніяцтва. Да канца 18 ст. католікі складалі каля 15%, уніяты 70%, праваслаўныя 6%, іудзеі 7%, пратэстанты і інш. 2% насельніцтва Беларусі. Палітыка акаталічвання і паланізацыі закранула і мову. У 1696 на канфедэрацыі Рэчы Паспалітай прынята рашэнне, паводле якога агульнадзярж. мовай абвяшчалася польская. Гэтыя і інш. неспрыяльныя сац.-паліт. фактары пагоршылі ўмовы развіцця духоўнай культуры бел. народа.

І.У.Чаквін.

Фарміраванне беларускай нацыі. Драматычныя падзеі апошняй трэці 18 ст. шмат у чым прадвызначылі далейшы лёс бел. этнасу. Устанаўленне паліт. улады рас. царызму садзейнічала захаванню і нават узмацненню феад. прыгону. Сельская гаспадарка Беларусі знаходзілася ў крызісным стане. За 1796—1858 насельніцтва Беларусі павялічылася на 27% і складала 3,3 млн. чал. Вял. страты панесла Беларусь у час Айчыннай вайны 1812. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя прыкметы нац. кансалідацыі. У Віленскім ун-це ў канцы 1810-х г. М.Баброўскі і І.Даніловіч паклалі пачатак збіранню і публікацыі помнікаў бел. пісьменства 16—17 ст., садзейнічалі абуджэнню цікавасці да гіст. мінулага сярод студэнтаў — сяброў таварыстваў філаматаў і філарэтаў.

Развіццё бел. этнасу ў пач. 19 ст. характарызавалася не толькі працэсам фарміравання нац. самасвядомасці, але і іншаэтнічным асіміляцыйным уздзеяннем. Пры патуранні царскай адміністрацыі паланізацыя і акаталічванне карэннага насельніцтва ў канцы 18 — пач. 19 ст. нават узмацніліся. Тэарэтычным абгрунтаваннем гэтай дзейнасці сталі працы польскіх даследчыкаў С.Ліндэ, Л.Галамбёўскага, А.Дамбоўскага, А.Нарушэвіча, якія разглядалі беларусаў як этнагр. групу польскага народа. Пасля задушэння паўстання 1830—31 у дзярж. і навуч. установах замест польскай мовы ўводзілася руская. Полацкі царкоўны сабор 1839 абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з пануючай праваслаўнай царквой. Гэта выклікала супраціўленне многіх вернікаў, асабліва на ПнЗ Беларусі. Пачалося афармленне тэорыі заходнерусізму, паводле якой беларусы лічыліся не самастойным этнасам, а адгалінаваннем рус. народа. Этнагр. асаблівасці, якія адрознівалі беларусаў ад рускіх, тлумачыліся польскім уплывам і падлягалі знішчэнню для аднаўлення нібыта «спрадвечна рускага характару краю». Заходнерусізм стаў ідэалогіяй і формай самасвядомасці часткі праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і дваран.

У 1840—50-я г. сярод шырокага кола мясц. інтэлігенцыі павялічылася цікавасць да гіст. мінулага Беларусі, вывучэння фальклору і побыту карэннага насельніцтва. З польскамоўнага літ. руху вылучылася т.зв. беларуская школа, творчасць прадстаўнікоў якой была прысвечана Беларусі. Асобныя творы Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі былі напісаны на бел. мове, а ў Я.Дуніна-Марцінкевіча яна стала асноўнай. У 1840-я г. А.Абрамовіч зрабіў першыя спробы стварэння нац. музычных твораў. У 1852 пастаўлена першая бел. опера «Сялянка» («Ідылія», муз. С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага, лібрэта Дуніна-Марцінкевіча). Самасвядомасць і творчасць гэтага кола інтэлігенцыі не заўсёды мелі ясна акрэслены нац. змест, але аб’ектыўна яны стваралі аснову бел. нацыянальнай мастацкай культуры. У цэлым развіццё нац. кансалідацыі слаба закранула этнас. Літвінамі сябе па-ранейшаму называлі жыхары Гродзенскага, Ваўкавыскага, Слонімскага, часткова Слуцкага пав. У Віленскай губ., Мінскім, Дзісенскім, Барысаўскім пав. літвінамі называлі толькі католікаў, а праваслаўных — беларусамі. Зах. Беларусь, як і раней, называлі Літвой, а этнічную Літву — Жмуддзю, Самагіціяй. Саманазва «беларусы» была найб. пашырана ў «гістарычнай Беларусі» — Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Смаленшчыне, але яна мела пераважна тапанімічны характар. Захоўваліся шматлікія этніконы тыпу віцебцы, магілёўцы, гомельцы, пінчукі, бужане. Большасць памешчыкаў, 92% якіх былі католікамі, лічылі сябе палякамі. Многія з іх захоўвалі элементы мясц. («літоўскага», ці «беларускага») патрыятызму, які ў пач. 1860-х г. набыў нацынальна-паліт. і асветніцкі характар. У 1862 мінскі маршалак А.Аскерка выдаў у Варшаве бел. лемантар. Дробная шляхта сваю этнічную прыналежнасць звязвала з канфесіянальнай: католікі лічылі сябе палякамі, праваслаўныя — рускімі. Аналагічным чынам вызначалі сябе мяшчане. Этнічнае самавызначэнне інтэлігенцыі залежала гал. чынам ад яе паліт. арыентацыі, але большая частка аддавала перавагу польскай дэмакр. культуры. І толькі сярод нешматлікага кола дэмакр. інтэлігенцыі сфарміравалася ўяўленне пра тое, што беларусы валодаюць усімі ўмовамі для самастойнага развіцця і маюць на тое ўсе правы. Лідэрам гэтай групы стаў К.Каліноўскі. Яго публіцыстыка ў газ. «Мужыцкая праўда» сведчыла пра спеласць нац. руху. У час паўстання 1863—64 на Вілейшчыне па патрабаванні сялян былі адкрыты бел. школы. Паражэнне паўстання адмоўна адбілася на развіцці бел. этнасу. Лепшыя прадстаўнікі дэмакр. інтэлігенцыі загінулі, многія сасланы ў Сібір. Царская адміністрацыя ўстанавіла на Беларусі ваенна-паліцэйскі рэжым. Руская мова заняла пануючае становішча ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Было забаронена друкаваць бел. кнігі лацінкай.

Сялянская рэформа 1861 абумовіла пазітыўныя зрухі ў эканам. развіцці Беларусі. Вял. значэнне мела будаўніцтва густой сеткі чыгунак. Эканам. становішча сялян палепшылася. Вынікам гэтага стаў хуткі рост колькасці насельніцтва. За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў падвоілася. У 1897 на Беларусі жыло 6,5 млн. чал.

У 1868 у Пецярбургу ўзнікла асветніцкая арг-цыя «Крывіцкі вязок». Далейшае развіццё нац. руху было звязана з народніцкай ідэалогіяй. У канцы 1870-х — пач. 1880-х г. у Пецярбургу была створана група «Гоман» — першая паліт. самастойная арг-цыя бел. нац. інтэлігенцыі, якая выдавала час. «Гомон», інш. выданні. У 2-й пал. 1880-х г. у Мінску ўзнікла група ліберальнай інтэлігенцыі (М.В.Доўнар-Запольскі, У.З.Завітневіч, А.І.Слупскі, Я.Лучына і інш.), якая імкнулася абудзіць нац. самасвядомасць легальнымі сродкамі. Для гэтага выкарыстоўвалася першая прыватная на Беларусі газ. «Минский листок», а таксама выдадзеныя ў 1889—93 календары. Яшчэ большы ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці зрабіла творчасць Ф.Багушэвіча. Яго прадмова да «Дудкі беларускай» з’явілася сапраўдным маніфестам нац. адраджэння (гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух).

Вял. значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў, этнографаў. Іх публікацыі пераканаўча сведчылі, што беларусы з’яўляюцца самастойным этнасам, а не «сапсаванымі» рускімі ці палякамі.

На працягу 2-й пал. 19 ст. ў этнічнай самасвядомасці беларусаў адбыліся істотныя змены. Паводле перапісу 1897, 74% насельніцтва Беларусі лічылі роднай мовай беларускую. Да беларусаў сябе адносілі каля 43% саслоўя дваран. Роднай мовай беларускую лічылі 40% чыноўнікаў, 10% юрыстаў, 20% урачоў, 29% паштова-тэлеграфных служачых, 60% настаўнікаў. Сярод сялянства назва «беларусы» выцесніла большасць лакальных этніконаў. Тэрмін Беларусь замацаваўся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй беларусаў. Аднак саманазва «беларус» яшчэ не мела агульнаэтнічнага і нац. зместу. Таму поруч з ім ужываліся канфесіянімы («рускія», і «палякі»), а жыхары паўн.-заходняй і цэнтр. часткі Беларусі нярэдка называлі сябе «тутэйшымі».

Нац. рух, які ўступіў у новы перыяд свайго развіцця, меў сацыяліст. характар. У 1903 створана Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Паскорыўся працэс фарміравання бел. прафесійнай мастацкай культуры. Узніклі бел. выдавецтвы «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, «Наша ніва», «Наша хата» і «Палачанін» у Вільні і інш. З’явіліся перыяд. выданні: газеты «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Беларус», часопісы «Лучынка», «Саха», «Крапіва», альманах «Маладая Беларусь». Характэрнай рысай усёй бел. нацыянальнай культуры было абуджэнне агульнаэтнічнай самасвядомасці.

Вял. ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці як сістэмы навук. поглядаў зрабілі працы Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22), артыкулы Доўнар-Запольскага, матэрыялы перапісу 1897, працы В.Ластоўскага, асабліва яго «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Вядучую ролю ў пашырэнні нац. самасвядомасці адыгрывала прэса, у першую чаргу газ. «Наша ніва», рэдакцыя якой стала арганізацыйным цэнтрам усяго нац. руху. Важнай формай папулярызацыі нац. культуры сталі бел. вечарынкі, што арганізоўваліся ў Вільні, Гродне, Полацку, Карэлічах, а таксама ў Пецярбургу, Варшаве, Тамбове і інш. Развіццю нац. культуры спрыяла кадыфікацыя бел. мовы. У 1908—10 былі спробы стварэння прыватных бел. школ.

Галоўным арэалам кансалідацыі бел. нацыі сталі цэнтр. і паўн.-зах. часткі Беларусі (Лідскі, Дзісенскі, Ашмянскі, Вілейскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Навагрудскі, Слуцкі і Мінскі пав). Менавіта сярэднебел. гаворкі, асабліва іх паўн.-зах. група, склалі дыялектную аснову бел. літаратурнай мовы. На пач. 20 ст. нац. самасвядомасць стала характэрнай рысай прадстаўнікоў практычна ўсіх класаў і сац. слаёў грамадства, што сведчыла пра завяршэнне фарміравання бел. нацыі як самаст. этнасацыяльнага арганізма. П.У.Церашковіч.

Развіццё беларускай нацыі ў 20 ст. Першая сусв. вайна, Лютаўская і Кастр. рэв. 1917, грамадз. вайна, герм. і польск. акупацыі паставілі бел. народ на мяжу выжывання. У выніку страт на франтах і сярод мірнага насельніцтва ў часы ваен. дзеянняў і акупацый, эпідэмій, бежанства, эміграцыі з 7,5 млн. чал., што жылі на Беларусі ў 1914, на канец 1917 засталося 6,9 млн., а на пач. 1921 — 6,7 млн. чал. Радыкальныя змены ў паліт. сітуацыі пацягнулі за сабой трансфармацыю звыклых стэрэатыпаў, фарміраванне якасна новых уяўленняў аб сабе і суседзях. Важным крокам на шляху да бел. дзяржаўнасці было абвяшчэнне 25.3.1918 Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 1.1.1919 Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі абнародаваў Маніфест аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Фактар дзяржаўнасці адыграў вял. этнафарміравальную ролю. У лют. 1919 БССР была аб’яднана з Літвой у Літоўска-Беларускую ССР. 31.7.1920 Беларусь зноў абвешчана незалежнай рэспублікай. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 зах. тэр. Беларусі з насельніцтвам больш за 4 млн. чал. засталася пад уладай Польшчы. Прымусовае адарванне Заходняй Беларусі стрымлівала этнічную кансалідацыю беларусаў. З пераходам да мірнага будаўніцтва, стварэннем СССР паступова вырашаліся нац. і культ. праблемы, пачалася беларусізацыя, якая прадугледжвала пашырэнне сферы ўжывання бел. мовы, вылучэнне на ключавыя пасады мясц. кадраў, развіццё нац. культуры.

Станаўленне новай школы ішло пераважна на роднай мове. На 15.12.1927 у БССР з 5510 школ 4573 былі беларускія. Працавалі таксама рус., яўр., укр., польск., лат., літ., ням. і інш. школы. Існавалі і школы змешанага тыпу: бел.-рус., бел.-польскія, бел.-яўр., рус.-яўр. і інш. Раўнапраўнымі дзярж. мовамі лічыліся бел., рус., польская і яўрэйская. Справаводства ў парт., дзярж., грамадскіх установах і арг-цыях пераводзілася на бел. мову. У станаўленні нац. адзінства пэўную ролю адыграла вышэйшая школа, у т. л. БДУ, Бел. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, Віцебскі ветэрынарны ін-т і інш. У 1929 на аснове Інстытута беларускай культуры створана Акадэмія навук Беларусі. Працэсу кансалідацыі спрыяла развіццё прафесійных формаў культуры беларусаў. На рэв. хвалі з нар. глыбінь у л-ру прыйшлі маладыя пісьменнікі і паэты. Узніклі літ. аб’яднанні («Узвышша», «Полымя», «Маладняк»), якія адыгралі прыкметную ролю ва ўздыме нац. свядомасці. Стварэнне бел. прафесійных тэатраў (Першы БДТ у 1920, Другі БДТ у 1926) стала стымулам для развіцця бел. драматургіі. Бел. мастакі, апрача нац. выставак, дэманстравалі свае творы ў Маскве, Лейпцыгу, Лос-Анжэлесе. У бел. кіно вядучае месца адводзілася гіст.-рэв. фільмам. Развівалася прафесійная музыка, аснову якой складалі нар. мелодыі. Палітыка беларусізацыі дала магутны імпульс для росквіту нац. культуры, абудзіла духоўныя сілы народа. У працэсе культурнай рэвалюцыі назіраліся супярэчлівыя тэндэнцыі, выкліканыя ігнараваннем інтарэсаў пэўных грамадскіх плыняў. Істотныя страты беларусам прычынілі прымусовая калектывізацыя і звязаныя з ёй высылкі за межы Беларусі заможных сялян. Калектывізацыя пакінула глыбокі след у духоўным жыцці беларусаў: разбураліся многія нар. традыцыі, звычаі, абрады, якія складваліся стагоддзямі. Гіпертрафіраваных памераў дасягнула антырэліг. прапаганда: закрываліся і рабаваліся цэрквы, знішчаліся многія арх. і гіст. помнікі. З канца 1920-х г. пачалася кампанія па выкрыцці т.зв. нацыяналдэмакратызму. Да «нацдэмаў» найперш адносілі пісьменнікаў і паэтаў сял. паходжання. Ахвярамі беззаконня сталі таксама вядомыя вучоныя, дзеячы мастацтва, настаўнікі і інш. (гл. Рэпрэсіі палітычныя ў СССР).

І ўсё ж бел. л-ра і мастацтва набывалі жанравую разнастайнасць і займалі пачэснае месца ў агульнасаюзнай і еўрапейскай культуры. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена ўсеаг. абавязковае навучанне (пачатковае ў вёсцы, сямігадовае ў горадзе), у асноўным была ліквідавана непісьменнасць (паводле перапісу 1939 было 80,81% пісьменных). У 1938 працавала 7132 школы, у якіх вучылася больш за мільён дзяцей.

Складаным працэсам на Беларусі была індустрыялізацыя. У выніку хуткіх тэмпаў прамысл. развіцця БССР з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку. У працэсе тэхн. пераўзбраення нар. гаспадаркі мяняліся побыт і матэрыяльная культура беларусаў: традыц. касцюм паступова страчваў функцыі этнічнай прыкметы, традыц. прылады працы паступова выцясняліся машынамі. Замест шматлікіх вёсачак, засценкаў, хутароў узнікалі калгасныя пасёлкі, заснаваныя на нетрадыцыйных прынцыпах гасп. планавання. Пачалася планамерная забудова і рэканструкцыя гарадоў.

У Зах. Беларусі, якая да 1939 знаходзілася ў межах Польшчы, на нац. працэсы ўплывалі супярэчлівыя тэндэнцыі этнасац. развіцця. З аднаго боку, нарастала польска-каталіцкая каланізацыя «ўсходніх крэсаў», з другога — абуджэнне нац. самасвядомасці беларусаў. Запаволенае яе эканам. развіццё і слабая урбанізацыя былі адной з прычын кансервацыі традыц. культуры беларусаў. Важным паліт. актам, які станоўча паўплываў на развіццё бел. народа, было ўз’яднанне беларусаў у адзінай рэспубліцы (1939).

Працэсы ўнутранай кансалідацыі бел. этнасу перапыніла Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. За гады акупацыі гітлераўцы разбурылі і зруйнавалі на Беларусі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак, правялі больш за 140 карных аперацый, у час якіх спалілі 628 вёсак разам з жыхарамі. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Вайна выклікала вял. міграцыі насельніцтва: у першыя месяцы вайны з тэр. Беларусі эвакуіравана 1,5 млн. чал.; больш за мільён беларусаў змагаліся на франтах, больш за 440 тыс. партызан і падпольшчыкаў вялі барацьбу на акупіраванай ворагам тэрыторыі (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну).

Пасля вайны ўнутрыэтнічная кансалідацыя бел. этнасу набірала сілу. У перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі адраджаліся традыц. промыслы і рамёствы. Да канца 1950-х г. з дапамогай усёй краіны Беларусь аднавіла свой эканам. патэнцыял. Аднак толькі праз 30 гадоў яна дасягнула даваен. колькасці насельніцтва.

З 1960-х г. з разгортваннем навуковатэхн. прагрэсу, інтэнсіўным развіццём урбанізацыі і міграцыі, ростам адукацыйнага патэнцыялу насельніцтва адбываліся глыбокія структурныя зрухі ў эканам., паліт., сац. і духоўным абліччы беларусаў. Унутраная кансалідацыя этнасу спалучалася з нарастаннем інтэграцыйных працэсаў. Тэмпы эканам. развіцця Беларусі былі вышэйшыя за сярэднія паказчыкі ў СССР. Павялічылася ўраджайнасць с.-г. культур, прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. Індустрыяльнае аблічча рэспублікі сталі вызначаць працаёмкія і навукаёмкія галіны прамысловасці. Хуткі рост прам-сці паўплываў на рост міграцыйных працэсаў і тэмпы урбанізацыі. У гарадах Беларусі жыве 68,6% яе насельніцтва (на 1.1.1995). Міграцыя з вёсак найб. актыўнай і адукаванай іх часткі, масавы прыток сельскіх жыхароў у гарады пэўным чынам паўплывалі на этнічныя працэсы, на аблічча гараджан (73% ад гараджан склалі беларусы). Вяскоўцы прыносілі ў гар. лад жыцця бел. традыцыйную культуру: песні, танцы, абрады, звычаі.

Пад уплывам навук.-тэхн. прагрэсу адбываюцца змены ў матэрыяльнай культуры народа. Бел. нар. адзенне знайшло сваё ўвасабленне ў сцэнічным і абрадавым касцюме. Традыцыі нар. творчасці выкарыстоўваюцца ў мадэліраванні сучаснага адзення. У асобных нас. пунктах захоўваюцца нар. промыслы і рамёствы.

Значныя змены адбываюцца ў жыллёвым буд-ве, ва ўпарадкаванні сельскіх і гар. паселішчаў. Сельскае жыллё развіваецца па 2 кірунках: удасканальванне традыц. тыпаў і забудова вёскі шматпавярховымі дамамі і катэджамі. Аднак пераважае традыц. жыллё: 73% жыллёвага фонду сельскіх нас. пунктаў прыпадае на індывід. хаты. Будуюцца ў вёсках цагляныя і шлакабетонныя дамы; на змену саламянаму даху прыйшлі чарапіца, гонта, бляха, шыфер.

Ідзе інтэнсіўная трансфармацыя інтэр’ера (вылучэнне пакояў, наяўнасць фабрычнай мэблі, хатняй бібліятэкі і інш.).

Пэўнай традыцыйнасцю вылучаецца нац. кухня беларусаў. Па-ранейшаму аддаецца перавага жытняму хлебу, штодзень на стале ў беларусаў бывае бульба ў розных варыянтах. Як і раней, пашыраны стравы з круп. Аднак і ў харчаванні адбыліся пэўныя змены: больш спажываецца мясных і малочных прадуктаў, яек, цукру; параўнальна менш хлеба і бульбы. Стравы, якія раней гатавалі на свята, сталі паўсядзённымі. У той жа час такія стравы, як дранікі, калдуны, бабка, мачанка, пераходзяць на святочны стол і служаць свайго роду этнічнай прыкметай бел. кулінарыі.

Пазітыўныя змены адбыліся і ў духоўнай культуры беларусаў. Ажыццяўляецца ўсеагульная сярэдняя адукацыя. За 1970—90 колькасць нац. інтэлігенцыі падвоілася. Сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацый, што працуюць у нар. гаспадарцы, беларусы складаюць 61% (1974), колькасць студэнтаў беларусаў павялічылася да 70,7% (1989). Калі ў 1970 на 1 тыс. беларусаў, што працавалі ў нар. гаспадарцы, прыпадала 40 чал. з вышэйшай і 515 з сярэдняй адукацыяй, то ў 1989 — адпаведна 115 і 774 чал. Беларусы прадстаўлены ва ўсіх групах інтэлігенцыі. Сярод дактароў навук беларусаў 47%, сярод кандыдатаў — каля 50%. Адметнай рысай самасвядомасці беларусаў стала прафесійная культура (літаратура, мастацтва). Яна заняла моцныя пазіцыі ў перадачы этнічных ведаў.

Вялікае значэнне ва ўмацаванні агульнаэтнічнага адзінства набылі тэлебачанне, радыё, друк, якія знаёмяць з багатай спадчынай беларусаў, іх гісторыяй, культурай. У абрадавым жыцці беларусаў ідуць складаныя, супярэчлівыя працэсы. Абраднасць выцясняецца за межы сям’і. Паралельна з працэсам арганізаванага ўкаранення новай абраднасці ідзе актывізацыя абрадавай творчасці нар. мас. Ступень захаванасці нац. самабытнасці найб. высокая ў абрадах, звязаных з жыццём сям’і (радзіны, вяселле, пахаванне). У апошнія дзесяцігоддзі заўважаецца адраджэнне каляндарных свят (провады зімы, гуканне вясны, зажынкі, дажынкі, Купалле), а з 1990-х г. агульнанац. святамі сталі Каляды, Вялікдзень, Дзяды.

Неадназначныя працэсы ідуць і ў моўнай сферы беларусаў. Перапіс 1959 зафіксаваў павелічэнне колькасці беларусаў, якія лічаць бел. мову роднай. Аднак з 1970 працэнт такіх людзей памяншаўся. Мацнейшыя арыентацыі на бел. мову ў сельскай мясцовасці. Больш трывала яна ўтрымлівалася ў сферы чытання, менш — ва ўнутры- і міжнац. зносінах. Патэнцыяльнае валоданне роднай мовай у беларусаў больш высокае, чым яе фактычнае выкарыстанне. Ва ўмовах інтэнсіўнай адаптацыі беларусаў да індустрыяльна-урбанізаванага асяроддзя, інтэрнацыяналізацыі ладу жыцця змяніліся адносіны ў выкарыстанні бел. і рус. моў на карысць апошняй. У выніку нац. свядомасць часткі беларусаў стала абапірацца на мову не як на аб’ектыўную прыкмету, а як на этнічны сімвал. Матэрыялы спец. даследаванняў і перапісаў сведчаць, што нац. самасвядомасць беларусаў абапіраецца на 2 мовы: беларускую і рускую. Масавае двухмоўе стала ўстойлівай з’явай, што пацвердзіў рэферэндум 1995. Руская мова адносіцца да найбольш пашыраных у свеце моў, валодае высокім інфармацыйна-камунікатыўным патэнцыялам, з’яўляецца роднаснай беларускай мове, што і вызначае яе шырокае выкарыстанне беларусамі.

Інтэнсіфікацыя этнакультурных кантактаў, рост нац. змешаных сем’яў, інтэрнацыяналізацыя працоўных калектываў ідзе на фоне нац. цярпімасці і суправаджаецца пэўнай мадыфікацыяй этнасу. У выніку кансалідацыйных працэсаў устойліва замацаваўся ў якасці агульнаэтнічнай назвы этнонім «беларусы». У іншанац. асяроддзі беларусы выступаюць як адзіная нац. агульнасць.

У этнічнай гісторыі беларусаў 1970—80-я г. адзначаны развіццём эканомікі, культуры, своеасаблівай раўнавагай (балансам) інтарэсаў розных нац. і сац. сіл, умацаваннем нац. самасвядомасці. Аднак у канцы 1980 — пач. 1990-х г. заўважаюцца негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы, дэмаграфічным развіцці (павялічваецца смяротнасць, зніжаецца нараджальнасць), у культуры этнасу, экалогіі (найперш Чарнобыльская катастрофа 1986).

Канец 20 ст., як і яго пачатак, стаў пераломным у гісторыі беларусаў, калі на эвалюцыйны шлях развіцця вял. ўплыў аказвалі паліт. і сац. зрухі. 27.7.1990 сесія Вярх. Савета БССР прыняла Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі», якой 25.8.1991 нададзены статус канстытуцыйнага закону. Пасля распаду СССР глабальныя паліт. змены адбыліся і на Беларусі. На 1990-я г. прыпадаюць змены ў культурна-гіст. самасвядомасці беларусаў: умацоўваецца рэліг. самасвядомасць і прыналежнасць чалавека да пэўнага этнасу, а ўтварэнне менавіта сваёй бел. дзяржаўнасці спрыяе развіццю этнакансалідуючых тэндэнцый.

Гісторыя сведчыць, што беларусы на працягу свайго шматвяковага шляху стварылі і захавалі багатую, самабытную і унікальную культуру, якая ўвайшла ў сусветную цывілізацыю, паказалі мужнасць і гераізм, цярпенне і працавітасць, міласэрнасць і ўменне жыць у добрасуседстве. Гэта дае надзею на будучае, што і ў 3-м тысячагоддзі беларусы не страцяць свайго «твару», знойдуць сваё месца ў шматколернай сусветнай супольнасці народаў.

Літ.: Гл. пры арт. Беларусь.

Г.І.Каспяровіч.

т. 3, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СЬ , Рэспубліка Беларусь, дзяржава ў цэнтры Еўропы, на З Усх.-Еўрап. раўніны. Мяжуе на ПнЗ з Літвой, на Пн з Латвіяй, на ПнУ і У з Расіяй, на Пд з Украінай, на З з Польшчай (даўж. граніц 2969 км). Працягласць з Пн на Пд 560 км, з З на У 650 км. Пл. 207,6 тыс. км². Нас. 10,3 млн. чал. (1996), гарадскога 7,1 млн. чал., сельскага 3,2 млн. чал. Дзяржаўная мова (паводле Канстытуцыі 1994) — беларуская. Па выніках рэферэндуму 1995 рускай мове нададзены роўны статус з беларускай. Грашовая адзінка — рубель (разліковы білет Нац. банка Беларусі). У Беларусі (1996) 6 абласцей: Брэсцкая вобласць, Віцебская вобласць, Гомельская вобласць, Гродзенская вобласць, Магілёўская вобласць, Мінская вобласць; 118 раёнаў, 102 гарады, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 24 583 сельскія нас. пункты. Сталіца — г. Мінск. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (3 ліпеня).

Дзяржаўны лад. Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр. сацыяльная прававая дзяржава. Асн. закон — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятая на рэферэндуме 24.11.1996. Кіраўнік дзяржавы — Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Прадстаўнічы і заканадаўчы орган — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам) і Савета Рэспублікі (64 члены, 56 з якіх выбіраюцца мясц. Саветамі дэпутатаў — па 8 ад кожнай вобласці і г. Мінска, 8 назначаюцца Прэзідэнтам). Тэрмін паўнамоцтваў Нац. сходу — 4 гады. Выканаўчая ўлада належыць Ураду — Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь на чале з Прэм’ер-міністрам, які назначаецца Прэзідэнтам са згоды Палаты прадстаўнікоў. Мясц. кіраванне і самакіраванне ажыццяўляецца праз мясц. Саветы, іх выканаўчыя і распарадчыя органы. Судовая ўлада належыць судам. Вышэйшы суд. орган — Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь. Кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве ажыццяўляе Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь; правасуддзе пры вырашэнні гасп. спрэчак паміж прадпрыемствамі, установамі і арг-цыямі — Вышэйшы гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь. Нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў ускладаецца на Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь. Кантроль за выкананнем рэсп. бюджэту, выкарыстаннем дзярж. уласнасці ажыццяўляе Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.

Геалагічная будова. Беларусь размешчана на З Усходне-Еўрапейскай платформы. Крышт. фундамент залягае на глыб. ад некалькіх дзесяткаў метраў (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ) да 5—6 км (Прыпяцкі прагін); каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. пароды фундамента выходзяць на паверхню зямлі. Складзены з метамарфічных і магматычных парод архею і ніжняга пратэразою, геал. ўзрост якіх ад 3,5 да 1,6 млрд. г. Фарміраванне фундамента ў асн. закончылася ў канцы ранняга пратэразою. У залежнасці ад глыбіні залягання паверхні фундамента вылучаюць найб. буйныя (рэгіянальныя) тэктанічныя структуры: дадатныя — Беларуская антэкліза і зах. ч. Варонежскай антэклізы; адмоўныя — Прыпяцкі прагін, Падляска-Брэсцкая ўпадзіна, Аршанская ўпадзіна; нейтральныя, або пераходныя — Жлобінская седлавіна, Брагінска-Лоеўская седлавіна, Латвійская седлавіна, Палеская седлавіна. У межах гал. структур і зонах іх сучлянення вылучаюць вял. колькасць больш дробных структур рознага падпарадкавання (гл. схему тэктанічнага раянавання). Платформавы чахол магутнасцю ад некалькіх дзесяткаў да 5—6 тыс. м укрывае практычна ўсю тэрыторыю Беларусі. Прадстаўлены адкладамі ўсіх геал. эпох, якія залягаюць у выглядзе гарызантальных слаба нахіленых або спадзіста-хвалістых слаёў, пачкаў, тоўшчаў. Пераважаюць у складзе чахла асадкавыя горныя пароды. Большасць з іх — асадкі былых марскіх басейнаў. Істотная роля належыць кантынентальным азёрным, рачным і ледавіковым адкладам покрыўных зледзяненняў у канцы позняга пратэразою і ў антрапагене: беларускаму зледзяненню — першаму на тэр. Беларусі, бярэзінскаму зледзяненню, якое ўкрывала значную ч. яе тэрыторыі, дняпроўскаму зледзяненню — самаму магутнаму і працягламу, сожскаму, дзе ледавік утварыў самыя магутныя і вялікія ўзвышшы, і апошняму, паазерскаму зледзяненню. Вулканічныя і вулканагенныя пароды ўтвараюць 3 тоўшчы магутнасцю ў некалькі соцень метраў. Адна з іх (вендская) залягае ў ніжняй, дзве (дэвонскія) — у сярэдняй частцы платформавага чахла. Карысныя выкапні. Выяўлена і разведана больш за 5 тыс. радовішчаў і пакладаў: нафта і спадарожны газ, каменная і калійныя солі, буры вугаль, паклады гаручых сланцаў, даламітаў, тарфяныя радовішчы. Разам з торфам вядзецца здабыча мергеляў, сапрапеляў і торфавівіяніту. Разведана больш за 300 радовішчаў легкаплаўкіх глін, больш за 100 — буд. пяскоў, каля 150 — пясчана-жвіровага матэрыялу, радовішчы буд. і абліцовачнага каменю (Мікашэвіцкае, Жыткавіцкае і інш.), жал. і рэдказямельных рудаў. Адзначаны рудапраяўленні каляровых металаў, золата, серабра, значныя запасы даўсаніту (сыравіна для атрымання алюмінію і соды), радовішчы фасфарытаў, сіліцытаў, гіпсу, глаўканіту, бурштыну.

Рэльеф. Сучасны рэльеф Беларусі раўнінны, у ім спалучаюцца плоскія, хвалістыя, узгорыстыя ўчасткі, створаныя ў выніку ўзаемадзеяння эндагенных і экзагенных працэсаў. Сярэдняя вышыня паверхні складае каля 160 м, найб. — 345 м (Дзяржынская гара), найменшая адзнака — 80 м (урэз вады на р. Нёман каля граніцы з Літвой). Каля ¾ рэльефу Беларусі займаюць нізіны і раўніны, ¼ — узвышшы (разам са схіламі, рачнымі далінамі і міжградавымі паніжэннямі).

Значная роля ў фарміраванні рэльефу Беларусі належыць стараж. ледавікам, але ў зямной паверхні таксама праяўляюцца асаблівасці тэктанічнай будовы тэрыторыі. Найб. высокія ўчасткі прымеркаваны да Бел. антэклізы, раўніны і нізіны — да Прыпяцкага прагіну, Палескай і Латвійскай седлавін, Падляска-Брэсцкай упадзіны. Асн. тыпы рэльефу абумоўлены дзейнасцю стараж. ледавікоў, ледавіковых водаў, рэк, азёраў. На сучаснай паверхні вылучаюць комплексы 3 апошніх зледзяненняў (дняпроўскага, сожскага і паазерскага): канцова-марэнныя (краявыя) узвышшы і грады, спадзістахвалістыя марэнныя патокава-ледавіковыя, азёрна-ледавіковыя нізіны і раўніны — азёрна-алювіяльныя і алювіяльныя прасторы. Верхні ярус рэльефу фарміруюць канцова-марэнныя ледавіковыя ўзвышшы і грады, якія ўтвараюць субшыротныя выцягнутыя ланцугі (Браслаўскі, Віцебскі, Аршанскі, Ашмянскі, Магілёўскі і інш.). Ніжэй за ўзвышшы і грады размешчаны спадзістахвалістыя, дробнаўзгорыстыя, часам забалочаныя марэнныя і патокава-ледавіковыя раўніны (больш за 150 м над узр. м) і нізіны (менш за 150 м над узр. м.). Самы нізкі ярус займаюць азёрна-ледавіковыя і азёрна-алювіяльныя, месцамі моцна забалочаныя нізіны і раўніны. На розных араграфічных узроўнях трапляюцца камы, озы, лагчыны ледавіковага сцёку, западзіны і катлавіны рознага паходжання, яры. Важнае месца ў рэльефе належыць далінам рэк. Яны маюць розны ўзрост, звычайна пойму і 1—2 надпоймавыя тэрасы, канчаткова сфарміраваліся пасля адступання паазерскага ледавіка. Рэльеф антрапагеннага паходжання (кар’еры, адвалы, дарожныя насыпы, меліярац. каналы, вадасховішчы) складае каля 5% паверхні.

Марфалагічныя асаблівасці рэльефу, яго паходжанне і геал. ўзрост дазваляюць вылучыць на тэр. Беларусі 4 (некаторыя даследчыкі вылучаюць 3 або 5) геамарфалагічныя вобласці: Беларускае Паазер’е, Цэнтральнабеларускія ўзвышшы і грады, Перадпалессе, Палескую нізіну. Для Бел. Паазер’я характэрна вял. колькасць азёраў, азёрна-ледавіковых нізін і раўнін краявога ледавіковага рэльефу паазерскага ўзросту. Паверхня мае катлавінападобную форму, узвышаныя краі ўтвораны ледавіковымі градамі і ўзвышшамі Браслаўскага, Віцебскага і Аршанскага ланцугоў (Гарадоцкае ўзвышша, Асвейская, Браслаўская і Свянцянскія грады, Віцебскае і Лукомскае ўзвышшы і інш.). Абсалютныя вышыні дасягаюць 200—260 м, на Віцебскім узв. да 300 м. Тэрыторыя дрэніруецца густой сеткай рэк бас. Зах. Дзвіны і Нёмана. Шматлікія азёрныя катлавіны маюць разнастайнае паходжанне (падпруднае, лагчыннае, калдобіннае, тэрмакарставае, эварзійнае і складанае). Вобласць Цэнтральнабеларускіх узвышшаў і градаў характарызуецца найб. магутнымі краявымі ледавіковымі ўтварэннямі, якія адносяцца да Ашмянскага, часткова Магілёўскага ланцугоў (Гродзенскае, Слонімскае, Мінскае, Ваўкавыскае ўзвышшы, Ашмянскія ірады і інш.). Пераважае градава-хвалісты рэльеф, трапляюцца лёсападобныя адклады, з якімі звязана шырокае распаўсюджанне яроў, лагчын, суфазійных западзін. Абсалютныя вышыні дасягаюць 300—345 м. Гідрасетка належыць бас. Нёмана, Віліі, прадстаўлена вярхоўямі прытокаў Прыпяці, Бярэзіны, Дняпра, найб. азёры Свіцязь і Палік. Геамарфал. вобласць Перадпалесся ўтварае пераходную араграфічную ступень паміж узвышшамі цэнтр. ч. Беларусі і Палескай нізінай. Характэрна развіццё водналедавіковых раўнін, дэнудаваных краявых ледавіковых утварэнняў, якія адносяцца да Магілёўскага і Слаўгарадскага ланцугоў, і лёсападобных адкладаў. Трапляюцца суфазійныя і карставыя формы рэльефу, рэшткавыя зарослыя азёры (Сяргееўскае, Сіняе, Яснае і інш.), шмат яроў і лагчын. Абсалютныя вышыні дасягаюць 160—190 м, на асобных участках — 200—225 м. Рачныя даліны выпрацаваны, шырокія і асіметрычныя, адносяцца да бас. Прыпяці, Бярэзіны, Дняпра, Сажа, а таксама Зах. Буга і Нёмана. Вобласць Палескай нізіны займае паўд. ч. Беларусі, падзяляецца на 2 падвобласці: Беларускае Палессе і Украінскае Палессе. Рэльеф вызначаецца шырокім развіццём забалочаных алювіяльных, азёрных, азёрна-алювіяльных і водна-ледавіковых нізінных раўнін з разнастайнымі формамі эолавай акумуляцыі. Пераважаюць абсалютныя вышыні 120—150 м, максімальныя — да 220 (прымеркаваны да Мазырскага і Слонімскага ланцугоў). Тэрыторыя дрэніруецца рэкамі бас. Прыпяці і прытокамі Сажа, Дняпра і Зах. Буга. Пераважаюць мелкаводныя вадаёмы глыб. да 4,0 м (Спораўскае, Выганаўскае, Чырвонае азёры і інш.). Вылучаныя на тэр. Беларусі геамарфал. вобласці і шэраг раёнаў (гл. Геамарфалагічнае раянаванне) пакладзены ў аснову фізіка-геаграфічнага раянавання Беларусі.

Клімат Беларусі ўмерана кантынентальны. Асн. яго характарыстыкі абумоўлены знаходжаннем тэр. ва ўмераных шыротах, адсутнасцю гор, адноснай аддаленасцю ад Атлантычнага ак. Гадавы прыход сумарнай сонечнай радыяцыі складае 3500—4050 МДж/м² (84—87 ккал/см²) і паступова павялічваецца з Пн на Пд. Радыяцыйны баланс за год дадатны — 1500—1800 МДж/м² (36 — 43 ккал/см²). На тэр. Беларусі пераважае зах. перанос (заходнія, паўн.-зах. і паўд.-зах. вятры), што прыводзіць да частых уварванняў багатых вільгаццю паветр. масаў з Атлантычнага ак.; далей на У узмацняецца кантынентальнасць клімату і панаванне паветр. масаў з У і ПнУ. Паветраныя масы рознага паходжання пераносяцца цыклонамі і антыцыклонамі. Сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C на ПдЗ да -8 °C на ПнУ, ліп. ад 17 °C на Пн да 19 °C (гл. кліматычныя карты Ліпень, Студзень). Тэрмічны рэжым дадатны (сярэднегадавая т-ра паветра на Пн Віцебскай вобл. 4,4 °C, на крайнім ПдЗ Брэсцкай вобл. 7,4 °C). Беларусь адносіцца да зоны дастатковага ўвільгатнення. Гадавая колькасць атм. ападкаў складае 550—650 мм на нізінах і 650—750 мм на раўнінах і ўзвышшах. Сярэдняя працягласць вегетац. перыяду 184—208 сутак. Клімат Беларусі ў цэлым спрыяльны для атрымання ўстойлівых ураджаяў с.-г. і садовых культур сярэдняй паласы Усх. Еўропы і жыццядзейнасці чалавека. Паводле размеркавання цяпла і вільгаці тэр. Беларусі падзяляецца на 3 кліматычныя вобласці: Паўночную — умерана цёплую і вільготную, Цэнтральную — цёплую, умерана вільготную, Паўднёвую — цёплую, няўстойліва вільготную.

Глебы. Сучаснае глебавае покрыва Беларусі сфарміравалася пасля адступання апошняга (паазерскага) ледавіка. Вылучаюць 11 тыпаў, 9 падтыпаў, 19 родаў, 34 віды глебаў. Асноўныя тыпы: дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя і поймавыя глебы. Менш пашыраны бурыя лясныя, дзярнова-карбанатныя глебы і інш. Паводле мех. складу адрозніваюць пясчаныя, супясчаныя, сугліністыя і гліністыя глебы. Паводле колькасці вільгаці вылучаюць аўтаморфныя (нармальна ўвільготненыя глебы, займаюць 52,9% тэр.), паўгідраморфныя (часова пераўвільготненыя, 27% тэр., пераважна патрабуюць асушэння) і гідраморфныя (пастаянна пераўвільготненыя, 21,1% тэр., патрабуюць асушэння). У залежнасці ад умоў утварэння і ўласцівасцей глеб усю тэр. Беларусі падзяляюць на 3 глебава-геагр. правінцыі: Паўночную (30%), Цэнтральную (43%) і Паўднёвую (28%), якія ў сваю чаргу падзяляюцца на 7 глебава-кліматычных акруг, у іх складзе вылучаюць 20 аграглебавых раёнаў (гл. Глебава-геаграфічнае раянаванне). У с.-г. вытв-сці найб. выкарыстоўваюцца нармальна ўвільготненыя дзярнова-падзолістыя і слаба пераўвільготненыя дзярнова-забалочаныя глебы. Найб. прыдатныя для земляробства дзярнова-падзолістыя, сугліністыя і звязна супясчаныя іх разнавіднасці. Яны пашыраны па ўсёй тэр. Беларусі і прымеркаваны да ўзвышаных участкаў рэльефу (Аршанска-Магілёўская раўніна, Беларуская града, Віцебскае і інш. ўзвышшы). Менш урадлівыя дзярнова-падзолістыя глебы на рыхлых супесках (Цэнтральнабярэзінская, Лідская і інш. раўніны). Самыя бедныя пясчаныя глебы пашыраны на больш высокіх участках Палесся, Цэнтральнабярэзінскай раўніны, Полацкай і Нёманскай нізін і інш. На нізінах з залішнім увільгатненнем пашыраны дзярнова-балотныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы, тарфяна-балотныя глебы, асабліва шмат іх на паніжаных участках, на Палессі (гл. карту Глебы).

