«ВА́ТРА»,

Беларуская асацыяцыя ўкраінцаў «Ватра», грамадская культ.-асв. арг-цыя. Засн. 25.9.1990 у Мінску з мэтай захавання і развіцця ўкр. мовы, культуры, нар. традыцый, гіст. і культ. спадчыны, фарміравання нац. самасвядомасці, падтрымкі культ. і дзелавых сувязей з Украінай і інш. краінамі, дзе жывуць украінцы, а таксама для абароны правоў і нац. гонару членаў асацыяцыі. Праводзіць фестывалі ўкр. песні, конкурсы дзіцячых малюнкаў, выстаўкі мастакоў, святкаванні юбілейных урачыстасцей укр. пісьменнікаў і дзеячаў культуры. Працуюць абл., раённыя і гар. аддзяленні (г. Гомель, Кобрын, Маладзечна, в. Калодзішчы Мінскага р-на).

т. 4, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭ́РВА

(Osterwa, сапр. Малюшак) Юльюш (23.6.1885, Кракаў — 10.5.1947),

польскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1904 у Кракаве. У 1916—18 працаваў у польскіх тэатрах у Маскве і Кіеве. У 1919—39 кіраўнік т-ра «Рэдута» (Варшава, у 1925—29 тэатр знаходзіўся ў Вільні і Гродне). З 1946 кіраваў аб’яднаннем Гар. т-раў Кракава, стварыў драм. школу і быў яе дырэктарам. Ставіў гал. чынам нац. паэтычныя драмы, у якіх стварыў псіхалагічна глыбокія вобразы («Кардыян», «Ліла Венеда», «Князь Нязломны» Ю.Славацкага, «Сулкоўскі» С.Жаромскага, «Вызваленне» С.Выспянскага і інш.).

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБАКА́Н

(франц.),

падковападобная ў плане прысадзістая вежа без даху перад уваходнай брамай і звязаная з ёю функцыянальна і канструкцыйна; элемент абарончай сістэмы сярэдневяковага замка ці гар. фартыфікацыі. Прызначаўся для дадатковага мацавання і абароны гал. ўезду. Прылягаў да брамы або размяшчаўся асобна і злучаўся з ёю сценамі праходу («шыяй»). Пры значных памерах меў уласную сістэму абароны, якая складалася з брамы, пад’ёмнага моста, размешчанага перад барбаканам або ўнутры яго, некалькіх ярусаў баёў (спец. памяшканняў з байніцамі). Некаторыя барбаканы завяршаліся зубцамі. На Беларусі вядомы ў Мірскім замку.

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙТАЎСКІ СУД,

мясцовы суд у гарадах ВКЛ. Войт, які ўзначальваў адміністрацыю горада, меў права і ўласнага суда. У грамаце 1390 на магдэбургскае права Брэсту ўпамінаецца толькі адна крыніца ўлады і суда — войт. У грамаце 1498 Полацку гаворыцца, што бурмістры і радцы не маглі судзіць без войта. Каралева Бона ў 1551 запатрабавала, каб у велікакняжацкіх гарадах суд. спрэчкі старосты разглядалі сумесна з гар. войтам. У многіх прыватнаўласніцкіх гарадах, дзе не было ўведзена магдэбургскае права, таксама дзейнічаў або войтаўскі суд, або войтаўска-лаўніцкі суд. Поруч з войтаўскім судом існаваў бурмістраўска-радзецкі суд.

Т.І.Доўнар.

т. 4, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ВІЛА

(Avila),

горад у Іспаніі, на Пд аўт. вобласці Кастылія-Леон. Адм. ц. правінцыі Авіла. 46 тыс. ж. (1991).

У старажытнасці фінікійская, пасля рымская калонія. У 8 ст. заваявана арабамі, у 11 ст. адваявана хрысціянамі і стала аб’ектам дынастычнай барацьбы паміж Арагонам і Кастыліяй. У 1482—1808 у Авіле быў ун-т. Горад захаваў сярэдневяковую і рэгулярную планіроўку, жылыя дамы 13 ст., умацаваныя палацы 15—16 ст., гранітныя гар. сцены 11 ст., раманска-гатычны сабор (12—14 ст.), цэрквы (12—15 ст.), манастыр (1636) і інш.

