Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

родзіч, ‑а, м.

1. Гіст. Член роду (у 1 знач.).

2. Разм. Сваяк; чалавек блізкі па паходжанню. [Люба:] — Горш за ўсё мець начальнікам блізкага родзіча. З ім жа ніколі па-чалавечы не дамовішся. Шамякін. Старыя пройдзены дарогі І сцежак тысячы людскіх, Дзе і мае хадзілі ногі І ногі родзічаў маіх. Колас. / Пра жывёл і раслін аднаго роду (у 8 знач.). І качкі, што падарыў Люсі і яе маці Амархан, хваляваліся, выцягвалі шыі, прыслухоўваліся да галасоў дзікіх родзічаў. Даніленка. Родзіч нашага ядлоўцу кіпарыс, жыхар паўднёвых краін, можа пражыць да чатырох-пяці тысяч гадоў. Гавеман.

родзічка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да родзіч (у 2 знач.).

родна,

Прыслоўе да родны (у 4 знач.). // у знач. вык. Блізка сэрцу, дорага. Мне ўсё дорага тут, Люба, родна, прыгожа. Броўка.

роднасны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны, выкліканы агульным паходжаннем. Роднасныя словы. Роднасныя мовы. Роднасныя адносіны. // Блізкі па асноўных прыкметах, якасцях да чаго‑н. Роднасныя з’явы. ▪ Хемінгуэй мала чаму навучыўся б у вялікага празарліўца, калі б не меў у душы чагосьці роднаснага Талстому і ягонаму незвычайна цвярозаму погляду на свет. М. Стральцоў.

роднасць, ‑і, ж.

1. Адносіны паміж людзьмі, якія маюць агульных продкаў. Бацькі і дзеці знаходзяцца ў роднасці першай ступені. // перан. Блізкасць, падабенства па асноўных уласцівасцях, прыкметах. У .. [Ганны і Васіля] была тая ж шчырасць, як і ў тыя разы. Але той блізкасці, роднасці — дзіўна — не было ўжо. Мележ.

2. Блізкасць, падабенства, заснаванае на агульнасці паходжання. Роднасць славянскіх моў тлумачыцца іх агульнасцю паходжання ад агульнаславянскай мовы-асновы. Юргелевіч.

родны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў кроўнай роднасці па прамой лініі. Родны бацька. Родная цётка. Родны брат. ▪ Я хачу, каб называўся камуністам Родны сын мой, а таксама сынаў сын. Куляшоў.

2. у знач. наз. родныя, ‑ых. Сваякі. Кожны год праводзяцца сустрэчы партызан з былымі кіраўнікамі партызанскага руху на Беларусі або з роднымі і блізкімі герояў-землякоў. Кулакоўскі.

3. Звязаны з месцам нараджэння каго‑н. (пра горад, край і пад.). Родная вёска. Родны лес. ▪ Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас. Не вецер лісцем шастае, Не рыпае кара — Лявон глухою сцежкаю Ідзе ў родны край. Панчанка. Вобразы прыроды былі для Багдановіча сімвалам вечнасці чалавека на зямлі, магутнасці народа, неўміручасці роднага краю. Лойка.

4. Дарагі, блізкі сэрцу. Напалоханыя вочы мацеры... І радасць, і страх на яе такім жа родным, такім жа блізкім твары... Лынькоў. Родным далёкім іржаннем адклікаецца Віхор з цемры хвойніку. Бядуля. Побач з ёй бясконца родны голас кажа: — Лепш, табе, Валя? Брыль. // (у звароце). Любы, дарагі, мілы. [Свякруха:] — Што ж гэта ты такая сумная, нявестачка? Замар[д]авалася, родная? Мележ.

•••

Родны склон гл. склон.

роды, ‑аў; адз. няма.

Фізіялагічны працэс выхаду плода з цела маці. Прымаць роды. ▪ У калгасніцы з суседняй вёскі былі цяжкія роды, і Вера ўсю ноч змагалася за жыццё маці і дзіця. Корбан. Першы раз пасля родаў Маша выйшла ў поле. Шамякін.

родыевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да родыю.

родый, ‑ю, м.

Хімічны элемент, цяжкі тугаплаўкі метал серабрыста-белага колеру з групы плацінавых металаў.

[Грэч. rhodon — ружа.]

роевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рою (у 1 знач.).