Унутраныя воды. Тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў бас. Чорнага (58% тэр.) і Балтыйскага (42%) мораў. Гал. водападзел праходзіць праз раўніну Загароддзе, Капыльскую граду, Мінскае і Аршанскае ўзвышшы. Паверхневыя воды разам з падземнымі і атм. ападкамі складаюць водныя рэсурсы Беларусі. З агульнай сярэднегадавой сумы ападкаў на Беларусі, роўнай 155 км³, 36,4 км³ ідзе на жыўленне гідраграфічнай сеткі, больш за 20,7 км³ прыносіцца рэкамі з-за мяжы. Адначасовы (імгненны) аб’ём вады ў рэках Беларусі ў сярэднім складае каля 3 км³, у азёрах і вадасховішчах — 1,4 км³. На тэр. Беларусі налічваецца больш за 20,8 тыс. рэк і ручаёў, якія ўтвараюць рачную сетку сумарнай даўж. 90,6 тыс. км. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,44 км/км². Скорасць цячэння рэк Беларусі малая — 0,5—0,7 м/с. Часта здараюцца паводкі і навадненні. Замярзаюць звычайна ў студз. (лёд трымаецца ад 80 да 140 сут), у мяккія зімы рэкі вольныя ад лёду. Найб. рэкі Бярэзіна, Вілія, Нёман (бяруць пачатак на Беларусі), таксама Дняпро, Прыпяць (транзітныя). Каналы (Дняпроўска-Бугскі і інш.), а таксама Вілейска-Мінская водная сістэма і Сляпянская водная сістэма служаць для злучэння шляхоў зносін, падачы вады ў буйныя прамысл. цэнтры, з’яўляюцца месцамі адпачынку і турызму. У залежнасці ад асаблівасцяў рачнога сцёку на тэр. Беларусі вылучаюць 6 гідралагічных раёнаў: Заходнядзвінскі, Верхнедняпроўскі, Вілейскі, Нёманскі, Цэнтральнабярэзінскі, Прыпяцкі. У Беларусі больш за 10 тыс. азёраў, сумарная пл. якіх складае 1,6 тыс. км². Самае вялікае воз. Нарач (пл. 79,6 км²), самае глыбокае — Доўгае (глыб. 53,7 м). У асобных раёнах азёры злучаны невял. пратокамі, рэчкамі і ўтвараюць цэлыя групы (Браслаўская група азёраў, Ушацкая група азёраў, Нарачанская група азёраў і інш.). На пач. 1995 у Беларусі налічвалася 130 вадасховішчаў (без азёрных) з агульнай пл. больш за 620 км². Найбольшыя вадасховішчы Вілейскае, Заслаўскае (Мінскае мора), Чырвонаслабодскае і інш. Найбольшая водазабяспечанасць (70% мясц. сцёку рэк Беларусі) у бас. Зах. Дзвіны, Нёмана, паўн. ч. бас. Дняпра, менш багатыя вадой цэнтр. водападзельны раён, месцы канцэнтрацыі буйных яе спажыўцоў (Мінск, Салігорскі р-н і інш.). Сярод падземных водаў асобна вылучаюцца грунтавыя воды. Глыбіні залягання грунтавых водаў на Беларусі ад 0,1 да 10—15 м і больш; магутнасць ваданосных гарызонтаў ад 3 да 23 м, а ў далінах Нёмана, Дняпра, Сажа, Зах. Дзвіны і інш. да 50—70 м. Прыродныя рэсурсы падземных водаў на Беларусі складаюць больш за 43,5 млн. м³/сут, эксплуатацыйныя — больш за 44,3 м³/сут. Паводле гідралагічнага раянавання на Беларусі вылучаюць Аршанскі, Брэсцкі, Прыбалтыйскі і Прыпяцкі басейны.

Раслінны свет. Прыроднае расліннае покрыва займае каля 67,1% тэр. Беларусі. Адносіцца да 2 геабат. абласцей: Еўраазіяцкай таежнай хвойна-лясной і Еўрапейскай шыракаліста-лясной (гл. Геабатанічнае раянаванне). З Пн на Пд цемнахвойныя яловыя лясы зменьваюцца шыракалістымі (грабава-дубовымі).

Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа суцэльнага пашырэння елкі, вольхі шэрай, паўн. мяжа грабу. На крайнім ПдЗ рэспублікі растуць дуб сядзячакветны, або скальны, піхта белая, плюшч звычайны, на Пн трапляюцца бяроза карлікавая і марошка. Пад лясамі 34% тэр. Беларусі. Лясістасць асобных раёнаў ад 10—15 да 50—60%. Пераважаюць хваёвыя лясы, ёсць альховыя, асінавыя, бярозавыя, грабавыя, дубовыя, яловыя, ясянёвыя. Маладнякі складаюць 47%, каштоўныя спелыя і прыспяваючыя лясы займаюць каля 13% лясной плошчы. Асн. тыпамі расліннасці на Беларусі з’яўляюцца таксама лугавая і балотная (гл. Лугі, Балоты; карту Расліннасць). У сучаснай флоры Беларусі больш за 1650 відаў сасудзістых раслін, 440 мохападобных, больш за 2200 водарасцяў, каля 500 грыбоў, да 5000 лішайнікаў. Больш як 90% усіх відаў вышэйшых раслін Беларусі — травяністыя; дрэў 26 відаў, кустоў больш за 50. Шмат гаспадарча-карысных раслін — харчовых, кармавых, тэхнічных, лекавых, дэкаратыўных і інш. Многія віды флоры Беларусі ахоўваюцца як рэдкія ці як тыя, што знікаюць. Акрамя дзікарослых шмат відаў заносных, інтрадукаваных раслін. Зберагліся рэліктавыя расліны.

Развіццё земляробства прывяло да знішчэння лясоў спачатку на больш урадлівых глебах. За апошнія 100—120 гадоў з флоры Беларусі знікла каля 40 відаў, для такой жа колькасці відаў прыкметна скараціўся арэал (гл. Ахова раслін). 214 відаў раслін аднесены да рэдкіх і знікаючых і ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Адначасова пашыралася с.-г. расліннасць, уводзіліся ў культуру новыя для Беларусі віды гасп. раслін.

Жывёльны свет. У фауне Беларусі больш як 31 тыс. відаў: пазваночных 440 відаў, з іх 73 млекакормячых, якія належаць да 6 атрадаў: насякомаедных 10, рукакрылых 15, драпежных 15, зайцападобных 2, грызуноў 25, парнакапытных 6 відаў. Найб. разнастайнасцю вылучаюцца птушкі — каля 300 відаў, з якіх больш за 70% гняздуюцца на Беларусі. Рыб і кругларотых 58, земнаводных 12, паўзуноў 7 відаў. Сярод беспазваночных найб. вывучаны класы малюскаў, насякомых, павукападобных, ракападобных, чарвей і інш. Самыя разнастайныя — насякомыя, іх каля 30 тыс. відаў, самы шматлікі атрад — жукі (каля 1 тыс. відаў).

Сучасны жывёльны свет канчаткова сфарміраваўся ў цеснай сувязі з развіццём ландшафтаў (асабліва расліннага покрыва) у галацэне, пасля вызвалення тэр. Беларусі ад апошняга ледавіковага покрыва каля 12 тыс. гадоў назад. Асаблівасці жывёльнага свету Беларусі вызначаюцца размяшчэннем яе ў лясной зоне. Большасць жывёл — прадстаўнікі еўрап. шыракалістых лясоў, асабліва на Пд (вожык звычайны, соня лясная, алень высакародны, казуля, дзік, з птушак — дубанос, салавей, некаторыя дзятлы, сіпуха, змеяед, совы, з паўзуноў — вераценніца ломкая, чарапаха балотная, з земнаводных — квакша звычайная). Жывёлы тайгі пераважаюць на Пн і ў сярэдняй частцы (лось, буры мядзведзь, рысь, вавёрка-палятуха, снягір, крыжадзюб-яловік, дзяцел трохпальцы). З жывёл лесастэпу трапляюцца заяц-русак, суслік рабы, хамяк звычайны, драфа, аўдотка, жаваранак чубаты, курапатка шэрая, мышалоў стэпавы. Даволі разнастайны жывёльны свет балотных, забалочаных і прыбярэжных ландшафтаў: ласка, тхор чорны, бабёр, норка, выдра, пацук вадзяны, палёўкі, заходзяць лось і казуля, шмат земнаводных, з птушак трапляецца курапатка белая (на Пн), журавель шэры, сава балотная, цецярук і глушэц, на ўзбярэжжах вадаёмаў кулікі, чайкі, качкі, чаплі, бугаі і інш. Спецыфічны жывёльны свет адкрытых ландшафтаў (лугі, паша, палі): заяц-русак, крот, перапёлка, жаваранак палявы, курапатка шэрая, драч і інш. Каля жылля найб. птушак: вераб’і, ластаўкі, шпак, пліска, сарока, варона, зімой снягір, сініцы і інш.; з млекакормячых — мышы, пацукі, лятучыя мышы, зрэдку чорны тхор, куніца каменная, ласка. У водах рэк, азёраў і вадасховішчаў пашыраны шчупак, акунь, плотка, лешч, карасі, гусцяра, пячкур, краснапёрка, язь.

У жывёльным свеце Беларусі каля 20 відаў маюць прамысл. значэнне. Да каштоўных пушных звяроў належаць ліс звычайны, зайцы, вавёрка звычайная, куніца лясная, тхор, выдра, крот, высакаякаснае мяса даюць лось, дзік, алень высакародны, казуля, многія вадаплаўныя і інш. птушкі. У зверагадоўчых гаспадарках разводзяць ліса, андатру, норку, нутрыю, у рыбных — карпаў, карасёў і інш. каштоўных рыб. Склад фауністычных комплексаў моцна зменьваецца ад антрапагеннага ўздзеяння, асабліва ў выніку асушэння зямель, урбанізацыі, катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 і інш. (гл. Ахова жывёл). 182 віды пазваночных і беспазваночных жывёл аднесены да рэдкіх і знікаючых і ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Гаспадарчая дзейнасць чалавека рэгулюецца прыродаахоўным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь (гл. Ахова прыроды).

Насельніцтва. На 1.1.1996 насельніцтва Беларусі складала 10 264,4 тыс. чал. (14-е месца сярод 40 еўрап. краін); 68,9% жыве ў гарадах, 31,1% — у сельскай мясцовасці. Паводле звестак перыяд. улікаў (рэвізій) насельніцтва Беларусі (у сучасных межах) у 1811 складала каля 3,8 млн. чал., у 1863 — каля 4,2 млн. чал.; паводле 1-га ў Рас. імперыі перапісу 1897 — 6,6 млн. чал., з іх 13,5% жылі ў гарадах (гл. табл. 1).

Асновай росту насельніцтва Беларусі з’яўляецца натуральны прырост. Ён даволі хутка паніжаўся ў 1970—80-я г. (ад 146,2 тыс. чал. у 1960 да 50,0 тыс. чал. у 1989) і значна знізіўся ў 1990-я г. У выніку ў Беларусі скарацілася ўзнаўленне насельніцтва і пачалася дэпапуляцыя. Упершыню за мірны час у 1993 нарадзілася на 11 тыс. чал. менш, чым памерла. Інтэнсіўнасць дэпапуляцыі хутка павялічваецца як вынік зніжэння нараджальнасці і росту смяротнасці (у 1994 натуральны прырост адмоўны і склаў 19 тыс. чал., у 1995 — 32,6 тыс. чал.; гл. рыс. 1 і табл. 2).

Беларусь — параўнальна густанаселеная рэспубліка (гл. табл. 3). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 49,4 чал/км² (1996), сельскага 15,6 чал/км² (гл. карту). Найменшая шчыльнасць насельніцтва ў Расонскім і Верхнядзвінскім р-нах (менш за 10 чал/км²), невялікая на Пд Беларусі, найбольшая ў некаторых раёнах Мінскай вобл. Вакол буйных гарадоў шчыльнасць насельніцтва складае больш за 80 чал/км². У апошнія гады паменшылася шчыльнасць насельніцтва ў раёнах Гомельскай і Магілёўскай абласцей, якія найб. пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986). Гл. таксама Горад, Пасёлак гарадскога тыпу, Вёска, Хутар, Працоўныя рэсурсы. Узроставая структура насельніцтва Беларусі характарызуецца пастаянным ростам колькасці асоб пенсіённага і скарачэннем долі асоб малодшага ўзросту. Працэс старэння насельніцтва вельмі інтэнсіўны (гл. табл. 4). Кожны пяты жыхар Беларусі мае ўзрост старэй за 60 гадоў, а ў сельскай мясцовасці ў такім узросце амаль кожны трэці (1996). 1-я і 2-я сусв. войны глыбока дэфармавалі ўзроставы склад насельніцтва (гл. рыс. 2). Гэта датычыць групы людзей, якім у перыяд Вял. Айч. вайны было 20—30 гадоў (нарадзіліся ў час 1-й сусв. і грамадз. войнаў), і тых, хто нарадзіўся ў 1941—48 (у Вял. Айч. вайну і ў першыя пасляваен. гады). Парушэнні, характэрныя для структуры насельніцтва паводле полу, у 1990-я г. залежаць ад розніцы нараджальнасці і смяротнасці сярод мужчын і жанчын, а таксама ад структуры міграцыйных патокаў. Істотна адрозніваецца склад насельніцтва паводле полу ў гарадах і сельскай мясцовасці (гл. табл. 5). У гарадах у 1996 ва ўзросце 17 гадоў колькасць хлопчыкаў перавышае колькасць дзяўчынак, а ў больш сталым узросце колькасць жанчын перавышае колькасць мужчын; у вёсцы да 48 гадоў больш мужчын. У 20 ст. ў Беларусі нараджальнасць паступова знізілася з 45 народжаных на 1000 жыхароў у пач. стагоддзя да 25 у 1950-я г., да 16 у 1970—80-я г. Асабліва актыўна зніжэнне нараджальнасці адбываецца ў 1990-я г. У 1994 нарадзілася 10,7 дзіцяці на 1000 жыхароў (гл. табл. 2). На зніжэнне нараджальнасці ў Беларусі ўплывае шэраг фактараў: асаблівасці ўзроставай структуры, сац.-эканам. нестабільнасць развіцця, змена сац. арыентацый, экалагічныя наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш. Разам са зніжэннем узроўню нараджальнасці ідзе хуткае яе «амаладжэнне» (зніжэнне сярэдняга ўзросту маці пры нараджэнні дзіцяці, падзенне нараджальнасці ў групе жанчын 40 гадоў і старэй, скарачэнне нараджальнасці ва ўзросце ад 25 да 40 гадоў). Смяротнасць у Беларусі да сярэдзіны 20 ст. зніжалася і хутка павялічваліся паказчыкі сярэдняй працягласці жыцця. З 2-й пал. 20 ст. паказчыкі смяротнасці ва ўсіх узростах пачалі расці, паказчыкі сярэдняй працягласці жыцця — зніжацца, а з 1970 асабліва хутка стала расці смяротнасць сярод мужчын у працаздольным узросце. Характэрна для Беларусі таксама дыферэнцыяцыя працягласці жыцця паводле полу (гл. табл. 6). Працягласць жыцця ў 1995 была ў мужчын (62,9 года) на 11,4 года меншая, чым у жанчын (74,3 года).

Беларусь — шматнацыянальная дзяржава, у якой жывуць прадстаўнікі каля 100 нацый і нацыянальнасцяў (гл. табл. 7). Беларусы складаюць асн. частку насельніцтва (77,9%, паводле перапісу 1989), амаль усё сельскае і б.ч. гарадскога. Расце доля рускіх, з 1959 па 1989 яна вырасла з 8,2% да 13,2%. Жывуць палякі, украінцы, яўрэі, татары, літоўцы, латышы і інш. Па-за межамі пражывае каля 3 млн. беларусаў і іх нашчадкаў, найб. у Расіі, на Украіне, у ЗША, Польшчы, а таксама ў Латвіі, Літве, Канадзе, Аргенціне (гл. Дыяспара беларуская). На тэрыторыі Беларусі ў 1996 дзейнічала 26 канфесій, якія аб’ядноўвалі 2016 рэліг. абшчын, у т. л. абшчыны праваслаўнай (938) і рымска-каталіцкай цэркваў (373). Вял. колькасць абшчын пратэстантаў, сярод іх большасць хрысціян веры евангельскай і баптыстаў. Ёсць абшчыны стараверскай і грэка-каталіцкай царквы, іудзейскай рэлігіі і інш. (гл. ў арт. Канфесія).

Значныя змены ў колькасць насельніцтва ўносяць міграцыйныя працэсы. Да 1960-х г. гал. роля належала знешнім міграцыям, пераважна з Расіі, Казахстана, Латвіі, Літвы і Эстоніі. У 1990—95 павялічыўся прыток у Беларусь імігрантаў з інш. рэспублік б. СССР: дадатнае сальда міграцый склала больш за 143 тыс. чал. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. рэзка павялічыліся эміграцыйныя плыні з Беларусі. Важнейшая асаблівасць эміграцыі — рэзка выяўлены этнічны характар: сярод тых, хто выехаў, абсалютную большасць складалі яўрэі. У апошнія гады аб’ём эміграцыі знізіўся, а нац. склад і геаграфія напрамкаў выезду пашыраюцца (гл. табл. 8). Унутры рэспублікі працягваецца адток насельніцтва з вёскі ў горад.

З сярэдзіны 20 ст. Беларусь стала краінай усеагульнай пісьменнасці (паводле перапісу 1989, ва ўзросце 9—49 гадоў толькі 0,2% насельніцтва было непісьменнае). Колькасць занятага ў нар. гаспадарцы насельніцтва, якое мае вышэйшую і сярэднюю адукацыю, павялічылася з 1960 да 1995 больш як у 5 разоў. Асабліва высокімі тэмпамі расла колькасць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй (гл. табл. 9).

Гісторыя. Першыя спробы чалавека (неандэртальца) пранікнуць на тэр. Беларусі датуюцца часам 100—35 тыс. г. назад. Пра гэта сведчаць знаходкі крамянёвых вырабаў мусцьерскага тыпу каля в. Абідавічы (Быхаўскі р-н), Падлужжа (Чачэрскі р-н), Свяцілавічы (Веткаўскі р-н). Найб. стараж. паселішчы чалавека, выяўленыя каля вёсак Юравічы (Калінкавіцкі р-н) і Бердыж (Чачэрскі р-н), адносяцца да эпохі верхняга палеаліту, іх узрост 26—23 тыс. г. Яны належалі радавым абшчынам краманьёнцаў. У сувязі з моцным пахаладаннем і наступаннем ледавіка 22—14 тыс. г. назад людзі адышлі з тэр. Беларусі на Пд. Пасля заканчэння ледавіковай эпохі чалавек зноў з’явіўся на тэр. Беларусі. Поўнасцю яе тэр. заселена ў эпоху мезаліту (9—6-е тыс. да н.э.). Асн. гасп. дасягненні гэтага перыяду — развіццё вытв-сці прылад працы з крамянёвых пласцін, пашырэнне лука і прыручэнне сабакі; аформілася першабытная рэлігія — татэмізм. Эпоха новага каменнага веку (неаліту) на Беларусі пачалася ў канцы 5-га — 4-м тыс. да н.э. і доўжылася каля 2 тыс. г. Значнае павелічэнне насельніцтва ў неаліце садзейнічала ўзнікненню новых этн. супольнасцяў людзей. На тэр. Беларусі іх было 5: археал. культуры днепра-данецкая; верхнедняпроўская, нёманская, нарвенская і тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі (пра кожную гл. асобны артыкул). Насельніцтва займалася рыбалоўствам, паляваннем і збіральніцтвам. Ад адкрытых распрацовак мелавога крэменю людзі перайшлі да здабычы яго шахтавым спосабам (гл. Крэменездабыўныя шахты). Развіваўся прымітыўны абмен крэменем, бурштынам і інш. Важнае адкрыццё эпохі неаліту — пачатак керамічнай вытв-сці, што дало магчымасць пашырыць круг спажывання, палепшыць спосабы прыгатавання і захоўвання ежы. Пад канец эпохі неаліту ўзніклі вытв. формы гаспадаркі — прымітыўнае земляробства і жывёлагадоўля. На Беларусі вядома каля 600 неалітычных паселішчаў, большасць іх сканцэнтравана ў далінах рэк бас. Прыпяці, Сажа і Нёмана. У канцы 3 — пач. 2-га тыс. да н.э. на тэр. Беларусі праніклі плямёны шнуравой керамікі культуры, якія былі часткай індаеўрапейцаў — продкаў сучасных народаў Еўропы, у т. л. славян і балтаў. Узаемаадносіны прышлых плямёнаў і абарыгенаў характарызаваліся рознымі формамі гасп. і культ. ўзаемаўплыву і этн. асіміляцыі. Мова індаеўрапейцаў мела шмат дыялектаў. Іх развіццё прывяло да стварэння розных індаеўрап. груп і народаў, да якіх належаць і славяне. Тэр. паўд.-ўсх. Беларусі і суседнія раёны Украіны займалі плямёны сярэднедняпроўскай культуры. Пад уплывам прышлых плямёнаў адбыўся пераход мясц. насельніцтва да бронзавага веку (канец 3 — пач. 1-га тыс. да н.э.). У гэты перыяд паўд.-зах. тэр. Беларусі спярша займалі плямёны культуры шнуравой керамікі Палесся, зах. Беларусі — прыбалтыйскай, Паазер’е — паўночнабеларускай культуры. Да сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. ў Палессі і Падняпроўі сфарміраваліся тшцінецкая культура і сосніцкая культура. Пашырыліся вытв. формы гаспадаркі, заснаванай на жывёлагадоўлі і першабытным земляробстве, з’явіліся медныя і бронзавыя вырабы, якія траплялі на Беларусь праз абмен. У познародавай абшчыне заўважаюцца першыя прыкметы маёмаснага расслаення. На змену калектыўнай уласнасці ішла прыватная ўласнасць сем’яў, а з ёю ў родзе з’явіліся багатыя і бедныя сем’і. Родавы лад паступова распадаўся. У рэліг. вераваннях пашырыліся касмаганічныя культы, культ продкаў. У жалезным веку (працягваўся ад 8—6 ст. да н.э. да 8 ст. н.э.) на Беларусі было некалькі археал. культур штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінская, мілаградская, зарубінецкая, паморская. У асобную культ.-гіст. групу ў паўд.-ўсх. Беларусі вылучаюць помнікі кіеўскай культуры 2—4 ст. н.э., якія большасць вучоных лічаць славянскімі.

У 5—8 ст. у паўд. частцы Беларусі рассяліліся слав. плямёны пражскай культуры, сярэднюю і паўн. Беларусь займалі плямёны банцараўскай культуры. Працэс рассялення славян у 2-й пал. 1-га тыс. суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі з мясц. балцкімі плямёнамі (літоўцамі, яцвягамі і інш.). У 9—11 ст. сфарміраваліся супольнасці крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Крывічы-палачане склалі ядро Полацкага княства (дзяржавы). Першым вядомым князем у Полацку ў 10 ст. быў Рагвалод. Значная роля ў гісторыі Полацкай зямлі належала Мінску (Менеску, Менску). У канцы 10 ст. ўтварылася Тураўскае княства. Буйным горадам на Палессі быў Пінск. Землі сярэдняга Пабужжа з гарадамі Камянец, Кобрын, Драгічын над Бугам былі аб’яднаны вакол свайго гал. горада Берасця (сучасны Брэст). Землі паўн. Пасожжа з гарадамі Мсціслаў, Крычаў, Прупой (цяпер Слаўгарад) уваходзілі ў Смаленскае княства, а Гомель, Чачэрск, Рэчыца — у Чарнігаўскае княства. У 12—13 ст. удзельныя княствы ўзніклі на землях Верхняга Панямоння. Найб. значную ролю адыгрывалі Гарадзенскае княства і Новагародскае княства. Грамадскае развіццё сярэдневяковых зямель Беларусі праходзіла аднолькавы шлях з іншымі ўсх. славянамі, якія ўваходзілі ў склад агульнай дзяржавы Кіеўскай Русі. Тут у 10—12 ст. перапляталіся З асн. сац.-эканам. ўклады: абшчынны, рабаўладальніцкі і феадальны, які паступова станавіўся пануючым.

У канцы 10 ст. пачало распаўсюджвацца хрысціянства паводле візант. абраду. Заснаваны епархіі ў Полацку (992) і Тураве (1005), хоць перажыткі язычніцтва ў некаторых мясцовасцях захоўваліся многія стагоддзі. Хрысціянская царква садзейнічала развіццю культуры бел. народа, у т. л. манум. дойлідства, жывапісу, прыкладнога мастацтва, літаратуры. Бел. землі зведалі культ. ўплыў Візантыі непасрэдна і праз пасрэдніцтва балг. культуры. Найб. стараж. помнікі пісьменства і л-ры, якія захаваліся, напісаны кірылічным алфавітам на стараслав. мове (Тураўскае евангелле 11 ст., «Сказанне аб Марціну Мніху» 12 ст., творы Кірылы Тураўскага, «Жыціе Ефрасінні Полацкай», помнікі эпіграфікі, у т. л. Барысавы камяні, Рагвалодаў камень). Архітэктура была пераважна драўляная, але будавалі і мураваныя храмы. Першая манум. мураваная пабудова на Беларусі — Полацкі Сафійскі сабор (1050-я г.), у 12 ст. ў культавым буд-ве склаліся своеасаблівыя полацкая школа дойлідства і гродзенская школа дойлідства. У Полацку і Віцебску ў 12 ст. цэрквы ўпрыгожвалі фрэскамі. Майстар-ювелір Лазар Богша ў 1161 зрабіў крыж Ефрасінні Полацкай — шэдэўр усх.-слав. прыкладнога мастацтва. У помніках пісьменства 13 ст. (гандлёвы дагавор Смаленска, Полацка і Віцебска з Рыгай 1229, і інш.) сустракаюцца моўныя асаблівасці, якія сведчаць аб складванні бел. мовы.

З пач. 13 ст. бел. землі ўдзельнічалі ва ўтварэнні Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Гэта было абумоўлена ўмацаваннем Літ. дзяржавы, феад. раздробленасцю зах. зямель Русі і іх зацікаўленасцю ў моцнай цэнтр. уладзе, здольнай арганізаваць адпор татара-мангольскім заваёўнікам і рыцарскім ордэнам. Літ. князі, якія да 12 ст. рабілі грабежніцкія набегі на бел. землі, з пач. 13 ст. сталі прымаць захады па замацаванні за сабой зямельных уладанняў, што сведчыла пра пачатак развіцця феадалізму ў асяроддзі літ. плямёнаў. Першы літ. князь, які княжыў на бел. землях — Міндоўг [сярэдзіна 1230-х г. — 1263]. Сталіцай яго дзяржавы быў Новагародак (сучасны Навагрудак). На працягу 2-й пал. 13—14 ст. ў выніку захопаў, пагадненняў, дынастычных шлюбаў і інш. у ВКЛ увайшлі ўсе бел. землі. Пераемнікі Міндоўга княжылі на землях верхняга Панямоння (Новагародак, Ваўкавыск, Слонім), пад іх паліт. уплывам знаходзіліся цэнтральная Беларусь і Полацкае княства. Да сярэдзіны 14 ст. ў склад ВКЛ увайшлі Полацкае, Віцебскае, Пінскае княствы, Берасцейская зямля. Канчаткова ўсе бел. землі, а таксама Чарнігава-Северская зямля, Кіеўскае і частка Смаленскага княства ўвайшлі ў ВКЛ пры вял. кн. Альгердзе [1345—77]. Вял. значэнне для ўмацавання ВКЛ мела перамога над Тэўтонскім ордэнам у Грунвальдскай бітве 1410. Пры вял. кн. Вітаўце [1392—1430] ВКЛ значна пашырыла сваю тэрыторыю. Бел. паліт., духоўная, матэрыяльная і мастацкая культура зрабілі вял. уплыў на ВКЛ. Усх.-слав. землі складалі падмурак эканам. багацця ВКЛ, аснову яго ваен. магутнасці і культ. росквіту. На лёс бел. зямель у ВКЛ значна паўплываў пераход літ. знаці ў канцы 14 ст. з язычніцтва ў каталіцызм. Вял. кн. Ягайла [1377—92] у 1385 пагадзіўся хрысціць насельніцтва Літвы паводле каталіцкага абраду ў якасці адной з умоў атрымання трона польскага караля (гл. Крэўская унія 1385). З гэтага часу ў ВКЛ пачало наспяваць унутр. напружанне паміж правасл. і каталіцкім насельніцтвам. З часоў прыняцця Гарадзельскага прывілея 1413 паліт. становішча ў ВКЛ пачало характарызавацца дамінаваннем каталіцкай знаці, якая атрымала выключнае права на заняцце дзярж. пасад і тытул паноў. Усх.-слав. баяры і князі захавалі свае ўдзелы ў ВКЛ, яны падтрымлівалі дзяржаву, садзейнічалі росту яе магутнасці, але імкнуліся павялічыць свой уплыў на прыняцце паліт. рашэнняў. Выразнікам іх інтарэсаў стаў вял. кн. Свідрыгайла [1430—32], які пачаў раздаваць дзярж. пасады, замкі і воласці правасл. бел. і ўкр. феадалам. У адказ каталіцкія вярхі ВКЛ абвясцілі вял. князем Жыгімонта Кейстутавіча [1432—40], што прывяло да працяглай феад. вайны. У 1432 Свідрыгайла ўцёк у Полацк, дзе бел. князі і баяры пасадзілі яго на пасад Вял. княства Рускага, такім чынам адбыўся кароткачасовы раскол ВКЛ, і Полацк на пэўны час стаў сталіцай бел. дзяржавы. Каталіцкія вярхі ВКЛ пайшлі на кампраміс. Ягайла прывілеем 1432 і Жыгімонт прывілеем 1434 ураўнавалі правасл. феадалаў у некаторых эканам. і паліт. правах з католікамі. Пры вял. кн. Казіміру IV [1440—92] асобным землям (Новагародскай, Полацкай, Віцебскай, Смаленскай і інш.) пацверджаны правы на аўт. кіраванне. Казімір зацвердзіў судзебнік 1468 — першы ўпарадкаваны збор законаў. Пасля яго смерці Маскоўская дзяржава пачала войны за аб’яднанне зямель Стараж. (Кіеўскай) Русі. У ходзе гэтых войнаў да Маскоўскай дзяржавы ў 15—16 ст. былі далучаны некаторыя ўсх.-слав. землі ВКЛ. Пасля няўдач у войнах паліт. вярхі ВКЛ пачалі залучаць да больш актыўнага кіравання дзяржавай буйных правасл. феадалаў; праваслаўным ужо фактычна не забаранялася займаць важнейшыя дзярж. пасады. У 1563 юрыдычна адменена палажэнне, паводле якога правасл. феадалы не маглі засядаць у гаспадарскай радзе. Вял. ўплыў на дзярж. справы мелі магнаты Астрожскія, Хадкевічы, Сапегі, Ільінічы і інш.

Да сярэдзіны 16 ст. канчаткова аформіўся дзярж. лад ВКЛ, асновы якога замацаваны ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1529 і Статуце Вялікага княства Літоўскага 1566. Дзярж. мовай ВКЛ з’яўлялася беларуская мова. Кіраўніком дзяржавы лічыўся вялікі князь (гаспадар). Сумесна з радай ён ажыццяўляў вышэйшы суд. Рада ВКЛ (паны-рада) узнікла ў 15 ст. як дарадчы орган пры вял. князю, а да канца 15 — пач. 16 ст. ператварылася ў вышэйшы орган дзярж. улады. З 15 ст. на пасяджэнні рады запрашаліся прадстаўнікі мясц. феадалаў, г.зн. збіраўся сойм. У 1413 тэр. ВКЛ падзелена на Віленскае і Трокскае ваяводствы. У пач. 16 ст. ўтвораны Полацкае, Новагародскае, Смаленскае і Падляшскае ваяв.; у выніку адм.-тэр. рэформы 1565—66 — Берасцейскае, Менскае і Мсціслаўскае ваяв., некаторыя з іх былі падзелены на паветы (гл. ў арт. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі). Бел. шляхта атрымала права ўдзельнічаць у павятовых сойміках, дзе выбіраліся паслы (дэпутаты) на вальны сойм. Вял. ўплыў на лёс Беларусі зрабіла Лівонская вайна 1558—83. Няўдачы арміі ВКЛ, у т. л. здача ў 1563 Полацка, падштурхнулі вял. князя ВКЛ і шляхту да больш цеснага ваен. і дзярж. саюзу з Польшчай. У выніку Люблінскай уніі 1569 ВКЛ і Польшча аб’ядналіся ў федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Паводле ўмоў уніі ВКЛ захоўвала свае адм. апарат, заканадаўства, армію, герб «Пагоню», дзярж. пячатку. Вышэйшым органам аб’яднанай дзяржавы стаў агульны сейм, які напачатку збіраўся на тэр. Польшчы, а з сярэдзіны 17 ст. кожны трэці сейм склікаўся ў Гродне, як сімвал асобнага становішча ВКЛ. Кіраўніком дзяржавы быў кароль Рэчы Паспалітай, якога выбірала шляхта. Адначасова ён з’яўляўся і вял. князем ВКЛ. У час работы Люблінскага сейма Украіна была далучана да Польшчы, таму з 1569 ВКЛ складалася ў асн. з бел. і літ. зямель. Кароль польскі і вял. кн. ВКЛ Стафан Баторый [1576—86] на чале аб’яднанай арміі заняў у 1579 Полацк і перанёс ваен. дзеянні на тэр. Расіі. Паспяховае завяршэнне Лівонскай вайны было выкарыстана для ўзмацнення ролі ВКЛ у Рэчы Паспалітай. Быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, які падкрэсліў асобае становішча ВКЛ у федэратыўнай дзяржаве са сваім войскам, заканадаўствам, гербам. Былі адменены палажэнні уніі, паводле якіх палякі і інш. замежныя падданыя маглі атрымліваць у ВКЛ зямельныя ўладанні і адм. пасады. У выніку вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 да ВКЛ зноў была далучана Смаленшчына.

У 13 — 1-й пал. 16 ст. на Беларусі сфарміраваліся формы феад. зямельнай уласнасці, катэгорыі феадалаў і феадальна залежных сялян. Развіццё сельскай гаспадаркі было абумоўлена попытам на с.-г. прадукты і сыравіну ў краінах Зах. Еўропы. З улікам выгаднай міжнар. кан’юнктуры бел. шляхта перабудавала сваю гаспадарку, каб зрабіць яе высокатаварнай, што выявілася ў арганізацыі фальваркаўгасп. комплексаў са шматлікімі панскімі ворнымі землямі, на якіх выкарыстоўвалася праца прыгонных сялян. На 16 ст. прыпадае масавае запрыгоньванне сялян. Гэтаму спрыяла правядзенне на Беларусі з пач. 16 ст. агр. рэформы — валочнай памеры, гал. мэтай якой было ўпарадкаваць землекарыстанне і павіннасці сялян (гл. «Устава на валокі» 1557). На працягу 14 — 1-й пал. 17 ст. інтэнсіўна развіваліся бел. гарады і гар. рамяство. Пераважалі гарады з 1,5—3 тыс. ж. Былі значныя гарады — Бярэсце, Віцебск, Гародна, Магілёў, Менск, Новагародак, Пінск, Слуцк. Гар. рамяство налічвала некалькі дзесяткаў спецыяльнасцяў. З 1-й пал. 16 ст. рамеснікі аб’ядноўваліся ў цэхі, якія выступалі як арганізатары вытв-сці і сродак грамадскай арганізацыі гар. насельніцтва. Актыўна развіваўся ўнутр. і знешні гандаль. Буйны гар. гандаль меў у значнай ступені транзітны характар. Праз Беларусь праходзілі гандл. шляхі, якія злучалі Зах. Еўропу з Маскоўскай дзяржавай. Асн. гандлёвыя аперацыі кантралявалі купцы-госці, У руках якіх канцэнтраваліся фінансавыя сродкі. Канкурэнтамі купцоў у знешнім гандлі с.-г. прадуктамі і сыравінай паспяхова выступала шляхта. У 16 ст. яе пазіцыі ў гарадах умацаваліся, узніклі гар. кварталы, падуладныя феадалам — юрыдыкі. З канца 14 ст. на Беларусі стала пашырацца гар. права на самакіраванне — магдэбургскае права (яго атрымалі Вільня ў 1387, Брэст у 1390 і Гродна ў 1391). Да сярэдзіны 17 ст. магдэбургскага права дамагліся 43 гарады Беларусі.

Рэліг. жыццё ў 13 — 1-й пал. 17 ст. на Беларусі развівалася супярэчліва. У 13—14 ст. шмат якія літ. феадалы і князі прымалі праваслаўе. Але пасля Крэўскай уніі 1385 прывілеяванай рэлігіяй абвешчаны каталіцызм. Адначасова вял. князі ВКЛ падтрымлівалі праваслаўе, без чаго дзяржава не магла ўстойліва развівацца. У 1317 вял. князь Гедзімін дамогся ў канстанцінопальскага патрыярха стварэння ў ВКЛ правасл. Літоўскай мітраполіі з цэнтрам у Новагародку, якая аднаўлялася ў 1354 і канчаткова замацавалася ў 1485. Пад уплывам зах.-еўрап. Рэфармацыі ў 16 ст. на Беларусі пачалі распаўсюджвацца кальвінізм, лютэранства, антытрынітарызм і інш. пратэстанцкія плыні. Вял. князі і сойм у дачыненні да розных канфесій праводзілі палітыку талерантнасці, свабода веравызнання пацверджана і Статутам ВКЛ 1588. Да канца 16 ст. правасл. царква на Беларусі была моцна пацеснена пратэстанцкімі плынямі і каталіцтвам. Гэта вымусіла правасл. іерархаў шукаць падтрымкі ў дзярж. улады і пайсці на саюз з каталіцкай царквой. Вынікам кампрамісу стала Брэсцкая унія 1596. Да яе заключэння падштурхнула стварэнне ў Маскоўскай дзяржаве ў 1589 патрыярхату, які намагаўся падначаліць сабе правасл. беларусаў. Паводле ўмоў уніі правасл. царква ВКЛ прызнавала вяршэнства рымскага папы, прыняла каталіцкую дагматыку, аднак захавала сваю абраднасць і асобную арганізацыю. Падрыхтоўка і правядзенне уніі суправаджаліся вострай палемікай і крывавымі эксцэсамі (гл. Віцебскае паўстанне 1623). Тым не менш, да канца 18 ст. да грэка-каталіцкай (уніяцкай) царквы належала каля 80% насельніцтва Беларусі, у асн. сялян. Праваслаўныя, што не прынялі унію, у пач. 17 ст. стварылі ўласную царк. арг-цыю, узаконеную дзярж. уладай у 1648. Невял. працэнт жыхароў Беларусі вызнавалі іудаізм (яўрэі) і іслам (татары).

Катастрафічна паўплывала на гасп. і культ. жыццё Беларусі вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Ёй папярэднічала распачатая ўкр. казакамі антыфеадальная вайна 1648—51. Скарыстаўшы смерць польскага караля і вял. князя ВКЛ Уладзіслава IV [1633—48], казакі ўварваліся на Палессе і ўзначалілі мясц. выступленні. У 1654 рас. войскі занялі землі ўсх. Беларусі да Зах. Дзвіны і Дняпра, у 1655 — большую яе частку. Паводле умоў Андросаўскага перамір’я 1667, якое завяршыла гэту вайну, Беларусі засталася ў Рэчы Паспалітай. Масавае вынішчэнне гар. насельніцтва прывяло да заняпаду гарадоў, умацавання ў іх пазіцый шляхты і да запаволення развіцця капіталіст. адносін. Цяжкі ўдар быў нанесены нац. культуры Беларусі. Пасля вайны ўзмацнілася паланізацыя, якая ахапіла шырокія колы бел. шляхты і гараджан. Кароль Ян II Казімір [1648—68] з-за няўдач у знешняй і ўнутр. палітыцы адрокся ад трона. Наступныя каралі і вял. князі Міхал Карыбут Вішнявецкі [1669—73] і Ян III Сабескі [1674—96] не здолелі прадухіліць рост уплыву шляхты, у першую чаргу магнатаў, і ўтаймаваць яе свавольствы. Абраны на пасад Рэчы Паспалітай саксонскі курфюрст Аўгуст II у час Паўночнай вайны 1700—21 выступіў саюзнікам рас. цара Пятра I. Шведы, якія часткова акупіравалі Беларусь, падтрымлівалі свайго стаўленіка на троне Станіслава Ляшчынскага. Ваен. дзеянні, унутр. барацьба шляхецкіх груповак прывялі да заняпаду гаспадаркі, якая была адбудавана толькі да сярэдзіны 18 ст. Але ўнутрыпаліт. анархія ў краіне працягвалася. Звычайным стаў зрыў працы сеймаў з-за свавольства шляхты. Рэч Паспалітая ўсё больш трапляла пад паліт. ўплыў суседніх дзяржаў. Апошні кароль польскі і вял. кн. ВКЛ Станіслаў Аўгуст Панятоўскі [1764—95], хоць быў стаўленікам рас. імператрыцы Кацярыны II, імкнуўся праводзіць незалежную палітыку. Частка дзярж. колаў Рэчы Паспалітай узяла курс на мадэрнізацыю паліт. ладу краіны, найперш на ўмацаванне цэнтр. улады. У 1764 створаны Вайсковая і Скарбовая камісіі ВКЛ, у 1773 — Адукацыйная камісія, у 1791 — Камісія паліцыі. Развіццю капіталіст. адносін перашкаджалі панаванне магнатаў, нац. і рэліг. супярэчнасці. Цяжкае ўнутрыпаліт. становішча Рэчы Паспалітай імкнуліся выкарыстаць у сваіх інтарэсах Расія, Прусія і Аўстрыя. На іх карысць дзейнічалі розныя групоўкі шляхты. У 1768 утварылася Барская канфедэрацыя — саюз шляхты, накіраваны і супраць умяшання Расіі ва ўнутр. справы дзяржавы і супраць паліт. рэформаў. Разгром канфедэрацыі рас. войскамі прывёў у 1772 да першага падзелу Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Да Расіі былі далучаны землі ўсх. Беларусі з гарадамі Полацк, Віцебск, Магілёў, Гомель. Уратаванне дзяржавы частка правячых колаў Рэчы Паспалітай бачыла ў шырокіх антыфеад. рэформах. Чатырохгадовы сейм 1788—92 прыняў Канстытуцыю 3 мая 1791, паводле якой устанавіў апеку дзяржавы над прыгоннымі сялянамі, пашырыў паліт. правы гараджан, рэарганізаваў і цэнтралізаваў дзярж. кіраванне. У адказ кансерватыўная шляхта пры дапамозе Расіі стварыла Таргавіцкую канфедэрацыю, па фармальным запрашэнні якой ажыццявілася новае ўмяшанне Рас. імперыі. Паміж Расіяй і Аўстрыяй у 1793 праведзены другі падзел Рэчы Паспалітай, у выніку да Расіі далучаны землі цэнтральнай Беларусі з гарадамі Барысаў, Мінск, Слуцк, Пінск. Згодніцкая пазіцыя кіруючых колаў Рэчы Паспалітай стала прычынай паліт. ўздыму, які прывёў да паўстання 1794, узначаленага Т.Касцюшкам. Расія накіравала дадатковыя войскі, якія ў шэрагу бітваў разграмілі паўстанне. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй да Расіі далучаны землі зах. Беларусі з гарадамі Гродна, Навагрудак, Брэст; заходнія бел. землі адышлі да Прусіі. Рэч Паспалітая як дзяржава перастала існаваць.

