Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сяльча́нін разм. ’сельскі жыхар, селянін; аднавясковец’ (ТСБМ), ст.-бел. сельча́нинъ (?), параўн. Т. скл. сельча́ном (XVI ст., Карскі, 1–3, 147), рус. сельча́нин ’жыхар сяла’, стараж.-рус. сельчанинъ ’тс’. Дэрыват ад сяльцо́ ’невялікае сяло, пасяленне’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.) < сяло, гл. Адзначаецца экспансія ў сучаснай рускай мове фарманта ‑чане, ‑чанин у адтапанімічных утварэннях на *‑janinъ (Трубачоў, Этимология–1980, 4), што магло паўплываць і на пашырэнне такіх утварэнняў у беларускай мове, параўн. мінча́нін, гамяльча́нін. Менш верагодна другаснае ўтварэнне ад сяля́к ’селянін’ (Ласт.).

Сялі́ць ’уладкоўваць на незаселеных месцах, пасяляць’ (ТСБМ, Ласт.), сялі́цца ’пасяляцца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сержп. Прымхі). Укр. сели́ти, рус. сели́ть, чэш. sídliti ’жыць, пражываць, знаходзіцца’, славац. sídliť ’насяляць’, серб.-харв. сѐлити ’высяляцца, выязджаць’, славен. selíti ’сяліць’, балг. посе́лвам ’тс’, макед. сели ’перасяляць’. Прасл. *sedliti, дэнамінатыў ад сяло, гл. (Бязлай, 3, 226).

Сяля́к ’жыхар сяла’ (Ласт.). Параўн. ст.-польск. siodłak ’селянін’, рэдкае sedłak ’тс’, в.-луж., н.-луж. sedłak ’тс’, чэш. sedlák ’тс’, славац. sedliak ’тс’. Вытворныя ад прасл. *sedlo (гл. сяло), якія ў асобных славянскіх мовах выцеснілі першасныя формы, што ўзыходзяць да *sedlʼaninъ (гл. селянін), параўн. Трубачоў, Этимология–1980, 14. З іншай суфіксацыяй экспр. селю́к ’мужык, вясковец’ (Растарг.).

Сялі́ба ’населены пункт у сельскай мясцовасці (пасёлак, сяло і пад.)’ (ТСБМ), ’двор, месца з жылым памяшканнем і прыналежнымі да яго пабудовамі і агародам’, ’жытло, дамоўка’, ’пасяленне’ (Ласт.), ’селішча’, ’месца пасялення’ (Мядзв., Шн. 2, Нік., Оч., Сержп. Прымхі), ’сядзіба’ (Касп., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Яшк., Бяльк.), сялі́бішча ’месца, дзе была сядзіба’ (Сл. ПЗБ). Да сяліць, па ўзору сядзіба (гл.) з суф. ‑іба, якому прыпісваецца балтыйскае паходжанне, гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 130; Мартынаў, SlW, 66 і інш.; параўн. больш раннія формы сялі́дба (сели́дба) ’будоўля’ (Нас., Шымк. Собр.), ст.-бел. сели́дьба ’пасяленне’ (Козыраў, Очерки, 171), рус. наўг., пск. сели́тьба ’сядзіба’, макед. сели́дба ’перасяленне’ і пад., селідзе́бнэ ’вялікі прысядзібны ўчастак’ (лун., Выг.).

Сяло́ ’вёска, вялікая вёска’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Ласт., Некр. і Байк., Шат., Касп., Сл. ПЗБ), село́ ’тс’ (Маш., ТС), сэло́ ’тс’ (пруж., бяроз., Сл. ПЗБ), сыло́ ’тс’ (кам., Сл. ПЗБ; бяроз., Нар. ск.), перан. сяло́ (село́) ’дзеравеншчына, мужыччо’, сяло́‑брала (село́‑брело), сяла́‑брала (села́‑брела) ’цёмны, неадукаваны чалавек, дурань’ (Нас.), у выразах (быць) у (на) сяле ’быць у вёсцы, не знаходзіцца дома’ (валож., шчуч., смарг., паст., в.-дзв., Сл. ПЗБ), (ісці) на сяло (ісці) ’у госці’, ’сусед да суседа’, ’на вячоркі’ (Касп.); адсюль сяло́ ’вечаровыя зборкі, паседзіны’ (Барад.); ст.-бел. село ’пасяленне; вёска’ (Шадурскі, Бел. мова, 87). Укр., рус. село́, стараж.-рус. село, польск. sioło (з усходнеславянскіх — Брукнер, 491), у тапонімах: Długosiodło, Siedlce, в.-луж. sydło (рэфлекс прасл. ě ў в.-луж. і чэш. пад уплывам дзеяслова *sědětiШустар-Шэўц, 1396), н.-луж. sedlišćo ’жыллё’, чэш. sídlo ’месцазнаходжанне; рэзідэнцыя’, sedlák ’селянін’, славац. sedliak ’тс’, серб.-харв. се́ло, славен. sélo, балг. се́ло, макед. село, ст.-слав. село. Прасл. *sedlo < і.-е. *sed‑ ’сядзець’, роднаснае гоц. sitls ’сядзенне, крэсла’, лац. sella (< *sedlā) ’сядзенне’; гл. Бязлай, 3, 225–226; Махэк₂, 539; Скок, 3, 218–219. Фасмер (3, 596), Мее (419), Траўтман (248), Покарны (898) выдзяляюць яшчэ прасл. *selo ’ралля’, параўн. стараж.-рус. село ’поле, ралля; луг’: село земли, славен. sélo ’глеба’: selo kopati, якое ва ўсходнеславянскіх і паўднёваславянскіх супала з *sedlo; адрозніваюцца яны толькі ў заходнеславянскіх, параўн. чэш. selo ’сяло; ралля’, дыял. мар. selo ’сяло’ і вышэйпрыведзеныя формы з суфіксам ‑dl‑. На думку Курынай, матывацыя дзеясловам *sědeti першапачатковага *selo ’ралля, поле’ адбылася з пераходам да аседласці (Слав. языкозн., XIII, 371). Гл. ЕСУМ, 5, 209–210; Борысь, 548; ESJSt, 13, 799–800; Глухак, 544. Аб семантычным дыялектызме сяло ’наведванне; госці’, які разглядаецца як фінска-балтыйска-беларуская семантычная ізаглоса, гл. Кальбушэўскі, ABSl, 16, 159–164; Непакупны, Связи, 83–85.