Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

хм, выкл.

Тое, што і гм. — Хм, — усміхнуўся я, — рыжуха грыбы на зіму сабе нарыхтоўвае. Ігнаценка. [Ніна:] — Хм.. Самая прыгожая дзяўчына ў тэхнікуме. Спецыяльна падсунулі, каб я трошкі параўнавала. Лобан.

хмара, ‑ы, ж.

1. Вялікае, звычайна цёмнае воблака, якое прыносіць дождж, град, снег. Нізка звіслі над зямлёю Хмары снегавыя. Колас. — А вунь і хмара. — Усе пападымаліся на ногі, сталі глядзець у той бок, куды паказаў пальцам Пятро: сапраўды, з-за лесу ўставала чорная хмара. Капыловіч. Навісла хмара, грымнуў гром, і буйнымі кроплямі забарабаніў у вокны дождж. Чарнышэвіч. // чаго. Клуб лёгкіх часцінак (пылу, дыму і пад.). Кажуць, пасля вызвалення тут было голае месца, адны каміны стаялі ды вецер ганяў над пажарышчам хмары попелу. Шамякін. // каго-чаго. Пра вельмі вялікую колькасць, мноства каго‑, чаго‑н. Хмара камароў. Хмара варон. ▪ Іх [цягнікі] на кожным паўстанку, Бы ўраджайнае лета, Спатыкалі дзяўчаты І хмары касцоў. Танк. [Валодзя:] — На Мінск налягаюць хмары самалётаў, дамы ў агні, здаецца, нават брук гарыць. Васілеўская.

2. перан. Выкарыстоўваецца ў некаторых выразах для абазначэння змрочнага стану, заклапочанасці, смутку, тугі. Зноў адчыняліся дзверы, і паказваўся твар, заліты светам радасці ці, наадварот, зацягнуты цёмнай хмарай нездавальнення. Васілевіч. Цяжка жылося зараз Надзі.. На яе жыццё апала цяжкая чорная хмара. Машара.

•••

Хмара хмараю — а) незлічона многа, вялікая колькасць, многа-многа; б) пра панурага, сумнага чалавека.

Хмары навіслі (згусціліся, сабраліся) над кім-чым — каму‑н. або чаму‑н. пагражае небяспека, бяда, няшчасце і пад.

хмаравы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хмары (у 1 знач.).

хмарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Памянш.-ласк. да хмара (у 1 знач.); невялікая хмара. Хмаркі белыя марудна За лясы плывуць. Колас. Непрыкметна да сяла Без маланкі яркай, Без грымоты падплыла Хмарка. Арочка.

хмарна,

1. Прысл. да хмарны (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра пахмурную пагоду. Было холадна, хмарна, дзьмуў сыры вецер. Хомчанка.

3. перан.; безас. у знач. вык. Пра сумны, невясёлы настрой. Хмарна было і ў Ганначкі на душы. «ЛіМ».

хмарнасць, ‑і, ж.

1. Згушчэнне хмар; воблачнасць. Хмарнасць сышла з неба, і перад вечарам з’явілася сонца. Чорны.

2. перан. Нацягнутасць, напружанасць. У дачыненнях між бацькамі і дзецьмі наступіла нядобрая хмарнасць. Мележ.

хмарны, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты хмарамі. Хмарнае неба. // З небам, зацягнутым хмарамі. Хмарны дзень. ▪ Ліліся сумныя гукі, і здавалася, нехта наракае і тужыць, што прайшло цёплае лета, скардзіцца на хмарную восень, на слоту. Каліна. Ноч была хмарная, і на невялікай адлегласці ўжо нельга было распазнаць чалавека. Дуброўскі.

2. перан. Пануры, сумны, невясёлы. Хмарны настрой яшчэ жыў у Антонавай душы. Савіцкі.

хмарыцца, ‑рыцца; незак.

Зацягвацца хмарамі, станавіцца хмарным. А неба сіняе штодзённа хмарыцца. Глебка. Хмарыцца ўсё яшчэ вечар, Шлях засцілае імгла. Танк. / у безас. ужыв. [Варвара:] — Хмарыцца, каб дажджу часам не пазнала. Васілевіч.

хмарыць, ‑рыць; незак.

1. безас. Зацягваць хмарамі. Цішыня. Туман з імшар Напаўзае. Трохі хмарыць. Зарыцкі.

2. перан.; каго-што. Разм. Засмучаць, азмрочваць. Вочы хмарыць гора паланянак, Каміноў жахлівых чорны чад. Барадулін. Сатлела ў шафах шмат забытых кніг з тых дзён далёкіх доктара Скарыны... Хай сіл не хопіць для задум маіх, а кроў гарыць, і хмараць лоб маршчыны. Русецкі.

хмелевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хмелю (у 1, 2 знач.), уласцівы хмелю. Хмелевы пах. // Прыгатаваны з хмелю, з хмелем. Хмелевыя дрожджы.