ГРЭЦЫ́ЗМ,
слова, запазычанае з грэчаскай мовы візант. перыяду, а таксама тэрмін, утвораны з грэч. кораня і афіксаў. Сустракаюцца ў помніках бел. пісьменства 14—16 ст., куды трапілі са стараж.-рус. мовы, а таксама праз пераклады з грэч. мовы рэліг. і навук. л-ры (напр., «адъ», «аксамигъ», «ангелъ», «антихристъ», «канон», «мира» і інш.). Вял. колькасць грэцызмаў пранікла ў бел. мову на працягу 17—20 ст. праз рус. або польск. мовы-пасрэдніцы.
Лексіка грэч. паходжання ў сучаснай бел. мове характарызуецца: зычным «ф» у пач. слова («фаза», «філасофія»); спалучэннямі «-кс-», «-пс-», «-мв-», «-мп-» у сярэдзіне слова («сінтаксіс», «элепсіс», «сімвал», «сімптом»); спалучэннямі «-ос (-ас)», «-іка (-ыка)» у канцы слова («пафас», «батаніка»). Прадуктыўныя штучныя ўтварэнні слоў на аснове грэч. каранёў і афіксаў (напр., «антонім» < anti — супраць і onyma — імя, назва). Большасць грэцызмаў у бел. мове папаўняюць навук. тэрміналогію.
Літ.:
Булыка А.М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.
У.Б.Ламека.
т. 5, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Збо́жжа ’хлебныя расліны, зерне’. Рус. зах., паўд., бранск. сбожье, збожье ’тс’, укр. збіжжя ’тс’, ’маёмасць’, польск. zboże ’збожжа’, в.-луж. zbožo, н.-луж. zbóžo ’шчасце, дабрабыт’, чэш. zboží ’тавар, маёмасць’, дыял. ’збожжа’, славац. zbožie ’збожжа’. Ст.-бел. збоже (Александрыя). Ст.-укр. збожє (XV ст.). Паўн.-слав. sъbožьje параўноўваюць са ст.-інд. subhágas ’які прыносіць шчасце’, авест. hubaɣa ’шчаслівы’. Фасмер, 2, 84–85. Брукнер (647) лічыць, што ўкр. < польск., паколькі толькі ў польск. (з зах.-слав.) значэнне агульнага багацця перайшло на с.-г. тавары. Улічваючы, што ва ўкр. вядома значэнне ’маёмасць’, адно з агульных для іншых слав. моў, наўрад ці абавязкова ўкр., бел. і дыял. рус., запазычаныя з польск., тым больш што слова фіксуецца яшчэ ў XV ст., хаця, паводле Брукнера, земляробчае значэнне ў польск. з XVI ст. Таму прасл. дыял. sъbožьje, паводле Махэка₂ (712), адцягнены назоўнік ад прыметніка sъbogъ, што дакладна адпавядае прыведзеным паралелям са ст.-інд., авест. Гл. бог, убогі (як антонім). Пра ст.-бел. збоже гл. Шадурскі, дыс.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)