Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Рызава́ць ’ачышчаць зерне’ (Сл. Гродз.). Няясна. Магчыма, паланізм, параўн. польск. ryzować ’выразаць на дрэве’. Хутчэй да рыззё (гл.).

Ро́слены ’прарослы’ (Нас.) — дзеепрыметнік з суф. *‑ěn‑ ад дзеяслова раслі́ць ’дапускаць збожжа да прарошчвання (у калоссях), зерне — на солад’ (там жа), які з назоўніка рослік, росля (гл.).

Ро́сачка ’расінка, макавае зерне’, ’вельмі малая колькасць’ (Нас., Юрч. Вытв., Растарг.). Да расі́начка, раса́1 (гл.). Параўн. выраз: макавай расінкі ў роце не было (ТСБМ, 4, 641), а таксама росі́цца ’перакусваць, браць у рот’: ходжу голодны, тчэ й не росіўся нічым (ТС), гл. расіцца1.

Раня́ць ’даваць магчымасць упасці, упускаць; скідаць (пра лісце)’ (ТСБМ), слёзкі раняе (Сержп. Прык.), сьлёзкі роніць (Касп.), рані́ць ’выкідваць, аддаваць’ раніла дзіця, рані́ць душу (ашм., мядз., Сл. ПЗБ), ’губляць, траціць, не шкадаваць’: здоровье своё роню на васъ (Нас.), сюды ж роны́тыса ’аблівацца слязамі’ (Доўн.-Зап., Пін.). Параўн. рус. дыял. рони́ть ’кінуць, даць магчымасць упасці’, укр. рони́ти ’даваць упасці; скідаць’, польск. ronić ’траціць, выкідваць; звяргаць’, ’ліць слёзы’, ’губляць пер’е, рогі, зубы’, ’лускаць зерне’, чэш. roniti (пра слёзы) ’праліваць’, славац. roniť ’цячы, ліцца’, в.-луж. ronić ’губляць, праліваць (слёзы)’, н.-луж. roniś ’тс’, серб. ро̀нити ’даваць нырца’, балг. ро́ня ’аддзяляць, абрываць; праліваць (слёзы)’, макед. рони ’тс’. Імаверна, першасным значэннем прасл. *roniti з’яўлялася ’даць, дазволіць, даць магчымасць упасці’; параўноўваюць з гоц. urrannjan ’паказвацца; узыходзіць (пра сонца)’, ст.-в.-ням. rennan ’прымушаць цячы, хутка бегчы’, грэч. ραίνω ’акрапляю, абсыпаю’ (Фасмер, 3, 501; Шустар-Шэўц, 2, 1235; БЕР, 6, 322).

Рдза ’маланка без грому’ (брасл., ДАБМ, камент.; даўг., Сл. ПЗБ). Паланізаваная форма да ржа (гл.), параўн. польск. (у Летуве) rdza ’маланка без грому’, якое ў фразеалагізме rdza trzęsi, г. зн. rdzą trzęsi ’трасе іржу’ (Буга, Rinkt., 3, 431), з’яўляецца калькай з літ. rūda krečia ’трэсці іржу’, ’іржа трасе’ (Анікін, Из истории рус. сл. 165–166). Параўн. лат. rūsa ’іржа’ і ’бліскавіца, зарніца’. Аднак лінгвагеаграфія, параўн. рус. уладз. ржа ’зіхаценне, ззянне маланкі ноччу, калі, паводле павер’я, наліваецца жыта’, пярэчыць гэтаму. Хутчэй за ўсё, супольнае балтаславянскае ўтварэнне на базе міфалагічных уяўленняў аб тым, што маланка без грому спальвае (робіць чорнымі, іржавымі) плады і жыта, параўн. іржа ’галаўня (чорнае зерне ў коласе)’, а таксама палес. аріхава маланка ’маланка без грому’, якая паводле вераванняў, выпальвае ядра арэхаў і робіць іх чорнымі або пустымі; аналагічная сувязь ’маланка’ — ’арэх’ вядомая ва ўсіх славянскіх традыцыях, параўн. Слав. др., 2, 281–282.