На далучаных да Расіі землях усталёўваўся тэр.-адм. падзел на рас. ўзор — паветы, правінцыі, губерні і ген.-губернатарствы. У 1772 утворана Беларускае ген.-губернатарства ў складзе 2 губерняў — Пскоўскай (з 1776 Полацкай, потым Віцебскай) і Магілёўскай. У 1793 утвораны Мінская, у 1795 — Слонімская і Віленская губ. У 1796—1801 тэр. Беларусі ўваходзіла ў Беларускую, Мінскую і Літоўскую губ., якія ў 1801 падзелены на Віцебскую, Магілёўскую, Мінскую, Гродзенскую і Віленскую. У губернях ствараліся палаты крымінальнага (дзейнічалі на аснове агульнаімперскага права) і цывільнага (вырашалі цывільныя справы паводле нормаў Статута ВКЛ 1588) судоў. Пасля прыняцця прысягі на вернасць Кацярыне II шляхта Беларусі атрымала ўсе правы і прывілеі рас. дваранства. Але яна страціла права на вальны сойм, права выбіраць манарха, вырашаць мясц. справы на ваяв. і пав. сойміках, ствараць канфедэрацыі (саюзы) для абароны сваіх вольнасцяў і прывілеяў. Магнаты былі пазбаўлены права мець уласныя крэпасці і войска. Праводзілася чыстка шляхецкага саслоўя праверкай дакументаў на дваранскае званне («разбор» шляхты). Кацярына II і Павел І практыкавалі раздачу дзярж. зямель з прыгоннымі сялянамі рус. памешчыкам, военачальнікам і буйным чыноўнікам. На Беларусі распаўсюджана агульнарас. сістэма дзярж. падаткаў і павіннасцяў. Гал. падаткам стаў падушны, які быў значна цяжэйшы за ранейшы падымны. Сяляне выконвалі паншчыну, плацілі чынш, натуральныя даніны і інш. На мяшчан ускладаліся выдаткі па ўтрыманні вайск. гарнізонаў, паліцыі, турмаў, гар. магістрата, паштовай службы, навуч. і мед. устаноў. Цяжкай павіннасцю для сялян і мяшчан Беларусі стаў абавязак пастаўляць рэкрутаў на 25-гадовую (з 1834 — на 20-гадовую, з 1856 — на 15-гадовую) службу ў армію. Шэраг законаў абмяжоўваў правы яўр. насельніцтва: мяжа яўр. аселасці, падушны падатак і рэкруцкія павіннасці ўдвая вышэйшыя, чым для хрысціян, кампаніі па прымусовым іх ссяленні ў гарады і мястэчкі з сельскай мясцовасці. Правасл. царква на Беларусі атрымала статус дзяржаўнай, а каталіцкая страціла прывілеяванае становішча і трапіла пад кантроль рас. ўрада. Каталіцкаму духавенству давалася свабода ў выкананні рэліг. абрадаў, але забаранялася схіляць праваслаўных і уніятаў да пераходу ў каталіцтва. Каб заахвоціць пераход у праваслаўе вернікаў уніяцкай царквы выкарыстоўваліся агітацыя, прымусовыя меры, матэрыяльныя ўзнагароды уніяцкага духавенства.

Спаланізаваная бел. шляхта ў час вайны 1812 падтрымала Напалеона, спадзеючыся пры яго дапамозе аднавіць ВКЛ і Рэч Паспалітую. 1.7.1812 Напалеон падпісаў указ аб утварэнні ВКЛ у складзе Віленскага, Гродзенскага, Мінскага і Беластоцкага дэпартаментаў і прызначыў Часовы урад з прадстаўнікоў мясц. знаці. Гал. яго задачы: мабілізацыя насельніцтва ў франц. армію, яе матэрыяльнае забеспячэнне, ахова камунікацый, падтрыманне парадку ў тыле і г.д. Напалеон не зрабіў ніякіх захадаў для ліквідацыі прыгоннага права, таму сялянства не падтрымала яго, а на паборы і марадзёрства заваёўнікаў адказала партыз. рухам.

Франц. рэвалюцыя 1789—99, падзеі 1812 садзейнічалі пашырэнню на Беларусі дэмакр. і нац.-вызв. ідэй. На пач. 19 ст. ў Віленскім ун-це і шэрагу навуч. устаноў, у Літоўскім асобным корпусе дзейнічалі гурткі мясц. моладзі, якія выступалі за аднаўленне Рэчы Паспалітай. Т-вы філаматаў і філарэтаў, Патрыят. т-ва, т-ва «Ваенныя сябры» мелі сувязь з арг-цыямі дзекабрыстаў. Асобныя дзекабрысты ў пач. 1820-х г. служылі на Беларусі. Пры ўдзеле Патрыят. т-ва падрыхтавана паўстанне 1830—31. Пасля яго задушэння магілёўскі губернатар М.М.Мураўёў у запісцы на імя цара пісаў пра неабходнасць абсалютнага зліцця «краю гэтага з Расіяй». Урад узяў курс на паступовае аслабленне эканам. і паліт. пазіцый шляхты і каталіцкага духавенства. Маёнткі ўдзельнікаў паўстання канфіскоўваліся, касцёлы і кляштары, служыцелі якіх мелі дачыненне да паўстання, зачыняліся. Узмацніўся «разбор» шляхты. Больш за 10 тыс. шляхціцаў былі выключаны з дваранскага саслоўя. Справаводства ў мясц. дзярж. установах і навучанне ў школах пераводзілася з польскай на рус. мову. У 1832 улады закрылі Віленскі ун-т за ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні і «прапольскі дух» выхавання. У студз. 1831 скасавана дзеянне Статута ВКЛ 1588 у Віцебскай і Магілёўскай, у чэрв. 1840 — у Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губ. Узмацніліся рэпрэсіі супраць уніяцкай царквы. 12.2.1839 Сабор вышэйшага уніяцкага духавенства ў Полацку прыняў акт аб уз’яднанні уніятаў з Рус. правасл. царквой. Узмацнялася залежнасць і правасл. і каталіцкай царквы ад дзяржавы. У 1841—43 яны былі пераведзены на дзярж. ўтрыманне.

Асновай эканомікі Беларусі 19 ст. заставалася сельская гаспадарка, у якой панавала буйнамаянтковае дваранскае землеўладанне. Попыт на збожжа ў Зах. Еўропе стымуляваў памешчыкаў да пашырэння фальваркаў. Да сярэдзіны 19 ст. 97% памешчыцкіх сялян Беларусі знаходзіліся на паншчыне, г.зн. былі прымацаваны да панскіх фальваркаў і пазбаўлены магчымасці пошукаў інш. заробкаў, перасялення ў гарады, праяўлення прадпрымальніцкай ініцыятывы ў сферы прам-сці і гандлю, якую мелі аброчныя сяляне ў цэнтр. губернях Расіі. Адной з важнейшых с.-г. культур з гэтага часу стала бульба, пашыраліся пасевы лёну, канапель і цукр. буракоў, гадоўля танкарунных авечак. Дармавая праца прыгонных шырока выкарыстоўвалася на прамысл. прадпрыемствах. Калі ў канцы 18 ст. на Беларусі было каля 8,8 тыс. дробных прамысл. прадпрыемстваў і 53 мануфактуры, то ў 1828 — 104 мануфактуры, 2 суконныя фабрыкі, у 1860 мануфактур стала 140, а фабрык 76. Эканам.-фінансавы стан гарадоў Беларусі вызначаўся падатковай палітыкай рас. ўрада. У 1-й пал. 19 ст. з гараджан на карысць дзяржавы спаганяліся каля 40 відаў падаткаў і павіннасцяў, у казну забіралася большая частка даходаў ад прамысл. і гандл. дзейнасці. Гар. даходы былі невялікія. Даходы, большыя за 10 тыс. руб., у 1830-я г. мелі толькі Мінск, Віцебск, Магілёў, Гродна, Полацк (для параўнання: кн. І.Ф.Паскевіч толькі з гомельскага маёнтка меў даход да 500 тыс. руб.). У пач. 19 ст. агульная колькасць насельніцтва ў гарадах Беларусі складала 96 тыс., у 1861 — 320 тыс. чал. У 1840—50-я г. на Беларусі выявіўся крызіс феад.-прыгонніцкіх адносін: скарачаліся пасевы, зніжалася ўраджайнасць, усё большая колькасць сялян не здольная была плаціць падаткі і выконваць павіннасці на карысць дзяржавы; у банкаўска-крэдытных установах было закладзена каля 70% прыгонных сялян; нарастаў антыпрыгонніцкі рух сялян. У 1856—60 масавыя выступленні сялян адбыліся ў 66 маёнтках, 11 з іх задушаны войскамі і паліцыяй. Паражэнне ў Крымскай вайне 1853—56 і пагроза сял. рэвалюцыі вымусілі Аляксандра II распачаць бурж. рэформы. 19.2.1861 ён падпісаў Маніфест і «Палажэнне» аб вызваленні памешчыцкіх сялян ад прыгоннай залежнасці. На рэалізацыю гэтай і інш. бурж. рэформаў у бел.-літ. губернях істотна паўплывала паўстанне 1863—64. У выніку агр. рэформаў на Беларусі памешчыкі захавалі больш за палову зямлі. У 1877 дваранам належала 50,3% зямлі, казне, царкве і інш. установам — 11,2%, сял. надзелы складалі 33,4%. У сувязі з паўстаннем 1863—64 на Беларусі ўстаноўлены рэжым выключных законаў, які з нязначнымі паслабленнямі дзейнічаў да рэв. 1905—07. Таму земская, судовая, вайсковая, школьная, цэнзурная, гар. рэформы, праведзеныя ў Расіі ў 1860—70-я г., на Беларусі пашырыліся са значным спазненнем і істотнымі адступленнямі.

Адмена прыгону стварыла перадумовы для росту бурж. зямельнай уласнасці і развіцця капіталізму. С.-г. крызіс 1880-х г. і змена чыг. тарыфаў вымусілі памешчыцкія гаспадаркі Беларусі спецыялізавацца на жывёлагадоўлі і вінакурстве, што істотна змяніла структуру пасяўных плошчаў. Плошча пад кармавымі культурамі ў 1880—90-я г. павялічылася ў 7 разоў, пад пасевамі бульбы — у 3,3 раза. У выніку пашырэння шматпольных севазваротаў, выкарыстання палепшаных прылад працы і с.-г. тэхнікі за 30 паслярэформенных гадоў сярэднегадавы збор збожжа вырас больш як удвая, а бульбы — амаль у 5 разоў. Развіццё капіталіст. адносін у сельскай гаспадарцы суправаджалася расслаеннем сялян і фарміраваннем у вёсцы класаў бурж. грамадства — агр. буржуазіі і наёмных работнікаў. У выніку драблення сял. надзелаў і збяднення большасці сялян сотні тысяч «лішніх» у вёсках сялян былі вымушаны шукаць працу ў адыходных промыслах, якімі ў канцы 19 ст. займаліся штогод каля 300 тыс. бел. сялян. Развіццё капіталіст. рынку залежала ад шляхоў зносін і сродкаў сувязі. У пач. 20 ст. ў разліку на 100 кв. вёрст Беларусі мела шашэйных дарог у 2 разы, а рачных у 3 разы больш, чым Еўрап. Расія. У 1860—80-я г. праз Беларусі пракладзены Пецярбургска-Варшаўская, Рыга-Арлоўская, Маскоўска-Брэсцкая, Лібава-Роменская і Палескія чыг. магістралі; у 1904 агульная даўж. чыгунак на Беларусі склала 3033 км. У 1880-я г. на Беларусі пачалі дзейнічаць банкі, у т. л. аддзяленні Дзяржаўнага, Сялянскага і Дваранскага банкаў. Бел. прам-сць спецыялізавалася пераважна на перапрацоўцы с.-г., лясной і мінер. сыравіны. З гэтага вынікала пашырэнне тут дробных прадпрыемстваў, нізкая ўдз. вага фабр. вытворчасці. У пач. 20 ст. агульная колькасць наёмных рабочых перавышала 460 тыс. чал. Развіццё прам-сці і чыг. сеткі спрыяла росту гарадоў. Да 1897 гар. насельніцтва павялічылася да 648 тыс. чал., хоць буйныя прамысл. цэнтры на Беларусі не склаліся. Пагаршэнне становішча асн. масы сялян стала гал. прычынай іх выступленняў супраць памешчыкаў і ўлады. За 1864—1900 на Беларусі адбылося 978 выступленняў сялян. Найб. значныя з іх звязаны з размежаваннем зямлі і спробамі ўлады павялічыць выкупныя плацяжы. Гэты рух меў пераважна стыхійны характар: паліт. патрабаванняў сяляне не выстаўлялі, у іх захоўваліся царысцкія ілюзіі.

Пасля рэформы 1861 паскорылася фарміраванне рабочага класа. Эксплуатацыя рабочых выклікала рост хваляванняў і забастовак, што прымусіла ўрад выдаць у 1882—85 першыя законы, якія забаранялі на ф-ках і з-дах працу дзяцей да 12 гадоў, начную працу жанчын і падлеткаў, выкарыстанне іх на шкодных для здароўя вытворчасцях, абавязвалі прадпрымальнікаў уводзіць разліковыя кніжкі і правілы ўнутр. распарадку, рэгулявалі штрафаванне рабочых. У 1897 выдадзены закон пра абмежаванне рабочага дня на ф-ках і з-дах да 11,5 гадз і ўстанаўленне абавязковых нядзельных і святочных дзён адпачынку. Узаемаадносіны гаспадароў і рабочых у рамеснай прам-сці рэгуляваліся цэхавай сістэмай.

Ідэолагамі і выразнікамі інтарэсаў сялян і інш. дробных вытворцаў у Расіі выступалі арг-цыі рэв. народнікаў («Зямля і воля», «Народная воля», «Чорны перадзел»). У 2-й пал. 1870 — пач. 1880-х г. народніцкія гурткі існавалі ў Магілёве, Мінску, Віцебску, Гродне, Пінску, Горы-Горках, Слуцку, Оршы пераважна сярод вучнёўскай моладзі, вайскоўцаў, рабочых. У іх вывучалі тэорыю сял. сацыялізму, рыхтавалі прапагандыстаў і агітатараў для вёскі. Пад уплывам выданняў польск. сацыяліст. партыі «Пралетарыят» і рас. групы «Вызваленне працы» частка народнікаў Беларусі ў сярэдзіне 1880-х г. перайшла на пазіцыі марксізму. У 2-й пал. 1880 — пач. 1890-х г. у Мінску, Вільні, Віцебску, Гомелі, Гродне, Брэсце, Смаргоні з’явіліся с.-д. гурткі. Пачатковай формай аб’яднання рабочых сталі стачачныя касы. У маштабах горада рабочы рух каардынавалі міжкасавыя сходкі, якімі кіравалі с.-д. групы і к-ты. Пад іх уплывам у 1895—1900 у 23 нас. пунктах Беларусі адбыліся 292 эканам. стачкі, у якіх удзельнічала каля 11,5 тыс. рабочых. У 1896 утварыўся Рабочы саюз Літвы, у 1897 — Бунд (Усеагульны яўр. рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі). У 1898 з’езд прадстаўнікоў с.-д. арг-цый Пецярбурга, Масквы, Кіева, Екацярынаслава і Бунда, што адбыўся ў Мінску, абвясціў пра ўтварэнне Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП). У пач. 1900-х г. рабочым рухам у гарадах і многіх мястэчках Беларусі кіравалі арг-цыі Бунда. У Гродне і Брэсце ўплыў на рабочых мелі мясц. арг-цыі Польскай сацыялістычнай партыі ў Літве (ППС). У 1902—04 на Беларусі з’явіліся арг-цыі партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР). У 1903 створана Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). У 1903—04 узніклі арг-цыі РСДРП (Паўночна-заходні камітэт РСДРП, Палескі камітэт РСДРП). Сярод яўр. насельніцтва Беларусі з 1890-х г. шырокую агітацыю вялі сіяністы. У рабочым руху пач. 20 ст. назіраліся ўздым і хуткая яго палітызацыя. Эканам. стачкамі ў 1901—04 былі ахоплены 56 нас. пунктаў, каля 20 тыс. рабочых; у паліт. стачках удзельнічалі 34 тыс. рабочых. У гэты час адбылося 113 сял. выступленняў. Па закліку арг-цый Бунда, РСДРП і інш. партый рабочыя і сяляне Беларусі прынялі актыўны ўдзел у рэвалюцыі 1905—07. Колькасць удзельнікаў паліт. стачак у 1905 дасягала 100 тысяч. Выступленнямі рабочых у гарадах Беларусі ў 1905 кіравалі кааліцыйныя саветы і к-ты. У многіх выпадках рабочыя дамагаліся скарачэння прац. дня да 9—10 гадз, павышэння заработнай платы, паляпшэння ўмоў працы. Небывалы размах набыў рух сялянства супраць памешчыкаў. Пры дапамозе мясц. арг-цый РСДРП, ПСР, БСГ, Бунда распаўсюдзіліся новыя для вёскі формы руху — забастоўкі, паліт. сходы і мітынгі. Найвышэйшы ўздым рэвалюцыі прыпаў на кастр.снеж. 1905 (гл. Кастрычніцкая Усерасійская палітычная стачка 1905, Снежаньская Усерасійская палітычная стачка 1905). У гэты час на Беларусі завяршылася парт. афармленне 3 паліт. лагераў: рэв. (арг-цыі РСДРП, ПСР, ППС, БСГ, Бунда, паалей-сіяністаў, сіяністаў-сацыялістаў і інш.), ліберальны [Канстытуцыйна-дэмакр. партыі (КДП, кадэты), «Саюза дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі», сіяністаў, Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі], урадавы [арг-цыі «Саюза рускага народа» і «Саюза 17 кастрычніка» (акцябрысты)]. У І Дзярж. думу ад 5 зах. губерняў былі выбраны 36 дэпутатаў, у т. л. 29 прыхільнікаў кадэтаў. На выбарах у II Дзярж. думу ў 5 зах. губернях перамаглі контррэв. нацыяналіст. групоўкі — рус. і польская (гл. таксама Дзяржаўная дума).

Масавы агр. і паліт. рух сялян прымусіў царызм прызнаць неабходнасць ломкі сярэдневяковых формаў землеўладання (гл. Сталыпінская аграрная рэформа). У выніку рэформы на Беларусі паскорыўся працэс росту бурж. зямельнай уласнасці і расслаення сялянства. Развіццю сельскай гаспадаркі ў Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. садзейнічала ўвядзенне ў 1911 выбарных земстваў (гл. Земская рэформа 1864). З 1908 на Беларусі пачаўся прамысл. ўздым. За 1908—13 цэнзавая прам-сць павялічыла выпуск прадукцыі амаль на 68%. Аднак і ў 1913 дробнакапіталіст. і саматужна-рамесная вытв-сць давала больш за палову валавой прадукцыі прам-сці. Найб. высокія тэмпы развіцця назіраліся ў дрэваапр. галіне, вытв-сці шкла і буд. матэрыялаў, тэкст. прам-сці. На выбарах ў III Дзярж. думу ў 5 зах. губернях чарнасоценцы і акцябрысты заваявалі 29 з 36 месцаў. Каталіцкае насельніцтва Віленскай і Гродзенскай губерняў выбрала 6 прадстаўнікоў польска-бел. аўтанамістаў («краёўцаў»). З падобнымі вынікамі прайшлі выбары і ў IV Дзярж. думу (1912). Чарнасоценна-акцябрысцкія групоўкі і іх органы друку адмаўлялі самастойнасць бел. этнасу, абвінавачвалі бел. нац. рух і яго газ. «Наша ніва» ў сепаратызме. Супраць бел. нац. адраджэння выступалі і польскія памешчыцка-клерыкальныя групоўкі. У 1907 амаль усе мясц. арг-цыі левых партый былі разгромлены ці вельмі аслаблены. Сярод меншавікоў і бундаўцаў распаўсюдзілася ліквідатарская плынь. Згарнула свае падп. структуры БСГ і як партыя часова прыпыніла дзейнасць. Яе кіраўнікі засяродзіліся на легальнай дзейнасці ў газ. «Наша ніва» і ўзначалілі бел. нац.-культ. рух. У 1905—15 ён прыкметна пашырыўся і набыў міжнар. вядомасць. Асабліва значныя поспехі дасягнуты ў развіцці бел. л-ры (Я.Купала, Я.Колас, Цётка, М.Багдановіч).

1.8.1914 Расія ўступіла ў вайну з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй (гл. Першая сусветная вайна 1914—18). Бел. губерні ў ліку першых аб’яўлены на ваен. становішчы. У выніку герм. наступлення (гл. Свянцянскі прарыў 1915) зах. частка Беларусі акупіравана. Да кастр. 1915 фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск. Вайна прывяла эканоміку Беларусі да заняпаду. У вёсцы востра адчуваўся недахоп рабочых рук, скараціліся пасяўныя плошчы, паменшала колькасць жывёлы. Каля ​1/3 прамысл. прадпрыемстваў Беларусі былі эвакуіраваны або дэманціраваны. Гарады Беларусі былі перапоўнены вайскоўцамі і бежанцамі. Абвастрыліся харч. і інш. праблемы.

Акупацыя амаль усёй Віленскай, Гродзенскай і зах. часткі Мінскай губ. герм. войскамі, мабілізацыя ў армію, масавае бежанства на ўсход (гл. ў арт. Бежанцы) на пэўны час дэзарганізавалі бел. нац. рух. Бел. нац.-культ. арг-цыі распадаліся, спынялася выданне бел. газет і кніг. Частка б. кіраўнікоў «Нашай нівы» (браты А. і І.Луцкевічы, В.Ластоўскі і інш.) засталіся ў Вільні і ўзначалілі Беларускі камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны. У Вільні дзейнічалі Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група, Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У якасці каардынатара бел. нац. руху выступаў Цэнтр. саюз бел. нац. грамадскіх арг-цый на чале з Беларускім народным камітэтам, пад кіраўніцтвам якога ў 1916—17 з дазволу герм. улад пачалося выданне школьных падручнікаў, газ. «Гоман». У 1916 у Петраградзе з’явіліся штотыднёвая газ. «Дзянніца» і «Светач».

Вайна паскорыла наспяванне і перамогу Лютаўскай рэвалюцыі 1917. У выніку звяржэння самадзяржаўя ўлада перайшла да Часовага ўрада. Па прыкладзе Петраграда на Беларусі ствараліся Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, нар. міліцыя. У сак.крас. 1917 аформіліся 37 Саветаў, у т. л. 11 рабочых, 11 салдацкіх, 14 аб’яднаных і 1 Савет сял. дэпутатаў. Кіруючую ролю ў іх адыгрывалі эсэры, меншавікі, бундаўцы. У Мінскім Савеце быў прыкметны ўплыў бальшавікоў. Адначасова ў губернях і паветах ствараліся органы ўлады, якія ўзначалілі камісары, прызначаныя Часовым урадам. Узнікла шмат прафсаюзаў, якія ўзаемадзейнічалі з Саветамі. Часовы ўрад выступаў за працяг вайны «да пераможнага канца». На такіх пазіцыях стаялі і сацыяліст. партыі, што складалі большасць у Саветах. Пасля Лют. рэвалюцыі аднавіла сваю дзейнасць і БСГ. Адначасова ўзнікла шмат іншых нац. арг-цый і суполак не толькі на тэр. Беларусі, але і ў інш. гарадах Расіі, дзе было шмат беларусаў-бежанцаў. 25—27.3.1917 у Мінску адбыўся з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, які выставіў патрабаванне дзярж. аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай дэмакр. рэспублікі, абвясціў сябе «вышэйшай краёвай інстытуцыяй» да склікання Бел. краёвай рады (БКР), а сваім выканаўчым органам — Беларускі нацыянальны камітэт (БНК), якому даручыў падрыхтаваць выбары БКР. Яго старшынёй выбраны буйны землеўладальнік Р.Скірмунт. Ён жа ўзначаліў дэлегацыю для перагавораў з Часовым урадам па пытаннях аўтаноміі Беларусі. Але ўрад адмовіўся вырашаць гэта пытанне да Устаноўчага сходу. Па ініцыятыве БСГ у ліп. 1917 адбыўся з’езд беларускіх арг-цый і партый. На ім БНК заменены Цэнтральнай радай беларускіх арганізацый, якая ў кастр. 1917 рэарганізавана ў Вялікую беларускую раду (ВБР). 25.10.1917 у выніку ўзначаленага бальшавікамі ўзбр. паўстання ў Петраградзе Часовы ўрад быў скінуты і ўлада перайшла да Савета Народных Камісараў на чале з У.І.Леніным. 26 кастр. сав. ўлада абвешчана ў Мінску. У пач. лістапада вышэйшым органам улады ў краі стаў Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, узначалены бальшавікамі. 18—25 ліст. сав. ўладу прызналі з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, III з’езд сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. і II з’езд армій Зах. фронту. 26 ліст. абраныя з’ездамі выканаўчыя к-ты аб’ядналіся і ўтварылі Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах). У снеж. 1917 — студз. 1918 адбыліся з’езды Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў Віцебскай і Магілёўскай губ., на якіх завяршылася работа па ўстанаўленні сав. улады ў гэтых губернях. Аблвыкамзах ігнараваў бел. нац. пытанне не прызнаваў існавання самастойнага бел. народа. У адказ на Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 ВБР разам з Цэнтральнай бел. вайсковай радай звярнулася з «Граматай да беларускага народа», дзе асудзіла дзейнасць бальшавікоў. Разам з Беларускім абл. к-там (БАК) пры Усерас. Савеце сял. дэпутатаў ВБР склікала ў Мінску Усебеларускі з’езд (кангрэс) 1917. І з’езд прызнаў неабходным стварэнне бел. нац. дзяржаўнасці, не прызнаў уладу Аблвыкамзаха, таму па загадзе кіраўнікоў быў разагнаны з прымяненнем вайсковай сілы. Частка дэлегатаў з’езда стварыла выканком, а затым Раду з’езда, якая Трэцяй Устаўнай граматай 25.3.1918 абвясціла Беларусь незалежнай і свабоднай дзяржавай — Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР). Ваенна-паліт. разлікі Расіі, міжнар. становішча, дзейнасць БНР сталі прычынай фармальнага прызнання бальшавіцкімі ўладамі ў Маскве права бел. народа на нац. дзяржаўнасць. Выконваючы рашэнне ЦК РКП(б), VI Паўн.-Зах. абл. канферэнцыя 30—31.12.1918 у Смаленску [гл. Першы з’езд КП(б)Б] прыняла пастанову аб абвяшчэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) у межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губ., бел. паветаў Віленскай, Ковенскай і Смаленскай губ. Утварэнне БССР са сталіцай у Мінску 1.1.1919 абвешчана маніфестам Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Па патрабаванні ЦК РКП(б) 27.2.1919 была ўтворана Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка са сталіцай у Вільні. 2-е абвяшчэнне БССР адбылося 31.7.1920 у Мінску (гл. Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР). Тэр. адноўленай БССР уключала 6 паветаў Мінскай губ. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 да Польшчы адышла Заходняя Беларусь. 30.12.1922 утвораны Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР), у які ўвайшла і БССР. Па прапанове парт.-сав. кіраўніцтва БССР цэнтр. ўлады згадзіліся ў 1924 і 1926 на ўзбуйненне БССР шляхам уключэння ў яе склад Віцебскай і Гомельскай губ. У 1920-я — пач. 1930-х г. у Беларусі праводзіліся сацыяліст. індустрыялізацыя і масавая калектывізацыя сельскай гаспадаркі. Цяжкім злачынствам супраць усіх пластоў грамадства з’явіліся рэпрэсіі палітычныя. У выніку паходу Чырв. Арміі ў вер. 1939 у Зах. Беларусь яе тэр. ўз’яднана з БССР; Вільня і Віленскі край у кастр. 1939 урадам СССР перададзены Літве.

У гады Вялікай Айчыннай вайны 1941—45 на тэр. Беларусі разгарнулася партыз. і падп. барацьба (гл. Партызанскі рух на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі, Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі). У Сав. Арміі, партыз. фарміраваннях і шэрагах падпольшчыкаў супраць ням. фашыстаў змагалася больш за 1,5 млн. жыхароў Беларусі. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Рэспубліка страціла больш за палову нац. багацця. Гераічная барацьба бел. народа супраць ням.-фаш. акупантаў у гады вайны з’явілася для міжнар. супольніцтва падставай, каб прадаставіць Беларусі права стаць членам-заснавальнікам ААН (гл. ў арт. Крымская канферэнцыя 1945, Сан-Францыская канферэнцыя 1945). У 1945 паводле сав. польскага дагавора аб дзярж. граніцы ад 18.8.1945 17 раёнаў Беластоцкай вобл. з г. Беласток і 3 раёны Брэсцкай вобл. перададзены ў склад Польшчы. У 1955—56 у адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР зацверджаны дзярж. герб, гімн і сцяг рэспублікі. У 1950—70-я г. пашыралася шматбаковае супрацоўніцтва Беларусі з інш. рэспублікамі краіны, фарміраваўся нар.-гасп. комплекс БССР. Драматычнымі для Беларусі сталі наступствы Чарнобыльскай катастрофы 1986. Сац.-эканам. крызіс 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. садзейнічаў нарастанню дэзінтэграцыйных працэсаў у СССР. 27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Жнівеньскія падзеі ў Маскве (19—21.8.1991) і падтрымка іх кіраўніцтвам КПБ паглыбілі крызіс сістэмы ўлады, якая існавала ў той час на Беларусі. 25.8.1991 Вярх. Савет БССР прыпыніў дзейнасць КПБ на тэр. Беларусі. 19.9.1991 БССР перайменавана ў Рэспубліку Беларусь. У якасці дзярж. сімвалаў былі зацверджаны герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг. У снеж. 1991 у выніку дэнансацыі дагавора 1922 СССР спыніў існаванне. 15.3.1994 Вярх. Савет прыняў Канстытуцыю, у якой Беларусь абвешчана унітарнай дэмакр. сацыяльнай прававой дзяржавай. 10.7.1994 першым Прэзідэнтам Беларусі выбраны А.Р.Лукашэнка. Паводле праведзеных па ініцыятыве Прэзідэнта рэферэндумаў 14.5.1995 прынята новая дзярж. сімволіка, рус. мове нададзены роўны статус з бел. мовай і 24.11.1996 прыняты Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), Дзень Рэспублікі (3 ліпеня), шэраг інш. палажэнняў. У 1996 падпісаны Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь, Рэспублікай Казахстан, Кыргызскай Рэспублікай і Расійскай Федэрацыяй аб паглыбленні інтэграцыі ў эканам. і гуманітарнай галінах (29 сак.), Дагавор аб стварэнні Супольніцтва Беларусі і Расіі (2 крас.).

Палітычныя партыі, рухі і прафсаюзы. У пач. 1996 на Беларусі зарэгістравана 36 паліт. партый. Сярод іх: Аб’яднаная грамадз. партыя (з 1995), Аграрная партыя (з 1992), Бел. партыя жанчын «Надзея» (з 1994), Бел. партыя «Зялёны мір» (з 1994), Бел. партыя «зялёных» (з 1992), Бел. с.-д. грамада (з 1991), Бел. с.-д. партыя «Нар. грамада» (з 1996), Бел. сацыяліст. партыя (з 1994), Бел. сацыяльна-спарт. партыя (з 1994), Бел. сялянская партыя (з 1991), Бел. хрысціянска-дэмакр. злучнасць (з 1991), Бел. экалагічная партыя (з 1993), Бел. патрыятычны рух (з 1994), Ліберальна-дэмакр. партыя (з 1994), Нацыянальна-дэмакр. партыя Беларусі (з 1990), Партыя здаровага сэнсу (з 1995), Партыя камуністаў беларуская (з 1991), Партыя нар. згоды (з 1992), Партыя ўсебел. адзінства і згоды (з 1994), Рэсп. партыя працы і справядлівасці (з 1993), Славянскі сабор «Белая Русь» (з 1992). Рухі: Бел. нар. фронт «Адраджэньне» (з 1989), Народны рух (з 1992), рух «За дэмакратыю, сац. прагрэс і справядлівасць» (з 1991). Дзейнічаюць прафс. аб’яднанні: Незалежны прафсаюз Беларусі (з 1991), Свабодны прафсаюз Беларусі (з 1991), Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (з 1990).

Прамысловасцьасн. галіна гаспадаркі, на долю якой прыпадае 28% валавога ўнутр. прадукту, 35,8% кошту асн. фондаў, 29,1% занятых у гаспадарцы (1994). У прам-сці Беларусі 1682 прадпрыемствы на самаст. балансе, з іх 1079 (64%) дзяржаўныя, 603 (36%) арэндныя і калект. прадпрыемствы, акц. т-вы і грамадскія арг-цыі (1995). Вылучаюцца ўзбуйненыя галіны прам-сці: электраэнергетыка, паліўная, металургічная, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім. і нафтахім., лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў, шкляная і фарфора-фаянсавая, лёгкая, харч., мукамольна-крупяная і камбікормавая, мед., мікрабіял., паліграф. (пра кожную гл. асобны артыкул). У большасці з іх ёсць галіны, спецыялізаваныя на вытв-сці пэўных відаў прадукцыі (напр., у харч. прам-сці 24 галіны: мясная, малочная, кандытарская, цукровая і інш.).

Станаўленне прам-сці як галіны грамадскай вытв-сці пачалося з аддзялення рамёстваў ад земляробства. У 1720-я г. на Беларусі ўзніклі першыя мануфактуры (шкляныя ў Налібаках і Урэччы). У канцы 18 ст. іх было больш за 50. На працягу 19 ст. з укараненнем паравых рухавікоў узнікла і развівалася фабрычна-заводская вытв-сць. Пераважалі дробныя прадпрыемствы (у 1900 больш за 19 тыс.), але ў розны час існавалі і даволі буйныя: Барысаўшчынскі металургічны завод (437 рабочых у 1867), Гродзенскія каралеўскія мануфактуры (да 1500 рабочых), Пінская дрэваапрацоўча-фанерная фабрыка (264 рабочыя ў 1885), Барысаўская запалкавая фабрыка «Вікторыя» (759 рабочых у 1900), Высокаўская папяровая фабрыка (270 рабочых) і інш. У 1900 удз. вага сродкаў вытв-сці ў прамысл. прадукцыі дасягала 33% (як і ў структуры прам-сці Германіі і Францыі). З пач. 20 ст. паскорылася буд-ва буйных прадпрыемстваў, узніклі манапалістычныя аб’яднанні, узмацнілася канцэнтрацыя вытв-сці. Беларусі па ўзроўні прамысл. развіцця перавышала сярэднерас. паказчык і саступала толькі найб. прамысл. цэнтрам і раёнам Рас. імперыі — Санкт-Пецярбургу, Маскве, Уралу. Напярэдадні 1-й сусв. вайны ў структуры прамысл. вытв-сці пераважалі харч., дрэваапр. і папяровая, металаапр., лёгкая прам-сць. Найб. прадпрыемствамі былі Віцебская льнопрадзільная фабрыка «Дзвіна» (1807 рабочых), Гродзенская тытунёвая фабрыка (1400 рабочых), Галоўныя мех. майстэрні Лібава-Роменскай (у Гомелі, 1500 рабочых) і Палескіх (у Пінску, 1200 рабочых) чыгунак, Добрушская папяровая фабрыка (1276 рабочых), шклозавод «Нёман» (больш за 1000 рабочых) і інш. У гады 1-й сусв. вайны прам-сць Беларусі пацярпела вял. страты. У 1917 у параўнанні з 1913 прамысл. вытв-сць скарацілася амаль на 70%, захавалася каля палавіны прамысл. прадпрыемстваў, большасць якіх не дзейнічала з-за недахопу сыравіны і паліва. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 з-ды і ф-кі былі нацыяналізаваны. На працягу 1920—40-х г. прам-сць развівалася ў адпаведнасці з курсам на індустрыялізацыю, з 1928 — і па пяцігадовых планах. Забяспечваліся высокія тэмпы развіцця прам-сці, мянялася яе структура: павялічвалася ўдз. вага вытв-сці сродкаў вытв-сці. Былі створаны тарфяная прам-сць, вытв-сць тарфяных і дарожных машын, радыёпрыёмнікаў. Хутка развівалася электраэнергетыка, машынабудаванне, з’явіліся першыя буйныя прадпрыемствы хім. прам-сці (Магілёўская ф-ка штучнага валакна), с.-г. машынабудавання (з-д «Гомсельмаш»), У 1940 на прам-сць прыпадала 80% усёй прадукцыі нар. гаспадаркі. Буйнымі прамысл. цэнтрамі сталі Мінск, Гомель, Віцебск, Магілёў, Орша, Бабруйск, Барысаў. У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 была ў складзе Польшчы, разбураная ў час 1-й сусв. вайны прам-сць аднаўлялася марудна, буйныя прадпрыемствы амаль не будаваліся, пераважалі дробныя (на 80% прадпрыемстваў працавала менш за 20 рабочых). Вял. прамысл. спад адбыўся ў гады сусв. эканам. крызісу 1929—33, колькасць занятых у прам-сці скарацілася амаль на 50%.

У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. акупанты разбурылі і вывезлі 10 338 прамысл. прадпрыемстваў, страты склалі 6225,5 млн. руб. (у цэнах 1941). У 1945 прам-сць выпускала каля 20% прадукцыі ад узроўню 1940. У першыя пасляваенныя гады, з улікам нар.-гасп. комплексу СССР, аднаўляліся разбураныя і будаваліся новыя прадпрыемствы, ствараліся новыя галіны прам-сці. Уведзены ў дзеянне ў Мінску трактарны, аўтамабільны, падшыпнікавы з-ды, арганізавана вытв-сць матацыклаў і веласіпедаў. Хутка развіваліся энергетыка, лёгкая прам-сць. У 1950—55 пушчана 1010 прамысл. прадпрыемстваў, з іх 147 буйных. Створана вытв-сць гадзіннікаў, швейных машын, шарсцяных і шаўковых тканін. У 1956—65 з’явіліся галіны, вызначальныя для паскарэння навук.-тэхн. прагрэсу, — радыёэлектронная, электратэхн., дакладнае прыладабудаванне, вытв-сць аўтам. ліній, рухавікоў, і інш. навукаёмістыя і высокатэхнал. вытв-сці. Створаны нафтаперапр. і нафтаздабыўная прам-сць. Арганізаваны выпуск калійных, азотных, фосфарных угнаенняў, сінт. валокнаў, сінт. смолаў, пластмасаў. Пабудаваны буйныя прадпрыемствы ў Наваполацку, Баранавічах, Белаазерску (Бярозаўская ДРЭС), Светлагорску, Салігорску, Жодзіне, Лідзе, Маладзечне, Новалукомлі (Лукомская ДРЭС). Удзельная вага электраэнергетыкі, машынабудавання, хім., нафтаздабычы і нафтаперапрацоўкі ў вытв. фондах прам-сці дасягнула 55,6%. Павялічылася канцэнтрацыя вытв-сці. На буйных прадпрыемствах (больш за 1 тыс. рабочых) выраблялася да 48% усёй прамысл. прадукцыі, працавала 46% прамысл.-вытв. персаналу. У сярэдзіне 1960-х г. прам-сць Беларусі была тэхнічна высокааснашчанай галіной гаспадаркі. На яе прадпрыемствах дзейнічала каля 1 тыс. паточных, 1748 паточна-механізаваных, 189 аўтам. і паўаўтам. ліній. Аб’ём валавой прамысл. прадукцыі ў 1965 у 7 разоў перавысіў узровень 1940. Найбольшую ўдз. вагу ў агульным аб’ёме займала прадукцыя машынабудавання і металаапрацоўкі, хім., лёгкай, харч. і дрэваапр. галін прам-сці, па якіх спецыялізавалася рэспубліка ў межах СССР. Паскоранымі тэмпамі развівалася вытв-сць грузавых аўтамабіляў, трактароў, металарэзных станкоў, мінер. угнаенняў і інш. У 1970-я г. ўведзены ў дзеянне Бабруйскі шынны камбінат, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Беларускі металургічны завод, Маладзечанскі з-д парашковай металургіі, Мазырскі завод кармавых дражджэй, з-д сінт. валокнаў у Гродне (гл. «Хімвалакно») і інш. Склаліся асн. рысы сучаснай галіновай структуры прам-сці, якія фарміраваліся пераважна ў сувязі з вызначанай у рамках СССР спецыялізацыяй і арыентацыяй на апераджальны рост вытв-сці сродкаў вытв-сці (група А) адносна прадметаў ужытку (група Б). Высокія тэмпы росту прамысл. вытв-сці (12,4—5,3%) захаваліся да 1990, на які прыпадае макс. ўзровень выпуску амаль усіх відаў прамысл. прадукцыі за сав. перыяд (гл. табл.10).

