Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Слой1 ‘пласт чаго-небудзь’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., ТС, Сцяшк., З нар. сл., Сл. ПЗБ), ‘гадавы круг у зрэзе дрэва’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.). Укр. дыял. слій, слой ‘пражылкі ў драўніне’, ‘пасма, валакно’, рус. слой ‘пласт’, польск. słój ‘пласт; пражылкі ў драўніне’, чэш. sloj ‘пласт, гадавое кальцо ў дрэве’, славац. sloj ‘пласт’, славен. slòj ‘брудная лужына; горны пласт’, балг. слой ‘пласт; корка лёду’, макед. слој “пласт’. Прасл. *sъlojь < *sъliti, г. зн. першапачаткова ‘тое, што злілі’ з чаргаваннем у корані i/o, параўн. лой, пралой (гл.). Гл. Бернекер, 1, 729; Праабражэнскі, 2, 323, 387; Фасмер, 3, 674; Сной₁, 581; Борысь, 559. Роднасць *sъlojъ з ст.-прус. slayan ‘полаз саней’, літ. šliẽti, šliejù ‘прыхіляць’, лат. slíet ‘тс’, авест. srayati ‘ён прыхіляецца’, ст.-сакс. hlinōn ‘прысланяць, абапірацца’ (Траўтман, 309; Мюленбах-Эндзелін, 3, 939 і наст; Махэк₂, 555) і рэканструкцыя *slojь Фасмерам (3, 674) лічыцца менш верагоднай. Апошнюю версію рашуча падтрымлівае Трубачоў (Ремесл. терм., 256–257), які рэканструкцыю *sъlojь адносіць толькі да слой2 (гл.). Агляд версій гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 302–303.

Слой2 ‘гліняны паліваны посуд з накрыўкай’ (ПСл), ‘(высокая) шкляная або гліняная пасудзіна’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Сл. ПЗБ, З нар. сл., ЛА, 5), сло́ік ‘тс’ (ТСБМ, Нас., Касп., Др.-Падб., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ, Варл., Сцяшк., З нар. сл., ЛА, 5), ‘высокі гліняны збан’ (Шат.), сло́вік (< сло́ік) ‘слоік’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк., Жд. 1, Сл. Брэс.). Укр. слой, слоїк ‘шкляны або гліняны посуд’, дыял. слій, слой ‘міска; куфаль’, польск. słój, słoik ‘шкляная банка’, в.-луж. słojk ‘пасудзіна для масла’, н.-луж. słój ‘міска, бляшанка’. Брукнер (500), Борысь (559) не аддзяляюць ад слой1 (гл.), а Трубачоў (Ремесл. терм., 256–257) рэканструюе прасл. *sъlojь, утворанае з прыст. съ‑ і іменнай асновы *‑lojъ: *liti ‘ліць’, якое потым наблізілася да *slojь ‘слой, пласт’, што адбылося ў польскай мове ў перыяд яе ўжо адасобленага жыцця, паколькі там тое і другое дало słój. Украінскую форму ён разглядае (там жа) як запазычанне з польскай, тое ж трэба, відаць, прызнаць і для беларускага слова. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 307.

Слон1 ‘буйная траваядная млекакормячая жывёліна з доўгім хобатам і двума біўнямі’ (ТСБМ, Ласт.), слонь (Байк. і Некр.). Укр. слон, слонь, рус. слон, стараж.-рус. слонъ, рус.-ц.-слав. слонь, польск., в.-луж. słoń, н.-луж. słon, чэш., славац. slon, славен. slȍn, серб.-харв. сло̏н, балг., макед. слон. Форма слонь у беларускай, таксама як і ва ўкраінскай (аб апошняй гл. Фасмер, 3, 674), з польскай. Слова спрэчнага паходжання. Старое тлумачэнне *slonъ ад *(pri)sloniti sę ‘прысланіцца, прыхіліцца’ заснавана на сярэднявечных уяўленнях, што слон не можа згінаць каленяў, а таму спіць, прысланіўшыся да дрэва, параўн. рус.-ц.-слав. егда хощетъ спати дубѣ ся въслонивъ спитъ (гл. Праабражэнскі, 2, 324; Брандт, РФВ, 24, 180 і наст.; Брукнер, 500; Младэнаў, 591), адхіляецца Фасмерам (там жа) і Кіпарскім (ВЯ, 1956, 5, 137) як народная этымалогія, таму што ў славян, як заўважае Фасмер, не было магчымасцей назіраць за звычкамі гэтай жывёліны. Па фанетычных і гісторыка-культурных прычынах найбольш прымальная версія аб запазычанні з цюркскіх моў, параўн. тур., карай., азерб., крым.-тат. aslan ‘леў’; літаратуру гл. Фасмер (там жа); аналагічна Сной₁ (581), Борысь (558). Да пераходу значэння параўн. верблюд, які ў канчатковым выніку ўзыходзіць да грэч. έλεφας ‘слон’ (гл. Кіпарскі, там жа), асец. dombaj ‘зубр’, якое ў сучасным ужыванні стала абазначаць ільва (Абаеў, ВЯ, 1958, 1, 121), а таксама семантычнае новаўтварэнне рус. пск. слон ‘лось’. Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 27) прапануе супастаўленне з тахар. kloŋ; Іванаў (Этимология–1975, 153 і наст.) лічыць гэтую форму прамежкавай паміж цэнтральнаеўразійскімі і сібірскімі формамі гэтага міграцыйнага тэрміна і параўноўвае славянскія словы з формамі тыпу кіт. *sẟaŋ, тыбец.-бірм. slaŋ ‘слон’, параўн. Глухак, 563. Гл. яшчэ Махэк₂ (556) — аб версіі Ошціра (Slavia, 6, 1 і наст.), што ўзнаўляе праформу *slop‑n‑ і роднасць з грэч. έλεφας, Р. скл. έλεφαντος. Да апошняй версіі параўн. Скок, 3, 286. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1304; ЕСУМ, 5, 307–308.

Слон2 ‘лаўка, услон’ (Нас., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк., Шатал., Ян., Скарбы), слонь ‘вялікае крэсла’ (Сцяшк. Сл.); памянш. сло́нец (Нас., Касп., Бяльк.), сло́нчык (Нас., Бяльк., Шатал., Скарбы), сло́нак (Сл. ПЗБ, Жыв. сл.), слі́нчык, сло́нчык, слу́нчык (Сл. Брэс.). З аслон, услон (гл.) з адпадзеннем галоснага (пратэзы) або непасрэдна ад сланіць (гл.) як аддзеяслоўны назоўнік, параўн. слоніца ‘вялікая складаная рама на ўсю бакавую сценку хаты як аснова кроснаў’ (Серб.), рус. пск. слон ‘засланка ў печы’ і інш.

Слон3 ‘жэрдка, з якой робіцца ключні́к (тоўстая жардзіна з калочкам на канцы, якім яна вешалася на кладзь, выконваючы ролю кроквы ў страсе на сохах)’ (ельск., Нар. сл.). Да *sloniti (гл. восланкі, услон).

Слон4 ‘сланечнік’ (Касп., Жд. 2, Шатал.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), сло́нкі ‘семачкі сланечніку’ (чэрв., Жыв. сл.). Відаць, скарачэнне з сланечнік, сломачнік або з слонца2 ‘сланечнік’ (гл.).