Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Тэрц ‘дрыжанне, тупат’: скачуць, аш тэрц па падлозе ідзець (Мова Сен.). Няясна, магчыма, звязанае з тарцаваць ‘стругаць дрэва ўпоперак слаёў’ (Ласт.), вытворнае ад торц, гл. тарэц.

Тэрапі́я ‘лячэнне ўнутраных хвароб’ (ТСБМ), тэра́пія ‘тс’ (Некр. і Байк., Ласт.). Хутчэй непасрэдна з новалац. therapeia, дзе з грэч. θεραπεία ‘догляд, лячэнне’ або праз польск. terapja ‘лячэнне, майстэрства лячэння’ (ЕСУМ, 5, 349).

Тэра́са ‘ўступы зямлі або прыбудова перад домам’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Пятр.). Відаць, праз рус. терра́са ‘тс’, што, у сваю чаргу, з франц. terrasse ‘земляны насып’, звязанага з лац. terra ‘зямля’.

Тэрмометр ‘прыбор для вымярэння тэмпературы’ (ТСБМ), тэрмо́мэтр ‘тс’ (Ласт.), тэрмо́мэтар ‘тс’ (Некр. і Байк.). Запазычанне з франц. thermometer ‘тс’, штучнага ўтварэння пачатку XVII ст. на аснове грэч. τέρμη ‘цяпло’ і μέτρον ‘мера’ (ЕСУМ, 5, 555; Арол, 4, 63); апошняя форма запазычана праз ням. Thermometer ‘тс’ або дапасавана да народнага вымаўлення.

Тэ́рмін1 ‘пэўны прамежак, канец устаноўленага часу’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Шымк. Собр., Ласт., Гарэц., Сержп. Казкі, Касп.), ст.-бел. терминъ, тэрминъ, терменъ ‘тс’ (1577 г., ГСБМ). Запазычана праз ст.-польск. termin ‘тс’, што, у сваю чаргу, з лац. terminus ‘мяжа, канец’ (Булыка, Лекс. запазыч., 192), або непасрэдна адаптаванага з лацінскай тэрміналогіі, што шырока ўжывалася ў судовай практыцы ВКЛ, параўн. termini indiciarii terrestres = рокі судовые земские ад ст.-бел. рок ‘акрэслены, прызначаны час’ (Жлутка, 332). Сюды ж тэрміно́ва ‘ў хуткім часе’ (Варл.), тэрміно́вы ‘які не церпіць адкладу’, тэрмінава́ць ‘прызначыць тэрмін’ (Ласт.).

Тэ́рмін2 ‘абазначэнне, назва пэўнага паняцця’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Сюды ж, магчыма, ст.-бел. термина, тармена ‘кароткі спіс, нататка’ (1574 г.), термината ‘тс’ (ГСБМ), ‘копія, прабел старонкі’ (Ст.-бел. лексікон), што звязаны з с.-лац. terminus ‘слова ў строга вызначаным сэнсе’, гл. ЕСУМ, 5, 554; Арол, 5, 63.