Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

шкада,

1. безас. у знач. вык., каго-чаго або з інф. Пра пачуццё жалю, спагады і пад. да каго‑, чаго‑н. Ай, танцоры! Ай, музыкі! Пашкадуйце чаравікаў, Пашкадуйце свае ногі, Калі не шкада падлогі! Танк. Шуру шкада падсякаць гонкія, прыгожыя бярозкі. Навуменка.

2. безас. у знач. вык., чаго або з інф. Пра нежаданне аддаць, страціць і пад. што‑н. [Іліко:] — Сімон казаў, што яму нічога не шкада для мяне. Так ён мяне любіць. Самуйлёнак. Кроў не вада, разліць шкада. Прымаўка.

3. у знач. пабочн. На жаль. Прыехаць, шкада, часу няма.

шкадаванне, ‑я, н.

1. Пачуццё смутку аб чым‑н. (страчаным, непапраўным і пад.), засмучэнне з прычыны чаго‑н. непажаданага. На .. твары.. [Аксінні] ціхі шчаслівы спакой, а ў светлых, даўно палінялых вачах — туга і шкадаванне. Ракітны.

2. Спагада, спачуванне да каго‑н. Васіль на міг як бы прачнуўся, зірнуў на маці пяшчотна, са шкадаваннем — як яна тут адна са старым ды малым упраўляцца будзе! Мележ. Раптам каментатар з нейкім жалем, з нейкім унутраным шкадаваннем паведаміў, што над стадыёнам пайшоў заліўны дождж. Сабаленка. [Марыя Хведараўна] пранікаецца да .. [хлопчыка] нейкай незвычайнай любасцю і шкадаваннем. Марціновіч.

шкадавацца, ‑дуецца; незак.

Зал. да шкадаваць.

шкадаваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.

1. каго. Адчуваць жаль, спагаду да каго‑н. Камунаркі збоку Плакалі няўзнак, Свайго камунара Шкадавалі так. Купала. Шкадуюць людзі палячку, наракаюць на Арцёма за ганарлівую натуру. Гарэцкі. Ганька шкадуе цётку, і ёй хочацца зрабіць цётцы хоць нейкую палёгку, хоць чым дапамагчы ёй. Васілевіч.

2. каго-што і чаго. Берагчы, ашчаджаць. [Людзі] не шкадавалі і жыцця, каб абараніць свае землі і сваю справу. Шахавец. Толькі іграйце, музыкі, мацней, Ды не шкадуйце цымбал і смыкоў. Танк. // Не даваць, скупіцца. Да таго ж, у гэтай прыгодзе з аброццю або ў хітрыках дзеда, які шкадаваў унучцы ежы, было мінулае Шарупічаў. Карпаў.

3. аб чым і з дадан. сказам. Смуткаваць, бедаваць з прычыны чаго‑н. Гануля шкадавала, што ўвечары больш яна гаварыла, ёй хацелася, каб Яўхім расказаў усё-усё, дзе ён быў і што бачыў, як людзі жывуць на свеце. Гурскі. Не шкадую я аб згубленым, Рад таму, што знойдзена. Звонак.

4. з інф. Не адважвацца што‑н. зрабіць. Максім прыдзірліва сачыў за спідометрам, шкадаваў праехаць лішні кіламетр. Шамякін. Трэба было ісці, а я нібы шкадаваў наступаць на месца, дзе толькі што ступала яна. Карпюк.

шкадлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць шкадлівага.

шкадлівец, ‑ліўца, м.

Разм. Шкадлівы чалавек. [Арцём:] — Эх, думаю, шкадліўцы паганыя, падагнулі хвасты. Ракітны.

шкадлівы 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыносіць шкоду, страту; шкодны. [Ніна:] — Як там [у гарбарні] дрэнна было працаваць! Такое паветра там дрэннае, шкадлівае. Гурскі. Між тым усе гэтыя сляпыя агульныя выразы вельмі шкадлівы, бо яны звязваюць уніклівую думку чалавека, заспакойваюць і закалыхваюць яе, як закалыхваюць крыклівае дзіця. Колас.

2. Які часта робіць шкоду; гарэзлівы, свавольны, памаўзлівы. Такі ўжо, брат, шкадлівы [сын], Што горшага няма: Учора зноў у слівах Яго злавіў Кузьма!.. Гілевіч. Як кот — шкадлівы, а як заяц — баязлівы. Прымаўка.

шкадлівы 2, ‑ая, ‑ае.

Які шкадуе, выказвае спагаду, жаль. — Ціха ты! — пачуўся з печы голас, аднак не строгі, не з’едлівы, а зусім памяркоўны, нібы нават шкадлівы. Кулакоўскі.

шкадоба, ‑ы, ж.

Абл. Жаль, шкадаванне. Гораў пераправіў конніка на другі бераг.. і са шкадобаю глядзеў, як жывёла.. выносіла ўлана на стромы чырвоны адхон. Караткевіч. І такі жаль, такая шкадоба агарнула мяне — проста выказаць нельга. Сачанка.

шкадуючы,

Дзеепрысл. незак. ад шкадаваць.

•••

Не шкадуючы сіл — самааддана (рабіць што‑н.).

шкала, ‑ы, ж.

1. Лінейка або табліца з дзяленнямі ў розных прыборах. Музыка абарвалася, і збянтэжаны Валерый пачаў ганяць стрэлку па асветленай шкале прыёмніка. Стаховіч. Я зазірнула на шкалу [тэрмометра], чорная стрэлка ўпарта трымалася на трэцім дзяленні. Савіцкі.

2. Сістэма лікаў, пераменных велічынь ва ўзыходным і сыходным парадку, прынятых для вымярэння, вызначэння, ацэнкі і пад. Шкала тэмпературы. Шкала заработнай платы.

[Ад лац. scala — лесвіца.]