Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

пыж, ‑а, м.

1. Шарсцяная, войлачная ці кардонная затычка, якой забіваюць зарад у зброі, якая зараджаецца з дула.

2. Пракладка ўсярэдзіне патрона, якая аддзяляе зарад ад снарада (кулі, шроту) і ўтрымлівае снарад у гільзе.

пыжык, ‑а, м.

Паўночны алень ва ўзросце да двух месяцаў, а таксама футра гэтага аленя.

пыжыкавы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з футра пыжыка. Пыжыкавая шапка.

пыкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Невыразна, неразборліва гаварыць. [Чарнавус:] Пыкаюць, мыкаюць, вочы ўбок адводзяць... Нічога не разбяру. Крапіва.

пыл, ‑у, м.

1. Найдрабнейшыя цвёрдыя часцінкі, часцей паднятыя з паверхні зямлі, якія лятаюць у паветры або аселі на паверхню рэчаў. Дарожны пыл. Мучны пыл. ▪ Клубы пылу, узнятыя галубамі, паволі плылі з дзвярэй. Лынькоў. Па дарогах днём і ноччу ў воблаках рудога пылу беглі машыны. Грахоўскі. Ля сцяны стаялі тры куфры, акаваныя жалезам. На ўсім гэтым тоўстым пластом ляжаў пыл. Чарнышэвіч. // Найдрабнейшыя часцінкі вады, снегу і пад. Снежны пыл, падхоплены ветрам, узнімаўся над зямлёй. Мікуліч. Усё насычана было дробным вадзяным пылам, які ўраганны вецер зрываў з крутых хваль. Лынькоў.

2. Тое, што і пылок (у 2 знач.). У пчалы на ножках Дзьмухаўцовы пыл. Узнялася з ношкай, Ледзь хапіла сіл. Калачынскі.

•••

Касмічны пыл — дробныя цвёрдыя часцінкі міжпланетнай і міжзоркавай прасторы.

Аж (толькі) пыл курыць (закурэў) — вельмі хутка (пайсці, пабегчы, паехаць і пад.).

Пусціць пыл у вочы гл. пусціць.

пыла...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае слову «пыл» (у 1 знач.), напрыклад: пылапепранікальны, пылападобны, пылаўлоўны, пылавугальны, пыламер, пылаўлоўнік.

пылаачышчальнік, ‑а, м.

1. Машына для ачышчэння паверхні дарогі ад пылу.

2. Тое, што і пылаўлоўнік.

пылаваты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і пылападобны. На паўднёвым усходзе [Полацкай] нізіны характэрны пылаватыя звязныя азёрныя пяскі і супесі. Прырода Беларусі.

пылавы, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да пылу (у 1 знач.). Пылавое воблака. Пылавыя часцінкі. Пылавая інфекцыя.

пыламер, ‑а, м.

Прылада для вымярэння запыленасці паветра.