Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

гваздануцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. З сілай стукнуцца, ударыцца аб што‑н. Гваздануўся аб падлогу.

гваздануць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Аднакр. да гваздаць.

гваздаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. З сілаю біць, удараць па кім‑, чым‑н. Возьме чалавек кастыль, прыставіць яго да шпалы і — пайшоў гваздаць малатком. Васілёнак. Гудок кожны дзень будзіць Максіма, кліча да працы, туды, у дэпо, дзе палае горан, дзе Максім праз цэлы дзень, закасаўшы рукавы, гваздае молатам па рас[п]аленым іскрыстым жалезе. Пестрак.

гваздзік, ‑а, м.

Травяністая расліна сямейства гваздзіковых з пахучымі кветкамі чырвонага, ружовага або белага колеру. Скрозь зелянелі вадкі і агародчыкі з ярка-чырвонымі ружамі і пахучымі гваздзікамі. Якімовіч.

гваздзіка, ‑і, ДМ ‑дзіцы, ж., зб.

Высушаныя бутоны кветак гваздзіковага дрэва, якія скарыстоўваюцца як прыправа.

гваздзіковы 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да гваздзіка, уласцівы яму. Гваздзіковы пах.

2. у знач. наз. гваздзіковыя, ‑ых. Сямейства двухдольных раслін, да якіх адносяцца гваздзік, куколь, макрыца і інш.

гваздзіковы 2, ‑ая, ‑ае.

Які здабываецца з гваздзікі. Гваздзіковае масла.

•••

Гваздзіковае дрэва гл. дрэва.

гвазнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Абл. З сілай стукнуцца, ударыцца аб што‑н. Мікіта падскочыў на лаве і знячэўку штурхнуў плечуком Мікалая Мірлікійскага. Абраз з шумам гвазнуўся наперад аб стол, а потым аб лаву. Колас.

гвазнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

Абл. З сілай стукнуць, ударыць каго‑, што‑н. Жалезным абручом здушыў .. [вораг] Гамыру, ускінуў на вышыню плячэй ды так гвазнуў аб зямлю, што ў Гамыры ўсё пацямнела ў вачах. Колас.

гвалт, ‑у, М ‑лце, м.

1. Прымяненне фізічнай сілы ў адносінах да каго‑н.; здзек. Выходзяць на бітву аршанцы, Суровы ідзе Магілёў, Каб помсціць фашысцкім паганцам За гвалты, за здзек і за кроў. Астрэйка.

2. Прымусовае ўздзеянне на каго‑н.; уціск. Паказваючы, напрыклад, урадніка, Ф. Багушэвіч падкрэслівае, што ён чыніць гвалт і прымус імем цара. Шкраба.

3. Крык, шум, лямант. Убачыўшы мядзведзіцу ў лесе ці на дарозе, людзі страшэнна палохаліся, узнімалі гвалт. В. Вольскі. Да сябе.. [Люба] не запрашала Ігнася. Ведала, як скрыва паглядзелі б бацькі і які гвалт узняўся б .. у хаце. Мурашка.

4. у знач. прысл. гвалтам. Супраць волі, жадання; сілай. Мужчыны гвалтам пасадзілі.. [Грэт] у лодку. Маўр.

5. у знач. выкл. Разм. Кліч аб паратунку ў выпадку небяспекі. Ратуйце, гвалт!

•••

Хоць гвалт крычы гл. крычаць.

[Польск. gwalt з ням.]

гвалтаванне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. гвалтаваць.

2. Тое, што і гвалт (у 1, 2 знач.).