Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

абабак, ‑бка, м.

Ядомы грыб з губчастай пад нізам буравата-шэрай шапкай на высокай тонкай ножцы; падбярозавік, бабка.

абабегаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Тое, што і абабегчы (у 3 знач.), з адценнем паўторнасці дзеяння. Аднаго разу.. [малады чалавек] даў нават соценную паперку, і Тані прыйшлося абабегаць увесь тэлеграф, каб размяняць гэтыя грошы. Васілёнак.

абабегчы, абягу, абяжыш, абяжыць; абяжым, абежыце; абягуць; пр. абабег, ‑ла; заг. абяжы; зак., каго-што.

1. без дап. Бягом зрабіць круг вакол чаго‑н. Абабегчы вакол дома.

2. Бегучы ў абход, абмінуць каго‑, што‑н. [Гітлеравец] выскачыў, абабег хлеў, прабег трохі наперад па цаліку, спыніўся і — застрачыў з аўтамата. Лупсякоў.

3. Паспешліва наведаць усе або розныя месцы. [Чалавек] старанна пагаліўся, выпрасаваў касцюм, потым абабег усе магазіны ў пошуках нейкага адмысловага падарунка. Асіпенка.

4. перан. Хутка распаўсюдзіцца, стаць вядомым усім. Чутка пра незвычайны ўраджай з аднае бульбіны ў той жа вечар абабегла ўвесь калгас. Якімовіч.

абабраны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абабраць.

абабрацца, абяруся, абярэшся, абярэцца; абяромся, аберацеся; зак.

1. каго-чаго; толькі з адмоўем. Разм. Пра немагчымасць пазбавіцца каго‑, чаго‑н., справіцца з чым‑н. Не абабрацца клопату, бяды. ▪ Мала часу асталося да вяселля, і працы не абабрацца. Гартны.

2. Вылучыцца, вызначыцца, знайсціся. Тры гаспадары сядзелі за сталом і гаварылі аб пчолках. Галоўным бортнікам абабраўся Доўба. Колас. // Узяцца, падахвоціцца. [Адзін з паляўнічых:] — Ну, ці знойдзецца стралец, Хто галінку зніжа куляй?.. Вось адзін з іх абабраўся, Стрэліў — дуб той захістаўся. Колас.

абабраць, абяру, абярэш, абярэ; абяром, абераце; заг. абяры; зак., каго-што.

1. Зняць плады з дрэва, куста і пад. Абабраць яблыкі. Абабраць маліны. // Вызваліць ад пладоў. Абабраць яблыню. Абабраць сад. // Пазнімаць рукамі што‑н. з чаго‑н. Моніч, адабраў з плашча салому, што начаплялася ў брычцы. Бажко. // Сабраць што‑н., беручы жменямі, зграбаючы ў што‑н. Абабраць муку з пода. Абабраць рой у раёўню.

2. Абакрасці, абрабаваць каго‑н. ці абабраць што‑н. ашуканствам, пазабіраць што‑н. у каго‑н. [Андрэй:] — Паны вязуць нарабаванае дабро... Сялян нашых абабралі... Чарот.

3. Разм. Пасля пошукаў спыніцца на чым‑н., выбраць каго‑, што‑н. Абабраць месца для маёркі. Абабраць спосаб жыцця. ▪ З паклонам і павагай [жаніхі] будуць прыязджаць у яе [Эльзы] маёнтак, і яна абярэ сабе самага знатнага і прыгожага. Шчарбатаў.

4. Абрэзаць, зняць лушпінне з чаго‑н. Абабраць бульбіну. Абабраць апельсін.

•••

(Абабраць) да ніткі гл. нітка.

Абабраць як ліпку — тое, што і абадраць як ліпку (гл. абадраць).

абабіты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абабіць.

2. у знач. прым. З пашкоджаннямі на паверхні, драпінамі, шчарбінамі; абшарпаны. Між голых сцен, несамавітых, Такіх панурых, абабітых, Астаўся стол адзін на месцы. Колас.

аба́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.

Разм.

1. Пераняць некаторыя жаночыя рысы характару (пра мужчыну).

2. Перастаць сачыць за сабою, апусціцца, агрубець (пра жанчыну).

абабі́цца, ‑б'ю́ся, ‑б'е́шся, ‑б'е́цца; ‑б’ёмся, ‑б’яце́ся; зак.

1. Аказацца пашкоджаным; адбіцца, адпасці (пра тынк і пад.). // Пашарпацца, знасіцца па краях (пра адзенне).

2. перан. Прывыкнуць да чаго‑н., перастаць заўважаць дрэннае, ацярпецца. [Галубіцкі:] За сваю бытнасць я прывык ужо да праборак, абабіўся. Сабаленка.

абабі́ць, ‑б'ю́, ‑б'е́ш, ‑б'е́; ‑б’ём, ‑б’яце́; зак., каго-што.

1. Удараючы, прымусіць адпасці што‑н. Абабіць яблык. Абабіць расу. ▪ [Апанас] абабіў попел з папяросы і скрывіўся ад дыму. Пестрак. // Удараючы, ачысціць ад чаго‑н. Неўзабаве.. [Чарнавус] павольна адчыніў дзверы ў сенцы, па зімняй прывычцы абабіў аб падлогу боты. Кулакоўскі. // Абмалаціць. Наперадзе чакала работа цяжкая і доўгая: малацьба. Абабіць цапамі ўсю збажыну нялёгка. Чарнышэвіч.

2. Пашкодзіць паверхню чаго‑н., прымусіць адпасці. Абабіць палец. Абабіць тынк. // Абнасіць з краёў вопратку. Абабіць рукавы.

3. Прыбіць, пакрыўшы, абцягнуўшы чым‑н. Абабіць дзверы дэрмацінам. ▪ [Дзеці] укапалі слупкі, абабілі аполкамі, навазілі з саўгаснай гантарэзкі пілавіння. Пальчэўскі.

4. Зрабіць прыгодным для язды. Абабіць дарогу.

•••

Абабіць капейку — зарабіць грошай. [Ціток:] — Сваю ж гаспадарку кідаеш, каб хаця капейку якую абабіць. Лобан.

абавя́зак, ‑зку, м.

Тое, што хто‑н. павінен выконваць у адпаведнасці з грамадскімі або асабістымі патрабаваннямі. Усеагульны воінскі абавязак. Пачэсны абавязак. Пачуццё абавязку. Правы і абавязкі грамадзян. ▪ Воінская служба ў радах Узброеных Сіл СССР — ганаровы абавязак савецкіх грамадзян. Канстытуцыя СССР. [Жлукта:] Прыбыўшы ў ваш горад, я палічыў абавязкам засведчыць вам сваю пашану. Крапіва. // звычайна мн. (абавя́зкі, ‑аў). Сукупнасць спраў або даручэнняў, ускладзеных на каго‑н. і абавязковых для выканання. Выконваць абавязкі. Ускласці абавязкі. ▪ Свае старшынскія абавязкі Люба здала Міхалу. Васілевіч.

•••

Несці абавязкі гл. несці.