Для размяшчэння прам-сці на тэр. Беларусі характэрны высокі ўзровень канцэнтрацыі найб. прадпрыемстваў у нямногіх цэнтрах і разгрупаванне сярэдніх і невялікіх у сярэдніх і малых гарадах і гар. пасёлках. На долю 10 найб. прамысл. цэнтраў (Мінск, Гомель, Магілёў, Бабруйск, Віцебск, Наваполацк, Гродна, Мазыр, Брэст, Барысаў) прыпадала каля ​2/3 вырабленай прамысл. прадукцыі, у т. л. на долю Мінска каля 25%. Новыя прамысл. цэнтры выраслі за кошт буд-ва прадпрыемстваў хім. прам-сці (Салігорск, Светлагорск), маш.-буд. і лёгкай прам-сці (Жодзіна, Баранавічы, Пінск), энергетыкі (Новалукомль), металургіі (Жлобін), нафтаперапрацоўкі (Мазыр) і інш. галін. У сучасным прамысл. комплексе вядучая роля належыць апрацоўчай прамысловасці пры нязначнай ролі здабыўной прамысловасці (гл. карту Прамысловасць). Удз. вага галін групы Б складае каля 30%. У структуры групы А вядучае месца (1990) займалі машынабудаванне і металаапрацоўка (34,2% агульнага аб’ёму прамысл. вытв-сці), высокую ўдз. вагу мела хім. і нафтахім. прам-сць (9%). Лёгкая (17,2%) і харчовая (14,9%) захавалі сваю ролю сярод лідэраў, хоць іх доля пастаянна зніжалася ў агульным аб’ёме прамысл. прадукцыі. Рэзкае павелічэнне ўдз. вагі электраэнергетыкі ў агульным аб’ёме прамысл. вытв-сці пасля 1990 (пры спадзе вытв-сці) звязана з ростам цэн на імпартныя энерганосьбіты (гл. табл. 10—12). Высокі ўзровень развіцця машынабудавання і металаапрацоўкі з 1980 забяспечваўся пераважна за кошт высоканавукаёмістых вытв-сцяў, аднак вял. доля ў іх належала металаёмістым і энергаёмістым вытв-сцям. Гэта галіна вырабляе грузавыя аўтамабілі і аўтобусы, матацыклы і веласіпеды, універсальныя прапашныя і інш. трактары, с.-г., буд., меліярац. і дарожныя машыны, рухавікі, станкі, аўтам. лініі, робаты, кавальска-прэсавае, нафтапрамысл., свідравальнае, геолагаразведачнае, гандл. абсталяванне, тэхнал. абсталяванне для ліцейнай, лёгкай, харч. і інш. галін прам-сці, падшыпнікі, электронныя і выліч. машыны, тэлевізары, радыёпрыёмнікі, магнітафоны, халадзільнікі і маразільнікі, фота- і кінаапараты, радыё- і электронна-вымяральныя прылады, дазіметры, гадзіннікі і інш. Хімічная і нафтахімічная прам-сць выпускае мінер. ўгнаенні, хім. валокны і ніткі, пластычныя масы і смолы, шыны, гумавыя тэхн. вырабы, палімерныя і лакафарбавыя матэрыялы, тавары быт. хіміі і інш. У лёгкай прам-сці развіты тэкстыльная (ільняная, шарсцяная, шаўковая, баваўняная), трыкатажная, швейная, абутковая, гарбарная і футравая вытв-сць. Выпускаюцца шарсцяныя, ільняныя, шаўковыя і баваўняныя тканіны, ніткі, верхні і бялізнавы трыкатаж, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, натуральнае і штучнае футра, адзенне і абутак, галантарэйныя і інш. вырабы. Харчовая прам-сць выпускае пераважна мясную, масларобную і малочную прадукцыю. Значныя вытв. магутнасці маюць алейна-тлушчавая, рыбная, цукровая, мукамольна-крупяная, хлебапякарная, макаронная, плодаагароднінная, кандытарская і піваварная вытв-сць. Паліўная прам-сць уключае здабычу і перапрацоўку нафты, спадарожнага газу і торфу. Паліўная прам-сць і электраэнергетыка (выпрацоўвае электрычную і цеплавую энергію) у значнай ступені арыентаваны на прывазныя вадкае паліва і прыродны газ, уласныя паліўныя рэсурсы толькі часткова забяспечваюць патрэбы краіны. Паліўна-энергетычныя рэсурсы паступаюць у Беларусі па нафта- і газаправодах з Расіі, электраэнергія — у Беларускую энергетычную сістэму з Літвы і Расіі. На Беларусі дзейнічаюць Лукомская ДРЭС, Бярозаўская ДРЭС і больш за 20 ЦЭЦ, у т. л. буйныя ў Мінску, Наваполацку, Гомелі, Магілёве, Светлагорску і інш., а таксама гідраэлектрастанцыі невял. магутнасці (найб. Асіповіцкая ГЭС, 2250 кВт). Лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая прам-сць давала 4,4% агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі. Гэтым галінам уласціва павелічэнне аб’ёму паглыбленай перапрацоўкі драўніны пры зніжэнні лесанарыхтовак. Вырабляюцца піламатэрыялы, мэбля, драўнінна-валакністыя і драўнінна-стружкавыя пліты, фанера, паркет, запалкі, спарт. інвентар, папера, кардон, прадукты лесахім. вытв-сці. Прам-сць будаўнічых матэрыялаў (3,7% агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі) спецыялізавана на выпуску цэменту, буд. вапны, сценавых, абліцовачных і аддзелачных матэрыялаў, зборных жалезабетонных канструкцый і дэталяў, рулонных дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў, порыстых запаўняльнікаў. Чорная металургія (0,9% агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі) арыентавана на вытв-сць сталі з металалому, пракату чорных металаў, чыгунных водаправодных трубаў, метал. корду для шын, вырабаў з метал. парашкоў і інш.

Жыццяздольнасць галіновай структуры прам-сці, якая склалася за сав. час, забяспечвалася таннымі паліўна-энергет. рэсурсамі і сыравінай, што пастаўлялася з Расіі і інш. рэспублік СССР, а таксама гарантаваным збытам гатовай прадукцыі. З 1991 пачаўся спад у развіцці прам-сці, у 1994—96 яна апынулася ў стане глыбокага эканам. крызісу. Знізіўся аб’ём вытв-сці прадукцыі ва ўсіх галінах.

Характэрнай рысай сучаснай прамысл. структуры з’яўляецца залежнасць ад знешніх фактараў — паставак паліўна-энергет. рэсурсаў і матэрыялаў і абмежаванасць рынкаў збыту гатовай прадукцыі апрацоўчай прам-сці. Каля 70% неабходных прам-сці паліва, сыравіны і матэрыялаў паступае з краін СНД і больш за 40% прамысл. прадукцыі прадаецца на іх рынках.

Сельская гаспадарка ўключае раслінаводства (складаецца са збожжавай гаспадаркі, бульбаводства, ільнаводства, буракаводства, пладаводства, агародніцтва, кормавытворчасці, кветкаводства), жывёлагадоўлю (уключае буйной рагатай жывёлы гадоўлю, свінагадоўлю, конегадоўлю, пчалярства, рыбаводства).

У Беларусі выкарыстоўваецца каля 9,3 млн. га угоддзяў (больш за 46% тэрыторыі), у т. л. каля 6,2 млн. га ворных зямель. Для свайго развіцця сельская гаспадарка мае спрыяльныя прыродныя ўмовы: пераважна раўнінную паверхню, сярэднеўрадлівыя глебы, дастатковую колькасць цяпла і вільгаці, а таксама забяспечана неабходнымі працоўнымі рэсурсамі. Значную колькасць с.-г. тэхнікі і мінер. угнаенняў для яе выпускае рэсп. міжгаліновы аграпрамысл. комплекс. Гусенічныя і цяжкія колавыя трактары, збожжаўборачныя камбайны, частка грузавых аўтамабіляў, хім. сродкі барацьбы з пустазеллем і шкоднікамі с.-г. раслін пастаўляюцца з краін СНД. Большую частку с.-г. сыравіны перапрацоўваюць мясц. прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці.

Да 1917 у эканоміцы Беларусі сельская гаспадарка мела найб. ўдз. вагу, давала ​2/3 усёй прадукцыі. З развіццём капіталізму с.-г. вытв-сць усё больш набывала таварны характар. Пашыраліся пасяўныя плошчы, асабліва тэхн. культур і бульбы. Развівалася жывёлагадоўля, у асн. малочная і свінагадоўля. У памешчыцкіх і заможных сял. гаспадарках укараняліся севазвароты, выкарыстоўваліся с.-г. машыны, мінер. ўгнаенні, разводзілі пародную жывёлу. Ствараліся прадпрыемствы па перапрацоўцы малака. Беларусь ператваралася ў рэгіён інтэнсіўнай вытв-сці таварнага збожжа, пастаўляла на рас. рынак і на экспарт малочныя прадукты, мяса, лён, пяньку, масла і інш. с.-г. прадукцыю.

Пры сав. уладзе развіццё сельскай гаспадаркі было звязана з калектывізацыяй, стварэннем калгасаў і саўгасаў. З аднаго боку, гэта спрыяла ўкараненню дасягненняў навукі і перадавога вопыту, механізацыі і хімізацыі, ліквідацыі цераспалосіцы, правядзенню вял. меліярац. работ. З другога боку, камандныя метады кіравання сельскай гаспадаркай, бюракратызм партыйнага і сав. кіраўніцтва, неабгрунтаваныя рэпрэсіі і знішчэнне найбольш працавітай і энергічнай часткі сялянства — т.зв. кулакоў, а таксама больш-менш заможных сялян і нават бяднейшай іх часткі, адсутнасць матэрыяльнай зацікаўленасці, адм. прымацаванасць бяспашпартнага селяніна да канкрэтнай гаспадаркі выклікалі адчужэнне асобы ад вытв-сці, садзейнічалі пашырэнню безгаспадарчасці, безыніцыятыўнасці, абыякавасці. У 1940 на долю калгасна-саўгаснага сектара на Беларусі прыпадала 65% усіх нарыхтовак збожжа, 46 бульбы, 77 ільновалакна, 23 мяса, 73% малака; у параўнанні з 1913 валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі вырасла ў 1,7 раза, вытв-сць мяса на 31%, малака на 40, яец на 48, ільновалакна на 11%, бульбы ў 3 разы. У Вял. Айч. вайну ням фаш. акупанты разрабавалі машынна-трактарныя станцыі, калгасы, саўгасы, асабістыя гаспадаркі, шмат вёсак было разбурана і спалена. Аднаўленне сельскай гаспадаркі патрабавала вял. намаганняў і заняло больш за 5 гадоў. У 1950-я г. працягвалася і экстэнсіўнае развіццё сельскай гаспадаркі, і заснаванае на выкарыстанні дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу. Укараняліся новыя сарты раслін і пароды с.-г. жывёлы, новыя тэхналогіі, праводзілася шырокая (хоць у шэрагу выпадкаў экалагічна і эканамічна не абгрунтаваная) меліярацыя, павышалася роля механізацыі і электрыфікацыі. У 1960—80-я г. былі прыняты пэўныя меры па падтрымцы сельскай гаспадаркі, што выклікала тэмпы росту вытв-сці. Але існуючы эканам. механізм не спрыяў ашчаднаму расходаванню матэрыяльна-тэхн. рэсурсаў. У выніку выдаткі на вытв-сць с.-г. прадукцыі з году ў год раслі. У гэтых умовах ажыцяўленне з 1990 лібералізацыі цэн, рост выдаткаў на нафтапрадукты і газ абумовілі паглыбленне крызісу ў сельскай гаспадарцы, што знайшло адлюстраванне ў памяншэнні збораў асн. с.-г. культур і пагалоўя жывёлы і адпаведна вытв-сці мяса, малака і яец. На 1996 большасць калгасаў і саўгасаў апынулася ў цяжкім эканам. становішчы. З-за адсутнасці неабходных сродкаў на працягу некалькіх апошніх гадоў яны амаль не набываюць новай с.-г. тэхнікі, штучных угнаенняў, гербіцыдаў і інш. хімікатаў. Запаволілася сельскае буд-ва. Вял. цяжкасці ўзніклі з набыццём неабходнага паліва, гаруча-змазачных матэрыялаў на перыяд пасяўных і ўборачных работ. Пагоршылася дэмаграфічная сітуацыя (перавага на вёсцы людзей пенсіённага і перадпенсіённага ўзросту, адмоўны прырост сельскага насельніцтва), значныя маштабы набыла алкагалізацыя працаздольнага насельніцтва. Яшчэ больш пагоршыла стан развіцця сельскай гаспадаркі на значнай частцы тэр. рэспублікі Чарнобыльская катастрофа 1986.

Удз. вага сельскай гаспадаркі ў структуры нац. даходу Беларусі складае 19,5%, а яе асн. фонды — 26,3% усіх асн. фондаў рэспублікі (1994). На 1.1.1995 у рэспубліцы 1862 калгасы, 658 саўгасаў, 2951 фермерская гаспадарка. У апошнія гады ў сельскай гаспадарцы на базе рэфармаваных калгасаў і саўгасаў пачалі з’яўляцца новыя вытв. фарміраванні: асацыяцыі, акц. т-вы, кааператывы, т-вы з абмежаванай адказнасцю, агракамбінаты і інш. На адзін калгас у сярэднім прыпадае 3058 га с.-г. угоддзяў, у т. л. 1979 га ворнай зямлі, на адзін саўгас — 2988 га с.-г. угоддзяў і 2001 га ворнай зямлі. У сельскай гаспадарцы працавалі (1993) 123,1 тыс. трактароў, 70,4 тыс. грузавых аўтамабіляў, 25,5 тыс. збожжаўборачных, 8,4 тыс. бульбаўборачных, 10 тыс. сіласаўборачных, 4 тыс. льноўборачных камбайнаў, 10 тыс. зернеачышчальных машын і шмат інш. тэхнікі. Сучасная машынная тэхніка дазваляе цалкам механізаваць асн. палявыя работы, укараняць механізацыю ў жывёлагадоўлі і перайсці ў многіх гаспадарках да комплекснай механізацыі с.-г. вытв-сці. Значная роля ў вытв-сці с.-г. прадукцыі (каля 34% валавой прадукцыі ў 1994) належыць асабістым дапаможным гаспадаркам калгаснікаў, рабочых саўгасаў, садова-агародніцкім таварыствам. Тут атрымліваюць каля 80% бульбы, 90 гародніны, 24 малака, каля 13 мяса, 37 яек, 27% воўны. Пераважную большасць гэтай прадукцыі спажываюць самі вытворцы, доля іх у дзярж. закупках складае па воўне 14%, па бульбе каля 10% і зусім нязначную долю па іншых відах прадукцыі. Развіваюцца фермерскія гаспадаркі. Яны мелі ў сваёй уласнасці 60,9 тыс. га зямлі (17,7 га на адну гаспадарку), 3032 трактары, 909 грузавых аўтамабіляў (1995). У апошнія гады ў асабістых гаспадарках (разам з фермерскімі) хуткімі тэмпамі растуць аб’ёмы прадукцыі. За 1990—94 яны павялічыліся больш як у 1,5 раза.

Сельская гаспадарка Беларусі спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні бульбы і лёну. Да пач. 1990-х г. на Беларусі склаліся с.-г. раёны (гл. карту Сельская гаспадарка). Пасля Чарнобыльскай катастрофы і распаду СССР спецыялізацыя гаспадарак удакладняецца і карэкціруецца. На гэта істотна ўплывае і фарміраванне рыначнай эканомікі. Вытворчасць асн. відаў с.-г. прадукцыі гл. ў табл. 13.

Са збожжавых сеюць пераважна жыта і ячмень (каля ¾ пасеваў збожжавых). Меншыя плошчы займаюць авёс, пшаніца, грэчка, кукуруза на зерне, проса. З зернебабовых культур вырошчваюць кармавы лубін, гарох, віку, фасолю. Краіна забяспечвае свае патрэбы ў харч. бульбе і пэўную колькасць яе вывозіць. Тэхн. культуры займаюць на Беларусі каля 5% агульнай пасяўной плошчы. Найбольшае значэнне мае вырошчванне лёну-даўгунцу, меншае — цукр. буракоў. Беларусь не мае сваёй сыравіны для атрымання алею, таму на гэтыя мэты ў апошнія гады пачалі вырошчваць рапс. У структуры с.-г. угоддзяў Беларусі ​1/3 агульнай плошчы прыпадае на сенажаці і пашу. Кармавыя культуры займаюць каля 40% пасяўных плошчаў (1994). Вырошчваюць канюшыну, люцэрну, кармавыя буракі, кукурузу і рапс на сілас, турнэпс, кармавы лубін і інш. На корм жывёле ідзе каля 70% валавога збору збожжавых і зернебабовых і 40% бульбы. Агародніцтва развіта пераважна каля буйных гарадоў. З 30 відаў агароднінных культур, якія вырошчваюць на Беларусі, найбольшае значэнне маюць капуста, агуркі, памідоры, буракі, радыска, рэдзька, цыбуля, часнок, салата, морква, пятрушка, кроп і інш. З пладовых і ягадных культур вырошчваюць яблыні, слівы, грушы, вішні, чарэшні, парэчкі, агрэст, маліны, клубніцы. Асн. галіна жывёлагадоўлі — развядзенне буйн. раг. жывёлы, пераважаюць малочна-мясныя і малочныя пароды. Другая па значэнні галіна жывёлагадоўлі — свінагадоўля. Значная частка пагалоўя свіней сканцэнтравана на буйных свінагадоўчых комплексах, што былі пабудаваны ў 1970—80-я г. ў многіх раёнах Беларусі. Высокім узроўнем канцэнтрацыі характарызуецца птушкагадоўля. Ва ўсіх абласцях пераважна каля вял. гарадоў ёсць буйныя птушкафабрыкі і бройлерныя ф-кі (найб. Мінскае ВА прамысл. птушкагадоўлі). Асобныя калгасы і саўгасы спецыялізуюцца на авечкагадоўлі, якая ператварылася ў дапаможную галіну жывёлагадоўлі. Конегадоўляй займаюцца спецыялізаваныя гаспадаркі — конныя з-ды. Самыя буйныя сярод іх у пас. Ратамка Мінскага р-на, у Мсціслаўскім і Веткаўскім р-нах. У апошнія гады коней у асабістую ўласнасць набываюць сяляне. Пра пагалоўе жывёлы і птушкі гл. табл. 14. Дадатковае значэнне мае зверагадоўля. Працуе больш за 10 спецыялізаваных зверагаспадарак і зверафермаў, дзе гадуюць норак, серабрыста-чорных лісоў, пясцоў, нутрый. Традыцыйная для Беларусі галіна сельскай гаспадаркі — пчалярства. Разводзяць пчол у пчолагадавальніках, на пчаліных фермах у калгасах і саўгасах; пчалярствам займаюцца пчаляры-аматары.

Арганізацыйна кіраўніцтва сельскай гаспадаркай у рэспубліцы ажыццяўляе Мін-ва сельскай гаспадаркі і харчавання. Падрыхтоўка кадраў для аграпрамысл. комплексу вядзецца ў 4 ВНУ, 28 с.-г. тэхнікумах, 2 каледжах больш як па 60 спецыяльнасцях і спецыялізацыях. У апошнія гады ў ВНУ вядзецца падрыхтоўка і па нетрадыцыйных, але неабходных для аграпрамысл. комплексу (АПК) спецыяльнасцях: камерцыйная дзейнасць у АПК; міжнар. эканам. адносіны ў АПК; фінансы і крэдыт у АПК; улік, аналіз і аўдыт; прававое забеспячэнне бізнесу; с.-г. і індустрыяльнае рыбаводства; с.-г. радыялогія; вырошчванне вострапрыпраўных і лек. раслін і інш. Поўнасцю ці часткова за кошт дзяржавы праведзена ўнутрыгасп. землеўпарадкаванне, складзены глебавыя карты і аграхім. картаграмы, праведзена баніціроўка глебаў, меліярацыя, пракладзены міжгасп. дарогі, лініі высакавольтавых электраперадач. Эксперым. гаспадаркі н.-д. ін-таў пастаўляюць сартавое насенне і племянную жывёлу, памагаюць укараняць новыя прыёмы і метады арганізацыі вытв-сці, прагрэс. тэхналогію. Дзейнічае Акадэмія агр. навук, якая каардынуе работу НДІ с.-г. профілю.

Будаўніцтва. Уключае прамысловае, сельскае, жыллёвае, трансп., энергет., гідратэхн. буд-ва і інш.

У пач. 20 ст. на Беларусі выконваўся значны аб’ём буд. работ: узведзены многія прамысл. прадпрыемствы, пракладзена густая сетка чыгунак, з’явілася шмат гідратэхн. і інш. збудаванняў. Гэтаму садзейнічала адносна развітая на той час прам-сць буд. матэрыялаў. Будаўніцтва вялося пераважна прыватнымі падраднымі буд. арг-цыямі, рабочымі-сезоннікамі, найчасцей уручную. З 1920-х г. яно набыло больш шырокі размах і фарміравалася як індустр. галіна. За перадваен. час пабудавана больш за 1700 прамысл. прадпрыемстваў, 317 МТС, школы, бальніцы, жылыя дамы, грамадскія будынкі ў калгасах і саўгасах і інш. У 1940 было 120 пярвічных буд. арг-цый (у т. л. 30 спецыялізаваных), якія выконвалі падрадным спосабам каля 60% аб’ёму буд. работ. Пасля Вял. Айч. вайны буд. індустрыя хутка адрадзілася.

Сучасны буд. комплекс уключае больш за 80 устаноў навук.-тэхн. абслугоўвання, каля 200 аб’яднанняў, трэстаў, акц. т-ваў, у складзе якіх 995 падрадных буд.-мантажных і 234 рамонтна-буд. арг-цыі (1994). Дзейнічаюць больш за 2 тыс. малых прадпрыемстваў і кааператываў розных формаў уласнасці. У 1995 на долю дзярж. падрадных арг-цый прыпадала 39% аб’ёму буд. работ, на калектыўныя — 49%, на арг-цыі змешаных формаў уласнасці — 12% (гл. таксама Будаўніцтва).

Транспарт. Шляхі зносін Беларусі — састаўная ч. еўрап. трансп. сеткі, якая забяспечвае ўнутрырэсп. і знешнія сувязі з замежнымі краінамі. У рэспубліцы добра развіты ўсе асн. віды транспарту — чыгуначны (гл. Беларуская чыгунка), аўтамабільны, паветраны, рачны, трубаправодны (пра кожны гл. асобны арт.), а таксама ўнутрывытворчы прамысловы (гл. табл. 15). У пач. 1993 на долю транспарту і сувязі прыпадала 6,1% вытв-сці нац. даходу і 17% асн. вытв. фондаў.

Геагр. становішча, гісторыка-эканам. ўмовы Беларусі з даўніх часоў спрыялі пашырэнню на яе тэр. насычанай сеткі трансп. зносін (гл., напр., Валокі, Шлях «з варагаў у грэкі»). У 1860—70-я г. тут пачала фарміравацца сетка чыгунак. У 1913 на 1 тыс. км² прыпадала 23,5 км чыгунак, 14,2 км суднаходных рэк — значна больш, чым у сярэднім па еўрап. частцы Рас. імперыі. З агульнага аб’ёму перавозак чыг. і рачным транспартам на чыгункі прыпадала 80%. Вываз перавышаў увоз, транзітныя грузы складалі больш за 50% усіх перавозак грузаў па чыгунцы. Пуск у 1898 Віцебскага трамвая даў пачатак развіццю гар. транспарту. У 1-ю сусв., грамадз., і асабліва ў Вял. Айч. войны транспарту Беларусі прычынены вял. страты. У пасляваен. гады істотна змянілася ўдз. вага відаў транспарту ў грузаабароце і пасажыраабароце, транспарт адноўлены, рэканструяваны і тэхнічна пераўзброены: павялічыўся комплекс трансп. збудаванняў (чыг. станцый, вакзалаў, аўтагаспадарак, лакаматыўных і вагонных дэпо, прыстаняў, партоў, аэрадромаў), вырас парк аўтамабіляў, палепшыліся іх тэхніка-эканам. характарыстыкі, расшырылася сетка дарог.

Вядучае месца займае чыг. транспарт, яго ўдз. вага ў грузаабароце 72,2%, у пасажыраабароце — 54,6% (1993). Асн. грузапатокі чыг. транспарту праходзяць на напрамках Орша—Мінск—Брэст, Гомель—Мінск—Маладзечна, Калінкавічы—Жлобін—Орша—Віцебск і Лунінец—Баранавічы—Ліда—Беняконі; экспартна-імпартных грузаў — праз пагранічныя станцыі Брэст, Гродна, Бераставіца, Свіслач, Высока-Літоўск. Асн. вузламі грузапатокаў з’яўляюцца Мінск, Полацк, Віцебск, Салігорск, Брэст, Гомель, Магілёў, Орша, Баранавічы і інш. У аб’ёме перавозак пасажыраў 1-е месца займае аўтамаб. транспарт (90,3%; у грузаабароце 25,5%), развіты таксама рачны (0,75% грузаабароту і 0,01% пасажыраабароту) і паветраны (5% пасажыраабароту; гл. табл. 16). Развіваецца трубаправодны транспарт. На 1.1.1996 працягласць магістральных нафтаправодаў склала 2861 км, грузаправодаў — 5534 км. З 1924 у Мінску пачаліся аўтобусныя перавозкі, у 1934 — таксі, у 1952 — тралейбусныя, у 1984 — метро. У 1993 усімі відамі транспарту (без трубаправоднага) перавезена 1885,1 млн. пасажыраў і 717,3 млн. т грузаў. Кіраўніцтва чыг. транспартам ажыццяўляе Упраўленне Беларускай чыгункі, інш. відамі — Мін-ва транспарту і камунікацый.

Сувязь на Беларусі развіта параўнальна добра. Падзяляецца на паштовую сувязь і электрычную (тэлефонная сувязь, тэлеграфная сувязь, тэлебачанне, радыёвяшчанне, радыёсувязь, перадача даных). Гл. табл. 17.

Да пач. 20 ст. сувязь на Беларусі абслугоўвала пераважна гарады, паветы і валасныя цэнтры. У 1859 пачала дзейнічаць тэлегр. лінія Мінск—Бабруйск, у 1896 пабудавана тэлеф. станцыя на 100 нумароў у Мінску. У 1913 было 380 прадпрыемстваў пошты і тэлеграфа, адпраўлена 33 млн. пісьмаў. У 1925 сталі працаваць радыёстанцыі ў Гомелі і Мінску. У 1930-я г. пачалася тэлефанізацыя сельскай мясцовасці, у гарадах пабудаваны першыя аўтам. тэлеф. станцыі (АТС). У 1956 у Мінску пачаліся рэгулярныя тэлевіз. перадачы.

У сучаснай структуры сувязі побач з традыц. відамі актыўна развіваюцца радыёсувязь і перадача даных. Пашыраюцца сістэмы сотавай, пэйджынгавай, спадарожнікавай сувязі і тэлевяшчання. Адбываецца камп’ютэрызацыя сувязі. У 1993 у карыстанні насельніцтва было каля 3,2 млн. радыёпрыёмнікаў, 3,5 млн. тэлевізараў, 3,5 млн. радыётрансляц. кропак. У 1996 на Беларусі трансліраваліся 5 праграм тэлебачання і 6 праграм гукавога радыёвяшчання. У Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Брэсце, Бабруйску, Рэчыцы і інш. дзейнічалі сеткі рухомай радыёсувязі.

Гандаль. Развіццю гандлю на Беларусі спрыяла яе выгаднае геагр. становішча: у часы Кіеўскай Русі тут праходзіў шлях «з варагаў у грэкі», пазней наладзіліся гандл. сувязі гарадоў Беларусі з гарадамі Расіі, Украіны, Балтыі і Зах. Еўропы. Вял. роля ў развіцці гандл. сувязяў належала кірмашам, асабліва хуткімі тэмпамі пачаў развівацца гандаль з будаўніцтвам чыгунак. У канцы 19 ст. ў структуры рознічнага гандлю Беларусі больш за ​4/5 тавараабароту прыпадала на дробныя крамы і ларкі. У пач. 20 ст. павялічыўся ўплыў буйных агульнарас. і замежных манапаліст. аб’яднанняў (у т. л. акц. т-ваў), якія ўстанавілі кантроль над асн. галінамі аптовага гандлю; прадстаўнікамі мясц. гандл.-фін. капіталу былі Мінская лясная і Віцебская таварная біржы. З пачаткам 1-й сусв. вайны ў гандлі панавалі спекуляцыя і хаос, а ў 1916—17 настаў востры харч. крызіс. Каб палепшыць становішча, былі створаны губернскія, павятовыя і валасныя харчовыя к-ты, у студз. 1919 — Наркамхарч БССР, у распараджэнне якога перайшлі нацыяналізаваныя гандл. прадпрыемствы, склады, абсталяванне, тавары; аптовы гандаль быў прэрагатывай дзяржавы. У 1921—22 пачалі дзейнічаць дзярж. гандл. фірмы «Захадлес», Камерцыйны аддзел СНГ БССР і гандл. органы яго ўпраўленняў, «Дзяржгандальбел», «Віцебскгандаль», «Белмедгандаль», «Цэнтраземсклад». У вёсцы арганізацыя рознічнага гандлю была ўскладзена на спажывецкую кааперацыю. Існаваў і прыватны гандаль, на яго долю ў 1923—24 прыпадала 11% аптовага і 71% рознічнага тавараабароту. У пач. 1930-х г. прыватны гандаль амаль выцеснены. Узнікла новая форма гандлю — калгасная. Развіццё эканомікі Беларусі ў пасляваен. перыяд забяспечыла хуткі рост вытворчасці тавараў, высокі прырост нац. даходу. За 1950—75 удз. вага магазінаў у тавараабароце дзярж. і каап. гандлю вырасла з 64,7 да 80,5%, былі пабудаваны сучасныя гандл. прадпрыемствы, у т. л. гандл. цэнтры, універсамы. У спажывецкай кааперацыі на сельскую гандл. сетку прыпадала (1975) амаль ​2/3 усіх магазінаў рэспублікі. З’явіліся новыя метады абслугоўвання, у т. л. самаабслугоўванне.

У выніку рэфармавання гасп. адносін і сувязяў у гандлі ў 1990-я г. адбываюцца істотныя змены: пашыраецца прыватызацыя і арэнда гандл. прадпрыемстваў, дэцэнтралізуецца аптовы гандаль, ажыццяўляецца палітыка стварэння роўных умоў для існавання дзярж. і прыватных структур, вызначаюцца новыя падыходы ў наладжванні знешнеэканам. сувязяў краіны і спосабаў дзярж. рэгулявання ўнутр. і знешніх гандл. адносін. У 1995 дзярж. гандаль даваў 39,7% рознічнага тавараабароту, спажывецкай кааперацыі — 16,3%, гарадскіх рынкаў — 18,9%.

Бытавое абслугоўванне. У пач. 20 ст. быт. паслугі насельніцтву аказвалі дробныя майстэрні, а найбольш саматужнікі-адзіночкі. У 1920—30-я г. на базе прамысл. кааперавання ўзнікла сетка прадпрыемстваў быт. абслугоўвання. Пазней яна пашыралася, у т. л. і ў сельскай мясцовасці. У 1960 дзейнічалі 4724 прадпрыемствы быт. абслугоўвання, у 1965 іх колькасць павялічылася на 1756 адзінак, аб’ём быт. паслуг вырас удвая. Уводзіліся спецыялізаваныя прадпрыемствы па мыцці бялізны, тэхн. абслугоўванні легкавых аўтамабіляў, рамонце быт. машын і прылад, рамонце і пашыве адзення і абутку; мянялася і структура паслуг: павялічваўся аб’ём паслуг па рамонце і тэхн. абслугоўванні трансп. сродкаў асабістага карыстання грамадзян, паслуг пракатных пунктаў, фізкультурна-аздараўленчых камбінатаў, экскурсійных і турысцкіх устаноў; выраблялася больш мэблі па індывід. заказах, пабольшаў аб’ём паслуг па рамонце і будаўніцтве кватэр, рамонце быт. радыёэлектроннай тэхнікі, работ па хімчыстцы і фарбаванні.

Мат.-тэхн. базу сучаснага быт. абслугоўвання складаюць спецыялізаваныя прадпрыемствы, вытв. аб’яднанні, камбінаты, аснашчаныя высокапрадукц. машынамі і механізмамі. З 1990 пачалася прыватызацыя сеткі дзярж. прадпрыемстваў па быт. абслугоўванні, фарміруецца сістэма арганізаванага і індывід. прадпрымальніцтва ў сферы быт. абслугоўвання. Асн. паказчыкі быт. абслугоўвання насельніцтва гл. ў табл. 18. Гл. таксама Бытавое абслугоўванне.

Знешнеэканамічныя сувязі. Асн. формай знешнеэканам. сувязяў Беларусі з’яўляецца гандаль, а таксама эканам., навук.-тэхн. і культ. супрацоўніцтва з інш. краінамі, міжнар. спецыялізацыя і кааперацыя ў вытв-сці, навуцы і тэхніцы, сумеснае буд-ва і рэканструкцыя аб’ектаў, транспартныя, экспедытарскія, страхавыя аперацыі, разліковыя, крэдытныя і інш. банкаўскія аперацыі, міжнар. турызм і інш. дзейнасць у галіне міжнар. абмену.

У пач. 20 ст. з Беларусі экспартавалася с.-г. і натуральная ці малаапрацаваная прадукцыя лясной і лесахім. прам-сці. Але ўжо ў 1923 удз. вага прамысл. прадукцыі БССР у экспарце дасягнула амаль 60%. З 1953 пачалі вывозіцца аўтамабілі, металарэзныя станкі і інструменты, машыны дарожнага і с.-г. прызначэння, прылады. У 1960 прадукцыя 106 прадпрыемстваў пастаўлялася ў 47 краін свету, Беларусі ўдзельнічала ў ажыццяўленні праграм СЭУ: стварэнні аб’яднанай энергасістэмы «Мір», буд-ве нафтаправода «Дружба», распрацоўцы сродкаў электронна-вылічальнай тэхнікі. У 1963—77 прадукцыя прадпрыемстваў дэманстравалася больш як на 300 міжнар. выстаўках і кірмашах.

У 1994 знешнегандл. сувязі Беларусі ажыццяўляліся з 108 краінамі свету, тавараабарот склаў 5576,3 млн. дол. ЗША, экспарт прадукцыі — 2510 млн., імпарт — 3066,3 млн. дол. Асн. гандл. партнёрамі былі Расія, Украіна, Германія, Польшча, ЗША. У таварнай структуры экспарту гал. доля прыпадала на мінер. ўгнаенні, трансп. сродкі (аўтамабілі, трактары, матацыклы, веласіпеды), халадзільнікі і маразільнікі бытавыя, ільняныя тканіны і інш.; у структуры імпартнай прадукцыі — прыродны газ, нафта, пракат чорных металаў, збожжа, цукар, алей і інш.

Акрамя гандлёвых пашыраюцца прамыя вытв. сувязі. На Беларусі дзейнічаюць сумесныя і замежныя прадпрыемствы. Многія бел. прадпрыемствы супрацоўнічаюць з замежнымі фірмамі ў распрацоўцы і выпуску новых відаў прадукцыі, укараненні прагрэс. тэхналогій, мадэрнізацыі абсталявання. Развітыя дзяржавы аказваюць гуманітарную дапамогу ў авалоданні тэорыяй і практыкай рыначнай эканомікі, у падрыхтоўцы спецыялістаў. Беларусь удзельнічае ў міжнар. выстаўках і кірмашах, у рабоце многіх міжнар. эканам. арг-цый, актывізуе знешнеэканам. сувязі праз свае замежныя пасольствы і консульствы. Дзейнічае Мін-ва па знешнеэканам. сувязях Рэспублікі Беларусь, гандлёва-прамысл. палата. Гл. таксама Знешнеэканамічныя сувязі.

Узброеныя сілы. Створаны паводле пастановы Вярх. Савета ад 20.3.1992 «Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь» на базе Беларускай ваеннай акругі. Налічваюць 85,5 тыс. чал. (1995). Складаюцца з сухапутных войскаў, ваен.-паветр. сіл (ВПС), войскаў проціпаветр. абароны (ППА). Вярх. галоўнакамандуючы — Прэзідэнт.

Сухапутныя войскі складаюцца з армейскіх карпусоў, мабільных сіл, мотастралк. дывізіі, механізаваных брыгад (на ўзбраенні 2320 танкаў, 2984 баявыя браніраваныя машыны); часцей спец. войскаў, часцей і ўстаноў тылу. У складзе армейскага корпуса — механізаваныя брыгады, часці родаў войскаў і спец. войскаў, часці і падраздзяленні карпуснога тылу. Войскі ВПС складаюцца з авіяц. базаў і асобных часцей забеспячэння, у сваім складзе маюць групоўку авіяцыі рознага прызначэння. На ўзбраенні 335 баявых, а таксама трансп. самалёты для прыкрыцця важных аб’ектаў, авіяц. падтрымкі войскаў, вядзення паветр. разведкі і часці радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ), перакідкі войскаў і грузаў па паветры. У складзе войскаў ППА — зенітныя ракетныя брыгады і палкі (на ўзбраенні 1533 адзінкі артыл. сістэм), асобныя групы ППА, часці радыётэхн. разведкі. Спец. войскі ўключаюць развед. злучэнні і часці, інж. і хім. войскі, войскі сувязі, РЭБ, злучэнні і часці тэхн. забеспячэння, дарожныя і аўтамаб. часці. Сухапутныя войскі маюць на ўзбраенні стралк. зброю, бранятанк. тэхніку, артылерыю рознага прызначэння, ракеты і інш.

Узброеныя сілы камплектуюцца ў адпаведнасці з Законам аб усеагульным воінскім абавязку, а таксама па кантракце; прызыўны ўзрост 18 гадоў, тэрмін абавязковай ваен. службы 18 месяцаў. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, на ваен. кафедрах ВНУ, а таксама за мяжой. Радавы і малодшы камандны склад рыхтуюць у вучэбных падраздзяленнях.

Ахова здароўя. Мяркуюць, што асновы медыка-гігіенічнай дзейнасці на тэр. Беларусі пачалі складвацца задоўга да пач. н.э. На працягу тысячагоддзяў лякарства развівалася з абагульнення набытых народнай медыцынай рацыянальных навыкаў лячэння і засцярогі ад хваробаў. Значнае месца ў ахове здароўя займала царк.-манастырская медыцына: лекары-манахі былі ў Полацку, Тураве і інш. гарадах. З 14 ст. на Беларусі працавалі ўрачы, якія атрымалі адукацыю ў Ягелонскім, Пражскім, Падуанскім, Гальскім і інш. ун-тах (у т. л. ўраджэнцы Беларусі), а таксама нар. лекары-практыкі, медыкі-хірургі (цырульнікі), што аб’ядноўваліся ў рамесныя цэхі. Першыя шпіталі для бяздомных, бедных хворых адкрыты ў Брэсце ў 1495, Зэльве ў 1508, Мінску ў 1513; у канцы 18 ст. на Беларусі было каля 370 шпіталя на 2,9 тыс. месцаў. Першыя аптэкі адкрыты ў сярэдзіне 16 ст. ў Брэсце, Пінску, у 18 ст. іх было больш за 30. З 1801 практыкавалася воспапрышчэпліванне. У 1860 на Беларусі працавалі 268 урачоў, з іх 160 практыкавалі прыватна. У 1878 у падпарадкаванні Загаду Грамадскага нагляду было 39 бальніц на 1211 ложкаў, 4 дамы для псіхічна хворых, 1 радзільнае аддзяленне. У 1775—81 існавала Гродзенская ўрачэбная акадэмія, адкрыты акушэрскія школы ў Магілёве (1865), Віцебску (1872), Гродне (1875), фельчарская ў Магілёве (1875), прыватныя — зубаўрачэбная ў Мінску (1907), фельчарска-акушэрскія ў Віцебску (1906), Мінску (1908), акушэрская ў Гомелі (1906), курсы па падрыхтоўцы мед. сясцёр. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалі складвацца своеасаблівыя формы мед. дапамогі рабочым на прадпрыемствах (гл. Фабрычна-заводская медыцына), адкрыты амбулаторыі, прыёмныя пакоі бальнічных страхавых кас (гл. Страхавая медыцына). У 1883 у сельскай мясцовасці, у 1910 у гарадах наладжана ўчастковае абслугоўванне насельніцтва. Ствараліся бальніцы гарадскія, прыватныя, чыг. і інш. ведамстваў, засн. бел. т-ва «Чырвонага Крыжа». У Мінску з 1911 пачала дзейнічаць хуткая медыцынская дапамога, працавалі высокакваліфікаваныя ўрачы. У 1913 бальніцы ўсіх ведамстваў (акрамя ваеннага і турэмнага) мелі 5141 ложак. Для абслугоўвання сельскага насельніцтва пачынала ўводзіцца земская медыцына.

У 1922—27 уведзена рабочая медыцына — пераважнае мед. абслугоўванне застрахаваных паводле ўчасткова-тэр. прынцыпу; развівалася спецыялізаваная паліклінічная дапамога (у Мінску ў 1921 адкрыты процітуберкулёзны, у 1923 — скурна-венералагічны дыспансеры). Паступова складваліся і ўмацоўваліся новыя галіны аховы здароўя (аховы мацярынства і дзяцінства, санаторна-курортная справа, хім.-фармацэўтычная прам-сць, мед.-сан. абслугоўванне і інш.), расшыралася сетка бальніц, урачэбных амбулаторый, паліклінік, акушэрскіх, фельчарскіх, фельчарска-акушэрскіх мед. пунктаў, устаноў санітарна-эпідэмічнай службы. Да 1941 на Беларусі сетка бальнічных устаноў павялічылася ў параўнанні з 1913 больш як удвая, колькасць ложкаў у іх — у 4,6 раза. За гады Вял. Айч. вайны ахове здароўя прычынены страты на суму 610,6 млн. руб.дзярж. цэнах 1941). Разбурана 80% лячэбных устаноў. Да 1950 установы аховы здароўя адноўлены і расшыраны.

Сучасная ахова здароўя грунтуецца на дзейнасці буйных шматпрофільных і спецыялізаваных стацыянарных і амбулаторна-паліклінічных устаноў (бальніцы, паліклінікі, амбулаторыі, кансультацыі медыцынскія), якія працуюць паводле ўчасткова-тэр. і цэхава-ўчастковага прынцыпу з дыспансерызацыяй (гл. табл. 19, 20). Пашыраецца і ўдасканальваецца спецыялізаваная мед. Дапамога (анкалагічная, процітуберкулёзная, скурна-венералагічная) на аснове дыспансераў. Створаны цэнтры хірург. пульманалогіі і кардыялогіі, сасудзістай хірургіі, артапедыі, практалогіі, апёкавы, гепаталогіі, нефралогіі і трансплантацыі органаў, дзіцячай хірургіі і дзіцячай кардыялогіі, нейрахірургіі, пластычнай стаматалогіі, дзіцячай уралогіі (гл. Дыягнастычны цэнтр). Значнае развіццё атрымалі эндакрыналогія, рэаніматалогія, афтальмалогія, уралогія, атарыналарынгалогія, неўрапаталогія. Працуюць станцыі хуткай мед. дапамогі і неадкладнай медыцынскай дапамогі, медыка-генетычнае кансультаванне і кансультацыі «Шлюб і сям’я». Мед. дапамогу акрамя агульных лячэбна-прафілакт. устаноў аказваюць у медыка-санітарных частках, пунктах аховы здароўя, прафілакт., аздараўленчую, лячэбную — у санаторыях-прафілакторыях, санаторыях, дамах адпачынку, на курортах. У 1994 у сістэме Мін-ва аховы здароўя працавала 50 санаторыяў на 14 749 ложкаў, у аб’яднанні «Белміжкалгасздраўніца» — 14 на 2715 ложкаў, у прафсаюзных санаторыях «Беларуськурорт» — 13 на 4935 ложкаў. Сан.-эпідэміял. абслугоўванне ажыццяўляюць сан.-эпідэміял. служба (рэсп., абл., гар. і раённыя цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, дэзінфекцыйныя станцыі), а таксама цэнтры здароўя. Сістэма медыцынскай адукацыі забяспечвае патрэбу ва ўрачах і мед. работніках сярэдняга звяна. Дзейнічаюць: 4 мёд. ін-ты (Мінск, Віцебск, Гродна, Гомель; гл. адпаведныя арт.), 18 мед. вучылішчаў. Навук. практычныя і тэарэт. пытанні аховы здароўя распрацоўваюць 13 НДІ, Бел. цэнтр мед. тэхналогій, Бел. ін-т экспертызы працаздольнасці і арганізацыі працы інвалідаў. Даследаванні вядуцца па ўсіх галінах мед. навукі. Вял. ўвага надаецца вырашэнню праблем прафілактыкі і лячэння найб. пашыраных хваробаў: сардэчна-сасудзістых (смяротнасць 49,5%), ракавых (14,6%), органаў дыхання (5,2%), звязаных з вытворчым і бытавым траўматызмам (11%), венерычных і актыўнага туберкулёзу ўсіх формаў захворвання, хвароб, выкліканых нерв.-псіхічнымі расстройствамі, алкагалізмам і наркаманіяй. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС і яе наступствы ўнеслі істотныя змены ў структуру і прыярытэтныя кірункі аховы здароўя ў рэспубліцы. У 1990-я г. пачала фарміравацца сістэма платных мед. паслуг на базе прыватных мед. устаноў.

Забеспячэнне насельніцтва і ўстаноў аховы здароўя лек. сродкамі і вырабамі мед. прызначэння вядзецца праз сетку аптэчных устаноў, якімі кіруюць Бел. рэсп. вытворчае аб’яднанне і абл. ВА «Фармацыя». Рэсп. і абл. аптэчныя склады, аптэкі і кантрольна-аналітычныя амбулаторыі — самаст. аптэчныя ўстановы. Пытанні аховы здароўя адлюстроўваюць часопісы «Здравоохранение Беларуси», «Медицина» і штотыднёвая газ. «Медицинский вестник».

