Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Струме́ль ‘насякомае багамол’ (Ласт.). Няясна.

Струсь ‘страус’ (Ласт.), ст.-бел. струсъ, струць ‘тс’. Гл. страус.

Стварэ́нне ‘жывая істота, усё жывое’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Касп., Сл. ПЗБ, Стан., Сержп. Прымхі). Ужыванне назоўніка стварэ́нне ‘тварэнне, твор’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Стан.) ад дзеяслова ствары́ць (гл. тварыць) у спецыяльным значэнні ‘створанае Богам’. Параўн. польск. stworzenie з аналагічным значэннем, якое, згодна з Сяткоўскім (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 347), лічыцца семантычным багемізмам. Запазычаннем з чэшскай лічыцца польск. stworzyciel ‘тварэц’ (там жа), параўн. таксама ствары́цель ‘тс’ (Нас., Ласт., Гарэц., Стан.), укр. створи́тель ‘тс’, старое макед. створител ‘тс’. Як самастойныя ўтварэнні можна разглядаць створы́цца ‘зрабіцца’ (ТС), стварэ́нне ‘твар, вобраз, выгляд’; стварэння ні знаіць (пра бруднага, замурзанага) (Скарбы), стварэ́нец ‘чалавечая істота’ (Стан.), стварэ́ц ‘творца’ (Ласт.), створ ‘твор’ (Гарэц.).

Стра́ўнасць ‘страваванне’ (Нас.), ‘ежа, харч’ (Ласт.). З польск. strawność ‘легкатраўнасць’, параўн. страва гл.

Стало́ка ‘таўханіна, таўкатня’ (Ласт.), сталачы́ць ‘стаптаць’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ), столокова́ць, столо́чыць (ТС). Гл. талака.

Стано́ўчы ‘дадатны’, ‘які заслугоўвае адабрэння’ (ТСБМ), ‘рашучы’ (Ласт.). Польск. stanowczy ‘рашучы, катэгарычны’ < stanowić ‘станавіць’. Беларускае, відаць, з польскай.

Струткі́ ‘пласт з трубачак пад мякаццю грыбной шапачкі’ (Ласт., Сярж.–Яшк.), струтчакі́ ‘трубчастыя грыбы’ (там жа). Да трут, гл.

Сто́лец ‘крэсла’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., ПСл), стале́ц ‘столак, услон’ (Нар. Гом.), ‘зэдлік’ (Ласт.). Ст.-бел. столецъ ‘трон, прастол; сталіца’ (1434 г.) з ст.-польск. stolec (Булыка, Лекс. запазыч., 35). Гл. таксама Кохман, Stosunki, 129. Значэнне ‘крэсла’ развілося ўжо, відаць, у беларускай пад уплывам сто́лак (гл.) або было паўторна запазычана з польск. дыял. stołec ‘крэсла (са спінкай)’; параўн. яшчэ укр. стіле́ць ‘крэсла’.

Стру́шня ‘страва з розных агародных карэнняў’ (Нас.), ‘сумесь двух або трох частак сена з саломай’ (бых., Яшк. Мясц.); сюды ж, відаць, і ‘закалот, неразбярыха’ (Арх. Федар., Стан.), стру́шні ‘руіны’ (Ласт.). Аналагічна да папярэдняга слова, гл. Да семантыкі параўн. рус. стру́шня ‘турботы, трывогі, калатнеча’, струшни́ться ‘трывожыцца, мітусіцца, клапаціцца’, якія Куркіна (Этимология–1994–1996, 49–50) збліжае з струхну́ть ‘збаяцца’ (< *trux‑), суадносным з стру́шня ‘трывога’ (Ласт.).

Стырча́ць ‘тырчэць’, ‘вытыркацца, высоўвацца’ (Некр. і Байк., Рам. 6, Ян.), стырч, стырчком ‘сторч, тарчмаком’ (Ласт.), стырч ‘палявы хвошч’ (лельч., ЛА, 1). Да тырчаць, гл.