Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Слібі́ць (сьлі́біць) ‘ільсніцца’ (Ласт.), сьліба́ ‘амальгама’ (Ласт., Байк. і Некр.). Няясна, параўн. польск. дыял. ślibrzny ‘сярэбраны, срабрысты’.

Слёзнік ‘чальчак, Lythrum salicaria L.’ (Ласт., Кіс., Мат. Гом.), іншая назва плаку́н (Ласт.). Да сляза (гл.), паводле Ластоўскага (Ласт., 799), “народ верыць, што ад яго плачуць ведзьмы і чэрці”; паводле Мат. Гом., “капае з ее сок”.

Сля́мга (сьля́мга) ‘мачта’ (Ласт.). Няясна.

Сліжа́ (сьліжа́), сьліжані́на ‘вараныя сухія фрукты’: наварыла сьліжы з яблыкаў (Ласт.). Гл. сліж2.

Слы́нуць ‘лічыцца, славіцца, быць вядомым’ (Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел. слынути ‘славіцца’ (Ст.-бел. лексікон); сюды ж слынь ‘пагалоска, чутка’ (Ласт.). Укр. сли́нути, польск. słynąć, чэш. slynouti ‘тс’. Паводле Слаўскага (SP, 1, 45), прасл. *slynǫti‑ дэрыват з суф. ‑nǫ‑ ад прасл. *sluti, гл. слуць, слыць.

Слані́ць ‘хіліць; прыстаўляць’ (Нас., Ласт.), слані́цца ‘хіліцца, прыхіляцца, адхіляцца’ (Нас., Ласт.), часцей з прыстаўкай: заслані́ць, прыслані́ць, сланя́ць ‘хістаць, вадзіць у бакі’ (ТСБМ), сланя́цца ‘хадзіць туды-сюды (звычайна без мэты)’, ‘злёгку хістацца’ (ТСБМ, Сержп.), ‘хістацца’ (воран., Сл. ПЗБ, Варл.) — ітэратыў да зваротнай формы, як і рус. слоня́ться (КЭСРЯ, 415). Укр. слони́ти ‘сшываць дзве паловы штаноў у хаду’, слоня́тися ‘сланяцца; ісці няцвёрдай хадой, пакачвацца’, рус. дыял. слонить ‘прыстаўляць’, ‘сшываць кускі тканіны буйнымі шыўкамі’, заслони́ть, прислони́ть, польск. słonić, słaniać się, в.-луж. zasłonić, чэш. sloniti, cloniti ‘засланяць’, славац. sloniť, cloniť, серб.-харв. засло́нити, славен. slonéti ‘абапірацца, прыхіляцца’, балг. заслоня́. Прасл. *sloniti параўноўваюць з лат. slenêt ‘біць, калаціць’, slànît ‘накідваць; біць’, ст.-інд. śráyatē ‘прыхіляецца’, śráyati ‘прыстаўляе, накладвае’, далей з літ. šliẽti, šliejù ‘прыхіляць’, лац. clīno, ‑āre ‘нахіляць, гнуць’ і інш., якія да і.-е. кораня *k̂lei‑, *k̂loi‑, *k̂li‑ ‘хіліцца, прыхіляцца’. Гл. Брукнер, 500; Фасмер, 3, 675; Махэк₂, 556; Фрэнкель, 1004; Шустар-Шэўц, 1306, 1737; ЕСУМ, 5, 308. Варбат (Этимология–1972, 44) разглядае *sloniti як каузатыў да *slęnǫti ‘дасягнуць, прыстаць’.

Слу́жба ‘работа, заняткі; месца работы’, ‘богаслужэнне’, ‘выкананне воінскіх абавязкаў’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Шат., Бяльк., Пятк. 2, Сцяшк., Сл. ПЗБ), ст.-бел. служба ‘выкананне воінскіх абавязкаў; прыгон, прымус; богаслужэнне, выкананне святарскіх абавязкаў’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 67–68). Параўн. укр., рус. слу́жба, стараж.-рус. служьба, польск. służba, серб.-харв. слу́жба, славен. služba, балг. слу́жба, макед. служба. Прасл. *služьba, утворана ад *služiti ‘служыць’ з суф. ‑ьb(a); гл. Слаўскі, SP, 1, 61; Махэк₂, 557.

Сле́сар ‘рабочы-металіст’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Пятк. 1), слёсар ‘тс’ (Янк. 2, Сцяшк. Сл.), сло́сар ‘тс’ (Сцяшк.), сляса́р ‘тс’ (Ласт.). Ст.-бел. слесаръ, паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 89), праз ст.-польск. ślosarz з ням. Schlosser ‘тс’; паводле Новавейскага (Zapożyczenia, 11), польск. ślusarz з с.-в.-ням. sloʒʒer ‘тс’. Параўн. яшчэ ст.-бел. слосар ‘тс’ (Вярхоў, Наз., 17). Варыянтнасць у народнай і літаратурнай мове сведчыць аб розных крыніцах запазычання і розных ступенях адаптацыі.

Сле́цце (сьле́цьце) ‘плады’ (Arche, 2007, 3), сьле́ціва ‘зеляніна, гародніна’, сьле́ціўя ‘тс’ (Ласт.). Параўн. рус. дыял. сле́тье ‘ураджай; жыта; гародніна’. Відаць, да лета ‘летняя пара, пара спеласці’ (гл.); меркаванні Пацюпы (Arche, 2007, 3, 209) пра сувязь з укр. літь ‘цечка’, лі́тити ‘апладняць’ могуць мець падставы пры ўмове паходжання гэтых слоў ад лі́то (гл. лета), параўн. ЕСУМ, 3, 272. Параўн. таксама сле́тнік (сьле́тнік) ‘стары зняможаны конь, якога куплялі танна вясной для выкарыстання летам’ (полац., Шатал.).

Слу́шны ‘разумны, абгрунтаваны; практычна карысны’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Варл., Байк. і Некр., Барад., Сл. ПЗБ), сюды ж ст.-бел. слушне ‘справядліва’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. слу́шний ‘належны, адпаведны, прыстойны’, польск. słuszny, в.-луж. słušny ‘справядлівы, уласцівы, належны’, н.-луж. słušny ‘належны’, чэш. slušný ‘прыстойны, добры’. Паўночнапрасл. *slušьnъ прыметнік ад прасл. *slušati ‘чуць’ (гл. слухаць), дыял. паўн. ‘быць прыналежным, належаць, служыць; стасавацца’; гл. яшчэ Махэк₂, 558 і наст.; Брукнер, 501 і наст. У беларускай і ва ўкраінскай з польскай; гл. ЕСУМ, 5, 311.