Фізічная культура і спорт. Першыя спарт. т-вы на Беларусі арганізаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. (Мінскае т-ва аматараў спорту, філіі рас. т-ваў веласіпедыстаў-турыстаў, «Санітас» і інш.). Масавыя былі гімнастыка, лёгкая атлетыка, веласіпедны спорт, падыманне цяжару, барацьба, футбол. Першыя бел. спаборніцтвы па футболе праведзены ў 1911 у Магілёве (кубак горада), па лёгкай атлетыцы ў Гомелі (1913), барацьбе і падыманні цяжару ў Мінску (1913—14). У 1910-я г. дзейнічала каля 70 спарт. гурткоў, клубаў, т-ваў (больш за 2,5 тыс. чал.); існавала 15—20 прасцейшых спарт. збудаванняў. На ўсерас. і міжнар. спаборніцтвах вызначыліся бел. спартсмены М.Дзявочка (веласпорт), А.У.Александровіч і У.С.Сакалдзінскі (цяжкаатлеты). У 1920-я г. ўзніклі ваенна-спарт. клубы ўсевобуча, новыя спарт. клубы і гурткі («Звязда», «Спартак», «Чырвоны маладняк» і інш.); пачалі развівацца баскетбол, тэніс, праведзены першыя рэсп. спаборніцтвы па розных відах спорту (22 у 1924), 1-е Усебел. свята фізкультуры ў Мінску. У 1923 створаны Вышэйшы савет фізкультуры пры ЦВК БССР, гар., пав., губ. саветы, Бел. арг-цыя т-ва «Дынама». З 1924 рэгулярна праводзяцца чэмпіянаты Беларусі па барацьбе, цяжкай атлетыцы, лыжным спорце, каньках. На 1-й Усесаюзнай спартакіядзе (1928) каманда БССР заняла 3-е месца. У 1929 у Мінску адкрыты тэхнікум фізкультуры (у 1937 пераўтвораны ў ін-т). У 1935 арганізавана спарт. т-ва «Спартак», у 1936 створаны К-т па справах фіз. культуры і спорту пры СНК БССР, яго абл., раённыя і гар. структуры, спарт. т-вы «Вымпел», «Лакаматыў», «Полымя», «Чырвоная звязда», «Тэмп» і інш. Уводзіліся спартыўныя збудаванні. У 1940 у БССР было 3295 калектываў фізкультуры (больш за 154 тыс. чал., у т. л. больш як 8 тыс. спартсменаў-разраднікаў).

У пасляваен. час калектывы фізкультуры адноўлены (на канец 1944 іх было 637; 36,6 тыс. чал.). У 1945 адбылася 1-я Усебел. спартакіяда. Актыўна вялося спарт. будаўніцтва: колькасць стадыёнаў, спарт. залаў у 1985 у параўнанні з 1966 вырасла ў 2,5 раза, басейнаў — у 3,5. Былі пабудаваны Мінскі палац спорту, воднаспартыўны камбінат рэспубліканскі, алімпійскі лагер «Стайкі», зімовы спарткомплекс «Раўбічы», палац лёгкай атлетыкі і палац тэніса ў Мінску, конна-спарт. комплекс «Ратамка», рэканструяваны стадыёны «Дынама» і «Трактар» у Мінску. Па забяспечанасці спарт. збудаваннямі Беларусь займала вядучае месца ў СССР. Тут праводзіліся чэмпіянаты свету па барацьбе, біятлоне, валейболе, верталётным спорце, фехтаванні, чэмпіянаты Еўропы па гімнастыцы, класічнай барацьбе; чэмпіянаты СССР, буйныя міжнар. спаборніцтвы па розных відах спорту, у т. л. групавыя турніры па футболе XXII Алімпійскіх гульняў (1980) і чэмпіянату свету сярод юніёраў (1985).

На 1996 на Беларусі 286 стадыёнаў, 4,7 тыс. спарт. залаў, 220 плавальных басейнаў, каля 14 тыс. плоскасных спарт. пляцовак, дзейнічала 475 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ, у т. л. 12 школ вышэйшага спарт. майстэрства, 9 вучылішчаў алімп. рэзерву; у галіне фіз. культуры і спорту працавала больш як 16 тыс. спецыялістаў, падрыхтоўка іх ажыццяўляецца ў Акадэміі фізічнага выхавання і спорту. Бел. спартсмены з 1952 удзельнічаюць у Алімпійскіх гульнях, дзе заваявалі 82 залатыя, 45 сярэбраных і 44 бронзавыя медалі. З 1992 зборная каманда Беларусі ўдзельнічае ў Паралімпійскіх гульнях інвалідаў. К.Шэпель стаў 5-разовым чэмпіёнам гэтых гульняў. У складзе зборнай СССР, а з 1993 у складзе самастойнай нац. каманды бел. спартсмены неаднаразова вызначаліся на чэмпіянатах свету, Еўропы, у кубкавых турнірах па барацьбе, біятлоне, вяслярным спорце, гандболе, спарт. гімнастыцы, фехтаванні, цяжкай атлетыцы і інш. Імёны бел. спартсменаў А.Бяловай, В.Корбут, І.Жалязоўскага, Н.Зверавай, К.Курловіча, А.Мядзведзя, У.Парфяновіча, Т.Самусенка, В.Сідзяка, В.Шчэрбы і інш. добра вядомыя ў свеце. Корбут і Шчэрба былі прызнаны лепшымі спартсменамі свету. З 1991 у Беларусі дзейнічае Нацыянальны алімпійскі камітэт. Развіццё фізкультурна-масавай і спарт. работы ажыццяўляецца на падставе Закону аб фізічнай культуры і спорце ад 18.6.1993, які вызначае фіз. культуру і спорт як неад’емную частку нац. культуры і гісторыі бел. народа. Каардынуе гэтыя працэсы Мін-ва спорту і турызму (утворана ў 1995). Пытанні фіз. культуры і спорту асвятляюцца ў перыяд. выданнях «Спортивная панорама» і «Пресс-бол», час. «Спорт на воде».

Асвета. Нац. сістэма адукацыі Беларусі ахоплівае дашкольнае выхаванне і адукацыю агульную, сярэднюю, пазашкольную, прафес.-тэхн., сярэднюю спец., вышэйшую, падрыхтоўку навук. і навукова-пед. кадраў, самаст. адукацыю дарослых. Сваю дзейнасць сістэма адукацыі ажыццяўляе на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Законаў «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991), «Аб мовах у Беларускай ССР» (1990), «Аб культуры ў Беларускай ССР» (1991), «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь» (1992), «Аб правах дзіцяці» (1993) і інш. У развіцці сістэмы адукацыі ўлічваюцца канцэптуальныя ідэі, палажэнні і падыходы, якія закладзены ў разнастайных праграмах і планах: Дзяржаўнай праграме развіцця адукацыі і выхавання ў Беларусі да 2000 года (1993), Нацыянальным плане дзеянняў па ахове правоў дзіцяці на 1995—2000 (1995), канцэпцыях адукацыі і выхавання ў Беларусі; выхавання ў нац. школе Беларусі; развіцця дашкольнага выхавання; зместу агульнай сярэдняй адукацыі; стандартаў агульнай сярэдняй адукацыі і інш. Сістэма адукацыі Беларусі зыходзіць з асн. прынцыпаў: прыярытэт агульначалавечых каштоўнасцяў; культурна-нац. аснова з адначасовым шырокім далучэннем да сусв. матэрыяльнай і духоўнай культуры; арыентацыя на сусв. ўзровень адукацыі і дасягненне прызнання за мяжой эквівалентнасці дакументаў аб адукацыі навуч. устаноў Рэспублікі Беларусь; гуманізм і дэмакратызм; экалагічная накіраванасць; свецкі характар; абавязковасць базавай 9-гадовай адукацыі; падтрымка таленту і адукаванасці, стварэнне ўмоў для выяўлення і развіцця здольнасцяў асобы; пераемнасць і непарыўнасць адукацыі; адзінства навучання і выхавання, духоўнага, маральнага і фізічнага ўдасканалення асобы; павышэнне ролі сям’і ў выхаванні асобы, арган. ўзаемасувязь і ўзаемадзеянне сямейнага і грамадскага выхавання.

Дашкольныя ўстановы. У 1919 на Беларусі існавала 26 дашкольных устаноў (сіроцкія дамы, прытулкі, яслі-сады). У 1920 пры Наркамаце асветы БССР арганізаваны дашкольны аддзел. У 1922 было 88 дашкольных устаноў (каля 4 тыс. дзяцей); у 1932 — 543 (больш за 26 тыс. дзяцей); у 1940 — 1316 (64 тыс. дзяцей). У гады Вял. Айч. вайны сістэма дашкольнага выхавання была цалкам знішчана. У 1945 працавала 586 дашкольных устаноў (24 тыс. дзяцей). З 1959 дзейнічаюць дзіцячыя яслі-сады, з 2-й пал. 1980-х г. — разнастайныя віды і тыпы дашкольных устаноў, якія адпавядаюць запатрабаванням і інтарэсам дзяцей і бацькоў [дзяржаўныя, грамадскія, прыватныя, змешаныя, дзіцячыя сады з гібкім рэжымам работы, з паглыбленым кірункам у рабоце (вывучэнне замежных моў, асноў выяўл. мастацтва і інш.), сямейныя, санаторныя, для дзяцей з недахопамі разумовага і фіз. развіцця, дашкольны Цэнтр развіцця дзіцяці, «школа—дзіцячы сад», «дзіцячы дом—школа—дзіцячы сад» і інш.]. Дынаміку развіцця сеткі дашкольных устаноў гл. ў табл. 21. З 1989 з улікам асаблівасцяў развіцця мовы дзяцей удасканалены праграмы выхавання ў дашкольных установах. Дзеці разам з бацькамі сталі актыўна авалодваць бел. мовай, далучацца да культуры і традыцый бел. народа. Аднак з 1994—95 колькасць дзіцячых садоў скарацілася на 295 (колькасць дзяцей у іх зменшылася на 6,4 тыс.). З 5-дзённым рэжымам працавалі 75,8% дашкольных устаноў, з 6-дзённым 24,2%. На аднаго педагога прыпадала ад 8 да 10 дзяцей.

У сферы дашкольнага выхавання і адукацыі занята 55,5 тыс. педагогаў, з іх 99,9% — жанчыны; 35,1% маюць вышэйшую адукацыю, 59,2% — сярэднюю спецыяльную (1996). Спецыялістаў для дашкольных устаноў рыхтуюць 3 пед. ун-ты, пед. ін-т, 3 каледжы, 8 пед. вучылішчаў.

Агульнаадукацыйная школа. У 10 ст. на тэр. Беларусі была распаўсюджана слав. пісьменнасць. У 11—12 ст. у Полацку, Віцебску, Тураве і інш. гарадах дзяцей вучылі грамаце па царк. кнігах. У 13 ст. пісьменства пранікла ў асяроддзе гараджан, рамеснікаў, купцоў. У 14—15 ст. сталі адкрывацца школы пры феад. маёнтках; навучаннем дзяцей займаліся таксама настаўнікі-самавукі. У 16 — 1-й пал. 17 ст. на тэр. Беларусі ўзніклі канфесійныя пратэстанцкія школы, друкарні, з’явіліся першыя падручнікі на бел. мове. У пратэстанцкіх школах вывучалі Свяшчэннае Пісанне, царк. песнапенне, стараж. мовы (лац., грэч., стараж.-рус.), родную мову, рыторыку, паэзію, дыялектыку, матэматыку. У гэты час вял. ролю ў развіцці асветы на Беларусі адыгралі брацкія школы. У 2-й пал. 17 ст. многія з іх разам з друкарнямі былі закрыты. З 16 да пач. 19 ст. існавалі езуіцкія навуч. ўстановы. У канцы 17—18 ст. распаўсюджваліся каталіцкія і уніяцкія школы. У 1773—94 агульная адукацыя ў Рэчы Паспалітай развівалася пад кіраўніцтвам Адукацыйнай камісіі, якая правяла рэформу школ і ун-таў, зацвердзіла статут і адкрыла 20 школ, у якіх больш увагі стала надавацца прыродазнаўчым і фіз.-матэм. навукам; адукацыя пачала набываць свецкі характар.

У канцы 18 ст. пасля Далучэння Беларусі да Расіі было адкрыта 20 рускіх школ, 6 малых і 2 галоўныя нар. вучылішчы (у Магілёве і Полацку). Да адмены ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 пераважалі каталіцкія (ордэнскія) і уніяцкія школы, навучанне вялося пераважна на польск. мове. Пасля паўстання 1863—64 кіраўніцтва адукацыяй ажыццяўлялася на аснове «Часовых правіл для народных школ Віленскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерань» і выдадзенай папячыцелем Віленскай навучальнай акругі А.П.Шырынскім-Шыхматавым спец. інструкцыі (1864), у адпаведнасці з якімі навучанне вялося на рус. мове, вучням забаранялася ў школе размаўляць паміж сабой і з настаўнікамі на роднай мове; нагляд за нар. адукацыяй і свецкімі школамі быў даручаны правасл. духавенству. Пач. школы будаваліся на сродкі бацькоў. Сярэдняя школа з-за высокай платы была недаступная для дзяцей б. ч. працоўных. Паводле перапісу 1897 сярод насельніцтва ва ўзросце 9—49 гадоў пісьменныя складалі 32%. Пад уплывам рэвалюцыі 1905—07 актывізавалася барацьба за стварэнне бел. нац. школы. У 1906 у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) адбыўся 1-ы на Беларусі нелегальны з’езд настаўнікаў, на якім былі сфармуляваны патрабаванні ўсеаг. абавязковага навучання і выкладання на бел. мове. У 1906 выйшлі першы бел. буквар «Беларускі лемантар» К.Каганца, «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі, у 1909 «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа.

У 1914/15 навуч. г. на Беларусі працавалі 7682 агульнаадук. школы ўсіх тыпаў, у т. л. 7492 пач., 119 няпоўных сярэдніх, 71 сярэдняя. Ва ўсіх тыпах школ вучылася 489 тыс. вучняў (20% усіх дзяцей школьнага ўзросту). У 1919 Наркамат БССР увёў у дзеянне «Палажэнне аб адзінай працоўнай школе РСФСР». Навучанне ў школах вялося на роднай мове. Па ініцыятыве братоў П.М. і М.М.Лепяшынскіх быў створаны новы тып прац. школы — школа-камуна. Асн. тыпам школы стала 7-гадовая прац. агульнаадук. і політэхн. школа для дзяцей ва ўзросце 8—15 гадоў. У 1919 адкрыліся першыя вячэрнія школы для дарослых, а з канца 1920 агранізавана сетка школ для непісьменных. У 1926 ЦВК і СНК БССР прынялі пастанову аб увядзенні ўсеаг. абавязковага пач. навучання (завершана да 1932). У 1926 заснаваны школы 2-й ступені з 9-гадовым тэрмінам навучання (з 1932 — з 10-гадовым). Да канца 1930-х г. дзейнічалі таксама школы з выкладаннем на польск., яўр. і інш. мовах. З 1932/33 навуч. г. ўведзена абавязковае 7-гадовае навучанне (завершана да 1939/40 навуч. г.). У 1939 пісьменнасць насельніцтва дасягнула 78,9%. На тэр. Зах. Беларусі з 400 бел. школ да 1937 не засталося ніводнай. У 1938 у асобных раёнах было каля 70% непісьменных. З 1940 у зах. абласцях уведзена 7-гадовае навучанне. У гады Вял. Айч. вайны знішчана каля 9 тыс. школ. У пасляваен. гады школьная сетка адноўлена. У 1962/63 навуч. г. закончыўся пераход да ўсеаг. 8-гадовага навучання, у 1975/76 навуч. г. — да ўсеаг. сярэдняй адукацыі (гл. табл. 21).

У 2-й пал. 1980-х г. пачаўся рух за аднаўленне бел. мовы (у 1970 не вывучалі бел. мову як прадмет 30% вучняў школ Беларусі, у Мінску — 90%). У 1989 створана Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. У 1990 прыняты Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», які абвясціў дзяржаўнай бел. мову. У 1994/95 навуч. г. 64% ад агульнай колькасці школ вялі навучанне на бел. мове, 5% — на рускай, 30% на рус. і бел. мовах. З 1995 пачалася планамерная і паступовая рэформа агульнаадук. школы Беларусі. Яе асн. мэты: стварэнне ўмоў для гарманічнага развіцця асобы; павышэнне якасці адукацыі; павелічэнне эфектыўнасці сістэмы адукацыі і яе адпаведнасці патрэбам грамадства і дзяржавы. Прагназуецца пераход ад аптымальных тэрмінаў навучання і аб’ёму атрыманых ведаў праз увядзенне абавязковага 10-гадовага тэрміну навучання (пры пачатку навучання з 6 гадоў). Структура абноўленай сістэмы адукацыі: дзіцячы сад (з 3 да 6 гадоў); пач. школа (1—4-ы кл., з 6 да 10 гадоў); асноўная (абавязковая) школа (5—10-ы кл., з 10 да 16 гадоў). Выпускнікі 10-гадовай школы атрымліваюць атэстат, які сведчыць аб завяршэнні абавязковай адукацыі, але не дае права паступлення ў ВНУ. Пасляабавязковая адукацыя прадугледжвае для выпускнікоў 10-х кл. некалькі шляхоў працягу адукацыі: 3-я ступень школьнай адукацыі (11—12-ы кл.); прафес.-тэхн. вучылішчы (пач. прафес. школа, тэрмін навучання 2—3 гады); тэхнікумы, каледжы (сярэдняя спец. школа, 3—4 гады); ліцэі (профільныя, пры ВНУ, ліцэйскія класы, 2 гады). Ліцэі адпавядаюць 11 — 12-му класам і даюць права паступлення ў ВНУ.

Прафесійна-тэхнічная адукацыя. Першыя прафес.-тэхн. навуч. ўстановы на Беларусі ўзніклі ў 2-й пал. 19 ст. пераважна пры заводах і фабрыках на сродкі прыватных асоб, дабрачынных т-ваў, гарадскіх улад. У іх рыхтавалі кавалёў, слесараў, сталяроў, агароднікаў, садаводаў, камерц. работнікаў. У 1914 на тэр. Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ. было 8 рамесных вучылішчаў (606 навучэнцаў). У 1920-я г. адкрыты прафес.-тэхн. школы, тэхн. курсы на прадпрыемствах, школы фабрычна-заводскага вучнёўства (ФЗВ). У 1932 у школах ФЗВ займалася 13 тыс. навучэнцаў. У 1940 у сістэме прац. рэзерваў было адчынена 40 школ ФЗВ, 15 рамесных і 6чыг. вучылішчаў. У гады Айч. вайны прафес.-тэхн. навуч. ўстановы эвакуіраваны на Урал і ў Зах. Сібір. У канцы 1945 працавалі 72 навуч. ўстановы прац. рэзерваў (14,3 тыс. навучэнцаў). У 1959 створана сістэма прафес. тэхн. адукацыі; з 1969 дзейнічаюць сярэднія прафес.-тэхн. вучылішчы (ПТВ). У 1989 створаны прафес. навуч. ўстановы новага тыпу, у т. л. вышэйшыя прафес. вучылішчы, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў для прам-сці і сельскай гаспадаркі. У 1994/95 навуч. г. ў 253 прафес.-тэхн. навуч. установах, у тл. ў 21 вышэйшым прафес. вучылішчы і 1 вышэйшым тэхнічным, па 400 прафесіях навучалася 138,1 тыс. навучэнцаў. Ва ўмовах пераходу да рыначных адносін у сістэме прафес.-тэхн. адукацыі вырашаюцца праблемы занятасці, удасканалення навуч. планаў і праграм, арганізацыя новых формаў прац. навучання і прафес. падрыхтоўкі (вучнёўскія кааператывы, малыя прадпрыемствы, політэхн. цэнтры, рэальныя школы і класы, тэхн. ліцэі, рэгіянальныя прафцэнтры і комплексы, школы-ПТВ, ПТВ-тэхнікумы, ПТВ—тэхнікумы—ВНУ і інш.; гл. табл. 21).

Сярэдняя спецыяльная адукацыя. Пачатак развіцця сярэдняй спец. адукацыі на Беларусі звязаны з арганізацыяй у 1840 Горы-Горацкай земляробчай школы (з 1848 ін-т). Медработнікаў сярэдняй кваліфікацыі рыхтавалі Магілёўская фельч.-акушэрская школа (з 1865), Віцебская фельчарская школа (з 1872), Гродзенская акушэрская школа (з 1875). Настаўнікаў з сярэдняй пед. адукацыяй рыхтавалі 8 настаўніцкіх семінарый (Маладзечанская, Полацкая, Нясвіжская, Свіслацкая, Рагачоўская і інш., у т. л. 2 жаночыя), 3 настаўніцкія ін-ты. Працавала адзіная тэхн. навуч. ўстанова — Гомельскае чыг. вучылішча (з 1876). У 1914/15 навуч. г. ў 15 сярэдніх спец. навуч. установах займалася 1,4 тыс. навучэнцаў. У 1917 было 10 с.-г. навуч. ўстаноў. Сетка сярэдніх спец. навуч. устаноў актыўна пачала развівацца ў 1920-я г. Адчынены тэхнікумы: Віцебскі механіка-буд., Мінскі арх.-буд., Полацкі лясны, мінскія гідратэхнікум і палітэхнікум, Магілёўскі культ.-асветны, Аршанскі чыг. і інш. У 1930 на Беларусі працавалі 58 сярэдніх спец. навуч. устаноў (11,2 тыс. навучэнцаў). У гады Вял. Айч. вайны разбураны амаль усе навуч. ўстановы. У 1945/46 навуч. г. працавалі 94 тэхнікумы і вучылішчы (26,2 тыс. навучэнцаў). У 1960-я г. для падрыхтоўкі спецыялістаў с.-г. вытв-сці створаны новы тып сярэдняй спец. навуч. установы — саўгас-тэхнікум (у 1975 — 12, у 1990 — 18). Для падрыхтоўкі спецыялістаў па новых галінах вытв-сці былі адчынены тэхнікумы: Наваполацкі нафтавы (гл. Наваполацкі політэхнічны тэхнікум), Салігорскі горна-хімічны, Магілёўскі і Гродзенскі хіміка-тэхналагічныя, Мінскі радыётэхн. тэхнікум (гл. Мінскі вышэйшы радыётэхнічны каледж) і інш. У 1992 для арганізацыі навук.-метадычнай работы і метадычнага забеспячэння створаны Рэсп. ін-т прафес. адукацыі. У 1994/95 навуч. г. ўведзены новыя спецыяльнасці па прадпрымальніцкай дзейнасці (камерцыйная дзейнасць, маркетынг, менеджмент, арганізацыя работы фермерскай гаспадаркі і інш.; гл. табл. 21).

Вышэйшая адукацыя. У часы ВКЛ вышэйшую адукацыю атрымлівалі ў Віленскай акадэміі (гл. Віленскі універсітэт). Першая вышэйшая навуч. ўстанова на тэр. Беларусі — Гродзенская мед. акадэмія (1775—81), якая дала пачатак развіццю мед. адукацыі на Беларусі. У 1812—20 дзейнічала каталіцкая вышэйшая навуч. ўстанова — Полацкая езуіцкая акадэмія. У 1848—64, 1919—25 працаваў Горы-Горацкі земляробчы ін-т — першая ў Расіі вышэйшая агранамічная навуч. ўстанова. У 1911 у Віцебску створана аддзяленне Маскоўскага археал. ін-та (з 1918 Віцебскі археал. ін-т, існаваў да 1923). У 1918 Віцебскі (з 1910; гл. Віцебскі універсітэт) і Магілёўскі (з 1913) настаўніцкія ін-ты пераўтвораны ў пед. ін-ты. У 1920 засн. Бел. політэхн. ін-т (гл. Беларуская політэхнічная акадэмія). У Мінску засн. Беларускі дзяржаўны універсітэт (1921), Бел. ін-т сельскай гаспадаркі (1922), які ў 1925 далучаны да Горы-Горацкага земляробчага ін-та, і створана Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія. У 1920—30-я г. адчынены таксама Віцебскі вет. ін-т (1924; гл. Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны), лесатэхнічны ін-т у Гомелі (1930; гл. Беларускі тэхналагічны універсітэт); мінскія энергетычны, хіміка-тэхналагічны, будаўнічы (1930), харч. прам-сці, тарфяны (1931) ін-ты, якія ў 1933 увайшлі ў склад Бел. політэхн. ін-та, Мінскі медыцынскі інстытут (1930), Мінскі пед. ін-т (1931; гл. Беларускі педагагічны універсітэт), Беларуская кансерваторыя (1932; гл. Беларуская акадэмія музыкі), Гомельскі пед. ін-т (1933; гл. Гомельскі універсітэт), Віцебскі медыцынскі інстытут (1934), Бел. ін-т фізічнай культуры (1937; гл. Акадэмія фізічнага выхавання і спорту) і інш.

У 1932 на Беларусі 32 ВНУ (10,1 тыс. студэнтаў), у тл. 9 тэхн. ВНУ, дзейнічаў 51 рабфак. У 1940/41 навуч. г. працавала 25 ВНУ (21,5 тыс. студэнтаў). На 10 тыс. насельніцтва прыпадалі 24 студэнты. У гады Айч. вайны ВНУ Беларусі спынілі работу. У 1944/45 навуч. г. працавалі 12 ВНУ (5,1 тыс. студэнтаў), у 1945/46 — 24 (12,8 тыс. студэнтаў). Створаны Гродзенскі пед. ін-т (1944; гл. Гродзенскі універсітэт), Бел. тэатральны ін-т (з 1945; з 1953 тэатральна-мастацкі; гл. Беларуская акадэмія мастацтваў), Мінскі пед. ін-т замежных моў (1948; гл. Мінскі лінгвістычны універсітэт), Брэсцкі пед. ін-т (1950; гл. Брэсцкі універсітэт), Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут (1951), Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1953; Гомель; гл. Беларускі універсітэт транспарту), Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1954; гл. Беларускі аграрны тэхнічны універсітэт), Мінскі радыётэхн. ін-т (1964; гл. Беларускі універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі), Віцебскі тэхналагічны ін-т лёгкай прам-сці (1965; гл. Віцебскі тэхналагічны універсітэт), Наваполацкі політэхн. ін-т (1974; гл. Полацкі універсітэт) і інш. У 1975 на базе ф-та бібліятэказнаўства і бібліяграфіі Мінскага пед. ін-та і ф-та культ.-асв. работы Бел. тэатр.-маст. ін-та засн. Мінскі ін-т культуры (гл. Беларускі універсітэт культуры). У 1994/95 навуч. г. вучэбную і навук. работу па 200 спецыяльнасцях праводзілі 38 дзярж. ВНУ (ун-таў, акадэмій, ін-таў, вышэйшых каледжаў); створаны таксама недзярж. ВНУ: Беларускі камерцыйны універсітэт кіравання, Еўрапейскі гуманітарны ун-т, Эканоміка-лінгвістычны ун-т, Камерцыйная акадэмія (Магілёў), Ін-т сучасных ведаў, Камерцыйны ін-т прадпрымальніцкай дзейнасці, Ін-т кіравання і прадпрымальніцтва і інш. Усяго на Беларусі дзейнічае 20 недзярж. ВНУ (1996). Вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў па новых спецыяльнасцях: класічныя мовы і л-ра (лац., грэч.), японская і кітайская мовы, камерц. дзейнасць на рынку тавараў і паслуг, метралогія, перспектыўныя кірункі псіхалогіі (паліт. псіхалогія, этнапсіхалогія і інш.), стандартызацыя і сертыфікацыя, тэхналогія і паліграф. вытв-сць і інш. Рэфармаванне вышэйшай школы ідзе ў кірунку паступовага пераходу да шматузроўневай сістэмы вышэйшай адукацыі: 1-ы ўзровень — падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй (4—5 гадоў), 2-і — паглыбленая падрыхтоўка (1—2 гады). Першы ўзровень прадугледжвае магчымасць атрымання адначасова з вышэйшай адукацыяй акад. ступені бакалаўра. Другі — паглыбленую падрыхтоўку спецыялістаў у канкрэтным кірунку прафес. дзейнасці і атрыманне пры дадатковым навучанні акад. ступені магістра. Вядзецца распрацоўка стандартаў адукацыі, якія з’яўляюцца базай для атэстацыі і акрэдытацыі навуч. устаноў, статуса дыплома аб адукацыі, яго эквівалентнасці за межамі Б. Даследаванні ў галіне адукацыі праводзяць Рэсп. ін-т вышэйшай школы і гуманіт. адукацыі, Ін-т павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі, Рэсп. ін-т прафес. адукацыі, кафедры педагогікі і псіхалогіі пед. ВНУ і ун-таў, кафедра інжынерна-пед. дысцыплін Бел. політэхн. акадэміі, кафедра культуры і педагогікі Бел. аграрнага тэхн. ун-та і інш. Вядучая навук. ўстанова Беларусі па псіхал.-пед. і сацыяльна-эканам. даследаваннях — Нацыянальны інстытут адукацыі, на базе якога ў мэтах каардынацыі навук. даследаванняў створаны Каардынацыйны савет па навук. даследаваннях у сферы адукацыі (1993).

Культурна-асветныя ўстановы. Першыя бібліятэкі на Беларусі ўзніклі пры цэрквах і манастырах у 11 ст. Найб. старажытная Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка. У канцы 16—18 ст. склалася сістэма бібліятэк ордэна базыльян, асновай якіх найчасцей былі б-кі правасл. манастыроў. Цэнтральныя б-кі базыльян знаходзіліся ў Віленскім Святатроіцкім, Жыровіцкім і Супрасльскім манастырах. Вялікія кнігазборы мелі каталіцкія кляштары: кармелітаў у Глыбокім, дамініканцаў у Шчучыне і Драгічыне, бернардзінцаў у Слоніме, аўгусцінцаў і трынітарыяў у Брэсце. Найб. значныя пратэстанцкія б-кі былі ў Слуцкай кальвінісцкай калегіі і Смаргонскім зборы. З 16 ст. існуюць б-кі навуч. устаноў. Самая вял. з іх была б-ка Віленскай акадэміі (цяпер б-ка Вільнюскага ун-та), больш за 40 тыс. кнігадрукаў захоўвала Полацкай езуіцкай акадэміі бібліятэка. У 18 ст. існавалі б-кі езуіцкіх, базыльянскіх і піярскіх вучылішчаў, бібліятэкі калегіумаў у Гродне, Брэсце, Мінску, Слуцку, Навагрудку, Бабруйску, Мазыры, Пінску, Паставах, Халопенічах і інш. У 18—19 ст. б-кі мелі гімназіі, Горы-Горацкі с.-г. ін-т; у Віленскай навуч. акрузе ў 1894 працавалі 733 б-кі пры нар. вучылішчах. Самымі вял. прыватнымі ў 16—18 ст. былі Радзівілаў бібліятэка ў Нясвіжы, Сапегаў бібліятэкі, Храптовічаў бібліятэкі, б-кі слуцкіх князёў Алелькавічаў, магнатаў Солтанаў і інш. У 19 — пач. 20 ст. павялічылася колькасць прыватных б-к інтэлігенцыі, у гарадах пачалі стварацца публічныя б-кі (Гродна, Магілёў, Мінск, Віцебск і інш.). На сродкі выдаўца Ф.Ф.Паўленкава ствараліся Паўленкаўскія б-кі (напр., у в. Астрамечава, Брэсцкі р-н). У 1921 арганізавана Бібліятэка фундаментальная БДУ — першая на Беларусі навук. б-ка. У 1922 створана аб’яднаная Бел. дзярж. і універсітэцкая б-ка (з 1926 Бел. дзярж. б-ка, гл. Бібліятэка нацыянальная Беларусі), яе філіялы ў Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1938) і пры Доме ўрада (1933; з 1994 Бібліятэка прэзідэнцкая Рэспублікі Беларусь). У 1938 створаны бібліятэкі абласныя Беларусі. У 1925 заснавана Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.Коласа. У Вял. Айч. вайну б-кі былі разбураны, большасць кніжнага фонду страчана. У 1950 колькасць б-к і агульны кніжны фонд перавысілі даваенны ўзровень. Працуюць спец. рэсп. б-кі: Бібліятэка навукова-медыцынская рэспубліканская, навукова-метадычная па фіз. культуры і спорце, сельскагаспадарчая, Бібліятэка навукова-тэхнічная рэспубліканская, Бібліятэка навукова-педагагічная рэспубліканская. На 1.1.1996 на Б. каля 5,7 тыс. масавых б-к з кніжным фондам больш за 90 млн. кніг і часопісаў.

Музеі. Першыя музейныя калекцыі на Беларусі вядомы з 16 ст. — сістэматызаваныя нумізматычныя зборы Радзівілаў у Нясвіжы, дзе таксама былі карцінная галерэя, збраёўня. У 18 ст. створаны «сапежанскі збор» у Ружанах, музей і карцінная галерэя ў Полацкім езуіцкім калегіуме, музейныя калекцыі А.Тызенгаўза ў Гродне, Я.Стравінскага ў в. Накрышкі пад Навагрудкам, І.Храптовіча ў в. Шчорсы (Навагрудскі р-н) і інш. У 19 ст. вядомы музейныя зборы М.П.Румянцава ў Гомелі, А.Гюнтара ў в. Дабраўляны (Смаргонскі р-н), карцінная галерэя К.Тызенгаўза ў Паставах, І.Слізеня ў в. Мсціж (Барысаўскі р-н) і інш. У 1830—40-я г. заснаваны «кабінет» М.Гаўсмана ў Мінску, дзе экспанаваліся творы мастацтва, матэрыялы па археалогіі, прадметы побыту беларусаў. У 1842 адкрыты музей старажытнасцяў К. і Я.Тышкевічаў у Лагойску. У 2-й пал. 19 ст. заснаваны літ.-краязн. музеі А.Ельскага (в. Замосце, Пухавіцкі р-н), Э.Чапскага (в. Станькава, Дзяржынскі р-н). У 1867 адкрыты Магілёўскі, у 1897 — Магілёўскі царкоўна-археал., у 1893 заснаваны Віцебскі царкоўна-археалагічны музей, у 1908 — Мінскі царкоўна-археалагічны музей. У пач. 20 ст. дзейнічалі Горацкі, Мсціслаўскі музеі. У 1920-я г. заснаваны музеі ў Слоніме, Пінску, Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Багатыя бел. калекцыі меў Беларускі музей у Вільні (1921—45). У 1940 на Беларусі было 26 дзярж. музеяў, у т. л. Беларускі дзяржаўны музей у Мінску (з 1919). У 2-ю сусв. вайну амаль усе музеі знішчаны. У пасляваен. гады многія адноўлены ці створаны новыя. На 1996 у Беларусі 102 дзярж. музеі, у т. л. 35 краязнаўчых, 22 гіст., 11 маст. і нар. творчасці, 18 літ. і літ.-мемарыяльных. Буйнейшыя рэспубліканскія музеі: Багдановіча Максіма літаратурны музей, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Музей гісторыі беларускай літаратуры, Коласа Якуба літаратурны музей, Купалы Янкі літаратурны музей, Брэсцкай крэпасці-героя музей, Музей прыроды і экалогіі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі і інш. Дзейнічаюць музеі на грамадскіх пачатках пры тэатрах, навуч. і інш. установах.

Друк, радыё, тэлебачанне. Друк. Першую бел. друкаваную кнігу «Псалтыр» выдаў Ф.Скарына ў Празе 6.8.1517. У сталіцы ВКЛ Вільні першая друкарня засн. Ф.Скарынам каля 1520. Тут жа выдадзены «Малая падарожная кніжка» (1522) і «Апостал» (1525). На тэр. сучаснай Беларусі першая кніга на стараж.-бел. мове выдадзена ў Нясвіжы 10.6.1562, першая друкарня засн. ў Брэсце ў 1553 (гл. ў арт. Брэсцкія друкарні). Першае бел. перыядычнае выданне — «Газэта літэрацка Віленьска» (1760—1916). На тэр. сучаснай Беларусі першае перыяд. выданне — «Газэта Гродзеньска» (1776—83). Першая нелегальная беларускамоўная газета — «Мужыцкая праўда» (1862—63), першыя легальныя газеты на бел. мове — «Наша доля» (1906) і «Наша ніва» (1906—15). На Беларусі працуюць 11 дзярж. выдавецтваў і больш за 1300 суб’ектаў гаспадарання розных формаў уласнасці і прадпрымальнікаў, якім дадзены ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць. У 1995 выдадзена 3205 назваў кніг тыражом 62,9 млн. экз. На 1.1.1996 зарэгістравана 869 перыяд. выданняў, у т. л. 611 газет, 212 часопісаў, 46 бюлетэняў. Буйнейшыя дзярж. газеты: «Народная газета», «Советская Белоруссия», «Звязда», «Рэспубліка», «7 дней», «Чырвоная змена», «Белорусская нива». Выходзяць недзяржаўныя, прыватныя, прафесійныя, рэліг., парт. і інш. выданні: «Беларускі час», «Веснік беларускага экзархата», «Во славу Родины», «Згода», «Літаратура і мастацтва», «Свабода», «Товарищ», «Цэнтральная газета» і інш. Дзейнічаюць афіц. Беларускае Тэлеграфнае Агенцтва (БелТА, з 1938), а таксама прыватныя агенцтвы: Беларускае прыватнае агенцтва навін (БелаПАН), «Рэклама, інфармацыя, дайджэст» (РІД), «Павет» і інш. Гл. таксама Выдавецтва, Кнігадрукаванне, Друкарня, Газета, Часопіс, Агенцтва друку.

Радыё. Першая перадача бел. радыё адбылася ў 1925. Сучаснае дзярж. радыёвяшчанне вядзецца па 1-й і 2-й праграмах у мона- і стэрэаварыянце. У структуру Бел. радыёвяшчання ўваходзіць радыёвяшчанне абласных студый. Штодзённа на кароткіх хвалях гучаць перадачы для беларусаў, якія жывуць у Канадзе, ЗША, Аўстраліі, Зах. Еўропе (гл. Беларускае радыё за мяжой). На ультракароткіх хвалях працуюць незалежныя камерцыйныя станцыі «Радыё 101,2» і «Радыё Бі Эй».

Тэлебачанне. Рэгулярныя тэлеперадачы на Беларусі пачаліся 1.1.1956 (створаны рэсп. тэлецэнтр у Мінску). Працуе Рэспубліканская студыя тэлебачання, мае студыі ва ўсіх абласных цэнтрах. З 1991 развіваюцца недзярж. эфірныя і кабельныя сеткі тэлебачання. У крас. 1995 утворана Тэлевізійная вяшчальная сетка (ТВС), у якую аб’яднаны 12 недзярж. тэлестанцый. На тэр. Беларусі трансліруюцца таксама праграмы Грамадскага Расійскага, Незалежнага тэлебачання, тэлебачання С.-Пецярбурга, агульнаадук. праграма «Расійскія універсітэты», перадачы агульнай для краін СНД тэлерадыёкампаніі «Мір». Нац. дзярж. тэлерадыёкампанія Беларусі ўваходзіць у склад Еўрапейскага вяшчальнага Саюза 42 дзяржаў. Гл. таксама Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь.

Навука. Развіццё навук. ідэй і суполак на Беларусі ў 16 ст. звязана з навук.-асветніцкай дзейнасцю Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, М.Літвіна, С.Буднага, В.Цяпінскага, М.Стрыйкоўскага. У 1579 засн. Віленская акадэмія, якая стала навук. цэнтрам Беларусі і Літвы (гл. Віленскі універсітэт). У 17—18 ст. вялі навук. даследаванні і распаўсюджвалі веды ў галіне астраноміі, хіміі, геаграфіі, біялогіі, гісторыі, этнаграфіі і інш. навук А.Скарульскі, С.Шадурскі, Б.Дабшэвіч, К.Нарбут, І.Храптовіч, І.Страйноўскі, М.Пачобут-Адляніцкі, С.Канарскі і інш. Значную ролю ў пашырэнні навук. ведаў на Беларусі адыграла Гродзенская мед. школа, засн. А.Тызенгаўзам (у 1775—81 Гродзенская мед. акадэмія, узначальваў Ж.Э.Жылібер). У 1-й пал. 19 ст. як частка славістыкі зарадзілася навук. беларусазнаўства (працы П.Шафарыка, В.М.Бадзянскага, З.Я.Даленгі-Хадакоўскага). Асн. арганізатары гэтых даследаванняў — Віленскі ун-т, віленскія археалагічная і археаграфічная камісіі. Значны ўклад у развіццё беларусазнаўства зрабілі ўраджэнцы Беларусі: гісторыкі І.І.Грыгаровіч, Т.Нарбут, М.В.Без-Карніловіч, лінгвісты І.І.Насовіч і С.П.Мікуцкі, этнограф П.М.Шпілеўскі, археолагі і краязнаўцы Я.П.Тышкевіч і К.П.Тышкевіч, публіцыст Р.А.Падбярэскі. У 1860—90-я г. бел. этнас даследавалі Насовіч, М.А.Дзмітрыеў, Ю.Ф.Крачкоўскі, А.М.Семянтоўскі, М.Я.Нікіфароўскі, Я.Ф.Карскі, М.В.Доўнар-Запольскі, М.А.Янчук і інш. Для развіцця айч. с.-г. навукі і падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі шмат зрабіў створаны ў 1848 Горы-Горацкі земляробчы ін-т. У пач. 20 ст. на Беларусі існавалі 3 н.-д. ўстановы: Беняконская с.-г. доследная станцыя, станцыя лекавых раслін пад Магілёвам (абедзве з 1910) і Мінская доследная балотная станцыя (з 1911). Пэўная навук. работа вялася ў Віцебскім (з 1910), Магілёўскім (з 1913) і Мінскім (з 1914) настаўніцкіх ін-тах, у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та (з 1911).

Больш шырокія маштабы набыло развіццё навукі і навук. устаноў на Беларусі пасля ўтварэння БССР. У 1919 адноўлены земляробчы ін-т у Горках (з 1925 Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія), створаны Віцебскі бат. сад. У 1921 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, які стаў цэнтрам падрыхтоўкі нац. кадраў, навук. даследаванняў у галіне біял., хім., фіз.-матэм. і грамадскіх навук. На базе Навук.-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР у 1922 створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). У 1923 у Мінску створана Бел. доследная станцыя па ахове с.-г. культур, у 1924 — Мінская лясная доследная станцыя, у Лошыцы — садавіна-гароднінная доследная станцыя. Навук. работу праводзілі і выкладчыкі Бел. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі (з 1922; за 2 гады ін-т выдаў 9 тамоў «вучоных запісак»), Віцебскага ветэрынарнага ін-та (з 1924). Зыходзячы з патрэб развіцця нар. гаспадаркі і культуры, урад БССР ператварыў Інбелкульт у Акадэмію навук Беларусі, якая была ўрачыста адкрыта 1.1.1929. Функцыі АН былі расшыраны, на яе ўскладалася планаванне работы ўсіх н.-д. устаноў Беларусі, кантроль за выкананнем планаў, укараненне вынікаў даследаванняў у вытв-сць. Першым прэзідэнтам акадэміі выбраны У.М.Ігнатоўскі, віцэ-прэзідэнтамі — М.І.Бялуга, С.М.Некрашэвіч, неадменным сакратаром — В.У.Ластоўскі; у ліку акадэмікаў-заснавальнікаў — М.Ф.Бліадухо, С.Я.Вальфсон, С.М.Вышалескі, З.Жылуновіч (Цішка Гартны), І.І.Замоцін, Ігнатоўскі, І.Д.Луцэвіч (Я.Купала), С.Ю.Матулайціс, К.М.Міцкевіч (Я.Колас), У.І.Пічэта, І.А.Пятровіч (Я.Нёманскі) і інш. У 1931 у структуры АН створаны ін-ты: фізікатэхнічны, агранамічны, біялагічны, эканомікі, філасофіі, сав. будаўніцтва і права, л-ры і мастацтва; у 1932 працавалі 14 НДІ (22 правадз. члены АН, 150 навук. работнікаў). Усяго ў БССР у гэты час дзейнічала 40 н.-д. устаноў, у якіх працавала каля 1500 навук. супрацоўнікаў. Для падрыхтоўкі навук. кадраў у 1931 створана аспірантура. У даваенны час н.-д. ўстановы правялі вял. работу ў галіне геалогіі, батанікі, заалогіі, фізіялогіі, біяхіміі, медыцыны, фізіка-матэм., філас., правазнаўчых, этанам., мастацтвазнаўчых і інш. навук.

