Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сіве́ц ‘расліна Nardus L.’ (ТСБМ, Кіс., Касп., Гарэц., Ласт., Бяльк., Сл. ПЗБ, ЛА, 1). Да сівы (гл.), з-за светла-шэрага колеру расліны. Аналагічна сіве́ц, сіву́ха, сі́ўка — пра сівых мужчыну ці жанчыну (Барад.).

Сівізна́, сіві́зна ‘сівіна, сівыя валасы’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Байк. і Некр., Бяльк., Шат., Варл.; ашм., Стан.; даўг., Сл. ПЗБ). Паводле Кохмана (Kontakty, 24), ва ўсходнеславянскія мовы запазычана з польск. siwizna ‘сіваватасць, сівыя валасы’. Аналагічна адносна рус. сивизна́ ‘тс’ гл. Віткоўскі, Słownik, 172.

Сівагра́к ‘тое, што і сіваваронка’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., Дэмб. 1, Меер Крыч., ТС), сівігра́к ‘тс’ (Бяльк.), сівагра́ка ‘тс’ (маг., ЛА, 1). Укр., рус. сивогра́к ‘тс’. Да сівы і грак, гл. (Праабражэнскі, 2, 283; Фасмер, 3, 616); паводле Ніканчука (БЛ, 9, 59), першая частка складанага слова характарызуе колер апярэння, а другая — вынік збліжэння анаматапеічнага кораня з грак (гл.), параўн. сівадрака, сівакрака (гл.).

Сі́вер ‘халодны паўночны пранізлівы вецер’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Др.-Падб., Байк. і Некр., Сцяшк.; віц., Нар. словатв., Сержп., Ян.), сі́верка ‘намаразь’ (Ян.), ‘халодны вецер’ (Пятк. 2), сі́верны ‘халодны, сцюдзёны’ (ТСБМ, мін., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), сі́вярнік ‘вецер з поўначы’ (Сцяшк. Сл.), сі́вераць ‘рабіцца шурпатым, асмуглым, грубець ад ветру, холаду (звычайна пра скуру на твары, руках і пад.)’ (ТСБМ), сівярэ́ць ‘халадаць’ (Сцяшк. Сл.). Укр. сі́вер ‘холад; халодны пранізлівы вецер’, рус. арх. си́вер ‘паўночны вецер’. Тлумачыцца з север (сѣверу), дзе и з ѣ (Фасмер, 3, 616), аб умовах гэтага пераходу гл. Карскі, 1, 216. Параўн. се́вер (siévir) ‘сухі сцюдзёны вецер’ (Варл.), семантычна больш ранняя форма, гл. ЭССЯ, 8, 192.

Сі́вы ‘белы, серабрысты (пра валасы)’, ‘колеру попелу; шэры’ (ТС, Нас., Байк. і Некр., Сержп., ТС, Сл. ПЗБ), сівы́ ‘тс’ (ТСБМ, Ласт., ТС, Сл. ПЗБ, Стан.), сы́вы ‘шэры’ (Сл. Брэс.), сіве́ць ‘станавіцца сівым’ (ТСБМ). Укр. си́вий, рус. си́вый, ст.-рус. сивъ, польск. siwy, в.-луж. sywy, чэш., славац. sivý, серб.-харв. си̏в, славен. sív, балг. сив, макед. сив ‘шэры, сівы’, ст.-слав. сивъ. Прасл. *sivъ(jь) ‘сівы, светлы, русы’. Паралелі ў літ. šývas ‘светла-шэры, сівы’, ст.-прус. sywan ‘шэры’, далей у ст.-інд. śyāváh̥ ‘карычневы, цёмна-карычневы’, авест. syāva‑, асец. sau‑ ‘чорны’ (Траўтман, 306; Майргофер, 3, 384), якія працягваюць і.-е. *kʼī‑u̯o < *і.-е. kʼī‑ ‘цёмна-шэры’ з суф. ‑u̯o > прасл. ‑vъ (Борысь, 549). БЕР (6, 633–635), Сной₁ (570–571), як і Покарны (540) узводзяць да і.-е. кораня *kʼei̯‑ ‘цёмны, сівы’. Фасмер (3, 617) сумняваецца ў сувязі з сіні (гл.), якую прапаноўвае Махэк₂ (543, 545), і з сіяць, гл.