Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

вабільшчык, ‑а, м.

Паляўнічы, які падзывае вабікам птушак або звяроў.

вабіцца, ‑біцца; незак.

Зал. да вабіць.

вабіць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; незак., каго.

1. Захапляючы, зачароўваючы сваім выглядам, прыцягваць да сябе. [Лабановіча] наогул захапляла і вабіла жыццё з прынаднымі малюнкамі і таемнымі чарамі. Колас. Я Чорнае мора зялёным назваў бы, калі ўтаймуецца бура і шторм. Сюды мяне змалку і клікаў і вабіў бязмежны, жывы і нястрымны прастор. Грахоўскі. / у безас. ужыв. Хоць не было спякоты, але так і вабіла пад засень дрэў. Шахавец. // Выклікаць цікавасць да сябе, прыхільнасць, сімпатыю. Шырокая барада [Тодара].., яго манера гаварыць проста, зразумела і ясна, — усё гэта вабіла да яго. Нікановіч. Даша належала да ліку тых жанчын, хараство якіх не кідаецца рэзка ў вочы, а вабіць, захапляе, грэе. Васілевіч.

2. Падзываць птушак або звяроў, падрабляючы іх голас. [Піліпоўскі] жартаваў, высвістваў маршы, вабіў свістам з прыдарожных хмызнякоў птушак. Чорны. Там у таямнічыя Ночы ля дубоў Нашы паляўнічыя Вабілі ваўкоў. Глебка.

вавёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Звярок роду млекакормячых атрада грызуноў, які жыве ў дуплах дрэў. Даўгахвостая вавёрка, відаць, нечым напалоханая, рыжай маланкай узлятае ўгору па карабатай кары дуба. Паслядовіч. // Футра, шкурка гэтага звярка. На румах ворагаў чакаюць дзяды памяркоўныя нашы; Трэба сабраць ім даніну: ад лодкі — два локці тканіны; Ад лодкі — па белай вавёрцы, і потым плыві сабе з богам... Сіпакоў.

вавёркавы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены са шкурак вавёркі. Вавёркавае футра.

вавёрчын, ‑а.

Які мае адносіны да вавёркі, належыць вавёрцы. Вавёрчына гняздо. Вавёрчыны сляды.

вавілонскі, ‑ая, ‑ае.

У выразах: вавілонскае стоўпатварэнне гл. стоўпатварэнне; вавілонская вежа гл. вежа.

ва́га, ‑і, ДМ ва́зе, ж.

Тоўстая жэрдка або бервяно для падважвання цяжкіх прадметаў.

вага́,і́, ДМ вазе́; мн. ва́гі, ‑аў; ж.

1. толькі адз. Цяжар якога‑н. цела, які вызначаецца ўзважваннем; маса. Вага 20 кг. Прыбавіць у вазе. // Узважванне. Жыта маё прадаецца без вагі і меры — дабра свайго нікому не шкадую... Бядуля.

2. толькі адз. Важкасць якога‑н. цела, прадмета. Перастаялая салома не вытрымала вагі каласоў. // перан. Значэнне, сіла, уплыў. І часам дзед нахмурыць бровы, Ды больш дадасць сабе вагі, Бо як-ніяк, а ў яго хаце Знайшлі прытулак бедакі. Колас.

3. толькі адз. Сістэма мер для вызначэння цяжару. Меры вагі. Адзінка вагі.

4. Прылада для ўзважвання чаго‑н. Спружыновая вага. Аўтаматычная вага. ▪ Сама [цётка] прынесла з кутка мяшок, паставіла яго на вагу і з нейкім заклапочана-адчайным выглядам сказала: — Важце. Брыль. Жыта ссыпаюць проста ў кучу на брызент каля вагі. Васілевіч.

•••

Дэцымальная вага — вага, якая ўраўнаважваецца гірамі ў 10 разоў лягчэйшымі, чым груз.

Жывая вага — поўная вага жывой жывёліны, у процілегласць чыстай вазе мяса.

Забойная вага — вага тушы без шкуры, галавы, ног і вантробаў.

Удзельная вага — а) адносіны вагі цела пры тэмпературы 0°C да вагі роўнага аб’ёму вады пры тэмпературы 4°C; б) колькасць, роля, значэнне, месца каго‑, чаго‑н. дзе‑н., у чым‑н.

Чыстая вага — вага чаго‑н. без пасуды, без упакоўкі і пад., нета.

На вагу золата — надта дорага.

вагавы, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да вагі (у 1, 4 знач.). Вагавая адзінка. Вагавыя катэгорыі. Вагавы збор.

2. у знач. наз. вагавая, ‑ой, ж. Памяшканне, прыстасаванае для ўзважвання якіх‑н. грузаў.

вагавітасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць вагавітага.