Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

То́льма ’толькі’ (Стан.), то́льмі ’тс’ (Ласт.). Параўн. стараж.-рус. то́льма, то́льми ’(с)толькі’, польск. дыял. tylma, tylmo ’ледзь, амаль’, славац. toľme ’толькі’, ст.-слав. тольма, тольми ’(с)толькі’. Прасл. *tolьma/*tolьmi вытворныя ад *toli (< *to‑li) з канцавой часціцай *‑т (‑та, ‑ті) аналагічна, як у вельмі, вельма, гл. ESSJ SG, 2, 682–683; 1, 320.

То́лаг ’падонкі, буза’ (Ласт.). Няясна; відаць, звязана са славац. talug ’гной у ране’, н.-луж. taług, tałog ’гной, гнойная маса’, серб.-харв. та́лог, tolȏg ’асадак, падонкі’, балг. та́лог ’асадак, ціна, іл’, макед. талог ’тс’. Прасл. *talogъ ’асадак’, якое звязваюць з *talъ ’талы, бясснежны’ (Шустар-Шэўц, 1496, гл. талы) і, магчыма, з *toliti ’паміраць; супакойваць’ (Бязлай, 4, 151), параўн. таліць1, гл.

То́лезны ’такі вялікі, такі шматлікі’ (Ласт., Некр. і Байк.). Экспрэсіўнае ўтварэнне з суф. ‑(е)зн‑, параўн. велічэ́зны, вялі́зны (гл. вялікі), што ўзыходзіць да прасл. *toli, *tolě ’так, столькі’, параўн. укр. дыял. толь ’тс’, тіль ’трохі, не надта многа’, рус. дыял. то́ли, толь ’столькі, настолькі’, стараж.-рус. толи ’потым, і, а’, польск. tyle ’так многа’, дыял. toli ’вось, толькі, а як жа’, чэш. дыял. toli ’столькі, так многа’, н.-луж. toli ’таму што’, a toli ’ўсё ж, аднак, тым не менш’, славен. toli ’так, столькі’, старое серб.-харв. toli, tolje ’настолькі, так’, ст.-слав. толи, толь ’столькі, настолькі’. Спалучэнне дэманстратыўнага займенніка *to з часціцай *li, суадноснае з літ. tõlei ’да таго часу’ і роднаснымі tõl, tolì ’далёка’ (ESSJ SG, 2, 675; Фасмер, 4, 70; Шустар-Шэўц, 1514).

То́лькі ’выключна, адзіна, ’зусім нядаўна’, ’ледзь, ледзьве’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Федар. 4, Сержп. Прык., Сл. ПЗБ, Растарг.), ’столькі’ (Сцяшк., ЛА, 5), то́лька, ’выключна; ледзь’ (Бяльк.), ’столькі, у такой колькасці’ (смарг., Сл. ПЗБ), то́лько ’выключна, адзіна’ (вільн., Сл. ПЗБ), ’тс’, ’столькі’ (ТС), туо́лько ’выключна, адзіна; столькі, у такой колькасці’ (беласг., Сл. ПЗБ), ст.-бел. толико ’толькі, столькі’ (Ст.-бел. лексікон), только ’тс’ (Альтбаўэр); сюды ж то́лякі ’нядаўна’ (Сцяшк. Сл.), то́лечка ’толькі’ (Гіл.), то́лечкі ’тс’ (Янк. 2), ’толькі (памяншальнае)’ (Растарг.), ’толькі што’ (Жд. 1), то́лечкі ’тс’ (Ян., Мат. Маг., Нар. Гом.), то́лячкі ’тс’ (Чэрн., Сцяшк. Сл.), то́лічка ’малая колькасць’, то́лічкі ’чуць-чуць’ (Нас.). Укр. ті́льки ’адзіна, выключна’, ті́лько ’тс’, дыял. ’столькі’, рус. то́лько ’выключна; ледзь; аднак’, польск. tylko ’тс’, чэш. tolik ’столькі’, toliko ’выключна’, славац. toľko ’столькі’, toľký ’такі вялікі, такі значны’, славен. tolíko ’столькі’, tólik ’такі вялікі’, серб.-харв. то̏лико, толѝко ’столькі’, макед. толку ’тс’, балг. то́лко ’тс’. Прасл. *toliko прысл. ад *tolikъ ’такі вялікі, такі на колькасці’, якое з’яўляецца суфіксальным утварэннем ад прасл. *toli ’столькі’, параўн. укр. дыял. ті́лький ’такі па колькасці’, рус. дыял. только́й ’такі’, старое польск. tylki, telki ’такі вялікі, такі па велічыні’, чэш. дыял. telký, teľký ’тс’, славац. toľký ’тс’, в.-луж. telki ’такі вялікі’, славен. tólik ’тс’, серб.-харв. толѝки ’тс’, дыял. tolȉk ’тс’, балг. дыял. то́лки ’тс’, ст.-слав. толикъ ’такі вялікі, такі шматлікі’. У неславянскіх мовах аналагічныя ўтварэнні — грэч. τηλίκος ’такі вялікі, такі моцны’, лац. tālis ’такі; такі важны, значны’ (Фасмер, 4, 74–75; Брукнер, 589; Махэк₂, 646–647; Бязлай, 4, 194; ЕСУМ, 5, 579; Борысь, 658). Паводле ESSJ SG (2, 682), парадак словаўтварэння адваротны: *tolikъ ад *toliko.