У развіцці навукі ў БССР у канцы 30-х г. было шмат цяжкасцяў, абумоўленых недахопам высокакваліфікаваных навук. кадраў, а таксама беспадстаўнымі абвінавачваннямі і рэпрэсіямі (рэпрэсіравана больш за 140 супрацоўнікаў АН). Гэта адмоўна адбілася на развіцці ўсіх навук. кірункаў, была згорнута падрыхтоўка кадраў (калі ў 1934 у акадэміі навучаліся 139 аспірантаў, то ў 1938 — толькі 6). У 1938 шляхам рэарганізацыі ці зліцця з інш. ўстановамі ліквідаваны ін-ты фізіка-тэхнічны, філасофіі і эканомікі. У выніку фактычна былі закрыты цэлыя навук. кірункі, што нанесла вял. шкоду развіццю навукі. У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, навук. даследаванні канцэнтраваліся ў Віленскім ун-це і Беларускім навуковым таварыстве.

У гады Вял. Айч. вайны ўсе НДІ і ВНУ былі знішчаны або эвакуіраваны. Але ўжо ў пач. 1950-х г. навук. патэнцыял Беларусі быў адноўлены. Працавалі ўсе ін-ты, што існавалі ў АН да вайны, узніклі і новыя (механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, меліярацыі, воднай і балотнай гаспадаркі, лесу, жывёлагадоўлі). У 1950—60-я г. найб. хутка развіваліся фізіка-матэм. і фізікатэхн. навукі; у АН створаны ін-ты: фізікі, матэматыкі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, машыназнаўства і аўтаматызацыі, тэхн. кібернетыкі, ядзернай энергетыкі і інш. У 1940—60-я г. навук. і навук.-арганізацыйную працу вялі прэзідэнты АН Беларусі К.В.Гораў, А.Р.Жэбрак, М.І.Грашчанкаў, В.Ф.Купрэвіч; акадэмікі К.М.Міцкевіч (Я.Колас), І.С.Лупіновіч, К.К.Атраховіч (К.Крапіва), Ц.М.Годнеў, М.А.Дарожкін, М.Ф.Ярмоленка, М.М.Нікольскі, А.Н.Сеўчанка, Б.І.Сцяпанаў, М.В.Турбін, М.П.Яругін, А.В.Лыкаў, В.П.Севярдэнка, І.А.Булыгін, А.К.Красін і інш. У 1969 прэзідэнтам АН Беларусі выбраны М.А.Барысевіч. У 1970-я г. ў структуры АН створана 5 новых ін-таў: геахіміі і геафізікі, электронікі, фотабіялогіі, біяарган. хіміі, мікрабіялогіі. Арганізаваны акадэмічныя навук. цэнтры ў абл. гарадах: у Гомелі ін-т металапалімерных сістэм і аддзяленне ін-та матэматыкі, у Магілёве аддзяленні ін-таў фізікі і фізіка-тэхнічнага, у Гродне аддзел рэгуляцыі абмену рэчываў, у Віцебску аддзяленні ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў. Пазней гэтыя структурныя фарміраванні выраслі ў самаст. ін-ты: прыкладной оптыкі і тэхналогіі металаў у Магілёве, тэхн. акустыкі ў Віцебску, біяхіміі ў Гродне. У канцы 1970-х г. у АН функцыянавала 5 аддзяленняў (грамадскіх, фіз.-матэм., фіз.-тэхн., біял., хім., геал. навук), у якіх былі аб’яднаны 32 н.-д. ўстановы, працавала больш за 15,5 тыс. чал., у т. л. 204 д-ры, больш за 1500 канд. навук, 54 акадэмікі; 70 чл.карэспандэнтаў. З 1987 прэзідэнт АН Беларусі У.П.Платонаў, з 1992 — Л.М.Сушчэня. Вял. поспехі былі дасягнуты ў развіцці оптыкі, квантавай электронікі і спектраскапіі (М.А.Барысевіч, Сцяпанаў, У.А.Піліповіч, В.С.Буракоў), матэматыкі (Платонаў, Яругін), цеплафізікі і энергетыкі (Лыкаў, Красін, А.Мартыненка), генетыкі і цыталогіі (Л.У.Хатылёва), геалогіі (А.С.Махнач, Р.Г.Гарэцкі), лінгвістыкі (М.В.Бірыла), біяарган. хіміі (А.А.Ахрэм), грамадскіх навук (Бірыла, В.К.Бандарчык, К.П.Буслаў, М.І.Вядута, І.Я.Марчанка, Р.М.Суднік).

Тэмпы развіцця навук. патэнцыялу Беларусі, эфектыўнасць яго дзейнасці рэзка знізіліся ў 1990-я г., калі ўсе сферы грамадскага жыцця, у т. л. і навуку, ахапіў глыбокі крызіс. Пачаўся адток яе найб. кваліфікаваных і актыўных спецыялістаў. Аднак і ў гэтых умовах развіццё навук. даследаванняў не спыняецца. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. з’явіліся новыя навук. ўстановы ў структуры АН Беларусі: ін-ты праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, радыебіялогіі; сацыялогіі; хіміка-тэхнал. цэнтр; інжынерны цэнтр фізікі і тэхналогіі тонкіх плёнак і пакрыццяў «Плазматэг»; навук. цэнтр праблем механікі машын; аддзел праблем рэсурсазабеспячэння ў Гродне. Створаны Рэспубліканскі ін-т вышэйшай і гуманітарнай адукацыі. Узніклі недзяржаўныя ВНУ: Бел. камерцыйны ун-т кіравання, Ін-т сучасных ведаў, камерцыйны ін-т прадпрымальніцкай дзейнасці, акадэміі парламентарызму і прадпрымальніцтва і інш. (усяго ў 1996 — 24). З 1991 на Беларусі дзейнічае фонд фундаментальных даследаванняў, які аказвае фін. падтрымку творчым навук. калектывам і асобным навукоўцам, што атрымалі перамогу ў конкурсным спаборніцтве. Бел. фундаментальнай навуцы ў межах Міжнар. Навук. фонду аказвае падтрымку Беларускі фонд Сораса. Акрамя фундаментальных даследаванняў, якія ажыццяўляюцца НДІ АН Беларусі, навук. даследаванні і распрацоўкі ў розных галінах навукі, тэхнікі, прам-сці і сельскай гаспадаркі праводзяцца ў НДІ адпаведных мін-ваў і ведамстваў, на кафедрах ВНУ, у н.-д. цэнтрах, установах, навук.-вытв. аб’яднаннях. У 1924 створаны н.-д. ін-ты: эпідэміялогіі і мікрабіялогіі; неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі; у 1927 — санітарна-гігіенічны; земляробства і кармоў; геолагаразведачны; у 1930 — траўматалогіі і артапедыі; меліярацыі і лугаводства; у 1931 — аховы мацярынства і дзяцінства; глебазнаўства і аграхіміі; у 1949 — эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М.Вышалескага; у 1960 — Анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, у 1961 — Цэнтральны НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў; у 1971 — аховы раслін; рыбнай гаспадаркі; у 1990 — агародніцтва; бульбаводства; у 1991 — працы; Бел. н.-д. цэнтр «Экалогія»; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны і інш. Усяго ў 1995 на Беларусі 287 навук. устаноў і арг-цый, у т. л. 133 НДІ.

Літаратура. Зараджэнне л-ры на бел. землях было выклікана патрэбамі культ.-гіст. развіцця і звязана са з’яўленнем у 10 ст. ва ўсх. славян пісьменства. Абапіраючыся на багатыя традыцыі фальклору, грэка-візант. л-ры, спачатку яна развівалася ў цеснай сувязі з л-рай Кіеўскай Русі. На Беларусі ў эпоху сярэднявечча бытавалі ўсе асн. віды, жанры і творы стараж. л-ры, якая вызначалася сур’ёзнасцю зместу, значнасцю тэм, праблем і герояў, высокай ідэйнасцю, сінкрэтызмам, перавагаю твораў царк.-рэліг. характару. Буйнымі цэнтрамі пісьменства былі Полацк і Смаленск, дзе складзены жыціі Ефрасінні Полацкай і Аўрамія Смаленскага. У Тураве вырас і тварыў славуты майстар аратарскай прозы (12 ст.) Кірыла Тураўскі. Развіццю пісьменства і л-ры ў 14—15 ст. спрыяла паліт. аб’яднанне бел. зямель у ВКЛ, у якім бел. мова мела статус дзяржаўнай. Актыўна развівалася дзелавое пісьменства, з’явіліся пераклады на бел. мову твораў зарубежнай л-ры. У 1-й пал. 15 ст. зарадзілася агульнадзяржаўнае летапісанне. Першыя бел.-літ. летапісы («Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» і Беларуска-літоўскі летапіс 1446) адлюстроўвалі выдатную ролю літ.-бел. дзяржавы ў тагачаснай Еўропе і сталі здабыткам бел. гістарычнай прозы. Важныя культ.-гіст. зрухі ў жыцці грамадства, рост духоўных запатрабаванняў, пашырэнне сувязяў з краінамі Еўропы, узнікненне кнігадрукавання і інш. фактары спрыялі развіццю бел. л-ры ў 16 ст. Былі створаны выдатныя помнікі прававой думкі (Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588), з’явіліся новыя віды і жанры (кніжная паэзія, публіцыстыка, гіст.-мемуарная проза, драматургія), таленавітыя літаратары, узмацніліся працэсы секулярызацыі і гуманізацыі л-ры. Этапнае значэнне ў гісторыі бел. л-ры мела шматгранная творчая дзейнасць Ф.Скарыны. Першую рэнесансавую паэму аб роднай зямлі «Песня пра зубра» склаў на лац. мове М.Гусоўскі. У бел. летапісанні 16 ст. ўзмацніліся ідэі дзярж. патрыятызму, пагадовы дакумент.-дзелавы выклад падзей стаў больш арганічна спалучацца з жывым, займальна-белетрыстычным іх апісаннем, а нац. гісторыя стала падавацца як самабытная і самацэнная з’ява. Найб. поўна і дасканала яна выкладзена ў «Хроніцы Быхаўца». У перыяд позняга Адраджэння (2-я пал. 16 ст.) л-ра развівалася пад уплывам ідэй пратэстантызму і рэліг. вальнадумства. Яе тэматыку і праблематыку ўзбагаціла рэфармацыйная публіцыстыка. Публіцыст і перакладчык, адзін з заснавальнікаў філал. крытыкі Бібліі ў Еўропе С.Будны выдаў у Нясвіжы «Катэхізіс» (1562) — першую друкаваную кнігу на тэр. сучаснай Беларусі; палеміст А.Волан стварыў больш як 20 публіцыстычных твораў на лац. і польск. мовах; абаронца роднага слова В.Цяпінскі першы пераклаў на бел. мову Евангелле. Найб. значным прадстаўніком свецкай аратарскай прозы быў Л.Сапега. Сярод паэтаў вылучаўся А.Рымша. Важнае значэнне мелі пераклады на бел. мову выдатных твораў сусв. л-ры (кніг Бібліі, гіст. аповесцяў, рыцарскіх раманаў, зб. навел і інш.). Складаным і разнастайным было культ. і літ. жыццё на бел. землях у эпоху барока (канец 16 — сярэдзіна 18 ст.). У шматмоўнай л-ры адбываўся працэс пераходу ад старой эстэт. сістэмы да новай, абнаўляліся жанры, выяўл. сродкі і стылі, спосабы і прынцыпы адлюстравання жыцця і чалавека, з’явіўся новы герой — селянін, рамеснік. Новыя грамадска-паліт. ўмовы (Люблінская унія 1569 і Брэсцкая унія 1596, Контррэфармацыя) выклікалі ўздым палемічнай літаратуры. Самыя вядомыя яе прадстаўнікі І.Пацей, Л.Карповіч, аўтар славутых «Трэнаса» і «Граматыкі славянскай» М.Сматрыцкі. Росквіт кнігадрукавання спрыяў пашырэнню жанру прадмоў. З узнікненнем школьнага тэатра зарадзілася драматургія (драмы, інтэрмедыі). Актыўна развівалася кніжная паэзія. Сярод малых вершаваных формаў быў пашыраны жанр эпікграмы. Яркі ўзор бел. грамадз. лірыкі пакінуў Я.К.Пашкевіч (верш «Польска квітнет лаціною»). Працягвала развівацца паэма, найб. значная — «Лямант на смерць Лявона Карповіча» — створана на бел. мове ў 1620 невядомым аўтарам. Прыкметны ўклад у развіццё бел. кніжнай паэзіі зрабіў у 17 ст. Сімяон Полацкі.

Важныя змены перажывала гіст. проза. Агульнадзярж. летапісанне занепадала, пачалі складацца мясц. летапісы. Самы значны з іх — Баркулабаўскі летапіс — адметны дэмакр. зместам. У сувязі з ростам цікавасці да чалавека ў л-ры ўзніклі сямейныя хронікі, дыярыушы (дзённікі), падарожныя запіскі і інш. творы мемуарнага жанру (Ф.Еўлашоўскага, С. і Б.Маскевічаў). Своеасаблівым тыпам нац. гісторыі ў кантэксце сусветнай былі хранографы («Вялікая хроніка»), у якіх у выніку белетрызацыі гіст. апавядання адбываўся пераход ад традыц., дакумент.-дзелавога апісання да ўласна мастацкай гіст. прозы. Працэс разбурэння ў л-ры сярэдневяковага сінкрэтызму, алітаратурвання дзелавых жанраў, яе секулярызацыі і дэмакратызацыі засведчыла з’яўленне твораў гуманістычнага і парадыйна-сатыр. характару («Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча»). Гэта тэндэнцыя ўзмацнілася ў перыяд позняга барока (2-я пал. 17 — 1-я пал. 18 ст.). Узніклі гумарыстычная паэзія і песенна-інтымная лірыка, новыя творы парадыйна-сатыр. прозы і драматургіі. Зварот да жыцця народа, да фалькл. вытокаў і жывой гутарковай мовы садзейнічаў пераходу ад старой эстэт. сістэмы да новай, які ўскладніўся ў сувязі з неспрыяльнымі культ.-гіст. ўмовамі. І хоць друкарні выдавалі пераважна царк.-рэліг. л-ру, працягвалі бытаваць творы папярэдніх эпох, а часам ствараліся і новыя ў старых традыцыях (напр., Магілёўская хроніка). Творчыя здабыткі бел. л-ры, як і ўсёй бел. культуры эпохі Адраджэння і барока, далі ёй магчымасць уплываць на суседнія краіны, асабліва на Расію, а Беларусі — выконваць місію пасрэдніка ў літ. і культ. сувязях паміж еўрап. Захадам і Усходам. Нарастанне адраджэнскіх тэндэнцый уласна бел. л-ры пачалося з сярэдзіны 18 ст., калі ў культ. жыцці шырока замацавалася польск. пісьмовая традыцыя. Адрыў бел. пісьменства ад старабел. кніжнай мовы і зварот да нар.-гутарковых пластоў здзяйсняўся найперш (як дапускала эстэтыка класіцызму) у «нізкіх» драматургічных жанрах — у польска-бел. інтэрмедыях, у двухмоўнай «Камедыі» К.Марашэўскага і ў «Доктары па прымусу» М.Цяцерскага. Білінгвістычная традыцыя, што склалася ў пераходны перыяд і аб’ектыўна не давала бел. слову выпасці з пісьмовай традыцыі, перайшла і ў 19 ст. (вершаваная мініяцюра І.Легатовіча «Скажы, вяльможны пане», 1838; фарс-вадэвіль В.Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка», 1846). Аўтарская двухмоўнасць Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, А.Рыпінскага, Дуніна-Марцінкевіча, Г.Марцінкевіча, У.Сыракомлі, А.Вярыгі-Дарэўскага, А.Плуга, В.Каратынскага і інш. утварала двухадзінства бел. і польск. моўных плыняў у творчым працэсе, які вёў да адраджэння ўласна бел. л-ры.

Новая бел. л-ра развівалася ў двух сустрэчных кірунках: у сялянскім асяроддзі, якое зберагала фальклор і мову продкаў, з’яўляліся паэты (П.Багрым) і літ. творы, пераважна ананімныя («Віншаванне бондара Савасцея», «Вясна гола перапала» і інш.); польскамоўныя аўтары, ураджэнцы Б. (у т. л. А.Міцкевіч, Э.Ажэшка), выкарыстоўваючы фальклор і звяртаючыся да праблем нар. жыцця, імкнуліся, каб іх творы траплялі пад «саламяныя стрэхі». Гэта зрабіла натуральным бел.-польск: моўна-літ. суіснаванне пад вокладкамі аднаго выдання ў кнігах Дуніна-Марцінкевіча «Гапон», «Вечарніцы і Апантаны» (1855), «Цікава? — Прачытай!» (1856), «Дудар беларускі» (1857), у якіх бел. слову надавалася вядучая роля ў маст. і маральна-этычным планах. Аднаўленне бел.-моўнай л-ры апасродкавана вызначалася гіст.-паліт. падзеямі — далучэннем бел. зямель да Расійскай імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай і нац.-вызв. рухам, вяршынямі якога былі паўстанні 1794, 1830—31 і 1863—64. Ахвярны подзвіг К.Каліноўскага і распаўсюджанне яго «Мужыцкай праўды» паўплывалі на адраджэнскі патэнцыял бел. л-ры, паспрыялі таму, каб творы на бел. мове адрасаваліся не толькі мужыку, як у Дуніна-Марцінкевіча, а ўсяму народу (хоць і праз мужыка), як у Ф.Багушэвіча. Выданне Багушэвічавай «Дудкі беларускай» (1891) засведчыла нац.-гіст. самаўсведамленне бел. л-ры і незваротнасць працэсу яе адраджэння.

На шляху вяртання ў нац.-моўнае ўлонне бел. л-ра 2-й пал. 18 і 19 ст. прайшла праз польскамоўнае (А.Нарушэвіч, Ю.Нямцэвіч, Ф.Багамолец), рускамоўнае (І.Сакольскі) і лацінамоўнае (М.Карыцкі) выяўленне класіцызму, зведала сентыменталізм (Ф.Князьнін), асвоіла рамантызм (Міцкевіч, А.Ходзька, Т.Лада-Заблоцкі і інш.), заклала асновы рэалізму (Сыракомля, Плуг). Паралельна ўзнікалі беларускамоўныя творы, якія ў 1-й пал. 19 ст. вызначаліся стылявым сінкрэтызмам. Распрацоўваліся жанры травесційнай («Энеіда навыварат») і парадыйнай («Тарас на Парнасе») паэмы, гутарка, быліца («Купала», «Халімон на каранацыі» Дуніна-Марцінкевіча), балада («Нячысцік» Рыпінскага), вершаваная драматургічная сцэнка («Едзеш, міленькі Адам» Чачота) і лірычны верш (Баршчэўскі, Багрым, Сыракомля, Каратынскі), а з прозы — апавяданне, заснаванае на бытавым анекдоце («Кручаная баба» Плуга). Абвастрэнне сац. праблем у выніку адмены прыгоннага права і крах нац.-вызв. надзей з паражэннем паўстання 1863—64 выклікалі пасталенне нац. самасвядомасці бел. грамадства, а праз гэта — ідэйна-маст. і жанрава-стылявую разнастайнасць бел. л-ры. У паэзіі, якая грунтавалася на рамант. і рэаліст. пачатках і па-ранейшаму была вядучая ў арыентацыі на дэмакр. чытача, набывае развіццё грамадз. і публіцыстычная лірыка (Багушэвіч, А.Гурыновіч), паглыбляецца асваенне сатыр. жанраў (А.Абуховіч, Ф.Тапчэўскі) і лірычна-філас. кірункаў (Я.Лучына), закладваюцца асновы нац. школы перакладу (Лучына, Гурыновіч, З.Трашчкоўская і інш.). Вяршыняй нацыянальна ўсвядомленай ідэі бел. адраджэння ў 19 ст. стала творчасць Багушэвіча, якая засвоіла і развіла папярэднія дэмакр. традыцыі.

Л-ра пач. 20 ст. развівала і ўмацоўвала нац. адраджэнскую традыцыю, выспеленую ў 19 ст. і як ідэйна-эстэтычнае крэда сфармуляваную ў «Дудцы беларускай» Багушэвіча. Найб. значным культ.-грамадскім асяродкам стала створаная ў 1906 газ. «Наша ніва», вакол якой згуртаваліся браты А. і І.Луцкевічы (заснавальнікі і выдаўцы), Я.Купала, Я.Колас, Цётка, М.Багдановіч, Ядвігін Ш., В.Ластоўскі, Ц.Гартны, З.Бядуля, М.Гарэцкі, А.Паўловіч, К.Каганец, К.Гурло, Я.Журба, Г.Леўчык, К.Буйло, А.Гарун, У.Галубок, Стары Улас, М.Арол, К.Лейка, С.Палуян, Л.Гмырак, У.Самойла і інш. Л-ра «нашаніўскай» пары стала дзейсным сродкам уплыву на грамадскае жыццё, ставячы сабе за мэту абудзіць і ўзняць бел. народ з гіст. нябыту, выканаць сваю асв.-адраджэнскую місію. Паэзія, паказваючы нядолю і беспрасвецце, у якім апынуўся народ, па сутнасці, адмаўляла тыя формы жыцця, што існуюць. Маст. ідэалам была свабода, якая бачылася і як сац.-паліт. разняволенне, і як нац. незалежнасць, і як духоўнае ўваскрашэнне асобы праз далучэнне яе да асветы, культуры, нац. самасвядомасці. Сэрцам бел. л-ры «нашаніўскай» пары была ўгрунтаваная ў паэтыку нац. ідэя, якою фактычна былі прасякнуты ўсе творы ад адкрыта патрыят. паводле гучання («Вера беларуса» Цёткі, «Ворагам беларушчыны», «Гэта крык, што жыве Беларусь» Я.Купалы, «Родныя вобразы» Я.Коласа, «У чатырохлецце «Нашай нівы», «Песня-звон» Гаруна) да чыста артыстычных (цыкл «У зачарованым царстве», «Апокрыф» Багдановіча). Станаўленне прафес. прозы адбывалася ў формах рэаліст.-бытавога (Ядвігін Ш., Каганец, Цётка, Я.Лёсік, П.Просты, Лейка), псіхал. апавядання (Гарэцкі), маст. алегорыі, прытчы (Я.Колас, Багдановіч), імпрэсій-мініяцюр (Бядуля). Здабыткі драматургіі найперш звязаны з творамі Я.Купалы («Паўлінка», «Прымакі», «Раскіданае гняздо»), са стварэннем прафес. тэатра І.Буйніцкага. Багдановіч, А.Луцкевіч, Ластоўскі, Палуян, Гмырак сталі заснавальнікамі крытычнай і літ.-знаўчай думкі. 1-я сусв. вайна, Лют. і Кастр. рэвалюцыі, грамадз. вайна, герм. і польск. акупацыя выклікалі значныя грамадска-паліт. зрухі на Беларусі, падзеленай у 1921 на 2 часткі. Л-ра перыяду ваенна-рэв. ліхалецця была ў досыць анемічным стане, аднак і ў гэты перыяд у ёй з’явіліся выдатныя творы: вершы «Пагоня», «Страцім-лебедзь» Багдановіча, цыкл вершаў 1918—19 Я.Купалы, кніга крытыка-біягр. артыкулаў «Нашы песняры» А.Луцкевіча, п’есы Ф.Аляхновіча. Завершаны паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка» Я.Коласа, распачатыя ў «нашаніўскі» перыяд.

Л-ра Беларусі, актывізаваная ў 1920-я г. палітыкай беларусізацыі, развівалася вельмі бурна. У яе прыйшлі маладыя таленавітыя творцы М.Чарот, У.Дубоўка, Я.Пушча, А.Бабарэка, К.Чорны, М.Зарэцкі, А.Дудар, А.Вольны, М.Лынькоў, Т.Кляшторны, В.Маракоў, У.Хадыка, К.Крапіва, Я.Маўр, П.Глебка, П.Броўка, М.Багун, З.Астапенка, А.Звонак, Л.Калюга, А.Мрый, А.Якімовіч, З.Бандарына, П.Галавач, В.Каваль, В.Шашалевіч, Я.Скрыган, С.Баранавых, Б.Мікуліч, М.Грамыка, У.Дзяржынскі і інш. Пачалі выходзіць часопісы «Полымя», «Маладняк»; стварыліся літ.-маст. арг-цыі «Маладняк», «Узвышша», «Полымя», «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна», «Пробліск», Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў. Дамінавала паэзія, якая адмаўляла ранейшае жыццё як гаротнае, нешчаслівае і ўзнёсла апявала будучыню. У паэтыцы пераважалі гіпербала, супрацьпастаўленне, адсутнасць вобразнай пластыкі, абрывістая стылістыка. У той жа час у творах Я.Купалы, Я.Коласа, Дубоўкі, Пушчы, Кляшторнага, Жылкі, Маракова і інш. працягвалі гучаць матывы смутку над нац. лёсам бел. народа, выяўляўся ўнутраны стан душы, а не адпаведнасць пастулатам «пралетарскай літаратуры», канцэпцыю якой актыўна сцвярджала крытыка. У прозе ішло станаўленне жанру рамана, паглыбленне псіхалагізму (Я.Колас, Гарэцкі, Чорны, Зарэцкі), назіралася імкненне стварыць вобраз чалавека новага часу ў супярэчлівых абставінах гіст. падзей (Галавач, Чарот, Гартны, Мрый, Калюга, Мікуліч, Я.Нёманскі). К канцу 1920-х г. палітыка беларусізацыі змянілася на палітыку рэпрэсій супраць бел. інтэлігенцыі, якая прытрымлівалася нац.-дэмакр. кірунку. На працягу 1930-х г. рэпрэсіі амаль вынішчылі бел. пісьменнікаў. Тыя, што засталіся, стваралі апалагетычныя дзяжурныя творы, апявалі новае жыццё, змагаліся з «ворагамі народа».

Л-ра Зах. Беларусі, развіваючыся ва ўмовах нац. ўціску, захоўвала адраджэнскую традыцыю і багдановічаўскае апяванне чыстай красы (Жылка, Л.Родзевіч, Х.Ільяшэвіч, I.Канчэўскі, А.Бартуль, Л.Геніюш). Нац.-патрыят. ідэя, паяднаная з духоўным, рэліг. служэннем, выявілася ў творчасці святароў — паэта К.Сваяка і публіцыста-асветніка А.Станкевіча. Пафасам рэв. змагання была прасякнута творчасць вязня Лукішак А.Салагуба, а таксама М.Танка, М.Машары, М.Васілька, П.Пестрака, В.Таўлая. У галіне літ.-знаўства плённа працаваў да 1939 А.Навіна (А.Луцкевіч).

У Вял. Айч. вайну многія пісьменнікі былі на фронце і ў партызанах. Шмат хто з іх загінуў (З.Астапенка, А.Жаўрук, А.Дубровіч, Л.Гаўрылаў, Р.Жалязняк, А.Мілюць, А.Ушакоў, Р.Мурашка, М.Сурначоў, Х.Шынклер і інш.). Аператыўным жанрам была публіцыстыка. Пафасам змагання, верай у нязломны дух народа і перамогу, апяваннем мужнасці і гераізму вызначалася паэзія («Беларускім партызанам» Я.Купалы, «Народу-барацьбіту» Я.Коласа, «Смерць салдата», «Партызаны» Глебкі, «Байцам-беларусам» Броўкі, зб. «Слуцкі пояс» А.Астрэйкі, вершы П.Панчанкі, Танка, Таўлая, А.Бачылы, Буйло, А.Куляшова, М.Лужаніна, А.Вялюгіна, К.Кірэенкі і інш.). Героіка і цяжар вайны адлюстраваны ў эпічных творах «Сцяг брыгады» Куляшова, «Янук Сяліба» Танка, «Эдэм» Астапенкі. Неардынарнай з’явай сталі кнігі апавяданняў «Вялікае сэрца» (1945) Чорнага і «Астап» (1944) Лынькова. У акупіраваным Мінску выйшла кніга вершаў Н.Арсенневай «Сягоння» (1944).

Тэма вайны стала на доўгі час вызначальнай у л-ры, пашыраючы магчымасці псіхалагічнага і экзістэнцыяльнага асэнсавання гіст. падзей і лёсу бел. народа. Радасць перамогі, услаўленне Радзімы, гераізму, мірнай стваральнай працы, антыгуманнай сутнасці вайны — асн. матывы шматлікіх паэтычных зборнікаў першага пасляваен. дзесяцігоддзя. На матэрыяле з жыцця бел. народа на акупіраванай тэрыторыі ствараліся празаічныя творы Я.Брыля, І.Грамовіча, П.Кавалёва, У.Краўчанкі, М.Лупсякова, І.Мележа, М.Паслядовіча. Вайне прысвечаны раманы «Расстаемся ненадоўга» А.Кулакоўскага, «Векапомныя дні» (кн. 1) Лынькова, «Мінскі напрамак» Мележа, «Згуртаванасць» М.Ткачова, «Глыбокая плынь» І.Шамякіна; драмы Крапівы, К.Губарэвіча, А.Маўзона. Пра аднаўленне мірнага жыцця аповесці і раманы «У Забалоцці днее» Брыля, «Гартаванне» Кулакоўскага, «У добры час» Шамякіна і інш. Дасягненнем стала завершаная ў 1955 трылогія Я.Коласа «На ростанях». У творах гэтага часу пераважалі падзейнасць, фактаграфічны матэрыял, ім не хапала псіхал. глыбіні, аналітызму. Л-ра тым не менш набірала разбег і, пераадольваючы схематызм стэрэатыпных уяўленняў, дасягнула значных поспехаў. У 2-й пал. 1940 — пач. 1960-х г. дэбютавалі першымі кнігамі паэзіі М.Аўрамчык, М.Арочка, Р.Барадулін, Д.Бічэль-Загнетава, Г.Бураўкін, В.Вярба, А.Вярцінскі, С.Гаўрусёў, Н.Гілевіч, А.Грачанікаў, Х.Жычка, У.Караткевіч, А.Лойка, Е.Лось, В.Макарэвіч, У.Нядзведскі, У.Паўлаў, Ю.Свірка, Я.Сіпакоў, Р.Тармола, К.Цвірка і інш., пазней — Р.Баравікова, Т.Бондар, С.Блатун, У.Верамейчык, В.Гардзей, Ю.Голуб, В.Жуковіч, Н.Загорская, С.Законнікаў, В.Зуёнак, В.Іпатава, К.Камейша, Г.Каржанеўская, В.Коўтун, У.Лісіцын, М.Маляўка, Н.Мацяш, У.Някляеў, С.Панізнік, Г.Пашкоў, А.Разанаў, В.Ракаў, А.Салтук, Р.Семашкевіч, А.Сербантовіч, У.Скарынкін, М.Стральцоў, Н.Тулупава, М.Федзюковіч, Х.Чэрня, Я.Янішчыц і інш. У 2-й пал. 1950-х г. працягваюць літ. працу рэпрэсіраваныя пісьменнікі: А.Александровіч, Я.Бяганская, Геніюш, С.Грахоўскі, Дубоўка, Звонак, С.Новік-Пяюн, П.Пруднікаў, Скрыган, М.Хведаровіч, С.Шушкевіч і інш.

Гуманіст. канцэпцыя бачання свету, маральна-этычныя і экалаг. праблемы, барацьба з пагрозай ядзернай катастрофы, пераасэнсаванне перажытага ў гады вайны, вяртанне да вытокаў — асн. арыенціры паэзіі «філалагічнага пакалення» 1960 — пач. 1980-х г. Са старонак кніг Барадуліна, Бураўкіна, Вярцінскага, Гаўрусёва, Гілевіча, Лойкі, Лось, І.Пташнікава, Б.Сачанкі, Сіпакова, Стральцова паўстае жудасны прывід вайны і знявечанай бел. зямлі, убачаных вачыма падлеткаў, «бязбацькавічаў», якія «рана сталелі ў зямлянках сырых», чакалі, сустракалі (а многія не дачакаліся) з вайны блізкіх, разам з дарослымі аднаўлялі разбураную гаспадарку. Гэтае пакаленне тры дзесяцігоддзі не сыходзіла з магістральных шляхоў развіцця л-ры і сёння нясе ў ёй галоўную службу. Дасягненнем эпічнага жанру сталі паэмы Куляшова «Цунамі» (1968), «Далёка да акіяна» (1970—71), «Варшаўскі шлях» (1973). Увага паэтаў часцей скіроўваецца да сівой даўніны, да ролі гіст. асобы ў жыцці народа: паэмы Куляшова «Хамуціус» (1975), Танка «Мікалай Дворнікаў» (1978), Коўтун «На зломе маланкі» (1979) і «Суд Алаізы» (1985), Арочкі «Крэва» (1982).

У 2-й пал. 1950 — 1-й пал. 1960-х г. выдалі першыя кнігі прозы А.Адамовіч, В.Адамчык, А.Асіпенка, В.Быкаў, У.Дамашэвіч, Караткевіч, І.Навуменка, А.Савіцкі, Сачанка, Пташнікаў, Стральцоў, І.Чыгрынаў і інш. У 2-й пал. 1960 — 1-й пал. 1970-х г. прыйшлі ў бел. прозу А.Жук, В.Казько, В.Гігевіч, М.Гіль, Г.Далідовіч, В.Карамазаў, Л.Левановіч і інш. З канца 1950-х г. пачынаецца паглыбленае пераасэнсаванне далёкай і блізкай гісторыі. У раманах «Векапомныя дні» (1948—57) Лынькова, тэтралогіі «Трывожнае шчасце» (1957—65) Шамякіна, «Палескай хроніцы» (1961—76) Мележа, «Серадзібор» (1961—63) Петрака, «Засценак Малінаўка» (1961—64) А.Чарнышэвіча, «На парозе будучыні» (1961—63), «Гарадок Устронь» (1967—68), «Шэметы» (1981) М.Лобана, «Сасна пры дарозе» (1962) Навуменкі, «Птушкі і гнёзды» (1963) Брыля, дылогіі «Партызаны» (1963) Адамовіча, «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983), «Не ўсе мы згінем» (1996) Чыгрынава, «Вялікі Лес» (1979—83) Сачанкі, «Лабірынты страху» (1992) Асіпенкі, «Ахвяры» (1992) Бондар адкрываецца цэлая эпоха ў жыцці бел. народа з яе катаклізмамі — рэвалюцыямі, грамадз. і сусв. войнамі, калектывізацыяй, рэпрэсіямі 1920—50-х г., пасляваен. аднаўленнем. Лёс чалавека, асобы, народа бачыцца ў непасрэднай залежнасці ад сац.-бытавых і гіст. абставін. Горкая і мужная праўда пра вайну найбольш усебакова высвечваецца ў аповесцях Быкава «Трэцяя ракета» (1962), «Альпійская балада» (1964), «Мёртвым не баліць» (1965), «Круглянскі мост» (1969), «Сотнікаў» (1970), «Дажыць да світання» (1973), «Пайсці і не вярнуцца» (1978), «Знак бяды» (1982). У многіх творах паказаны трагізм вайны, адлюстравана трагедыя акупіраванай беларускай зямлі. Прынцып гістарызму стаў адным з асноўных у аповесцях Пташнікава «Тартак» (1967) і «Найдорф» (1975), Адамовіча «Хатынская аповесць» (1972) і «Карнікі» (1980), Казько «Суд у Слабадзе» (1978). Вялікі грамадскі рэзананс выклікала створаная на дакумент. аснове кніга «Я з вогненнай вёскі...» (1975) Адамовіча, Брыля і У.Калесніка. Дакумент. кнігі пра жанчын і дзяцей вайны выдала С.Алексіевіч («У вайны не жаночы твар» і «Апошнія сведкі», 1985). У самаахвярным захапленні гісторыяй бел. народа Караткевіч стварыў творы, якія, на некалькі дзесяцігоддзяў апярэджваючы свой час, сугучныя ідэям сённяшняга адраджэння Беларусі. З яго прыходам у л-ру сапраўдную эстэт. вышыню набірае гіст. жанр (аповесці «Сівая легенда», 1961; «Дзікае паляванне караля Стаха», 1964; раманы «Нельга забыць», 1962; «Каласы пад сярпом тваім», 1965; «Чорны замак Альшанскі», 1979; драмы «Кастусь Каліноўскі», «Званы Віцебска» і інш.). Сучаснасць і гісторыя цесна пераплятаюцца ў цыкле раманаў Адамчыка «Чужая бацькаўшчына» (1977), «Год нулявы» (1982), «І скажа той, хто народзіцца» (1985), «Голас крыві брата твайго» (1990).

Рэаліі вясковага побыту, характары людзей ад зямлі, іх праблемы ў аповесцях Брыля «Ніжнія Байдуны» (1975) і «Золак, убачаны здалёк» (1978), Гігевіча «Жыціва» (1979), Жука «Паляванне на Апошняга Жураўля» (1982), «Праклятая любоў» (1990), А.Кудраўца «Раданіца» (1971), «Сачыненне на вольную тэму» (1984), Сіпакова «Усе мы з хат» (1975) і інш. Праблемы экалогіі, варварскага ўмяшання ў прыроду, бездухоўнасці грамадства востра ставяцца ў раманах Казько «Неруш» (1981) і «Хроніка дзетдомаўскага саду» (1987), Карамазава «Пушча» (1978) і інш.

У жанры драматургіі поспеху дасягнулі А.Макаёнак, К.Петрашкевіч, М.Матукоўскі. Тэмы мінулай вайны, калектывізацыі і сталінскіх рэпрэсій працягвае Быкаў («Аблава», 1989, «Сцюжа», 1993). У жанры гіст. прозы працуюць У.Арлоў, Л.Дайнека, Далідовіч, Іпатава, К.Тарасаў і інш.

У канцы 1980 — пач. 1990-х г. друкуюцца паэтычныя творы і публіцыстыка, створаныя былымі вязнямі ГУЛАГа: вершы Геніюш, Звонака, Грахоўскага, Новіка-Пеюна, Пруднікава, мемуары Бяганскай «Мая Галгофа», Геніюш «Споведзь», Грахоўскага «Зона маўчання», «Такія сінія снягі» і «З воўчым білетам», Пруднікава «Яжовыя рукавіцы» і інш. Выходзілі кнігі пра вайну ў Афганістане. Выдаюцца творы бел. Пісьменнікаў замежжа — К.Акулы, Арсенневай, К.Мерляка, А.Салаўя, М.Сяднёва, Я.Юхнаўца і інш. У 1980-я г. першыя кнігі паэзіі выдалі В.Аколава, С.Басуматрава, І.Багдановіч, Г.Булыка, Л.Галубовіч, А.Глобус, Л.Дранько-Майсюк, З.Дудзюк, А.Канапелька, А.Каско, Л.Рублеўская, Л.Тарасюк, В.Шніп; кнігі прозы — А.Кажадуб, Тарасаў і інш. У жанры драматургіі выступілі А.Асташонак і А.Дудараў, пазней М.Арахоўскі, У.Бутрамееў, І.Сідарук.

Ідэі нац. адраджэння і чарнобыльскай бяды вызначаюць сутнасць кніг паэзіі Барадуліна «Самота паломніцтва», Зуёнка «Лета трывожных дажджоў», М.Мятліцкага «Палескі смутак», рамана Шамякіна «Злая зорка», дакумент. аповесці Гігевіча і А.Чарнова «Сталі воды горкія», п’ес Петрашкевіча «Дагарэла свечачка да палічкі» і А.Ждана «Салгалі богу, салгалі» і інш. Пашыраецца жанравая разнастайнасць бел. л-ры: раман у вершах «Родныя дзеці» (1985) Гілевіча, раманы-эсэ «Як агонь, як вада...» (1982) і «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» (1980) Лойкі, кніга прытчаў «Тыя, што ідуць» (1993) і паэм у прозе «Ахвярны двор...» (1991) Сіпакова і інш. Гл. таксама Апавяданне, Аповесць, Дзіцячая літаратура, Драматургія, Літаратуразнаўства, Паэма, Раман.

Архітэктура. Рэшткі найб. ранніх верхнепалеалітычных паселішчаў на тэр. Беларусі выяўлены ў Падняпроўі (жытлы з выкарыстаннем касцей маманта каля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага р-наў; 24—20 тыс. да н.э.). З эпохі неаліту і бронз. веку археолагамі выяўлены рэшткі пабудоў на па́лях і паўзямлянак. З часоў жал. веку захаваліся ўмацаваныя гарадзішчы, размешчаныя на ўзгорках сярод балотаў і лясоў, на астравах і ўзвышаных мысах рэк і азёраў, умацаваныя сістэмай валоў, равоў і драўлянымі канструкцыямі. У гэты час у паўд. раёнах Беларусі часцей будавалі зямлянкі і паўзямлянкавыя жытлы слупавой канструкцыі, у паўн. лясных раёнах былі пашыраны зрубныя збудаванні, у цэнтр. частцы выяўлены рэшткі жытлаў абодвух тыпаў. У 10—12 ст. пашырыліся тыпы абарончых збудаванняў — магутныя драўляна-земляныя ўмацаванні з унутрывалавымі гліняна-каменнымі і драўлянымі канструкцыямі (Полацк, Мінск, Давыд-Гарадок). З 13 ст. асновай абароны многіх гарадоў сталі шмат’ярусныя прамавугольныя ці круглыя ў плане мураваныя вежы-данжоны, вядомыя з летапісаў як «стаўпы» (Камянецкая вежа, Навагрудак, Бярэсце, Тураў).

