Вы́звездзіць ’зрабіцца зорным (пра неба)’ (Інстр. I, Мат. Гом., 222). Запазычанне з рус. вы́звездить ’тс’.
Зо́рка ’нябеснае цела’. Рус. зо́рька ’зара’, наўг., бранск. ’зорка’, укр. зі́рка ’зорка’. Параўн. польск. zorza ’зара, зорка’, чэш. zora ’ранішняя зорка’. Памянш. ад зара < зора (ці зоря) з суфіксам ‑к‑а. Параўн. з іншымі суфіксамі балг. зорнѝца, серб.-харв. зорњача, славен. zorníca, zorjeníca ’ранішняя зорка; Венера’. Значэнне зара (гл.) ’ранішняе святло’ дало падставу для дыферэнцыяцыі значэнняў гэтага слова: ’афарбоўка неба’ і ’зорка’. Для далейшай дыферэнцыяцыі важным было замацаванне суфіксальных утварэнняў для назвы адной ранішняй зоркі, а потым і зоркі наогул. Булахоўскі (Труди філол. ф-ту ХДУ, 3, 1956, 62) адзначыў, што ў ст.-рус. адбывалася дыферэнцыяцыя заря ’святло’, зоря ’зорка’.
Сузо́р’е ’ўчастак зорнага неба, група зорак, аб’яднаных агульнай назвай’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). Да су- і зара, зорка; калька т. зв. еўрапейскіх культурных слоў, параўн. укр. сузі́рʼе ’тс’, рус. созве́здие, чэш. souhvězdí, славац. súhvezdie, славен. sozvezdje, серб.-харв. са̀звежђе, балг. съзве́здие, макед. созвездие, што калькуюць лац. constellatio ’ўзаемнае размяшчэнне нябесных цел’. Гл. ESSJ SG, 1, 240; Борысь, Prefiks., 117. Да семантыкі параўн. польск. gwiazdozbiór ’тс’.