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАПЯТРО́ВІЧ Ежы

(1740 — 16.3.1812),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Лідскі стражнік (1764), лоўчы (1771), навагрудскі гродскі суддзя (1780), пісар вайсковы літоўскі (1783—87), чл. Пастаяннай рады (1780—84), удзельнічаў у рабоце дэпартамента справядлівасці. У час паўстання 1794 зачытаў на гар. рынку ў Вільні акт аб пачатку паўстання ў ВКЛ. Сябар Вышэйшай літоўскай рады ў Вільні, суддзя крымінальны літоўскі. З утварэннем Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага кіраўнік аддзела вайск. патрэб. За справядлівасць, самаадданае выкананне грамадскіх і службовых абавязкаў яго назвалі «літоўскім Арыстыдам». Увекавечаны ў паэме А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЛА,

кляпайла, старажытны муз. інструмент класа ідыяфонаў. Мае выгляд прадаўгаватай драўлянай або метал. пласціны розных памераў. Вял. біла падвешваюць да слупа («білніцы»), малое трымаюць у руцэ. Пры ўдарах па біле палкай або малатком узнікае паслядоўнасць гукаў рознай тэмбравай афарбоўкі (рэзкай сухаватай у драўляных, працяглай гулкай у металічных) і рытмічнай арганізацыі, часам з прыкметным вышынным адхіленнем і фразіроўкай. Пашырана ў многіх народаў свету (славянскіх, фіна-угорскіх, азіяцкіх). З 1-га тыс. вядомы як сігнальны інструмент: выкарыстоўваецца і цяпер у хрысц. царк. практыцы, старажоўстве, вясковым і гар. побыце.

І.Дз.Назіна.

т. 3, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛЕ́ЦКІ Мікалай Станіслававіч [сапр. Язерскі Павел Сямёнавіч; 29.12.1896, С.-Пецярбург — 29.3.1919], бел. журналіст. Вучыўся ў Петраградскім ун-це (1913—16). Пасля заканчэння ваен.-інж. вучылішча (1916) у званні прапаршчыка накіраваны на Паўн.-Зах. фронт. Чл. РСДРП(б). У 1917 чл. палкавога к-та. У 1918 супрацоўнік Наркамата юстыцыі РСФСР, потым на Усх. фронце. З 1919 у Гомелі, арганізатар і рэдактар газ. «Известия революционного комитета г. Гомеля и уезда», чл. Гомельскага Савета і гар. к-та РКП(б), узначальваў саюз сав. журналістаў Гомеля. Закатаваны ў час стракапытаўскага мяцяжу 1919 у Гомелі.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БОБРУ́ЙСКАЯ ЖИЗНЬ»,

грамадска-палітычная і літаратурная газета бурж.-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 7(20).2.1913 да 1(14).8.1914 у Бабруйску на рус. мове тры разы на тыдзень. З 16(29).5.1913 да 26.3(8.4).1914 не выходзіла. Апошнія выпускі (№ 85—92) выходзілі штодзённа. З 27.7.1914 змяшчала 1—2 разы на дзень «Тэлеграмы газеты «Бобруйская жизнь». Друкавала мясц. хроніку, паведамленні пра дзейнасць Дзярж. думы, фельетоны з крытыкай мясц. улад за непаладкі гар. гаспадаркі і побыту, міжнар. інфармацыю і інш. Публікавала вершы мясц. паэтаў, асвятляла тэатр. і муз. жыццё Бабруйска.

У.М.Конан.

т. 3, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ЗЕЛ СУ́ВЯЗІ,

1) састаўная частка сетак сувязі краіны, прызначаная для аб’яднання і размеркавання патокаў паведамленняў (тэлеграфных, тэлефонных, паштовых і інш.), што паступаюць з некалькіх (не менш як трох) напрамкаў.

2) Прадпрыемства сувязі, якое забяспечвае насельніцтва, арганізацыі і ўстановы рознымі паслугамі сувязі. Арганізуе таксама распаўсюджванне перыяд. выданняў (па падпісцы), займаецца пытаннямі тэле- і радыёвяшчання. Да вузлоў сувязі адносяць тэлеграфныя станцыі, гар. і міжгароднія тэлефонныя станцыі, паштамты, аддзяленні і агенцтвы сувязі. Забяспечваецца тэлегр. і факсімільнымі апаратамі, апаратурай абмену інфармацыяй з выліч. цэнтрамі і інш. сродкамі сувязі.

т. 4, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)