У 10—12 ст. закладзены асновы горадабудаўніцтва, фарміравалася радыяльна-кальцавая і радыяльна-веерная планіроўка вуліц, развівалася манум. архітэктура. Паміж 1044—66 пабудаваны першы на Беларусі велічны мураваны храм — Полацкі Сафійскі сабор. Пад уплывам візант., стараж.-рус. і зах.-еўрап. архітэктуры ў 12 ст. склаліся самабытныя арх. школы (гл. Гродзенская школа дойлідства, Полацкая школа дойлідства). Летапісы захавалі імёны дойлідаў: полацкага Іаана, гродзенскага Пятра Міланега. Сярод выдатных збудаванняў гэтага часу Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква, Віцебская Благавешчанская царква, Гродзенская Барысаглебская царква, Навагрудская Барысаглебская царква і інш. Для архітэктуры 14—16 ст. характэрны цесныя ўзаемасувязі з усх.-еўрап. і зах.-еўрап. сярэдневяковым мастацтвам, асноўныя маст. кірункі — раманскі стыль, готыка, рэнесанс (гл. ў арт. Адраджэнне). Архітэктура мела абарончы характар; гарады размяшчаліся каля ўмацаваных замкаў і былі абнесены кальцом абарончых збудаванняў. Абарончую ролю выконвалі і масіўныя будынкі цэркваў (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква), касцёлаў (Камайскі касцёл, Ішкалдскі Троіцкі касцёл), кальвінскіх збораў (Смаргонскі кальвінскі збор), манастыроў і кляштараў. Пад уплывам замкавай і крапасной архітэктуры склаліся тыпы дома-крэпасці (Гайцюнішскі дом-крэпасць) і царквы-крэпасці (Мураванкаўская царква-крэпасць, Супрасльская царква-крэпасць, Сынковіцкая царква-крэпасць). У 15—16 ст. у большасці гарадоў фарміраваліся 2 цэнтры: замак феадала і гандл. плошча з крамамі; у гарадах, што атрымалі магдэбургскае права, на плошчы будаваліся ратушы. Па перыметры плошчаў і на блізкіх да іх вуліцах размяшчаліся дамы рамеснікаў і гандляроў, у буд-ве якіх часам выкарыстоўвалася тэхніка «прускага муру». У 2-й пал. 16 ст. замкавыя палацы набылі выгляд пышных рэзідэнцый з вял. колькасцю памяшканняў і рэнесансавым дэкорам (Мірскі замкава-паркавы комплекс). Пад уплывам фартыфікацыйнага дойлідства Італіі і Нідэрландаў пашырылася буд-ва ўмацаванняў бастыённай сістэмы (Заслаўскі замак). З пач. 17 ст. замкавае буд-ва паступова трансфармавалася ў палацава-замкавае, а потым у палацава-паркавае (Гальшанскі палац, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). Пачало развівацца садова-паркавае мастацтва, пашырыліся рэгулярныя, з канца 18 ст. пейзажныя паркі. У 17—18 ст. своеасаблівае развіццё набылі тэндэнцыі барока. Напачатку для гэтага стылю характэрнае выразнае спалучэнне масіву сцяны з пластыкай арх. дэкору (Нясвіжскі касцёл езуітаў), пазней — тып храма з высокімі ажурнымі вежамі і багатым дэкорам, якія адносяцца да помнікаў віленскага барока (Беразвецкі кляштар базыльян, Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў). Да лепшых узораў гэтага часу належаць таксама Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў, Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, Гродзенскі кляштар брыгітак, Магілёўская Мікалаеўская царква, Міхалішскі касцёл аўгусцінцаў, Віцебская ратуша і інш. Сярод аўтараў праектаў архітэктары Дж.М.Бернардоні, І.К.Глаўбіц, Іосіф III Фантана. Традыц. тыпы драўляных культавых збудаванняў развіваліся пад уплывам нар. драўлянага дойлідства, якое вызначалася цэласнасцю аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, сціплым вонкавым дэкорам (Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква). У 2-й пал. 18 ст. з’явіліся арх. збудаванні пераходнага тыпу ад барока да класіцызму (Гродзенскі Каралеўскі палац, Ружанскі палацавы комплекс, Свяцкі палацава-паркавы ансамбль). У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. многія гарады былі распланаваны паводле дакладнай рэгулярнай схемы ў адпаведнасці з горадабудаўнічым прынцыпам рус. класіцызму, створаны новыя ансамблі гар. цэнтраў, пабудаваны губернскія павятовыя праўленні, суды, паштовыя станцыі і інш. Сярод помнікаў гэтага часу палацава-паркавыя ансамблі ў Гомелі, у вёсках Сноў Нясвіжскага, Жылічы Кіраўскага р-наў (гл. адпаведныя арт.), Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы, Віцебскі палац губернатара і інш. Першыя ўзоры класіцызму адносяцца да 1780-х г. (Дзярэчынскі палац, Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс). У архітэктуру канца 18 — 1-й пал. 19 ст. зрабілі ўклад рус. дойліды Дж.Кларк, М.Львоў, А.Мельнікаў, В.Стасаў і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. назіраліся рысы эклектызму, упор рабіўся на вонкавую дэкаратыўнасць фасадаў, развіваліся рэтраспектыўныя плыні: неакласіцызм (рэальнае вучылішча ў Гродне); неараманскі стыль (Мінскі касцёл Сымона і Алены), несапраўдная готыка, неарускі стыль (Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак). У канцы 19 ст. ўзнік новы стыль — «мадэрн». На арх. аблічча гарадоў значна паўплывала творчасць бел. архітэктараў і інжынераў С.Гур’ева, П.Камбурава, Ц.Кібардзіна, У.Мільяноўскага, В.Струева, К.Увядзенскага, С.Шабунеўскага і інш., а таксама рус. дойлідаў А.Гагена, Д.Грыма, К.Тона, І.Фаміна, Ф.Шэхтэля.

З 2-й пал. 1920-х г. павялічыўся аб’ём буд-ва, складваліся асн. прынцыпы сав. архітэктуры. На свабодных тэр. ствараліся рабочыя пасёлкі, будаваліся школы, культ.-асв. ўстановы, дамы-камуны (Віцебскі дом-камуна), дамы спецыялістаў (Гомельскі жылы дом спецыялістаў). Асновай развіцця архітэктуры ў 1930-я г. стала індустрыялізацыя нар. гаспадаркі, разгарнулася буд-ва масавых тыпаў грамадскіх збудаванняў. Адначасова ствараліся унікальныя манум. збудаванні: Дом Урада Рэспублікі Беларусь, Дзярж. тэатр оперы і балета Беларусі, гал. корпус АН Беларусі, будынкі ЦК КПБ (цяпер будынак Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), Нац. б-кі ў Мінску, Дом Саветаў і кінатэатр «Радзіма» ў Магілёве і інш. Сярод архітэктараў І.Лангбард, А.П.Воінаў, І.Валадзько, Н.Макляцова, У.Вараксін, У.Кароль, Г.Заборскі і інш. Пасля вызвалення Беларусі ад ням. фашыстаў у кароткі час былі адноўлены і адбудаваны многія гарады і вёскі. У Мінску, жылы фонд якога быў знішчаны ў гады акупацыі на 74%, створаны унікальныя комплексы (ансамблі Незалежнасці плошчы, Перамогі плошчы, плошчаў Кастрычніцкай і Калініна), звязаныя паміж сабой Скарыны праспектам. У 1960—80-я г. пашырылася жыллёвае буд-ва, комплексная забудова жылых масіваў буйнапанэльнымі дамамі. Архітэктура першых мікрараёнаў была аднастайная і спрошчаная. Гэта вымушала шукаць новыя прасторава-кампазіцыйныя формы з улікам асаблівасці горада, пазней жылыя раёны набылі арх.-планіровачныя і кампазіцыйныя характарыстыкі: Усход, Зялёны Луг, на праспекце Машэрава ў Мінску (арх. В.Крусь, Н.Шпігельман); Форты 1 і 2 у Гродне (В.Бажко, В.Давыдзёнак, А.Ягошын, І.Мазнічка, Г.Фядосенка); Волатава ў Гомелі (Я.Казлоў, А.Лебедзеў); мікрараёны ў Наваполацку (А.Караткоў, М.Шляймовіч, Ю.Шпіт). Важную ролю ў павышэнні якасці забудовы жылых масіваў адыгралі новыя серыі тыпавых праектаў, распрацаваных на аснове блок-секцыйнага метаду (І.Жураўлёў, А.Навумаў, І.Папова, У.Пушкін, Г.Сысоеў, Шпіт і інш.). Пабудаваны шэраг грамадскіх будынкаў у Мінску: ГУМ (1951, арх. Л.Мілегі, Р.Гегарт), Дзяржбанк (1953, арх. М.Паруснікаў), Палац спорту (1966, арх. С.Філімонаў, В.Малышаў), кінатэатр «Масква» (1980, арх. В.Крамарэнка), комплекс арх. і буд. ф-таў Бел. політэхн. акадэміі (1982, арх. І.Есьман, В.Анікін), Рэсп. інфармацыйна-культурны цэнтр (1987, арх. Л.Пагарэлаў і інш.), комплекс жылых дамоў па вул. Няміга (1991, арх. С.Мусінскі і інш.); аэравакзал у Брэсце (1986, арх. В.Арсеньеў, А.Ляшук, В.Кескевіч, Р.Шылайінш. Новай тэмай для бел. дойлідаў стала праца па стварэнні Мінскага метрапалітэна. У Мінску пастаўлены манум. і выразныя помнікі Я.Купалу (1972, скульпт. А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі, арх. Ю.Градаў, Л.Левін), Я.Коласу (1972, скульпт. З.Азгур, арх. Градаў, Заборскі, Левін), М.Багдановічу (1981, скульпт. С.Вакар, арх. Ю.Казакоў, Л.Маскалевіч), у Полацку Ф.Скарыну (1974, скульпт. А. і Г.Глебавы); мемарыяльныя комплексы «Хатынь», «Брэсцкая крэпасць-герой», Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне і інш. Дасягнуты поспехі ў галіне сельскай архітэктуры, прамысловай архітэктуры. Вял. ўвага аддавалася рэгенерацыі гіст. забудовы, рэканструкцыі помнікаў архітэктуры, правядзенню работы па ландшафтнай архітэктуры, па стварэнні водна-паркавых дыяметраў (Сляпянскае водна-паркавае паўкальцо). Некаторыя помнікі бел. нар. дойлідства 17—20 ст. зберагаюцца і экспануюцца ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.

Вядучая роля ў развіцці архітэктуры Беларусі належыць арх. навуцы. Даследаванні ў галіне горадабудаўніцтва вялі Я.Л.Заслаўскі, І.А.Іода, А.В.Лысенка, І.М.Рудэнка, Ю.В.Шпіт і інш.; у архітэктуры жылых і грамадскіх будынкаў — В.І.Анікін, В.М.Аладаў, А.А.Воінаў, А.П.Воінаў, П.А.Громаў, Я.С.Панамарова, С.Дз.Філімонаў і інш.; у сельскай архітэктуры — В.П.Емяльянаў, У.Э.Сакалоўскі, С.А.Сергачоў і інш.; у ландшафтнай архітэктуры і ахове навакольнага асяроддзя — Г.А.Патаеў, А.В.Сычова, В.П.Шыльнікоўская і інш.; у вывучэнні і рэканструкцыі арх. спадчыны — Т.В.Габрусь, А.М.Кулагін, В.Ф.Марозаў, У.А.Чантурыя, В.М.Чарнатаў, Т.І.Чарняўская, Ю.А.Якімовіч і інш. Падрыхтоўка арх. кадраў на Беларусі з 1952 вядзецца на арх. ф-це Бел. політэхн. акадэміі. Усе каштоўныя арх. помнікі 11—20 ст. уключаны ў «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (1984—88). У 1935 створаны Саюз архітэктараў Беларусі.

Выяўленчае мастацтва. Найб. стараж. ўзоры мастацтва на тэр. Беларусі адносяцца да верхняга палеаліту. У выніку раскопак выяўлены скульпт. фігуркі жывёл і чалавека часоў палеаліту і неаліту, у т. л. жаночая статуэтка з Елісеевічаў (Бранскі р-н, Расія), статуэтка з косці са стаянкі Асавец-2 (Бешанковіцкі р-н). Складаная салярная арнаментыка характэрна для глінянага посуду часоў неаліту, жаночых упрыгожанняў і прылад працы бронз. і жал. вякоў. На Полаччыне ў доўгіх курганах 2-й пал. 1-га тыс. трапляюцца касцяныя мініяцюрныя выявы птушак і жывёл. Да часоў першабытнага ладу адносяцца скульптуры язычніцкіх багоў (Шклоўскі ідал і інш.).

З пашырэннем хрысціянства (10—12 ст.) пад уплывам Візантыі на Беларусі развіваліся манум. жывапіс (фрэскі), іканапіс, дробная пластыка. На пач. 12 ст. ў Полацку склаліся самабытныя школы дойлідства, жывапісу і пластыкі (фрэскавыя размалёўкі Полацкага Сафійскага сабора, Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра, Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, крыж Ефрасінні Полацкай Лазара Богшы, 1161). Самабытныя цэнтры культуры склаліся на Гродзеншчыне і ў Тураўскім княстве (абразок з выявай Эмануіла). Асаблівасцю мастацтва Беларусі ў эпоху Кіеўскай Русі было спалучэнне мясцовых, візант. і раманскіх формаў.

У эпоху ВКЛ на Б. склалася своеасаблівае рэнесансавае (15—16 ст.) і барочнае (17—18 ст.) мастацтва. Творы бел. манум. жывапісу 14—15 ст. амаль не зберагліся, хоць вядома, што ў гэты час існавалі цэхі майстроў, якія размалёўвалі храмы, выконвалі разьбяныя і ювелірныя работы. Беларуская іканапісная школа склалася каля 16 ст. пад уплывам ідэй Адраджэння. У абразах яшчэ захоўваліся традыцыі стараж.-візант. мастацтва, але ім уласцівы ўжо мяккасць, светлы каларыт і развітая сістэма арнаментацыі фонаў («Параскева Пятніца» са Случчыны). Асаблівасць бел. жывапісу выяўлялася і ў шырокім выкарыстанні дэкар. сістэмы пластычных сродкаў — разьбы і лепкі па ляўкасе, накладных элементаў. Іканапіс з 17 ст. адзначаны глыбокай змястоўнасцю вобразаў, блізкасцю да нар. светаўспрымання, насычанасцю этнагр. элементамі («Маці Божая Адзігітрыя» і «Спас Пантакратар», 1632, «Параскева з жыціем», 1659, «Нараджэнне Марыі», 1649, мастак Пётр Яўсеевіч з Галынца). Да 14—15 ст. адносіцца фарміраванне спецыфічнага іканастаса. У яго кампазіцыі яскрава праступае крыжовы стрыжань, які ўтвараўся дамінуючым апостальскім чынам па гарызанталі і цэнтр. абразамі хрысталагічнага цыкла, змешчанымі над царскай брамай па вертыкалі (іканастасы цэркваў з Давыд-Гарадка, Супраслі, Магілёва, Шарашова). З 17 ст. пашырыліся насценныя размалёўкі (у царкве Куцеінскага Богаяўленскага манастыра, 1639, ва Успенскім саборы Жыровіцкага манастыра). У фрэсках Нясвіжскага касцёла езуітаў спалучаны рысы барока і ранняга класіцызму. У сярэдзіне 18 ст. культавы жывапіс набыў шматлікія кірункі: ад нар. прымітыву да пераймання афіцыёзнага свецкага жывапісу. Сярод вядомых тагачасных мастакоў Р.Мядзвецкі з Магілёўшчыны, М.Малашэвіч і Ю.Камінскі з Палесся. Вядучым жанрам свецкага жывапісу з 16 ст. быў партрэт, які ў 17 — пач. 18 ст. дасягнуў асаблівага росквіту: партрэты Юрыя Радзівіла (2-я пал. 16 ст.), Кацярыны Слуцкай (1580), Крыштофа Весялоўскага (1636; аўтары невядомыя). На мяжы 18—19 ст. у свецкім жывапісе пад уплывам класіцызму складаліся гіст., пейзажны, батальны і інш. жанры.

Скульптура Беларусі да 14 ст. захоўвала арган. сувязь са стараж.-рус. традыцыяй, пра што сведчаць творы дробнай пластыкі: разны абраз «Канстанцін і Алена» (12 ст.), крыж-энкалпіён з Лукомля (14 ст.). У скульптуры 15—16 ст. адчуваецца ўплыў гатычнага мастацтва, 17 — пач. 18 ст. — засваенне еўрап. маст. культуры Адраджэння і далейшае яго развіццё ў рамках барока. Творы ранняга барока вызначаюцца пластыкай фігур і майстэрствам вырашэння святлоценявых задач; сталага барока — узмацненнем рэаліст. тэндэнцый у трактоўцы вобразаў; позняга барока — экспрэсіўнасцю пластычнай мовы і павышанай цікавасцю да ўнутранага стану персанажаў. Свецкая скульптура гэтага часу прадстаўлена пераважна партрэтамі-бюстамі з мармуру і керамікі знатных гіст. асоб (надмагіллі Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжскім касцёле езуітаў, Міколы Польскага і Барбары Войны ў в. Крамяніцы Зэльвенскага р-на). Афармленне рукапісных кніг, вядомае на Беларусі 12 ст., у мініяцюрах 14 ст. адзначана пашырэннем жывапісных сродкаў, паслабленнем залежнасці ад візант. канонаў, набыло выразныя рысы рэалізму (Лаўрышаўскае евангелле). З пашырэннем кнігадрукавання развіваецца кніжны дрэварыт, пачатак якому далі выданні Ф.Скарыны (1517). Калі ў ілюстрацыях яго пражскіх выданняў адчуваўся пэўны ўплыў ням. і венецыянскай гравюры, то да канца 16 ст. склаўся і ўласны стыль афармлення кнігі. Ілюстрацыі вызначаліся свецкім характарам, выразнай перадачай тыпажу і асяроддзя, высокай гравёрнай тэхнікай (Пётр Мсціславец, Грынь Івановіч). Асабліва адметныя творы магілёўскай школы гравюры, асновы якой закладзены М.Вашчанкам. У бел. станковай гравюры 18 ст. прыкметнае месца займае лубок.

Хуткімі тэмпамі ў 14—16 ст. развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва, у т. л. маст. апрацоўка металу, кавальская і звоналіцейная справа (звон з в. Моладава Іванаўскага р-на, 1583). Прадметы ўпрыгожання, абклады для абразоў, паціры аздаблялі чаканкай, гравіраваннем, зярненнем, чарненнем, эмалямі, каштоўнымі камянямі. Да ліку высокамастацкіх твораў сярэднявечча адносяцца і керамічныя вырабы, найперш кафля. 17 ст. — час інтэнсіўнага развіцця маст. шкларобства (гл. Шкло мастацкае). Яркую старонку ў яго гісторыю ўпісалі гутнікі і гравіроўшчыкі шкларобных мануфактур кн. Радзівілаў у мяст. Урэчча і Налібакі (пакаленні патомных гравіроўшчыкаў і шліфавальшчыкаў Рымашэўскіх, Залескіх, Дашкевічаў і інш.). У 2-й пал. 17 ст. росквіту дасягнула разьба па дрэве (гл. ў арг. Разьба мастацкая). Творы бел. разьбяроў вызначаліся высокай культурай і майстэрствам, аб’ёмнай пластычнай святлоценявой мадэліроўкай формы, т.зв. беларуская рэзь. З ткацкіх мануфактур 17 — пач. 18 ст. (у Слуцку, Нясвіжы, Міры, Гродне, Слоніме, Ружанах, Дуброўне і інш.) найб. вядомасць набыла Карэліцкая, дзе выкананы славутыя шпалеры ў габеленавай тэхніцы (гл. Карэліцкія шпалеры). Сусветную славу ў 17 ст. набылі слуцкія паясы. Адным з цэнтраў вытворчасці прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва стала Гродна, дзе А.Тызенгаўз заснаваў 21 мануфактуру.

Выключную ролю ў развіцці бел. мастацтва адыграў Віленскі ун-т, дзе з 1797 існавала кафедра мастацтваў, вядомая як Віленская мастацкая школа. Пасля закрыцця ун-та (1832) асн. цэнтрам падрыхтоўкі бел. мастакоў стала Пецярбургская акадэмія мастацтваў. З канца 18 ст. станковы жывапіс паступова вызваляецца ад рэліг. ўплыву, пашыраецца яго жанравая і тэматычная разнастайнасць. У гіст. жанры працавалі Я.Дамель, Я.Сухадольскі, у пейзажным — Гараўскія, Дмахоўскія, К.Русецкі і інш., у нацюрморце — І.Хруцкі, у партрэце — Б.Русецкі, А.Ромер, жанравыя кампазіцыі стваралі К.Альхімовіч, Н.Сілівановіч. Манум. жывапіс застаўся адным з асн. сродкаў фарміравання інтэр’ераў культавых збудаванняў і палацаў. Дэкар.-манум. размалёўка палацаў мела цалкам свецкі характар, ант. міфал. сюжэты і алегарычныя вобразы ў ім спалучаліся з арнаментальнымі кампазіцыямі ў Нясвіжы, Гомелі, у вёсках Жылічы Кіраўскага, Сноў Нясвіжскага р-наў.

У жывапісе пануючы стыль класіцызму ў 1830-я г. саступіў месца рамантызму, узмацніліся рэаліст. тэндэнцыі І.Аляшкевіч, К.Бахматовіч, В.Ваньковіч, С.Заранка, К.Кукевіч, М.Кулеша, М.Падалінскі, Я.Рустэм). Прыкметны след у бел. мастацтве 19 ст. пакінулі акварэліст Н.Орда, графікі М.Э.Андрыёлі, А.Бартэльс, С.Богуш-Сестранцэвіч, Г.Вейсенгоф, Ф.Каменскі, К.Кастравіцкі (гл. К.Каганец), Ф.Пархоменка. Сярод выдатных скульптараў 19 ст. Я.Астроўскі і К.Ельскі. Мемарыяльная, культавая і садова-паркавая скульптура таго часу найчасцей вылучаецца эклектычнасцю; нар. скульптура — максімальнай прастатой выразных сродкаў, эмацыянальнай насычанасцю вобраза, наіўнай пластыкай і каляровай расфарбоўкай.

З актывізацыяй у 19 ст. тэатр. дзейнасці ў Мінску, Магілёве, Віцебску, Гродне, Полацку, Шклове, Брэсце і інш. развіваецца тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва, у якім шырока выкарыстоўваліся сімволіка, этнаграфізм, прадметы нар. побыту і нац. касцюмы (І.Караткевіч, Ю.Рэйнберг і інш.). Для дэкар.-прыкладнога мастацтва характэрны ўзаемаўплыў прамысл. (прафесійнага) і нар. кірункаў. Значных поспехаў дасягнулі арнаментальнае мастацтва, кавальства (жырандоль П.Багрыма); стылі ампір і бідэрмеер праяўляюцца ў вырабах з мастацкага шкла. Пашыранымі нар. маст. промысламі заставаліся ганчарства, ткацтва, разьба па дрэве. Захоўвалася і даўняя традыцыя ўбрання інтэр’ераў храмаў залачонай разьбой.

Мастацкая палітыка першых дзесяцігоддзяў сав. улады вызначалася імкненнем выпрацаваць новы светапогляд на мастацтва, «ачышчанае ад буржуазнай мастацкай анархіі». Феноменам у культуры Беларусі стала маст. жыццё Віцебска 1918—22, калі тут працавалі лідэры авангардызму, стваральнікі «новай» культуры М.Дабужынскі, В.Ермалаева, Л.Лісіцкі, К.Малевіч, М.Шагал і інш. У жывапісе 1920-х г. назіраецца разнастайнасць кірункаў і плыняў. Майстры старэйшага пакалення (В.Волкаў, Т.Віер, Я.Кругер, Ю.Пэн, М.Станюта, М.Эндэ) у сваёй творчасці абапіраліся на традыцыі рус. акадэмічнай школы і позніх перасоўнікаў. Здабыткамі гэтага перыяду сталі творы, заснаваныя на этнагр. матэрыяле, падзеях нац. гісторыі («Бітва на Нямізе», «Народнае гулянне» М.Філіповіча), пейзажы (В.Бялыніцкі-Біруля, У.Кудрэвіч), партрэты. Дасягненні бел. графікі звязаны з творчасцю А.Ахола-Вало, П.Гуткоўскага, В.Дваракоўскага, Я.Драздовіча, Г.Змудзінскага, А.Тычыны і інш.

Эстэтычныя і стылістычныя пошукі выразна праявіліся ў скульпт. творах А.Бразера, А.Грубэ, М.Керзіна. Скульпт. помнікі, створаныя паводле ленінскага плана манум. прапаганды, мелі характар агітацыйных аднадзёнак.

У 1923 у Віцебску на базе Віцебскага народнага мастацкага вучылішча заснаваны Віцебскі мастацкі тэхнікум, які быў асн. навучальнай установай у даваенны перыяд. Намаганнямі маст. секцыі Інбелкульта творчыя сілы згуртаваны ва Усебеларускае аб’яднанне мастакоў (1927). З 1925 сістэматычна праводзіліся рэсп. і рэгіянальныя маст. выстаўкі. Складанасць развіцця бел. мастацтва ў 1930-я г. выяўлялася ў адначасовым праяўленні творчай ініцыятывы мастакоў і жорсткай ідэалагічнай цэнзуры. Адзіны для ўсяго сав. мастацтва метад сац. рэалізму зацвярджаў ідэалагічную тэндэнцыйнасць і абмяжоўваў свабоду творчасці. У часы сталінскіх рэпрэсій многія мастакі выселены, некаторыя самі пакінулі радзіму, ліквідаваны маст. групоўкі «Прамень», «Рэвалюцыйная арганізацыя мастакоў Беларусі», але створаны Саюз мастакоў Беларусі, заснавана карцінная галерэя. Гал. змест мастацтва ў гэты час вызначала гіст.-рэв. тэматыка. Сталы прафесіяналізм рэаліст. жывапісу праявіўся ў палотнах І.Ахрэмчыка, І.Давідовіча, Я.Зайцава, К.Касмачова, М.Пашкевіча, у скульптурах З.Азгура, А.Бембеля і інш. Мастацтва Зах. Беларусі было звязана з ідэямі адраджэння нац. культуры. У рэчышчы актуалізацыі гіст. падзей і нар. традыцый працавалі Я.Горыд, Драздовіч, Р.Семашкевіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук і інш. Наватарствам у бел. жывапісе стала распрацоўка Драздовічам серый на касм. тэмы.

У Вял. Айч. вайну і пасляваенны перыяд пачата стварэнне выяўл. летапісу подзвігу сав. народа ў вайне. У 1945 адноўлена карцінная галерэя, у 1947 заснавана Мінскае маст. вучылішча, у 1953 — маст. ф-т пры Бел. тэатр.-маст. ін-це (з 1991 Беларуская акадэмія мастацтваў). Пераадольваючы нарматыўнасць і стэрэатыпы 1930-х г., бел. мастакі ствараюць карціны больш разнастайныя па сюжэтах і глыбокія па псіхал. распрацоўцы вобразаў. У жывапісе пераважаў гіст.-рэв. жанр (А.Гугель, Р.Кудрэвіч, Сергіевіч); развіваліся таксама гіст. (Г.Бржазоўскі, Н.Воранаў, Я.Ціхановіч), бытавы (А.Бархаткоў, Волкаў, А. і С.Ткачовы), партрэтны (Ахрэмчык, Волкаў, У.Кухарэнка, З.Паўлоўскі, А.Шыбнёў, П.Явіч і інш.), пейзажны (Бялыніцкі-Біруля, П.Данелія, М.Дучыц, В.Цвірка, М.Чураба і інш.) жанры. У скульптуры пластычнай выразнасцю вызначаліся работы Азгура, П.Белавусава, Бембеля, А.Глебава, А.Курачкіна і інш. Наяўнасць багатых нар. традыцый жывіла развіццё маст. размалёўкі, апрацоўкі дрэва, керамікі, ткацтва і вышыўкі. У жывапісе 1960-х г. нараджаюцца новыя тэндэнцыі, звязаныя з прыходам плеяды маладых мастакоў: М.Савіцкага, І.Стасевіча, У.Стальмашонка, В.Шаранговіча, Л.Шчамялёва і інш. Дамінуючымі становяцца манументалізацыя кампазіцыі і вобразнага ладу, нарастанне сімвалічных элементаў. Шматзначнасць маст. вобразаў са складаным філас. падтэкстам выявілася ў творах Савіцкага («Партызанская мадонна», «Поле»), В.Грамыкі («Над Прыпяццю»), М.Данцыга («Беларусь — маці партызанская»), М.Залознага («Салдаткі»), Г.Вашчанкі («Балада пра мужнасць»), А.Кішчанкі («Агонь бацькоў»). У распрацоўцы гіст.-рэв. тэмы назіраецца імкненне да паглыблення псіхал. характарыстыкі герояў, рамант. узнёсласці і гераізацыі вобразаў (Б.Аракчэеў, Л.Асядоўскі, Касмачоў і інш.). У адлюстраванні сучаснасці павялічваецца публіцыстычнасць і псіхалагізацыя (М.Казакевіч, Савіцкі), заўважаецца вяртанне да традыцыйных каштоўнасцяў прымітыву (В.Сумараў — «Мой дом»), цвярозы рэалізм (Стасевіч — «Шахцёры Салігорска», П.Крохалеў — «Партрэт калгасніцы») і ўзнёслы рамантызм (Вашчанка — «Маё Палессе»), У жывапісе 1970—80-х г. нарастае сінтэзаванне сродкаў і прыёмаў, павялічваецца асацыятыўнае ўздзеянне, ускладняюцца вобразы (В.Альшэўскі — «Адзіноцтва», А.Марачкін — «Вясельная брама», М.Селяшчук — «Матылькі тут не жывуць», У.Тоўсцік — «Вясна 1985. Пачатак»). У рэчышчы сучаснага разумення жывапісу, дзе пачуццёвы пачатак пераважаў над рацыянальным, развівалася творчасць М.Бушчыка, Казакевіча, А.Кузняцова, Р.Ландарскага, З.Літвінавай, К.Малішэўскага, І.Рэя, Цвіркі, Шчамялёва, Н.Шчаснай. Спадчына класічнага мастацтва прасочваецца ў творах І.Бархаткова, І.Дзьмухайлы, М.Ісаёнка, Б.Казакова, П.Масленікава, Г.Скрыпнічэнкі. Чарнобыльскай трагедыі прысвяцілі цыклы сваіх твораў В.Альшэўскі, Вашчанка, У.Кожух, Савіцкі, Шкаруба і інш. Паглыбляецца філас. асэнсаванне часу, сучаснасці. Пашыраецца тэма адраджэння нац. гісторыі (М.Апіёк, У.Гоманаў, Марачкін, У.Пасюкевіч, Рэй і інш.). У жанры партрэта плённа працавалі Л.Дударанка, М.Кірылаў, А.Ксяндзоў, А.Кузьміч, У.Масленікаў, В.Пратасеня, В.Сахненка і інш. Адметная рыса манум. жывапісу — імкненне да новых прынцыпаў узаемасувязі з архітэктурай, эмацыянальнага ладу маст. мовы і фалькл. сімволікі (размалёўка Вашчанкі ў тэхніцы энкаўстыкі «Асветнікі», Літвінавай і С.Каткова ў кінатэатры «Вільнюс» і Палацы чыгуначнікаў, цыкл мазаічных пано Кішчанкі на тарцах жылых дамоў у мікрараёне Усход 1 у Мінску, вітраж Стальмашонка і В.Даўгала «Свята зямлі беларускай»). У тэатр.-дэкарацыйным мастацтве назіраюцца 2 тэндэнцыі: традыц. жывапісна-аб’ёмны прынцып афармлення і філас.-вобразнае абагульненне з апорай на элементы сімволікі, метафары. Разам з прызнанымі майстрамі М.Волахавым, В.Галубовічам, А.Грыгар’янцам, Масленікавым, С.Нікалаевым, Я.Нікалаевым, Я.Чамадуравым, М.Якуніным паспяхова працавалі маладыя мастакі Б.Герлаван, Я.Ждан, Я.Лысік, А.Салаўёў, Ю.Тур і інш.

У графічных творах т.зв. «шасцідзесятнікаў» (Л.Асецкі, Кашкурэвіч, Г.Паплаўскай) — А.Паслядовіч — фальклорны пачатак, нар.-эпічны строй кампазіцыі. На змену жорсткім рытмам прыйшоў своеасаблівы лірызм, імкненне да філас. развагі ў творах М.Басалыгі, У.Басалыгі, С.Волкава, П.Драчова, А.Зайцава, Ю.Зайцава, Я.Куліка, Шаранговіча. У творчае жыццё ўліліся графікі Ю.Герасіменка-Жызнеўскі, М.Купава, Л.Марчанка, У.Савіч, В.Славук і інш., якія імкнуцца да асацыятыўнасці і філіграннасці выканання. У акварэльным жывапісе асабліва вызначаецца Віцебская школа акварэлі. Актыўна развіваецца плакат (У.Васюк, У.Жук, Р.Данчанка, Л.Кальмаева, У.Крукоўскі, І.Радунскі, М.Стома, А.Чуркін і інш.), мастацтва афармлення кнігі.

У скульптуры фарміруецца тыпалагічны від мемарыяльных комплексаў («Хатынь», Курган Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі). Асн. тэндэнцыяй тэматычна-вобразнага кірунку скульптараў становіцца гістарызм; расце іх імкненне да фарміравання новага сучаснага асяроддзя (А.Анікейчык, С.Вакар, С.Гарбунова, А.Глебаў, Т.Глебаў, Л.Гумілеўскі, І.Засімовіч, А.3аспіцкі, К.Селіханаў, А.Шатэрнік, В.Янушкевіч).

Дэкар.-прыкладное мастацтва адзначана больш інтэнсіўным развіццём маст. промыслаў (маст.-вытворчы камбінат у Барысаве, «Дываны Брэста», павялічыліся магутнасці Мінскага фарфоравага завода, Барысаўскага і Бярозаўскага шклозаводаў). У стылістыцы вобразаў адбываліся змены ад упрыгожвання прадметных формаў да утылітарна-канструкцыйнай мэтазгоднасці. Паспяхова працуюць керамісты В.Гаўрылаў, Г.Гаркуноў, Т.Кіршчына, Л.Панамарэнка, Л.Багданаў, Т.Сакалова; у дробнай пластыцы — І.Краўчанка, М.Пушкар, Ф.Зільберт, А.Канцуба, А.Зіменка, М.Байрачны, В.Данчук. Да ганчарных традыцый звяртаюцца Ф.Шостак, Г.Крамко, М.Бяляеў, У.Угрыновіч і інш. Змены формаў і дэкору адбываюцца ў маст. шкле (А.Абрамава, Я.Гладкова, Г.Ісаевіч, Л.Мягкова, У.Пракоф’еў, Н.Растоўцава), сувязь з нар. традыцыямі выявіліся ў работах У.Жохава, У.Мурахвера. Вядучыя пазіцыі ў дэкар. мастацтве 1970—80-х г. займае габелен, у якім выкарыстоўваюцца выразныя сродкі дыванаткацтва (А.Бельцюкова, Гаркуноў, В.Нямцоў і інш.). Адметныя манум. сюжэтна-тэматычныя габелены Г.Юзеевай-Шаблоўскай і Салохіна «Белая Русь ты мая», В.Дзёмкінай «Чорная быліна», Кішчанкі «Музыка», камерны і міні-габелен В.Грызінай «Чаканне». З 1960-х г. адраджаецца і шырока развіваецца мастацкая саломка (Т.Агафоненка, К.Арцёменка, В.Гаўрылюк, Л.Главацкая, М.Дзехцярэнка, В.Дзехцярэнка, Л.Лось). Маст. апрацоўка дрэва развіваецца пераважна ў кірунку стварэння утылітарна-дэкар. рэчаў і аб’ёмнай пластыкі (В.Альшэўскі, А.Міхеенка, А.Пупко і інш.).

Працэс дэмакратызацыі, які пачаўся ў канцы 1980-х г., разбурыў у сферы мастацтва ідэалаг. каноны сав. перыяду, легалізаваў «падпольныя» кірункі ў мастацтве (т.зв. андэрграўнд), пашырыў міжнар. сувязі мастакоў, паклаў пачатак фарміраванню на Беларусі рынку мастацтва. Праявамі пазітыўных зрухаў стала адкрыццё маст. прыватных галерэй у Мінску, Наваполацку, Віцебску і інш.; стварэнне маст. груповак па творчых або ідэйных інтарэсах «Няміга-17», «Пагоня», «Верасень» у Мінску, «Квадрат» у Віцебску; правядзенне выставак розных кірункаў і стыляў ад авангарднага да традыц. рэалістычнага. З 1990-х г. вядуцца значныя рэстаўрацыйныя работы ў культавых збудаваннях, адраджаецца бел. іканапісная школа.

У 1995 у Мінску заснавана Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва.

