Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сям’я́ ’муж, жонка, дзеці і іншыя сваякі, якія жывуць разам’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Гарэц., Бяльк., Пан.), семʼя́ ’тс’ ’рой пчол у вуллі’ (ТС), сымне́ ’тс’ (Сл. Брэс.). Укр. сімʼя́, рус. семья́ ’тс’, стараж.-рус., рус.-ц.-слав. сѣмиꙗ ’чэлядзь, дамачадцы; рабы’, ст.-слав. сѣмиꙗ ’сям’я’. Прасл. *sěmьja < *ḱoim‑, паведле Трубачова (История терм., 164), з і.-е. *ḱei‑ ’ляжаць’ з суф. ‑m‑, магчыма, праз перанос значэння ’стаянка, паселішча’, параўн. ням. Lager, і ўзыходзіць да абазначэння тэрытарыяльнай супольнасці. Роднасныя літ. šeima ’сям’я’, šeimýna ’сям’я, чэлядзь’, лат. sàime ’сям’я, дамачадцы’, ст.-прус. seimīns ’чэлядзь’ і, далей, гоц. haims ’паселішча’, ст.-в.-ням. heim ’радзіма’, ст.-в.-ням. hîwo ’муж’ і інш.; гл. Траўтман, 300; Мюленбах-Эндзелін, 3, 635; Фасмер, 3, 600 з іншай літ-рай. Ляпуноў (цыт.: Фасмер, там жа) *sěmьja разглядае як дэрыват ад *sěmь ’асоба’, параўн. рус.-ц.-слав. сѣмь ’тс’, як рус. братия ад брат. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 254; Шаўр, Etymologie, 44. Сюды ж семʼяні́н ’член сям’і’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), семяні́н ’тс’ (Ласт., Сержп., Пятк. 2).

Сямёра ’у колькасці сямі (звычайна без назоўніка або з назоўнікамі агульнага роду, назвамі маладых істот і інш.)’ (ТСБМ), се́мера ’тс’ (Некр. і Байк., Пятк. 2), се́меро ’тс’ (ТС), ст.-бел. седмера ’тс’, побач з вседморо ’ўсямёра’ (Карскі 2–3, 55). Параўн. укр. се́меро, рус. се́меро, польск. siedmioro ’тс’, в.-луж. sedmory ’сямікратны’, н.-луж. sedymory ’тс’, палаб. sedmärë, чэш. sedmero, славац. sedmoro, славен. sedmero, серб.-харв. се̏дморо, ст.-слав. седмеро, седморо ’тс’. Прасл. *sedmero, *sedmoro ўтворана на базе ад’ектываванага лічэбніка *sedmerъ/*sedmorъ ад *sedmь (гл. сем) пры дапамозе суф. ‑er, ‑or (Фасмер, 3, 599; Лукінова, Числ., 323), параўн. чацвёра (гл.). Сюды ж сямёрка ’лічба сем, у колькасці сямі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), ’памер касы’ (Сцяшк., Мат. Гом.), ’дзве капейкі серабром, роўная па старых разліках сямі капейкам асігнацыямі’ (Нас.), семёрка ’медная манета двухкапеечнай вартасці’ (Растарг.), семерко ’сем штук’ (Рам. 3).