Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)

руб, ‑а, м.

Вузкі край або вузкі бок якога‑н. прадмета. Надарваны голас адбіваўся болем у .. [Лібіным] горле, дранцвелі ногі ад доўгае стойкі, прыціснутай да вострага руба грузавіковай сценкі. Гартны. — Вы-ка-най-це, кажу, гэтыя планы, — дробненька стукаў Гаруноў рубам далоні па трыбуне, — .. хопіць дзяржаве і на працадзень. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)

рубака, ‑і, м.

Разм. Смелы, адважны чалавек, які па-майстэрску валодае халоднай зброяй. Гэты стары салдат, хвацкі рубака, узнагароджаны трымя Георгіеўскімі крыжамі, потым камандзір эскадрона ў Будзёнаўскай конарміі. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)

рубам, прысл.

Вузкім краем або вузкай стараной уверх; вертыкальна. [Крыгі] станавіліся рубам, сярдзіта выпіналіся з вады, пагражаючы змесці ўсё на сваім шляху. Броўка. Яны падышлі ўжо да Ларысінага дома. Перад вокнамі тут быў разбіты невялікі палісаднік, хутчэй клумба, абкладзеная рубам пастаўленымі цаглінамі. Арабей.

•••

Ставіць пытанне рубам гл. ставіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)

рубанак, ‑нка, м.

Сталярны інструмент у выглядзе калодкі з шырокім жалезным лязом для стругання драўніны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)

рубаначны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рубанка; прызначаны для рубанка. Рубаначнае лязо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)

рубашка, ‑і, ДМ ‑ншы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Тое, што і кашуля. Стары таксама падняўся, міжвольна абцягнуў рубашку, без патрэбы паправіў на стале бялюткі абрус, прагнаў з лавы ката. Васілевіч. Раечка ўсхапілася і ў адной рубашцы ўвалілася ў суседні пакой. Лобан.

2. Спец. Верхні слой чаго‑н. Рубашка катла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)

рубеж, рубяжа, м.

1. Граніца паміж чым‑н., мяжа чаго‑н. Станьце ж вы, хмаркі, над рубяжамі Нашых палеткаў, шнуроў. Колас. Вакол вёскі акопы, дзоты, драты. Ад усходу, звыш гэтага — вадзяны рубеж — спакойная, але глыбокая рэчка Вуша. Брыль. // перан. Грань, якая аддзяляе што‑н. адно ад другога. Той памятны вечар з'явіўся як бы нейкім рубяжом у жыцці Наташы. Краўчанка. На рубяжы лета і восені кароткая яшчэ ноч. Каваль. // перан. Вышэйшая, крайняя ступень чаго‑н.; мяжа. На загрузку самазвала патрабавалася паўмінуты. Гэта добра і многія лічылі гэта рубяжом. Лукша.

2. Дзяржаўная граніца. Савецкія Узброеныя Сілы зорка ахоўваюць свяшчэнныя рубяжы нашай Радзімы, стваральную працу будаўнікоў камунізма. «Звязда».

3. У вайсковай справе — лінія абаронных збудаванняў. Абаронны рубеж. ▪ Да вечара было адваявана паўгорада, уступлены рубеж быў вернуты, падпалкоўнік паспакайнеў. Мележ. // Лінія размяшчэння агнявых кропак. Агнявы рубеж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)

рубель 1, ‑бля, м.

1. Грашовая адзінка ў Расіі і СССР, роўная 100 капейкам.

2. Банкнот і манета такой вартасці. Настаўнік дастаў кашалёк, выняў срэбраны рубель і аддаў яго Лявону. Колас. Кандуктарка схапіла сторублёўку і не спяшаючыся пачала выцягваць са свае сумкі рублі, траячкі, пяцёркі. Васілёнак. Мы працавалі горача, каб ты стаў сапраўды, рубель наш, залатым! Панчанка.

•••

Гнацца за доўгім рублём гл. гнацца.

Доўгі рубель — пра лёгкі і вялікі заробак.

рубель 2, ‑бля, м.

Тоўстая жэрдка, якой уціскаюць на возе сена, снапы, салому і пад. З поля прабеглі дзве палутаркі, везучы прыціснутыя пад рубель снапы сухога жыта. Краўчанка. Міша і Валодзька наклалі снапы на другую фурманку, затым падалі ездавому рубель. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)

руберойд, ‑у, М ‑дзе, м.

Матэрыял для пакрыцця даху або для ізаляцыі, зроблены з кардону, прамочанага спецыяльным саставам.

[Ад лац. ruber — чырвоны і грэч. éidos — выгляд.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)

руберойдавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да руберойду. // Зроблены з руберойду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (Крапіва, 1977–1984)