Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

...кілаграмовы, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў, першая частка якіх з’яўляецца лічэбнікам і абазначае: «у столькі кілаграмаў, колькі паказвае лічэбнік», напрыклад: двухкілаграмовы, дзесяцікілаграмовы.

...кіламетровы, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў, першая частка якіх з’яўляецца лічэбнікам і абазначае: у столькі кіламетраў, колькі паказвае лічэбнік, напрыклад: трохкіламетровы, дваццацікіламетровы.

каўбаса́ і кілбаса́,ы́; мн. ‑ба́сы (з ліч. 2, 3, 4 каўбасы́, кілбасы́), ‑ба́с; ж.

Прадукт харчавання з асоба прыгатаванага мяснога фаршу ў кішачнай або штучнай абалонцы. Сухая каўбаса. Бараная каўбаса. Свіная кілбаса. Ліверная кілбаса. ▪ На стале красаваліся засмажаныя парасяты, скруткі каўбас, мяса розных гатункаў. Колас.

каўбасны і кілбасны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да каўбасы, кілбасы. Каўбасная вытворчасць. Кілбасны пах. // Прызначаны для вырабу каўбасы, кілбасы. Каўбасны цэх. Кілбасная фабрыка.

2. у знач. наз. каўбасная, ‑ай, ж. Уст. Магазін, які гандлюе каўбасой і іншымі мяснымі вырабамі. Зайсці ў каўбасную.

каўбаснік і кілбаснік, ‑а, м.

Той, хто вырабляе або прадае каўбасу, кілбасу.

кібернетызаваць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Увесці (уводзіць) метады кібернетыкі, выкарыстаць (выкарыстоўваць) метады кібернетыкі. Кібернетызаваць апрацоўку тэксту.

кібернетызацыя, ‑і, ж.

Увядзенне метадаў кібернетыкі. Кібернетызацыя сучаснай навукі.

кібернетык, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне кібернетыкі.

кібернетыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Навука аб агульных заканамернасцях працэсаў кіравання і сувязі ў арганізаваных сістэмах (машынах, жывых арганізмах, іх аб’яднаннях і інш.).

[Ад. грэч. kybērnetikē — майстэрства кіраваць.]

кібернетычны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кібернетыкі. Кібернетычная машына.