памале́ньку, прысл.

1. Патроху, у невялікай колькасці. Селі поп з дзякам ды папіваюць сабе памаленьку. Якімовіч.

2. Не спяшаючыся, паціху. [Бацька] ужо змірыўся з бол[ем], ды так і тупае памаленьку то каля дому, то ў калгасе. Сачанка. Матор глуха фыркнуў, аўтобус задрыжаў і памаленьку крануўся з месца. Адамчык.

3. Паступова, не адразу. Сонца.. перапаўзло, хаваючыся за далягляд, на паўночны ўсход і спынілася, каб пачаць памаленьку выныраць наверх. Брыль. [Дзяўчынка] спахмурнее, маўчыць або плача. А потым памаленьку, памаленьку пачаў боль адыходзіць у яе ад сэрца. Васілевіч.

4. Разм. Асцярожна. Як прынеслі Бандароўну Да святліцы новай, Палажылі памаленьку На лаве дубовай. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паміры́цца, ‑міруся, ‑мірышся, ‑мірыцца; зак.

1. з кім-чым і без дап. Спыніць спрэчку, дайсці да згоды, пачаць жыць у згодзе. Цяпер і сам сабе не рад. Не спіцца, не ляжыцца. Ці не вярнуцца лепш назад Ды з другам памірыцца? Танк. [Іван:] — Між намі прабегла чорная кошка. Што, не верыш? Ужо былі памірыліся, ды сёння зноў паспрачаліся. Ваданосаў. У дарозе маці мала размаўляла з бацькам, але Люся ведала: скора яны памірацца. Даніленка.

2. на чым. Здаволіцца чым‑н., згадзіцца на што‑н. Урэшце [маці з Колем] памірыліся на тым, што Коля захапіў з сабою пару самых большых гарачых грачанікаў з кавалкам сала ў прыдачу. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

параўна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Супаставіць для вызначэння падабенства ці розніцы або для ўстанаўлення перавагі аднаго над другім. Параўнаць два лікі. □ Лепшыя новыя вершы Юрася Свіркі вызначаюцца тэматычнай закончанасцю.. Гэта асабліва прыкметна, калі параўнаць першы зборнік з апошнім. Барадулін.

2. Прызнаць падобным да каго‑, чаго‑н. Ака! Ака! Твой бег круты і плаўны Не параўнаць мне Ні з якой ракой. Хведаровіч.

3. Зрабіць роўным, аднолькавым. Мне трэба было — адчуванне гэтага ўсё мацнела — адплаціць Яўгену таксама шчырасцю, расказаць аб сабе нешта незвычайнае, такое, што неяк параўнала б нас, паставіла мяне ўпоравень з ім. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапле́сціся, ‑плятуся, ‑пляцешся, ‑пляцецца; ‑пляцёмся, ‑плецяцеся; пр. пераплёўся, ‑плялася, ‑плялося; заг. перапляціся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сплесціся паміж сабой. Плюшч пераплёўся з хмелем. □ На.. [карце] у загадкавым лабірынце перапляліся дзесяткі рознакаляровых ліній. Гамолка. Каля яліны расла вілаватая, галінастая бяроза, тоўстыя сукі якой перапляліся з яловымі лапкамі. Ляўданскі. // перан. Злучыцца, зліцца ў адно цэлае; перамяшацца. Многія з нас першы раз трапілі ў гэты край, дзе легендарнае і рэальнае перапляліся так шчыльна. Залескі. Беларусь была тым раёнам імперыі, дзе своеасабліва перапляліся між сабою класавыя, нацыянальныя і рэлігійныя супярэчнасці. «Полымя».

2. Разм. Заплесці сабе валасы ў косы нанава, іначай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пуп, ‑а, м.

1. Рубец на сярэдзіне жывата, знак пасля адпадзення пупавіны. Шырокі прарэх адкрывае грудзіну і жывот да самага пупа. Колас. Пуп.. [цяля] прымарозіла, як яшчэ пад каровай было, і стаў гнісці жывот. Ермаловіч.

2. Страўнік у птушак. Курыны пуп. Гусіны пуп.

3. перан. Разм. Круглае або вострае заканчэнне розных прадметаў. Дарабіць пуп у шапцы.

4. перан. Разм. Цэнтр чаго‑н. [Клім:] — Гэта ўсё — вон, пятнаццаты век. Тут пуп калгаса! — і яго рука зрабіла дугу і паказала пальцам сабе пад ногі. Лобан.

•••

Браць на пуп гл. браць.

Ірваць пуп гл. ірваць ​1.

