Скон ‘момант наступлення смерці’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Стан., Мат. Гом., Растарг.). Да канаць, кон (гл.).
Ско́чка ‘блыха’ (ТСБМ, Ласт., Сцяшк., Бір. дыс., Байк. і Некр., Жд. 1, Сержп. Прымхі). Да скочыць, скакаць, з суф. ‑к(а).
Ско́лькі 1 ‘плямы тлушчу ў варыве’: жырные сколькі (Куч.). Гл. скалка 2.
Ско́лькі 2 ‘колькі’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), сколь ‘тс’ (ТС). Гл. колькі. Сюды ж ско́люзна экспр. ‘колькі’ ад асновы *skolʼ‑ (параўн. рус. сколь ‘як многа’) і суф. ‑уз‑, які выражае значэнне вялікай колькасці, адсюль сколю́знасць ‘багацце’ (Мат. Гом.).
Скок — дзеянне паводле дзеяслова скакаць (гл.) (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.), дыял. таксама скік (гл.), скок, ско́кі ‘танцы’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Касп., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), таксама і скакі, гл. Укр. скок, скік, рус. скок, бранск. ‘скокі, танцы’, ст.-рус. скокъ ‘скакун’, польск., в.-луж., н.-луж. skok, чэш., славац. skok ‘скок’, серб.-харв. ско̑к ‘скок; вадапад’, славен. skòk ‘скок’, балг. скок ‘скок; вадапад’, макед. скок ‘скок’. Прасл. *skokъ, якое мае паралелі ў літ. šókti ‘скакаць; танцаваць’, лат. sâkt ‘пачынаць’, ст.-в.-ням. giscëhan ‘здарацца’ і інш.; гл. Фасмер, 3, 645 з літ-рай. Борысь (552) параўноўвае яшчэ з літ. kuokìnė ‘вячоркі са скокамі’ < kuokas (старое) ‘скок; скокі’, skúoc ‘гоп!’ і ўзводзіць да і.-е. *(s)kōk‑ ‘хутка рухацца ўгару’ ад і.-е. *kāk‑/ḱāk‑; гл. яшчэ БЕР (6, 766–767), дзе мяркуецца пра і.-е. корань *(s)kek‑. Гл. скочыць.