Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сці́пры ’шчыльны, сціснуты, збіты’, ’моцны, цвёрды, трывалы’ (Ласт.). Паводле Ластоўскага (там жа, 448), у выніку кантамінацыі сціслы і сперты (гл. перці), што малаверагодна; хутчэй з літ. stiprùs ’моцны, цвёрды, трывалы’, старое stìpras ’моцны; мужны’, лат. stiprs ’моцны’, адносна якіх гл. Смачынскі, 604. Фіксацыя толькі ў слоўніку Ластоўскага можа сведчыць ігра штучнае ўтварэнне.

Сці́слы ’выкладзены коратка, лаканічны; кароткі’ (ТСБМ), сьці́слы, сьці́склы ’сціснуты, шчыльны; кампактны’ (Ласт.), сці́слы, сці́склы, сці́склівы ’ашчадны, скупаваты’ (брасл., паст., смарг., Сл. ПЗБ), сці́слы ’сціпла, ашчадна жывучы’ (Нас.), ’ашчадны, скупы’ (Бяльк.), ’скупы, прагны’ (Ян., Жд. 2), ’вельмі скупы, хцівы’ (Растарг.), сці́склы ’эканомны’ (Ян.), сці́склівы ’ашчадны, які намарна нічога не пусціць’ (Варл.), сці́слівы ’сарамлівы’ (Мат. Гом.). З польск. ścisły, старое ścisliwy, ściskły ’шчыльны; дакладны; скупы’, якое ад ściskać ’сціскаць’ < ciskać ’ціскаць’ (Брукнер, 530; Борысь, 614).

Сціх1 ’супакой, цішыня’ (Барад., Юрч. Вытв.), ’спакой, канец’ (Сцяц. Сл.), стіх ’кароткі адрэзак часу’; у значэнні прысл. стіха́мі ’часамі’: стіхамі мніе голова боліт (беласт., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стих, стиг ’міг’, ’хвілінка, момант’, стих ’урок’ (Шымк. Сл.), рус. стих ’дзіўны стан, блазенства, нечаканы ўчынак’ у выразе стих нашёл, славац. stih ’вольны час, вольная хвіліна’. Няясна з-за разнастайнасці значэнняў. Хутчэй за ўсё, дэвербатыў ад сціхаць (гл.), падобна да міг ад мігаць; развіццё значэння ад ’раптоўная ціша’ да ’нечаканасць’ і ’момант’. У ЕСУМ (5, 414) дапускаюць сувязь з укр. сти́гнути (гл. засцігнуць); вывядзенне слова Зубатым (Studie, 163) з балцкіх моў лічыцца менш верагодным. Праабражэнскі (2, 387) выводзіць рускі выраз са стих ’палоска пры пляценні, радок лыка пры пляценні лапцей’, што, на думку Вінаградава (Этимология–1968, 167), сумніўна; не менш сумніўнай бачыцца і яго прапанова звязаць з грэч. στίχος ’радок у вершы’ (гл. сціх2) праз стадыю ’замова’. Сюды ж, відаць, і сціш ’цішыня’ (Ласт.).

Сціх2 ’верш’ (Сл. ПЗБ), сцішо́к ’вершык’ (Бяльк.). Запазычана з рус. стих, стішо́к ’тс’.