Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сне́жань ‘дванаццаты месяц каляндарнага года’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.). Толькі беларускае; часткова (у каранёвай частцы) яму адпавядае рус. дыял. сне́жа ‘люты’. Утворана па традыцыйнай народнай мадэлі назваў месяцаў замест студзень раней ‘дванаццаты месяц’, цяпер ‘першы’. Магчыма, ад снежны ‘багаты снегам’ ці снежыць ‘ісці (пра снег)’ з суф. ‑ань, гл. снег. Спецыяльна гл. Шаўр, Этимология–1971, 98, 100.

Сніць ‘бачыць сон (сны), бачыць у сне’, ‘марыць аб чым-небудзь’, ‘спадзявацца на што-небудзь’ (ТСБМ, Гарэц., Касп., Варл., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), сні́цца ‘бачыцца ў сне’ (ТСБМ, Ласт., ТС, Сл. ПЗБ). Укр. сні́ти, сні́тися, рус. сни́ться ‘тс’, польск. śnić ‘бачыць у сне’, ‘марыць аб чым-небудзь’, чэш. snít ‘тс’, серб.-харв. са́њати, сни́вати ‘тс’, славен. sanjati ‘марыць’, балг. съня ‘бачыць у сне’, макед. сони ‘тс’. Прасл. *sъniti ‘сніць’ дэрыват ад прасл. *sъnъ ‘сон’ (Борысь, 619). Сюды ж таксама сні‑трава ‘сон-трава’ (Бяльк.).

Сне́даць ‘есці раніцай’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат., Растарг., Бяльк., Сержп., Ласт., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. сні́дати ‘снедаць’, рус. зах., паўд. снеда́ть, сне́довать ‘снедаць, закусваць, перахватваць’, ст. польск. śniadać, в.-луж. snědać, н.-луж. snidaś, чэш. snídat ‘тс’, серб.-харв. snijedati ‘з’ядаць усё’, славен. snédati ‘з’ядаць, згрызаць, апусташаць, ласавацца’, ст.-слав. сънѣдати ‘спажываць’. Прасл. *sъnědati — дэрыват ад ітэратыва *ědati < *ěmъ, *ěsti ‘ем, есці’, пры *sъněsti ‘з’есці’. Гл. Фасмер, 3, 697; Махэк₂, 228; Шустар-Шэўц, 1327; Трубачоў, Проспект, 83. Традыцыйна маецца на ўвазе прэфікс *sъn‑ (гл., напрыклад, Карскі 1, 324), аднак Шустар-Шэўц (Этимология–1988–1990, 95) бачыць тут прыстаўку *sъ‑ і ўстаўны ‑n‑. Аддзеяслоўны дэрыват сне́данне ‘яда раніцай’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат., Растарг., Сл. ПЗБ), сне́данье ‘тс’ (ТС), сняда́нне ‘тс’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Варл.), як і ўкр. сніданне, польск. śniadanie, в.-луж. snědanie, н.-луж. snidańe, чэш. snídaně, разглядаецца як паўночнаславянская інавацыя; гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 90 і наст. Сюды ж сняда́нка ‘дзяўчына, якая праводзіць нявесту ў дом жаніха’ (Касп.), параўн. лун. сьне́дальніцы толькі мн. ‘сваячкі маладой, якія прыязджаюць да маладых раніцай пасля шлюбнай ночы’, укр. ров. сні́далніцы ‘тс’ (Гура, С і БФ, 1995, 322), укр. сні́дальниця ‘якая снедае (у прыватнасці, у вясельным абрадзе)’, гл. ЕСУМ, 5, 335.

Сно́ўдаць, сно́ўдацца ‘хадзіць, рухацца туды і сюды (часцей без мэты)’, ‘бадзяцца’ (ТСБМ, Ласт., Байк., Касп., Сцяшк., Варл., Жд. 3, Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.; мёрск., Нар. лекс.), ‘снаваць’ (Байк. і Некр.), сну́дацца ‘тс’ (Шат.), сно́ўдацца, сны́даць ‘тс’ (Касп.), сна́ўдацца ‘валачыцца’ (Ян.), снаўда́цца ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж снаўда́ль ‘хто ходзіць без справы’ з літ. snaudãlius ‘соня’ (там жа). Лаўчутэ (Балтизмы, 73) адносіць да балтызмаў, параўн. літ. snaudà, snaudala ‘чалавек, які любіць паспаць’ < snausti ‘драмаць’, ‘быць павольным, марудным’. Розніца ў значэннях узнікла, відаць, пад уплывам снаваць ‘хадзіць туды і сюды’ (гл.). Гл. таксама Свобада, Studies in Slavic Linguistics and Poetics, N. Y. — London, 1968, 246. Гл. наступнае слова.

