Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

По́рцыя ’пэўная колькасць чаго-небудзь’ (ТСБМ), ’луста хлеба’ (Нас.), ’чарка’ (Дразд.; Нас.; пін., Сл. ПЗБ), ’частка’ (Ласт.), по́рца ’тс’ (Федар.; Шат.), ’шклянка; невялікая шклянка на гарэлку’ (бяроз., Сл. ПЗБ; палес., З нар. сл.). Параўн. рус. порция ’пэўная колькасць, доза’, ’чарка гарэлкі’. Лацінізм, ад лац. portio ’частка’, у Ластоўскага (Ласт., 513) адзначаецца як запазычанне з франц. Імаверна, звязана з аптэкарскай тэрміналогіяй, адсюль магло засвоіцца непасрэдна з лаціны.

По́рхаўка, по́рхолка, по́рхыўка, пурха́ўка ’шарападобны грыб, мякаць якога, высыхаючы, пераўтвараецца ў цёмны пыл, Lycoperdon gemmosum Batsch’ (ТСБМ, Нас., Янк. БП, Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ. ТС, Бяльк., Байк. і Некр., Сержп.; слаўг., гарад., Яшк.; Ласт, Станк., Шат., ЛА, 1), по́рхва ’тс’ (Сцяшк. Сл.; стаўб., бераст., Яшк.), по́рахаўка (маст., жыт., Яшк.), укр. по́рхавка, по́рховка, рус. дыял. по́рховка, польск. purchawka ’тс’, в.-луж. porchawa. Прасл. *pъrxavъka, вытворнае ад *pъrxavъ(jь) ’які ператвараецца ў пыл’ (ЕСУМ, 4, 532), што ўзыходзіць да асновы *pъrx‑//*porx‑, якой уласціва шырокая семантыка ’пыл’, ’цвіль’, ’порскаць’, ’пырскаць’, ’кідаць’, ’сыпаць’. Параўн. балг. пърхова гьба ’Lycoperdon bovista’ (БЕР, 5, 10). Варыянт пераноснага ужывання з поўнагалоссем — по́рохоўка ’рыхлы, тоўсты чалавек’ (ТС), гл. порах1: у польск. — нерэгулярнае развіццё *purx‑ з лабіалізацыяй пасля губнога.

По́рткі мн. л. ’штаны, летнія штаны’, ’нагавіцы з саматканага сукна’, ’гаці’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл.; гродз., зах.-мін., ДАБМ, к. 326; Мал., Малч., Касп., Сл. ПЗБ, Ласт.), ’кальсоны’ (Мат. Гом.), ст.-бел. порты ’шаты, адзенне’: и подрал мордохаи порты свои (Альтбаўэр, 159), поръты ’назва для сподніх палатняных штаноў’ (Сл. Скар.), рус. портки ’тс’, польск. portki, porciaki, porty, portasy ’мужчынскія звычайныя штаны’, ’шырокія штаны’, ’абы-якія мужыцкія штаны’, ’шляхецкія штаны мясцовага крою, у адрозненні ад замежных’, ’два камлі дрэва з аднаго кораня, вілы’, ’сцёгны нагі’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад порт2 (гл.); адсюль, хутчэй за ўсё, цюрк. pyrty ’зношанае, парванае адзенне, лахманы, шмаццё’. Аг.-польск. portki лічыцца запазычаннем з усх.-слав., бо замест *partki Банькоўскі (2, 706) адзначае з’яўленне польск. portki ў XVI–XVIII стст. Мабыць, порты, порткі ў першасным значэнні ’сшытыя два кавалкі порта без дадатковага крою’ з выразнай анатацыяй ’простае адзенне’, ’адзенне простага чалавека’, параўн. рус. дыял. по́рты/порты́ ’сшытае палатно, сшыты порт’, ’шматы’, польск. portka ’доўгі і вузкі мяшэчак, падобны да калашыны’: pszenica w portkach.

По́рт1 ’прыстань, месца для прыходу і стаянкі караблёў’ (ТСБМ, Ласт.); ст.-бел. портъ ’тс’ (з XVI ст.), што, паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 122; Запазыч., 253), са ст.-польск. port (з 1471 г.), якое ад лац. portus ’тс’ (Банькоўскі, 2, 706). Не выключана другаснае запазычанне праз рус. порт з ням. Port або франц. port ’тс’.

По́рт2 ’льняная, канапляная або баваўняная тканіна ці пража’, ’тканіна з ільняных ці пяньковых нітак’ (ТСБМ, Нас., Уладз., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС), ’кудзеля, чэсаная напалам — воўна з лёнам’ (Бяльк., Байк. і Некр.), ’пах ад гарэлага адзення з лёну’ (Нас., Байк. і Некр.), ’рэшткі спаленай анучкі’ (Скарбы), ст.-бел. портъ ’тканіна; адзенне’: портъ царскыи (Альтбаўэр, 165), сюды ж по́ртны, по́ртавы ’парцяны’ (хойн., Мат. Гом.; Байк. і Некр.), по́рця ’бялізна’ (гродз., шчуч., Сл. ПЗБ), по́рце ’тс’ (Сцяшк. Сл.); параўн. укр. порт ’канапляная або льняная нітка ў ваўнянай тканіне’, рус. порт ’(льняная або баваўняная тканіна’, ст.-рус. пъртъ ’кавалак тканіны; шматок; пялюшка’, польск. part, parć ’адрэз тканіны на адзенне’, славен. ṕrt ’кавалак палатна; прасціна’, харв. pȑt ’адзенне з лёну’, серб. пр̏тен ’ільняны’, балг. пъртуши́на ’паношаныя апранахі’, ст.-слав. прьтъ ’кавалак палатна’. Прасл. *pъrtъ выводзяць з *porti ’пароць’ (Фасмер, 3, 334): можа разглядацца як аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- з семантыкай выніковасці дзеяння ад *rūti > *ryti/*rъvati > *po‑rъtъ ’тое, што адрэзана, адарвана’ > ’тканевы адрэз, шматок’. Першасным для порт можна дапусціць значэнне ’адрэз сукна’, ці, як падае Сной (511), — ’адарваны кавалак тканіны’. Малаверагодна роднаснасць з літ. spartas ’завязка’ і грэч. σπάρτος ’расліна, з галін якой скручвалі вяроўкі’, параўн. Бязлай, 3, 130.