Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Рара́ты (рора́ты) ’служба ў каталікоў пасля паўночы перад Раством’: пошли в косцёл на рораты (Нас.). Паводле аўтара слоўніка, з лац. aurorata ’?’ — відаць, народнаэтымалагічнае аднясенне да aurōra ’ранняя зорка’. Паводле Брукнера (463), польск. roraty ’першая ранняя імша ў перыяд адвенту ў каталікоў’ ад першых слоў псалма rorate соеіі (= спусціце росы, нябёсы).

Рарог ’парода сокала Falco L.’, ст.-бел. рарогъ ’тс’ (Ст.-бел. лексікон). Лічыцца запазычаннем са ст.-польск. rarog ’балабан, Falco cherrug Gray’ (Булыка, Лекс. запаз., 143), якое ўзыходзіць да лексічнага дыялектызма познепраславянскай эпохі *rarogъ, параўн. укр. рарі́гзах.-слав.), польск. raróg, каш. rårog ’тс’ і ’капрызны, распешчаны чалавек’, чэш. raroh, славац. rároh, в.-луж. raroh ’тс’; сюды ж адносяць таксама харв. ràrog, rȁrog ’лангуст, Palinurus vulgaris’, славац. rárohy, rárož ’сухія (якія тырчаць) галіны’, чэш. мар. rároh, rárohy ’стары хлам, барахло, старая мэбля’. Паводле Краўчука (БЛ, 9, 23–26), утворана ад прасл. *rogъ (гл. рог) шляхам рэдуплікацыі і падаўжэння першага складу, значыла ’нешта зубчастае, тырчачае’, адносна сокала і марскога рака ’з зубцамі (на дзюбе, на клешнях)’ пэўную паралель ўяўляе славен. rȃcar і іншыя назвы ястрабаў, што выводзяцца з харв. rȁčve ’рогі, рагулькі’, гл. Бязлай, 3, 142. Адносна праславянскай лексемы выказваліся і іншыя версіі. Міклашыч (271) прапанаваў звязаць з ц.-слав. раръ ’sonitus; шум, крык’, і гэта думка пераважае ў большасці слоўнікаў, гл. Бязлай, 3, 152; Сной₂, 523; Борысь (510) прапануе разглядаць *rarogъ як вытворнае ад дзеяслова *rarati ’утвараць гучныя, рэзкія гукі’ (з апеляцыяй да польск. дыял. rarać ’спяваць, аб жаваранку’), якое далей да *rarъ ’шум’. Радзей разглядаецца версія пра запазычанне з іран. *varaŋga (з асіміляцыяй на славянскай глебе v‑r > r‑r), гл. Махэк₂, 508. Гл. таксама Антропаў, Назв. птиц, 339–340.

Рары́тус ’асалода’ (воран., Сл. рэг. лекс.). З акцэнтаваннем значэння ’надзвычайны, якасны’, праз польск. rarytas ’рэдкая рэч’ ці непасрэдна з лац. rāritās ’рэдкасць, малая колькасць’, rārus ’рэдкі, дасканалы, гатунковы, надзвычайны’, у адрозненні ад рарытэт, што праз ням. Rarität ’рэдкасць’.