Пуп зямлі — пра таго, хто лічыць сябе самым галоўным, цэнтрам чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пярэ́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Выказваць нязгоду з кім‑, чым‑н., прыводзіць доказ супраць чаго‑н. Калі Вера спрачалася з Кузьмой адна, тады ў яе хапала і смеласці пярэчыць, і упэўненасці ў сваёй праваце, і важкімі здаваліся аргументы. Дуброўскі. Іван Барай чакаў, што калі той [Кавалёў] пачне пярэчыць, то ў яго запасе ёсць яшчэ аргументы. Чарнышэвіч. Бацька і маці.. не пярэчылі сыну, калі той восенню зноў пачаў збірацца ў дарогу. С. Александровіч.

2. Не адпавядаць чаму‑н., мець у сабе супярэчнасць. Калі Сяргей пачуў ад бацькі, што яго збіраюцца ўзяць на работу ў райком, ён спачатку разгубіўся. Гэта пярэчыла яго планам. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́сія, ‑і, ж.

1. Пасяджэнні розных прадстаўнічых органаў і калегіяльных устаноў, якія адбываюцца перыядычна, а таксама перыяд такіх пасяджэнняў. Сесія Вярхоўнага Савета. Юбілейная сесія ААН. Навуковая сесія. □ Ды раз у сесію Міхася К сабе ляснічы заклікае. «Ну, гэта нешта азначае», Ў Міхала думка праняслася. Колас. Судзіла [Ваешку] выязная сесія лінейнага суда. Шынклер.

2. Экзамены ў вышэйшых і спецыяльных сярэдніх навучальных установах, а таксама перыяд здачы такіх экзаменаў. Вясна прыносіць і студэнтам многа клопату — прыходзіць экзаменацыйная сесія. Шахавец. [Андрыян Цітавіч] запытаўся, як Уладзік здаў экзамены, ці не цяжка было ў час сесіі, ці не адвык ад дому за год вучобы. Марціновіч.

[Ад лац. sessio — пасяджэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сляпа́к, слепака, м.

Разм. зневаж.

1. Сляпы чалавек. / у перан. ужыв. Бедны мы і цёмны, Ходзім слепакамі. Колас. А на фронце .. хто быў смелы? Не той, хто пер на ражон, як сляпак, а той, хто адолеў у сабе страх і рабіў, што трэба... Місько.

2. перан. Чалавек, які чаго‑н. не заўважае, якога ашукалі ў чым‑н. Не веру ў фокуснікаў цуды.., Што ў ход пускаюць хітра ўсюды Туман на цёмных слепакоў. Купала. // Цёмны, неадукаваны чалавек. — Вучыся, ёлуп, — зрывістым ад захаплення голасам крычаў Ржашэўскі. — Вучыся, сляпак! Вучыся, доўбня! Караткевіч.

3. Тое, што і сляпыш.

4. Тое, што і сляпень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сні́цца, снюся, снішся, сніцца; незак.

Бачыцца ў сне, мроіцца. Пачало цягнуць да мора, снілася яно па начах. Кулакоўскі. [Максім:] — Кароў, кароў! Табе, Кацярына Васільеўна, толькі каровы і сняцца. Шамякін. Ці харошыя сняцца сны, Ці чуваць табе шум лясны? Бураўкін. / у безас. ужыв. Вярзецца — ні то сніцца, ні то думаецца Агею пра тое страшнае, што здарылася з ім у асеннюю раніцу, калі ўсе Мядзеедзічы ўзбуджаны былі пакражаю чацвярых коней. Крапіва.

•••

І (у сне) не снілася — пра тое, чаго нельга было ўявіць, прадбачыць. Вось.. [Аленка] што зробіць: яна возьме сваю кнігу, а такая кніга.. [Сцёпку] і не снілася, і пойдзе сабе пад магазін чытаць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́вацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да сунуцца (у 1, 2 знач.).

2. Хадзіць з месца на месца, мітусіцца. — Ах, матухны, — зноў пляснула рукамі Аўгеня: — Усе людзі святкуюць, адна я, як тая дурная калатоўка, соваюся: ні свята, ні спакою не бачу. Колас. [Даўгулевіч:] Я ўвесь дзень соваўся з кутка ў куток, не знаходзячы сабе месца. Гурскі.

3. Перамяшчацца, перасоўвацца куды‑н. [Манг] падышоў да вады, паказаў, як соваецца па вадзе човен. Маўр. // Плысці, пасоўвацца (пра туман, хмары і пад.). На небе соваецца наперад круглы чырвоны месяц. Бядуля.

4. Зал. да соваць (гл. сунуць у 1–3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)