абавяза́цельства, ‑а, н.
1. Абяцанне або дагавор, якія патрабуюць абавязковага выканання ад таго, хто іх дае. Узяць на сябе абавязацельства. Абавязацельствы перад дзяржавай. Сацыялістычныя абавязацельствы. □ Частка нашых кадраў усё яшчэ не разумее простай ісціны, што любыя ўскладненні ні ў якім выпадку не знімаюць адказнасці за выкананне планаў і абавязацельстваў. Машэраў.
2. Грашовы пазыковы дакумент. Пазыковае абавязацельства.
абавяза́цца, ‑вяжуся, ‑вяжашся, ‑вяжацца; заг. абавяжыся; зак.
Узяць на сябе абавязацельства. Асобныя калгасы пры значным расшырэнні пасеваў ільну абавязаліся дасягнуць яшчэ вышэйшых ураджаяў. «Звязда».
абавяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; заг. абавяжы; зак., каго.
Патрабаваць ад каго‑н. што‑н. выканаць; ускласці на каго‑н. якія‑н. абавязкі. [Страмілін:] Я прапаную абавязаць галоўнага інжынера прыняць усе захады, каб канструкцыя была палепшана як мага хутчэй! Крапіва.
абавя́звацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да абавязацца.
2. Зал. да абавязваць.
абавя́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абавязаць.
абавязко́ва, прысл.
Безумоўна, немінуча, няўхільна. Людзі кажуць: калі поле крадзе, то абавязкова бачыць лес. Непачаловіч.
абавязко́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць абавязковага. Абавязковасць працы для ўсіх працаздольных членаў грамадства.
абавязко́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які безумоўна трэба выконваць. Абавязковая ўмова. Абавязковая пастанова. // Які патрабуецца ў заканадаўчым парадку. Усеагульнае абавязковае навучанне.
2. Які заўсёды павінен быць, заўсёды прысутнічае. Абавязковы экземпляр. □ У п’есах Марцінкевіча важная роля адводзіцца куплету, які раней быў абавязковай прыналежнасцю вадэвіля. Ярош.
абагаві́ць, ‑гаўлю, ‑гавіш, ‑гавіць; ‑гавіце; зак., каго-што.
Тое, што і абогатварыць.
абагаўле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. абагаўляць — абагавіць.