Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

опера, ‑ы, ж.

1. Музычна-драматычны твор, у якім выканаўцы спяваюць у суправаджэнні аркестра. Оперы С. Манюшкі. Оперы П. І. Чайкоўскага. Оперы Ю. Семянякі. // Такі твор, пастаўлены на сцэне. Скончыўся другі акт оперы, абвясцілі перапынак. Шамякін.

2. Тэатр, дзе выконваюць такія творы. Пайсці ў оперу. ▪ У канцы.. інфармацыі паведамлялася, што сёння ў тэатры Оперы ў гонар гасцей адбудзецца ўрачысты канцэрт. Самуйлёнак. // Оперная трупа. Міланская опера.

•••

З другой (не з той) оперы (жарт. або іран.) — аб тым, што не мае дачынення да справы або размовы.

[Іт. opera.]

опера-буф, оперы-буф, ж.

Опера з камедыйным або сатырычным сюжэтам.

оперны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да оперы (у 1 знач.). Оперная музыка. Оперны спявак.

оперупаўнаважаны, ‑ага, м.

Асоба, якой дадзены паўнамоцтвы для выканання якіх‑н. аперацый спецыяльнага характару. Пасля шасцімесячнай вучобы Саша стаў працаваць оперупаўнаважаным у Ашмянах. Новікаў.

оптам, прысл.

1. Вялікай колькасцю (пра куплю і продаж тавараў). [Лялькевіч] вельмі ўзрадаваўся, калі нейкі камерсант, відаць, гандляр мясам ці, можа, іншым чым, запрапанаваў купіць усе яго бочкі, цэбры, вёдры оптам. Шамякін.

2. перан. Разм. Поўнасцю, адразу. Нельга таксама ацэньваць творы оптам, абоймамі, калі да адных прад’яўляюцца сапраўдныя крытэрыі, а другім свядома робіцца скідка на важнасць тэмы. Шкраба.

оптаэлектроніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

Напрамак электронікі, які ахоплівае пытанні выкарыстання аптычных і электрычных метадаў апрацоўкі, захоўвання і перадачы інфармацыі.

оптык, ‑а, м.

1. Спецыяліст у галіне оптыкі.

2. Майстар, які займаецца вырабам аптычных прыбораў. З майстэрні оптыка .. [Лена і Круміньскі] выйшлі а восьмай гадзіне раніцы. Галавач.

оптыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Раздзел фізікі, які вывучае святло, яго законы і ўласцівасці.

2. зб. Прыборы і інструменты, дзеянне якіх заснавана на законах гэтай навукі.

[Грэч. optikē.]

оптымум, ‑у, м.

Спец. Сукупнасць найбольш спрыяльных умоў для каго‑, чаго‑н. Тэмпературны оптымум чалавека. Кліматычны оптымум. Оптымум вільготнасці паветра.

[Лац. optimum — найлепшае.]

опус, ‑а, м.

1. Тэрмін, які прымяняецца для парадкавай класіфікацыі музычных твораў кампазітара. Сёмая сімфонія Бетховена, опус 92.

2. Разм. жарт. Пра ўсякі твор, працу якога‑н. аўтара. Часам прыкра чытаць опусы літаратурных снобаў. Звонак.

[Лац. opus — праца, твор.]