Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Слібі́ць (сьлі́біць) ‘ільсніцца’ (Ласт.), сьліба́ ‘амальгама’ (Ласт., Байк. і Некр.). Няясна, параўн. польск. дыял. ślibrzny ‘сярэбраны, срабрысты’.

Сліжа́ (сьліжа́), сьліжані́на ‘вараныя сухія фрукты’: наварыла сьліжы з яблыкаў (Ласт.). Гл. сліж2.

Слі́мень ‘мядзянка, вераценніца’ (ТСБМ, Ласт., ТС, Ян.), ‘земнаводнае Angulis fragulis L.’ (Янк. 3., Пятк. 2, Жыв. св., Сл. ПЗБ), сліме́нь ‘тс’ (Сцяшк.), ‘тоўсты, тлусты, сыты (чалавек)’ (Ян., Юрч.), слі́мень ‘смоўж (ТС, Мат. Гом.), сляме́нь ‘невялікая змяя, Anguis fragilis L.’ (Касп.). Параўн. каш. slëḿėń ‘земнаводнае Anguis fragilis L.’, ‘слімак’ (беспадстаўна трактуецца ў SEK, 4, 311 як “выключна кашубскае”), балг. радоп. cе́лʼменʼ, со́лʼменʼ ‘слімак’. Прасл. *slimenь утворана пры дапамозе суф. ‑en‑ ад асновы *slim‑ ‘слізкі’ па тыпу *golenь ад *golъ, параўн. слімак, слім (гл.). Першаснае значэнне, відаць, ‘слімак, слізень’, перанесенае на мядзянку ці вераценніцу па матывах табу.

Слі́ва ‘фруктовае дрэва, Prunus domestica L. і яго плод’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Кіс.), сьлі́віна ‘слівавае дрэва’ (Касп., Мат. Гом.). Укр., рус. сли́ва, серб.-ц.-слав. слива, польск. śliwa, в.-луж. slowka, н.-луж. sliwa, чэш. slíva, славац. sliva, серб.-харв. сли̏ва, шљи̏ва, славен. slíva, балг. сли́ва, макед. слива. Прасл. *sliva. Лічаць вытворным (або субстантываваным прыметнікам ж. р. — Сной₁, 581) ад прым. *slivъ, які захаваўся ў славен. slîv ‘блакітнаваты, колеру слівы’ (гл. Махэк₂, 555). Роднаснымі лічацца лац. *līvos ‘сіняваты’, līveō, ‑ēre ‘мець сіняваты колер’, līvidus ‘сіні, свінцовага колеру’, далей, ст.-в.-ням. slêha, slêwa ‘цёрн’, ст.-ірл. ‘колер, бляск’ (Траўтман, 269; Фасмер, 3, 670), якія да і.-е. кораня *(s)lî‑ (*sləi‑; *slōi‑) ‘сіняваты’; гл. Покарны, 715–716.

Слі́на ‘цягучая вадкасць у роце’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Касп., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Сержп., Варл.), слі́ня ‘тс’ (Нас., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), слі́ніць ‘мачыць слінаю’ (ТС, Варл., Сцяшк.), ‘плакаць’ (Жд. 2, Варл.), сліня́ты, слінка́ты ‘слюнявы’ (Сцяшк. Сл.), слю́на ‘сліна’ (ЛА, 3), слю́ня ‘тс’ (Гарэц., Бяльк., ЛА, 3). Укр. сли́на, дыял. слюна́, рус. сли́на, слина́, слюна́, стараж.-рус. слина, польск. ślina, в.-луж., н.-луж. slina, чэш., славац. slina, серб.-харв. сли̏на, славен. slína, балг. сли́на, слю́нка, макед. слинка, ст.-слав. слина. Прасл. *slina, *slʼuna. Бліжэйшыя адпаведнікі ў лат. sliẽnas ‘слюні, густая слізь’, sliẽnât ‘пырскаць (пра сліну)’, sliẽkas ‘слюні’; да і.-е. *(s)lei̯‑ ‘слізкі, клейкі’, гл. Траўтман, 269; Мюленбах-Эндзелін, 3, 939; Міклашыч, 307; Покарны, 662–663. Бязлай (3, 260) параўноўвае яшчэ з формамі без пачатковага зычнага грэч. αλίνω ‘намазваю’, лац. linere ‘мазаць, пэцкаць’. Фасмер (3, 672) гэтыя паралелі лічыць сумніўнымі. Сной₁ (580) разглядае як роднаснае слізь, слізкі (гл.). Гл. яшчэ Махэк₂, 555; Скок, 3, 285–286; БЕР, 6, 880; Глухак, 562; Жураўлёў, Язык и миф, 200–201; Шустар-Шэўц, 1314–1315; Борысь, 616; ЕСУМ, 5, 300–301. Карскі (1, 19) тлумачыць формы з канцавым ‑ня уплывам мяккасці папярэдняга склада і дзеяслова слініць.