Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

эпалет, ‑а, М ‑леце, м.

У дарэвалюцыйнай рускай і некаторых іншаземных арміях — парадны афіцэрскі пагон, упрыгожаны махрамі, пазументамі і пад. [Юрага] быў апрануты ў сіні шынель з бліскучымі эпалетамі, на галаве ківер з султанам, шабля пры баку і звонкія шпоры на абцасах. С. Александровіч.

[Фр. épaulette ад épaule — плячо.]

эпапея, ‑і, ж.

1. Адзін з жанраў эпасу — вялікая паэма, у якой апісваюцца буйныя гістарычныя падзеі. Эпапеі Гамера. // Вялікі празаічны літаратурны твор, серыя твораў, у якіх адлюстроўваюцца значныя гістарычныя падзеі або падзеі, што прадаўжаюцца значны час. Раман «Сокі цаліны» [Ц. Гартнага] быў задуманы як эпапея жыцця і рэвалюцыйнай барацьбы працоўных мае царскай Расіі. Пшыркоў. Паказу суровай і цяжкай бітвы народаў за сцвярджэнне міру і паўнацэннага чалавечага шчасця на зямлі Ілья Эрэнбург прысвяціў свой новы раман «Дзевяты вал», які з’яўляецца працягам «Буры» і складае другую частку эпапеі аб Айчыннай вайне і лёсе чалавецтва ў пасляваенны час. «Полымя». // Разм. Вуснае апавяданне пра што‑н., звычайна доўгае, насычанае падрабязнасцямі, падзеямі. Пра паншчыну стары пастух апавядаў мне цэлыя эпапеі. Бядуля. І пойдуць цэлыя эпапеі пра гэтага каня, толькі слухай, не перабівае. Кулакоўскі.

2. перан. Шэраг буйных, значных падзей, якія ўтвараюць адзінае цэлае. Эпапея грамадзянскай вайны. Эпапея абароны Севастопаля. ▪ Саляная эпапея працягвалася ледзь не тры месяцы. Навуменка.

[Грэч. epopoiïa ад épos — слова, апавяданне і poieō — ствараю.]

эпас, ‑у, м.

1. Апавядальны род мастацкай літаратуры (у адрозненне ад драмы і лірыкі). Разведваючы новае, лірыка тым самым пракладвае шлях для драмы і эпасу, якія закліканы стварыць шырокія карціны грамадскага жыцця. Ярош.

2. Сукупнасць народных песень, паданняў, паэм, аб’яднаных агульнай тэмай, агульнай нацыянальнай прыналежнасцю, храналогіяй і пад. Гераічны эпас. Былінны эпас.

[Ад грэч. épos — слова, апавяданне.]

эпатаж, ‑у, м.

Кніжн. Скандальная выхадка, абураючыя паводзіны.

[Фр. épatage.]

эпахальнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць эпахальнага. Эпахальнасць падзеі.

эпахальны, ‑ая, ‑ае.

Важны, значны; які вызначае эпоху. Сучаснікі і нашчадкі вельмі высока ацанілі яго [Ф. Скарыны] эпахальную дзейнасць. Алексютовіч. Месца і значэнне яго [зборніка Я. Купалы «Шляхам жыцця»] ў гісторыі беларускай дарэвалюцыйнай паэзіі сапраўды эпахальныя. Лойка.

эпаціраванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. эпаціраваць.

эпаціраваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго.

Уразіць (уражваць), здзівіць (здзіўляць) незвычайнымі паводзінамі, скандальнымі ўчынкамі, парушэннем агульнапрынятых норм і правіл. Эпаціраваць гледачоў.

[Ад фр. épater — здзіўляць.]

эпонж, ‑у, м.

Баваўняная або шаўковая тканіна з пражы фасоннага кручэння, якая мае губчатую паверхню, нібы пакрытую вузельчыкамі.

[Ад фр. éponge — губка.]

эпонжавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эпонжу. Эпонжавыя ніткі. // Пашыты з эпонжу. Эпонжавая сукенка.