Свя́ны ‘бляклы, бясколерны’ (Ласт.), разам з сьвя́нець ‘блякнуць’, сьвя́нуць ‘выцвітаць, блякнуць, рабіцца цьмяным’ (Ласт.) да вянуць (гл.). Параўн. макед. свене ‘звянуць, выклікаць вяласць’, свенува ‘блякнуць, вянуць’.
Свята́р ‘служка культу’ (Ласт., Стан.). Наватвор ад святы (гл.).
Свіршч ‘дзірачка, якая праточана чарвяком’ (Нас.). Хутчэй за ўсё, аддзеяслоўны назоўнік ад свірашчэ́ць ‘выдаваць рэзкі прарэзлівы голас’ (Ласт.), параўн. свісту́н ‘пусты арэх з дзірачкай’ (Нас., Касп.). Параўн. таксама іншае ўтварэнне ад таго ж дзеяслова — свіраст (свіра́ст) ‘рэзкі прарэзлівы гук’ (Ласт.). Гл. свірчэць.
Сві́гаць (сьві́гаць) ‘бліскаць, мігаць’ (Ласт.), свігну́ць (сьвігну́ць) ‘паказацца, бліснуць’ (Скарбы, Ласт.), сюды ж сьвігаві́ца ‘пробліск у хмары, маланка’ (Ласт.), відаць, і сві́га ‘мінога рачная’ (Скарбы). Магчыма, балтызм, параўн. літ. sviégti, sviégiu ‘кідаць, шпурляць; біць, стукаць’, лат. sviêžu ‘кідаю’. Назва міногі, хутчэй за ўсё, звязана з хуткімі рухамі і яркай афарбоўкай. Параўн. аднак укр. дыял. шви́гати ‘кідаць, шпурляць’, што, магчыма, сведчыць пра славянскі характар слова. Куркіна (Диал. структура, 126) са спасылкай на Пятлёву (ОЛА 1974, 125–129) супастаўляе беларускае сьві́гаць ‘бліскаць’ з славен. svígati ‘хутка рухацца, мільгаць’, рус. дыял. свигать ‘гуляць, шляцца’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *svigati, роднаснага літ. svaĩgti ‘ганяць, ездзіць туды-сюды; круціцца’, svíegti ‘паварочваць, кідаць, біць’ < і.-е. *su̯ei‑g‑ ‘згібаць, гнуцца, круціць’.
Свісцёлка ‘духавы народны музычны інструмент’, ‘свістулька’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк.), сюды ж свісце́лка, свісце́лік, свісту́шка, свісто́лік ‘свісток’ (ТС). Да свістаць (гл.). Аналагічна ўкр. свисті́лка, рус. свисте́лка, польск. świszczałka ‘свістулька’.
Святая́ннік ‘зверабой, Hypericum L.’ (ТСБМ, Кіс., ЛА, 1), сьветая́нкі ‘тс’ (Ласт.). Частковая калька свентаяннік або вынік адаптацыі першай часткі да святы (гл.); сюды ж сьвятая́нскае зельле (Гарэц.), гл. свентаянскае зелле.
Свя́та ‘урачысты дзень; культавая ўрачыстасць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Байк. і Некр., Касп., Шат.), дыял. свя́то, сʼя́то ‘тс’ (ст.-дар., Сл. ПЗБ, ТС), ст.-бел. с(вѧ)то ‘тс’ (Альтбаўэр). Да святы (гл.) першапачаткова, відаць, як азначэнне да назоўніка ніякага роду, магчыма, з *svęto vermę, параўн. адно са значэнняў ст.-бел. веремѧ ‘свята’ (Альтбаўэр) і святдзень ‘тс’ (Ласт.). Адносіны да польск. swięto ‘свята’, якое разглядаецца як рэліктавая форма Н. скл. адз. л. н. р. назоўнікаў (Длугаш-Курчабова, 491), застаюцца нявызначанымі. Параўн. таксама прыметнік светны́, сʼетны́ ‘святочны’ (ТС).
Све́чка ‘палачка з тлушчавага рэчыва з кнотам у сярэдзіне, якая служыць для асвятлення’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Бяльк.), ‘капелька тлушчу на паверхні вадкай стравы’ (смарг., паст., лаг., в.-дзв., Сл. ПЗБ; Барад.; рас., Шатал.), свяча́ ‘свечка’ (Нас., Ласт.), свеча́ ‘свечка’, ‘прамы сук у сасны’ (ТС), сві́чкі ‘перыяд ад каляд да вадохрышча’ (Сл. Брэс.), све́чнік ‘падсвечнік’ (Ласт., ТСБМ), сьве́чня ‘тс’ (Ласт.), свеча́к ‘светач’ (лях., Сл. ПЗБ). У большасці гаворак ужываецца памяншальная форма ад свяча; параўн. укр. свіча́, рус. свеча́, ст.-рус. свеча, польск. świeca, в.-луж. swěca, н.-луж. swěča, чэш. svíce, славац. svieca, серб.-харв. свијећа, славен. sveča, балг. свещ, макед. све́ка. Прасл. *světja ад асновы *svet‑; гл. Фасмер, 3, 576; Махэк₂, 596, Сной₁, 622. Параўноўваюць з ст.-інд. svetyás ‘белы, светлы’, svetyá; гл. Уленбек, 323; Траўтман, 311; гл. яшчэ БЕР, 6, 545–546; Шустар-Шэўц, 1384–1385; Борысь, 622.
Свяло́ ‘чаранок’: трэба свяло на качаргу насадзіць (Сцяшк. Сл.). Няясна; магчыма, аддзеяслоўны назоўнік ад свянаць ‘асаджаць’ (гл.) ці свянуць ‘блякнуць, выцвітаць’ (Ласт.), што звязана з вянуць, вяліць (гл.) — пры дапамозе завяльвання кіёк рабіўся больш моцным.
Свіль ‘месца на дрэве з хвалепадобным размяшчэннем валокнаў’ (ТСБМ), сьвіль ‘нарост на дрэве ў месцы пашкоджання’ (Ласт.). Да віць, звіць; утворана падобна да гніль < гніць з суф. *‑lь‑. Гл. Праабражэнскі, 2, 259; Фасмер, 3, 577. У выніку дээтымалагізацыі прыстаўка злілася з коранем, параўн. Пацюпа, Arche, 2007, 3, 209.