Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

хіхіканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. хіхікаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. [Чырвонаармеец] пачуў лёгкае хіхіканне мужчын. Бядуля. Тонкае хіхіканне Смагула і залівісты рогат Мікешкі вывелі з сябе Паўліка. Беразняк.

хіхікаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Спадцішка або ціха смяяцца. Каля дуба нехта хіхікаў, баючыся засмяяцца ўголас. Пестрак. [Гараська] смяецца спачатку ціха, хіхікае, пасля рагоча. Сачанка.

хіхікнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

Абазвацца смяшком. Хтось у натоўпе хіхікнуў, але на яго цыкнулі кабеты і ён адразу ж змоўк. Дуброўскі.

хіцін, ‑у, м.

Арганічнае рэчыва групы вугляводаў, якое ўваходзіць у склад знешняга покрыва членістаногіх, а таксама абалонак клетак грыбоў, некаторых відаў водарасцей і бактэрый.

[Ад лац. chitimum з грэч. chitōn — хітон.]

хіцінавы, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з хіціну. Хіцінавыя ўтварэнні. Хіцінавы панцыр.

хіязм, ‑у, м.

1. У анатоміі — перакрыжаванне зрокавых нерваў на ніжняй паверхні прамежкавага мозга хрыбетных.

2. У лінгвістыцы — від сінтаксічнага паралелізму, пры якім у другой палавіне фразы члены сказа стаяць у адваротным парадку.

3. У выяўленчым мастацтве — крыжападобнае, сіметрычнае размяшчэнне дэталей фігуры.

[Грэч. chiasmos — размяшчэнне ў выглядзе літары «х».]