Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Схіну́ць ’нахіліць’ (Ласт.), ’акінуць, ахапіць’: вокам не схінуць (узд., Жд. 3). Да хінуць, гл.

Сход1 ’сумеснае пасяджэнне, збор’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Растарг.). Дэвербатыў ад сыходзіцца ’збірацца’, да ход, хадзіць, гл.

Сход2 ’усход (сонца і пад.)’ (Некр. і Байк., Сцяц. Сл., Сл. ПЗБ, ТС), ’усход (кірунак свету)’: тут сход, а там полудзянь (Сл. рэг. лекс., Сцяц. Сл.), ’трэцяя квадра месяца, апошняя фаза’ (Нас., Ласт., Касп., Мядзв., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк. Сл., ЛА, 2, Растарг., Мат. Гом.). Дэвербатыў ад схо́дзіць ’узыходзіць (пра сонца)’ (Сцяшк., Скарбы, Сл. ПЗБ), ’знікаць’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), што да хадзіць (гл.), параўн. узыхо́дзіць, сысці́.

Схе́ма ’спрошчаны чарцёж, агульны план, накід’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), схэ́ма ’тс’ (Ласт.). Запазычана праз польскае пасрэдніцтва або непасрэдна з лац. schema ’выгляд, знешнасць, фігура’, што паходзіць з грэч. σχῆμα ’тс’ (Фасмер, 3, 815; ЕСУМ, 5, 490).

Схі́ма ’вышэйшая манаская ступень у праваслаўнай царкве, якая патрабуе строгага аскетызму’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), схі́мнік ’манах’ (Ласт.). Рус. схи́ма ’тс’, ц.-слав. скима, схима. Праз стараж.-рус. ски́ма і ст.-слав. скима, скыма з с.-грэч. σχήμα ’майскае адзенне’; гл. Фасмер, 3, 815; ЕСУМ, 5, 491.