Сноп ‘звязка зжатых сцёблаў’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.; ашм., Стан.; Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. сніп, рус. сноп, стараж.-рус. снопъ, польск., н.-луж., в.-луж., чэш., славац. snop, серб.-харв. сно̏п, славен. snȍp, макед., балг. сноп, ст.-слав. снопъ. Прасл. *snopъ лічыцца роднасным ст.-в.-ням. snuaba ‘павязка’, snuobili н. р. ‘ланцужок’, да і.-е. *(s)neu‑ ‘вязаць’; Махэк₂ (564) тлумачыць праславянскую семантыку як ‘тое, чым звязваюць’ → ‘тое, што звязана’. Сной₁ (588) узводзіць *snopъ да і.-е. пашыранай базы *snəpo ‘тое, што звязана’ і, далей, да і.-е. базы *sneh‑p ‘звязваць’; Борысь (565) — да і.-е. *snēp‑/*snop‑/*snəp‑. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 700 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 334–335; Шустар-Шэўц, 1329.

Снягі́р ‘гіль, лясная птушка’ (ТСБМ, Сцяшк.), снягу́р, снягу́рка, снягу́рчык ‘тс’ (Жыв. св.), снегу́р ‘тс’ (лях., Сл. ПЗБ, Нар. лекс.), снегі́рчык, снігі́р, сныгі́р, сногі́р ‘тс’ (ТС), снігі́р ‘птушка Pyrrhula vulgaris Briss.’ (Пятк. 2), сняжо́к ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), сняжу́рка ‘птушка падарожнік, Piectrophanes nivalis’ (Ласт.). Укр. сніга́р, снігу́р, сниги́р, рус. снеги́рь, сниги́рь ‘гіль’; з іншымі суфіксамі: польск. śniegula ‘птушка падарожнік зімні’, чэш. sněhule, в.-луж. sněhula, н.-луж. sněgula ‘снягір’, славац. snehuliak. Да *sněgъ ‘снег’ з суф. ‑urъ, ‑yrъ, ‑ulъ; гл. Шустар-Шэўц, 1328. Рускія формы з ‑и‑ у корані тлумачацца асіміляцыяй галосных: *снѣгырь > снигырь. Гл. Міклашыч, 312; Фасмер, 3, 698. Сюды ж таксама снягу́рка ‘сінічка’ (Янк. 1). Назвы звязаны са з’яўленнем птушак на фоне выпаўшага снегу.

Снег ‘зімовыя атмасферныя ападкі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС), снег, сніга́ ж. р. ‘тс’ (Бяльк.), ст.-бел. снѣгъ ‘тс’ (Альтбаўэр). Укр. сніг, рус. снег, польск. śnieg, в.-луж. sněh, н.-луж. sněg, чэш. sníh, славац. sneh, серб.-харв. сни̏јег, славен. snẹ̑g, балг. сняг, макед. снег, ст.-слав. снѣгъ. Прасл. *sněgъ роднаснае ст.-прус. snaygis, літ. sniẽgas, лат. snìgs ‘снег’, гоц. snaiws ‘тс’, грэч. νείφες ‘ідзе снег’, лац. nīvit ‘тс’, ням. Schnee ‘снег’, а таксама ст.-інд. sníhyati ‘мокнуць, станавіцца клейкім’ і інш. (гл. Траўтман, 272–273; Покарны, 974) да і.‑е.*(s)nei​uh‑/*snig​uh ‘снег’; Фасмер, 3, 697 з літ-рай; Махэк₂, 564. Сной₁ (587–588) мяркуе, што прасл. *sněgъ і і.-е. *snig​uh першапачаткова абазначала ‘нешта клейкае, ліпкае, вільготнае’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1327–1328; Скок, 3, 297; Борысь, 619; ЕСУМ, 5, 334–335.

