Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Пятля́1 рухомае кальцо з вяроўкі, сіло; пяцелька (у адзенні)’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Стан.; Сцяшк.; мсцісл., Жыв. сл.; даўг., Сл. ПЗБ), петля́ ’тс’ (ТС), сюды ж пятле́йка, петле́йка ’пяцелька, пятліца, гафтачка; почапка’ (баран., Сл. ПЗБ; ПСл; лун., Шатал.), пяце́лька ’тс’ (ТСБМ, Ласт.), пятлю́шка ’гафтачка’ (Жд.), ст.-бел. петелка ’тс’ (Скарына). Укр. петля́, рус. пе́тля́, польск. pętla, ст.-польск. petlica, чэш. petlice, славен. pentlja, pétlja ’пятля’, серб.-харв. пе̏тља ’гаплік’, балг. петля, пе́телка ’пяцелька з ніткі; гузік’, макед. петелка ’гузік’, ст.-слав. петлꙗ ’пятля’. Прасл. *petьlja не мае агульнапрынятай этымалогіі. Лічыцца запазычаннем з невядомай германскай крыніцы, параўн. ням. fessel, ст.-в.-ням. fezzil, ст.-ісл. fetill, ст.-анг. feter ’сіло, путы’ і інш. (Фасмер, 3, 252; Бязлай, 3, 32; Банькоўскі, 2, 534; БЕР, 5, 202). Сной₂ (505) рэканструюе прасл. *pętъlʼa, якое ўзводзіцца да *pętъ ’нацягнуты, напяты’; яшчэ раней Махэк₂ (447) звязваў з *pęti (гл. пяць), *pǫto (гл. пута).

Пятля́2 ’дзетародны орган самкі жывёлы’ (Нас.), пяце́лька (pieciélka) ’vulva’ (Нас.; Сержп.). Відаць, эўфемізм (гл. пятля1), параўн. пу́тка ’пятля, пяцелька (у мове шаўцоў)’: здзелай трохі шэрэйшае путка (добр., Мат. Гом.) і балг. пу́тка ’vulva’.

Пятру́шка ’пятрушка, Petroselinum crispum (Mill.) Nym.’ (Кіс., ТСБМ; смарг., Сл. ПЗБ), ’Petroselium sativum’ (Ласт.), ст.-бел. петрушка ’тс’ (1571 г.); укр. петру́шка, рус. петру́шка, польск. pietruszka, в.-луж. pětruška ’тс’. Зыходным словам лічыцца польскае, якое праз дыял. piotruszka, piotrużka памянш. ад piotrużela (XV ст.), што са ст.-чэш. petruželě, с.-в.-ням. petersilje, ням. petroselīnum з грэч. πετροσέλῑνον, літаральна ’горны сельдэрэй’ (Фасмер, 3, 253; Банькоўскі, 2, 567; ЕСУМ, 4, 362). Віцьбіч (Спадчына, 2000, 5–6, 167) сцвярджае, што ўпершыню Рэч Паспалітую пазнаёміла з пятрушкай каралева Бона Сфорца.

Пя́тніца1 ’пяты дзень тыдня’ (ТСБМ, Ласт., ашм., Стан.; брасл., астрав., шчуч., Сл. ПЗБ), пʼя́тніца ’тс’ (Бес., ТС), памянш. пя́ценка ’тс’ (Ян.), укр. пʼя́тниця, рус. пя́тница, стараж.-рус. пятьница ’тс’. Вытворнае ад *pętь (гл. пяць); лічыцца частковай калькай з грэчаскай мовы, параўн. н.-грэч. πέμπτη ’чацвер’, паколькі, паводле візантыйскай хрысціянскай традыцыі, тыдзень лічыўся пачынаючы з нядзелі. Лічэнне ад панядзелка, пры якім пятніца была пятым днём, як мяркуецца (гл. Машынскі, Зб. Шымчаку, 283), увёў Мяфодзій. Параўн. пято́к (гл.).

Пятніца2 ’кураслеп, Anemone rammculoides L.; чубатка, Corydalis Medis.’ (Бейл.). Няясна. Магчыма, народнаэтымалагічнае асэнсаванне (табуізацыя?) адной з народных назваў кураслепу — пянікніца (Кіс.), няяснага паходжання.

Пята́, пʼята́ ’задняя частка ступні, пятка’ (ТСБМ, Ласт., Варл., Сцяшк.; ашм., Стан.; віл., Сл. ПЗБ), ’абух у сякеры’, ’задняя частка касы’, ’тупы канец яйца’, ’карма лодкі’ (Варл.; Сцяшк.; навагр., полац., Сл. ПЗБ), пʼета́ ’пятка нагі, пятка ў касе, сасе і інш.; межавы знак на вуглу поля’ (ТС), пя́та ’пятка’ (беласт., Сл. ПЗБ), пʼяда́ ’тс’ (драг., Сл. ПЗБ), ст.-бел. пята ’месца (пункт), з якога пачынаецца вымярэнне зямлі’; укр. пʼята́ ’пятка’, рус. пята́, польск. pięta, чэш. pata, славац. päta, в.-луж. pjata, н.-луж. pěta, палаб. ṕǫta, славен. pẹ̑ta, серб.-харв. пета, балг. пета́, макед. пета, ст.-слав. пѧта. Прасл. *pęta ’нага, капыт, ступак’, роднаснае літ. péntis ’абух, задняя частка касы і інш.’, лат. piête, pietis ’абух, аснова грабель, заднік, запатылак’, ст.-прус. pentis ’пята’, афг. pūnda ’пята’, што ўзыходзяць да кораня і.-е. *pent‑ ’ісці, хадзіць’ (Скок, 2, 648; Сной₂, 510). Іншая, менш верагодная версія звязвае праславянскае слова з *pęti ’напінаць’ (гл. пяць), *pǫto ’пута’ (гл. пута), параўн. Шустар-Шэўц, 2, 1072; БЕР, 5, 192; ЕСУМ, 4, 651; пад сумненнем Фасмер, 3, 424. Абедзве версіі лічыць прыймальнымі ESJSt, 11, 643. Збліжэнне з польск. piękny (гл. пекны) з больш ранняга pięk(r)ny ’выступаючы, выпуклы’, здавальняючае семантычна, вядзе да сумнеўнай рэканструкцыі *penktā, гл. Банькоўскі, 2, 573.