Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Круг1 ’частка плоскасці, абмежаваная акружнасцю’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш.). Укр. круг, рус. круг, ст.-рус. кругъ ’тс’, ст.-слав. крѫгъ, балг. кръг, макед. круг, серб.-харв. кру̑г, славен. krọ̑g ’тс’, польск. krąg, чэш. kruh, славац. kruh, в.-луж. kruh ’тс’. Прасл. krǫgъ у якасці бліжэйшых паралелей мае германскія лексемы: ст.-ісл. hringr ’персцень, круг, кола’, ст.-в.-ням. hring ’тс’. Менш надзейным з’яўляецца ўмбр. cringatu ’пас’ (Бернекер, 1, 626; Покарны, 936).

Круг2 ’поўная фаза месяца’ (Бяльк.). Гл. круг1.

Круг3 ’вір, месца ў рэчцы, дзе віруе вада’ (Мат. Гом., Янк. III). Гл. круг1.

Круг4 ’збан’ (Касп.). Запазычанне праз ням. Krug ’тс’.

Круг5 ’лішай’ (Нас., Сцяшк., Мат. Гом.). Магчыма, да крух (гл.).

Круг6 ’гульня хлопцаў са снегам (качалі снежныя кругі і пускалі з гары)’ (Нар. словатв.). Гл. круг1.

Круг7 ’поўны камплект колаў для воза’ (Нар. лекс., Сцяшк., Касп.). Гл. круг1.

Круг8 ’багністае балота, якое зарасло альхой’ (ТС, Яшк.). Гл. круг5.

Круг9 ’наўкола’ (Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Гл. круг1.

Круга́ ’вір’ (Яшк.). Гл. круг3.

Круга́ ’вакол’ (Янк. Мат., Сцяц. Нар.). Гл. круг1. Фармальная структура няясная.

Круга́н ’чыстае сухое месца сярод лесу, звычайна пясчанае, пясчаны ўзгорак’ (Яшк.), ’куча, гурба’ (Сцяшк. Сл.). Гл. курган.

Круглец1 ’асака са сцяблом круглай формы’ (Жыв. сл., Сл. паўн.-зах.). Да круглы (гл.).

Круглец2 ’сіт, Juncus L.’ (Касп.). Гл. круглец1.

Кру́глы ’круглы’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Сл. паўн.-зах., Сержп. Ск., Ян.). Укр. круглий, рус. круглый ’тс’, балг. кръгъл, серб.-харв. о̀кругао, славен. krógəl, польск. okrągły, чэш. okrouhlý; прасл. krǫglъ утворана ад krǫgъ пры дапамозе суфікса прыметнікаў ‑lъ (Мейе, Общеслав., 282).

Кругль ’фундамент’ (Жд. 3). Назва ў адпаведнасці з формай. У радзе гаворак прыметнік круглы мае таксама значэнне ’квадратны’.

Кругля́к1 ’кароткае тоўстае палена круглай формы’ (ТСБМ, П. С., Хар., Сцяшк., Янк. III, Шушк., В. В., Шат., Сл. паўн.-зах.). Гл. круглы.

Кругля́к2 ’махавое балота з вадой’ (Яшк.). Гл. круг8.

Кру́глік ’ялец’ (Крыв.). Вытлумачыць гэту назву цяжка. Магчыма, гэта звязана з формай галавы. Параўн. назвы для яльца головень‑елец (Каламіец, Рыбы, 21).

Кру́гліца ’хлеў для авечак’ (Яшк., Сцяшк. Сл.), ’гаспадарчая пабудова квадратнай формы’ (Нар. словатв.). Да круглы (гл.).

Кругіта́ць ’вішчаць (пра парасят)’ (Нар. лекс., Сл. паўн.-зах.). Не выключана кантамінацыя кігаць (гл.), кігікаць (гл.) і круг з.