Музыка. Вытокі бел. муз. мастацтва ў нар. творчасці ўсх. славян. Першымі носьбітамі муз. прафесіяналізму былі скамарохі, музыкі (цымбалісты, скрыпачы, гусляры, лірнікі, дудары, дудачнікі, бубністы і інш.), а таксама музыканты ў храмах і манастырах. У царк. музыцы 11—12 ст. сфарміраваўся самабытны, арыгінальны па форме і змесце знаменны распеў, да 15 ст. склаліся яго лакальныя тыпы, у т. л. беларускі. Аднагалосыя знаменныя песнапенні служылі асн. голасам у шматгалосых радковых спевах, якія падрыхтавалі ўзнікненне стылю партэсных спеваў, што ўсталяваўся на Беларусі ў 2-й пал. 16 ст., а ў 17 ст. бел. (А.Мезянец і інш.) і ўкр. майстрамі ўводзіўся ў рус. царк. практыку. У 15 ст. пачала фарміравацца бел. кантавая культура, якая дасягнула росквіту ў 18 ст., калі сталі пашырацца песні-гімны свецкага (канты) і рэліг. (псалмы) зместу. Узбагачэнне інтанац. ладу бел. кантаў элементамі быт. музыкі, вак. і інстр. выканальніцтва адбывалася адначасова з яго фалькларызацыяй, што спрыяла фарміраванню спецыфічнай муз. кантавай стылістыкі, якая ўплывала на многія галіны бел. музыкі да 20 ст. З буд-вам касцёлаў на Беларусі (15—16 ст.) звязана паяўленне аргана і папулярызацыя арганнай музыкі. Асяродкамі царк. і свецкай муз. культуры 16—17 ст. былі брацкія школы, муз. бурсы пры калегіумах і манастырах (у т. л. Жыровіцкая, Гродзенская, Полацкая, Віцебская, Магілёўская). Яны мелі свае капэлы, тэатры, якія ставілі даволі складаныя спектаклі (часам наз. операмі). У духоўных семінарыях працавалі кампазітары Вус, В.Няльгоўскі, І.Дабравольскі і інш. З пашыраных у той час рукапісных зборнікаў захаваліся каштоўныя помнікі муз. культуры 16—17 ст. «Полацкі сшытак» і «Куранты». Вядомы ўзор школьнай оперы 18 ст. «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага на лібр. М.Цяцерскага, дзе побач з прыкметамі зах.-еўрап. камічнай оперы ёсць і беларускія (песня Мужыка). Першыя спробы нотадрукавання на Беларусі адносяцца да 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. Канцыяналы, выдадзеныя ў Брэсце, Любчы (Навагрудскі р-н), Нясвіжы, Ракаве, адлюстроўваюць асаблівасці мастацтва, народжанага рэфармацыйным рухам. Напружанасць паліт.-эканам. становішча на Беларусі ў 18 ст., абвастрэнне этнічных і рэлігійна-канфесіянальных супярэчнасцяў ускладнялі развіццё бел. муз. мастацтва. У 18 — пач. 19 ст. значную ролю ў фарміраванні прафес. кампазітарскага і выканальніцкага мастацтва адыгралі магнацкія тэатры, капэлы (гл. Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла, Слонімскі тэатр Агінскага, Шклоўскі тэатр Зорыча, Сапегаў тэатры, Прыгонныя аркестры і капэлы), балетныя і муз. школы, дзе пераважна працавалі прафес. кампазітары, дырыжоры, спевакі і інструменталісты, запрошаныя з зах.-еўрап. краін. Высокі прафес. ўзровень іх твораў (напр., опера «Агатка, або Прыезд пана» Я.Д.Голанда), спектакляў, канцэртаў быў пэўным арыенцірам для мясц. кампазітараў М.Радзівіла (опера «Войт паселішча ў Альбе»), М.Казіміра Агінскага (опера «Зменены філосаф», «Елісейскія палі», вак. цыкл «Да Касі» і інш.), М.Клеафаса Агінскага, у творчасці якога сфарміраваўся канцэртны паланэз. Адбывалася станаўленне аркестра зах.-еўрап. тыпу. У 19 ст. вырасла цікавасць да нар. творчасці (збіранне, публікацыя, вывучэнне, апрацоўка, выкарыстанне ў кампазітарскай дзейнасці). Бел. нац. фальклор выкарыстоўвалі А.Абрамовіч (фп. паэма «Беларускае вяселле»), Ю.Шадурскі (аперэта «Тарас на Парнасе») і інш. Адзін з першых збіраць і вывучаць муз. нар. творчасць пачаў М.Ельскі («Танцы люду Мінскай губерні»). Творчасць Н.Орды (вядомы і як тэарэтык, аўтар «Граматыкі музыкі»), Ф.Міладоўскага (аперэта «Канкурэнты»), П.Карафы-Корбута, К.Марцінкевіч, І.Глінскага, М.Грушвіцкага, I.Гузікава, І.Дабравольскага, М.Драздоўскай, Я.Ёдкі, Ф.Лапаты, І.Падабедава, У.Памарнацкага, К.Скібінскага, Л.Скрабецкага, Д. і В.Стафановічаў, Т.Юзафовіч-Бароўскай, М.Ячыноўскай, іх грамадска-асв. дзейнасць, як і дзейнасць музычных таварыстваў і школ, у т. л. прыватных, сведчаць пра станаўленне бел. муз. мастацтва. У 1871—97 працавала Мінскае вучылішча арганістаў. Узбагачэнню бел. музыкі спрыяла творчасць С.Манюшкі, які звяртаўся да бел. нар. песні ў аперэце «Рэкруцкі набор», камічных операх «Сялянка» («Ідылія»; абедзве з К.Кржыжаноўскім), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», у пач. 20 ст. — М.Карловіча («Спрадвечныя песні», «Літоўская рапсодыя»), дзейнасць Дз.Агрэнева-Славянскага, А.Грачанінава, якія апрацоўвалі бел. нар. песні і ўводзілі іх у канцэртную практыку, М.Янчука на чале Музычна-этнаграфічнай камісіі. Бел. музыцы пач. 20 ст. ўласцівыя разнастайныя дэмакр. формы аматарскага музіцыравання. Пры нар. вучылішчах, прыходскіх школах ствараліся хары, у гарадах і мястэчках — муз.-драм. гурткі, якія ладзілі беларускія вечарынкі з выкананнем бел. нар. песень і танцаў. З Беларускім музычна-драматычным гуртком у Вільні і трупай І.Буйніцкага звязана дзейнасць Л.Рагоўскага. Рост нац. самасвядомасці, утварэнне дзяржаўнасці прадвызначылі карэнныя змены ў развіцці бел. музыкі. У 1920-я г. бел. муз. мастацтва, якое разам з афіц. дзярж. падтрымкай атрымала і дырэктыўную рэгламентацыю, развівалася ў галінах прафес. творчасці, выканальніцтва, музычнай адукацыі, эстэт. выхавання працоўных. Важнае значэнне мела адкрыццё музычных школ, народных кансерваторый. Прыкметнай была дзейнасць хароў (у Мінску на чале з У.Тэраўскім). Пачалі працаваць Бел. муз. тэхнікум (1924; гл. Мінскае музычнае вучылішча імя М.І.Глінкі), Беларуская студыя оперы і балета, якая падрыхтавала адкрыццё Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі (1933; з 1996 творчае аб’яднанне Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь), Дзяржаўны сімф. аркестр БССР (1927), Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь (1930), Беларуская акадэмія музыкі, Беларуская філармонія, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь. З 1920-х г. набыла інтэнсіўны характар дзейнасць бел. кампазітараў М.Чуркіна (1-я сімфаньета і опера «Вызваленне працы»), М.Аладава (опера «Тарас на Парнасе», фп. квінтэт), Я.Цікоцкага (1-я сімфонія), М.Анцава, М.Мацісона, Тэраўскага, Т.Шнітмана; творчую працу пачалі Р.Пукст, А.Туранкоў, В.Яфімаў. Асн. жанры — кантаты, хары, рамансы, апрацоўкі бел. нар. песень, а таксама новы для нац. культуры жанр масавай песні з накіраванай тэматыкай (услаўленнем рэв. барацьбы, сав. рэчаіснасці). У музыцы 1930 — пач. 1940-х г., больш разнастайнай у жанравых і стылявых адносінах, замацоўваюцца праграмнасць (гл. Праграмная музыка), прадвызначаная тэматыка, пэўныя драматургічныя і жанрава-кампазіцыйныя мадэлі. Напісаны вак.-сімф. творы: паэмы «Над ракой Арэсай» Аладава і «Казка пра Мядзведзіху» А.Багатырова, кантаты «Тапелец» М.Крошнера і «Ваявода» П.Падкавырава, «Паэма аб Чырвонай Арміі» Пукста і «Маналог скупога рыцара» Цікоцкага, сімфоніі Аладава (2-я), В.Залатарова (3-я «Чэлюскінцы», 4-я «Беларусь»), Цікоцкага (2-я); сюіты на нар. тэмы (Залатарова, Крошнера, Пукста, Туранкова, Чуркіна, М.Шчаглова-Куліковіча); муз. камедыі «Кухня святасці» Цікоцкага, «Кок-сагыз» Чуркіна, «Зарэчны барок» С.Палонскага і М.Іванова; канцэрты для фп. з арк. А.Клумава, Шчаглова, для скрыпкі з арк. Падкавырава і Г.Столава. У харавой і камерна-вак. музыцы працавалі Пукст, Р.Самохін, М.Равенскі, у жанры масавай песні Іваноў, І.Любан, Палонскі, Н.Сакалоўскі, Шчаглоў, Яфімаў. Значнай вяхой у бел. муз. культуры сталі оперы «Міхась Падгорны» Цікоцкага, «У пушчах Палесся» Багатырова, «Кветка шчасця» Туранкова, «Кацярына» Шчаглова, балет «Салавей» Крошнера, цікавыя перш за ўсё нац. характэрнасцю муз. мовы, увасабленнем нар. песень і танцаў. У Вял. Айч. вайну ў творчасці кампазітараў пераважала героіка-патрыят. тэматыка. Большасць кампазітараў працавала ў песенным жанры, дзе дамінавалі харавыя творы гераічна-заклікальнага характару. З твораў буйной формы найб. значныя кантаты «Ленінградцы» і «Беларускім партызанам» Багатырова, балада «У суровыя дні» і паэма «З дзённіка партызана» Аладава (абедзве для сімф. арк.). У акупіраваным Мінску творчую дзейнасць працягвалі Туранкоў, Шчаглоў (оперы «Лясное возера», «Усяслаў Чарадзей»), у Чэрвені — Равенскі. Вял. падзеяй у муз. жыцці Беларусі стала пастаноўка ў вызваленым Мінску оперы «Алеся» (1944) Цікоцкага. Тая ж тэматыка пераважала і ў 2-й пал. 1940—1950-я г. Адначасова фарміраваліся ідэалагізаваныя тэматычныя стэрэатыпы, адбывалася тыпізацыя мадэляў муз. твораў. Сярод найб. значных твораў гэтага перыяду: сімфоніі Аладава, Багатырова, Падкавырава, Пукста, Р.Бутвілоўскага, У.Чараднічэнкі, сімф. паэмы У.Алоўнікава, інстр. канцэрты Дз.Камінскага, Падкавырава; оперы «Андрэй Касценя» Аладава, «Надзея Дурава» Багатырова, «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса, «Машэка» і «Марынка» Пукста, балет «Князь-возера» Залатарова. Узбагачэнне жанру раманса звязана з імёнамі Л.Абеліёвіча (вак. цыклы на вершы М.Багдановіча, Р.Бёрнса), Багатырова (на вершы Я.Купалы, М.Багдановіча, А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, У.Шэкспіра), Лукаса (на вершы Э.Агняцвет, Л.Украінкі), Пукста (на санеты А.Звонака). Высокая харавая культура ў рэспубліцы, дзейнасць Дзярж. харавой капэлы, Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь, Хору акадэмічнага Беларускага тэлебачання і радыё спрыялі працы кампазітараў у харавым, аратарыяльна-кантатным жанрах (кантаты «Сорак год» Аладава, «Беларусь» Багатырова, «Палі стэпавыя» І.Кузняцова, «Памяці Канстанціна Заслонава» Ю.Семянякі). У жанры масавай песні найб. плённа працавалі Алоўнікаў, Кузняцоў, Палонскі, Пукст, Сакалоўскі, Семяняка. З 1960-х г. расце цікавасць кампазітараў да маральна-філас. праблематыкі, імкненне спасцігнуць сістэму нар.-муз. мыслення, больш глыбокая трактоўка нацыянальнага; істотна мяняюцца адносіны да муз. драматургіі (гл. Драматургія музычная). У бел. музыцы 1970-х г. адзначаюцца якасныя змены, часам апазіцыйныя да традыцый і папярэдніх жанравых і стылявых нарматываў, што найперш выявілася ў творчасці Абеліёвіча (сімфоніі, «Фрэскі» для фп.), Я.Глебава (сімфоніі, балеты), С.Картэса (вак.-сімф. паэма «Попел», канцэрт для фп. з арк. «Капрычас»), Дз.Смольскага (араторыя «Песні Хірасімы», «Актафонія», сюіта «Гульня святла», камерная музыка), А.Янчанкі («Эроіка») і інш. Агульныя тэндэнцыі, уласцівыя музыцы 1970—80-х г., найб. выразна выяўлены ў сімф. і вак.-сімф. жанрах: сімфоніях Г.Вагнера, В.Войціка, У.Дамарацкага, У.Дарохіна, Л.Захлеўнага, А.Мдывані, Ф.Пыталева, Смольскага, А.Соніна, Р.Суруса, творах для камернага ці струннага аркестра Альхімовіча, А.Бандарэнкі, Вагнера, Войціка, А.Елісеенкава, В.Капыцько, В.Кузняцова, А.Літвіноўскага, А.Навахроста. У творах канцэртнага жанру пры агульнай тэндэнцыі да сімфанізацыі, стылістычнага размежавання традыцыйнага і новага (канцэрты для аркестра Бандарэнкі, Дамарацкага, С.Наско, Кузняцова) павялічваецца роля віртуознага выканальніцтва, прынцыпу канцэртавання. У сферы жанру амаль усе віды саліруючых інструментаў: фп. (Вагнер, В.Кандрасюк, У.Кандрусевіч, В.Раінчык, Сонін), скрыпка (Вагнер, Г.Гарэлава, Пыталеў, Смольскі, Сурус, С.Янковіч), віяланчэль (Мдывані, Смольскі, Солтан), кантрабас (Багатыроў, У.Каральчук), габой (Гарэлава, К.Цесакоў), труба (Дамарацкі, Іваноў, А.Клеванец, Э.Наско), валторна (В.Браілоўскі), цымбалы (Войцік, У.Кур’ян, Смольскі, Цесакоў), балалайка (Гарэлава), ударныя (Залётнеў). У вак.-сімф. творах больш выразным стала кампазіцыйна-драматургічнае ўзаемадзеянне жанраў, уласцівае сучаснай музыцы. Узмацняюцца пошукі новых формаў сувязі музыкі і слова, больш увагі аддаецца тэмбрава-каларыстычным сродкам, нестандартным жанрава-кампазіцыйным вырашэнням: араторыі «Бітва за Беларусь» Багатырова, «Памяць Хатыні» Войціка, «Свяці, зара» Глебава, «Памяці паэта» Картэса, «Мая Радзіма» і «Паэт» Смольскага, «Лісткі календара» Залётнева, «Сказ пра Ігара» і рэквіем «Памятайце» Л.Шлег і інш.; кантаты Багатырова («Беларускія песні»), Бельцюкова, Гарэлавай («У год сусветнага пажару»), Казачкова, Кандрусевіча, Навахроста, Н.Усцінавай, Шлег; харавыя канцэрты (Бандарэнка, Ш.Ісхакбаева, Казачкоў, Я.Паплаўскі і інш.); вак.-сімф. паэмы Вагнера, А.Гурава, Картэса, В.Кузняцова, Э.Наско, В.Помазава. Працягвалася работа ў традыц. харавым жанры, але пераважна ў новым рэчышчы — на аснове нар.-песенных тэкстаў створаны харавыя цыклы (Войцік, Захлеўны, Казачкоў, В.Кузняцоў, М.Літвін, Мдывані, А.Рашчынскі, Л.Сімаковіч, Сурус, В.Сярых, С.Хвашчынскі, А.Чыркун, Шлег і інш.). Плюралізм стылю яскрава выявіўся ў камернай музыцы 1980—90-х г.: камерных ансамблях Залётнева, Кандрасюка, В.Карэтнікава, Кур’яна, Літвіна, У.Палуэктава, Смольскага, Цесакова, санатах Суруса, Л.Мурашка, Э.Тырманд, Усцінавай і інш. Уводзяцца новыя спалучэнні інструментаў і тэмбраў, новыя кампазіцыі, абумоўленыя пэўнай маст. задумай («Паўночны вецер», «Матэт» Капыцько, «Медытацыя» Каральчука, «Стужка Мёбіуса» В.Кузняцова, «Брыдкае качаня» Шлег і інш.). Музыка для нар. інструментаў (Дамарацкі, Іваноў, В.Кузняцоў, Кур’ян, Мдывані, Помазаў і інш.) адпавядае высокаму выканальніцкаму ўзроўню Дзярж. нар. аркестра і ў сваю чаргу стымулюе яго ўдасканаленне. Пашырэнню жанравага дыяпазону творчасці бел. кампазітараў спрыяла стварэнне Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь, ансамбля салістаў «Класік-Авангард», Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь, Мінскага абласнога камернага хору «Санорус», Гродзенскай капэлы, хору «Унія», вак. ансамбля «Камерата», Мінскага духавога аркестра «Няміга» і інш. Значныя дасягненні бел. кампазітараў у камерна-вак. музыцы. Дасканаласцю формы, тонкай паэтычнасцю адзначаны вак. цыклы Абеліёвіча (на вершы Г.Ахматавай, Ф.Цютчава), Багатырова (на вершы А.Куляшова, П.Броўкі), Падкавырава (на вершы Г.Гейнэ), Смольскага (на вершы Ф.Гарсіі Лоркі, А.Вазнясенскага, Ахматавай, М.Цвятаевай, Б.Пастарнака), Тырманд (на вершы Б.Дадзье, М.Танка), Гарэлавай (на вершы Цвятаевай), Шлег (на вершы М.Багдановіча), І.Лучанка (на вершы С.Капуцікян). У песенным жанры пры захаванні ўстойлівых рысаў і перавагі тэматычных мадэляў няспынна адбываюцца якасныя змены, выкліканыя асаблівасцямі сучаснай манеры эстраднага выканання, уплывам інш. жанраў ці калектываў з індывід. выканальніцкім стылем («Песняры», «Сябры», «Верасы», «Свята» і інш.). Найб. плённа ў жанры песні працуюць Лучанок, Глебаў, Буднік, Э.Зарыцкі, Захлеўны, Іваноў, Семяняка, Э.Ханок, Елісеенкаў, У.Мулявін, Раінчык, І.Палівода, Хвашчынскі, Дз.Яўтуховіч. Новая плынь у бел. муз. мастацтве 1980—90-х г. — духоўная музыка (араторыя «Іканастас» Шлег, духоўныя канцэрты Шлег, Капыцько, Бандарэнкі). Творчая моладзь і кампазітары сярэдняга пакалення звяртаюцца да эстэтыкі і стылістыкі разнастайных кампазіцыйных сістэм сучаснага сусв. мастацтва (Бельцюкоў, Войцік, Залётнеў, Капыцько, Кузняцоў, Літвіноўскі, Паплаўскі, Сонін і інш.). У 1960—90-я г. значнае развіццё атрымалі муз.-тэатр, жанры, сярод якіх побач з песеннымі операмі «Калючая ружа» і «Калі ападае лісце» Семянякі і творы складанай драматургіі і кампазіцыі (балеты «Мара» Глебава, «Святло і цені» Вагнера, «Крылы памяці» Кандрусевіча). Плённы зварот кампазітараў да літ. твораў Я.Купалы (балеты «Выбранніца», «Курган» Глебава), Я.Коласа (опера «Новая зямля» Семянякі), В.Быкава (балет «Альпійская балада» Глебава, опера «Сцежкаю жыцця» Вагнера), У.Караткевіча (оперы «Сівая легенда» Смольскага, «Дзікае паляванне караля Стаха» Солтана), Л.Талстога (балет «Пасля балю» Вагнера), М.Булгакава, Ш. дэ Кастэра, А. дэ Сент-Экзюперы (адпаведна опера «Майстар і Маргарыта», балеты «Тыль Уленшпігель» і «Маленькі прынц» Глебава), Б.Брэхта, Ф.Дзюрэнмата (адпаведна оперы «Матухна Кураж» і «Візіт дамы» Картэса), да лёсу рэальных гіст. асоб — Ф.Скарыны (опера «Францыск Скарына» Смольскага), наваградскага князя Войшалка (опера «Князь Наваградскі» Бандарэнкі), М.Багдановіча (оперы «Зорка Венера» Семянякі, «Максім» Паліводы), Рагнеды (балет «Страсці» Мдывані), Дж.Бруна («Джардана Бруна» Картэса). Створаны таксама оперы «Пані Ядвіга» Солтана, балет «Апошні інка» Картэса, оперы для дзяцей «Вясновая песня» Войціка, «Анчутка» Кандрасюка, «Таямніца старога замка» Кандрусевіча, «Дзіцячыя сны» Ісхакбаевай, балет «Бураціна» і мюзікл «Нявеста для Марціна» Кандрусевіча і інш. У садружнасці з Дзяржаўным тэатрам музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь у жанры аперэты і мюзікла актыўна працавалі Семяняка («Паўлінка», «Пяе «Жаваранак», «Тыдзень вечнага кахання», «Сцяпан — вялікі пан»), Сурус («Несцерка», «Судны час»), Кандрусевіч («Джулія», «Інтрыга»), Глебаў («Мільянерка»), Мдывані («Дзяніс Давыдаў») і інш. Шмат увагі кампазітары аддаюць тэатральнай музыцы і кінамузыцы. Характэрныя рысы бел. музыкі 1980—90-х г. — асіміляцыя новых якасцяў у межах індывід. творчага стылю, пэўнага жанру, структуры (формы), кампазіцыі, драматургіі твора, вытанчаная праца з усімі элементамі народнапесеннага матэрыялу — інтанацыяй, метрарытмам, ладам. Узаемадзеянне гэтых плыняў на розных узроўнях, ад гукавышыннай арганізацыі да эстэтыкі маст. вобраза, абумоўлівае багацце і разнастайнасць бел. муз. мастацтва. Актыўна прапагандуюць бел. музыку разам з інш. калектывамі Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё, Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь і інш. З 1980-х г. актыўна развіваецца поп-музыка і рок-музыка, працуюць рок-гурткі «Палац», «Крама», «Высокае неба» і інш. Праводзяцца шматлікія муз. міжнар. і рэсп. фестывалі, у т. л. «Беларуская музычная восень», «Мінская вясна», «Славянскі кірмаш», фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» і інш. Дзейнічае Саюз кампазітараў Беларусі (з 1932). У Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве працуюць абл. філармоніі. Гл. таксама Аперэта, Араторыя, Балет, Опера, Сімфонія, Дзіцячая музыка, Інструментальная музыка, Спевы, Музыказнаўства і інш.

Тэатр. Вытокі нац. тэатр. мастацтва беларусаў у нар. вераваннях, у багатых і шматфарбных абрадах і рытуальных святах. Першапачатковыя элементы сцэн. мастацтва — у карагодах і нар. гульнях, удзельнікамі якіх былі ўсе. Пазней адбыўся падзел на акцёраў і гледачоў. Першымі бел. прафес. акцёрамі былі скамарохі. Яны выступалі ва ўсіх відах фалькл. т-ра. У 16 ст. ўзнік лялечны т-р — батлейка. У 16—18 ст. вял. пашырэнне меў школьны тэатр. Вышэйшае дасягненне фалькл. т-ра — народная драма. У пач. 18 ст. разгарнулі дзейнасць прыватныя гар. і маёнткавыя т-ры, некаторыя з якіх дасягнулі прафес. ўзроўню. У розны час працавалі Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Шклоўскі тэатр Зорыча, т-ры ў Слуцку, Слоніме, Магілёве, Глуску, Дуброўне, Чачэрску і інш. З 1840-х г. мэтанакіраваную дзейнасць па стварэнні бел. прафес. драматургіі і арганізацыі нац. т-ра праводзіў В.Дунін-Марцінкевіч. Яго намаганнямі ў 1852 у Мінску пастаўлены спектакль «Сялянка», у якім сінтэзавана драм., вак. і танц. мастацтва. Але дзейнасць т-ра на бел. мове была забаронена царскімі ўладамі, і «Сялянка» ў гарадах і мястэчках Беларусі паказвалася нелегальна.

Новы этап развіцця бел. сцэн. мастацтва пачаўся ў 20 ст. Яго фундамент закладваўся драматургіяй К.Каганца, Я.Купалы, Я.Коласа, К.Буйло, Л.Родзівіча і інш. Вял. пашырэнне атрымалі беларускія вечарынкі, якія садзейнічалі ўзнікненню прафес. т-ра. Вял. ролю ў развіцці сцэн. мастацтва і абуджэнні нац. свядомасці адыграла Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. Прадоўжыць гэтую справу спрабаваў Ф.Ждановіч, але створанае ім Першае таварыства беларускай драмы і камедыі з-за забароны разгарнула дзейнасць толькі ў крас. 1917. Яно працавала да 1920 у складаных умовах шматлікіх акупацый і частых змен улад. Значны ўклад у развіццё сцэн. мастацтва ў гэты перыяд зрабіў Ф.Аляхновіч. У 1920 распачаў працу арганізаваны Ждановічам Бел. дзярж. т-р (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), які спачатку працягваў традыцыі Першага т-ва бел. драмы і камедыі. Самабытнай непаўторнасцю вызначаўся калектыў, які стварыў і ўзначаліў у 1920 У.Галубок (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр). Тэатральнае мастацтва Беларусі ўзбагаціў і Другі бел. дзярж. т-р (гл. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Развіццё тэатр. мастацтва ў 1920-я г. ішло ў агульным рэчышчы беларусізацыі. У драматургію прыйшло новае пакаленне пісьменнікаў — М.Чарот, В.Гарбацэвіч, М.Грамыка, Ц.Гартны, Я.Рамановіч, В.Шашалевіч і інш., чые творы ўзбагацілі бел. сцэну. Але ў канцы 1920-х г., асабліва пасля пастановы ЦК КП(б)Б па тэатр. дыскусіі 1928, пачаўся нац. і ідэалагічны ўціск. Пад рэпрэсіі трапілі многія дзеячы т-ра і драматургіі. У 1937 расфарміраваны Трэці бел. т-р. У 1920—30-я г. ў Мінску і абл. цэнтрах часта ўзнікалі і ў хуткім часе расфарміроўваліся тэатр, калектывы. Больш стабільнымі былі калгасна-саўгасныя тэатры. Найб. поспехаў т-ры Беларусі дасягнулі ў пастаноўках п’ес пра гіст. мінулае («Бацькаўшчына» К.Чорнага, «У пушчах Палесся» Я.Коласа, «Партызаны» К.Крапівы), на тэмы бел. фальклору («Несцерка» В.Вольскага), класічнай драматургіі («Паўлінка» Я.Купалы, «Беспасажніца» А.Астроўскага, «Апошнія» М.Горкага, «Скупы» Мальера). Падзеяй стала пастаноўка актуальнай сатыр. камедыі К.Крапівы «Хто смяецца апошнім» у БДТ-1. У 1941 т-ры працавалі ў Мінску, Віцебску, Брэсце, Гомелі, Магілёве, Беластоку, Пінску, Бабруйску, Баранавічах, Рагачове (усяго 23). У гады Вял. Айч. вайны большасць тэатр. калектываў спыніла існаванне. Першы і Другі бел. т-ры эвакуіраваны ў тыл, выязджалі на фронт (гл. ў арт. Франтавы тэатральны калектыў). У акупіраванай Беларусі працаваў толькі Мінскі гар. тэатр. У пасляваен. гады многія калектывы аднавілі дзейнасць ці створаны нанава. Аднак тэатраў, якія працавалі на бел. мове, стала менш. Новыя п’есы напісалі К.Крапіва, К.Губарэвіч, І.Дорскі, А.Кучар, А.Маўзон, В.Палескі. У рэпертуары т-раў пераважалі творы пра Вял. Айч. вайну і пасляваеннае жыццё: «З народам», «Людзі і д’яблы» і «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, «Брэсцкая крэпасць» Губарэвіча, «Канстанцін Заслонаў» Маўзона, «Песня нашых сэрцаў» Палескага, «Алазанская даліна» Губарэвіча і Дорскага, «Барабаншчыца» А.Салынскага, «Макар Дубрава» А.Карнейчука і інш. Яскравыя сцэн. вобразы стварылі акцёры Б.Платонаў, Г.Глебаў, І.Ждановіч, Л.Ржэцкая, А.Ільінскі, Л.Рахленка, П.Малчанаў, У.Дзядзюшка, Ц.Сяргейчык і інш., значныя пастаноўкі ажыццявілі рэжысёры Л.Літвінаў, М.Міцкевіч, К.Саннікаў. З 2-й пал. 1950-х г. у тэатр. мастацтве пашырыліся стылявыя пошукі, абнаўлялася і ўзбагачалася вобразная палітра спектакляў. Прыкметнае месца ў рэпертуары т-раў занялі інсцэніроўкі твораў бел. пісьменнікаў: «Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях» і яго паэмы «Сымон-музыка», «Людзі на балоце» І.Мележа, «Сэрца на далоні» і «Снежныя зімы» І.Шамякіна, «Рудабельская рэспубліка» С.Грахоўскага, «Вайна пад стрэхамі» А.Адамовіча. Ставіліся п’есы рускай, савецкай і замежнай класікі: «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага, «Гамлет», «Рамэо і Джульета» і «Кароль Лір» У.Шэкспіра, «Рэвізор» М.Гогаля, «Ворагі» і «Варвары» М.Горкага, «Позняе каханне», «Таленты і паклоннікі» і «Даходнае месца» А.Астроўскага. Дабратворна паўплывала на развіццё сцэн. мастацтва ў 1960—80-я г. драматургія А.Макаёнка, І.Козела, У.Караткевіча, М.Матукоўскага, А.Петрашкевіча, А.Дзялендзіка, А.Дударава, Шамякіна, А.Махнача, І.Чыгрынава, пастаноўкі паводле твораў В.Быкава, Адамовіча. У пач. 1990-х г. пастаўлены п’есы «Тутэйшыя» Я.Купалы і «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча. Плённа працавалі старэйшыя майстры сцэны Г.Макарава, С.Станюта, З.Стома, М.Яроменка, Р.Янкоўскі, А.Клімава і інш. Прыйшло новае пакаленне: акцёры Г.Аўсяннікаў, Т.Гарбук, М.Захарэвіч, В.Тарасаў, Л.Давідовіч, А.Мілаванаў, У.Куляшоў, Т.Кокштыс, Я.Шыпіла, В.Клебановіч, пазней З.Белахвосцік, В.Манаеў, У.Кін-Камінскі, Г.Давыдзька, А.Лабуш, Г.Маланкіна; рэжысёры В.Раеўскі, Б.Луцэнка, В.Мазынскі, В.Маслюк, М.Пінігін, У.Караткевіч. На рубяжы 1980—90-х г. шырыўся студыйны тэатр. рух. Ва ўсіх абл. цэнтрах і ў Маладзечне створаны лялечныя тэатры, павялічылася агульная колькасць т-раў, асабліва беларускіх. Асобныя спектаклі на бел. мове ставілі рус. т-ры Беларусі. У 1996 на Беларусі 26 дзярж. т-раў — у Мінску (11), Брэсце (2), Віцебску (2), Гомелі (2), Гродне (2), Магілёве (2), Маладзечне (2), па аднаму ў Бабруйску, Мазыры, Слоніме. Акцёраў, рэжысёраў, сцэнографаў, тэатразнаўцаў рыхтуюць Беларуская акадэмія мастацтваў, Беларускі універсітэт культуры. Дзейнічае Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі. Гл. таксама Аперэта, Балет, Опера, Акцёрскае мастацтва, арт. пра асобныя т-ры.

Кіно. Першыя вядомыя дакументальныя кіназдымкі на Беларусі адбыліся ў 1914 і адлюстроўвалі падзеі 1-й сусв. вайны, у т. л. «Парад войскаў у Бабруйску ў прысутнасці Мікалая II». У 1922 у БССР створана Упраўленне па справах кінематаграфіі Кінорэсбел (Кіно Рэспублікі Беларусь), у маі 1924 — «Беларускае пралеткіно», у снежні 1924 — Дзярж. ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі (Белдзяржкіно). Рэгулярная кінавытворчасць у БССР пачалася ў 1925 з хронікі і дакумент. фільмаў. У 1926 выйшаў першы маст. фільм «Лясная быль» (паводле аповесці «Свінапас» М.Чарота; рэж. Ю.Тарыч). У 1928 створана кінастудыя маст. фільмаў «Савецкая Беларусь» (напачатку ў Ленінградзе, з 1939 у Мінску). У 1920—30-я г. здымаліся фільмы пераважна на гіст. і рэв. тэмы, часам з прыгодніцкімі сюжэтамі: «Кастусь Каліноўскі» (1928, сцэн. і рэж. У.Гардзін), «Да заўтра» (рэж. Тарыч), «Хвоі гамоняць» (абодва 1929; рэж. Л.Малчанаў), «У агні народжаная» (1930) і «Першы ўзвод» (першы гукавы фільм; 1933, рэж. абодвух У.Корш-Саблін), «Паручнік Кіжэ» і «Балтыйцы» (абодва 1937, рэж. А.Файнцымер). Значная ўвага аддавалася распрацоўцы маральна-этычных праблем: «Суд павінен працягвацца» (1931), «Жанчына» (1932, рэж. абодвух Я.Дзіган), «Двойчы народжаны» (1934, рэж. Э.Аршанскі), «Залатыя агні» (1935), «Шукальнікі шчасця» (1936) і «Мая любоў» (1940, рэж. ўсіх Корш-Саблін). Экранізаваліся творы бел. пісьменнікаў: «Песня вясны» (1929, паводле аповесці Я.Коласа «На прасторах жыцця», рэж. Гардзін), «Палескія рабінзоны» (1934, паводле аднайм. аповесці Я.Маўра, рэж. І.Бахар і П.Малчанаў), «Салавей» (1937, паводле аднайм. аповесці З.Бядулі, рэж. Аршанскі), а таксама паводле твораў А.Чэхава: «Маска» і «Мянтуз» (1938, рэж. С.Сплашноў), «Мядзведзь» (1938) і «Чалавек у футарале» (1939, рэж. абодвух І.Аненскі). У 1928 пакладзены пачатак бел. дзіцячаму кінематографу: з эпізодаў фільма «Лясная быль» зманціравана першая карціна для дзяцей «Грышка-свінапас». Першыя крокі рабіла мультыплікацыйнае кіно (гл. ў арт. Анімацыйнае кіно). З пач. 1930-х г. выпускаліся кіначасопісы «Савецкая Беларусь» і «На варце». У 1935 пачала дзейнасць Мінская студыя кінахронікі. У дакумент. кіно пераважала сацыяльна-публіцыст. накіраванасць: «Такая наша Беларусь» (1927), «Калгас» (1928), «Заваяваная зямля» (1930), «На ўздыме» (1931, рэж. Л.Эпельбаўм), «Права на працу», «Права на адукацыю», «Права на адпачынак» (усе 1936, рэж. І.Вейняровіч і У.Стральцоў). У 1920—30-я г. ў кінематаграфіі Беларусі працавалі сцэнарысты Б.Брадзянскі, А.Вольны, Р.Кобец, М.Таўбэ; рэжысёры Тарыч, Корш-Саблін, Аршанскі, Файнцымер, Гардзін, Дзіган, М.Данской, Р.Рашаль; акцёры У.Крыловіч, Л.Мазалеўская, Малчанаў, Б.Бабачкін, М.Блюменталь-Тамарына, М.Жараў, Л.Кміт, Б.Ліванаў, М.Сіманаў, М.Чаркасаў; аператары А.Кальцаты, Б.Рабаў, С.Іваноў, Д.Шлюглейт, А.Булінскі; кампазітары І.Любан, І.Дунаеўскі, С.Пракоф’еў; дакументалісты М.Лявонцьеў, М.Стрэшнеў, Эпельбаўм, Вейняровіч, М.Бераў, У.Цяслюк, Стральцоў, П.Цытрон. У Вял. Айч. вайну бел. кінадакументалісты вялі здымкі ў партыз. атрадах і франтавых групах, удзельнічалі ў здымках фільмаў «Разгром нямецкіх войскаў пад Масквой», «Народныя мсціўцы», «Бой за Віцебск», «Мінск наш», «Парад партызанаў у вызваленым Мінску». Групы творчых работнікаў бел. кіно, арганізаваныя на базе цэнтр. аб’яднанай кінастудыі ў Алма-Аце, у 1942 стварылі альманах «Беларускі кіназборнік» (рэж. Корш-Саблін і Тарыч), на базе Цэнтр. студыі дакумент. фільмаў у Маскве выпускалі ў 1942—44 кіначасопіс «Савецкая Беларусь», знялі дакумент. фільм «Вызваленне Савецкай Беларусі» і фільм-канцэрт «Жыві, родная Беларусь» (рэж. абодвух Корш-Саблін і М.Садковіч). У 1945 аднавіла дзейнасць у Мінску кінастудыя «Савецкая Беларусь» (з 1946 «Беларусьфільм»). У 1940—70-я г. найб. поспехаў бел. маст. і дакумент. кіно дасягнула ў распрацоўцы тэмы Вял. Айч. вайны: «Канстанцін Заслонаў» (1949, рэж. Корш-Саблін і Файнцымер), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1956, рэж. М.Фігуроўскі), «Праз могілкі» (1965) і «Я родам з дзяцінства» (1967, рэж. абодвух В.Тураў), «Бацька» (1972, рэж. Б.Сцяпанаў), «Полымя» (1975, рэж. В.Чацверыкоў); фільмы для дзяцей «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959), «Вуліца малодшага сына» (1962) і «Паланэз Агінскага» (1971, рэж, усіх Л.Голуб), «Іван Макаравіч» (1968, рэж. І.Дабралюбаў). Вайна і сучаснасць — тэма фільмаў «Дзеці партызана» (1954, рэж. Голуб і Фігуроўскі; першы бел. каляровы фільм), «Пушчык едзе ў Прагу» (1965, рэж. Голуб), «Зімародак» (1972, рэж. В.Нікіфараў). Пэўных поспехаў дасягнулі бел. кінематаграфісты ў распрацоўцы гіст. тэмы: «Чырвонас лісце» (1958, рэж. Корш-Саблін), «Масква—Генуя» (1964, рэж. А.Спешнеў з удзелам Корш-Сабліна і П.Арманда), «Я, Францыск Скарына» (1970, рэж. Сцяпанаў). Былі экранізаваны тэатр. пастаноўкі: «Паўлінка» Я.Купалы (1952) і «Несцерка» Вольскага (1955, рэж. абодвух А.Зархі), «Пяюць жаваранкі» (1953, рэж. Корш-Саблін, рэж. тэатра К.Саннікаў) і «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы (1954, рэж. Корш-Саблін). Надзённым і маральна-этычным праблемам пасляваеннага жыцця прысвечаны фільмы 1950—70-х г.: «Шчасце трэба берагчы» (1958, рэж. І.Шульман), «Нашы суседзі» (1957, рэж. Сплашноў), «Наперадзе — круты паварот» і «Каханая» (1960, 1965, рэж, Р.Віктараў), «Апошні хлеб» (1963, рэж. Сцяпанаў), «Выдатны хлопец» (1972, рэж. Ю.Дубровін) і інш. З 1960-х г. пашырыўся калектыў творчых работнікаў «Беларусьфільма». Сярод іх: рэжысёры Тураў, В.Вінаградаў, Сцяпанаў, Дабралюбаў, Чацверыкоў, Нікіфараў, В.Рубінчык, Дубровін, М.Пташук; аператары А.Забалоцкі, В.Нікалаеў, Ю.Марухін, Дз.Зайцаў, І.Рамішэўскі, Э.Садрыеў, Ю.Цвяткоў, Ю.Ялхоў, Т.Логінава, Б.Аліфер, Ф.Кучар, А.Суханава, мастакі У.Белавусаў, Ю.Булычоў, Е.Ганкін, Я.Ігнацьеў, В.Дзяменцьсў, В.Кубараў, А.Чартовіч; акцёры Л.Румянцава, У.Гасцюхін, Г.Гарбук, П.Кармунін, С.Станюта, Г.Макарава, В.Белахвосцік, У.Куляшоў і інш. Паглыбіўся аналіз характараў, пашырыліся аўтарскія стылі: «Лісты да жывых» (1965, рэж. Вінаградаў), «Вуліца без капца» (1973), «Трэцяга не дадзена» (1981) і «Белыя Росы» (1984, рэж. усіх Дабралюбаў), «Нядзельная ноч» (1977, рэж. Тураў), «Вянок санетаў» (1977) і «Культпаход у тэатр» (1983, рэж. абодвух Рубінчык), «Паводка» (1981) і «Чорная бяроза» (1978, рэж. абодвух Чацверыкоў), «Гарантую жыццё» (1978, рэж. Сцяпанаў) і інш.

Экранізацыя твораў бел. л-ры спрыяла фарміраванню адметнасці нац. кінематографа: «Першыя выпрабаванні» (1960—61, рэж. Корш-Саблін, паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях»), «Трэцяя ракета» (1963, рэж. Віктараў), «Альпійская балада» (1966), «Воўчая зграя» (1975, рэж. абодвух Сцяпанаў), «Доўгія вёрсты вайны»(1975, рэж. А.Карпаў), «Фруза» (1981, рэж. Нікіфараў, тэлевізійны), «Знак бяды» (1986, рэж. Пташук), «Круглянскі мост» (1989, рэж. А.Мароз), «Пайсці і не вярнуцца» (1992, рэж. М.Князеў; усе паводле В.Быкава), «Вайна пад стрэхамі» (1966), «Сыны ідуць у бой» (1971, рэж. абодвух Тураў) і «Ідзі і глядзі» (1984, рэж. Э.Клімаў; усе паводле А.Адамовіча), «Людзі на балоце» (1981) і «Подых навальніцы» (1982, рэж. абодвух Тураў; паводле І.Мележа), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1980, рэж. Рубінчык) і «Чорны замак Альшанскі» (1983, рэж Пташук; абодва паводле У.Караткевіча), «Вясельная ноч» (1980, рэж. Карпаў) і «Вазьму твой боль» (1981, рэж. Пташук; абодва паводле І.Шамякіна), «Чужая вотчына» (1983, паводле В.Адамчыка), «Сведка» (1985, рэж. абодвух В.Рыбараў) і «Чорны бусел» (1993, рэж. Тураў; абодва паводле В.Казько). З канца 1980-х г. бел. кінематаграфісты імкнуцца больш глыбока асэнсаваць гіст. мінулае і складаныя працэсы сучаснага жыцця: «Наш браняпоезд» (1988) і «Кааператыў «Палітбюро», ці Будзе доўгім развітанне» (1993, рэж. абодвух Пташук), «Мяне завуць Арлекіна» (1988, рэж. Рыбараў), «Хам» (1990, рэж. Дз.Зайцаў; паводле Э.Ажэшкі), «Развітальныя гастролі» (1992, рэж. В.Дудзін), «Белае возера» (1992, рэж. Л.Мартынюк), «Анамалія» (1993, рэж. Ялхоў), «Душа мая, Марыя» (1993, рэж. Нікіфараў), «Тутэйшыя» (1993, рэж. В.Панамароў; паводле аднайм. п’есы Я.Купалы), «...Аз ваздам» (1994, рэж. Сцяпанаў, М.Касымава, Б.Шадурскі) і інш.

Пасляваен. Дакумент. фільмы расказвалі пра падзеі вайны, аднаўленне нар. гаспадаркі і культуры Беларусі: «Мінск адраджаецца» (1946, рэж. Сплашноў), «Савецкая Беларусь» (1948) і «Шчасце народа» (1949, рэж. абодвух Голуб) і інш. У 1960—80-я г. ў дакумент, кіно найб. выразнае ідэйна-маст. выяўленне знаходзяць ваен., партыз., антыфаш. тэмы: «Генерал Пушча» (1967, рэж. Вейняровіч), «Пакараны ў сорак першым» (1967, рэж. Чацверыкоў), «Боль мой — Хатынь» (1969, рэж. П.Аліфярэнка), цыклы «Жанчына з забітай вёскі» (1975—78) і «У вайны не жаночы твар» (1980—84, рэж. В.Дашук). Значнае месца ў гэты час, а таксама ў 1990-я г. займаюць фільмы пра гісторыю Беларусі: «Штрыхі да партрэта» (1968, рэж. Цяслюк, Р.Ясінскі, І.Пікман), «Леў Сапега, канцлер» (1992, рэж. Ясінскі і В.Сукманаў), «Успаміны пра Міколу Равенскага» (1993, рэж. М.Жданоўскі). Здымаюцца кінарэпартажы, створаныя метадам кінаназірання: «Урок даўжынёю ў год» (1963, рэж. Ясінскі, С.Фрыд), «Птушка ікс» (1972, рэж. Дз.Міхлееў), «Праз дзесяць гадоў, або Спадзяванні і трывогі 10 «А» (1973, рэж. Ясінскі, Сукманаў), кінапартрэты дзеячаў культуры Я.Купалы, Я.Коласа, А.Куляшова, Мележа, Малчанава, Корш-Сабліна, Тарыча, Л.Александроўскай і інш., кіначасопісы.

На «Беларусьфільме» дзейнічаюць творчыя аб’яднанні «Тэлефільм», «Летапіс», з 1973 — майстэрня мультыплікацыйных фільмаў. Працуе Тэатр-студыя кінаакцёра. У 1962 створаны Саюз кінематаграфістаў Беларусі. Праводзяцца Міжнар. фестываль жаночага кіно (з 1993), фестываль постсавецкага кіно «Лістапад» (з 1994).

Літ.:

История государства и права БССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76;

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;

Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі: Пер. з рус. Мн., 1994;

Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86;

Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. 2 выд. Мн., 1993;

Блакітная кніга Беларусі: (Водныя аб’екты Беларусі). Энцыкл. Мн., 1994;

Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1—2. Мн., 1970—72;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1—5. Мн., 1972—75;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн, 1994—95;

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990;

Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993;

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1—2. Мн., 1993—94;

Памяць. Беларусь: Рэсп. кніга. Мн., 1995;

Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;

Болбас М.Ф. Развитие промышленности в Белоруссии (1795—1861). Мн., 1966;

Яго ж. Промышленность Белоруссии, 1860—1900. Мн., 1978;

Развитие отраслей народного хозяйства Белоруссии: (ист.-геогр. Очерки). Мн., 1978;

Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1993;

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;

Антология педагогической мысли Белорусской ССР. М., 1986;

Дрозд Л.Н. Развитие средней обшеобразовательной школы в Белоруссии, 1917—1941. Мн., 1986;

Академия наук Белорусской ССР: Краткий очерк. Мн., 1989;

Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;

Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1—2. 2 выд. Мн., 1989;

Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. Ч. 1—2. 2 выд Мн., 1981—82;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гады. Мн., 1975;

Яго ж. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 40-я — першая палавіна 60-х гадоў. Мн., 1985;

Шаблоўская М.Ф. Беларуская драматургія. Мн., 1981;

Семяновіч А.А. Гісторыя беларускай драматургіі, XIX — пачатак XX ст. Мн., 1985;

Яго ж. Гісторыя беларускай савецкай драматургіі, 1917—1955 гг. Мн., 1990;

Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;

Арочка М.М., Дзюбайла П.К., Лаўшук С.С. На парозе 90-х: Літ. агляд. Мн., 1993;

Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. Т. 1—6. Мн., 1992—95;

Беларуская мова: Энцыкл. Мн., 1994;

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94;

Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1928;

Рэпрынт. выд. Мн., 1993;

Егоров Ю.А. Градостроительство Белоруссии. М., 1954;

Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 1 (Дооктябрьский период). 3 изд. Мн., 1985;

Воинов А.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 2 (Советский период). 2 изд. Мн., 1987;

Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988;

Кулагин А.Н. Архитектура и искусство рококо в Белоруссии: (В контексте общеевропейской культуры). Мн., 1989;

Трусаў А.А. Старонкі мураванай кнігі: Манументальная архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму. Мн., 1990;

Локотко А.И. Белорусское народное зодчество: Середина XIX — XX в. Мн., 1991;

Архітэктура Беларусі: Энцыкл. давед. Мн., 1993;

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Жывапіс Беларусі XII—XVIII стагоддзяў. Мн., 1980;

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў. Мн., 1984;

Елатомцева И.М. Монументальная летопись эпохи Мн., 1969;

Яе ж. Станковая культура. Мн., 1975;

Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;

Яго ж. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стагоддзяў. Мн., 1984;

Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;

Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;

Яе ж. Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX ст. Мн., 1984;

Яе ж. Художественное стекло Советской Белоруссии. Мн., 1989;

Сахута Я.М. Беларускае народнае мастацтва. Мн., 1980;

Яго ж. Народное искусство и художественные промыслы Белоруссии. Мн., 1982;

Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка, 1917—1941. Мн., 1978;

Помнікі старажытнабеларускай культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1984;

Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1985;

Помнікі мастацкай культуры Беларусі;

Новыя даслед. Мн., 1989;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;

Музыкальный театр Белоруссии. Дооктябрьский период. Мн., 1990;

Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959. Мн., 1993;

Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII веке. Мн., 1992;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—3. Мн., 1983—87;

История белорусского кино. [Кн.1—2]. Мн., 1969—70;

Красинский А.В. Экран земли белорусской. М., 1973;

Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1984—87;

Этнаграфія Беларусі: Энцыкл. Мн., 1989.

В.С.Аношка (геалагічная будова, клімат, глебы, унутраныя воды, раслінны свет, жывёльны свет), А.В.Мацвееў (рэльеф), Л.П.Шахоцька (насельніцтва), Г.В.Штыхаў, В.С.Пазднякоў, М.В.Біч (гісторыя), В.П.Маеўскі, С.І.Сідор (прамысловасць), В.А.Юшкевіч (узброеныя сілы), Э.А.Вальчук (ахова здароўя), В.С.Філіповіч (фізічная культура і спорт), В.У.Чэчат (асвета), Я.М.Бабосаў (навука), С.І.Грыдзюшка (бытавое абслугоўванне), В.А.Чамярыцкі, У.І.Мархель, І.Э.Багдановіч, Л.М.Гарэлік (літаратура), А.А.Воінаў, Т.В.Габрусь (архітэктура), У.І.Рынкевіч (выяўленчае мастацтва), Т.А.Дубкова (музыка), А.В.Сабалеўскі (тэатр), Г.В.Ратнікаў (кіно).

т. 3, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)