Туру́н, мн. л. туруны́, турунты́ ‘затор лёду на рацэ’ (Ласт.). Не ясна.
Тулі́чны ‘прысутны’ (Ласт.). Магчыма, штучнае ўтварэнне па ўзоры тубы́льскі, дыял. тубы́льны ‘мясцовы, тутэйшы’ (гл. тубылец) — ту 2 (гл.) і лічны ‘шматлікі’ (гл.), хутчэй ‘наяўны’ ад рус. быть налицо ‘быць у наяўнасці’; аўтарскі наватвор, каб пазбегнуць «барбарызма» прысу́тны (гл. прысутнічаць), які «павінен быць безумоўна адкінуты як нязгодны з духам мовы» (Ласт, 555).
Тутні́ца ‘аорта’ (Ласт.), ту́тніца ‘тс’ (Некр. і Байк.), ‘артэрыя’ (Др.-Падб.). Відаць, запазычана з польск. tętnica ‘тс’, параўн. тутнець, гл.
Ту́сцень ‘бабровы тлушч’ (Ласт.). Магчыма, роднаснае серб. ту̏ска ‘вытапкі, выжаркі’, гл. туск. Аднак больш верагодна ўзыходзіць да прасл. *tъlstъ (*tl̥stъ), якое ў шэрагу беларускіх гаворак рэалізавалася як туст‑: ту́сты ‘тоўсты, тлусты’ (Цыхун, ЈФ, 56, 1386–1387), параўн. за́таўка або за́тука ‘заправа стравы з якога-колечы туку, найчасцей расцёртага сала’ (Ласт.), серб. ту̏ст, харв. tȕst ‘тучны, тоўсты’. Архаізм, праформу якога можна прадставіць як *tl̥stъ‑enь; адносна суфікса як індаеўрапейскай спадчыны гл. Слаўскі, SP, 1, 125.
Ту́склы ‘цьмяны, без бляску’ (Ласт.), ‘бледны’ (Вруб.). Параўн. укр. ту́склий ‘цьмяны, мутны; смутны’, рус. ту́склый ‘цьмяны, змрочны; непрыкметны; падслепаваты’. Т. зв. элавая форма да дзеясловаў тускнуць, тускнець (гл.).
Тулус ‘тлушч’ («жир, ктотороый называется тулусам», Нік. Очерки). Няясна; малаверагодная сувязь з фармальна ідэнтычным фін. tulus ‘крэсіва, крэмень’ (> рус. тулукса ‘тс’, гл. Фасмер, 4, 118). Магчыма, звязана з ту́сцень ‘бабровы тлушч’ (Ласт.) з апакопай *тулусцень?
Ту́ля ‘калчан, похва для стрэл’ (Ласт.), сюды ж, магчыма, перан. ту́ля ‘асоба, апранутая ў тоўстае, цёплае адзенне, выглядае непаваротлівай’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Да тул 2 адносна семантыкі параўн. рэз’ян. tȗlast ‘у форме трубы, пусты’.
Ту́шчма ‘дармо, дарма, марна’ (Ласт.). Відаць, прыслоўе па ўзоры лежма (ляжаць), бегма (бегчы) ад дзеяслова тушчэць (гл. тушчы). На аснове прыслоўя ўтвораны прыметнік тушчы́мны ‘посны’ (Сцяшк. Сл.), які паслужыў, магчыма, узорам для нішчы́мны ‘посны, пусты’ (ад спалучэння ні з чым ‘без нічога’, гл.).
Туно́к, мн. л. тунцы́ ‘глінянкі, грузілы на ніз сеткі’ (Ласт.). Відаць, праз польск. tunka ‘бочка’ (з ням. Tonne ‘тс’, Брукнер, 584) па форме дэталі, якая напамінае бочачку, або вытворнае ад ням. tunken ‘мачаць, акунаць’, магчыма, праз ідыш, гл. tunken ‘тс’, tun ‘бочка’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 808).
Турта́ць ‘прыспешваць, падганяць’ (Ласт.). Пацюпа (Arche, 2007, 3, 195) узводзіць да туры́ць ‘гнаць’, відаць, з узмацняльным ‑т‑. Параўн. чэш. trtati ‘спяшацца дробнымі крокамі’, якое Махэк₂ (654) параўноўвае з балг. тъ́ртя ‘кінуцца бегчы’ і лічыць паралельнымі ўтварэннямі з чэш. drdati (< *dьr‑ta‑ti ‘драць’), параўн. дырда (гл.).