Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

я 1, нескл., н.

Трыццаць другая, апошняя літара беларускага алфавіта, якая абазначае: а) пасля зычных — галосны гук «а» і мяккасць папярэдняга зычнага, напрыклад: «нясу — ньасу», «вязу — вьазу»; б) пасля галосных, «ў», раздзяляльнага мяккага знака, апострафа і ў пачатку слова — два гукі: «й» і «а», напрыклад, «лінія — лінійа», «здароўя — здароўйа», «кальян — калйан», «сям’я — сямйа», «ягада — йагада».

•••

Ад а да я гл. а 1.

я 2, мяне, мне, мяне, мной (‑ою), аба мне; мн. мы; займ. асаб. 1 ас. адз.

1. Ужываецца для абазначэння асобы, якая гаворыць. Я слаўлю свету аднаўленне І змены новыя ў жыцці. Хведаровіч. Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас.

2. у знач. наз., нескл., н. Ужываецца для абазначэння ўсведамлення чалавекам уласнай сутнасці, самога сябе ў акаляючым свеце, а таксама для абазначэння суб’екта (у філасофіі). Яўген чалавек мяккай натуры. Вельмі ж спакойны. Па ім — што хочаш, абы не зайшло за жывое. Абы не зачапілі яго чалавечага «я». Баранавых.

•••

Вось гэта я разумею! — вокліч адабрэння, падтрымкі ў значэнні: вельмі добра, так і трэба, іменна тое, што трэба.

Вось я цябе (яго, яе, вас, іх)! — ужываецца як пагроза.

Каго я бачу! — ужываецца пры выказванні здзіўлення, радасці ад сустрэчы з кім‑н.

Не я буду, калі не... — выражэнне рашучага намеру зрабіць што‑н. або цвёрдай упэўненасці ў чым‑н.

Паказаць сваё я гл. паказаць.

Па мне — а) на маю думку, на мой погляд; б) мне ўсё роўна.

У мяне — ужываецца як папярэджанне, пагроза і пад. Нейкі атупелы і змардаваны голас гукаў: — Ты ў мяне зараз усё скажаш. Чорны.

Што я (ты, ён) там (тут) забыў? — няма чаго мне (табе, яму) там (тут) рабіць!

Я думаю! — канешне! дзіва што!

Я табе дам — пагражальны вокрык ці заўвага.

яблык, ‑а; Р мн. ‑аў; м.

Сакавіты плод яблыні, звычайна акруглай формы. Летні сорт яблыкаў. Кісла-салодкі яблык. Абіраць яблыкі. ▪ У кош паклалі яшчэ і яблыкаў, наогул рознай садавіны. І ў выніку — атрымаўся вялізны, прыгожы тэатральны нацюрморт. Сабалеўскі. [Сусед] узяў антонаўку, зноў пакруціў яе ў руках, удыхнуў пяшчотны пах і зноў паклаў яблык на столік. Васілевіч. Па кветках яблыкаў не лічаць. Прыказка. Яблык ад яблыні далёка не падае. Прыказка.

•••

Адамаў яблык — цвёрды выступ на горле мужчыны; кадык.

Вочны яблык — шарападобнае цела вока.

Збіць (зрэзаць) на горкі яблык гл. збіць.

У яблыкі — з цёмнымі круглымі плямамі на поўсці (пра коней). Пярэдні ехаў Іван Боганчык на сівым у яблыкі жарабку. Пташнікаў.

Яблык разладу (кніжн.) — прычына, прадмет спрэчкі, сваркі, разладу (паводле старажытнага грэчаскага міфа аб спрэчцы багінь Геры, Афіны і Афрадзіты з-за таго, каму з іх павінен належаць яблык з надпісам «найпрыгажэйшай»).

Яблыку няма дзе ўпасці гл. упасці.

яблынавы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і яблыневы. [Дзяўчаты] сядзелі, дыхалі яблынавым моцным пахам, сузіралі вясёлыя фарбы абуджанага вясною жыцця. Мурашка.

яблыневы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да яблыні, уласцівы ёй. Яблыневы ліст. ▪ Ноч была цёплая, з яблыневым пахам. Ермаловіч. // Які складаецца з яблынь. Яблыневы сад. // Зроблены з драўніны яблыні. Яблыневыя лыжкі.

2. у знач. наз. яблыневыя, ‑ых. Падсямейства дрэў і кустоў сямейства ружакветных, да якога належаць яблыня, ігруша, айва і інш.

3. Як састаўная частка некаторых назваў шкоднікаў яблынь. Яблыневы кветкаед. Яблыневая пладажэрка.

яблынька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.

Памянш.-ласк. да яблыня; невялікая яблыня. Маладыя яблынькі.. самымі вяршкамі выглядалі паверх жыта. Чорны. Гэтак хораша распускаюцца яблынькі над вільготнымі шэрымі градамі, зубкаватыя лісточкі бярозы і лапкі памазаных мёдам кляновых лістоў. Брыль.

яблыня, ‑і, ж.

Пладовае дрэва сямейства ружакветных з ядомымі сакавітымі акруглымі пладамі (яблыкамі). Садовая яблыня. Дзікая яблыня. ▪ Галлё панадна разлапушыў За хатай прадзедавай сад; Чарэшні, яблыні і грушы Сышліся згодліва ў рад. Купала. На яблыні ружовы цвет — Галіна пры галіне. Лужанін. Наліліся антонаўкі сокам густым, Абцяжарылі нізкія яблыні. Панчанка.

яблычак, ‑чка, м.

1. Памянш.-ласк. да яблык; невялікі яблык.

2. Цэнтральная частка мішэні ў выглядзе чорнага круга. Папасці куляй у яблычак.

яблычны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да яблыка, уласцівы яму. Яблычнае семя. Яблычны пах. ▪ [Анісім Маркавіч:] А то зайшоў я ў адну хату... Печанымі яблыкамі пахне.. Я паздароўкаўся, пасядзеў крыху, нанюхаўся гэтага яблычнага духу. Кулакоўскі. // Прыгатаваны з яблыкаў, з яблыкамі. Яблычны сок. Яблычная начынка. Яблычны пірог.

•••

Яблычная кіслата гл. кіслата.

ява, ‑ы, ж.

Тое, што сапраўды існуе або існавала; рэальнасць, рэчаіснасць, а не сон ці мара. Што снілася некалі ў снах — Праўдзіваю сталася явай. Глебка. Мы зрабілі явай казку, Зарунелі скрозь палі. Прыходзька. Блізкае Таніна дыханне напамінала Міколу: усё, што ён бачыць і чуе, — не сон, не фантазія, а страшная ява, ява вайны. Новікаў.

яванец,

гл. яванцы.