Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Ра́птуг ’залп’ (Ласт.). Відавочна, штучнае аўтарскае ўтварэнне на базе кораня рапт‑ (гл. рант, раптам), аформленага агрэсіўным суфіксам.

Раплю́к ’птушка пеначка, Phylloscopus’ (Ласт.). Экспрэснае ўтварэнне на базе кораня pan‑ (< panm‑, гл. рапт, раптам), аформленага частотным у назвах птушак суфіксам (гл. Антропаў, Назв. птиц, 85–86 і інш.), г. зн. птушка атрымала назву па ўласцівасцях руху, прычым адзінкавая фіксацыя сведчыць, хутчэй, на карысць уласнай словатворчасці аўтара. Не выключана, аднак, утварэнне на базе гукапераймання, параўн. н.-луж. wrona rapa, чэш. дыял. straka rapoce і найменні тыпу ўкр. рапа́к, рапа́ч, рапча́к ’птушка драч. Crex crex L.’, в.-луж. rapak ’птушка крумкач, груган, Corvus corax L.’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1207.

Рапт ’парыванне, імпэт’ (Нас., Байк. і Некр.), ра́птам ’знянацку, нечакана, імкліва’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., Варл., Растарг., Сл. ПЗБ), ра́птом ’нечакана, адразу; усяго толькі’ (ТС), параўн. укр. ра́птом ’ураз, неспадзеўна’, рус. смал. рапт ’парыў, імгненне’, раптом ’нечакана, адразу’. Запазычана з польск. rapt ’крадзеж, захоп’ з лац. raptus ’рабунак’ шляхам адсячэння назоўнікавага канчатка ‑us, raptem ’знянацку’ з лац. raptim ’спешна’, што выводзяцца з лац. raptō ’хапаць, красці’, гл. Брукнер, 454; Фасмер, 3, 443. Сюды ж рапто́ўна, рапто́ва ’знянацку, нечакана, неспадзявана’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), рапто́ўно, рапто́во ’тс’ (Сл. ПЗБ, ТС, Сл. Брэс.), раптэ́я ’тс’ (чэрв., Сл. ПЗБ), ранта́мі ’тс’ (ТС), раптаві́цай ’знянацку’, раптэ́чня ’нечакана’, рапто́ўе ’нечаканасць’ (Сцяшк. Сл.).