Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сяе́начы ’гэтай ноччу’ (Бяльк., Ян.), сее́начы ’сёння ўночы’ (Пятк. 2). Сцягненая форма, параўн. сяй ночы а паўночы (Бяс., Ласт.), гл. сей, ноч.

Ся́паць ’торкаць, калоць, тыркаць’ (Ласт.), сяпа́г ’рэзніцкі нож’, сяпа́ч ’рэзнік’ (там жа). Няясна, магчыма, фанетычны варыянт се́паць (гл.); параўн. польск. siepacz ’бандыт, забойца’.

Сяльча́нін разм. ’сельскі жыхар, селянін; аднавясковец’ (ТСБМ), ст.-бел. сельча́нинъ (?), параўн. Т. скл. сельча́ном (XVI ст., Карскі, 1–3, 147), рус. сельча́нин ’жыхар сяла’, стараж.-рус. сельчанинъ ’тс’. Дэрыват ад сяльцо́ ’невялікае сяло, пасяленне’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.) < сяло, гл. Адзначаецца экспансія ў сучаснай рускай мове фарманта ‑чане, ‑чанин у адтапанімічных утварэннях на *‑janinъ (Трубачоў, Этимология–1980, 4), што магло паўплываць і на пашырэнне такіх утварэнняў у беларускай мове, параўн. мінча́нін, гамяльча́нін. Менш верагодна другаснае ўтварэнне ад сяля́к ’селянін’ (Ласт.).

Сябры́на ’кола, асяроддзе сяброў; сяброўская бяседа’ (ТСБМ), ’суполка, арцель’ (Ласт.), ’хаўрус работнікаў’ (Гарэц.), ’блізкія па поглядах людзі, дружбакі; талака, грамада’ (Янк. БП, Сцяшк.), ’супольнікі’ (Сержп. Прымхі). Зборны назоўнік ад сябар (гл.), параўн. себра, гл.

Ся́дзьба ’двор і агародная зямля’ (Бяльк.), ’прысядзібны ўчастак’ (Яўс.). Параўн. старое славін.-каш. старое seʒba ’месцажыхарства, сядзіба’. Прасл. *sedьba < *sědti ’сесці’, *sěděti ’сядзець’ з суф. ‑ba (гл. Варбат, Марфан., 98), параўн. сядзьба́ ’сядзенне’ (Ласт.).

Ся́ўрана ’суха і ветрана (пра надвор’е)’, ся́ўрыць ’сушыць на сцюдзёным ветры’ (Ласт.), сяўрёнка ’мяса, вытрыманае на халодных веснавых вятрах’, сяўрёный ’высіверачы (пра кумпяк, каўбасы, мяса)’ (віц., Нар. лекс.). Да север, сівер (гл.), параўн. рус. северя́к ’сцюдзёны паўночны вецер’.

Сяўбі́т ’сейбіт; сявец’ (Ласт., Касп., Барад., Нік. Очерки, Сержп. Прымхі, Стан., Мат. Гом.), сяўбі́т, се́ўбіт ’тс’ (Мат. Маг.). Вытворныя ад сяўба з непрадуктыўным суф. ‑іт (Сцяцко, Афікс. наз., 44), параўн. сейбіт, гл. З іншай суфіксацыяй сяўба́к, сяўбе́ц, сяўбі́к ’тс’ (Мат. Гом.).

Сярдзе́чнік, сардэ́чнік, сярдзе́шнік — назвы розных лекавых раслін: Leonurus cardiaca L. (Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ, Кіс.), Diantus deltoides L. (Ласт., Кіс.), Parnassia palustris L., Veronica chamaedrus L., Vaccinum vitisidaea L., Sempervivum soboliferum Sims. (Кіс.), сердзе́чнік ’Eryngium planum L.’ (ТС). Да серца, сэрца (гл.), этымалогію гл. сардэ́чнік.

Сяда́ць ’садзіцца’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Стан., Сл. ПЗБ), сяда́й(це) ’прапанова, загад сесці’ (ТСБМ), седа́ць ’садзіцца’ (ТС), ст.-бел. седати ’тс’ (Сл. Скар.). Параўн. укр. сіда́ти, польск. siadać, чэш. sedati, славен. sedati, серб.-харв. се̏дати, балг. ся́дам, ст.-слав. сѣдати. Шматкратны дзеяслоў да сядзець, гл.

Ся́жань, побач з са́жань ’мера ў стан чалавека, як можна сягнуць уверх рукой, роўная 3 аршынам’ (Ласт.). Параўн. стараж.-рус. сяжень, сажень ’мера даўжыні’. Да прасл. *sęžьnь, вытворнага ад *sęgati, гл. сягаць. Выказваецца меркаванне пра наяўнасць рэканструяваных варыянтаў прасл. *seg‑/*sog‑ без назалізацыі (параўн. Анікін, Этимология–1983, 55), гл. таксама сажань.