Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

цябе,

гл. ты.

цявіна, ‑ы, ж.

Сцябліна травы; травінка. Зялёная цявіна мятліцы. / У параўнанні. Францкевіч, абняможаны і вялы, стаў, як цявіна. Чорны. На .. камені стаяла босая дзяўчынка. Гадоў мо з пятнаццаць ёй было. Тоненькая, як цявіна. Лобан.

цяг 1, ‑у, м. (рэдка).

Бег, рух. Хай бягуць няспынным цягам Дні і ночы, нашы сны. Іверс.

•••

Адным цягам — заложна, без перадышкі, адным намаганнем.

Даць цягу гл. даць.

З цягам часу — праз некаторы час; за пэўны час.

цяг 2, ‑а, м.

Тое, што і цяж. Ціха дзынкнулі правады. Чалавек зачапіўся, відаць, за цягі блакіроўкі. Лынькоў.

цяга, ‑і, ДМ цязе, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. цягнуць (у 1, 5, 8, 9 і 15 знач.) і цягнуцца (у 3, 4 і 9 знач.).

2. Рухаючая сіла, а таксама крыніца такой сілы, якая цягне. Электрычная цяга. Конская цяга. ▪ Дым, капаць, вугальны пыл, шлак — звычайныя спадарожнікі паравой цягі. «Маладосць». // Сукупнасць тэхнічных сродкаў і машын (паравозы, электравозы і пад.), якія забяспечваюць эксплуатацыю рухомага саставу.

3. Рух газаў, дыму (галоўным чынам у топачных і вентыляцыйных канструкцыях), які выклікаецца рознасцю ціску. Манька глядзела, як весела гараць у пліце высушаныя дроўцы, і слухала, як гудзе ў коміне дым ад моцнай цягі. Пташнікаў.

4. Імкненне да чаго‑н., прыхільнасць да каго‑, чаго‑н. Гарасім вучыўся добра, але ў яго з’явілася нейкая хваравітая цяга да свяшчэнных кніг. Чарнышэвіч. Да гэтага Наталя і не западозрывала, што ў яе нутры наспявае нейкая моцная цяга да Рыгора. Гартны.

5. Спец. Стрыжань, прызначаны для перадачы цягавых намаганняў ад адной часткі механізма да другой. Тармазная цяга. Цяга кіравання.

6. У архітэктуры — тынкавальны або каменны паясок, які падзяляе вонкавыя і ўнутраныя сцены, абрамляе столь і пано. Карнізная цяга.

7. Спец. Шлюбны палёт самцоў слонак (вальдшнэпаў) пры пошуках самак. Сотні, а то і тысячы сцяжынак пракладалі мы разам. Пракладалі ў грыбных сасновых барах, на слончынай цязе ля звонкагалосай Рэкты. Карамазаў. // Паляванне ў час такога палёту. Вяртацца з вясенняй цягі. Хадзіць на цягу. Стаяць на цязе.

цягавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цягі (у 2 знач.); прызначаны для цягі, перамяшчэння чаго‑н. Цягавая сіла. Цягавы электрарухавік.

цягавітасць, ‑і, ж.

Уласцівасць цягавітага. У Леапольда Гушкі падвоілася стараннасць, цягавітасць, сіла. Чорны.

цягавіты, ‑ая, ‑ае.

Здольны многа і цяжка працаваць; загартаваны ў працы; працавіты. Валы — цягавітая, пакорлівая скаціна, корму ёй дабіраць не трэба, а работы адзін вол зробіць за трое коней. Пестрак. [Дырэктар:] — Цяжкі цэх, ясна. Там не кожны падніме. Туды трэба чалавека цягавітага, з галавой, такога, што можа любую справу на ногі паставіць. Мележ.

цягальны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які служыць для выцягвання чаго‑н. (цяжкасцей, грузаў і пад.). Цягальная машына. Цягальная лябёдка.

цягамер, ‑а, м.

Спец. Прыбор для вымярэння сілы цягі ў топках, катлах ці вентыляцыйных канструкцыях.

цяганне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. цягаць (у 1 знач.) і цягацца (у 1, 2 знач.).