Сенажа́ць ‘травастой; месца, дзе расце трава на сена; луг’, ‘пара касьбы сена’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), санажа́ць ‘тс’ (Сл. ПЗБ), сено́жаць ‘месца сенакосу, луг’ (ТС), ст.-бел. сеножать ‘тс’ (Скарына). Укр. сіножа́ть ‘луг’, палес. синожа́ть ‘час касьбы’, ‘луг’, рус. старое сеножа́ть ‘луг’, стараж.-рус. (1150 г.) сѣножать ‘тс’, польск. sianożeć ‘тс’, харв. Senožet (тапонім), славен. senožȇt ‘тс’, ст.-слав. сеножѧть ‘лугавіна’ (ESJSt, 13, 805). Прасл. *senožętь ‘касьба сена; сенакос; луг, прызначаны для касьбы’. Паводле Слаўскага (SP, 2, 47), архаічнае складанае слова ад *seno ‘сена’ і žęti ‘жаць’. Гл. таксама Сной₁, 562.
Сенако́с ‘нарыхтоўка сена і час, калі косяць сена’, ‘луг, прызначаны для касьбы’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), сенако́с ‘тс’ (ТС), сынока́с ‘тс’ (кам., Жыв. НС). Параўн. укр. сінокі́с ‘луг, сенажаць’, рус. сеноко́с ‘сенажаць; нарыхтоўка сена’, польск. sianokos ‘нарыхтоўка сена’, харв. sjenòkos ‘тс’, senokȍša ‘луг’, славен. senokȍs ‘касец сена’, макед. сенокосач ‘тс’. Адносна новае ўтварэнне, характэрнае для асобных славянскіх моў, паколькі, як сцвярджае Брукнер (259), “w średniowieczu nikt trawy nie kosił, tylko siekł”, параўн. старое славен. senosȅk ‘касец’ (Фурлан у Бязлай, 3, 228; гл. сячы): ад сена і касіць (гл.) па мадэлі сенажаць (гл.). Бязлай (Eseji, 140) мяркуе пра этнакультурны падзел славянства ў залежнасці ад ужывання аграрных тэрмінаў *požьnь (гл. пожня), *sěnožętъ і *pokosъ (гл. пакоша), *sěnokosъ у арэальным плане, што патрабуе далейшага вывучэння экспансіі інавацыйных утварэнняў на славянскіх тэрыторыях.
Се́на ‘скошаная і высушаная трава на корм жывёле’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), се́но ‘тс’; се́нены ‘кормлены сенам’ (ТС). Параўн. укр. сі́но, рус. се́но, ст.-рус. сѣно, польск. siano, в.-луж. syno, н.-луж. seno, чэш., славац. seno, серб.-харв. си̏јено, славен. senȏ, балг. се́но, сено́, макед. сено, ст.-слав. сѣно. Прасл. *sěno. Бліжэйшыя адпаведнікі ў літ. šiẽnas, лат. sìens, грэч. κοινά ‘корм’ (Траўтман, 297; Мюленбах-Эндзелін, 3, 859), што да і.-е. *k̑oi̯‑no ‘трава’; гл. Покарны, 610; Шустар-Шэўц, 1400; Сной₁, 562; Борысь, 543. Гл. таксама БЕР, 6, 610–612; ESJSt, 13, 805. Махэк₂ (541) лічыць слова “праеўрапейскім” і параўноўвае з лац. fenum ‘сено’, што, на думку Фасмера (3, 601), сумніўна; па фанетычных прычынах адвяргаецца супастаўленне Брандта (РФВ 24, 150 і наст.) з сячы (*sekno), г. зн. ‘тое, што пасечана’ і з сеяць ‘тое, што пасеяна’.