Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

днець, днее; безас. незак.

Займацца на дзень; світаць, развіднівацца. Яшчэ не было ружовай паласы на ўсходзе, і нішто не паказвала, што хутка пачне днець. Шахавец. Па дварэ днела; шэрае святло прабівалася ў .. пакой праз шчыльную суравую фіранку. Гартны.

дно, дна, н.

1. Грунтавая паверхня пад вадой. Дно рэчкі. Дно мора. ▪ Дно возера пясчанае, чыстае, і ўсё відаць, як на далоні. Гамолка. // Ніжняя частка якога‑н. паглыблення на паверхні зямлі. Дно ямы. Дно рова. ▪ [Лубян] кожны раз з маўклівай радасцю сустракаў Карпа. Як роднага сына, браў на рукі Віцю, гушкаў яго. Потым яны садзіліся на дно акопа і моўчкі сядзелі. Шамякін.

2. (мн. дны, дноў). Ніжняя сценка або ніжняя частка якой‑н. пасудзіны, прадмета. Дно бутэлькі. Дно скрыні. Дно бочкі. ▪ На дне гнязда ляжала пяць блакітных яечак, абсыпаных рабаціннем. Капыловіч. [Лодка] ляжала ў кустах, перавернутая ўверх дном. Шамякін.

3. перан.; чаго. Глыбінная частка чаго‑н. Лясніцкі звычайна любіў узнімаць са дна душы ўспаміны аб мінулым. Зарэцкі. [Ігнась], пакорпаўшыся дзесьці на дне памяці, парашыў, што ў сварцы вінна Люба, а не ён. Мурашка.

4. перан. Прыгнечаныя, абяздоленая частка капіталістычнага грамадства. Не кляніце мяне, Што так смутна пяю, Бо і так там на дне Душу змучыў сваю. Купала.

•••

Без дна — вельмі глыбокі (пра вадаём).

Да дна — поўнасцю, да канца (зведаць, скарыстаць што‑н.).

Залатое дно — пра невычэрпную крыніцу багацця, даходу.

Ісці на дно гл. ісці.

На дне — нямнога, трошкі (засталося, пакінута і пад.).

На дне мора знайсці гл. знайсці.

Перавярнуцца ўверх дном гл. перавярнуцца.

Перавярнуць уверх дном гл. перавярнуць.

дноачышчальны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для ачысткі дна (у 1 знач.). Дноачышчальныя работы.

днопаглыбны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для паглыблення дна (у 1 знач.). Днопаглыбная машына.

днушка, ‑а, н.

Дошчачка, на якой крышаць мяса, агародніну і пад.

днявальны, ‑ага, м.

Радавы салдат, які назначаецца на суткі для нагляду за парадкам у сваім падраздзяленні. Праз якія пяць хвілін на ўсім беразе не спалі толькі вартавыя ды днявальныя па канюшні. Мележ. Салдаты лажыліся спаць, днявальныя ў казармах выключалі радыё. Хомчанка.

дняваліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

Разм. Выконваць абавязкі днявальнага. Дняваліць у казарме.

дняваць, днюю, днюеш, днюе; незак.

Праводзіць дзень, рабіць днёўку дзе‑н. Ішлі.. [партызаны] раз на заданне і заляглі ў гушчары дняваць. Карпюк. Толя вяртаўся да сваіх, у тую вёску, дзе сёння днявала разведка. Брыль. // Адпачываць, хавацца днём (пра дзікіх жывёл, птушак.). [Ласіха] днявала ў векавых лазняках з двума малымі. Пташнікаў.

•••

Дняваць і начаваць — праводзіць дзе‑н. увесь час, многа часу. Некалькі дзён Якаў нікуды не выязджаў з гаража, тут дняваў і начаваў. Кулакоўскі.

днямі, прысл.

1. Некалькі дзён таму назад або праз некалькі наступных дзён; на днях. Днямі меўся адбыцца раённы агляд мастацкай самадзейнасці. Асіпенка.

2. З ранку да вечара; на працягу многіх дзён. Чытаць днямі. Днямі сядзець над разлікамі.

днём, прысл.

У дзённы час, удзень. Днём мы знаходзіліся ў вялікім дзедавым пакоі. Бядуля.

•••

Днём з агнём не знойдзеш гл. знайсці.