абабі́ць, ‑б'ю́, ‑б'е́ш, ‑б'е́; ‑б’ём, ‑б’яце́; зак., каго-што.

1. Удараючы, прымусіць адпасці што‑н. Абабіць яблык. Абабіць расу. ▪ [Апанас] абабіў попел з папяросы і скрывіўся ад дыму. Пестрак. // Удараючы, ачысціць ад чаго‑н. Неўзабаве.. [Чарнавус] павольна адчыніў дзверы ў сенцы, па зімняй прывычцы абабіў аб падлогу боты. Кулакоўскі. // Абмалаціць. Наперадзе чакала работа цяжкая і доўгая: малацьба. Абабіць цапамі ўсю збажыну нялёгка. Чарнышэвіч.

2. Пашкодзіць паверхню чаго‑н., прымусіць адпасці. Абабіць палец. Абабіць тынк. // Абнасіць з краёў вопратку. Абабіць рукавы.

3. Прыбіць, пакрыўшы, абцягнуўшы чым‑н. Абабіць дзверы дэрмацінам. ▪ [Дзеці] укапалі слупкі, абабілі аполкамі, навазілі з саўгаснай гантарэзкі пілавіння. Пальчэўскі.

4. Зрабіць прыгодным для язды. Абабіць дарогу.

•••

Абабіць капейку — зарабіць грошай. [Ціток:] — Сваю ж гаспадарку кідаеш, каб хаця капейку якую абабіць. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)