Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

роба, ‑ы, ж.

Разм. Грубае рабочае адзенне (звычайна парусінавае або брызентавае). Падабраў мне боцман Гарнітур па росту — Крэпкую марскую Робу з палатна. Жычка.

робат, ‑а, М ‑баце, м.

Аўтамат, які выконвае складаныя дзеянні, падобныя да дзеянняў чалавека. // перан. Пра чалавека, які дзейнічае, працуе механічна, падпарадкоўваючыся чужой волі. [Веньямін:] — Атамную энергію вынайшлі тысячы геніяў. Яны на планеце значаць больш, чым мільярд робатаў. Навуменка.

[Чэшск. robot.]

робатабудаванне, ‑я, н.

Канструяванне і выраб робатаў.

робатабудаўнік, ‑а, м.

Спецыяліст па канструяванню і вырабу робатаў.

робататэхніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

Выкарыстанне робатаў у навуковых і тэхнічных мэтах.

робленасць, ‑і, ж.

Уласцівасць робленага.

роблены, ‑ая, ‑ае.

1. Штучна выкліканы, ненатуральны. [Адэля] паспрабавала, як раней, прайсці робленаю гулліваю хадою. Броўка. Заўважыўшы, як маці пры апошніх словах Петруся збялела, [Міхась] зрабіў выгляд, што не чуў гэтых слоў, і з робленай весялосцю кіўнуў галавой. Сіўцоў.

2. Выкананы ручным вязаннем; вязаны. Робленыя рукавіцы.

ровар, ‑а, м.

Абл. Веласіпед. Прывёз хлапец на ровары Курэй і мёду збан. Барадулін.

[Англ. rower.]

ровень, роўня, м.

Разм. Тое, што і ватэрпас. Язэпу ёсць чым заняцца. Ён ровень паставіць — праверыць, ці не выдаўся які вугал вышэй за іншыя. Хадановіч.

рог 1, ‑а, М розе, м.

1. Цвёрды выраст з касцявога рэчыва на галаве ў некаторых жывёл. У войта і Бруя было па пары жадных валоў, адкормленых і з вялікімі рагамі. Колас. Гордая галава [аленя], упрыгожаная раскідзістымі рагамі, была крыху прыўзнята, вушы насцярожаны. В. Вольскі. // Пасудзіна для піцця (спіртных напіткаў) на ўрачыстасцях, зробленая з такога касцявога выраста. Я піў рачную плынь кіпучую, Шум хваляў дальніх берагоў, Піў на сустрэчах, на заручынах Віно з біклагаў і разоў. Танк. Рог па кругу пойдзе з хмелем, Бо, як водзіцца ў кра[і], — На радзіны і вяселле Тую бочку дастаюць. Прыходзька.

2. Музычны або сігнальны інструмент у выглядзе сагнутай трубы з расшыраным канцом. Паляўнічы рог. ▪ На вуліцы працяжна і зычна зайграў у свой берасцяны рог пастух Даніла. Якімовіч.

3. Востры загнуты канец чаго‑н. Рог пячных вілак.

•••

Абламаць (пазбіваць) рогі гл. абламаць.

Браць (узяць) быка за рогі гл. браць.

Загнаць у казіны рог гл. загнаць.

Наставіць рогі каму гл. наставіць.

Сагнуць (скруціць) у бараноў рог гл. сагнуць.

Скруціць чорту рогі гл. скруціць.

рог 2, ‑а; мн. рагі, ‑оў; м.

1. Месца, дзе сыходзяцца, сутыкаюцца два знешнія бакі аднаго прадмета; вугал. Клятчастая хустка толькі адным рогам ляжала на шыі. Кулакоўскі. На рагу стала ляжаў нейчы капшук, ружовы, з нейкімі вышытымі кветкамі. Лынькоў. За бляшанымі пірамідамі дахаў удалечы быў відаць рог будынка вакзала. Мележ.

2. Месца, дзе збягаюцца дзве перпендыкулярныя вуліцы. Прыпыніўшыся на рагу вуліцы, Наталля Максімаўна пачакала, пакуль пройдзе калона аўтамашын з вайскоўцамі. Дудо. На рагу акурат і стаяла змайстраваная з шалёўкі пабеленая знадворку будыніна з шыльдай: «Цырульня». Сабаленка. З-за рога выязджала ўжо, буксуючы ў снезе, машына. Арабей.