Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

пэйсы, ‑аў; адз. пэйса, ‑ы, ж.

1. Доўгія пасмы валасоў ля скроняў, якія пакідаюцца непадстрыжанымі (у патрыярхальных яўрэяў). Хаім быў худы чалавек з рыжай барадой, даўгімі пэйсамі і надзвычай хітрымі чорнымі вачыма. Чарнышэвіч.

2. Разм. пагард. Пра доўгія раскудлачаныя валасы.

[Стараж.-яўр.]

пэндзаль, ‑дзля, м.

Пучок шчаціння, валасоў або шэрсці, прымацаваны да ручкі, які служыць для нанясення фарбы, клею і пад. на паверхню чаго‑н. [Люба] макае пэндзаль у бляшанку з фарбай, якая прывешана да папружкі, піша на дрэве нумар. Шамякін.

пэндзлік, ‑а, м.

Памянш. да пэндзаль; невялікі пэндзаль. Неўзабаве прыйшоў Іван Сямёнавіч. Ён прынёс фарбу, пэндзлікі, паперу і разам з Юркам і Колем усеўся за стол. Курто.

пэр, ‑а, м.

Званне прадстаўнікоў вышэйшага дваранства ў Англіі і Францыі (да рэвалюцыі 1848 р.). // Асоба, якая носіць гэта званне.

[Фр. pair, англ. peer ад лац. par — роўны.]

пэрства, ‑а, н.

Званне пэра.

пэцкаль, ‑я, м.

Разм.

1. Той, хто пэцкае (у 1 знач.).

2. Той, хто няўмела, неахайна робіць што‑н. (пераважна пра мастака, пісьменніка). На торг не спяшаўся [мастак], Як пэцкаль адзін мой знаёмы, Што лепіць пачвараў І возіць збываць у раёны. Гілевіч. Сапраўдны ты рыбак ці проста пэцкаль?! Брыль.

пэцканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. пэцкаць і пэцкацца (у 1 знач.).

пэцканіна, ‑ы, ж.

Разм. Няўмела, неахайна, брудна выкананая работа.

пэцкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. у што, чым і без дап. Забруджвацца, вымазвацца. Трэба было ратаваць жарабца, але нікому з стражнікаў не хацелася разувацца, распранацца і лезці пэцкацца ў гразь. Крапіва. Успамінаецца, як бегалі яны — малыя.. — па-над самай вадой, па-над самым прадоннем, пэцкаліся з галавы да ног у шызы ліпучы глей — рыбу лавілі. Зарэцкі. Нару капаць, вядома, справа не малая, і працы шмат і месца трэба адшукаць такое, што вада вясной не залівае. Дый пэцкацца Лісіца не жадае. Корбан. // Станавіцца брудным. Белая сукенка хутка пэцкаецца. ▪ Есці пры маёй рабоце хапае, абутак і вопратка не дзярэцца і не вельмі пэцкаецца. Кулакоўскі.

2. перан. Разм. Займацца якой‑н. непрыемнай справай, прымаць у ёй удзел. — Прапусціць! — загадаў я хлопцам. — Гэтага для нас мала... — З-за аднаго чалавека не варта нават пэцкацца! Карпюк.

3. перан. Разм. Вельмі марудна рабіць што‑н. Калі мы зайшлі на калгасны двор, то сустрэлі там двух калгаснікаў, якія рамантавалі калёсы. — Ну, от табе і на, — не вытрымаў Валодзя. — Дакуль вы будзеце тут пэцкацца? Людзі ўжо напрацаваліся ўволю, а вы, як мухі да смалы, прыляпіліся. Сергіевіч.

4. Зал. да пэцкаць (у 1 знач.).

пэцкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. у што, чым. Забруджваць, вымазваць. Калі скажа [маці] Юльцы не пэцкаць спаднічкі, дык якраз прыйдзе запэцканая ў гразь з ног да галавы. Бядуля. [Агата] выцірала кулакамі вочы і пэцкала зямлёю твар. Чорны.

2. і без дап. Разм. Рабіць што‑н. няўмела, неахайна, брудна (пераважна маляваць, пісаць). — Але ж Платон і фарбы набыў не для забавы. Хіба прыемна, калі імі не малююць, а пэцкаюць, — з рэзкасцю адбіў напад Сандро. М. Ткачоў.

•••

Пэцкаць рукі аб каго, аб што — быць замешаным у што‑н. непрыстойнае, нізкае, звязвацца з кім‑н. [Васька:] — Мы заб’ём.. [інжынера]. Вы, старыя, не хочаце пэцкаць аб яго свае рукі, дык мы прыбяром яго. Лынькоў.