Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Тыно́к ‘загарадка з калкоў тычком’ (ТСБМ, Ласт.), ‘агароджа з тонкіх кійкоў, якія вертыкальна пераплятаюцца паміж жэрдак’ (віц., рэч., ЛА, 4), ‘пляцень’ (Ласт.). Памянш. да тын (гл.). Сюды ж тынко́вы (плот) ‘плот з частаколу (у адрозненне ад жардзянога плота)’ (брасл., Сл. ПЗБ).

Тынк ‘пакрыццё паверхні будаўнічых канструкцый’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Гарэц., Ласт., ТС, Сл. ПЗБ), ‘тынкоўка, раствор для тынкоўкі’ (Сцяшк., Шат., ПСл, Шушк.), ‘матэрыял, якім забіваюць шчыліны ў сцяне’ (Бяльк.), сюды ж тынкава́ць ‘пакрываць тынкоўкай’ (Нас., Ласт., Касп.), тынкова́ць ‘тс’ (ТС): tynkovácʼ ŭ kołočki, u dranku (Арх. Вяр.), тинкова́ти ‘апрацоўваць, выпраўляць паверхню вапнай’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. тынковати ‘тынкаваць’ (1695 г.), тынкованье (тынкоўкай) (1690 г., ГСБМ). Праз польск. tynk ‘тс’, якое з нова-в.-ням. Tünche ‘тынкаванне’, ‘тынкоўка’, а апошняе з лац. tunica ‘скура’, ‘покрыва’, ‘абалонка’. Лацінскае слова, як і ст.-грэч. χιτών ‘хітон, туніка’, былі запазычаны праз фінікійскую мову з арамейск. kittūnā́ < ст.-яўр. kuttṓneth ‘тс’ (Борысь, 659; Брукнер, 589; ЕСУМ, 5, 570).

Тын ‘агароджа з папярочных або вертыкальных жэрдак, пераплеценых прутамі лазы, хворастам’ (ТСБМ, Касп., Сцяшк., Шушк., Сл. ПЗБ, ЛА, 4, Байк. і Некр., Яруш., ТС), ‘агароджа з калоў’ (Шымк. Собр., Некр. і Байк., Пятк. 1, Ласт.), ‘агароджа як сцяна з бярвенняў’ (маладз., Янк. Мат., П. С.; валож., ЛА, 4, Маш., Варл.), ‘абкладка калодзежа з плашак’ (ТС, Мат. Маг.): тоўстая жанчына не павінна садзіцца на тыну калодзіся (Сержп. Прымхі), тынь ‘агароджа з дошак’ (Нас., Шушк.), ст.-бел. тынъ ‘плот, паркан’, ‘колле, жэрдкі’ (1579 г., ГСБМ). Сюды ж тыно́к ‘плот, тын’ (бярэз., Жыв. НС), ‘частакол’ (Гарэц.), ‘агароджа з тонкіх прутоў’ (Касп.), ‘агароджа з тонкіх яловых кійкоў, якія пераплятаюцца між жэрдак’ (в.-дзв., Шатал.), тъно́к ‘тс’ (мёрск., Нар. сл.), тыні́ць ‘абгарадзіць тынам’ (Нас., Юрч.), ‘абстаўляць драўлянымі плахамі пограб, сажалку’ (Юрч.), ты́навы ‘зроблены з частаколу’ (брасл., Сл. ПЗБ), ты́неный ‘абстаўлены драўлянымі плахамі’ (Юрч.). Параўн. укр. тин ‘агароджа’, ‘драўляная абліцоўка ў калодзежы’, рус. тын ‘плот’, стараж.-рус. тынъ ‘агароджа, плот’, ‘сцяна’, ‘аблогавае ўмацаванне’; польск. tyn ‘загарадзь, агароджа’; палаб. (vå)tåin ‘тын’, чэш. týn ‘агароджа’, славац. дыял. týn, týň ‘тычка, лата’, славен. tȉn ‘перагародка’, tȉnj ‘агароджа з дошак, жэрдак’, харв. tȉn, серб. ти̏н ‘перагародка’, чак. tȋnj ‘прасценак’, tinac ‘перагародка з ясеневых прутоў, пакрытая тынкам’, шток. ти̂њ ‘набіўка (напханая сенам, саломай, мякінай) між сцен’, ц.-слав. тынъ ‘перагародка, сцяна’. Прасл. *tynъ ‘жывая агароджа’, першапачаткова ‘густы зараснік’, якое ад *tyti ‘густа расці’ (Мартынаў, Лекс. взаим., 145–153; ЕСУМ, 5, 568–9). Іншая шырока распаўсюджаная версія паходжання прасл. *tynъ са ст.-герм. tún ‘двор, сад’, ст.-в.-ням. zûn, ням. Zaun ‘плот’ (Міклашыч, Lex. palaeosl., 1020; Брукнер, 589; Фасмер, 4, 132; Борысь, Czak. stud., 86). Кароткі агляд версій гл. Арол, 4, 126.