Сно́за ‘скабка’ (Мат. Гом.), сно́зы ‘частка кроснаў — вертыкальныя планачкі, якія праходзяць скрозь абедзве паловы набілак’ (Уладз.), ‘рэбры ў кошыку’ (капыл., ЛА, 4), ‘бакавая акантоўка акна’ (Сцяшк. Сл.), сно́зік ‘прыстасаванне ў лежаку (вуллі), зробленае з планак, якія ўтвараюць упор для плечукоў рамак’ (Анох.). Укр. сно́за, сніз ‘рэбры ў кошыку’, ‘тонкія палачкі для падтрымання сотаў’, рус. кур. сно́зы ‘тс’, таксама ‘жэрдачкі для птушкі ў клетцы’, паўн. сна́зы ‘крыжападобна пакладзеныя планкі ў вуллі’, сну́за ‘затычка ў ярме’, польск. snoza ‘драўляная клямка’, snozik ‘драўляная рамка ўнутры вулля’. Варбат (Морфон., 41, 43) узнаўляе прасл. *snoza, *snaza, звязаныя чаргаваннем галосных. Да прасл. *noziti ‘пратыкаць, прабіваць’ (гл. нож), параўн. таксама рус. вонзить. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 2, 345; Фасмер, 3, 700; ЕСУМ, 5, 337. Борысь (SEK, 4, 341) рэканструюе прасл. дыял. *sъnoza, дэвербатыў ад *sъ‑noziti, суадноснае з занозы ‘вертыкальныя планкі ў кроснах’. Сюды ж зну́за ‘звязь двух розных рэчаў’ (Ласт.) з іншым вакалізмам.

Снадзь, сна́дзіва ‘інструмент’ (Стан.), сна́дзіцца ‘аснашчацца’, сюды ж (відаць, наватвор) аснада ‘забеспячэнне прыладамі, прыстасаваннямі’ (Ласт.). Параўн. стараж.-рус. снадь ‘паверхня, верхняя частка’, серб.-ц.-слав. снадь ‘павярхоўны’. Прасл. *snadь ‘аплецены, спрадзены ці вытканы верхні слой, паверхня чаго-небудзь’, што ўяўляе архаічны дэрыват з суф. *‑dь без матывацыі на славянскай глебе, параўн. лат. snāt ‘злёгку скручваць, сплятаць’, snāte ‘ільняная покрыўка’, гл. Борысь у SEK, 4, 337. Сюды ж ст.-бел. снать (снатъ) ‘відавочна, напэўна, відаць’ (Ст.-бел. лексікон), аналагічна снадбы: а потрафило бы повстати людем против нас снадбы живо были нас пожерли (Псалтыр XVI ст.; Карскі 2–3, 495), што можна суаднесці з ст.-польск. snad, snadź ‘можа’ (што лічыцца няпэўным багемізмам, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 325), сучасным польск. snadź ‘відавочна, напэўна, праўдападобна’, н.-луж. snaź ‘можа, можа быць, верагодна, магчыма’, в.-луж. snadż ‘тс’, чэш. snad, дыял. snaď ‘магчыма, хіба, пэўна’, славац. snáď ‘магчыма, відаць, верагодна’, каш. snod, snad ‘зараз, адразу’, што ўяўляюць акасцянелую форму назоўніка ў функцыі прыслоўя, значэнне якога развілося на базе семантыкі ‘павярхоўны’ (Борысь, там жа). Гл. таксама Фасмер, 3, 696; ЕСУМ, 5, 332. Гл. снасць.

Снасць ‘неабходныя інструменты, прылады, прыстасаванні для якога-небудзь занятку’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Касп., Сержп., Пятк. 2, Сцяшк., ТС; брасл., пух., лях., Сл. ПЗБ), ‘збруя, панарад’ (Кольб., Сл. ПЗБ), ‘вяроўка, канат’ (Ласт.), снась, снасць ‘доўгая пяньковая вяроўка, якая выкарыстоўваецца для тармажэння плыта’ (падзв., Нар. сл.), снасць (або нарад) до кросён ‘прыстасаванне для ткання’ (Уладз.), снасць, мн. л. снасці: рыболоўные снасці ‘прыстасаванні для рыбнай лоўлі’ (Крыв.), сна́сці ‘лапці, сплеценыя з вяровак’ (Сакал.), снасці́на ‘хамут’ (Сержп. Прык.). Укр. снасть ‘каркас; касцяк’, рус. снасть ‘прылады, інструменты’, стараж.-рус. снасть ‘прылады, збруя; узбраенне, даспехі’. Прасл. паўн. *snastь, паводле Слаўскага (SP, 2, 44), утворана пры дапамозе з суф. ‑tʼ‑ ад прасл. *snaditi ‘злучаць, змацоўваць, прыладжваць’; параўн. яшчэ і стараж.-рус. снадь ‘паверхня, верх’. Аналагічна Праабражэнскі, 2, 344; Фасмер, 3, 696–697. Праславянскі дзеяслоў не мае пэўнай этымалогіі. Лічаць роднасным снадны, снадзь (гл.). У якасці паралеляў прыводзяць таксама лат. snāt ‘нямоцна скручваць’, ст.-ірл. snáthe ‘ніць’, ст.-англ. snód ‘павязка на галаву’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 973–974; Фасмер, тамсама; ЕСУМ, 5, 333.