Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

квадра, ‑ы, ж.

Кожная з чатырох фаз Месяца (маладзік, сход, поўня, ветах). Неба ачысцілася ад хмар, выплыў месяц у другой квадры. Гарэцкі. Наста цвёрда вяла падлік святам і строга сачыла за квадрамі месяца. Колас. // перан. Стадыя, фаза, перыяд. Магдалена Прыбыткоўская ўбачыла, што вялікі клопат яе жыцця ўвайшоў у новую сваю квадру. Чорны.

[Ад лац. quadra — чатырохвугольнік.]

квадрант, ‑а, М ‑нце, м.

1. У матэматыцы — чацвёртая частка круга.

2. Любая з чатырох абласцей (вуглоў), на якія плоскасць дзеліцца дзвюма ўзаемна перпендыкулярнымі прамымі.

3. Старадаўні вугламерны астранамічны прыбор, які служыў для вызначэння вышыні нябесных цел.

4. Прылада для наводкі гармат.

[Ад лац. quadrans, quadrantis — чвэрць.]

квадрантны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да квадранта (у 1–3 знач.).

квадрат, ‑а, М ‑раце, м.

1. Роўнастаронні прамавугольнік. // Пра ўсё, што мае такую форму. [Любка] сядзела і абыякава ўглядалася ў шэры квадрат акна, за якім было пуста і глуха. Лынькоў. А навокал — шырокімі палатнінамі паслалася калгаснае поле, парэзанае на роўныя квадраты сеткай палявых дарог. Зарэцкі.

2. Здабытак ад памнажэння якога‑н. ліку на самога сябе. Квадрат ліку 5 раўняецца 25.

•••

Узвесці ў квадрат гл. узвесці.

[Ад лац. quadratus — чатырохвугольны.]

квадратна-гнездавы, ‑ая, ‑ое.

У выразах: а) квадратна-гнездавая сяўба гл. сяўба; б) квадратна-гнездавая пасадка гл. пасадка.

квадратны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае форму квадрата. Квадраты стол. Квадратны лісток паперы. ▪ Дол .. быў укладзены квадратнымі жалезнымі плітамі, і навокал было больш парадку, чым звычайна. Карпаў.

2. Які мае адносіны да квадрата (у 2 знач.). Квадратны корань.

•••

Квадратныя дужкі гл. дужка.

Квадратныя меры гл. мера.

квадратура, ‑ы, ж.

Велічыня плошчы, якая вылічваецца ў квадратных адзінках. Квадратура акна. Квадратура пакоя.

•••

Квадратура круга — задача на пабудову квадрата роўнавялікага данаму кругу (спробы рашыць яе не мелі поспеху).

[Лац. quadratura.]

квадрыга, ‑і, ДМ ‑рызе, ж.

Двухколая антычная калясніца, запрэжаная чацвёркай коней у адзін рад.

[Лац. quadriga.]

квадрыльён, ‑а, м.

Умоўная назва ліку — адзінкі з пятнаццаццю нулямі, а ў некаторых краінах (Англіі, Германіі) — з дваццаццю чатырма нулямі.

[Фр. quadrullion.]

квазар, ‑а, м.

Зоркападобная крыніца касмічнага выпраменьвання, якая сваёй масай і сілай святла ў многа разоў пераўзыходзіць Сонца.

[Скароч. англ. Quasi-Stellar Radio Source — квазізоркавая радыекрыніца.]