Су́тарга ’рэзкае скарачэнне мышц’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’канвульсія, сударга, эпілепсія’ (Ласт.), су́торга ’тс’ (ТС), суторга ’цік?’: на абодвух ачох суторга скачэ (Полымя, 2001, 3, 253), су́таргі ’торганне, спазмы’ (Некр. і Байк., Ласт.), су́тарж ’сударга’ (Ласт.). Вытворныя з су- ад торгаць (гл.), параўн. сударга.
Суты́ра ’сварка’ (Мат. Гом.), суты́р, суты́рнік ’аматар судзіцца’, сутыра́цца ’цягацца па судах’, суты́ршчына ’цяганіна па судах, судовая спрэчка, прычэпка’ (свір., Ласт.). Параўн. рус. суты́рь ’сварка, непакой’, суты́рить ’спрачацца’. Узыходзіць да прасл. *sǫtorъ ’сутыкненне, трэнне’ (гл. сутарыца) з чаргаваннем галосных у аснове; да семантыкі параўн. рус. суто́рить ’плявузгаць’, гл. Фасмер, 3, 811, 812.
Сута́на ’верхняе адзенне каталіцкага святара’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Цых.). З польск. sutan(n)a ’тс’, запазычанага ў канцы XV ст. з італ. sotanna ’спадніца, ніжняе адзенне’ ад sotto ’пад’, магчыма, праз франц. soutane ’раса’, першапачаткова ’доўгае адзенне з вузкімі рукавамі’, на якое зверху апраналі іншае (Брукнер, 527; Длугаш-Курчабова, 477). Ст.-бел. сутана ’тс’ (1686 г.) з польск. sutana ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 183).
Су́тарыца ’мітусня, бязладная бегатня’, су́тарыцца ’мітусіцца’, су́тарны ’мітуслівы’ (Ласт.). Параўн. укр. су́торатися, рус. су́ториться ’спрачацца’, польск. posątorzyć się ’паспрачацца’. Борысь (Etymologie, 582) адносіць сюды ж серб.-харв. sútor ’першы вечаровы змрок’ і рэканструюе прасл. *sǫtorъ (*sǫtora), вытворнае ад *ter‑ (гл. церці) з прыйменнай прыст. *sǫ‑, якой адпавядае прыдзеяслоўная прыст. *sъ‑ з першасным значэннем ’узаемнае трэнне, сутыкненне, спрэчка’, параўн. суты́ра (гл.). Гл. папярэдняе слова, таксама Фасмер, 3, 811.
Су́тка, суто́к ’сасок, цыцка’ (Ласт.). Параўн. польск. sutka, sutek ’тс’, sutki ’грудзі’, якія Брукнер (527) параўноўвае з балг. су́ча ’ссаць’, лат. sukt ’тс’, ад кораня *su‑, прадстаўленага ў ст.-інд. sunoti ’выціскае’. Борысь (588) не выключае магчымай сувязі з і.-е. *seu̯‑/*su‑ ’сок, выціскаць сок, хлябтаць, ссаць, высмоктваць’, аднак не бачыць працягу ў славянскім матэрыяле. Адзінкавая фіксацыя прымушае меркаваць пра магчымае запазычанне з польскай.
Су́талака ’штурханіна, таўкатня’ (Нас.), ’мітусня, беганіна’ (Ласт., Цых.), су́талка ’тс’ (Юрч.), су́талач ’зброд, галота’ (Нас.), ’зборышча жулікаў, навалач’ (Цых.). Укр. дыял. су́толока ’таўкатня; несуладны рух’, рус. су́толка, су́толока ’тс’, су́толочь ’тс’. З су- і *tъlk‑, *tolk‑ ’штурхаць’ (параўн. талака); гл. Фасмер, 3, 811. Спецыяльна Борысь (Prefiks.), які ўзнаўляе прасл. *sǫtolka, *sǫtolčь як дэвербатывы ад *sъ‑telkti (гл. таўчы, таўчыся); першапачаткова адносілася да калектыўнай працы, гл. Мяркулава, Этимология–1974, 72 і наст.
Суто́ка ’месца зліцця дзвюх рэк’ (Нас., Ласт., Некр. і Байк., Гарэц.), суто́кі ’тс’, ’лінія сутыкнення, мяжа’ (ТСБМ), ’месца, дзе сыходзіцца многа ручаёў’, ’наогул — вузел, напрыклад, дарог’ (Мядзв.), ’месца зліцця дзвюх рэк’ (Варл.), сюды ж, відаць, і сото́ка ’злучэнне, стык (драўляных рэек і пад.)’ (зах.-палес., Бел.-укр. ізал.), суто́к (гл.), укр. дыял. суто́ка ’месца зліцця дзвюх рэк’, рус. суто́к ’тс’, польск. Santoka (тапонім), чэш. soutok, sútok, на падставе якіх рэканструюецца прасл. *sǫtokъ, *sǫtoka < *sǫ‑ і *tokъ (Фасмер, 3, 811; Борысь, 94). Звяртаецца ўвага на ўжыванне формы ж. р. ад кораня выключна ў беларускай мове для “воднай” тэрміналогіі, параўн. ато́ка, выто́ка, зато́ка, прато́ка, суто́ка і пад. (Пацюпа ў Станкевіча, Язык, 1189).